ЗЛАЧЫ́НСТВЫ СУ́ПРАЦЬ ПРАВАСУ́ДДЗЯ,

наўмысныя злачынствы, накіраваныя супраць дзейнасці дзярж. органаў, якія забяспечваюць ажыццяўленне правасуддзя. Адрозніваюць злачынствы, што ўчыняюцца службовымі асобамі органаў правасуддзя і інш. дзярж. органаў, якія забяспечваюць ажыццяўленне правасуддзя, і З.с.п., што ўчыняюцца інш. асобамі. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь крымін. адказнасць настае за прыцягненне да крымін. адказнасці заведама невінаватага, умяшанне ў вырашэнне судовых спраў, вынясенне заведама неправасуднага прыгавору (рашэння, вызначэння, пастановы), заведама незаконныя арышт або затрыманне, прымушэнне да дачы паказання, за пагрозы ў адрас суддзі ці абразу яго, заведама лжывае паказанне, адказ сведкі або пацярпелага ад дачы паказанняў, выдачу звестак папярэдняга следства або дазнання, уцёкі з месца зняволення або з-пад варты, ухіленне ад адбывання пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі, невыкананне суд. рашэння, укрыццё злачынстваў або неданясенне пра злачынства і інш.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 7, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

казуі́ст

(фр. casuiste < ісп. casuista, ад лац. casus = выпадак)

1) юрыст, вопытны ў разборы заблытаных, складаных судовых спраў;

2) перан. асоба, якая ўмее адстойваць заблытаныя або фальшывыя палажэнні.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

фіска́л

(лац. fiscalis = казённы)

1) чыноўнік у Расіі 18 ст., які назіраў за законнасцю ў галіне фінансавых і судовых дзеянняў урада, устаноў і асоб;

2) перан. даносчык, паклёпнік.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

кампетэ́нцыя, ‑і, ж.

1. Дасведчанасць у якой‑н. справе. Гэтыя праблемы не ў яго кампетэнцыі.

2. Сукупнасць правоў і абавязкаў той ці іншай установы або адказнай асобы. Кампетэнцыя судовых органаў. □ — У чыёй кампетэнцыі справа кааптацыі членаў у акружком? — запытаўся [Андрэй]. Пестрак. Гукам быў упэўнены, што Шыковіч прыйшоў з-за сына, хоць не разумеў, чым ён мог памагчы. Вызваліць з-пад арышту — не яго кампетэнцыя. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыся́жны, ‑ая, ‑ае.

1. Уст. Які прыняў прысягу, прысягнуў каму‑н.

2. Разм. Пастаянны, заўсёдны. І прэлат з Ліптова завітаў з паклонам. Гэты быў у [караля] прысяжным шпіёнам. Бажко.

3. у знач. наз. прыся́жны, ‑ага, м. У буржуазным судзе — выбарная асоба, якая ўдзельнічае ў разборы судовых спраў. Суддзя часта пазяхаў. Аб нечым параіўшыся з прысяжнымі, ён пачаў допыт Джыавані. Лынькоў.

•••

Прысяжны павераны гл. павераны.

Суд прысяжных гл. суд.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

АГІ́НСКАГА ПЛАН 1811,

праект аднаўлення ВКЛ у складзе Рас. імперыі, прапанаваны сенатарам М.К.Агінскім імператару Аляксандру I. Адлюстраваў імкненне бел.-літ. шляхты да адм. і прававой самастойнасці краю і гатоўнасць цара пайсці на пэўную лібералізацыю палітыкі ў зах. губернях, каб нейтралізаваць пранапалеонаўскія настроі мясц. знаці. Прадугледжваў заснаванне з Гродзенскай, Віленскай, Мінскай, Віцебскай, Магілёўскай, Кіеўскай, Падольскай, Валынскай губ., Беластоцкай вобл. і Цярнопальскай акр. асобнай правінцыі пад назвай ВКЛ з гал. горадам Вільня і пад кіраваннем імператарскага намесніка; стварэнне ў краі вышэйшых дзярж. судовых і інш. органаў. Планавалася склікаць сойм, увесці канстытуцыю і паступова скасаваць прыгоннае права. Пад націскам кансерватыўных колаў, якія ўбачылі ў адраджэнні ВКЛ пагрозу тэр. цэласнасці Расіі, Аляксандр I не змог зацвердзіць Агінскага план 1811, але ўсё ж праект садзейнічаў прымірэнню ўрада з мясц. шляхтай напярэдадні вайны 1812: былі прыняты законы 1811 аб падатковых ільготах і інш.

В.​В.​Антонаў, С.​С.​Рудовіч, В.​В.​Швед.

