ДЫФЕРЭНЦЫЯ́ЦЫЯ МОЎ,

працэс, у выніку якога з першасна адзінай мовы ўтвараецца дзве ці некалькі роднасных моў. Так, з адносна адзінай стараж.-рус. (усх.-слав.) мовы ўзніклі бел., рус. і ўкр. мовы, з народнай (вульгарнай) латыні — раманскія мовы (італьян., франц., ісп., партуг., рум. і інш.). Д.м. адбываецца на ўсіх узроўнях мовы, ахоплівае розныя складаныя з’явы (гукі, словы, грамат. правілы, стылістычныя мадэлі і інш.). Вынікае з своеасаблівасцей ўнутр. развіцця першасна адзінага матэрыялу ў розных рэгіёнах (напр., перад галосным «е» мяккімі сталі зычныя ў бел. і рус. мовах, цвёрдымі — ва ўкраінскай). Узаемазвязанасць моўных змен вядзе да паглыблення Д.м. Так, у бел. і рус. мовах націскны «е» пасля мяккага і не перад мяккім ператвараўся ў «о» («ё»), ва ўкр. мове такога ператварэння не адбылося, таму што зычны перад «е» заставаўся цвёрдым (напр., бел. «вясёлы», рус. «весёлый» — укр. «веселий»). Пэўная колькасць адрозненняў узнікала шляхам дастасавання зыходнага матэрыялу да асаблівасцей інш. моў, з якімі кантактавалі гаворкі першасна адзінай мовы (напр., пэўныя рысы рум. мовы, што адрозніваюць яе ад інш. раманскіх моў, узніклі пад уздзеяннем слав. і некаторых інш. гаворак балканскага арэала). Д.м. разам з інтэграцыяй моў разглядаюцца як асн. шляхі знешнелінгвістычнага развіцця моў.

А.​Я.​Супрун.

т. 6, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІБЕРЫ́ЙСКА-КАЎКА́ЗСКІЯ МО́ВЫ, каўказскія мовы,

умоўная назва сукупнасці каля 40 аўтахтонных (карэнных) моў Каўказа. Пашыраны пераважна на Паўн. Каўказе, у Закаўказзі, Турцыі і Іране. Пытанне іх роднасці з інш. мовамі свету канчаткова не высветлена. І.-к.м. падзяляюць на 3 групы: абхазска-адыгскія, картвельскія і нахска-дагестанскія мовы (паводле інш. класіфікацыі нахска-дагестанскую групу падзяляюць на 2 — нахскую і дагестанскую). Найб. пашырана грузінская мова, што мае стараж. пісьменства. Пасля 1917 літаратурнымі сталі абазінская, абхазская, аварская, адыгейская, даргінская, інгушская, кабардзінская, лакская, лезгінская, табасаранская і чэчэнская. Алфавіты на арабскай і лац. графіцы, у 1936—39 пераведзены на рускую. Астатнія 25 моў бяспісьменныя (занская, сванская, бацбійская, убыхская і шэраг дагестанскіх моў).

Асаблівасць фанетыкі І.-к.м. — багатая сістэма зычных (напр., ва убыхскай мове 82 зычныя). Марфалогія І.-к.м. аглюцінатыўная (з элементамі фузіі ў нахска-дагестанскіх і з’явамі полісінтэтызму ў абхаза-адыгскіх мовах); прэфіксальны лад — агульнакаўк. рыса словазмянення і словаўтварэння. Іменныя класы раней уласцівы ўсім І.-к.м. Асаблівасць сінтаксісу — наяўнасць эргатыўнай канструкцыі сказа. Лексіка ўключае шмат агульных запазычанняў з араб., іранскай, цюркскіх і інш. моў.

Літ.:

Климов Г.А., Алексеев М.Е. Типология кавказских языков. М., 1980;

Климов Г.А. Введение в кавказское языкознание. М., 1986.

А.​Я.​Супрун.

т. 7, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЛАВІ́ДСКАЯ БІ́ТВА 1863.

Адбылася паміж паўстанцамі і рас. войскамі ў час паўстання 186364 у Польшчы, Беларусі і Літве. У сярэдзіне мая 1863 каля в. Мілавіды (цяпер Баранавіцкі р-н) сканцэнтравалася некалькі паўстанцкіх атрадаў (каля 800 чал.), лагер якіх знаходзіўся ў лесе паблізу шашы Брэст — Бабруйск. Камандаваў аб’яднанымі сіламі А.Лянкевіч. На ліквідацыю гэтых атрадаў былі накіраваны царскія войскі са Слоніма і Нясвіжа. З чэрв. яны з розных бакоў атакавалі лагер. Бой працягваўся некалькі гадзін, паўстанцы вытрымалі ўсе атакі. Калі стала цямнець, царскія войскі, страціўшы 50 чал. забітымі і параненымі, адступілі на зыходныя пазіцыі. Назаўтра наступленне аднавілася, але паўстанцы да гэтага часу пакінулі лагер (іх страты — 18 чал.). На месцы пахавання рас. салдат устаноўлены чыгунны крыж, на месцы пахавання паўстанцаў — Мілавідская мемарыяльная капліца. У 1990 пастаўлены яшчэ адзін памятны знак — камень з мемарыяльнай плітой і надпісам па-беларуску. У 1993 мілавідскай школе прысвоена імя А.​Лянкевіча, памяць пра гэтыя падзеі захоўваецца тут і ў назве вуліцы Паўстанцаў.

