РАДЗІ́ШЧАЎ (Аляксандр Мікалаевіч) (31.8.1749, Масква — 24.9.1802),
рускі пісьменнік, мысліцель. Вучыўся ў Пецярбургскім пажскім корпусе (1762—66), Лейпцыгскім ун-це (1766—71). У 1771—75 працаваў ў Сенаце, у штабе фінл. дывізіі, з 1777 у Камерц-калегіі (з 1790 кіраўнік Пецярбургскай мытні). У 1790 за выпуск у свет свайго філас.-публіцыст. трактата «Падарожжа з Пецярбурга ў Маскву» зняволены ў Петрапаўлаўскай крэпасці і прыгавораны да смяротнага пакарання, замененага ссылкай на 10 гадоў ва ўсх.-сібірскі Ілімскі астрог. У 1797 пераведзены пад нагляд паліцыі ў маёнтак бацькі Нямцова Калужскай губ. У 1801 вярнуўся ў Пецярбург, удзельнічаў у рабоце Імператарскай камісіі па складанні законаў, але яго праекты былі адхілены як небяспечныя для дзяржавы. Як пратэст на пагрозу новай ссылкі скончыў самагубствам. На светапогляд Р. паўплывалі паўстанне Е.Пугачова, погляды Г.Лейбніца, І.Гердэра, К.Гельвецыя, Д.Дзідро, І.Канта, Ж.Ж.Русо і інш. У ім арганічна спалучаліся ідэі зах.-еўрап. асветніцтва з айч. духоўнай традыцыяй. Р. сцвярджаў новую свецкую ідэалогію, гуманізм, вальнадумства, каштоўнасць розуму, свабоды асобы, прагрэсу, нар. дабрабыту. Гэта выявілася ў яго творах: «Слова пра Ламаносава» (1780), «Ліст да сябра...» (1782), ода «Вольнасць» (1783, распаўсюджвалася ў спісах, выд. 1906), аповесць «Жыціе Фёдара Васілевіча Ушакова» (1789). Гал. праца — кн. «Падарожжа з Пецярбурга ў Маскву» (забаронена, б.ч. тыражу знішчана, распаўсюджвалася ў спісах; выд. 1858 у Лондане, у Расіі з цэнзурнымі папраўкамі ў 1868, поўн. выд. 1905). У ёй узнята шырокае кола ідэй рас. асветніцтва, паказана жыццё народа, рэзкае выкрыццё прыгонніцтва і самадзяржаўя, тэмы нар. бунту і неабходнасці грамадскіх пераўтварэнняў. Аўтар паэм «Бава» (нясконч., канец 1790-х г.), «Песні, што праспяваны на спаборніцтвах у гонар старажытным славянскім бажаствам» (не завершана), «Песня гістарычная» (усе выд. 1807), твораў філас.-публіцыст. «Гутарка пра тое, што ёсць сын айчыны» (1789), «Пра чалавека, пра яго смяротнасць і бессмяротнасць» (1792, выд. 1809), літ.-крыт. «Помнік дактылахарэічнаму віцязю...» (1801, выд. 1811), дзённікаў («Запіскі падарожжа ў Сібір», выд. 1906; «Запіскі падарожжа з Сібіры», выд. 1907) і інш. Як філосаф Р. прызнаваў рэальнасць матэрыяльнага, рэчыўнага. У яго разуменні, калі Бог — духоўны абсалют, усёмагутны ўладкавальнік свету, тады Бог — гэта Прырода, якая ўсёмагутная, абсалютная. Людзі — блізкія ўсяму прыроднаму. Адначасова падкрэсліваў асаблівасці чалавека — розум, распазнавальнасць дабра і зла, бязмежная здольнасць да ўдасканалення, мова, здольнасць да прац. дзейнасці; чалавек фарміруецца ў грамадстве пад уплывам выхавання, прыроды, рэчаў. Грамадскі дабрабыт, паводле Р., звязаны з рэалізацыяй натуральных правоў, у якіх адлюстраваны натуральныя імкненні чалавека, а шлях прагрэсу ён бачыў праз радыкальнае пераўтварэнне грамадства. Ідэі Р. значна паўплывалі на А.Пушкіна, дзекабрыстаў, рус. паэзію і развіццё рэалізму ў рус. л-ры.
Тв.:
Полное собр. соч. Т. 1—3. М.; Л., 1938—52;
Стихотворения. Л., 1975;
Избр. Куйбышев, 1982.
Літ.:
Шторм Г. Потаенный Радищев. М., 1974;
Кулакова Л.И., Западов В.А. А.Н.Радищев «Путешествие из Петербурга в Москву»;
Коммент. Л., 1974;
А.Н.Радищев и литература его времени: Сб. ст.Л., 1977;
Шкуринов П.С. А.Н.Радищев: Философия человека. М., 1988;
Зеньковский В.В. История русской философии. Л., 1991. Т. 1, ч. 1. С. 96—104.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЖАНЦЫ,
асобы, якія пакінулі краіну свайго грамадзянства ці пастаяннага месцажыхарства ў выніку ваен. дзеянняў ці інш. надзвычайных сітуацый або ганенняў па паліт., расавых, рэліг. матывах і не атрымалі грамадзянства інш. дзяржавы. У міжнар. праве паняцце «бежанцы» ўпершыню аформлена пасля 1-й сусв. вайны 1914—18, калі з набліжэннем фронту прымусова высялялася насельніцтва цэлых паветаў і губерняў.
Паводле афіцыйных (далёка не поўных) звестак, на 14.2.1917 у Расіі было 3,2 млн. бежанцаў, з іх зарэгістравана 750 680 з Гродзенскай, 164 351 з Віленскай, 161 453 з Мінскай, 51 954 з Віцебскай, 1654 з Магілёўскай губерняў. Бежанцы з Беларусі былі раскіданы па ўсёй Расіі. Найбольш іх асела ў Тамбоўскай, Самарскай, Калужскай, Казанскай, Курскай, Саратаўскай губернях, у Петраградзе (100 704), Маскве (128 261). Паводле звестак Наркамата ўнутр. спраў РСФСР, на 11.5.1918 у Расіі жыло 2 292 395 бежанцаў з Беларусі, у т. л. беларусаў і рускіх 2 059 857. На працягу 1918—24 у Зах. Беларусь іх вярнулася каля 700 тыс. Першыя бежанцы на Беларусі з’явіліся восенню 1914. Пасля паражэння рус. арміі вясной — летам 1915 і з набліжэннем фронту Беларусь ператварылася ў бежанскі лагер. Бежанскі рух быў стыхійны, ніякага плана эвакуацыі не існавала. Сяляне імкнуліся застацца на сваёй зямлі, але вайскоўцы і выпраўлялі іх у бежанства. 24.7.1915 былі прызначаны Галоўнаўпаўнаважаныя па ўладкаванні бежанцаў на франтах. Беларусь увайшла ў раён дзейнасці Галоўнаўпаўнаважанага па ўладкаванні бежанцаў Паўн.-Зах. фронту. Толькі 30.8.1915 прыняты закон «Аб забеспячэнні патрэб бежанцаў», пры міністру ўнутр. спраў створана Асобая нарада па ўладкаванні бежанцаў. Дабрачыннай дзейнасцю займаўся К-т яе імператарскай высокасці вял. княжны Таццяны Мікалаеўны (Таццянінскі к-т, пасля Лют. рэвалюцыі 1917 пераўтвораны ва Усерас.к-т дапамогі пацярпелым ад вайны). Шырокую дзейнасць разгарнулі нац. дабрачынныя арг-цыі. У крас. 1915 у Вільні створана Беларускае таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, якое адкрыла шэраг аддзелаў на месцах. У студз. 1916 створана Беларускае таварыства ў Петраградзе па аказанні дапамогі пацярпелым ад вайны. Становішча бежанцаў было надзвычай цяжкім. Высокай была іх смяротнасць. Узнікалі канфлікты з мясц. насельніцтвам. Нягледзячы на гэта, нац. свядомасць бел. бежанцаў значна вырасла. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 сярод бежанцаў дзейнічалі арг-цыі Беларускай сацыялістычнай грамады, Беларускай народнай грамады. У Маскве адбыліся 2 з’езды бежанцаў-беларусаў (7—10.10 і 2—4.12.1917). Пытанне аб бежанцах разглядалася на Усебел. з’ездзе 1917 (даклад А.Цвікевіча «Бежанскае пытанне і праца бежанскай секцыі з’езда»), на ім створаны к-т па аказанні дапамогі бежанцам. Пазней вырашэннем праблем бежанцаў займалася Рада БНР. Сярод бежанцаў створаны Арэнбургскі гурток беларусаў, Беларуска-ўкраінскі камітэт помачы ахвярам вайны ў Барнауле, Беларуская вучнёўская грамада і Гурток бел.сацыяліст. моладзі ў Калузе, «Беларуская хатка» ў Арле, «Беларус» і Беларуская чыгуначная грамада ў Маскве, «Беларуская хатка» ў Петраградзе, Бел.нац. гурток у Багародзіцку Тульскай губ, Саюз беларусаў у Архангельску і інш. У 1918—19 работу сярод бежанцаў праводзілі Беларускі нацыянальны камісарыят і бел. секцыі РКП(б). У ліп. 1918 у Маскве адбыўся Усерасійскі з’езд бежанцаў з Беларусі. У складзе Наркамата па ваен. справах РСФСР у крас. 1918 створана Цэнтр. калегія па справах палонных і бежанцаў (з мая 1919 у Наркамаце ўнутраных спраў РСФСР).
У пачатку Вял.Айч. вайны з Беларусі амаль 1,5 млн.чал. былі эвакуіраваны на ўсход (на бацькаўшчыну вярнуўся толькі кожны 3-і). У час адступлення з акупіраваных тэрыторый ням.-фаш. армія сілай зброі прымушала мясц. насельніцтва адступаць з ёй з тэрыторый, якія займала Сав. Армія. У выніку на тэр. Беларусі былі сагнаны сотні тысяч бежанцаў з Арлоўскай, Калінінскай, Пскоўскай, Смаленскай і інш. абласцей. У выніку прымусовага вывазу фашыстамі насельніцтва з захопленых тэрыторый у Германію (з Беларусі каля 380 тыс.чал.) узнікла катэгорыя перамешчаных асоб. Пагадненнямі паміж СССР, ЗША і Англіяй (лют. 1945), СССР і Францыяй (чэрв. 1945) прадугледжваліся абавязкі бакоў па аблягчэнні лёсу бежанцаў і перамешчаных асоб, садзейнічанні іх рэпатрыяцыі. З утварэннем ААН гэтыя абавязкі паводле рэзалюцый Ген. Асамблеі ад 12 лют. і 15 снеж. 1946 прымалі на сябе краіны — члены ААН, створана Міжнар.арг-цыя па справах бежанцаў (у 1951 заменена Упраўленнем Вярх. камісара ААН па справах бежанцаў). Былі прыняты міжнар. канвенцыі аб прававым статусе бежанцаў (28.6.1951) і апатрыдаў (28.9.1954), пратакол аб статусе бежанцаў (1967), у якіх дэталёва вызначаюцца і падрабязна трактуюцца правы бежанцаў. Паводле гэтых дакументаў, дзяржава, якая прымае бежанцаў, абавязана прадаставіць ім тыя ж правы, якімі карыстаюцца іншаземцы, што жывуць на яе тэрыторыі, права выбару месца жыхарства і вольнага перамяшчэння па краіне. Забараняецца высылка бежанцаў у краіны, з якіх яны прыехалі і дзе цярпелі ганенні (апошняя норма пашыраецца толькі на паліт.эмігрантаў). Бежанцы могуць быць высланы толькі ў выпадку асуджэння за ўчыненне асабліва цяжкага злачынства, якое пагражае бяспецы краіны. Прававое становішча бежанцаў рэгулюецца таксама нац. заканадаўствам, якое распрацавана ў гэтых адносінах у дзяржавах-удзельніцах канвенцыі аб статусе бежанцаў 1951. Беларусь не з’яўляецца ўдзельніцай гэтай канвенцыі.
З распадам СССР і ўзнікненнем міжнар. канфлікту у краінах — б. саюзных рэспубліках Беларусь стала прытулкам для новай хвалі бежанцаў. Іх колькасць павялічваецца і за кошт грамадзян Азіі і Афрыкі, якія па розных прычынах апынуліся на Беларусі і прэтэндуюць на статус бежанцаў. Усяго на Беларусь за 1992—95 прыбылі больш як 30 тыс. такіх асоб. Беларусь мае закон аб бежанцах (прыняты ў 1995). Пытаннямі бежанцаў на Беларусі займаецца спец.Дзярж. міграцыйная служба (з 1992). Дзейнічае прадстаўніцтва Упраўлення Вярх. камісара ААН па справах бежанцаў (з 1995).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
адм.-тэр. адзінка ў Беларусі. Размешчана на ПдЗ краіны, каля граніцы з Польшчай і Украінай. Утворана 4.12.1939. Пл. 32,3 тыс.км². Нас. 1518 тыс.чал. (1995). Цэнтр — г.Брэст. У вобласці 16 раёнаў: Баранавіцкі, Брэсцкі, Бярозаўскі, Ганцавіцкі, Драгічынскі, Жабінкаўскі, Іванаўскі, Івацэвіцкі, Камянецкі, Кобрынскі, Лунінецкі, Ляхавіцкі, Маларыцкі, Пінскі, Пружанскі, Столінскі (гл. адпаведныя артыкулы), 20 гарадоў, у т. л. 5 абл. падпарадкавання — Брэст, Баранавічы, Кобрын, Лунінец, Пінск, 9 гар. пасёлкаў, 225 сельсаветаў, 2194 сельскія населеныя пункты.
Прырода. Характэрны раўнінны рэльеф (140—200 м), на Пд — пераважна нізінны. Вылучаюцца на ПдЗ раўніннае Брэсцкае Палессе, на У нізіннае Прыпяцкае Палессе, паміж імі платопадобная ўзвышаная раўніна Загароддзе, на ПнЗПрыбугская раўніна, на Пн Баранавіцкая раўніна і частка Навагрудскага ўзвышша, дзе знаходзіцца найвышэйшы пункт вобласці — 267 м. На ПнУ адгор’і Капыльскай грады. Карысныя выкапні: буд. камень (Мікашэвіцкае і інш. радовішчы ў Лунінецкім р-не), торф (больш за 400 радовішчаў), тугаплаўкія (радовішчы Гарадок, Гарадное і інш.) і цагельныя гліны, шкловыя (Гарадоцкае), фармовачныя і буд. пяскі, мел, жвір, сапрапель, бурштын, гаручыя сланцы і буры вугаль. Клімат умерана кантынентальны. Зіма мяккая і кароткая, лета доўгае і ўмерана цёплае. Сярэднямесячная т-ра паветра ў студз. ад -4,4 °C (Брэст) да -6,1 °C (Баранавічы), у ліп. ад 18 °C на З да 19 °C на У. Вегетац. перыяд 195—208 сут. Гадавая колькасць ападкаў ад 550 мм на ПдЗ да 645 мм на ПнУ, за летні перыяд — 400—450 мм. Гідраграфічная сетка густая. Рэкі належаць да басейнаў Дняпра (Прыпяць з прытокамі Піна, Ясельда, Бобрык, Цна, Лань, Случ, Стыр, Гарынь, Сцвіга), Віслы (пагранічны Зах. Буг з прытокамі Мухавец, Лясная, Спанаўка, Капаёўка), Нёмана (прыток Шчара). Суднаходныя каналы: Дняпроўска-Бугскі канал, Агінскі канал (не працуе), Мікашэвіцкі. Густая сетка меліярац. каналаў і канаў. З азёраў самыя вялікія Выганашчанскае, Чорнае, Спораўскае, Бабровіцкае; вадасх. Лактышы, Сялец, Пагост. Глебы с.-г. угоддзяў пераважна дзярнова-падзолістыя забалочаныя (31,8%), дзярнова-забалочаныя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (25,8%), дзярнова-падзолістыя (15,5%), тарфяна-балотныя (19,5%), паводле мех. складу пераважна пясчаныя (каля 40%) і супясчаныя (каля 35%). Асушаныя землі на Пд складаюць каля 50%, у асобных раёнах — больш за 70%. Сярэдняя лясістасць 36%, ад 10—20% у Пінскім, Драгічынскім, Кобрынскім, Жабінкаўскім р-нах да 43—53% у Лунінецкім, Івацэвіцкім, Ганцавіцкім. Лясы пераважна хваёвыя (каля 60%), бярозавыя (17%) і чорнаальховыя (15%), значныя плошчы пад дубровамі. Захаваліся буйныя лясныя масівы — Белавежская, Ружанская і Шарашоўская пушчы. Балоты, найчасцей нізінныя, займаюць каля 20% тэрыторыі, значная частка асушана. Пад лугамі 18,2% тэр., 2/3 з іх нізінныя. Для захавання каштоўных прыродных аб’ектаў, біял. разнастайнасці вял. значэнне маюць нац. парк Белавежская пушча, 12 заказнікаў, 29 ахоўных помнікаў прыроды. У выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС 4270 км² (13% тэр. вобласці) забруджана радыенуклідамі з працяглымі тэрмінамі паўраспаду, у т. л. 470 км² са шчыльн. 5—15 Кі/км². На забруджанай тэр. каля 200 вёсак. Найбольш забруджаны землі Лунінецкага, Пінскага, Столінскага р-наў.
Насельніцтва. Асн. насельніцтва беларусы (84,6%), жывуць таксама рускія (9,2%), украінцы (3%), палякі (2,5%), яўрэі (0,3%) і інш. Гарадскога нас. 60,4%. Сярэдняя шчыльн. 46,4 чал. на 1 км², сельскага нас. 18,4 чал. на 1 км² і вагаецца ад 25,3 чал. на 1 км² у Брэсцкім да 13,3 чал. на 1 км² у Ганцавіцкім і Маларыцкім р-нах. Найб. гарады (тыс.чал., 1995): Брэст (294,3), Баранавічы (172,9), Пінск (130,3), Кобрын (51,1), Бяроза (30,5), Пружаны (25,2), Лунінец (24,9). У 1985—95 зніжаюцца нараджальнасць і натуральны прырост, расце смяротнасць, павялічваецца доля асоб, старэйшых за працаздольны ўзрост, адзначаецца адмоўны натуральны прырост сельскага насельніцтва.
Гаспадарка. Прамысловасць пераважае ў гасп. комплексе. Тэмпы развіцця і структура яе ў 1990-я г. нестабільныя. Вобласць спецыялізуецца на вытв-сці прадукцыі машынабудавання, лёгкай і харч. прам-сці, праяўляецца тэндэнцыя да ўзмацнення ролі лясной і дрэваапр. прам-сці і вытв-сці буд. матэрыялаў. У вобласці вырабляюць усе бел. электралямпы і газавыя пліты, амаль усё тэхнал. абсталяванне для лёгкай прам-сці, гандлю і грамадскага харчавання, для ліцейнай вытв-сці, кавальска-прэсавае абсталяванне, больш за 80% электрарухавікоў і баваўняных тканін, больш за 40% панчошна-шкарпэткавых вырабаў, больш за 30% дываноў і дывановых вырабаў, больш за 35% цукру, каля 30% кансерваў, амаль 20% мяса і масла, 27% драўнінна-стружкавых пліт, каля 20% клеенай фанеры. Прадукцыя прам-сці пастаўляецца на бел. рынак, у краіны СНД і інш. Больш за 80% прамысл. патэнцыялу вобласці сканцэнтравана ў вял. гарадах — шматгаліновых цэнтрах з буйнымі спецыялізаванымі прадпрыемствамі. Унікальнае для Беларусі Мікашэвіцкае вытв. аб’яднанне «Граніт» па здабычы буд. каменю, у г. Белаазерск — 2-я па магутнасці на Беларусі Бярозаўская ДРЭС. У вобласці (1993) каля 70 прадпрыемстваў харч. (цукр., мясной, малочнай, па перапрацоўцы садавіны і агародніны) прам-сці, 24 — лясной і дрэваапр., 23 — прам-сці буд. матэрыялаў. Яны працуюць на мясц. сыравіне, размешчаны пераважна ў сярэдніх і невял. гарадах і гар. пасёлках. Жыллёвым, меліярац., сельскім і дарожным буд-вам займаюцца 14 будтрэстаў, 181 буд.-мантажная арг-цыя (1993). Сельская гаспадарка большасці раёнаў спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, вырошчванні бульбы, збожжавых культур і цукр. буракоў. У 1993 на долю жывёлагадоўлі прыпадала 53% валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі. Ва ўсх. і паўд.-зах. раёнах жывёлагадоўля мяса-малочнага кірунку. У цэнтр. і зах. раёнах дадаткова вырошчваюць цукр. буракі, у паўн. раёнах — лён. Сельгасугоддзі займаюць 45% тэр. і складаюць 1475 тыс.га (1993). У структуры пасяўных плошчаў пераважаюць пасевы збожжавых і зернебабовых, кармавых культур і бульбы (гл.табл. 1). Сярод збожжавых найб. плошчы пад ячменем, жытам, аўсом, пшаніцай, сярод тэхнічных — пад цукр. буракамі. Больш за 76% пасяўных плошчаў бульбы і больш за 67% агародніны прыпадае на асабістыя дапаможныя гаспадаркі насельніцтва. На фермерскія сял. гаспадаркі прыпадае 1556 га пасяўных плошчаў (1993). Жывёлагадоўля мяса-малочнага і малочна-мяснога кірунку. Дынаміка пагалоўя да 1990 была дадатная, у апошнія гады адзначаецца тэндэнцыя да скарачэння пагалоўя і вытв-сці асн. прадуктаў жывёлагадоўлі (гл.табл. 2). Найб. колькасць жывёлы і птушкі (у жывой вазе) рэалізуецца калгасамі, саўгасамі і міжгасамі Баранавіцкага, Камянецкага, Пінскага, Брэсцкага і Столінскага р-наў, малака — Пінскага, Пружанскага, Баранавіцкага, Камянецкага, Кобрынскага, яец — Баранавіцкага, Кобрынскага, Пружанскага р-наў.
Транспарт. Агульная даўж. чыгункі 1074 км. Па густаце чыгунак (33,3 км на 1 тыс.км²) вобласць займае 1-е месца ў рэспубліцы. Праходзяць найважнейшыя міжнар. магістралі: Масква—Мінск—Брэст—Варшава, Вільнюс—Лунінец—Роўна, Ковель—Брэст і гал. чыгунка Палесся Брэст—Гомель. Чыг. вузлы: Брэст, Баранавічы, Лунінец, Жабінка. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 6,3 тыс.км. Асн. магістралі Брэст—Мінск, Брэст—Гомель. Вял. значэнне мае водны транспарт. У межах вобласці суднаходныя Прыпяць, Піна, Мухавец, Стыр, Гарынь, Дняпроўска-Бугскі і Мікашэвіцкі каналы. Нафтаправод «Дружба», газаправод Таржок—Мінск—Івацэвічы з адгалінаваннем на Кобрын—Брэст—Варшаву. У Брэсце і Пінску — аэрапорты.
