з’ява, што выяўляецца пры пругкім рассеянні рэнтгенаўскіх прамянёў крышталямі (або малекуламі вадкасцей і газаў), пры якім з першаснага пучка прамянёў узнікаюць другасныя адхіленыя пучкі той жа даўжыні хвалі.
Д.р.п. эксперыментальна выяўлена ням. фізікамі М.Лаўэ, В.Фрыдрыхам і П.Кніпінгам (1912) як доказ хвалевай прыроды рэнтгенаўскіх прамянёў. Крышталь з’яўляецца натуральнай трохмернай дыфракцыйнай рашоткай (адлегласці паміж атамамі аднаго парадку з даўжынёй хвалі λ); напрамак дыфракцыйных максімумаў у агульным выпадку падпарадкоўваецца ўмовам Лаўэ: a(cosα − cosα0) = hλ, b(cosβ − cosβ0) = kλ, c(cosγ − cosγ0) = lλ, дзе a, b, c — памеры крышт. рашоткі, α0, β0, γ0 — вуглы, што ўтварае падаючы прамень, α, β, γ — рассеяны прамень з восямі крышталя, h, k, l — цэлыя лікі (індэксы Мілера). Дыфракцыйную карціну назіраюць на нерухомым крышталі з выкарыстаннем поліхраматычнага выпрамянення (Лаўэ метад), пры вярчэнні або ваганнях крышталя, а таксама на полікрышталях пры асвятленні монахраматычным выпрамяненнем (гл.Дэбая—Шэрэра метад). Д.р.п. выкарыстоўваецца для даследаванняў атамнай структуры рэчыва, рашэння задач матэрыялазнаўства, у рэнтгенаўскай спектраскапіі. Гл. таксама Рэнтгенаўскі структурны аналіз, Рэнтгенаграфія матэрыялаў.
Літ.:
Иверонова В.И., Ревкевич Г.П. Теория рассеяния рентгеновских лучей. 2 изд. М., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́НДЫЙ (лац. indium),
In, хімічны элемент III групы перыяд. сістэмы, ат. н. 49. ат. м. 114,82. У прыродзе 2 ізатопы: 113In(4,3%) і слаба радыеактыўны (b-выпрамяняльнік, перыяд паўраспаду 5∙1014 гадоў) 115In (95,7%). Рассеяны элемент, у зямной кары 10−5% па масе. Адкрыты ў 1863 ням. вучонымі Ф.Райхам і Т.Рыхтэрам пры спектраскапічным даследаванні цынкавай падманкі, названы па сіняй (колеру індыга) лініі спектра.
Серабрыста-белы мяккі метал tпл 156,78 °C, tкіп 2024 °C, шчыльн. 7310 кг/м³ Устойлівы ў паветры, не ўзаемадзейнічае з азотам, вадародам, вугляродам. Пры т-ры вышэй за 800 °C гарыць з утварэннем сэсквіаксіду In2O3 (светла-жоўтае крышт. рэчыва, tпл 1910 °C). Узаемадзейнічае з мінер. і арган. к-тамі, пры награванні — з хлорам, бромам, ёдам. Пры сплаўленні з халькагенамі (сера, селен, тэлур) утварае халькагеніды (паўправадніковыя матэрыялы). Атрымліваюць з адходаў і паўпрадуктаў свінцова-цынкавай і алавянай вытв-сці. Выкарыстоўваюць у вытв-сці легкаплаўкіх сплаваў, паўправадніковых матэрыялаў, як матэрыял для герметызацыі ў вакуумных прыладах і касм. апаратах. Таксічны, пыл І. і яго злучэнняў выклікае пашкоджанне лёгкіх, шкодна ўплывае на печань і селязёнку.
Літ.:
Яценко С.П. Индий: свойства и применение. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУБІ́ДЫЙ (лац. Rubidium),
Rb, хімічны элемент I групы перыяд. сістэмы, ат. н. 37, ат. м. 85,4678; адносіцца да шчолачных металаў. Прыродны складаецца са стабільнага 85Rb (72,15%) і радыенукліда 87Rb (перыяд паўраспаду 4,8∙1010 гадоў, β-выпрамяняльнік). У зямной кары 1,510−2% па масе. Уласных мінералаў не ўтварае (рассеяны элемент); спадарожнічае пераважна калію. Адкрыты ў 1861 Р.В.Бунзенам і Г.Р.Кірхгофам спектральным метадам (па лініях у чырв. частцы спектра), назва ад лац. rubidus — цёмна-чырвоны.