Літ.:

Восстание в Литве и Белоруссии 1863—1864 гг.: Материалы и док. М., 1965;

Смирнов А.Ф. Восстание 1863 г. в Литве и Белоруссии. М., 1963;

Супрун В. Бітва пад Мілавідамі // Беларусь. 1973. № 5.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 10, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Жэ́ўрэць ’тлець’ (КСТ). Укр. жевріти ’гарэць, тлець’, дыял. ’гаварыць’, балг. дыял. жевря се ’хныкаць, выпрошваць’. Варыянт адлюстравання ў бел. і.-е. кораня *geur, які прадстаўлены таксама ў жураць (гл). Параўн. жэўлець, жуляць. Супрун, Бюлетин за съпоставително изследване на български език с други езици, 1976, 5, 74–79, дзе адзначаецца і сувязь значэнняў ’гаварыць’ — ’гарэць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Андуля́цыя ’завіўка’ (Сцяц., Сцяшк., Чэрнякевіч, Веснік БДУ, 1971, 3, 75), польск. ondulacja ’тс’ < франц. ondulation ’хваляванне (вады)’, з XX ст. завіўка’ на базе лац. памянш. undula да unda хваля’. Як у сэнсе тэхнічнага тэрміна, так і ў сэнсе ’завіўка’ трапіла ў розныя мовы, у тым ліку славянскія. Сюды андулятар (БРС), андулятарны (КТС). Супрун, Веснік БДУ, 1971, 3, 72.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Апікула́т ’скупы’ (Касп.). Ад лац. opitulatus ’дапамагаючы’ (аб тым, што слова было вядома ў Беларусі, сведчыць наяўнасць іншага аддзеяслоўнага імені ад гэтага дзеяслова оріtularium у старабеларускай актавай мове (Гарб.). Літ. apìkula ’лянівыя’ магло аказаць уплыў на паяўленне ‑к‑, супраць чаго, аднак, семантыка; субстытуцыя к замест т магла адбывацца ў выніку дысіміляцыі і без такога ўплыву. Супрун, Веснік БДУ, 1971, 3, 73.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кіндзю́к ’страўнік’ (ТСБМ, Сл. паўн.-зах., Чач., Янк. II, Шат., Мядзв., Касп., Сержп. Грам., Сцяшк., Мат. Гом., Маш., Мат. АС, Жд. 3, Бяльк.), ’начынены кашай або мясам страўнік’ (Сл. паўн.-зах., Нік. Очерки, Нар. словатв., Маш., Шн., Малч.). Гл. кендзюх. Укр. кендюх. Польск. kindziuk запазычанне з беларускай або ўкраінскай мовы. Першакрыніца тур. kindik ’пуп’ (Супрун, Тюркизмы, 76–77; ЕСУМ, 2, 423).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жу́ляць ’тлець’ (стаўб., Нар. сл., 76, 86). Параўн. рус. дыял. цвяр., наўг. жулиться ’сціскацца, прыціскацца’, перм., гом., сіб. жулькаць ’шчымець, ціснуць’, балг. жуля ’пячы, шчымець’, жулка ’крапіва’, серб.-харв. жу́љати ’выклікаць боль націраннем, націскам’, славен. žúliti ’націраць’. Слав. *žul‑ суадносіцца з *žur‑ (гл. жураць) і ўзыходзіць да і.-е. *geul‑/*geur‑. Супрун, Зб. Геаргіеву, 268–272. Гл. жалець, жураць, жэўлець.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Апано́ўка ’скаварада, патэльня’ (Сцяшк., Сцяц.), апано́ў (слуц., Карскі, Мат., IV, 8). Ст.-рус. паны, пановъ, панъвъ ’тс’ паница, опаница, панъвица ’чаша, блюда’, ст.-слав. паница чаша’, укр. пановка, панівка, панва, панова ’скаварада’, чэш. panev, польск. panwia, луж. panoj, panej ’тс’. Старажытнае запазычанне з ст.-в.-ням. pfanna, лац. panna, гл. Кіпарскі, Gemeinslav., 153. Беларуская суфіксацыя ‑к‑a і прыстаўное а‑. Супрун, Веснік БДУ, 1971, 3, 73.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Аба́два, абодва, абедзве, укр. ободва, обідві, польск. obydwaj, obadwa, obydwie, obiedwie, чэш. obadva, славац. obidvaja, н.-луж. hoběj dwa, hoběj dwe, славен. obadva, obedve, серб.-харв. о̏бадва, о̏бедве сведчаць аб праславянскіх складаных формах *obadva, *obě‑dve, генетычна тоесных літ. abu‑du, abi‑dvi, лат. abi‑divi. Магчыма, балта-славянскае новаўтварэнне. Параўн. Траўтман, 1; Супрун, Числит., 37. Праслав. oba‑obě‑ у сваю чаргу да прыназоўніка о, ob. Гл. абоі, аб.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)