Л.В.Казлоўская.
Да арт.Брэсцкая вобласць. Участак Дняпроўска-Бугскага канала ў Брэсцкім Палессі (уверсе). Жывёлагадоўчы комплекс у Брэсцкім раёне.
Табліца 1 Пасяўныя плошчы Брэсцкай вобласці (тыс.га)
Гады
1990
1993
Уся пасяўная плошча
878,5
851,2
Збожжавыя і зернебабовыя
376
374,1
Тэхнічныя культуры
42,2
34,7
у т.л. цукровыя буракі
17,6
19,5
лён-даўтунец
14,4
9,8
Бульба
102
136,9
Агародніна і бахчавыя культуры
5,9
10,2
Кармавыя культуры
352,2
295,3
Табліца 2 Пагалоўе жывёлы і птушкі ва ўсіх гаспадарках вобласці (тыс. галоў)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
адм.-тэр. адзінка Рэспублікі Беларусь. Размешчана на ПдУ Беларусі, каля граніц з Украінай і Расіяй. Утворана 15.1.1938. Пл. 40,4 тыс.км². Нас. 1594,2 тыс.чал. (1995). Цэнтр — г.Гомель. У вобласці 21 раён: Акцябрскі, Брагінскі, Буда-Кашалёўскі, Веткаўскі, Гомельскі, Добрушскі, Ельскі, Жлобінскі, Жыткавіцкі, Калінкавіцкі, Кармянскі, Лельчыцкі, Лоеўскі, Мазырскі, Нараўлянскі, Петрыкаўскі, Рагачоўскі, Рэчыцкі, Светлагорскі, Хойніцкі, Чачэрскі (гл. адпаведныя артыкулы), 17 гарадоў, у т. л. 8 абл. падпарадкавання — Гомель, Добруш, Жлобін, Калінкавічы, Мазыр, Рэчыца, Рагачоў, Светлагорск, 18 гар. пасёлкаў, 279 сельсаветаў, 2665 сельскіх населеных пунктаў.
Прырода. Паверхня вобласці раўнінная. Большая ч. вобласці размешчана на Палескай нізіне, паўд.-ўсх. і ўсх. — на Прыдняпроўскай нізіне. У межах вобласці вылучаюцца 3 фізіка-геагр. раёны падправінцыі Беларускага Палесся: Прыпяцкае Палессе, Мазырскае Палессе, Гомельскае Палессе. На правым беразе Прыпяці — Мазырская града з вышэйшым пунктам вобласці — 221 м, у міжрэччы Дняпра і Прыпяці — Хойніцка-Брагінскія вышыні (да 157 м). Пераважае нізінны рэльеф (вышыні 135—150 м над узр. м.), які займае ¾ тэр. вобласці. Ніжэйшы пункт у пойме Дняпра пры выхадзе яго на тэр. Украіны — 103,4 м над узр. м. Карысныя выкапні: нафта (60 радовішчаў пераважна ў Рэчыцкім, Светлагорскім і Акцябрскім р-нах), калійныя і каменныя солі (Петрыкаўскае радовішча калійных і каменнай солей, Давыдаўскае і Мазырскае радовішча каменнай солі), буры вугаль (Брынёўскае і Жыткавіцкае радовішчы), гаручыя сланцы (Тураўскае радовішча), торф, будаўнічы і абліцовачны камень, шкловыя і фармовачныя пяскі, мел, гіпс, цагельныя гліны і суглінкі, каалін, мінер. воды і інш. Клімат умерана кантынентальны. Зіма мяккая, лета цёплае. Сярэднямесячная т-ра паветра ў студз. ад -6,3 °C на ПдЗ да -8,2 °C на ПнУ, у ліп. ад 18,5 °C на З да 19,7 °C на У. Вегетац. перыяд 188—199 сутак. Гадавая колькасць ападкаў 510—670 мм. Каля 70% іх прыпадае на цёплую палавіну года (крас. — кастрычнік). Рэкі належаць да басейна Дняпра, што працякае па тэр. вобласці з Пн на Пд на працягу амаль 400 км. Найб. яго прытокі ў межах вобласці суднаходныя — Прыпяць, Бярэзіна (справа), Сож (злева). Найб. прытокі Прыпяці — Случ, Пціч, Трэмля, Іпа (злева), Сцвіга, Убарць, Славечна, Жалонь (справа), Сажа — Беседзь і Іпуць (злева). Самае вял. па плошчы воз. Чырвонае, у поймах рэк невял. азёры-старыцы. Густая сетка меліярац. каналаў. Глебы сельгасугоддзяў пераважна дзярнова-падзолістыя (31,6%) і дзярнова-падзолістыя забалочаныя (28,7%), тарфяна-балотныя (19,2%), поймавыя і інш. Паводле мех. складу пераважаюць супясчаныя (31,2%) і пясчаныя (30,8%), менш тарфяных (19,2%) і сугліністых (18,8%). Асушаныя землі займаюць каля 30% сельгасугоддзяў, найб. у Акцябрскім р-не — 50%, у Калінкавіцкім, Ельскім, Петрыкаўскім, Светлагорскім, Хойніцкім р-нах каля 40%. Пад лесам каля 44% тэр. вобласці. На хваёвыя лясы прыпадае 65%, бярозавыя — 14, чорнаальховыя — 9,5, дубовыя — 8%. Найб. лясістасць на З і Пд вобласці, у асобных раёнах больш за 50%. Пад лугамі 17,2%, каля 2/3 з іх нізінныя. Балоты, пераважна нізінныя, займаюць каля 13% тэр. вобласці, большасць іх асушана. На тэр. вобласці Прыпяцкі ландшафтна-гідралагічны запаведнік (з 1997 нац. парк), 11 біялагічных, 1 ландшафтны і інш. заказнікі, 35 помнікаў прыроды. У выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС 69,3% тэр. вобласці забруджана радыенуклідамі з працяглымі тэрмінамі паўраспаду, у т. л. зона са шчыльнасцю забруджвання па цэзію-137 больш як 5 Кі/км² займае 27,5% тэр. вобласці. У найб. забруджанай (шчыльнасць па цэзію-137 больш за 40 Кі/км²) паўд.ч. вобласці створаны Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік.
Насельніцтва. Асн. насельніцтва беларусы (84,4%), жывуць таксама рускія (9%), украінцы (3%), яўрэі (2,8%) і інш. Гарадскога насельніцтва 68,2%. Сярэдняя шчыльн. 40 чал. на 1 км², сельскага насельніцтва 12,7 чал. на 1 км². Найб. гарады (тыс.чал., 1995): Гомель (514), Мазыр (107), Светлагорск (76), Рэчыца (73), Жлобін (67), Калінкавічы (42), Рагачоў (37), Добруш (20). Пасля 1985 нараджальнасць і натуральны прырост зніжаюцца, расце смяротнасць, павялічваецца доля асоб, старэйшых за працаздольны ўзрост. З 1986 насельніцтва ў Нараўлянскім, Брагінскім і Хойніцкім р-нах (найб. пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС) паменшылася больш як на 50%.
Гаспадарка. Прамысловасць пераважае ў гаспадарчым комплексе. У ёй занята 30% усіх працуючых. Тэмпы развіцця і структура яе ў 1990-я г. нестабільныя. У 1991—95 для прам-сці вобласці характэрна зніжэнне аб’ёмаў вытв-сці і рост беспрацоўя. Вобласць спецыялізуецца на здабычы нафты, кухоннай солі, вытв-сці сталі і пракату, асобных галінах машынабудавання, хім., лясной, лёгкай і харч. прам-сці. У вобласці вырабляюць (у % да рэсп. вытв-сці): нафты і кухоннай солі (здабыча) — 100%, прадуктаў нафтаперапрацоўкі — 50, сталі — 81,5, сернай кіслаты — 49,3, фосфарных угнаенняў — 100, кормаўборачных камбайнаў — 100, падшыпнікаў качэння — 34, металарэзных станкоў — 20, аконнага шкла — 100, паперы — 29, кардону — 44, шпалераў — 58, драўняна-стружкавых пліт — 34, кандытарскіх вырабаў — 29, кансерваў — 21, туалетнага мыла — 100, гасп. мыла — 91%. Самыя вял. прадпрыемствы ў Гомелі, Мазыры, Светлагорску, Жлобіне, Рэчыцы, дзе сканцэнтравана каля 80% прамысл. патэнцыялу вобласці. У Рагачове малочнакансервавы камбінат і прадпрыемствы машынабудавання, у Рэчыцкім р-не асн. здабыча нафты краіны, у Добрушы папяровая ф-ка «Герой працы», фарфоравы з-д. На тэр. вобласці больш за 10 буйных прадпрыемстваў дрэваапр. прам-сці. У раённых цэнтрах і гар. пасёлках працуюць прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. прадукцыі (агародніны, мяса, малака), лясной, дрэваапр., лёгкай прам-сці, па вытв-сці будматэрыялаў. Сельская гаспадарка большасці раёнаў спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, вырошчванні збожжавых, бульбы, у прыгарадных гаспадарках таксама на птушкагадоўлі, вырошчванні агародніны і пладаводстве. У сельскай гаспадарцы занята 17,5% усіх працуючых. Галіна перажывае негатыўныя вынікі катастрофы на Чарнобыльскай АЭС: паменшылася плошча сельгасугоддзяў (асабліва ворыва), змянілася структура пасеваў, скарацілася пагалоўе жывёлы і інш. У цэлым роля вобласці ў с.-г. вытв-сці рэспублікі пасля Чарнобыльскай катастрофы паменшылася. Сельгасугоддзі займаюць 36,3% тэр. вобласці, у т. л. лугі і паша — каля 13%, ворыва — 21,5%. Найб. асвоены Буда-Кашалёўскі, Кармянскі, Добрушскі р-ны, дзе пад сельгасугоддзямі больш за 60% тэр. У структуры пасяўных плошчаў пераважаюць збожжавыя і зернебабовыя, а таксама кармавыя культуры (гл.табл. 1).
Сярод збожжавых найб. плошчы пад жытам і ячменем. У 1995 пры долі пасяўных плошчаў 14,3% (ад пасяўных плошчаў па рэспубліцы) атрымана 14,3% збожжа, 15,5% бульбы, 16,6% агародніны ад вытв-сці па рэспубліцы. На 433 фермерскія гаспадаркі (1996) прыпадае 8,3 тыс.га сельгасугоддзяў (у т. л. 6,7 тыс.га ворыва), што складае 0,6% ад усіх сельгасугоддзяў вобласці і 0,7% ворыва. Павышаецца доля фермерскіх і асабістых дапаможных гаспадарак у валавых зборах бульбы (83,6% у 1995), агародніны (80,9%), пладоў і ягад (96,4%). Жывёлагадоўля мяса-малочнага кірунку, развіты свінагадоўля і птушкагадоўля. Дынаміка пагалоўя на 1990 была дадатная, у апошнія гады адзначаецца тэндэнцыя да скарачэння пагалоўя і вытв-сці асн. прадуктаў жывёлагадоўлі (гл.табл. 2).
У апошнія гады павышаецца доля асабістых дапаможных гаспадарак у вытв-сці жывёлагадоўчай прадукцыі. Найб. колькасць жывёлы і птушкі (у жывой вазе) рэалізуецца калгасамі, саўгасамі і міжгасамі Гомельскага, Добрушскага, Жлобінскага р-наў, малака — Акцябрскага, Гомельскага, Калінкавіцкага, яец — Гомельскага р-на.
Транспарт. Агульная даўж. чыгункі 903 км. Праходзяць важныя міжнар. магістралі: С.-Пецярбург—Жлобін—Адэса, Вільнюс—Мінск—Жлобін—Корасцень—Кіеў, Брэст—Гомель. Удзельная вага чыг. транспарту ў агульным грузаабароце вобласці складае больш за 90%, у пасажыраабароце — 50% (1995). Буйныя чыг. вузлы Гомель, Жлобін, Калінкавічы. Аўтамаб. транспарт займае 2-е месца пасля чыгуначнага па груза- і пасажыраабароце. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 7,9 тыс.км (1994). Асн. магістралі С.-Пецярбург—Віцебск—Гомель—Кіеў, Мінск—Гомель, Бранск—Гомель—Пінск—Брэст. Суднаходства па Дняпры, Прыпяці, Бярэзіне, Сажы. Па тэр. вобласці праходзіць магістральны нафтаправод «Дружба», газаправоды Гомель—Мінск, Шчорс—Гомель. Сетка нафтаправодаў злучае нафтапромыслы з нафтаправодам «Дружба». У Гомелі аэрапорт.
Л.В.Казлоўская.
Табліца 1 Пасяўныя плошчы вобласці
Плошча (тыс.га)
Гады
1990
1994
Уся пасяўная плошча
880,5
855,2
Збожжавыя і зернебабовыя
379,7
407,8
Бульба
112,1
101,8
Лён
6,0
5,0
Агародніна
6,8
12,0
Плады і ягады
25,2
24,1
Кармавыя культуры
367,1
321,3
Табліца 2 Пагалоўе жывёлы і птушкі ў гаспадарках вобласці
Пагалоўе (тыс. галоў)
Гады
1981
1991
1996
Буйная рагатая жывёла
1221
1160,3
776,2
у т.л. каровы
504
368,4
324,7
Свінні
652
686,3
556,4
Авечкі і козы
88
13,6
19,0
Птушка
7132
8274,5
5122,0
Да арт.Гомельская вобласць. Балота ў Рэчыцкім раёне (уверсе). На рацэ Сож у Гомелі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЭ́ЯПаўночная,
Карэйская Народна-Дэмакратычная Рэспубліка (КНДР, кар. Часон мінджуджуый інмін канхвагук), дзяржава ва Усх. Азіі, якая займае паўн.ч.Карэйскага паўвострава і прылеглую ч. мацерыка. На Пн мяжуе з Расіяй і Кітаем, з З абмываецца Жоўтым, з У — Японскім морамі. На Пд аддзяляецца дэмаркацыйнай лініяй ад Рэспублікі Карэя (гл.Карэя Паўднёвая). Пл. 122,8 тыс.км². Нас. 23,9 млн.чал. (1996). Дзярж. мова — карэйская. Сталіца — г.Пхеньян. Падзяляецца на 9 правінцый і 3 гарады цэнтр. падпарадкавання. Нац. святы: дзень нараджэння Кім Чэн Іра (16 лют.), Дзень незалежнасці (9 верасня), Дзень канстытуцыі (27 студз.). Гл. карту да арт.Карэя.
Дзяржаўны лад. К. — нар. рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1972. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам на 4 гады. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатны Вярх.Нац. сход (ВНС), выбіраецца насельніцтвам на 4 гады. У перыяд паміж сесіямі ВНС дзейнічае яго Пастаянны савет. ВНС выбірае вышэйшы кіруючы орган — Цэнтр.нар. камітэт (ЦНК), які ўзначальвае прэзідэнт. ЦНК стварае ўрад рэспублікі — Адм. савет на чале з прэм’ер-міністрам. На месцах функцыі ўлады ажыццяўляюць нац. сходы правінцый і гарадоў цэнтр. падпарадкавання, нар. сходы паветаў, гарадоў і раёнаў.
Прырода. КНДР пераважна горная краіна. На Пн — Паўн.-Карэйскія горы (г. Пэктусан, 2750 м), на Пд ад іх — менш высокія Усх.-Карэйскія. Раўнінныя ўчасткі (каля 20% тэр. краіны) пераважна на З, па ўзбярэжжы Жоўтага м. Карысныя выкапні: антрацыт і буры вугаль, жал. руда, каляровыя металы (вальфрам, свінец, цынк, золата, нікель, малібдэн), магнезіт, графіт і інш. Клімат умераны мусонны. Зімой халодныя патокі паветра з кантынента прыносяць сухое марознае надвор’е. Летам тэрыторыя знаходзіцца пад уплывам акіянічных паветр. мас, якія прыносяць ападкі. Т-ра паветра ў студз. каля -11 °C, у ліп. каля 23 °C. Ападкаў ад 600 мм на ПнЗ да 1100—1400 мм на астатняй тэрыторыі. Рэкі горныя, багатыя гідраэнергіяй. Найб. з іх Тэданган, Амнакан, Туманган. Лясы займаюць пл. каля 9 млн.га, пераважна ў гарах. Растуць даурская лістоўніца, карэйскі кедр, аянская елка, чырвоная хвоя. З лек. раслін найб. вядомы жэньшэнь. Жывёльны свет захаваўся ў гарах. Мора багатае рыбай, трэпангамі, кальмарамі і інш. Рэзерваты — Хвангпо, Янгам і інш.
Насельніцтва. Амаль усё насельніцтва — карэйцы. Вернікі пераважна анімісты, будысты і канфуцыянцы. Сярэднегадавы прырост каля 2%. Сярэдняя шчыльн. 198 чал. на 1 км². Найб. густа заселены раўніны і ўзбярэжжы (да 300—400 чал. на 1 км²). У гарадах больш за 70% насельніцтва (1997). Найб. гарады (тыс.ж., 1997): Пхеньян — 2600, Хамхын — 775, Чханджын — 755. Больш за 300 тыс.ж. у гарадах Нампхо, Хэджу, Сіныйджу, Вансан. У прам-сці занята каля 30% працаздольнага насельніцтва, у сельскай, лясной гаспадарцы і марскіх промыслах — каля 46%.
Гісторыя. У жн. 1948 у Паўн. Карэі адбыліся выбары ў Вярх.нар. сход, які 9.9.1948 абвясціў стварэнне КНДР, прыняў канстытуцыю і сфарміраваў урад на чале з Кім Ір Сенам. Імкнучыся да пашырэння сацыяліст. сістэмы на ўсёй тэр. Карэі, улады КНДР пачалі Карэйскую вайну 1950—53, пасля заканчэння якой Кім Ір Сен усталяваў у краіне аўтарытарны рэжым. З пач. 1970-х г. паміж КНДР і Паўд. Карэяй ажыццяўляюцца кантакты з мэтай урэгулявання ўзаемаадносін і ўз’яднання краіны. У снеж. 1991 падпісана Пагадненне аб прымірэнні, ненападзе, супрацоўніцтве і абменах, у лют. 1992 — Сумесная дэкларацыя аб дэнуклеарызацыі Карэйскага п-ва (скасаваны ў 1992 Паўд. Карэяй у сувязі з адмовай КНДР ад міжнар. інспекцыі яе ядз. аб’ектаў). Пасля смерці Кім Ір Сена (1994) афіц. пераемнікам стаў яго сын Кім Чэн Ір (прэзідэнт з 1998). КНДР — чл.ААН (з 1991), Руху Недалучэння (з 1975). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў лют. 1992.
Кіруючай і правячай партыяй у КНДР з’яўляецца Прац. партыя Карэі (ППК). У Аб’яднаны дэмакр. айчынны фронт уваходзяць ППК, С.-д. партыя Карэі, Партыя маладых сяброў рэлігіі нябеснага шляху, масавыя грамадскія арг-цыі.
Гаспадарка. КНДР — індустрыяльна-агр. краіна параўнальна нізкага ўзроўню развіцця. Эканоміка краіны носіць замкнёны характар, характарызуецца гіпертрафіраваным развіццём пераважна цяжкай і ваеннай прам-сці, тэхн. адсталасцю, нізкім узроўнем вытв-сці спажывецкіх тавараў. Валавы нац. прадукт у 1995 склаў 21,5 млрд.дол. ЗША каля 900 дол. на 1 чал. (прыкладна 114-е месца ў свеце). У апошнія гады адзначаны вял. цяжкасці ў асноўным з-за спынення дапамогі б.сацыяліст. краін, імпарту нафты з Расіі і агульнага крызісу гаспадаркі. Паліўна-энергет.прам-сць у значнай ступені базіруецца на ўласных рэсурсах. Здабыча вугалю 71,5 млн.т (1994). Імпартуюцца нафта і вугаль для каксавання. Электраэнергетыка выкарыстоўвае гідрарэсурсы (найб. Супхунская ГЭС на р. Амнакан) і каменны вугаль. Вытв-сць электраэнергіі 35,2 млрд.кВт∙гадз (1995). Буйнейшыя прадпрыемствы чорнай металургіі — металургічны камбінат у Чханджыне, з-ды ў Саніме і Кім-Чхэку. Выплаўка сталі каля 4 млн.т штогод. Развіта каляровая металургія на мясц. сыравіне. Асн. вытворцамі цынку (200 тыс.т, 1994), свінцу, медзі, нікелю, кобальту, кадмію, ртуці, малібдэну з’яўляюцца з-ды ў Нампхо, Хамхыне і Хэджу, алюмінію — з-д у Пукчане. Ёсць вытв-сць золата, серабра, рэдкіх металаў. Машынабудаванне і металаапрацоўка мае больш за 400 розных прадпрыемстваў. Развіты станкабудаванне (Рэксон, Хічхон, Танчхон, Тэан), аўтамабілебудаванне (Танчхон, Пхеньян), с.-г. машынабудаванне (Хэджу, Ыйджу, Хамхын, Чханджын, Кіян), вытв-сць рухомага саставу для чыгунак (Пхеньян, Вансан), суднаў (Чханджын), абсталявання для хім., металургічнай, горназдабыўной прам-сці. Хім.прам-сць уключае вытв-сцьхім. валокнаў, пластмас, мінер. угнаенняў (у т. л. азотных — 630 тыс.т, 1995), гербіцыдаў, соды, карбіду кальцыю, салянай к-ты; асн. цэнтры Хамхын, Хынам, Сунчхон, Хэджу. Вылучаецца нафтаперапр. і фармацэўтычная прам-сць. Развіта вытв-сцьбуд. матэрыялаў: цэменту (каля 8—10 млн.т штогод), вогнетрывалай цэглы, аконнага шкла, жалезабетонных вырабаў. Лясная і дрэваапр.прам-сць спецыялізуецца на вытв-сці фанеры, цэлюлозы, паперы, мэблі (Кімджу, Хесан, Пхеньян). Сярод галін лёгкай прам-сці вядучае месца належыць тэкст. (Пхеньян, Кэсон, Хамхын і інш.), абутковай і швейнай. З галін харч. прам-сці вылучаюцца рысаачышчальная, алейная, мукамольная, рыбная. Сельская гаспадарка дае каля 20% нац. даходу. Пл.с.-г. угоддзяў складае каля 2,4 млн.га, у т. л. каля 2 млн.га пад ворывам. Каля 1,4 млн.га арашаецца. У сувязі з крызіснымі з’явамі ў сельскай гаспадарцы ў апошнія гады абвастрылася харч. праблема. У краіне ўведзена сістэма забеспячэння насельніцтва харч. прадуктамі па выключна нізкіх нормах. Вядучая галіна сельскай гаспадаркі — раслінаводства, якое дае 75% усёй валавой прадукцыі і спецыялізуецца пераважна на вытв-сці збожжавых. Гал. культура — рыс (пасяўная пл. 680 тыс.га, валавы збор 2,8 млн.т, 1996). Вырошчваюць таксама кукурузу (пасяўная пл. 600 тыс.га, валавы збор 2 млн.т, 1996), гаалян, сорга, пшаніцу, ячмень, авёс, сою, батат, агародніну. Пад бульбай 140 тыс.га, валавы збор 1,6 млн.т (1996). Тэхн. культуры: тытунь, бавоўнік, цукр. буракі, лён, жэньшэнь. Садоўніцтва і шаўкаводства. Пагалоўе буйн. раг. жывёлы — 1 млн. галоў, пераважае рабочая, толькі 10% складаюць каровы. Свіна- і птушкагадоўля. Марское рыбалоўства — 1,85 млн.т рыбы (1995). Аснова трансп. сістэмы — чыгункі (каля 90% грузаабароту, каля 70% пасажыраабароту). Даўж. чыгунак больш за 8 тыс.км, каля 70% электрыфікавана. Аўтадарог больш за 21 тыс.км. Марскі і паветр. транспарт абслугоўвае знешнія сувязі. Гал. парты Нампхо, Чханджын, Хэджу, Хынам, Вансан. Знешнегандл. сувязі развіты слаба, экспартны патэнцыял абмежаваны. У 1995 экспарт склаў 590 млн.дол., імпарт — 1,5 млрд. долараў. На сусв. рынак КНДР пастаўляе чорныя і каляровыя металы, жал. руду і яе канцэнтраты, тальк, графіт, магнезіт, хім. прадукты, рыбапрадукты, фрукты, лекі. Каля 50% імпартнай прадукцыі складаюць нафта і нафтапрадукты, вугаль для каксавання, марганцавыя і храмітавыя руды. Імпартуюцца таксама машыны і абсталяванне, трансп, сродкі, харч. прадукты. Краіна мае вял. даўгі, асабліва Расіі, як пераемніцы СССР (больш за 3,2 млрд.руб.), і Кітаю. Гал.гандл. партнёры: Расія, Кітай, Японія, Германія, Індыя, Інданезія і інш. Грашовая адзінка — вона КНДР.