Мяккі серабрыста-белы легкаплаўкі (tпл 39,32 °C) метал, шчыльн. 1532 кг/м³ (0 °C). Хімічна вельмі актыўны. У паветры імгненна акісляецца з узгараннем (утвараецца надпераксід RbO2). З вадой, галагенамі і разбаўленымі к-тамі ўзаемадзейнічае з выбухам. Раствараецца ў вадкім аміяку (растворы сіняга колеру). Захоўваюць у ампулах са спец. шкла ў атмасферы аргону або ў стальных герметычных пасудзінах пад слоем абязводжанага вазелінавага масла. Выкарыстоўваюць як кампанент матэрыялу для фотаэлементаў, фотаэл. памнажальнікаў і змазачных кампазіцый для рэактыўнай і касм. тэхнікі, як гетэр у вакуумных лямпах, каталізатар, пару Р. — у разрадных эл. трубках нізкага ціску, стандартах частаты і часу, злучэнні — як цвёрды электраліт, кампанент спец. шкла і керамікі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЛІЙ (лац. Gallium),
Ga, хімічны элемент III групы перыядычнай сістэмы, ат. н. 31, ат. м. 69,72. Прыродны складаецца з 2 стабільных ізатопаў 69Ga (61,2%) і 71Ga (38,8%). У зямной кары 1,8∙10−3 % па масе. У прыродзе рассеяны (мінерал галіт CuGaS2 вельмі рэдкі), спадарожнік алюмінію. Адкрыты ў 1875 франц. хімікам П.Э.Лекокам дэ Буабадранам, названы ў гонар Францыі (лац. Gallia).
Светла-шэры легкаплаўкі (tпл 29,76 °C) метал з вял. тэмпературным інтэрвалам існавання ў вадкім стане (tкіп 2205 °C), шчыльн. (кг/м³) цвёрдага 5903,7 (29,6 °C), вадкага 6094,8 (пры зацвярдзенні аб’ём галію павялічваецца). У паветры пры звычайнай т-ры пакрыты ахоўнай плёнкай аксіду. Раствараецца ў мінер. к-тах і шчолачах, утварае адпаведна солі галію і галаты — солі ортагаліевай Ga(OH3) ці H3GaO3 і метагаліевай HGaO2к-т. Найб. пашыраны солі галію: трыхларыд GaCl3, бясколерныя крышталі, tпл 77,8 °C; сульфат Ga2(SO4)3, які з сульфатамі шчолачных металаў і амонію ўтварае галын. Пры сплаўленні з фосфарам, мыш’яком і сурмой галій утварае крышт. паўправадніковыя злучэнні, адпаведна фасфід GaP (жоўта-аранжавы, tпл 1790 °C), арсенід GaAs (цёмна-шэры з фіялетавым адценнем, tпл 1238 °C), антыманід GaSb (светла-шэры, tпл 712 °C).
Выкарыстоўваюць у вытв-сці паўправадніковых матэрыялаў, для «халоднай пайкі» керамічных і металічных дэталей у радыёэлектроніцы, люстраў з высокай адбівальнай здольнасцю, высокатэмпературных (900—1600 °C) тэрмометраў, манометраў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ДЫЙ (лац. Radium),
Ra, радыеактыўны хім. элемент II групы перыяд. сістэмы, ат н. 88, ат. м. 226,0254, адносіцца да шчолачназямельных металаў. У прыродзе трапляюцца ізатопы з масавымі лікамі 223, 224, 226, 228, якія з’яўляюцца членамі прыродных радыеактыўных радоў. Найб. устойлівы ізатоп 226Ra (перыяд паўраспаду 1600 гадоў, α-выпрамяняльнік); прадукт распаду Р. — радон. Рэдкі і рассеяны элемент; у зямной кары 10−10% па масе. Адкрыты ў 1898 П.Кюры і М.Складоўскай-Кюры; назва ад лац. radius — прамень.
Серабрыста-белы бліскучы метал, tпл 969 °C, шчыльн. 5500—6000 кг/м³. Паводле хім. уласцівасцей падобны на барый, але больш актыўны. Пры пакаёвай т-ры ўзаемадзейнічае з азотам, кіслародам (у паветры метал. Р. хутка пакрываецца цёмнай плёнкай з сумесі нітрыду і аксіду), вадой [утвараецца водарастваральны гідраксід Ra(OH)2 і вылучаецца вадарод], растворамі кіслот, галагенамі. Вылучаюць Р. у выглядзе хларыду RaCl, і інш. солей як пабочны прадукт перапрацоўкі уранавых руд (пасля вылучэння з іх урану; у рудзе на 1 т урану прыпадае не больш за 0,34 г Р.); метал. Р. атрымліваюць электролізам раствору RaCl2 на ртутным катодзе. Выкарыстоўваюць у медыцыне як крыніцу радону для радонавых ваннаў, у сумесі з берыліем у ампульных крыніцах нейтронаў, у геалогіі 228Ra для вызначэння ўзросту акіянічных асадкавых парод і мінералаў. Вельмі таксічны; дапушчальная канцэнтрацыя ў атм. паветры 226Ra 3,1∙10−5Бк/л.
