Судовых экспертыз навукова-даследчы інстытут 7/362; 10/112
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЦЭ́С (ад лац. processus цячэнне, ход),
1) паслядоўная змена з’яў, стану ў развіцці чаго-н.
2) Сукупнасць паслядоўных дзеянняў для дасягнення пэўных вынікаў, напр., вытворчы П.
3) Судовая справа; парадак ажыццяўлення дзейнасці следчых, адм. і судовых органаў.
т. 13, с. 33
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫКАНА́ЎЧЫ ЛІСТ,
у Рэспубліцы Беларусь і некаторых краінах СНД судовы дакумент, які выдаецца спаганяльніку пасля ўступлення ў законную сілу рашэння, прыгавору і інш. судовых пастаноў па цывільных і крымін. справах у частцы маёмасных спагнанняў, рашэнняў арбітражу, гасп. судоў і некаторых інш. органаў.
т. 4, с. 310
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАІ́ЗІЙ (Пётр) (?—1571),
прававед, адзін з заснавальнікаў навук. школы юрыспрудэнцыі ў ВКЛ. Па паходжанні італьянец. Вучыўся ў Падуі і Балонні. Выкладаў права ў Кракаўскім ун-це. Перасяліўшыся ў ВКЛ, служыў у жамойцкага біскупа Я.Даманеўскага і пакінуў вял. літ.-прававую спадчыну. У 1561 склаў для біскупства Канстытуцыю і Навелы — законапалажэнні і правілы, якімі яно павінна было карыстацца. У Вільні ўваходзіў у склад гаспадарскага суда, дзе разглядаліся апеляцыі ад гарадоў з магдэбургскім правам. Аўтар працы «Заключэнне Пятра Раізія, каралеўскага юрысконсульта, аб справах, што слухаліся на судовых пасяджэннях Літвы, і аб абскарджанні судовых рашэнняў» (выд. ў 1563 у Кракаве, у 1570 у Франкфурце-на-Майне, у 1572 у Венецыі). Прыходскую школу Р. ператварыў у вучылішча юрыспрудэнцыі, дзе арганізаваў падрыхтоўку суддзяў, адвакатаў і інш. суд. чыноўнікаў.
Г.А.Маслыка.
т. 13, с. 269
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВАРАНІ́Н,
1) у ВКЛ і Рэчы Паспалітай шляхціц, які служыў пры двары вял. князя ці караля (Д. гаспадарскі, Д. яго каралеўскай мосці). Зрэдку такая пасада існавала і пры дварах магнатаў. Вядомы з 15 ст. Звычайныя функцыі — выкананне розных спец. даручэнняў вял. князя, перш за ўсё судовых.
2) У Расійскай дзяржаве (з канца 18 ст. і ў Беларусі) прадстаўнік дваранства.
т. 6, с. 75
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАГАВО́Р 1229, Смаленская гандлёвая праўда,
гандлёвае і паліт. пагадненне паміж Смаленскім, Віцебскім і Полацкім княствамі з аднаго боку і Рыгай і Гоцкім берагам (Готландам) — з другога. Дагавор замацоўваў мірныя добрасуседскія адносіны бакоў, вызначаў меры адказнасці за злачынствы супраць прыезджых, рэгламентаваў парадак разгляду судовых спраў. Усім купцам гарантаваўся вольны гандаль і свабоднае карыстанне воднымі шляхамі па ўсёй Зах. Дзвіне, яе прытоках, па вадзе і па беразе.
Я.А.Юхо.
т. 5, с. 569
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́ПЫТ,
следчае або судовае дзеянне, якое заключаецца ў атрыманні ад сведкі, пацярпелага, падазронага, абвінавачанага або падсуднага вуснага паказання пра вядомыя яму акалічнасці дадзенай справы. Адзін з спосабаў набыцця і замацавання доказаў судовых. Правілы Д. вызначаны працэсуальным заканадаўствам. Д. правамоцны праводзіць толькі работнікі органаў дазнання і папярэдняга следства, пракуроры і суд, а ў цывільным працэсе — таксама істцы і адказчыкі ці іх прадстаўнікі. Вынікі Д. фіксуюцца ў адпаведных следчых або суд. пратаколах, Д. можа суправаджацца аўдыё- або відэазапісам.
Э.І.Кузьмянкова.
т. 6, с. 184
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІДЭНТЫФІКА́ЦЫЯ ў крыміналістыцы,
вучэнне аб агульных прынцыпах і правілах атаясамлівання матэрыяльных аб’ектаў па іх слядах або інш. адбітках з мэтаю атрымання доказаў судовых. Пры І. шуканага аб’ект, уласцівасці якога адбіліся ў следзе, параўноўваецца ў працэсе следства з аб’ектам, што паводле акалічнасцей справы мог пакінуць гэты след. Для вываду пра ідэнтычнасць аб’ектаў неабходна супадзенне непаўторнай сукупнасці прыватных прыкмет, якія рэдка трапляюцца і ўласцівы толькі пэўнаму аб’екту. Калі немагчыма дакладна зрабіць атаясамліванне канкрэтных аб’ектаў, абмяжоўваюцца вызначэннем прыналежнасці аб’екта да пэўнай групы (т.зв. групавая І.).
т. 7, с. 170
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЖ,
службовая асоба ў ВКЛ у 15—16 ст. Напярэдадні судовых працэсаў аглядаў прычыненыя пашкоджанні, раны на целе; у час суда сведчыў пэўныя факты, прыводзіў да прысягі; пасля суда ўводзіў ва ўладанне нерухомасцю і інш. За выкананне абавязкаў атрымліваў грашовую ўзнагароду ад бакоў, што судзіліся. Спярша віжы былі «прыданымі» (прызначаліся вял. князем, панамі-радаю, дзярж. службовымі асобамі, панамі ў сваіх маёнтках з людзей розных саслоўяў). У 1551 шляхта дамаглася права выбіраць павятовых віжаў з аселай шляхты на ўзор возных Падляшша. У 2-й пал. 16 ст. абраных віжаў пачалі называць вознымі, пасада прыданых віжаў знікла.
В.С.Пазднякоў.
т. 4, с. 145
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́КТАВЫЯ КНІ́ГІ,
спецыяльныя кнігі ў судах ВКЛ і Польшчы ў 14—18 ст. У ВКЛ афіцыйна ўведзены Статутам ВКЛ 1529. Да сярэдзіны 16 ст. ўсе запісы рабіліся ў адной кнізе паводле часу паступлення спраў у суд. Паводле Статута ВКЛ 1566 зацверджаны земскі і гродскі суды з асобнымі актавымі кнігамі, якія падзяляліся на паточныя (запісваліся скаргі істцоў, пярэчанні адказчыкаў, данясенні судовых чыноўнікаў), запісавыя (запісваліся акты натарыяльнага характару і афіц. дакументы — прывілеі вял. князёў, пастановы соймаў і соймікаў) і дэкрэтавыя (запісваліся судовыя пастановы, працэсуальныя дзеянні суда і бакоў). Трыбуналы, каптуровыя і інш. суды ВКЛ вялі ўласныя актавыя кнігі.
т. 1, с. 209
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)