Узброеныя сілы. Складаюцца з рэгулярных узбр. сіл (сухап. войскі, ВПС, ВМС) і ваенізаваных фарміраванняў. Агульная колькасць (1997) рэгулярных узбр. сіл 1,055 млн.чал., ваенізаваных фарміраванняў 189 тыс.чал., рэзерву 4,7 млн.Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне па прызыве. У сухап. войсках 923 тыс.чал., на ўзбраенні 3,5 тыс. танкаў, 2,5 тыс. бронетранспарцёраў, каля 8 тыс. гармат, 8,1 тыс. мінамётаў, 7,8 тыс. гармат зенітнай артылерыі, больш за 10 тыс. пераносных зенітна-ракетных комплексаў, 2,6 тыс. рэактыўных сістэм залпавага агню і інш. У ВПС 85 тыс.чал., 607 баявых самалётаў і 30 баявых верталётаў. У ВМС 47 тыс.чал., 26 падводных лодак, 31 баявы карабель (пераважна тральшчыкі) і 7 дапаможных суднаў, каля 680 баявых катэраў (пераважна дэсантных, тарпедных і патрульных).
Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 67,5, жанчын 73,9 года.
Смяротнасць — 5 на 1 тыс.чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 74 чал., урачамі — 1 на 370 чал. Узровень нараджальнасці — 22 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 1,7%. Дзіцячая смяротнасць — 25 на 1 тыс. нованароджаных (1997).
Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма нар. адукацыі ўключае дашкольныя ўстановы (да 3 гадоў — яслі, пасля 3 — сад з аднагадовым абавязковым курсам перадшкольнай падрыхтоўкі), агульнаадук. школу, прафес.-тэхн. і вышэйшыя навуч. ўстановы. Кіраванне нар. адукацыяй цэнтралізаванае, праводзіцца К-там адукацыі пры Адм. савеце. Усе выдаткі на адукацыю аплачвае дзяржава. У 1975 уведзена абавязковая 11-гадовая адукацыя з 5-гадовага ўзросту: дашкольны клас і 10-гадовая школа, якая ўключае 4-гадовую пач. і 6-гадовую сярэднюю школу. Прафес. падрыхтоўку на базе абавязковай школы даюць тэхнікумы і вышэйшыя тэхн. школы (існуюць з 1960 пры з-дах, ф-ках і буйных прадпрыемствах). Іх выпускнікі атрымліваюць права працаваць па спецыяльнасці і працягваць вучобу ў ВНУ. У пач. 1990-х г. у КНДР было больш за 50 вышэйшых тэхн. школ і каля 500 тэхнікумаў. Вышэйшая адукацыя пачала развівацца пасля засн. ў Пхеньяне ў 1946 ун-та. У 2-й пал. 1940-х г. адчынены с.-г., пед., настаўніцкія, мед. і політэхн. ін-ты. Існуюць розныя формы адукацыі дарослых без адрыву ад вытв-сці (вячэрнія агульнаадук. і тэхн. школы, завочныя і вячэрнія тэхнікумы і ін-ты). У Пхеньяне знаходзяцца Дзярж.цэнтр.б-ка (з 1945), Б-каАН КНДР (з 1952), Цэнтр.гіст. музей (з 1928), Музей этнаграфіі (з 1956), Цэнтр. музей прыгожых мастацтваў (з 1954) і інш. Навук, даследаванні праводзяцца ў АН (з 1952, у яе складзе каля 40 н.-д. ін-таў і філіял у Хамхыні), у Акадэміі с.-г. навук (з 1963), АМН (з 1963), Акадэміі грамадскіх навук (з 1952; да 1964 у складзе АН), Акадэміі лесаводства, у Цэнтры атамных даследаванняў (з 1952), на кафедрах ВНУ і інш.н.-д. установах.
Друк, радыё, тэлебачанне. Перыяд. выданні выходзяць на кар., англ., франц., яп., рус. і кіт. мовах. Найб. тыраж маюць штодзённая газета «Надон сінмун» («Газета Праца», орган ЦКПрац. партыі К., з 1945) і «Надон чханён» («Працоўная моладзь». орган ЦК Саюза сацыяліст.прац. моладзі К., з 1946). Працуе Цэнтр.тэлегр. агенцтва К. (ЦТАК, з 1946). Дзейнасць Цэнтр. радыёстанцыі К. і Пхеньянскай радыёстанцыі, а таксама Цэнтр. тэлебачання К. і Кэсонскага тэлебачання падпарадкаваны дзяржаве. Перадачы радыё і тэлебачання вядуцца па агульнанац. і мясц. праграмах на кар., англ., рус., франц., кіт. і інш. мовах.
Літаратура. Гал. тэмы л-ры КНДР — сац. пераўтварэнні ў вёсцы (раман «Зямля», 1948—60, Лі Гіёна), станаўленне рабочага класа (аповесці Лі Букмёна, Хван Гона, Юн Седжуна), працяг традыцый пралет. паэзіі (Чо Гічхон і інш.). У 1946 створана Асацыяцыя работнікаў л-ры і мастацтва Паўн. К. Вайна 1950—53 паклала пачатак гераічнай і патрыят. тэматыцы: ваен. публіцыстыка Кім Сарана, апавяданні Хван Гона, Юн Седжуна, Чхон Себона, франтавыя вершы Чо Гічхона, Мін Бёнгюна. У 1950—60-я г. з’явіліся буйныя гіст. творы: «Рака Туманган» Лі Гіёна, «Бацька Сасан» Чхве Мён’іка, «Гісторыя няшчасцяў» Чхон Себона і інш., пашыралася мемуарная л-ра (серыя «Сярод людзей» і інш.). У 1970-я г. вылучыліся творы калектываў аўтараў паводле п’ес перыяду антыяп. барацьбы ў 1930-я г.: «Мора крыві», «Лёс вартаўніка» і інш. У сучаснай л-ры вядучымі застаюцца тэмы працы, аб’яднання краіны; асаблівая ўвага аддаецца ваен. тэматыцы (раманы Кім Джэгю, Пён Хігына). З 1953 дзейнічае Саюз пісьменнікаў К. На бел. мове асобнымі выданнямі выйшлі «Карэйскія казкі» (1954) і казка «Ластаўкі» (1957) у перакладзе А.Якімовіча, асобныя вершы кар. паэтаў пераклаў М.Аўрамчык. На кар. мове выдадзены зб. Я.Коласа «У старых дубах» (1959).
Архітэктура, выяўленчае мастацтва. З 1950-х г. інтэнсіўна развівалася горадабудаўніцтва, якое вырашала праблемы рацыянальнага размяшчэння жылых і прамысл. раёнаў, забеспячэння гарадоў сеткай культ.-быт. устаноў, добраўпарадкавання і азелянення (арх. Кім Джанхі, Лі Хён, Пак Ікхван, Сін Сунгён, а таксама замежныя спецыялісты). У 1945—53 распрацаваны генплан Пхеньяна (арх. Кан Чахван і інш.), адноўлены і рэканструяваны гарады Хамхын, Вансан, Сарывон, Кэсон, Нампхо і інш. У пабудовах 1950—60-х г. дамінуюць формы сярэдневяковай архітэктуры (Пхеньянскі Вял.т-р, 1960, арх. Кім Чанхі, Сін Сунгён і інш.). З 1960-х г. пашыраюцца новыя буд. канструкцыі і матэрыялы, узводзяцца будынкі з рацыянальнай планіроўкай, лаканічныя па форме (Дзярж.ун-т імя Кім Ір Сена ў Пхеньяне, 2-я чарга, 1970-я г.). Жыллёвае буд-ва вядзецца па тыпавых праектах з захаваннем нац. асаблівасцей добраўпарадкавання (напр., ацяпляльная сістэма пад падлогай). Сярод пабудоў 1980-х г. гасцініца на гары Мёхян, будынкі Міжнар. дома культуры і комплексу культ.-быт. абслугоўвання ў Пхеньяне. У вайну 1950—53 ствараліся маст. лістоўкі, плакаты. У тэхніцы нац. жывапісу тушшу і вадзянымі фарбамі («часанхва») у спалучэнні традыц. сюжэтаў з актуальнай тэматыкай працуюць мастакі Чха Дэдо (майстар адлюстравання кветак слівы мэ), Лі Сакхо (жанр «кветкі-птушкі»). У алейным жывапісе працавалі Кім Джанам, Пак Мёнхун, Пхё Седжон, Мун Хаксу. Развіваюцца графіка (ілюстрацыя, эстамп, плакат; мастакі Кім Ганджун, Пэ Унсон, Пак Сынхі), станковая і манум. скульптура (Мун Сако, Хан Ёнсік, Чо Гюбон), якія сінтэзуюць традыцыі еўрап. і ўсх. мастацтва. Стараж. традыцыі захоўваюцца ў дэкар. -прыкладным мастацтве: вытв-сць керамікі і фарфору, разьба па косці і дрэве, пляценне з валокнаў бамбуку і травы, ткацтва, вышыўка, выраб лакавых рэчаў. Створана Асацыяцыя работнікаў л-ры і мастацтва Паўн. К. з Саюзам дзеячаў выяўл. мастацтва (засн. ў 1946), у 1953 засн. Саюз кар. мастакоў, у 1954 — Саюз кар. архітэктараў.
Музыка. Пасля 1945 у паўн.ч. краіны ствараюцца навуч. ўстановы еўрап. тыпу, развіваюцца музыказнаўства і муз. фалькларыстыка, фарміруецца нац. кампазітарская школа. Сярод кампазітараў: Лі Мёнсан, Сін Дасон, Мун Гёнок, Кім Ёнгю, Чо Гільсок, музыказнаўцы Пак Тансіль, Кім Гігон, Юн Дансу. Сярод выканаўцаў спевакі Кім Вану, Сін Юнгун, Кім Дынгук (у зах. стылі), Ан Хеён, Кім Дэнхва, Пак Бансек (традыц. стыль), інструменталісты Ан Гіёк, Чха Хакчхоль (чатэ), Ю Дзябок (хэгым), Гі Мансу (камунга), Пэк Насан (скрыпка), Пэк Унбок (фп.). Працуюць: Кар. філармонія (1955), Маст.т-р у Пхеньяне (1948), Вял.сімф. аркестр і хор, Нар.маст.т-р (1952), шматлікія муз.-драм. трупы, ансамблі песні і танца Кар.нар. арміі, песні і танца «Мансудэ» (1969), нац. інструментаў у Пхеньяне. Штогод праводзіцца Міжнар. веснавы муз. фестываль (Пхеньян). У 1953 засн. Саюз кампазітараў.
Тэатр. У 1947—49 у Пхеньяне адкрыты Дзярж.т-р (пазней Дзярж.драм.т-р «Чхаліма»), Дзярж.нар.маст.т-р (цяпер Пхеньянскі гар.т-р), пачалі працаваць трупы пры мін-вах транспарту і ўнутр. спраў, Кар.нар. арміі. У вайну 1950—53 дзейнічалі франтавыя трупы, якія ўяўлялі сабой невял. перасоўныя т-ры. У 1950—60-я г. створаны новыя трупы, у Пхеньяне пабудаваны т-р «Маранбон», адкрыты Вял.т-р (1960), т-ры кінаакцёра, лялечны і дзіцячы. У рэпертуары т-раў КНДР гіст. спектаклі, п’есы, прысвечаныя нац.-вызв. руху ў гады яп. акупацыі, творы сучаснай тэматыкі, а таксама рус. і сав. драматургія. Сярод рэжысёраў Хан Пэкнам, Ан Ёніль, Лі Енім, Кім Ін, Пён Гёнхван, сярод акцёраў Лі Дан, Хан Чжынсоп, Лі Чжэдок, Тхэ Ільмін, Ко Хванчхоль. З 1959 працуе Пхеньянскі ін-т тэатра і кіно.
Кіно. У 1946 створаны першыя дакумент. фільмы. У 1947 арганізавана кінастудыя Паўн. Карэі (з 1948 дзярж.), на базе якой створаны кінастудыі маст. і дакумент. фільмаў. Першы маст. фільм зняты ў 1949 («Мая Радзіма», рэж. Кан Хансік). У вайну 1950—53 выходзілі фільмы пра барацьбу супраць амер. агрэсіі («Юныя партызаны», рэж. Юн Ёнгю; «Зноў на фронт», рэж. Чхон Данмін). Пасля вайны пашырыўся іх жанравы і тэматычны дыяпазон, зняты першыя каляровыя фільмы: «Сказанне пра крэпасць Садо» (1956, рэж. Чон Джунчхэ), кар.-сав. фільм «Браты» (1957, рэж. І.Лукінскі і Чхон Санін). Здымаліся фільмы на ваен. і гіст.-рэв. тэматыку, прысвечаныя актуальным праблемам сучаснасці: «Дрэвы каля дэмаркацыйнай лініі» (1961, рэж. Пак Хак), «Чырвоная кветка» (1963, Чхон Санін), «Пяць братоў-партызан» (1969, рэж.Ом Гільсон). Шырока выкарыстоўваўся жанр паліт. дэтэктыва (20-серыйны фільм «Невядомыя героі», 1970—80, рэж. Ю Хасон, Чхве Намсон). Экранізаваны стараж.кар. эпас «Сказанне пра Чхунхян» (Ю Ванджун, Юн Ёнгю), гіст. раман Хон Мёнхі «Сказанне пра Ім Какчона» (аднайменны 5-серыйны фільм, 1989). Сярод інш. фільмаў 1980-х г.: «Тальме і Памдары» (Ван Рангпон), «Лес шуміць» (Цян Енбок), «Соль», сав.-кар. «Секунда на подзвіг» (1985, Э.Уразбаеў, Ом Гільсон), «Кветка званочак» і інш. У КНДР 6 кінастудый: маст., дакумент. фільмаў, Дзярж. імя 8 лютага (з 1959), Кар.нар. арміі, навук.-папулярных фільмаў. У 1961 створаны Саюз кар. кінематаграфістаў.
Герб і сцяг Карэі (Карэйская Народна-Дэмакратычная Рэспубліка).Да арт.Карэя Паўночная. Горны ландшафт на поўначы краіны.Да арт.Карэя Паўночная. Упрыгожанне з палявых кветак. Традыцыйны жывапіс.Да арт.Карэя Паўночная. Дзікія гусі месяцовай ноччу. Вышыўка.Да арт.Карэя Паўночная. Пасудзіна для мёду. Пемза.Да арт.Карэя Паўночная. Сольны танец з барабанам.Да арт.Карэя Паўночная. На берагах р. Патхон.Да арт.Карэя Паўночная. Міжнародны дом культуры ў Пхеньяне. 1988.Да арт.Карэя Паўночная. Гасцініца на гары Мёхян.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІГЕ́РЫЯ (Nigeria),
Федэратыўная Рэспубліка Нігерыя (Federal Republic of Nigeria), дзяржава ў Зах. Афрыцы. Мяжуе на З з Бенінам, на Пн з Нігерам, на ПнУ (па воз. Чад) з Чадам, на У з Камерунам. На Пд абмываецца Гвінейскім зал. Атлантычнага ак.Пл. 923,8 тыс.км². Нас. 113,8 млн.чал. (1999). Дзярж. мова — англійская, шырока распаўсюджаны мовы хаўса і фульбе (на Пн), іоруба і ігба (на Пд). Сталіца — г.Абуджа; былая сталіца і гал.эканам. цэнтр — г.Лагас. Краіна падзяляецца на 30 штатаў і сталічную акругу. Нац. свята — Дзень незалежнасці (1 кастр.).
Дзяржаўны лад. Н. — федэратыўная рэспубліка. Член брыт. Садружнасці. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах. Вышэйшы орган дзярж. улады — Савет нац. абароны і бяспекі, які складаецца з прэзідэнта, віцэ-прэзідэнта, правадыроў плямён, старшыні Часовага савета і некалькіх яго членаў. Заканад. орган — двухпалатны парламент (Палата прадстаўнікоў і Сенат), які выбіраецца на ўсеагульных выбарах. Выканаўчая ўлада належыць Часоваму савету (ураду), яго члены выбіраюць старшыню, які выконвае функцыі прэм’ер-міністра.
Прырода. Большая ч. паверхні — пласкагор’е выш. 400—600 м. У цэнтры — плато Джос (да 1690 м). На У, каля мяжы з Камерунам, горы Мандара, Шэбшы (да 2040 м), частка плато Баменда. Уздоўж Гвінейскага зал. — прыморская алювіяльная нізіна (шыр. 40—100 км) з вял. дэльтай Нігера. Карысныя выкапні: нафта (агульныя запасы 7,2 млрд.т, 12-е месца ў свеце), прыродны газ (2,6 трлн. м³), каменны і буры вугаль, руды волава, жалеза, вальфраму, ніобію, танталу, тытану, урану, свінцу, цынку. Ёсць кухонная соль, фасфаты, шматлікія буд. матэрыялы. Клімат на Пн экватарыяльна-мусонны з дажджлівым летам і сухой зімой; сярэдняя т-ра ў крас. — маі 25—32 °C, у снеж. — студз. 20—25 °C, ападкаў ад 500 да 1500 мм. На прыбярэжнай нізіне клімат экватарыяльны, вельмі вільготны; сярэднія месячныя т-ры ўвесь год ад 24 °C да 28 °C, ападкаў ад 2000 да 4000 мм. Гал.р. Нігер з найб. прытокам р. Бенуэ. На ПнУ частка воз. Чад. Пад лесам і хмызнякамі 12% тэр. На Пн паўпустыня і сухая саванна, у сярэдняй ч. — тыповая саванна з баабабамі, акацыямі і хмызнякамі, на Пд ад яе — галерэйныя і паркавыя лясы. На ўзбярэжжы вільготныя трапічныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў. У лясах зберагліся малпы, насарогі, сланы, у рэках — гіпапатамы і кракадзілы, у саваннах — жырафы, антылопы, ільвы, гіены. Шмат птушак, змей, насякомых. Рэзерваты Боргу і Янкары.
Насельніцтва. Н. — шматнацыянальная краіна. Пражывае каля 260 плямён і народнасцей, 19 самых вялікіх налічваюць больш як па 1 млн.чал.Найб. народы (разам з блізкімі па мове): на ПдЗ іоруба (каля 26 млн.чал.) і ігба (каля 21 млн.чал.), на Пн фульбе (каля 23 млн.чал.), усе ўваходзяць у нігера-кардафанскую моўную сям’ю; на Пн хаўса (каля 30 млн.чал.), якія ўваходзяць у афразійскую моўную сям’ю. У гарадах невял. групы еўрапейцаў (каля 30 тыс.чал.), амерыканцаў ЗША, арабаў. Сярод вернікаў 50% — мусульмане (пераважна на Пн), 40% — хрысціяне (пераважна на Пд), 10% — прыхільнікі мясцовых рэліг. культаў. Сярэднегадавы прырост насельніцтва каля 3%. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 123,2 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселены паўд. раёны (500 чал. на 1 км² і больш). Рэдка населена поўнач — месцамі 10—20 чал. на 1 км². Гар. насельніцтва 40%. Найб. гарады (тыс.ж. з прыгарадамі, 1998): Лагас — 10 287, Ібадан — каля 4000. У 26 гарадах ад 200 тыс. да 1 млн.ж. У сельскай гаспадарцы занята 54% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці, гандлі, абслуговых галінах — 19%, у кіраванні — 15%.