Літ.:
Погодин С.А., Либман Э.П. Как добыли советский радий. 2 изд. М., 1977.
3. (якінеможабыцьпрынятыпадувагу) nicht tríftig; nicht stíchhaltig;
няўва́жлівая прычы́на kein tríftiger Grund;
адсу́тнічаць па няўва́жлівай прычы́не (правучня) únentschuldigt féhlen
Беларуска-нямецкі слоўнік (М. Кур'янка, 2010, актуальны правапіс)
ГАЛА́КТЫКІ,
гіганцкія гравітацыйна звязаныя зорныя сістэмы, падобныя да нашай Галактыкі. Асн. маса рэчыва сканцэнтравана ў зорках, колькасць якіх у галактыках 106—1012. Галактыкі ўтрымліваюць таксама газ і касм. пыл. Размеркаваныя ў прасторы нераўнамерна, утвараюць скопішчы ў выглядзе буйнамаштабнай ячэістай структуры. Назіраюцца як светлыя туманныя плямы.
Адрозніваюць эліптычныя (E), лінзападобныя (SO), спіральныя (S), спіральныя з перамычкай (SB) і няправільныя (Ir) галактыкі. Найб. пашыраны эліптычныя, лінзападобныя, спіральныя. Эліптычныя галактыкі маюць вось сіметрыі, зоркі аварочваюцца вакол цэнтра мас сістэмы ў розных плоскасцях; як цэлае галактыкі зварочваюцца вельмі павольна. Іх дыяметр 5—50 кпк, масы 106—1013 мас Сонца, свяцільнасці 106—1012 свяцільнасцей Сонца. Яны складаюцца з жоўтых і чырвоных зорак, у іх практычна няма газу. У гэтых сістэмах рана спыніліся працэсы зоркаўтварэння. Прыклад карлікавых эліптычных галактык — спадарожнікі Андрамеды Туманнасці. Спіральныя галактыкі — моцна сплюшчаныя сістэмы з цэнтр. ядром; дастаткова хутка аварочваюцца ў напрамку закручвання спіралей. Маюць 2 і больш спіральных галін, дзе сканцэнтраваны іх самыя яркія і маладыя зоркі, рассеяны зорныя скопішчы, газапылавыя комплексы. Асн. маса зорак знаходзіцца ў дыску галактыкі. Спіральная структура абкружана сферычнай кампанентай, якая складаецца са старых зорак і шаравых скопішчаў. Лінзападобныя галактыкі моцна сплюшчаныя, але не маюць спіральнай структуры; у іх адрозніваюць ядро, лінзу-дыск і слабы арэол — гала. Галактыкі SO, S і SB хутка аварочваюцца (скорасць вярчэння на адлегласці 10 кпк ад ядра дасягае 300 км/с) і абкружаны сферычнымі каронамі. Спіральныя галактыкі з перамычкай маюць выгляд выцягнутага ядра з перамычкай паміж дзвюма спіральнымі галінамі. Да няправільных адносяцца галактыкі, у якіх не назіраюцца выразнае ядро і вярчальная сіметрыя (напр., Магеланавы воблакі). Масы спіральных і няправільных галактык 109—1012 мас Сонца, свяцільнасці 108—1011 свяцільнасцей Сонца. Існуюць таксама пекулярныя галактыкі (кожная мае унікальную форму), узаемадзейныя галактыкі (падвойныя сістэмы, паміж якімі назіраюцца перамычкі светлай матэрыі), квазары.
Літ.:
Ходж П. Галактики: Пер. с англ.М., 1992;
Гуревич Л.Э., Чернин А.Д. Происхождение галактик и звезд. 2 изд. М., 1987;
Агекян Т.А. Звезды, галактики, Метагалактика. 3 изд. М., 1981.
Н.А.Ушакова.