т. 1, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

экзеквату́ра

(ад лац. exsequare = выконваць)

1) дазвол, выдадзены замежнаму консулу ўрадам дзяржавы, у якую ён прызначаны, на выкананне службовых функцый;

2) пастанова судовых органаў дадзенай краіны аб выкананні рашэння замежнага суда.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

«ЗБОР ЗАКО́НАЎ РАСІ́ЙСКАЙ ІМПЕ́РЫІ» («Свод законов Российской империи»). Выд. ў 1832. Падрыхтаваны пад кіраўніцтвам М.​М.​Спяранскага ў сувязі з кадыфікацыяй права на падставе «Поўнага збору законаў Расійскай імперыі». Ухвалены Дзяржсаветам 31.1.1833, уведзены ў дзеянне з 13.1.1835. Складаецца з 16 тамоў. У т. 1 змешчаны гал. законы імперыі, якія акрэслівалі прэрагатывы вышэйшых дзярж. устаноў, т. 2 — правілы губернскіх (мясцовых) устаноў, т. 3 — статуты грамадзянскай службы, т. 4 — акты аб павіннасцях, т. 5 — аб падатках, пошлінах, т. 6 — аб мытнях, т. 7 — аб манеце, горнай справе, солі, т. 8 — аб лясах, арэндзе і аброку, т. 9 — аб саслоўях, т. 10 — аб сям’і і межаванні, т. 11 — аб крэдыце, т. 12 — аб шляхах зносін, т. 13 — аб сацыяльным даглядзе, т. 14 — аб пашпартах, уцёках, т. 15 — законы крымінальныя (аб пакараннях), т. 16 (выд. ў 1892) — аб судовых установах. Штогод да 1859 выдаваўся працяг, пазней наз. «Зводны працяг». Збор — адзіная крыніца права да кастр. 1917.

Я.​К.​Анішчанка.

т. 7, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́РАНСКІ (Аляксандр Фёдаравіч) (4.5.1881, г. Сімбірск, цяпер Ульянаўск, Расія — 11.6.1970),

расійскі паліт. і дзярж. дзеяч. Скончыў Пецярб. ун-т (1904). Адвакат (прысяжны павераны). У час рэвалюцыі 1905—07 прымыкаў да партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Набыў вядомасць як абаронца ў час паліт. судовых працэсаў і як кіраўнік камісіі па расследаванні падзей Ленскага расстрэлу 1912 у 3-й Дзярж. думе. У 4-й Дзярж. думе старшыня фракцыі трудавікоў. З сак. 1917 чл. Часовага ўрада: міністр юстыцыі (сак.—май), ваен. і марскі міністр (май—вер.), з 8(21).7.1917 міністр-старшыня (прэм’ер), з 30 жн. (12 вер.) і вярх. галоўнакамандуючы. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 арганізатар (разам з ген. П.М.Красновым) антыбальшавіцкага выступлення 26—31.10(8—13.11).1917. З чэрв. 1918 у эміграцыі: жыў у Берліне, Парыжы, з 1940 у ЗША. Складальнік і рэд. шэрагу дакумент. публікацый па гісторыі рас. рэвалюцыі, аўтар мемуараў.

Тв.:

Рус. пер. — Россия на историческом повороте: Мемуары. М., 1993.

А.Ф.Керанскі.

т. 8, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫМІНАЛІ́СТЫКА (ад лац. criminalis злачынны),

прыкладная юрыд. навука, якая распрацоўвае сістэму спец. прыёмаў, метадаў і сродкаў збірання, фіксацыі, даследавання і выкарыстання доказаў судовых. Гэтыя прыёмы і метады прымяняюцца ў крымінальным судаводстве для папярэджання, раскрыцця і расследавання злачынстваў, а таксама выкарыстоўваюцца пры суд. разглядзе крымінальных і ў шэрагу выпадкаў цывільных спраў. Найб. важныя раздзелы сучаснай К.: агульная тэорыя К., крыміналістычная тэхніка, крыміналістычная тактыка і методыка расследавання. Крыміналістычная тактыка ўключае сістэму тэарэт. палажэнняў і практычных рэкамендацый па арг-цыі і планаванні расследавання злачынстваў, якія дазваляюць найб. эфектыўна выкарыстоўваць магчымасці следчага і суд. дзеяння і аператыўна-пошукавых мерапрыемстваў з улікам канкрэтнай сітуацыі па справе. Яна ахоплівае планамернасць і хуткасць дзеянняў, агляд месца злачынства, фіксацыю і ацэнку слядоў, атрыманне доказаў, правамернасць (законнасць) дзеянняў. Крыміналістычная тэхніка ўключае сістэму спец. прыёмаў і навук.-тэхн. сродкаў па збіранні, фіксацыі і даследаванні доказаў. Да яе адносяцца суд. балістыка, трасалогія, дактыласкапія, судовая фатаграфія, тэхніка правядзення крыміналістычных экспертыз і інш.

Г.​А.​Маслыка.

т. 8, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)