Гісторыя. У неаліце на тэр. Н. жылі шматлікія плямёны паляўнічых і збіральнікаў. Рэшткі першай развітой культуры — Нок, носьбіты якой умелі апрацоўваць жалеза, адносяцца да 5 ст. да н.э. — 3 ст.н.э. У канцы 1-га тыс.н.э. на Пн узніклі гарады-дзяржавы народа хаўса (Замфара, Зарыя, Габір, Кана, Кацына і інш.). З 11 ст. тут пашырыўся іслам. Караванны гандаль праз Сахару спрыяў развіццю дзяржаў хаўса, якія дасягнулі росквіту ў 16—18 ст. У пач. 19 ст. яны ўвайшлі ў склад халіфата Сакота. З канца 1-га тыс.н.э. на ПдЗ Н. існавалі дзяржавы народа іоруба, найбольшай з якіх у 17—18 ст. была Ойо. У ніжнім цячэнні р. Нігер існавала дзяржава Бенін. Паўн.-ўсх. частка Н. ўваходзіла ў склад Канем-Борну. Народ ігба (іба) жыў вял. абшчынамі, якімі кіравалі саветы старэйшын. Першыя еўрапейцы (партугальцы) з’явіліся на тэр. Н. ў 1472. У 16—19 ст. прыбярэжныя гарады Н. сталі цэнтрамі гандлю рабамі. У 1861 англічане захапілі г. Лагас. У 1885 яны стварылі пратэктарат Ойл-рыверс (з 1893 Пратэктарат нігерскага ўзбярэжжа); у 1900 — пратэктараты Паўн. і Паўд. Н., якія 1.1.1914 аб’яднаны ў Калонію і пратэктарат Н. Брыт. ўлады ўсталявалі сістэму т.зв. «ўскоснага кіравання», пры якой непасрэдная ўлада на месцах захоўвалася ў афр. правадыроў. Н. ператварылася ў сыравінную базу Вялікабрытаніі. З фарміраваннем мясц. буржуазіі і інтэлігенцыі ўзмацнілася антыкалан. барацьба, адбыўся шэраг паўстанняў (1914—18, 1929 і інш.). У 1922 Г.Маколей стварыў першую афр.паліт. партыю — Нігерыйскую нац.-дэмакр. партыю. У 1944 створаны Нац. савет Н. і Камеруна (з 1962 Нац. савет нігерыйскіх грамадзян, НСНГ), старшынёй якога абраны Маколей, ген. сакратаром — Н.Азіківе. У выніку рэформы 1947 Н. падзелены на Паўн., Зах. і Усх. вобласці, у якіх адпаведна дамінавалі народы хаўса, іоруба і ігба. У 1951 створаны Паўн.нар. кангрэс (ПНК) на чале з А.Бела і Група дзеяння (ГД) на чале з А.Авалова.
1.10.1960 абвешчана незалежнасць Н. Уладу ажыццяўляў кааліцыйны ўрад ПНК—ГД на чале з А.Т.Балева. Распад кааліцыі ў 1964 прывёў да міжнар. сутыкненняў. У студз. 1966 адбыўся дзярж. пераварот. Ваен. кіраўнік Дж.Т.У.Іронсі абвясціў у маі 1966 аб пераўтварэнні Н. ва унітарную дзяржаву. У ліп. 1966 Іронсі забіты. Новы ваен. ўрад Я.Гавона вярнуўся да федэратыўнай сістэмы. Пагромы ігба на Пн Н. ўзмацнілі сепаратысцкія настроі. У маі 1967 ваен. губернатар Усх.вобл. А.Аджукву абвясціў яе незалежнай дзяржавай Біяфра. У ліп. 1967 пачалася вайна паміж сепаратыстамі і цэнтр. урадам, у якой загінула больш за 1 млн.чал. 15.1.1970 войскі Біяфры капітулявалі. У 1975 Гавон скінуты ген. М.Мухамедам. Пасля забойства Мухамеда ў 1976 ваен. кіраўнік А.Абасанджа перадаў уладу дэмакр. выбранаму прэзідэнту А.Ш.Шагары (скінуты ваеннымі 31.12.1983). У пач. 1990-х г. пачалася дэмакратызацыя грамадскага жыцця, але пасля перамогі на прэзідэнцкіх выбарах 1993 лідэра апазіцыі М.Абіёлы ваен. ўлады анулявалі яе вынікі. У краіне быў усталяваны жорсткі аўтарытарны рэжым ген. С.Абачы і Н. апынулася ў міжнар. ізаляцыі. Пасля смерці Абачы (чэрв. 1998) ваен. кіраўніцтва было вымушана правесці ў лют. 1999 дэмакр. выбары, на якіх прэзідэнтам выбраны прадстаўнік Нар.дэмакр. партыі Абасанджа. Яго ўрад абвясціў праграму шырокіх пераўтварэнняў. У Н. дзейнічаюць паліт. партыі: Нар.дэмакр. партыя, Усенар. партыя, Дэмакр. альянс. Н. — чл.ААН (з 1960), Арг-цыі афр. адзінства. Дыпламат. адносіны паміж Н. і Рэспублікай Беларусь усталяваны ў жн. 1992.
Гаспадарка. Н. — агр. краіна з развітой нафтаздабыўной прам-сцю. Валавы ўнутр. прадукт на 1 чал. — каля 1270 дол. за год. Удзельная вага прам-сці (разам з буд-вам) у агульнай прадукцыі 42%, сельскай гаспадаркі 33%, абслуговых галін 25%. Аснова прамысловасці — нафтаздабыўная галіна. Штогод здабываюць каля 75 млн.т нафты (дэльта Нігера, шэльф Гвінейскага зал.). Здабычу вядуць кампаніі са змешаным капіталам. Ёсць Нац. нафтавая кампанія. Здабываюцца прыродны газ (пераважна спадарожны), каменны вугаль, руды волава (каля 5% сусв. здабычы), ніобію, танталу, вальфраму, торыю, жалеза, золата; буд. матэрыялы. Выпрацоўка электраэнергіі 13,8 млрд.кВт∙гадз (1996); 61% даюць ЦЭС (у найб. гарадах на Пд), 39% — ГЭС (гал. — Каінджы і Джэба на Нігеры). З галін апрацоўчай прам-сці найб. развіты харч. і харчасмакавая, тэкстыльная. Пашырана вытв-сць алею (пальмавага, арахісавага, бавоўнавага), перапрацоўка какавы, вытв-сць цукру, піва, безалкагольных напіткаў, сокаў, мясных, фруктовых і агароднінных кансерваў, мяса-малочнай прадукцыі. З перапрацоўкай пальмавых ядраў і арахісу звязана мылаварная прам-сць (Ілобу, Аба). Перапрацоўка какавы (Лагас, Адо, Ілеша, Іфе), арэхаў кола (Абеокута). Дзейнічаюць 50 піваварных і 20 мукамольных з-даў. Цукр. з-ды выпускаюць каля 300 тыс.т цукру штогод. Есць прадпрыемствы тытунёвай прам-сці (Ілорын, Ашогба). Тэкст.прам-сць прадстаўлена камбінатам у г. Кана, ф-камі ў Лагасе, Адо, Аніча, Кадуне, вытв-сцю трыкатажу ў Аба і Энугу, швейных вырабаў у Лагасе і Кадуне, сінт. дываноў у г. Бенін-Сіці. Асн. цэнтры гарбарна-абутковай прам-сці — Лагас, Кадуна, Кана. Н. мае 4 нафтаперапр. з-ды (асн. цэнтры — Лагас і Порт-Харкарт). Працуюць нафтахім. з-ды ў Элес-Элеме, Вары, Кадуне (агульная магутнасць 11 млн.т), прадпрыемствы па вытв-сці звадкаванага газу, прапілену, сажы, этылену, вадкага кіслароду, вуглякіслага газу, лакаў і фарбаў, натур. каўчуку, вытв-сці аўтамаб. і веласіпедных шын. фармацэўтычнай прадукцыі, парфумерыі, суперфасфатных і азотных угнаенняў, сернай кіслаты. Чорная металургія прадстаўлена камбінатамі ў Аджаакуце (магутнасць 1,5 млн.т за год) і Алоджы (1 млн.т); сталепракатныя прадпрыемствы ў Джосе, Кацыне, Ашогба (агульная магутнасць 630 тыс.т). З прадпрыемстваў каляровай металургіі найб. волаваплавільны з-д (Джос). Машынабудаванне прадстаўлена аўтазборачнымі прадпрыемствамі (за год 100 тыс. легкавых і 20 тыс. грузавых аўтамашын), вытв-сцю прычэпаў, матацыклаў, веласіпедаў, трактароў. Ёсць прадпрыемствы па вытв-сці гандл. абсталявання, быт. тэхнікі, па буд-ве і рамонце суднаў (Лагас, Ібадан, Кадуна, Кана), больш за 400 прадпрыемстваў па дрэваапрацоўцы, у т. л. лесапільна-фанерны з-д у Сапеле, папяровая ф-ка ў г. Джэба (магутнасць 100 тыс.т паперы за год), ф-ка газетнай паперы ў Ока-Ібоку, цэлюлозна-папяровы камбінат у Онда, прадпрыемствы мэблевай прам-сці, буд. матэрыялаў і інш. Разнастайныя саматужныя рамёствы (кавальскае, разьбярства па метале, слановай косці, дрэве, вырабы з бронзы, серабра, вытв-сць тканін, посуду, мэблі, ганчарных вырабаў, апрацоўка скур і інш.). Сельская гаспадарка не забяспечвае патрэб краіны. Пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі каля 30 млн.га, пад пашай каля 40 млн.га, арашаецца каля 1 млн.га. Захавалася абшчыннае землекарыстанне, на Пн — феад. перажыткі. Аснова земляробства на Пн і ў сярэдняй ч. краіны — вырошчванне на ўласныя патрэбы кукурузы, проса, сорга, рысу; збор збожжа каля 20—22 млн.т штогод, на ўзбярэжжы — пераважна батату, маніёку, бабовых. Гал. экспартныя культуры: алейная пальма (дэльта Нігера і суседнія раёны), какава і каўчуканосы (зах.ч. ўзбярэжжа), арахіс і бавоўна (Пн), меншае значэнне маюць какосавая пальма, дрэва кола, цукр. трыснёг, тытунь. Штогод атрымліваюць каля 700 тыс.т пальмавага алею (50% сусв. вытв-сці), каля 200 тыс.т какавы-зярнят (10% сусв. вытв-сці), каля 100 тыс.т натуральнага каўчуку. Жывёлагадоўля развіта на Пн краіны, дзе няма мухі цэцэ. Пагалоўе (млн. галоў, 1997): буйн. раг. жывёлы — 19,6, коз — 24,5, авечак — 14, свіней — 7,6, свойскай птушкі — 126. Марское, рачное і азёрнае рыбалоўства. Транспарт чыг., аўтамаб., унутр. водны, марскі. Даўж. (1997) чыгунак 3557 км, аўтадарог 51 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 26 тыс.км, унутр. водных шляхоў 8575 км; нафтаправодаў 2042 км, прадуктаправодаў 3000 км, газаправодаў 500 км. Гал. парты: марскія Лагас, Порт-Харкарт, Калабар, рачны Аніча. У 1998 экспарт склаў 9.7 млрд.дол., імпарт — 9,8 млрд.дол. У экспарце пераважаюць нафта і нафтапрадукты (95% кошту), какава, каўчук, ядры пальмавых арэхаў; у імпарце — машыны і абсталяванне, хімікаты, тавары шырокага попыту, збожжа і жывёла. Гал.гандл. партнёры: ЗША (35% экспарту, 14% імпарту), Францыя (6 і 8%), Іспанія (11% экспарту), Вялікабрытанія (11% імпарту), Германія (10% імпарту). Грашовая адзінка — наіра.
Ахова здароўя. Сістэма аховы здароўя ўключае дзярж. мерапрыемствы па забеспячэнні насельніцтва мед. паслугамі, але значную долю займае прыватная практыка. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 53, жанчын 54 гады (1999). Узровень нараджальнасці — 42 на 1 тыс.чал.Смяротнасць — 13 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 3%. Забяспечанасць бальнічнымі ложкамі — 1 на 1070 чал., урачамі — 1 на 4496. Дзіцячая смяротнасць — 69 на 1 тыс. нованароджаных (1999).
Літаратура Н. цесна звязана з вуснай нар. творчасцю. Развіваецца на мовах народаў іоруба, ігба, хаўса і інш., вядучае месца займае агульнанігерыйская л-ра на англ. мове. У канцы 19 — пач. 20 ст. пад уплывам вызв. руху ўзнікла публіцыстыка. У 1920—40-я г. зарадзіліся грамадз. паэзія (Д.Асадэбай) і драматургія (Х.Агундэ). Этапам у развіцці прозы стала лубачная літаратура. У 1950-я г. вядомасць набылі аповесці А.Тутуолы, звязаныя з казачным эпасам народа іоруба і адметныя займальнасцю сюжэтаў і гратэскавасцю. Першы нігерыйскі раман — «Людзі горада» С.Эквензі. Для л-ры 1960-х г. характэрна інтэнсіўнае асваенне новых для афр. л-р жанраў, найперш рамана, і тэм (А.Нзекву, Э.Амадзі, Т.Алука, О.Эгбуна). Гал. тэндэнцыя развіцця прозы — станаўленне крытычнага рэалізму: трылогія «І прыйшло разбурэнне», «Спакою больш няма», «Страла бога» Ч.Ачэбе, раманы «Інтэрпрэтатары» і «Час і беззаконнасць» В.Шайінкі, аповесць «Голас» Г.Акары. Сац. тэматыку распрацоўвалі Эквензі і Дж.Муноні. Для пісьменнікаў 1970—80-х г. (К.Аматоса, О.Мезу) характэрна імкненне ўзбагаціць англ. мову элементамі афр. моў. Наватарскімі пошукамі адметныя раманы Акары, Шайінкі. У паэзіі і драматургіі вызначальным стала спалучэнне традыцый нар.-песеннай афр. творчасці і сусв. англамоўнай паэзіі (Дж.П.Кларк, К.Акігба). У пач. 1960-х г. створана Асацыяцыя афр. пісьменнікаў.
Архітэктура. У зоне трапічных лясоў на ПдЗ і ПдУ са старажытнасці будуюцца прамавугольныя ў плане жытлы з глінянымі ці плятнёвымі сценамі, разнымі аканіцамі і 2-схільным пакрыццём з саломы і пальмавага лісця. У народаў ігба і іоруба глінабітныя жылыя дамы і гасп. пабудовы з глухімі сценамі размяшчаюцца па перыметры прамавугольнага двара, абкружанага галерэямі. Драўляныя слупы галерэй, дзверы і панэлі фасада аздабляюцца разнымі выявамі сімвалічных фігур і жывёл або геам. арнаментам. У цэнтр. частцы Н. пераважаюць круглыя гліняныя пабудовы з канічным саламяным дахам. У 8—10 ст. узніклі гандл. гарады, абкружаныя глінабітнымі сценамі даўж. да 15 км са шматлікімі брамамі. Звілістыя вузкія вуліцы забудоўваліся 1—2-павярховымі дамамі з гліны ці сырцу з плоскім або купальным пакрыццём. Фасады ўпрыгожваліся рэльефным арнаментам, блізкім да арабескі (палац Гідан Румфа ў Кана; 15 ст.), або праразным узорам з афарбоўкай (імітацыя каменнай муроўкі, раслінныя матывы). З прыходам ісламу з’явіліся мячэці — прамавугольныя, на гліняных слупах, часам без мінарэта, з ціснёным арнаментам на фасадах. У канцы 19 ст. рэпатрыянты з Бразіліі ўнеслі ў архітэктуру гарадоў паўд. Н. элементы лац.-амер. барока: франтоны з завіткамі, балюстрады, узорыстыя жал. рашоткі, геральдычную скульптуру. У 1930-я г. пад уплывам еўрап. архітэктуры з’явіліся цэрквы пераважна ў стылі неаготыкі, 2—3-павярховыя дамы з жал. дахам і мансардамі. З 1960-х г. узводзяцца шматпавярховыя грамадскія будынкі з арміраванага бетону на стальным каркасе з выкарыстаннем сонцаахоўных рэбраў, казыркоў, рашотак, нац. элементаў (пераважна паводле праектаў англ. архітэктараў; будынкі Вярх. суда ў Кадуне, Нац. палац, Дом радыё, банк у Лагасе, Універсітэцкі гарадок у Ібадане і інш.). Працуюць нігерыйскія архітэктары, якія атрымалі адукацыю ў Еўропе, а таксама на арх. ф-тах тэхнал. каледжа ў Лагасе, ун-таў у Нсуке і Зарыі.
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Стараж. помнікі выяўл. мастацтва (тэракотавая пластыка) на тэр. Н. адносяцца да культуры Нок (каля 900 да н.э. — 2 ст.н.э.). На мяжы н.э. выраблялі бронз. чалавечыя фігуры ў раёнах Джэбе і Тадзе. У 12—17 ст. росквіту дасягнула скульптура Беніна, Іфе, якой уласцівы тонкая мадэліроўка форм. Са стараж. часоў у многіх народаў Н. бытуе дробная драўляная пластыка (выявы людзей, жывёл). Паліхромныя чалавечыя фігуркі адметныя гратэскнасцю, падкрэсленай экспрэсіўнасцю, заснаванай на дыспрапорцыі форм. Пашыраны драўляныя рытуальныя маскі (цяпер выкарыстоўваюцца для карнавалаў). Развіццю прафес. мастацтва ў 1920—60-я г. садзейнічаў мастак еўрап.акад. кірунку А.Анаболу. Значную ролю ў фарміраванні новага мастацтва Н. адыгралі скульптары Ідах, Ф.Ідэхен, Ф.Ідубар, Д.Нвока, І.Ае, Б.Энвонву, якія прыўнеслі нац. традыцыі ў сучасную скульптуру. Сярод рэаліст. жывапісцаў Энвонву, элементы традыц. мастацтва ўласцівы творам У.Эгону, пошукі выяўл. і каларыстычных сродкаў — Ю.Грыло, Дж.Акола, А.Эконгу. Да манум. жывапісу звяртаюцца Р.Агундэле, Дж.Бураймах, Б.Анабракпае і інш., мазаікі — І.Адэемі, дызайну — А.Ласекан, тэатр.-дэкарацыйнага мастацтва — Нвока. Сярод нар. рамёстваў — выраб розных табурэтаў, бранзалетаў, арнаментаваных пасудзін з гарбуза — калебасаў, набіўных і вышытых тканін, ганчарных, шкляных і скураных пасудзін.
Літ.:
История Нигерии в новое и новейшее время. М., 1981;
Обасанджо О. Нигерия в огне: Гражданская война в Нигерии 1967—1970 гг.: Пер. с англ.М., 1984;
Чемоданова Е.Г. Нигерия и страны «третьего мира»: Новое в стратегии полит. сотрудничества. М., 1993. Вавилов В.Н. Проза Нигерии. М., 1973;
Современные литературы Африки. М., 1973.
І.В.Загарэц (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.І.Сініца (гісторыя), Г.М.Малей (літаратура).
Герб і сцяг Нігерыі.Да арт.Нігерыя. Астанцы на плато Джос. Саванна ў вільготны перыяд.Да арт.Нігерыя. Піраміды з мяхоў арахісу, прыгатаванага для экспарту.Да арт.Нігерыя. ГЭС Каінджы на р. Нігер.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
адм.-тэр. адзінка Рэспублікі Беларусь. Размешчана на У Беларусі, каля граніцы з Расіяй. Утворана 15.1.1938. Пл. 29 тыс.км². Нас. 1241,3 тыс.чал. (1998). Цэнтр — г.Магілёў. У вобласці 21 раён: Асіповіцкі, Бабруйскі, Быхаўскі, Бялыніцкі, Глускі, Горацкі, Дрыбінскі, Касцюковіцкі, Кіраўскі, Клімавіцкі, Клічаўскі, Краснапольскі, Круглянскі, Крычаўскі, Магілёўскі, Мсціслаўскі, Слаўгарадскі, Хоцімскі, Чавускі, Чэрыкаўскі, Шклоўскі (гл. адпаведныя артыкулы), 14 гарадоў, у т. л. 4 абласнога падпарадкавання — Магілёў, Асіповічы, Бабруйск, Горкі, 11 гар. пасёлкаў, 196 сельсаветаў, 3247 сельскіх населеных пунктаў.
Прырода. Паверхня вобласці пераважна раўнінная. Усх.ч. займае Аршанска-Магілёўская раўніна, зах. — Цэнтральнабярэзінская раўніна. На ПнЗ — частка Аршанскага ўзвышша, на ПнУ — Горацка-Мсціслаўская ўзвышаная раўніна і частка Смаленскага ўзвышша, дзе знаходзіцца найвышэйшы пункт вобласці — 239 м. Пераважаюць вышыні 150—200 м, найб. нізкая адзнака М.в. 126 м (урэз р. Сож, ніжэй в. Гайшын Слаўгарадскага р-на). Карысныя выкапні: цэментны мел і мергель (каля 75% агульнарэспубліканскіх запасаў цэм. сыравіны, Камунарскае, Сожскае, Каменкаўскае, Варонькаўскае радовішчы), фасфарыты, мел (найб. паклады ў Краснапольскім, Касцюковіцкім, Клімавіцкім, Крычаўскім і Чэрыкаўскім р-нах), гліна і цагельныя суглінкі, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. і сілікатныя пяскі, трэпел, торф, сапрапелі і інш. Клімат умерана-кантынентальны. Зіма мяккая, лета цёплае. Сярэднямесячная т-ра паветра ў студз. ад -8,2 °C на ПнУ да -6,5 °C на ПдЗ, у ліп. ад 17,8 °C на ПнУ да 18,7 °C на ПдЗ. Вегетац. перыяд 183—194 дні. Гадавая колькасць ападкаў 575—675 мм. 70% ападкаў бывае ў цёплую палавіну года (крас.—кастр.). Тэрыторыя М.в. адносіцца да бас. Дняпра, які перасякае вобласць з Пн на Пд. Найб. яго прытокі Лахва, Друць, Бярэзіна (справа), Сож (злева). Найб. прытокі Бярэзіны — Свіслач, Ольса, Ала; Друці — Аслік, Вабіч, Грэза; Сажа — Лабжанка, Волчас, Проня з Басяй і Растой, Бесядзь з Суравам і Жадунькай; на ПдЗ працякае р. Пціч (прыток Прыпяці). Азёр мала, яны невялікія. Глебы сельгасугоддзяў пераважна дзярнова-падзолістыя (53,5%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (23,7%), тарфяна-балотныя (8,3%), поймавыя і інш. Паводле мех. складу пераважаюць сугліністыя (45,9%) і супясчаныя (38,7%) глебы. Асушаныя землі займаюць каля 15% сельгасугоддзяў, найб. у Быхаўскім, Бабруйскім, Глускім, Асіповіцкім і Горацкім р-нах. Пад лесам каля 34% тэр. вобласці. На хваёвыя лясы прыпадае 54,9%, яловыя і бярозавыя па 15,1, альховыя 5,6, дубовыя 5,4%. Найб. лясістасць на ПдЗ вобласці, у асобных раёнах больш за 50%. Пад лугамі 17,6%, каля палавіны іх нізінныя. Балоты пераважна нізінныя, займаюць каля 7,7% тэр. вобласці, большасць іх асушана. На тэр. вобласці гідралагічныя заказнікі рэсп. значэння Заазер’е і Астравы Дулебы, 72 заказнікі мясц. значэння. У выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС 33,3% тэр. вобласці забруджана радыенуклідамі з працяглымі тэрмінамі распаду, у т. л. зона са шчыльнасцю забруджвання па цэзіі-137 больш як 5 Кі/км² займае 11,7% тэр. вобласці. Найб. забруджана радыенуклідамі тэр. Краснапольскага, Чэрыкаўскага, Касцюковіцкага і Слаўгарадскага р-наў.
