ПЕТРАШКЕ́ВІЧ (Альфонс Баляслававіч) (1894, Віленшчына ? — 20.5.1918),

бел. паэт, празаік. Пісаў на польск., бел. і рус. мовах. З 1911 друкаваў (часта пад псеўд. Філафей Калінка) карэспандэнцыі, лірычныя і гумарыст. вершы ў газ. «Наша ніва», пасля вершы і апавяданні ў альманаху «Маладая Беларусь», час. «Лучынка», газ. «Беларус», «Вольная Беларусь», «Беларускі шлях». Распрацоўваў класічныя паэт. формы трыялета, раманса, элегіі («Трыялет», 1913). У вершах — вобраз роднага краю, роздум пра нядолю і бяспраўе бел. селяніна, асуджэнне сац. несправядлівасці.

Тв.:

У кн. — Анталогія беларускай паэзіі. Мн., 1961. Т. 1;

Беларуская дакастрычніцкая паэзія. Мн., 1967.

Літ.:

Гарэцкі М. Гісторыя беларускае літаратуры. Мн., 1992;

Замоцін І. Творы. Мн., 1991.

І.​У.​Саламевіч.

А.Петрашкевіч.

т. 12, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

пале́пшыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; зак., каго-што.

Зрабіць лепшым па якасці, уласцівасцях. Палепшыць якасць прадукцыі. Палепшыць канструкцыю машыны. Палепшыць настрой. □ — Мы пераконваем вас ісці ў калгас таму, што няма іншага шляху ў селяніна, каб палепшыць сваё жыццё. Галавач. — Ёсць у мяне такія-сякія задумы, як палепшыць работу цэха, — Булай загаварыў ужо спакойным дзелавым тонам. Шыцік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

АДРАБО́ТКІ,

форма найму сялян са сваімі прыладамі працы і цяглом да памешчыка або заможнага селяніна за арандаваную зямлю, пазычаныя грошы, хлеб, лясныя матэрыялы, у пагашэнне штрафаў і інш. У Рас. імперыі, у т. л. на Беларусі, шырока практыкаваліся пасля сялянскай рэформы 1861. Сталі асновай адработачнай сістэмы ў памешчыцкай гаспадарцы (вынік малазямелля, падатковага ўціску, пазаэканам. прымусу сялян). Разнавіднасцямі адработкі былі здольшчына і «кругавая» (поўная) апрацоўка панскай зямлі або выкананне асобных відаў работ (ворыва, пасеву, уборкі) з аплатай часткова грашыма, часткова зямельнымі ўгоддзямі. Па меры росту таварнай гаспадаркі і асабліва разлажэння сялянства адработкі паступова выцясняліся капіталіст. наймам, але былі вельмі пашыраны на Беларусі і ў пач. 20 ст.

В.​П.​Панюціч.

т. 1, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕЙДУКЕ́ВІЧ (Станіслаў Сільвестравіч) (13.5.1876, Мінск — 25.5.1937),

бел. архітэктар. Скончыў Пецярбургскую АМ (1910). З 1910 у Мінску. У 1921—27 заг. праектнага аддзела К-та дзярж. пабудоў пры СНК БССР, у 1929—37 выкладаў у Мінскім арх.-буд. тэхнікуме. У 1937 рэпрэсіраваны. Асн. работы ў Мінску: жылыя дамы па вул. Захар’еўскай (сучасная вул. Савецкая), даходны дом Е.​Кастравецкай, будынак польск. банка (не зберагліся), Дом селяніна (1929, у сааўт; разбураны ў Вял. Айч. вайну). Удзельнічаў у распрацоўцы праекта 1-й Усебеларускай с.-г. і прамысл. выстаўкі (1930, гал. ўваход, асн. павільёны) і інш. У яго творчасці выразна прасочваецца імкненне да адраджэння бел. арх. традыцый і ансамблевай забудовы горада.

В.​М.​Чарнатаў.

т. 5, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЭ́ЛІЦКІ ТЭАТРАЛІЗАВА́НЫ ПАКА́З 1912,

літаратурна-музычны і сцэнаграфічны спектакль-кампазіцыя ў «жывых карцінах» («абразах») на тэму пораў года ў прац. жыцці і ўяўленнях селяніна. Адбыўся ў пач. 1912 у адным з сялянскіх двароў каля г.п. Карэлічы Гродзенскай вобл.

Прадстаўленне складалася з уступу, 4 частак (4 пораў года) і заключэння. Развівалася чаргаваннем сцэн. карцін, сэнс якіх удакладняўся дэкламацыяй вершаў Я.​Купалы, Я.​Коласа і інш., нар. песнямі. Адбывалася ў муз. суправаджэнні. У афармленні выкарыстаны элементы нескладанай бутафорыі, натуральныя рэчы (рэквізіт), шумавыя прыёмы (вецер, гром), светлавыя эфекты ўсіх колераў чырвоны — колер агню, блакітны — месяца, жоўты — сонца і інш. Усе кампаненты («карціны», кампазіцыйныя пераходы, вобразы-алегорыі, тэксты, спевы, дэкламацыі) былі аб’яднаны ў вобразным адзінстве фалькл. сцэн. відовішча.