Насельніцтва. Асн. насельніцтва беларусы (84,3%), жывуць таксама рускія (11,1%), украінцы (1,9%) і інш. Гарадскога насельніцтва 70,4% (1998). Сярэдняя шчыльн. 42,8 чал. на 1 км², сельскага насельніцтва 12,7 чал. на 1 км². Найб. гарады (тыс.чал., 1998): Магілёў (369), Бабруйск (227), Асіповічы (33,8), Горкі (33,5). Колькасць насельніцтва мае тэндэнцыю да памяншэння (з 1992 смяротнасць насельніцтва перавышае нараджальнасць), павялічваецца доля асоб, старэйшых за працаздольны ўзрост. З 1986 насельніцтва ў Краснапольскім, Касцюковіцкім, Слаўгарадскім і Чэрыкаўскім р-нах (найб. пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС) паменшылася на 40—50%.
Гаспадарка. Прамысловасць пераважае ў гасп. комплексе. У ёй занята 29,4% працуючых. За 1991—97 аб’ём прамысл. прадукцыі знізіўся на 25%, вял. спад адбыўся ў чорнай металургіі (на 69%), прам-сці буд. матэрыялаў (на 48%). Вобласць спецыялізуецца на вытв-сці прадукцыі хім. і нафтахім., маш.-буд., дрэваапр., буд. матэрыялаў, лёгкай і харчовай прам-сці. Вядучае месца (1997) належыць хім. і нафтахім. прадукцыі (28,7%), машынабудаванню і металаапрацоўцы (14,0%), лёгкай (10,1%) і харч. прам-сці. У 1996 у М.в. атрымана (у % да рэсп. вытв-сці): шын аўтамаб. і для с.-г. машын — 100, хім. валокнаў і нітак — 55, сінт. смол і пластмас — 40,6, электрарухавікоў пераменнага току — 59,6, магнітафонаў — 77, ліфтаў — 100, драўняна-валакністых пліт — 33,8, фанеры — 22, кардону — 27,6, цэменту — 43, шаўковых тканін — 39, цюлегардзінных вырабаў — 100, гумавага абутку — 48,7, безалкагольных напіткаў — 28, масла жывёльнага — 15,2. Асн.прамысл. патэнцыял сканцэнтраваны ў Магілёве і Бабруйску; значныя прамысл. цэнтры — Асіповічы, Крычаў, Шклоў, Быхаў, Касцюковічы. Прадпрыемствы хім. прам-сці размешчаны пераважна ў Магілёве (аб’яднанне «Хімвалакно», якое выпускае поліэфірныя і віскозныя валокны і ніткі, прадукцыю аргсінтэзу, розныя тавары нар. ўжытку; рэгенератны з-д, хімкамбінат «Зара» і інш.), Бабруйску (шынны камбінат, вытв-сць гумава-тэхн. вырабаў, гідролізная вытв-сць) і Крычаве (вытв-сць гумавага абутку, гумава-тэхн. вырабаў). Машынабудаванне сканцэнтравана ў Магілёве (аўтамабільны з-д, выпускае самазвалы, падземныя аўтапаязды, скрэперы, бульдозеры, пагрузчыкі і інш.; «Магілёўтрансмаш» па вытв-сці аўтамаб. прычэпаў, гідраўлічных кранаў, рэфрыжэратараў і інш.; ліфтабудаўнічы з-д; аб’яднанне «Тэхнапрылада»; з-ды «Строммашына» і «Электрарухавік» і інш.), у Бабруйску (вытв-сць цэнтрабежных помпаў, вымяральных прылад, машын для ўнясення ўгнаенняў, трактарных дэталей і агрэгатаў і інш.), у Асіповічах (з-даўтамаб. агрэгатаў). У Магілёве працуе металургічны з-д, які выпускае стальныя і чыгунныя трубы. Самае буйное прадпрыемства дрэваапрацоўкі — фанера-дрэваапр. камбінат у Бабруйску; мэблю робяць у Бабруйску, Магілёве, Быхаве; у Шклове — папяровая ф-ка «Спартак». Прам-сцьбуд. матэрыялаў прадстаўлена 2 цэментнымі прадпрыемствамі (у Крычаве і Касцюковічах), камбінатамі буд. матэрыялаў, сілікатных вырабаў, з-дамі зборных жалезабетонных вырабаў (пераважна Магілёў і Бабруйск), кардонна-руберойдным (Асіповічы), цагельнымі. Развітая лёгкая прам-сць уключае швейныя, трыкат., абутковыя, маст. вырабаў прадпрыемствы. У Магілёве буйныя прадпрыемствы «Магатэкс» (шаўковыя тканіны і вырабы з іх), «Стужка» (стужкаткацкія і гардзінныя вырабы), ф-ка галаўных убораў, у Бабруйску — гарбарны з-д, футравая, валюшна-лямцавая, люстраная ф-кі. На тэр. вобласці 10 ільнозаводаў. Харч.прам-сць прадстаўлена кандытарскай ф-кай «Чырвоны харчавік», маслабойным з-дам (Бабруйск), мясакамбінатамі (Магілёў, Бабруйск), 20 заводамі па перапрацоўцы малака, кансервава-агароднінасушыльным камбінатам (Быхаў) і інш.
Сельская гаспадарка большасці раёнаў спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, бульбаводстве ў спалучэнні з ільнаводствам. Усюды пашыраны пасевы збожжавых (жыта, ячмень, авёс, пшаніца), кармавых культур, бульбы. У прыгарадных зонах гарадоў развіта агародніцтва і садоўніцтва. Сельгасугоддзі займаюць 51,2% тэрыторыі, ворныя землі — 35,5% (1997). За 1986—91 з сельгасабароту выведзена 47 тыс. га сельгасугоддзяў, забруджаных радыенуклідамі. Акрамя таго, на 1.1.1997 доля забруджаных радыенуклідамі зямель у агульнай плошчы сельгасугоддзяў у грамадскім сектары складае 29,7%. М.в. дае 16,7% агульнарэсп. вытв-сці збожжа, 12,8% бульбы, 7,7% ільновалакна, каля 16% мяса (у жывой вазе), 12,6% малака (1997). За 1991—97 вытв-сць валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі знізілася на 27,4%, у т. л. прадукцыі жывёлагадоўлі — на 33,3%, раслінаводства — на 12,7%, у выніку чаго доля жывёлагадоўлі ў валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі вобласці панізілася і склала 52,3%, а раслінаводства павялічылася да 47,7%. У структуры пасяўных плошчаў пераважаюць збожжавыя і кармавыя культуры (гл.табл. 1). Сярод збожжавых найб. плошчы пад ячменем, жытам, аўсом, пшаніцай, сярод тэхнічных — пад ільном-даўгунцом. На 1.1.1998 у М.в. 445 фермерскіх гаспадарак, яны мелі 14,7 тыс. га сельгасугоддзяў, у т. л. 12,1 тыс. га ворнай зямлі. У карыстанні грамадзян (разам з фермерскімі гаспадаркамі) 13,2% сельгасугоддзяў і 14,7% ворнай зямлі. У 1997 у асабістых дапаможных і фермерскіх гаспадарках атрымана 85% бульбы, 82% агародніны, 94% садавіны і ягад. Развіта таксама жывёлагадоўля малочна-мяснога кірунку, свінагадоўля, птушкагадоўля. У 1990-я г. пагалоўе жывёлы і птушкі зніжаецца (гл.табл. 2). Характэрна павелічэнне долі асабістых гаспадарак насельніцтва (разам з фермерскімі) у вытв-сці мяса (з 12,8% у 1990 да 24,7% у 1997) і малака (з 21,5% да 35,7%).
Транспарт. Агульная даўж. чыгункі 818 км (1997). Тэр. вобласці перасякаюць чыгункі: Віцебск—Орша—Магілёў—Жлобін, Жлобін—Бабруйск—Мінск, Орша—Крычаў—Унеча, Крычаў—Магілёў—Асіповічы, якія звязваюць вобласць з Расіяй, Украінай, інш. абласцямі рэспублікі. Найважн.чыг. вузлы: Магілёў, Бабруйск, Асіповічы, Крычаў. На долю чыг. транспарту прыпадае 93% грузаабароту (1997). Працягласць аўтамабільных шляхоў агульнага карыстання з цвёрдым пакрыццём 8,02 тыс. км (1997). Асн. магістралі Санкт-Пецярбург—Магілёў—Кіеў, Рослаўль—Бабруйск—Брэст, Магілёў—Беразіно—Мінск, Магілёў—Бабруйск—Мінск. Суднаходства па Дняпры, Бярэзіне, Сажы (грузаабарот рачнога транспарту складае 0,1% ад агульнага грузаабароту, 1997). Па тэр. вобласці праходзіць нафтаправод Унеча—Полацк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЭ́ЯПаўднёвая,
Рэспубліка Карэя (РК, кар. Тэхан мінгук), дзяржава ва Усх. Азіі, займае паўд.ч.Карэйскага паўвострава і суседнія астравы, у т. л.Карэйскі архіпелаг. На Пн аддзяляецца дэмаркацыйнай лініяй ад Кар. Нар.-Дэмакр. Рэспублікі (гл.Карэя Паўночная), на З абмываецца Жоўтым, на У — Японскім морамі, на Пд — Карэйскім пралівам. Пл. 99,3 тыс.км². Нас. 45 948 тыс.чал. (1997). Дзярж. мова — карэйская. Сталіца — г.Сеул. Падзяляецца на 9 правінцый і 6 гарадоў цэнтр. падпарадкавання. Нац. святы: Дзень абвяшчэння Рэспублікі (15 жн.), Дзень заснавання дзяржавы (3 кастр.). Гл. карту да арт.Карэя.
Дзяржаўны лад. К. — рэспубліка. Паводле канстытуцыі 1988 кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам на 5 гадоў (паводле канстытуцыі не можа быць перавыбраны на другі тэрмін). Вышэйшы заканад. орган — аднапалатны Нац. сход (299 дэпутатаў, тэрмін паўнамоцтваў 4 гады). Вышэйшы выканаўчы орган — Дзярж. савет, у які ўваходзяць прэзідэнт (старшыня), прэм’ер-міністр (нам. старшыні) і члены савета (ад 15 да 30). Прэм’ер-міністра, членаў савета, губернатараў правінцый, мэраў гарадоў і інш. высокапастаўленых службоўцаў мясц. улады назначае прэзідэнт. Вышэйшы суд. орган — Вярх. суд на чале з яго старшынёй, дзейнічае 6 гадоў (старшыню і членаў суда назначае прэзідэнт). Дзейнічае Канстытуцыйны суд. У суд. сістэму ўваходзяць апеляцыйныя, раённыя і сямейныя суды.
Прырода. Пераважна горная краіна. Горы і перадгор’і займаюць 80% тэрыторыі. На УУсх.-Карэйскія горы (г. Сараксан, 1708 м), на Пд і ПдЗПаўд.-Карэйскія горы (г. Чырысан, 1915 м). Раўнінныя і нізінныя ўчасткі на З і Пд. Разнастайны рэльеф і на астравах. На найб. в-ве Чэджудо вулкан Халасан — найвыш. пункт краіны (1950 м). З карысных выкапняў вылучаюцца вальфрамавыя руды (запасы адны з найбуйнейшых у свеце), ёсць радовішчы бурага вугалю, антрацыту, жал., свінцова-цынкавых, медных, залатых, сярэбраных, малібдэнавых руд. Клімат умераны (на Пн) і субтрапічны (на Пд), мусонны. Зімовы мусон прыносіць халаднаватае сухое кантынент. паветра, летні — цёплае і вільготнае з акіяна. Т-ра паветра ў студз. ад 0°C да 4°C, у жн. каля 25—26 °C. Ападкаў ад 800 мм на У і ў цэнтры да 1400 мм на Пд і З; 70% ападкаў выпадае ў ліп.—верасні. Летам (чэрв.—вер.) бываюць тайфуны. Рэкі горныя, выкарыстоўваюцца для буд-ваГЭС і арашэння; найб. з іх Кымган, Нактанган, Ханган. Лясы займаюць каля 7 млн.га, пераважна ў гарах. Растуць таполя, некалькі відаў хвоі і вярбы, піхта, граб, ціс. На Пд субтрапічныя лясы з бамбукам. Жывёльны свет (горны мядзведзь, плямісты алень і інш.) захаваўся ў гарах. Мора багатае рыбай і морапрадуктамі. Нац. паркі — Ханро, Чырысан, Сараксан і інш.
Насельніцтва. Амаль усё насельніцтва — карэйцы. Вернікі пераважна хрысціяне (48,6%, католікі, англікане і інш.) і будысты (47,4%), ёсць канфуцыянцы і інш. Сярэднегадавы прырост каля 1,1%. Сярэдняя шчыльн. 463 чал. на 1 км². Найб. густа заселены раўніны і ўзбярэжжы на З і Пд (да 1000 чал. на 1 км²). У гарадах больш за 80% насельніцтва (1997). Найб. гарады (тыс.ж., з прыгарадамі, 1997): Сеул — 11 609, Пусан — 4038, Тэгу — 2432; у гарадах Інчхон, Кванджу і Тэджон больш за 1 млн.ж. У прам-сці занята 27% працаздольнага насельніцтва, у сельскай і лясной гаспадарцы, марскіх промыслах — 21%, у транспарце, сувязі і буд-ве — 9%, у гандлі і паслугах — 21%.
Гісторыя. Рэспубліка Карэя абвешчана 15.8.1948. На працягу наступных 40 гадоў у краіне захоўваўся дыктатарскі рэжым. Прэзідэнт Лі Сын Ман (з 1948, скінуты ў крас. 1960) устанавіў цесныя сувязі з ЗША (дагавор 1948 аб эканам. дапамозе і дагавор 1950 аб ваен. дапамозе). Пасля заканчэння Карэйскай вайны 1950—53 РК заключыла з ЗША дагавор аб узаемнай абароне (1953), паводле якога на яе тэр. размешчаны амер. базы. У выніку ваен. перавароту 1961 да ўлады прыйшоў ген. Пак Чжон Хі (прэзідэнт з 1961, з 1972 — пажыццёва), які напачатку праводзіў рэпрэсіўную палітыку, але пазней распачаў працэс пэўнай лібералізацыі эканам. і паліт. жыцця. На рэферэндуме 1972 прынята новая канстытуцыя; у гэтым жа годзе пачаліся перагаворы з Паўн. Карэяй па пытанні аб’яднання краіны. У 1974—79 у РК адбыліся масавыя дэманстрацыі супраць ваен. дыктатуры. Пасля забойства Пак Чжон Хі (1979) да ўлады прыйшоў ген.Чон Ду Хван (з 1980 прэзідэнт), які працягваў рэформы свайго папярэдніка і паступова змякчаў паліцэйскі рэжым. Яго пераемнік ген.Ро Дэ У (прэзідэнт з 1988) яшчэ больш спрыяў лібералізацыі паліт. жыцця. У 1988 увайшла ў дзеянне дэмакр. канстытуцыя (прынята на рэферэндуме), адбыліся свабодныя парламенцкія выбары. У 1990 РК устанавіла дыпламат. адносіны з СССР і інш. краінамі сацыяліст. блока. У снеж. 1991 абедзве карэйскія дзяржавы заключылі мірны дагавор, скасаваны РК у лют. 1992 з-за супрацьдзеяння Паўн. Карэі міжнар. кантролю за яе ядз. аб’ектамі. У 1992 адбыліся дэмакр. парламенцкія і прэзідэнцкія выбары; прэзідэнтам краіны стаў Кім Ен Сам — першы цывільны палітык, які выступае з антыаўтарытарных пазіцый.
У краіне існуе шматпарт. сістэма; найб. ўплыў маюць Партыя новай Карэі, Дэмакр. партыя, Аб’яднаная нар. партыя. РК — чл.ААН (з 1991). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў лют. 1992.
Гаспадарка. РК — індустрыяльна-агр. краіна. Яна займае адно з вядучых месцаў сярод т.зв. «азіяцкіх тыграў» — новых індустр. краін. Тэмпы росту былі максімальныя ў 1980-я г. і дасягалі 10% за год. Характэрны экспартны кірунак эканомікі. Валавы ўнутр. прадукт у 1995 склаў 591 млрд.дол. (каля 13 тыс.дол. на 1 чал.). Прамысловасць працуе пераважна на імпартнай сыравіне, дае каля 45% нац. даходу. Здабыча каменнага вугалю меншае з-за вычарпання запасаў; у 1980 здабыта 18,6 млн.т, у 1994—7,4 млн.т. Здабываюць таксама руды вальфраму (каля 1 млн.т штогод), золата (каля 10 т), серабро (каля 215 т), буд. матэрыялы, цэм. сыравіну, каалін, каменную соль, графіт. Энергетыка заснавана на выкарыстанні мясц. вугалю, імпартаваных нафты і ядз. паліва (6 АЭС даюць палавіну электраэнергіі краіны). Вытв-сць электраэнергіі 186 млрд.кВт∙гадз (1995). Вытв-сць чыгуну 22,6 млн.т, сталі 36,6 млн.т (1995). Выпускаюцца розныя гатункі сталі (8-е месца ў свеце), трубы, рэйкі і інш. Металургічны комплекс у г. Пхахан — 2-і па магутнасці ў свеце. У 1995 атрымана (тыс.т): вальфраму 4,7, медзі рафінаванай 233, свінцу 102, цынку 270. РК займае адно з першых месцаў у свеце па вытв-сці сталі, суднаў, аўтамабіляў, выпуску электронікі і электратэхнікі. Вядуцца распрацоўкі ў галіне аэракасм. прам-сці, біятэхналогіі, геннай інжынерыі, лазераў, кампазіцыйных матэрыялаў і інш. Машынабудаванне дае каля 27% аб’ёму прам-сці і 40% экспарту. Цяжкае машынабудаванне спецыялізуецца на вытв-сці металаапр. станкоў, канвеернага абсталявання, хім. машынабудавання, машын для апрацоўкі гумы і пластмас, экскаватараў, мех. прэсаў. Самыя значныя прадпрыемствы аўтамабілебудавання належаць фін.-прамысл. групоўкам «Хёндэ», «Дэу», «Кія» і інш. У 1995 выпушчана 1756 тыс. легкавых, 491 тыс. грузавых машын і аўтобусаў; гал. цэнтры — Сеул, Пусан, Чханджу. РК належыць 2-е месца ў свеце па валавым выпуску электроннай прадукцыі, 3-е — па выпуску паўправаднікоў. У краіне вырабляецца каля 40% сусв. вытв-сці быт. электронных вырабаў. У 1995 выпушчана 15 956 тыс. тэлевізараў, 3585 тыс. халадзільнікаў і маразільнікаў. Выпускаюцца таксама тэлефонныя апараты, відэамагнітафоны, мікрахвалевыя печы, камп’ютэры, кінакамеры і інш.; гал. цэнтры — Сеул, Пусан, Інчхон. Суднабудаванне спецыялізуецца на буд-ве кантэйнеравозаў, суднаў для перавозкі звадкаванага газу і рыбалоўных, марскіх буравых платформаў; найбуйнейшыя верфі ў Пусане, Інчхоне, Ульсане, Масане. У 1995 пабудавана суднаў агульнай грузападымальнасцю 6,2 млн. брута рэг. т. Па вытв-сці хім. прадукцыі (штучныя ўгнаенні, пестыцыды, гумавыя вырабы, аўтапакрышкі — 53,5 млн. ў 1995, лакі, фарбы і інш.) краіна займае 10-е месца ў свеце. У 1994 атрымана сінт. і штучных валокнаў 1,7 млн.т, пластмас 6,6 млн.т, сінт. каўчуку 340 тыс.т. Буйныя нафтаперапр. з-ды ў Пусане, Ульсане, Інчхоне. Развіты фармацэўтычная, парфумерная, дрэваапр.прам-сць, вытв-сцьбуд. матэрыялаў, цэменту (56,1 млн.т, 1995), жалезабетонных вырабаў, цэглы, шкла і інш. Лёгкая прам-сць спецыялізуецца на вытв-сці баваўняных (480 млн.м², 1995) і сінт. тканін, трыкат. і швейных вырабаў, абутку. Развіта вытв-сць цацак, галантарэйна-прыкладных тавараў, біжутэрыі, канцылярскіх вырабаў. Харч.прам-сць забяспечвае ўнутр. патрэбы краіны. Вылучаюцца рысаачышчальная, мукамольная, хлебапякарная, алейная, тытунёвая і рыбаперапрацоўчая галіны. Сельская гаспадарка дае каля 9% нац. даходу. Пераважаюць дробныя сял. гаспадаркі. Пад с.-г. ўгоддзямі каля 2,3 млн.га. Арашаецца 1353 тыс.га (1995). Збіраюць 2—3 ураджаі за год. Вядучая галіна — раслінаводства, спецыялізуецца на вытв-сці збожжавых культур. Гал. культура — рыс (пасяўная пл. 1055 тыс.га, збор 6519 тыс.т, 1995); вырошчваюць ячмень, пшаніцу, проса, сорга, кукурузу, бабовыя (пераважна сою), агародніну (батат, бульба, агуркі, памідоры, капуста), тэхн. культуры (бавоўна, тытунь, каноплі, рамі). Садоўніцтва і шаўкаводства. Культывуюць плантацыйны жэньшэнь. Пагалоўе буйн. раг. жывёлы 3,5 млн., свіней 6,95 млн. галоў (1996). Прамысл. птушкагадоўля. Улоў рыбы 2,7 млн.т (1994). Збор морапрадуктаў, марыкультура. Развіты чыг. і аўтамаб.транспарт. Даўж. чыгунак 3,1 тыс.км, аўтадарог 61,3 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 51,9 тыс.км. У знешніх сувязях гал. роля належыць марскому і авіяц. транспарту. У краіне 16 марскіх партоў, галоўныя — Інчхон, Пусан, Ульсан, Масан. Марскі гандл. флот грузападымальнасцю 6,1 млн.т. 105 аэрапортаў і аэрадромаў. У 1995 экспарт склаў 125 млрд.дол., імпарт — 135 млрд. долараў. 95% экспарту прыпадае на прамысл. прадукцыю (судны, аўтамабілі, электроніка, выліч. тэхніка, тэлевізары, магнітафоны, хімікаты, тэкстыль, абутак і інш.). У імпарце значную долю складаюць сыравінныя прадукты (нафта, руды металаў, збожжа), а таксама машыны, трансп. сродкі і інш.Гал.гандл. партнёры: ЗША (19% экспарту, 23% імпарту), Японія (адпаведна 14 і 24%), краіны ЕС (адпаведна 13 і 13%), Кітай, краіны Паўд.-Усх. Азіі. Штогод РК наведвае каля 3,5 млн. замежных турыстаў, даход ад турызму 3,5—4 млрд. долараў. Грашовая адзінка — вона Рэспублікі Карэя.
Узброеныя сілы. Складаюцца з рэгулярных узбр. сіл (сухап. войскі, ВПС, ВМС) і ваенізаваных фарміраванняў Агульная колькасць (1997) рэгулярных узбр. сіл 672 тыс.чал., рэзерву 4,5 млн.чал.Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне па прызыве. У сухап. войсках 560 тыс.чал., на ўзбраенні 2130 танкаў, 2460 баявых браніраваных машын, больш за 3,5 тыс.артыл. гармат, 6 тыс. мінамётаў, больш за 700 пераносных зенітных ракетных комплексаў, 600 установак зенітнай артылерыі, 500 верталётаў і інш. У ВПС 52 тыс.чал., 461 баявы самалёт. У ВМС 60 тыс.чал. (з іх 25 тыс. у марской пяхоце), 6 падводных лодак, 61 баявы карабель (з іх 33 фрэгаты і 17 дэсантных), больш за 100 катэраў, 23 баявыя самалёты і 47 баявых верталётаў марской авіяцыі.
Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 70, жанчын 77,7 года. Смяротнасць — 6 на 1 тыс.чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 244 чал., урачамі — 1 на 817 чал. Узровень нараджальнасці — 16 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 1,1%. Дзіцячая смяротнасць — 8 на 1 тыс. нованароджаных (1997).
Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі ўключае дашкольныя ўстановы (пераважна прыватныя), агульнаадук. школу, прафес.-тэхн. і вышэйшыя навуч. ўстановы. Сістэмай навуч. устаноў кіруе Мін-ва адукацыі. Паводле закону аб адукацыі 1949 у краіне ўстаноўлена 12-гадовая школьная сістэма. Існуюць дзярж., муніцыпальныя і прыватныя школы. Пач. 6-гадовая школа абавязковая, у яе прымаюцца дзеці ва ўзросце 6 гадоў. Пэўную частку выдаткаў на адукацыю ў пач. школе аплачваюць бацькі. Пасля пач. школы кошт навучання павялічваецца, аднак каля 75% дзяцей ва ўзросце 12—17 гадоў вучацца ў школе. Сярэдняя школа 6-гадовая, уключае няпоўную (прамежкавую) 3-гадовую школу і поўную (старшую) 3-гадовую. Прафес. адукацыю на базе пач. або няпоўнай сярэдняй школы даюць прафес. вучылішчы (тэрмін навучання 1—3 гады), на базе поўнай сярэдняй школы — 3-гадовыя прафес. каледжы (даюць сярэднюю адукацыю і права навучання ў ВНУ). Больш за 1 млн. студэнтаў вучацца ва ун-тах, каледжах, малодшых каледжах (1994). Больш палавіны ВНУ прыватныя, навучанне платнае. Буйнейшыя ун-ты: Нац.дзярж.ун-т (з 1946), ун-т «Ёнсе» (з 1885), Карэйскі ун-т (з 1905) — усе ў Сеуле, Нац.ун-т (з 1946) у Пусане, ун-т «Ёнам» у Тэгу і інш. Буйнейшыя б-кі і музеі РК у Сеуле: Нац.цэнтр.б-ка, б-каНац.дзярж. ун-та; нац. музей і Маст. галерэя палаца Кёнбакун (з 1916). Н-д. ўстановы сканцэнтраваны пераважна пры ун-тах: пры Нац. ун-це ў Пусане Ін-т даследаванняў крыві (з 1964), Ін-т тэхналогіі (з 1965); пры ун-це «Ёнам» даследчыя цэнтры. Найвышэйшая навук. ўстанова і каардынацыйны навук. цэнтр — Нац.АН у Сеуле (з 1954, створана на ўзор Нац.АН ЗША). У межах акадэміі дзейнічае савет па навук. даследаваннях, які плануе і каардынуе даследчую дзейнасць. Акрамя акадэміі працуе 10 буйных н.-д. цэнтраў і ін-таў. У 1958 у РК створана Упраўленне па атамнай энергіі.
Друк, радыё, тэлебачанне. Выдаецца каля 70 штодзённых газет, агульным тыражом каля 13 млн.экз. (1997). Найб. тыраж маюць штодзённыя незалежныя газеты на карэйскай мове «Часон ільбо» («Газета Карэі», з 1920) і «Хангук ільбо» («Карэйская газета», з 1954, абедзве ў Сеуле). На англ. мове выходзяць газ. «The Korea Herald» («Карэйскі веснік») і «The Korea Times» («Карэйскі час»). Інфарм. агенцтвы: Ёнхап Ньюс Эйджэнсі (афіц., з 1980) і Рыён Хап (з 1981). Радыёвяшчанне з 1926, падпарадкавана дзяржаве. Дзейнічаюць прыватныя і канфесійныя радыёстанцыі. Найбуйнейшыя: Крысчыян бродкастынг сістэм, Кыктон бродкастынг сістэм, Асія бродкастынг сістэм (трансляцыя на краіны Д. Усходу). Тэлебачанне з 1961. Буйнейшыя карпарацыі радыё- і тэлевяшчання; Карыян бродкастынг сістэм і Мунхва бродкастынг карпарэйшэн. Дзейнічаюць сеткі радыё- і тэлестанцый амер.узбр. сіл.
Літаратура. У першыя гады пасля выгнання яп. каланізатараў у л-ры РК распрацоўваліся тэмы аб’яднання і незалежнасці краіны (паэзія Лі Хаюна, Кім Гвансопа і інш). З канца 1940-х г.л-ра развівалася пад моцным уплывам зах.-еўрап. плыней. Проза старэйшага пакалення пісьменнікаў прадаўжала традыцыі натуралізму і дэкадэнцкай л-ры (Ём Сансоп, Чу Ёсоп, Лі Муён). У 1950-я г. выступіла новае пакаленне празаікаў, якія знаходзіліся пад моцным уплывам экзістэнцыялізму, канцэпцыі «новай крытыкі», тэорыі антырамана. Пераважалі тэмы вайны, абсурду і адзіноты (проза Кім Санхана, Чан Ёнхака, Сону Хві, паэзія Кім Гірына, Чо Бёнхва). Містыцызм і пошукі спецыфікі «ўсходняга стылю» характэрныя для твораў Лі Данджы і Лі Хёнгі. У 1970-я г. развівалася т.зв.л-ра ўдзелу з крытыкай паўн.-кар. рэчаіснасці (проза Кім Санхана, паэзія Кім Джыха). У сучаснай л-ры пануюць эксперыменталісцкія кірункі, робяцца спробы адраджэння традыц. вершаваных прыёмаў.
Архітэктура, выяўленчае мастацтва. У 1950—80-х г. грамадскія будынкі ўзводзілі пераважна ў формах зах.-еўрап. стыляў, у т. л. функцыяналізму (авіякампанія «Карыя эр лайнс» у Сеуле, 1969). Некат. пабудовы спалучаюць элементы нац. дойлідства (дахі з крыху загнутымі ўверх канцамі, разны дэкор) з новымі канстр. вырашэннямі (цэнтр відовішчаў «Уокер-Хіл» каля Сеула, Гал. Алімпійскі стадыён спарт. комплексу ў Сеуле). Жыллёвае буд-ва вядзецца па тыпавых праектах. У выяўл. мастацтве 1950—80-х г. суіснуе мноства плыней. Рэаліст. кірунак еўрап. тыпу прадстаўляюць жывапісцы Кім Інсын, Лі Джунсоп. Уплыў еўрап. мадэрнісцкіх плыней уласцівы жывапісцам Кім Хвангі, Нам Гвану, скульпт. Кім Ёнхаку, Чон Санбому. У нац. традыцыях працуюць жывапісец Хо Бэнён, скульпт. Кім Гёнсын і інш. Прыёмы нац. і еўрап. жывапісу спалучаюцца ў творчасці Кім Гіўхана, Пак Нэхёна. Захоўваюцца традыцыі вытв-сці вырабаў дэкар.-прыкладнога мастацтва.
Музыка. Муз. жыццё РК развіваецца пад моцным уплывам муз. культуры ЗША. Працуюць сімф. аркестры, у рэпертуары т-раў творы зах.-еўрап. опернай класікі. У 1970—80-я г. пашырыліся формы поп-музыкі. Сярод кампазітараў — Юн Ісан, Кім Сехён, Лі Хынёль, Кім Сунэ, музыказнаўцаў — Сон Бансон, Лі Хёпо, спевакоў у традыц. стылі — Чу Ванлі, Ан Пічхві, Кім Аксім, музыкантаў — Хан Танір (фп.), Ян Укхім (скрыпка), Хван Б’ёнкі, Сен Кымрэн, Сін Кведон (каягым), Сон Кёлі (тэгым). Працуюць Нац. оперная трупа і шэраг прыватных оперных труп, хар. калектывы «Пхадо», «Тэхан» і інш., імператарскі аркестр нац. інструментаў, Седжонаўскі культ. цэнтр (канцэртная зала з арганам), Нац.ін-т класічнай музыкі ў Сеуле, Нац.АМ, Асацыяцыя музыкантаў К., Кар.нац.муз. асацыяцыя, Т-ва сучаснай музыкі, Кар. музыказнаўчае муз.т-ва. Кансерваторыя ў Сеуле, муз. каледжы.
Тэатр. У 1945 створаны Карэйскі і Сеульскі маст. т-ры, Вольны т-р, у 1948 — Нац.т-р сучаснай драмы, якія ў хуткім часе былі закрыты. У 1950-я г.тэатр. мастацтва сутыкнулася з канкурэнцыяй кінематографа. У 1960—70-я г. працавалі т-ры «Мінджун», «Тан’ян», Эксперым.т-р, невял. тэатр. трупы. Для тэатр. мастацтва 1970—80-х г. характэрны ўплыў мадэрнізму і адраджэнне традыц.тэатр. форм. Працуюць Ін-т драмы, Дзярж. і Малы т-ры, існуюць невял. мабільныя тэатр. трупы. Акрамя п’ес кар. аўтараў шырока ставіцца зах.-еўрап. драматургія. Некат. тэатр. калектывы ставяць п’есы на англ. і франц. мовах.
Кіно. Тэматыка фільмаў канца 1940-х г. — вызваленне ад яп. прыгнёту. Для 1950—60-х г. характэрна сац.-паліт. скіраванасць: «Жахлівая ноч» (1953), «Лішні чалавек» (1965). Сярод кінадзеячаў: Сін Сарок, Ю Хёнмок, Юн Банчхун, Лі Гюхван, Сін Ёнгюя, Хан Хёнмо і інш.Дзярж. палітыку ў галіне кінематаграфіі праводзіць Мін-ва культуры і інфармацыі. У краіне дзейнічаюць 79 кампаній-дыстрыб’ютэраў кіна- і відэафільмаў. У пракаце пераважаюць амер. і ганконгскія фільмы. З пач. 1990-х г. урад РК значна павялічыў адм. і фін. дапамогу кінавытворцам, здымалася каля 30 фільмаў у год. Самым касавым у 1990—91 быў фільм рэж. Ім Квантака «Сын генерала». Самая буйная кампанія па выпуску кінафільмаў у краіне — «Моўшэн Пікчэр Прамоўшэн Карпарэйшэн», сярод інш. кінакампаній «Хань Цзын» і «Тае Хунг». Сярод сучасных рэжысёраў: Ім Квантак («Сапаіаджэ»), Ён Цзыян («Намбуган»), Іон Сам’ёк («Я выжыву»), Чанг Сунву («Хваом каунг»), Баек Ілаенг («У трывожны час»), Кім Уйсук («Шлюбная гісторыя», «Жанчына і мужчына»), Створаны асацыяцыі кінадыстрыб’ютэраў, кінапрадзюсераў, Федэрацыя ўладальнікаў кінатэатраў. Гал.нац. ўзнагарода ў галіне кінамастацтва «Вялікі звон» прысуджаецца штогод Асацыяцыяй кінапрадзюсераў.
Герб і сцяг Карэі (Рэспубліка Карэя).Да арт.Карэя Паўднёвая. Марское ўзбярэжжа каля горада Пусан.Да арт.Карэя Паўднёвая. Рака Ханган у цэнтры горада Сеул.Да арт.Карэя Паўднёвая. Панарама Сеула.Да арт.Карэя Паўднёвая. Галоўны Алімпійскі стадыён спартыўнага комплексу ў Сеуле.Да арт.Карэя Паўднёвая. Сялянскі танец «Нанак».Да арт.Карэя Паўночная. Порт Начжын на ўзбярэжжы Японскага мора.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРУ́ (Perú),
Рэспубліка Перу (República del Perú), дзяржава ў зах. частцы Паўд. Амерыкі. На Пн мяжуе з Эквадорам і Калумбіяй, на У — з Бразіліяй, на ПдУ — з Балівіяй, на Пд — з Чылі. На З абмываецца Ціхім ак.Пл. 1284 тыс.км². Нас. 27 млн.чал. (2000). Дзярж. мовы кечуа і іспанская. Сталіца — г.Ліма. Краіна падзяляецца на 24 дэпартаменты і правінцыю Кальяо. Нац. свята — Дзень незалежнасці (28 ліп.).
Дзяржаўны лад. П. — прэзідэнцкая рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1993. Кіраўнік дзяржавы і галоўнакамандуючы — прэзідэнт, які выбіраецца прамым тайным галасаваннем на ўсеагульных выбарах на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — Кангрэсу Рэспублікі, які выбіраецца паводле сістэмы прапарцыянальнага прадстаўніцтва тэрмінам на 5 гадоў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляюць прэзідэнт і ўрад на чале са старшынёй Савета міністраў.
Прырода. Паводле рэльефу тэр. П. падзяляецца на 3 часткі (Коста, Сьера, Сельва): пустынная паласа берагавых раўнін на З (шыр. да 180 км); у цэнтры магутная сістэма Перуанскіх Андаў з участкамі плато і пласкагор’яў, з вяршыняй Уаскаран (6768 м), патухлымі і дзеючымі вулканамі; на ПнУ і Узах. ч.
Амазонскай нізіны. Бываюць моцныя землетрасенні і вывяржэнні вулканаў. Змена халоднага Перуанскага (або Гумбальта) цячэння на цёплае Эль-Ніньё перыядычна (прыкладна раз у 7—10 гадоў) выклікае значныя экалагічныя і эканам. катастрофы. Карысныя выкапні: нафта, руды цынку, свінцу, серабра, кадмію, ртуці, малібдэну, вісмуту, селену, германію, жалеза і інш. На прыбярэжных астравах паклады гуана. Клімат берагавых раўнін і зах. схілаў Андаў трапічны, пустынны, амаль без ападкаў. Сярэднямесячныя т-ры 17—25 °C на Пн і 15—24 °C на Пд. Клімат горнай ч. краіны высакагорна-трапічны, больш вільготны на Пн (ападкаў да 1000 мм) і кантынентальны на Пд (ападкаў 700—800 мм за год). Сярэднія т-ры паветра ў міжгорных далінах у ліп. 5—12 °C, у студз. 9—16 °C з рэзкімі сутачнымі ваганнямі. У высакагор’і клімат больш халодны, на вяршынях (вышэй за 4—5 тыс.м) — вечныя снягі. На ўсх. схілах Андаў і ў нізінах клімат вільготны экватарыяльны (ападкаў да 3000 мм за год). Сярэднямесячныя т-ры 24—27 °C. Большая ч. рэк належыць бас. Амазонкі (Амазонка, Мараньён, Укаялі і інш.). У Ціхі ак. упадаюць кароткія малаводныя рэкі. На ПдУч. высакагорнага воз. Тытыкака. Расліннасць берагавых раўнін і зах. схілаў Андаў пустынная і паўпустынная (рэдкія хмызнякі і кактусы), на ўнутр. пласкагор’ях і плато — высакагорны трапічны стэп (халка) і паўпустыня (пуна). Усх. схілы Андаў і раўніны на У укрыты вільготнымі вечназялёнымі лясамі з каштоўнымі пародамі дрэў (каўчуканосы, хіннае дрэва, кока і інш.). Пад лесам і хмызнякамі 66% тэрыторыі. Жывёльны свет берагавых раўнін збеднены; на міжгорных плато — ламы (гуанака, вікунья), шмат птушак; на ўсх. раўнінах — малпы, ляніўцы, мурашкаеды, тапіры, пекары, пумы і ягуары, птушкі, паўзуны. Ціхі ак. каля берагоў П. вельмі багаты біял. рэсурсамі. У краіне 2 нац. паркі — Уаскаран (3,4 тыс.км²) і Ману (15,1 тыс.км²), уключаныя ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны, 16 рэзерватаў.
Насельніцтва. Каля 60% перуанцы, народ мяшанага іспана-індзейскага паходжання, складаюць большасць у прыбярэжных раёнах. У горных раёнах жывуць індзейцы (каля 35% нас.), на Пн і ў цэнтры — кечуа, на Пд каля воз. Тытыкака — аймара. Ёсць групы імігрантаў (японцы, кітайцы, іспанцы і інш.). У антрапалагічных адносінах мангалоідаў (індзейцы, асобныя групы перуанцаў і інш.) 45%, метысаў 37%, еўрапеоідаў 15%. Сярод вернікаў католікі (93%) і пратэстанты (5%). Натуральны прырост каля 2% за год. Сярэдняя шчыльн. 21 чал. на 1 км², у арашальных раёнах на ўзбярэжжы і ў міжгорных далінах перавышае 100 чал. на 1 км², у трапічных лясах памяншаецца да 1—5 чал. на 1 км². У горных раёнах жыве 52% нас., на ўзбярэжжы — 39%, на ўсх. раўнінах — 9%. У гарадах пражывае 71% насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж., 1999): Ліма (з прыгарадамі) — 6742,6, Арэкіпа —981,3, Кальяо — 648,2, Трухільё — 532, Чыклаё — 420, П’юра — 315. У сельскай і лясной гаспадарцы і рыбалоўстве занята 36% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці — 18%, у сферы паслуг — 46%.
Гісторыя. Тэр. П. заселена індзейцамі каля 20 тыс.г. назад. У 5-м тыс. да н.э. на ўзбярэжжы П. з’явіліся ачагі земляробства, пачалося прыручэнне ламы. У 2-м тыс. да н.э. ў паўн. П. ўзнікла першая вядомая мясц. цывілізацыя — чавін, якая дасягнула росквіту каля 900 да н.э. У 1-м тыс.н.э. развітыя культуры стварылі індзейцы мачыка, тыаўанака і інш. Да 13—15 ст. адносіцца росквіт дзяржавы Чыму на Пн П. з цэнтрам у г. Чан-Чан. Каля 1200 інкі на Пд П. стварылі дзяржаву Таўантынсую. У момант свайго росквіту (16 ст.) яна ўключала разам з тэр. П. сучасныя тэр. Эквадора, Балівіі, Аргенціны, Чылі з насельніцтвам ад 8 да 15 млн.чал. У 1532—36 П. заваявалі ісп. канкістадоры на чале з Ф.Пісара. У час ісп. панавання тэр. П. ўваходзіла ў склад віцэ-каралеўства П. Найб. антыісп. паўстанне індзейцаў на чале з Тупакам Амару адбылося ў 1780—81. У 1809 пачалася вайна за незалежнасць П. 28.7.1821 абвешчана незалежнасць П. у 1827 прынята першая канстытуцыя, якая абвясціла краіну рэспублікай. У выніку вайны з Чылі ў 1879—84 П. страціла багатую салетрай прав. Тарапака. Знясіленае вайной П. трапіла ў фін. залежнасць ад замежных дзяржаў, найперш ад ЗША. Становішча ў краіне значна пагоршылася ў час прэзідэнцтва А.Б.Легія-і-Сальседа (1919—30), які ўсталяваў сваю дыктатуру. У 1924 В.Р.Ая дэ ла Торэ заснаваў у выгнанні Амер. нар.-рэв. альянс (АПРА), на базе якога ўзнік папулісцкі нацыяналіст. рух — апрызм, што адлюстроўваў інтарэсы сярэдніх слаёў насельніцтва. У вер. 1930 створана Перуанская апрысцкая партыя (ПАП), якая выступала за нацыяналізацыю буйной прам-сці і роўныя правы для ўсіх грамадзян, у т. л. для індзейцаў. Пасля таго, як ПАП стала на шлях паліт. тэрору, яна была забаронена, але і ў падполлі захавала значны ўплыў у грамадстве ў 1930—40-я г. Урад Ф.Белаундэ Тэры, які прыйшоў да ўлады ў 1963, спрабаваў ажыццявіць дэмакр. рэформы, але вымушаны быў капітуляваць перад замежнымі манаполіямі і мясц. алігархіяй. Гэта выклікала патрыят. ўздым у грамадстве, у т. л. ў арміі. У кастр. 1969 армія скінула Белаундэ Тэры, новы рэв. ўрад узначаліў ген. Х.Веласка Альварада. Былі нацыяналізаваны некат. прадпрыемствы, якія належалі манаполіям ЗША, прыняты закон пра аграрную рэформу. Але наступны ўрад ген. Ф.Маралеса Бермудэса (з 1975) зрабіў шэраг уступак замежнаму і мясц. капіталу і пачаў дэнацыяналізацыю.
У 1979 ваенныя перадалі ўладу цывільным дзеячам. Пры прэзідэнце Белаундэ Тэры (1980—85) працягваўся адыход ад рэформ. На прэзідэнцкіх выбарах 1985 перамог кандыдат ПАП А.Гарсія Перэс, які намагаўся ажыццявіць праграму сац.-эканам. пераўтварэнняў, але не здолеў спыніць крызісныя з’явы — інфляцыю, беспрацоўе. Вял. праблемай стаў масавы тэрор левых экстрэмісцкіх арг-цый. У 1990 прэзідэнтам абраны незалежны кандыдат А.Фухіморы, зноў перавыбраны ў 1995 і, у парушэнне канстытуцыі, у маі 2000. Пры ім была ажыццёўлена праграма стабілізацыі эканомікі П., значна зменшана інфляцыя, дасягнуты вял. поспехі ў барацьбе з левым экстрэмізмам. У ліст. 2000 Фухіморы, з-за абвінавачванняў яго акружэння ў сувязях з наркамафіяй, быў вымушаны адмовіцца ад прэзідэнцкіх паўнамоцтваў. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў лют. 1997.