т. 8, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́СІЧ (Марыя Мікалаеўна) (1850, с. Расуха Унецкага р-на Бранскай вобл., Расія — ?),

бел. фалькларыстка, этнограф і пісьменніца. Адукацыю атрымала ў Пецярбургу. Аўтар фалькл. працы «Ліцвіны-беларусы Чарнігаўскай губерні, іх побыт і песні» (1901), прысвечанай вуснай нар. паэзіі і духоўнай культуры беларусаў. У прадмове да зборніка характарызуюцца жыццё і побыт сялян, іх вераванні, паданні, песні, асаблівасці гаворкі і спеваў. Пісала пра матэрыяльную культуру беларусаў (арт. «Аб пабудовах беларускага селяніна Чарнігаўскай губерні...», 1906). Сярод інш. твораў паэма «На перасяленне. Расказ цёткі Домны з Палесся» (1903), байкі, вершы. На бел. мову пераклала байкі І.​Крылова («Пералажэнне некаторых баек Крылова на беларускую мову», 1903).

Тв.:

У кн.: Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. Мн., 1971.

Г.​А.​Пятроўская.

т. 8, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НЕЗАЛЕ́ЖНАЯ БЕЛАРУ́СЬ»,

грамадска-палітычная і літ. газета, орган Віленскага бел. нац. к-та. Выдавалася з 3.9 да 10.11.1919 у Вільні на бел. мове. Выходзіла 3 разы на тыдзень. Рэдактары-выдаўцы А.​Карабач, К.​Мядзёлка (з 6-га нумара). Мела рубрыкі «Апошнія навіны», «З усяго свету», «З Беларусі», «З Вільні», «Беларуская школа». Акцэнтавала ўвагу на актуальных праблемах грамадска-паліт. і сац. жыцця Зах. Беларусі. Пісала пра геапаліт. становішча Беларусі і яго сувязь з будучым краіны, стварэнне бел. войска, школьнае і грамадска-культ. жыццё, у т. л. пра закрыццё ўладамі Будслаўскай гімназіі (А.​Будзька). Друкавала творы Я.​Бялькевіча, А.​Пугі, Селяніна, Яцкевіча і інш. Выйшла 14 нумароў. Забаронена польскай ваен. цэнзурай.

А.​С.​Ліс.

т. 11, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯ́СТЫ (Piastowie),

польская княжацкая і каралеўская дынастыя. Названа ў гонар легендарнага родапачынальніка селяніна Пяста. Першы гістарычна вядомы польскі князь дынастыі П. Мешка I (960—992), нашчадкі якога займалі польскі трон. Пасля смерці Баляслава III Крывавустага (1138) дынастыя падзялілася на некалькі княжацкіх ліній. Ад Уладзіслава II пачалася сілезская лінія (згасла ў 1675), ад Мешкі III Старога — велікапольская (згасла ў 1296), ад Казіміра II Справядлівага — малапольская (згасла ў 1279), мазавецкая (згасла ў 1526) і куяўская (згасла ў 1388). У аб’яднаным Польскім каралеўстве трон заняла лінія куяўскіх князёў (Уладзіслаў I Лакетак, Казімір III Вялікі — апошні П. на польскім троне).

Літ.:

Balzer O.M. Genealogia Piastów. Kraków, 1895. Jasienica P. Polska Piastów. Warszawa, 1996.

т. 13, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

аспе́кт, ‑у, М ‑кце, м.

Кніжн. Пункт погляду, з якога разглядаюцца прадметы, паняцце з’явы; разуменне чаго‑н. у пэўнай плоскасці. Другі важны аспект у рабоце з чалавекам — павышэнне яго сацыяльная, грамадзянскай адказнасці, усталяванне пачуцця дысцыпліны, высокай культуры ў працы. Машэраў. Але прырода ў Коласа, паэта-селяніна, не толькі прадмет любавання, яна, калі хочаце, мае сацыяльны аспект. Навуменка.

[Ад лац. aspectus — погляд.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПАЛА́БСКАЯ МО́ВА,

мёртвая мова; належыць да зах.-слав. моў (гл. Славянскія мовы). Была пашырана да 1-й пал. 18 ст. па левым беразе р. Лаба (Эльба; цяпер тэр. зямлі Ніжняя Саксонія, Германія). Адметныя рысы П.м.: захаванне насавых галосных, аорыста і імперфекта, рэшткаў парнага ліку, рухомы націск, спрашчэнне скланення, вял. колькасць ням. запазычанняў у лексіцы і інш. Пісьменства не мела, але ў 17—18 ст. было складзена некалькі слоўнікаў і запісаны некаторыя тэксты на П.м. Асн. помнікі палабскага пісьменства — нататкі палабскага селяніна Я.​П.​Шульцэ і ням.-палабскі слоўнік К.​Хеніга на 5 тыс. слоў. Сярод даследчыкаў П.м. — Т.​Лер-Сплавінскі, К.​Палянскі (этымалагічны слоўнік П.м.), А.​Я.​Супрун і інш.

Літ.:

Супрун А.Е. Полабский язык. Мн., 1987.

А.​В.​Зінкевіч.

т. 11, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)