Гаспадарка. П. — індустр.-агр. краіна. Уваходзіць у групу краін, якія развіваюцца. Сярэднеразвітая краіна Лацінскай Амерыкі. У 1990-я г. праводзіліся рэформы, у т. л. аграрныя, што садзейнічала павелічэнню замежных інвестыцый і зніжэнню інфляцыі. У 1998 валавы ўнутр. прадукт (ВУП) склаў 111,8 млрд.дол., каля 4300 дол. на чалавека. 7% ВУП атрымліваюць у сельскай гаспадарцы. 37% — у прам-сці, 56% — у сферы паслуг. З галін прамысловасцінайб. развіта горназдабыўная (дае каля 45% кошту экспарту). Асн. раёны здабычы — цэнтр. і паўд.-зах.ч. Андаў, буйн. радовішчы каляровых металаў Сера-дэ-Паска і Ароя. Здабыча (тыс.т, 1997): серабра 2,1, свінцу 257, цынку 865, медзі 503, волава 28, малібдэну 5, вальфраму 1,4, вісмуту 0,7, жал. руды 5000, нафты 9500; золата здабыта 65 т. Для сельскай гаспадаркі распрацоўваюцца паклады гуана. Асн. галіны апрацоўчай прам-сці — харчасмакавая (цукр., мукамольная, рыбная, тытунёвая), тэкст., швейная, рыбаперапрацоўчая, металургічная, хім., цэментная, электратэхн., аўтазборачная, суднабудаўнічая. Гал. цэнтр машынабудавання і чорнай металургіі — Арэкіпа, каляровай металургіі — Іла і Ароя, нафтаперапрацоўкі — Талара. Каля пал. прадукцыі апрацоўчай прам-сці даюць Ліма, Арэкіпа і Трухільё. Рыбаперапрацоўчая галіна (штогадовы ўлоў 10—11 млн.т, каля 90% анчоўсы) займае адно з першых месцаў у свеце па вытв-сці рыбнай мукі і рыбнага тлушчу (каля 130 заводаў, асн. цэнтр Чымботэ). Вытв-сць электраэнергіі 16,2 млрд.кВт∙гадз (1996), 81% даюць ГЭС. У лясах на У нарыхтоўка каштоўнай драўніны і каўчуку. Развіты саматужныя промыслы і рамёствы (асабліва ў індзейцаў). У сельскай гаспадарцы апрацоўваецца каля 4 млн.гатэр., у т. л. арашаецца 1,3 млн.га; пад пашай і лугамі каля 27 млн.га. Захоўваецца значная агр. перанаселенасць. Каля 60% аб’ёму с.-г. вытв-сці прыпадае на дробных і сярэдніх вытворцаў, каля 40% — на латыфундыі і буйныя агр. комплексы. Раслінаводства дае 70% валавой прадукцыі галіны. Гал. экспартныя культуры (тыс.т, 1997): кава — 103, цукр. трыснёг — 6099, бавоўна (пераважна доўгавалакністая) — 202, какава, чай. Важнейшыя харч. культуры (тыс. τ): пшаніца — 121, кукуруза — 704, рыс — 1080, бульба — 1960, батат, маніёк, ячмень. Вырошчваюць арахіс і тытунь, развіты агародніцтва, бахчаводства, вінаградарства, садоўніцтва. П. — адзін з гал. незаконных вытворцаў какаіну. Жывёлагадоўля мяса-воўнавага кірунку, спецыялізуецца на развядзенні (млн. галоў, 1997): авечак — 13,1, буйн. раг. жывёлы — 4,6, свіней — 2,5, коз — 21. Гадуюць таксама лам і альпак, коней, мулаў. Птушкагадоўля (у 1997—80,1 млн. курэй). Земляробства развіта на ўзбярэжжы і ў міжгорных далінах, жывёлагадоўля — у гарах і на ўчастках высакагорных плато. Транспарт аўтамаб. (60% перавозкі грузаў і 90% пасажыраў унутры краіны), чыг., марскі, унутр. водны. Даўж. аўтадарог 72,1 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 7,4 тыс.км; чыгунак 2 тыс.км, унутр. водных шляхоў (бас. Амазонкі і воз. Тытыкака) — 8,6 тыс.км; нафтаправодаў — 0,8 тыс.км. У краіне 500 тыс. легкавых і 275 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў (1998). Асн. аўтамагістралі — Панамерыканская шаша на ўзбярэжжы ад граніцы з Эквадорам да граніцы з Чылі, Трансандыйская шаша Ліма — Пукальпа. Адзіная чыг. сетка адсутнічае. Знешнія сувязі пераважна марскім флотам. Гал. марскія парты: Кальяо, Чымботэ, Іла, Пайта, Мальенда; рачны порт Ікітас. Развіты авіяц. транспарт. У краіне 244 аэрапорты. У 1997 экспарт склаў 6,8 млрд.дол., імпарт — 10,3 млрд.дол. П. экспартуе медзь, цынк, рыбную муку і інш. рыбапрадукты, нафту і нафтапрадукты, свінец, каву, бавоўну, цукар; імпартуе машыны, трансп. сродкі, харч. прадукты, спажывецкія тавары, чыгун і сталь, хімікаты. Гал.гандл. партнёры: ЗША (20% экспарту, 31% імпарту), Вялікабрытанія, Японія, Кітай, Германія, Калумбія, Чылі, Венесуэла. Знешні доўг 25,7 млрд.дол. (1996). Краіна атрымлівае эканам. дапамогу ад развітых краін і міжнар. арг-цый. Дадатковая крыніца даходаў — міжнар. турызм (у 1998 прынёс 878 млн.дол., наведала 0,9 млн. замежных турыстаў). Грашовая адзінка — соль (новы соль з 1991).
Узброеныя сілы. Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы (125 тыс.чал.) і ваенізаваныя фарміраванні (78 тыс.чал.), у т. л. 77 тыс. у нац. паліцыі (1998). Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне паводле прызыву. Рэгулярныя ўзбр. сілы складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМС. У сухап. войсках 85 тыс.чал., больш за 400 танкаў, каля 300 бронетранспарцёраў і інш. У ВПС 15 тыс.чал., больш за 100 баявых самалётаў, 23 баявыя верталёты. У ВМС 25 тыс.чал., у т. л. 3 тыс. ў марской пяхоце, 8 падводных лодак, 10 баявых караблёў, у т. л. 2 крэйсеры, 4 фрэгаты; у марской авіяцыі 7 баявых самалётаў і 13 баявых верталётаў.
Ахова здароўя. Медыцынская дапамога пераважна платная (установы сац. страхавання, прыватная ўрачэбная практыка). Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 68, жанчын 72 гады (1999). Узровень нараджальнасці — 26 на 1 тыс.чал.Смяротнасць — 5,7 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 2%. Забяспечанасць бальнічнымі ложкамі — 1 на 509 чал., урачамі — 1 на 1116 чал. Дзіцячая смяротнасць — 39 на 1 тыс. нованароджаных (1999).
Друк, радыё, тэлебачанне. У 1999 у П. больш за 600 перыяд. выданняў. Найбуйнейшыя газеты: «El Peniano» («Перуанец», з 1825), «El Comercio» («Гандаль», з 1839), «Expreso» («Экспрэс», з 1961), «Ojo» («Оха», з 1968), «República» («Рэспубліка», з 1982). Нац.інфарм. агенцтва — Ахенсія дэ Натысіяс Андына (з 1981). Працуюць Дзярж. служба радыёвяшчання і тэлебачання П. (з 1974), урадавая служба «Радыё насьёналь дэль Перу» (з 1937). Дзейнічаюць 293 радыёстанцыі. Тэлебачанне з 1958. Трансліруюцца 6 каналаў (2 урадавыя, вядуць перадачы па пытаннях культуры і асветы).
Літаратура. Развіваецца пераважна на ісп. мове, а таксама на мовах кечуа і аймара. Помнікі дакалан. перыяду — лірычныя песні, рэліг. гімны, міфалагічныя паданні, нар. драма «Апу-Альянтай» (на кечуа, апубл. 1853). Калан. перыяд (16 — пач. 19 ст.) адзначаны гіст. хронікамі Ф.Г.Помы дэ Аялы, Інка Гарсіласа дэ ла Вегі, геагр. і этнагр. апісаннямі. Пад уплывам ісп. л-ры, стыляў барока і класіцызму ствараліся рэліг,філас. лірыка Д. дэ Ахеды, асветніцкая і сатыр. паэзія і проза П. дэ Перальты Барнуэва, Х. дэль Валье Каўедэса. Нац.-вызв. барацьба і атрыманне незалежнасці (1821) спрыялі ўсталяванню ў л-ры рамантызму: паэзія М.Мельгара, К.А.Салаверы, паліт. проза Ф.Касаса Флорэса, гіст. раманы Х.А.Лавалье. На мяжы 19—20 ст. вызначальнымі сталі «Перуанскія паданні» Р.Пальмы (т. 1—12, 1872—1915), індыхенісцкі раман «Птушкі без гнязда» К.Мата дэ Турнер (1889), рэаліст. паэзія і публіцыстыка М.Гансалеса Прады. У пач. 20 ст. моўнае і канцэптуальнае абнаўленне паэзіі звязана з узнікненнем мадэрнісцкіх (Х.С.Чакана), постмадэрнісцкіх (А.Вальдэламар), сімвалісцкіх (Х.М.Эгурэн), авангардысцкіх (Х.Пара дэль Рыега, А.Ідальга) плыней. Асобнае месца ў развіцці грамадскай і літ. думкі П. займае творчасць Х.К.Марыятэгі, паэта і празаіка С.Вальеха, стваральніка рамана пра індзейцаў-шахцёраў «Валіфрам» (1931). У 2-й пал. 20 ст. ўзмацнілася тэндэнцыя да пераемнасці і абнаўлення ў эксперыментальнай (Х.Абрыль, Э.А.Вестфален) і грамадзянскай (А.Рамуальда, Х.Г.Росе) паэзіі. З сац.-крытычнымі раманамі выступілі пісьменнікі-індыхеністы С.Алегрыя, Х.М.Аргедас, М.Скорса, крытычны пачатак пераважае ў прозе Х.Р.Рыбейра, паэзіі С.Саласара Бондзі.
Наватарствам вызначаюцца паэзія М.Адана, проза Э.Конграйнса Марціна, М.Варгаса Льёсы, для якіх характэрны сац. крытыцызм і псіхал. глыбіня.
Архітэктура. З пач.н.э. на ўзбярэжжы Ціхага акіяна складаліся культуры раннекласавага грамадства (Наска, Мачыка, Чыму), з сярэдзіны 15 ст. — культура інкаў. З 1530-х г. развівалася культура ісп. каланізатараў. Стараж. гарады П. мелі прамавугольныя кварталы, вузкія вуліцы, крэпасці, некропалі, храмы, амфітэатры, «абсерваторыі», пахавальныя вежы, ступеньчатыя піраміды, штучныя пячоры і інш. На ўзбярэжжы пераважалі пабудовы з сырцовай цэглы з рэльефным аздабленнем звонку і размалёўкамі ўнутры, у гарах — з масіўных каменных блокаў (Мачу-Пікчу, Саксаўаман). Гарады 16 ст. з прамавугольнай сеткай вуліц, дамы мелі дворыкі-патыо, касцёлы — цагляныя гатычныя скляпенні, саборы ў стылі позняй ісп. готыкі (Куска, Ліма). У 17—18 ст. ў росквіце перуанскі варыянт барока — пабудовы простыя ў плане, з развітым арх. дэкорам (кляштар Сан-Франсіска ў Ліме). На ўзбярэжжы (Ліма, Трухільё) будынкі атынкоўвалі, пакрывалі разным арнаментам, страката расфарбоўвалі, у інтэр’ерах і дварах аздаблялі кафляй. У горных раёнах (Куска, Арэкіпа, Кахамарка) каменная архітэктура магутная, статычная, яе багаты разны дэкор спалучае матывы еўрап. мастацтва з выявамі на тэмы індзейскай міфалогіі («метыскі стыль»), У 19 ст. панавала перайманне франц. класіцызму, з 1870-х г. — еўрап. неакласіцызму і эклектызму. У пач. 20 ст. спробай адраджэння нац. традыцый стаў неакалан. стыль з дэкорам у духу перуанскага барока (арх. Р.Маркіна, К.Саўт), у 1920-я г. — неаперуанскі стыль (арх. М.Пікерас Католі, Э.Арт-Тэрэ), якія спалучалі стараж. пластыку і лаканізм з функцыян. мэтазгоднасцю. З сярэдзіны 20 ст. ўзводзяць вышынныя адм. і дзелавыя будынкі, навуч. комплексы, мікрараёны ў сучасных стылях (арх. М.Б’янка, Э.Сеаане Рос і інш.), рэканструююцца старыя гарады. Захоўваецца і традыц.буд-ва з адобы, каменю, трыснягу і інш.Арх. помнікі 16—18 ст.г. Куска, крэпасць і свяцілішча інкаў Мачу-Пікчу ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. У 1-м тыс. да н.э. развіваліся культуры на ўзбярэжжы Ціхага ак. (Паракас, Салінар і інш.) і ў горных раёнах. З пач.н.э. на ўзбярэжжы склаліся культуры раннякласавага грамадства (Наска, Мачыка, Чыму), якія з сярэдзіны 15 ст. змяніліся культурай інкаў. З 12 ст. да н.э. вядома кераміка з манахромным, рэльефным або гравіраваным дэкорам, размалёўка фігурных ваз, шматколерная размалёўка з тонкім лінейным малюнкам, пасудзіны ў выглядзе жывёл або з партрэтнымі тварамі. Колерам, арнаментыкай вызначаліся ваўняныя і баваўняныя тканіны, дываны, плеценыя з пер’я; з золата і серабра выраблялі фігуркі, маскі, вазы, упрыгожанні. З 16 ст. існавалі маст. школы, якія зазналі ўплыў стараж. мастацтва. Побач з перайманнем еўрап. маньерызму (скульпт. і жывапісец Б.Біты, канец 16 ст.) і барока (жывапісец А. дэ Медора, скульпт. П. дэ Нагера, 1-я пал. 17 ст.) развіваўся самабытны «метыскі стыль» (школа Куску). У рэчышчы рэалізму працаваў скульптар-індзеец Х.Т.Туйру Тупак. У пач. 19 ст. развіваліся жывапісны партрэт (Х.Хіль дэ Кастра), бытавы жанр (Ф.Ласа), кастумбрызм (Панча Ф’ера). У 20 ст. ў мастацтве П. пашырыліся тэмы нар. жыцця, адраджаліся нац. традыцыі (К.Блас, Х.Кадэсіда, Х.Сабагаль і інш.). Развіваліся кубізм, экспрэсіянізм, абстрактнае мастацтва. У манумент.-дэкар. жывапісе пераважала нац.-патрыят. тэматыка (Т.Нуньес Урэта). У нар. мастацтве спалучаюцца індзейскія і ісп. традыцыі. Вырабляюць плашчы «понча» з геам. узорам, пасудзіны «матэ» з гарбузоў з выпаленымі малюнкамі, драўляныя пасудзіны «кера» з яркай інкрустацыяй, кераміку і інш.
Літ.:
Гавриков Ю.П. Перу: от инков до наших дней. М., 1977;
История Перу с древнейших времен до конца XX в. М., 2000;
Мариатеги Х.К. Семь очерков истолкования перуанской действительности: Пер. с исп. М., 1963;
Перу: социал.-экон. и полит. развитие (1968—1980). М., 1982;
Мамонтов С.П. Испаноязычная литература стран Латинской Америки в XX в. М., 1972;
Полевой В.М. Искусство стран Латинской Америки. М., 1967;
Герб і сцяг Перу.Да арт.Перу. Прыбярэжная пустыня каля г. Трухільё.Да арт.Перу. Горад Куска.Да арт.Перу. На пласкагор’і Перуанскіх Андаў.Да арт.Перу. Крэпасць і свяцілішча Мачу-Пікчу.Да арт.Перу. Кляштар Сан-Франсіска ў Ліме. Сярэдзіна 17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАКІСТА́Н, Ісламская Рэспубліка Пакістан (урду Джамхурыят Ісламі Пакістан, англ. Islamic Republic of Pakistan),
дзяржава ў Паўд. Азіі. Мяжуе на З з Іранам, на Пн з Афганістанам і Кітаем, на У з Індыяй; на Пд абмываецца Аравійскім м.Пл. 803,9 тыс.км². Нас. 138,1 млн.чал. (1999). Дзярж. мовы — урду і англійская, шырока ўжываюцца мовы пенджабі, сіндхі, пушту. Сталіца — г.Ісламабад, найб. гарады, гал.эканам. цэнтры — Карачы і Лахор. Падзяляецца на 4 правінцыі і Федэральную сталічную тэрыторыю. На Пн уключае частку Кашміра, спрэчную з Індыяй. Нац. святы — Дзень незалежнасці (14 жн.), Дзень Пакістана (23 сак.).
Дзяржаўны лад. П. — парламенцкая федэратыўная рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1973 (з папраўкамі). Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт (мусульманін), які выбіраецца калегіяй выбаршчыкаў з дэпутатаў парламента і прадстаўнікоў заканад. сходаў 4 правінцый тэрмінам на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць двухпалатнаму парламенту — Нац. асамблеі [237 дэпутатаў, з якіх 217 выбіраюцца насельніцтвам тэрмінам на 5 гадоў, а 20 (жанчыны) — новым складам Нац. асамблеі] і сенату (87 членаў выбіраюцца заканад. сходамі правінцый на 6 гадоў). Кожныя 3 гады абнаўляецца палавіна складу сената. Выканаўчы орган — урад на чале з прэм’ер-міністрам, які выбіраецца большасцю галасоў Нац. асамблеі.
Прырода. На Пн адгор’і Гімалаяў і Гіндукуша выш. да 5—7 тыс.м (г. Тырычмір, 7690 м). На З — Сулейманавы горы, хрыбты Макрана, нагор’е Белуджыстана. На У ад горных раёнаў раўніна р. Інд — частка Інда-Гангскай раўніны. На граніцы з Індыяй пустыня Тар.
У гарах на Пн і З бываюць землетрасенні. Карысныя выкапні: прыродны газ, храміты, буры вугаль, нафта, каменная соль, буд. матэрыялы. Клімат сухі, трапічны на Пд, субтрапічны на Пн. Т-ра паветра на раўніне ад 10 да 20 °C у студз., ад 30 да 40 °C у ліп.—жніўні. Ападкаў 250—750 мм за год, у гарах да 1500 мм за год. Асн. рака Інд з найб. прытокам Сатледж. Расліннасць паўпустынная і пустынная: вярблюджая калючка, салянкі, палыны і інш.; на схілах гор — ядловец, астрагал, чый. Лясы на невял. плошчы ў гарах. Жывёльны свет разнастайны: персідская газель, дзікія казлы, бараны і аслы; шакалы, гіены і інш. Шмат птушак і насякомых. Нац. парк — Кіртхар і Лал-Суханра; шматлікія запаведнікі і заказнікі.
Насельніцтва. П. — шматнацыянальная краіна. Найб. народы належаць да інд. групы індаеўрапейскай моўнай сям’і: панджабцы (каля 85 млн.чал., пераважна прав. Пенджаб), пуштуны (каля 22 млн.чал., раёны на ПнЗ), сіндхі (каля 17 млн.чал., паўд.ч. даліны Інда), белуджы (каля 4,5 млн.чал., Белуджыстан). Жывуць таксама брагуі, кхо, кахістанцы, выхадцы з Індыі і Ірана. Амаль усе вернікі мусульмане (сунітаў 77%, шыітаў 20%). Сярэднегадавы прырост 1,7% (1999). Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 171,8 чал. на 1 км², найб. на арашальных землях у даліне Інда і яго прытокаў — да 500 чал на 1 км², у гарах і пустынных раёнах — каля 10—20 чал. на 1 км²Гар. насельніцтва 35%. Буйнейшыя гарады (млн.ж., з прыгарадамі, 1999): Карачы — 9,7, Лахор — 5, Фейсалабад — 1,8. Больш за 1 млн. жыхароў у гарадах Хайдарабад, Равалпіндзі, Мултан, амаль па 1 млн. жыхароў у гарадах Пешавар і Гуджранвала. У сельскай гаспадарцы занята 47% працаздольных, у прам-сці — 17%, астатнія ў абслуговых галінах. Шмат пакістанцаў працуюць у нафтаздабыўных краінах Б. Усходу.
Гісторыя. Тэр. П. заселена чалавекам з глыбокай старажытнасці. У 4-м тыс. да н.э. ў даліне р. Інд узніклі ачагі земляробства, у 3—2-м тыс. да н.э. — высокаразвітая Інда даліны цывілізацыя. У 2-м тыс. да н.э. гэтую тэр. заваявалі плямёны індаарыяў; у 6—5 ст. да н.э. ўваходзіла ў склад Ахеменідаў дзяржавы, у 327—326 да н.э. заваявана войскамі Аляксандра Македонскага, а пасля яго смерці ўваходзіла ў Маур’яў дзяржаву. У 2—1 ст. да н.э. — ч.Грэка-Бактрыйскага царства, у 1—3 ст.н.э. — Кушанскай дзяржавы. У час арабскіх заваяванняў 7—9 ст.паўд. раёны П. ўвайшлі ў Амеядаў халіфат (1-я пал. 8 ст.). З гэтага часу пашырыўся іслам. У канцы 10—11 ст. даліна Інда ў складзе дзяржавы Газневідаў, у 1186—1206 — Гурыдаў, у 1206—1525 — Дэлійскага султаната, у 16 — пач. 18 ст. — Магольскай імперыі. У сярэдзіне 18 ст. даліну Інда заваяваў афганскі шах Ахмад-шах Дурані [1747—73]. Пасля распаду яго дзяржавы ў Пенджабе ўзнікла некалькі сікхскіх княстваў, якія былі аб’яднаны ў адзіную дзяржаву махараджам Ранджыт Сінгхам [1799—1839]. Тэр. Белуджыстана аб’яднаў пад сваёй уладай хан Калата — Насір-хан Белудж, у Сіндзе існавалі асобныя эміраты. У 1843 англічане заваявалі Сінд, у 1845—49 анексіравалі Пенджаб, да канца 19 ст. падпарадкавалі Белуджыстан і раёны ўсх.-пуштунскіх плямён. Да 1947 П. быў ч.Брыт. Індыі. У 1906 створана Мусульманская ліга (МЛ), якая выражала інтарэсы мусульм. меншасці Індыі. З канца 1930-х г. МЛ адстойвала патрабаванне падзелу Брыт. Індыі з мэтай стварэння асобнай дзяржавы інд. мусульман. Паводле Маўнтбетэна плана з Брыт. Індыі вылучана асобная дзяржава — П. з пераважна мусульм. насельніцтвам. Пры падзеле загінулі і сталі бежанцамі мільёны людзей.
15.8.1947 абвешчана незалежнасць П. ў складзе Брыт. Садружнасці, яго першы ген.-губернатар М.А.Джына, прэм’ер-міністр Ліякат Алі Хан. Да 1971 складаўся з Зах. і Усх. П., аддзеленых адзін ад аднаго тэр. Індыі. У маі 1956 прынята першая канстытуцыя П., якая абвясціла яго федэратыўнай рэспублікай. Няўстойлівасць грамадз. урадаў П. прывяла да ваен. перавароту 8.10.1958. Кіраўніком П. стаў ген. М.Аюб Хан, які кіраваў краінай амаль як неабмежаваны правіцель. Яго ўрад узяў курс на развіццё прам-сці і сельскай гаспадаркі, правёў агр. рэформу, у выніку якой абмежавана буйное феад. землеўладанне. Новая канстытуцыя, прынятая 1.3.1962, усталявала сістэму ўскосных выбараў у заканад. органы ўлады, легалізавала паліт. партыі. У 1965 Аюб Хан абраны прэзідэнтам. У сак. 1969 ён перадаў уладу ген. А.М.Ях’я Хану, пры якім у снеж. 1970 адбыліся першыя ў гісторыі П. ўсеаг. выбары. У выніку выбараў большасць месцаў у парламенце атрымала ўсх.-пакістанская Нар. ліга (НЛ); Пакістанская нар. партыя (ПНП), якая дамінавала ў Зах. П., заняла 2-е месца. Сітуацыя ва Усх. П., насельніцтва якога было незадаволена перавагай выхадцаў з Зах. П. ва ўрадзе краіны, абвастрылася. Адмова ваенных перадаць уладу НЛ прывяла да абвяшчэння ў сак. 1971 ва Усх. П. Нар. Рэспублікі Бангладэш. Пасля ўзбр. ўмяшання Індыі пакістанскія войскі ва Усх. П. ў снеж. 1971 капітулявалі. 20.12.1971 Ях’я Хан перадаў уладу лідэру ПНП З.А.Бхута, пад кіраўніцтвам якога ажыццёўлена праграма сац.-эканам. пераўтварэнняў: новая агр. рэформа, нацыяналізацыя вядучых галін прам-сці і банкаў. П. выйшаў з СЕАТО (1972) і Брыт. Садружнасці, прызнаў незалежнасць Бангладэш (1974) і пашырыў супрацоўніцтва з СССР; ідэалогіяй ПНП абвешчана канцэпцыя «ісламскага сацыялізму». У жн. 1973 прынята 3-я канстытуцыя П., якая абвясціла іслам дзярж. рэлігіяй, а краіну — Ісламскай Рэспублікай П. Б.ч. паўнамоцтваў прэзідэнта былі перададзены прэм’ер-міністру. На фоне абвастрэння ўнутрыпаліт. становішча 5.7.1977 адбыўся дзярж. пераварот. Ваен. рэжым на чале з ген. М.Зія-уль-Хакам (прэзідэнт П. з вер. 1977) змяніў унутр. і знешні курс П. Некаторыя нацыяналізаваныя прадпрыемствы вернуты б. уладальнікам, уведзена надзвычайнае становішча. У 1985 ухвалены папраўкі да канстытуцыі, якія давалі прэзідэнту надзвычайныя паўнамоцтвы. У жн. 1988 Зія-уль-Хак загінуў у авіяц. катастрофе. На парламенцкіх выбарах перамагла ПНП на чале з Б.Бхута. Але прэзідэнт Г.Ісхак Хан абвінаваціў урад Бхута ў недзеяздольнасці і карупцыі і ў жн. 1990 распусціў парламент. На выбарах 1993 зноў перамагла ПНП. Новыя выбары ў лют. 1997 скончыліся перамогай Пакістанскай мусульм. лігі на чале з М.М.Н.Шарыфам, які ў 1990—93 быў прэм’ер-міністрам П. Даўні канфлікт П. і Індыі з-за Кашміра абвастрыўся. Пасля інд. выпрабаванняў ядз. зброі ў маі 1998 П. правёў уласныя ядз. выпрабаванні. Намаганні Шарыфа сканцэнтраваць усю ўладу ў сваіх руках абвастрылі яго адносіны з арміяй. 12.10.1999 ваенныя скінулі Наваз Шарыфа і распусцілі парламент. Новым кіраўніком П. стаў ген. П.Мушараф. П. — чл.ААН з 1947. Дыпламат. адносіны паміж П. і Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў лют. 1994.
У П. дзейнічаюць паліт. партыі: Пакістанская нар. партыя, Пакістанская мусульм. ліга.
Гаспадарка П. — аграрна-індустр. дзяржава з шматукладнай эканомікай. Валавы нац. прадукт — 270 млрд.дол., каля 2000 дол. на душу насельніцтва (1998). У прам-сці важную ролю адыгрывае дзярж. сектар. Эканоміка перажывае перыяд пераходу ад дзярж. рэгулявання да свабоднага рынку. Праводзяцца дэнацыяналізацыя і прыватызацыя дзярж. сектара. Расце роля прыватных манапал. аб’яднанняў. У сельскай гаспадарцы ствараецца 24% валавога нац. прадукту, у прам-сці — 26%. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 60 млн.га зямель, у т. л. пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі 21,7 млн.га, пад пашай — каля 40 млн.га. Арашаецца 17,1 млн.га, што дазваляе збіраць 2—3 ураджаі за год. Зямля ў асн. належыць памешчыкам і буйным фермерам, сяляне — пераважна арандатары. Харч. культуры займаюць каля 80% пасяўной плошчы. Валавы збор (млн.т, 1997): пшаніцы — 16,7, рысу — 4,3, кукурузы — 1,3, цукр. трыснягу — 41,9. Вырошчваюць таксама бавоўнік (займае больш за 10% пасяўной пл.), прасяныя культуры (баджра, джавар), ячмень, алейныя (рапс, гарчыца), тытунь. Пшаніцу вырошчваюць пераважна ў Пенджабе на арашальных землях, рыс — у нізоўях Інда і на забалочаных тэр. Пенджаба, бавоўнік — у Сіндзе і міжрэччы Джэлама і Сатледжа, цукр. трыснёг — у раёне г. Пешавар, алейныя — у даліне р. Інд, прасяныя і ячмень — на неарашальных землях. Усюды сеюць зернебабовую культуру нут (асн. крыніца бялку ў рацыёне пакістанцаў). Садоўніцтва: фінікі ў далінах Белуджыстана, абрыкосы і плады тутавага дрэва ў горных раёнах, манга, цытрусавыя, фігавае дрэва на раўнінах. Вінаградарства. Агародніцтва. Жывёлагадоўля нізкапрадукцыйная, мае другараднае значэнне, выкарыстоўвае натуральныя пашы ў гарах, пустынях і паўпустынях, у значнай ступені качавая і паўкачавая. У земляробчых раёнах гадуюць пераважна цяглавую буйн. раг. жывёлу і буйвалаў, часткова авечак, развіта птушкагадоўля. Пагалоўе (млн. галоў, 1997): буйвалаў — 21,2, буйн. раг. жывёлы — 18, коз —48,6, авечак — 32,3, птушкі — 200. Меншае значэнне мае гадоўля коней, вярблюдаў, аслоў, мулаў. Развіта рачное і марское рыбалоўства, лоў крэветак. У 1997 вылаўлена 575,1 тыс.т рыбы. Рыбаводства ў сажалках і на рысавых палях. Прамысловасць развіваецца параўнальна хуткімі тэмпамі, у апошнія гады павялічвае выпуск прадукцыі прыкладна на 10% за год. У горназдабыўной прам-сці вядзецца здабыча прыроднага газу (Белуджыстан, 15,8 млрд.т, 1997), храмітаў, каменнай солі, буд. матэрыялаў; невялікая здабыча нафты і бурага вугалю. Энергетыка заснавана пераважна на імпартнай нафце. Некалькі буйных ГЭС на горных і перадгорных рэках, найб. Тарбела на р. Інд (на ПнЗ ад Ісламабада); АЭС каля Карачы. Выпрацавана эл.-энергіі 57,6 млрд.кВтгадз (1997).
Асн. галіны апрацоўчай прам-сці: тэкст., харч., хім., цэм., сталеплавільная, газавая, нафтаперапрацоўчая. Тэкст.прам-сцьнайб. развіта ў Карачы і гарадах Пенджаба, пераважае перапрацоўка бавоўны, вытв-сць пражы і тканін. Пешавар — цэнтр шаўкаткацтва. Прамысл. дыванаткацтва. Меншае значэнне мае выраб тканін шарсцяных і са штучнага валакна. Прадпрыемствы швейнай і трыкат. прам-сці ў Карачы, Хайдарабадзе, Фейсалабадзе, Лахоры, Акары. Шмат прадпрыемстваў гарбарна-абутковай прам-сці (Карачы, Лахор, Равалпіндзі, Хайдарабад). На базе лясных масіваў развіты дрэваапр. і мэблевая прам-сць (Карачы, Пешавар). Харч.прам-сць прадстаўлена вял. колькасцю мукамольных, рысаачышчальных, цукр., маслабойных і алейных, малочных і інш. прадпрыемстваў. Карачы — цэнтр рыбаперапрацоўкі. Горад Акара — цэнтр здабычы і апрацоўкі солі. Тытунёвыя і цыгарэтныя ф-кі ў Карачы, Хайдарабадзе, Джэламе. Развіваецца металаапрацоўка і машынабудаванне. Асн. цэнтры металаапрацоўкі — Карачы (металургічны з-д), Лахор, Равалпіндзі, Хайдарабад, машынабудавання — Карачы (судны, эл.-тэхн., зборка трактароў, мотаролераў), Равалпіндзі (вагонабудаванне), Хайдарабад (с.-г. і эл.-тэхн. машынабудаванне), Мултан (с.-г. інвентар), Гуджранвала і Сіялкот (эл.-тэхн., мед. абсталяванне), Джэлам (паліграф. абсталяванне). Буйны цэнтр нафтаперапрацоўкі, нафтахіміі, разнастайнай хім. прам-сці — г. Карачы. Цэнтры вытв-сці мінер. угнаенняў — Лахор і Мултан. Ёсць прадпрыемствы цэм., буд. матэрыялаў, шкляной, гумава-тэхн., папяровай, паліграф. і інш. галін прам-сці. Шырока развіты саматужныя промыслы і рамёствы. Найб. пашыраны хатняе ткацтва, пашыў нац. адзення, выраб дываноў, кашмірскіх шаляў, ювелірных упрыгожанняў, вышыўка па шоўку, апрацоўка паўкаштоўных камянёў, разьбярства па дрэве, серабру, медзі, бронзе, ганчарны промысел. Транспарт аўтамаб., чыг., марскі. Даўж. (тыс.км): аўтадарог — 224,7 (у т. л. з цвёрдым пакрыццём 128,1 тыс.км, 60% пасаж. і грузавых перавозак), чыгунак — 8,8. У краіне 800 тыс. легкавых, 300 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў (1997). Даўж. газаправодаў 4 тыс.км. Значная роля гужавога транспарту. Гал. марскі порт — Карачы. У краіне 116 аэрапортаў. Міжнар. аэрапорты ў Карачы, Ісламабадзе, Лахоры. У 1998 экспарт склаў 8,5 млрд.дол., імпарт — 10,1 млрд.дол. Экспартуюцца бавоўна, рыс, рыба і рыбапрадукты, баваўняныя тканіны, дываны, скуры і скургалантарэя, адзенне. У імпарце пераважаюць нафта і нафтапрадукты, прамысл. сыравіна і абсталяванне, трансп. сродкі, алей, жывёльны тлушч, чай, хімікаты, угнаенні. Гал.гандл. партнёры: ЗША, Японія, Саудаўская Аравія, Іран, Кітай, Германія, Вялікабрытанія, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты. Знешні доўг больш за 30 млрд.дол. Развіваецца турызм. У 1997 расходы замежных турыстаў перавысілі 111 млн.дол. Грашовая адзінка — пакістанская рупія.
Узброеныя сілы. Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы (587 тыс.чал.) і ваенізаваныя фарміраванні (247 тыс.чал., у т. л. 185 тыс.чал. у нац. гвардыі, 3,5 тыс.чал. у пагран. войсках і 25 тыс. рэйнджэраў; 1998). Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне на добраахвотнай аснове. Рэгулярныя ўзбр. сілы складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМС. У сухап. войсках 520 тыс.чал., 2120 танкаў, 850 бронетранспарцёраў, больш за 3,5 тыс. гармат, у т. л. 2 тыс. зенітных, 725 мінамётаў і інш. У ВПС 45 тыс.чал., 429 баявых самалётаў, 134 верталёты, у т. л. 20 ударных, якія арганізацыйна ўваходзяць у склад сухап. войск. У ВМС 22 тыс.чал., у т. л. 1,2 тыс.чал. у марской пяхоце, 9 падводных лодак, 16 баявых караблёў, у т. л. 3 эсмінцы, 8 фрэгатаў, 5 тральшчыкаў; у марской авіяцыі 7 баявых самалётаў, 12 баявых верталётаў.
Ахова здароўя. Мед. дапамога малазабяспечанай ч. насельніцтва бясплатная ў дзярж. бальніцах, паслугі прыватных урачоў платныя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 58,2, жанчын 60 гадоў (1999). Смяротнасць — 11 на 1 тыс.чал. Забяспечанасць бальнічнымі ложкамі — 1 на 1517 чал., урачамі — 1 на 1863 чал. Узровень нараджальнасці — 34 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 2,4%. Дзіцячая смяротнасць — 93 на 1 тыс.чал. (1999). Ажыццяўляецца дзярж. кантроль за ўзроўнем нараджальнасці (планавая стэрылізацыя).
Друк, радыё, тэлебачанне. У 1999 у П. больш за 1200 перыяд. выданняў. Найб. уплывовыя газеты на урду — «Джанг» («Барацьба», з 1937), «Імроз» («Сёння», з 1948), «Машрык» («Усход», з 1963), на англ. — «The Pakistan Times» («Пакістанскі час», з 1947), «Muslim» («Мусульманін», з 1979), на англ. і гуджараці — «Dawn» («Світанне», з 1942), на англ. і урду мовах — «Nawa-i-Waqt» («Новы час», з 1940). Інфарм. агенцтвы — урадавае Асашыэйтэд Прэс оф Пакістан (АПП, з 1947), прыватныя — Пакістан Прэс Інтэрнэшанал (ППІ, з 1956), Юнайтэд Прэс оф Пакістан (ЮПП, з 1949), Індэпэндэнт Ньюс оф Пакістан (з 1991). Радыёвяшчанне з 1947. Тэлебачанне з 1964. Дзейнасць радыё і тэлебачання каардынуюць урадавыя службы — Пакістанская радыёвяшчальная карпарацыя (з 1947 як Радыё Пакістана, з 1972 сучасная назва) і Пакістанская тэлевізійная карпарацыя (з 1967). Перадачы вядуцца на 24 мовах.
Літаратура. Развіваецца з 1947 на аснове нац. л-р урду, сіндхі, пенджабскай, пушту, гуджарацкай, белуджскай, бенгальскай (да 1971) і агульнай фальклорна-літ. і культ. спадчыны народаў Паўн. Індыі. У 1950—60-я г. зарадзілася пісьмовая л-ра на мовах і дыялектах малых этн. груп (драгуі і інш.). Асн. кірункі ў л-ры П. — рэалістычны і часткова рамантычны, з 1950-х г. пашырыліся разнастайныя мадэрнісцкія кірункі. Значнае месца занялі пераклады зах,еўрап., рус. класікі і сав. л-ры. Найб. паспяхова развіваецца л-ра урду: вядомыя паэты — Джош Маліхабадзі (рэв. рамантык), А.Ф.Фаіз, А.Н.Касмі (выступае і як празаік), Э.Даніш, Ш.Катыль, мадэрністы Міраджы, Н.М.Рашыд, празаікі-рэалісты С.Х.Манта, Гулам Абас, Мірза Адыб, Х.Інтызар, С.Шаўкат. Пашыраны дэтэктыўны і мусульм. раманы, развіваецца драма. Патрыят. ідэямі прасякнута творчасць пісьменнікаў сіндхі (паэзія Шэйха Аяза, проза Г.Х.Балуча, Дж.Абру), публікуецца багаты сіндхскі фальклор. Значных поспехаў дасягнула паэзія пушту (С.Р.Захейлі, С.Самандар, А.Х.Шынвары). Рэаліст. кірунак у прозе прадстаўлены творчасцю М.Абдулкарыма, К.Маманда, В.М.Туфана, рамант. — Махдзі. Для пенджабскай л-ры характэрны зварот да класічных традыцый і фалькл. спадчыны (Фаіз). Развіваецца пераважна паэзія (М.Ніязі, А.Рахі). Белуджская л-ра ў стадыі станаўлення. З патрыят. вершамі выступаюць Азад Джамалдзіні, Г.Насір, у жанры апавядання — Б.Рыкі, Г.М.Шахвані. Невял. група паэтаў піша на гуджараці, араб. і перс. мовах, на серайкі, брагуі і мультані, якія маюць вузкарэгіянальнае значэнне. У 1959 засн. «Гільдыя пісьменнікаў Пакістана».
Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва маюць агульныя гіст. карані з маст. культурай Індыі, але вызначаюцца мясц. асаблівасцямі. На тэр. П. пры раскопках выяўлены рэшткі паселішчаў 4—3-га тыс. да н.э. з дамамі з каменю і цэглы-сырцу (Амры, Рана-Гхундаі), рэгулярна спланаванага гар. паселішча 3-га тыс. да н.э. (Кот-Дыджы), ганчарныя вырабы з размалёўкай, метал. ўпрыгожанні, гліняныя статуэткі жанчын і жывёл. У даліне р. Інд адкрыты руіны цэнтраў харапскай цывілізацыі — Махенджа-Дара і Харапа (каля сярэдзіны 3—2-га тыс. да н.э.). У 3 ст. да н.э. — 1 ст.н.э. ў вобласці Гандхара склалася самабытнае мастацтва, якое дасягнула высокага развіцця ў перыяд Кушанскай дзяржавы (рэшткі каменных культавых збудаванняў, у т. л. 60 скальных ступ у Мінгоры, упрыгожаных скульпт. рэльефамі, ляпнінай, статуямі Буды, бадхісатваў і геніяў, размалёўкамі, чайцья, будыйскіх комплексаў Дхармараджыка і Джаўліян у Таксіле і інш.). З 8 ст. развівалася араб. культура (рэшткі горада-порта Банбхора з масіўнымі каменнымі ўмацаваннямі і мячэццю). З 11 ст. пашырылася буд-ва мячэцей, мінарэтаў, маўзалеяў, рэзідэнцый і абарончых збудаванняў у гарадах Лахор, Мултан, Пешавар і інш. Масавая жылая забудова — глінабітная або з цэглы-сырцу, з драўляным каркасам. Манум. будынкі ўзводзілі пераважна з абпаленай цэглы, у іх аздабленні выкарыстоўвалі панэлі, запоўненыя мазаічнымі ўзорамі і разьбой па дрэве. На культавую архітэктуру 13—15 ст. паўплывалі традыцыі крапаснога дойлідства (маўзалей Рукні-Алам у Мултане, 14 ст.). У 16—17 ст. гарады абносілі масіўнымі сценамі і абкружалі садамі, па-за сценамі ствараліся магутныя фарты з палацамі, урадавымі і культавымі будынкамі. Сярод найб. значных пабудоў мячэць Шах-Джахана, маўзалеі могілак на ўзгорку Маклі—Мірза Іса Хана ў Таце і інш. У выяўл. мастацтве найб. росквіту дасягнула мініяцюра магольскай школы. У сярэдзіне 19—20 ст. пад уплывам англ. каланізатараў цэнтры традыц. культуры заняпалі. Развіваліся новыя гарады, у якіх будавалі парты, вакзалы, муніцыпалітэты (Карачы і інш.). У стылістыцы пераважалі формы нац. архітэктуры 17 ст. (купалы, аркады, арнаментальная разьба па каменю або каляровых глазураваных плітках), англ. неакласіцызму і неаготыкі. Пасля ўтварэння П. (1947) інтэнсіўна развіваюцца новыя гарады з рэгулярнай планіроўкай і забудовай малапавярховымі дамамі з унутр. дворыкамі (Ісламабад, Даўдхейль, Новы Кхаўр і інш.), будуюцца мячэці і маўзалеі ў традыц.арх. стылях з выкарыстаннем сучасных канструкцый. У выяўл. мастацтве захоўваюцца традыцыі магольскай школы мініяцюры і стараж.інд. размалёўкі (А.Бакш, А.Р.Чугтаі, Ф.Рахаміні і інш.), пашыраецца мастацтва зах.-еўрап. тыпу (З.Агха, Ш.Алі, Гулгі, А.Іслам і інш.). Са стараж. відаў дэкар.-прыкладнога мастацтва развіваюцца апрацоўка металу, ганчарства, дыванаткацтва, вышыўка, разьба па косці і дрэве.
Музыка П. на працягу многіх стагоддзяў была непарыўна звязана з муз. культурай паўн. часткі Індастана, т.зв. традыцыя хіндустані. Стараж. цывілізацыі, што існавалі на тэр. П., склалі падмурак самабытнай музыкі, якая ўвабрала ў сябе традыцыі муз. культур араб. свету і Індыі. З 8 ст. развіваюцца разнастайныя формы музіцыравання, звязаныя з мусульм. традыцыямі: рэліг. (рэчытацыя тэкстаў Карана і інш.) і свецкія, прадстаўленыя традыц. вакальна-інстр. музыкай і танц. фальклорам розных рэгіёнаў. Муз. інструментарый роднасны інструментам Паўн. Індыі, Непала і Бангладэш. Найб. пашыраны струнныя — сітар, сарод, сарангі, танпура, рабаб, духавыя — шэнаі (габой), бансоры (флейта), алгоза (падвойная флейта), ударныя — табла, пакхавадж і інш. Класічная музыка П. развівалася пераважна пры дварах мусульм. правіцеляў. У 16—17 ст. яна дасягнула высокага ўзроўню, шырока вядомымі сталі класічныя і паўкласічныя жанры дхрупад, кхаял, у 18—19 ст. — газал, тхумры, дадра, тапа і інш. Пасля 1947 развіццё муз. культуры П. набыло новыя, самаст. кірункі. Стваральнік сучаснай музыкі П. — спявак і выканаўца на сарангі Умрао Бунду Хан. Сярод сучасных музыкантаў П.: вакалісты Назакат Алі Хан і Саламат Алі Хан (браты), Фатэх Алі Хан, інструменталісты Абдул Вахід Хан (сарангі), Кабір Хан (сітар), Ала Дыта (табла) і інш. З 1971 развіццё муз. культуры П. каардынуе і накіроўвае Нац. савет па справах мастацтва.
Герб і сцяг Пакістана.У гарах на ПнПакістана.Сталіца Пакістанаг. Ісламабад.Да арт.Пакістан. На рынку рамесніцкіх вырабаў.Да арт.Пакістан. Хайберскі перавал, праз які праходзіць асноўная аўтадарога ў Афганістан.