Да арт.Галактыкі: 1, 2, 3 — спіральныя галактыкі (1 — у сузор’і Вялікая Мядзведзіца; 2 — «Самбрэра» ў сузор’і Дзева; 3 — у сузор’і Андрамеда, бачная з рабра); 4 — спіральная галактыка з перамычкай у сузор’і Эрыдан; 5 — няправільная галактыка Вялікае Магеланава Воблака.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРША́К (Самуіл Якаўлевіч) (3.11.1887, г.Варонеж, Расія — 4.7.1964),
расійскі паэт, перакладчык; адзін з пачынальнікаў рас. дзіцячай л-ры. Вучыўся ў Лонданскім ун-це (1913—14). У 1892—94 жыў у Віцебску. У 1920 арганізаваў у Краснадары адзін з першых рас. дзіцячых т-раў. Друкаваўся з 1904. Вершы для дзяцей «Казка пра неразумнае мышаня» (1923), «Вось які рассеяны» (1928), паэт.зб-кі «Дзеткі ў клетцы» (1923), «Рознакаляровая кніга» (1947), «Вершы для дзяцей» (1950, Дзярж. прэмія СССР 1951), аповесці ў вершах «Містэр Твістэр» (1933), «Апавяданне пра невядомага героя» (1937), паэт. энцыклапедыя «Вясёлае падарожжа ад А да Я» (1952), п’есы-казкі «Гора баяцца — шчасця не ўбачыць» (1922, паст.Бел. т-рам імя Я.Коласа, 1962), «Церамок» (1941, паст. Гомельскім абл. т-рам лялек, 1962), «Дванаццаць месяцаў» (1943, Дзярж. прэмія СССР 1946) і інш. адметныя блізкасцю да фальклору, непасрэднасцю, Добрай казачнасцю, гумарам, гарэзлівасцю. Кн. «Выбраная лірыка» (1962) уласцівы глыбіня пранікнення ў вечныя праблемы быцця, шчырасць, імкненне да гармоніі. У Вял.Айч. вайну ствараў сатыр. вершы і подпісы да паліт. плакатаў (Дзярж. прэмія СССР 1942). Аўтар кн. успамінаў «У пачатку жыцця» (1962), зб-ка артыкулаў пра літ. майстэрства «Выхаванне словам» (1961) і інш. Майстар маст. перакладу: «Санеты Шэкспіра ў перакладах С.Маршака» (1948, Дзярж. прэмія СССР 1949), вершы Р.Бёрнса, У.Блейка, Дж.Радары, Дж.Кітса, Ф.Багушэвіча, Я.Лучыны, Цёткі і інш. Падтрымліваў творчыя сувязі з Я.Коласам. П’есы-казкі М. ставіліся ў т-рах Беларусі: «Цудоўны кошык» паводле М. (1945), «Разумны казёл» (1953), «Кошчын дом» (1957, 1980) у Дзярж. т-ры лялек; «Фініст — Ясны Сокал» (1968), «Гора-няшчасце» (1969, абедзве з В.Васільевай) у Дзярж.рус.драм. т-ры; опера-казка І.Польскага на лібрэта М. «Церам-церамок» (1961) у т-ры оперы і балета. На бел. мову асобныя творы М. пераклалі А.Астрэйка, П.Броўка, В.Вітка, К.Кірэенка, М.Лужанін, М.Маляўка, У.Шахавец, А.Якімовіч, і інш. Ленінская прэмія 1963.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—8. М., 1968—72;
Собр. соч.Т. 1—4. М., 1990;
Надпись на часах: Эпиграммат. стихи. М., 1987;
Бел.пер. — Вайна з Дняпром. Мн., 1934;
Пошта. Мн., 1937;
Мы ваенныя. Мн., 1941;
Дванаццаць месяцаў. Мн., 1947;
Містэр Твістэр. 2 выд.Мн., 1952;
Круглы год. Мн., 1953.
Літ.:
Я думал, чувствовал, я жил: Воспоминания о Маршаке [2 изд.] М., 1988;
Шушкевіч С. Роздум над Дзвіною // Шушкевіч С. Выбр.тв.Мн., 1978. Т. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІ́ННЫЯ ПЕ́СНІ, хрэсьбінныя песні,
жанр сямейна-абрадавага фальклору. Вядомы многім славянскім народам. Спяваліся ў час сямейнага святкавання радзін. Найб. даўнія Р.п. захавалі сляды магічнага светапогляду эпохі першабытнаабшчыннага ладу, імкнення сілай слова абараніць дзіця ад злых сіл і забяспечыць яму шчаслівую долю. У іх па-мастацку адлюстраваліся светапогляд, глыбокая нар. філасофія, пачуцці, духоўна-жыццёвы вопыт народа; яны асабліва цесна звязаны з вясковым побытам. Да Р.п. далучаюцца застольныя і бяседныя песні, непасрэдна не звязаныя з абрадам, але прымеркаваныя да яго. Разам з валачобнымі песнямі, восеньскімі песнямі і жніўнымі песнямі належаць да спецыфічных з’яў бел. фальклору, у якім найб. захаваліся. Шырока вядомы на ўсёй Беларусі, асабліва на Віцебшчыне і Магілёўшчыне. Большасць Р.п. групуецца вакол найважнейшых удзельнікаў сямейнай урачыстасці. Паводле зместу і прызначэння падзяляюцца на песні-велічанні да парадзіхі і бацькі, песні-зычэнні да дзіцяці, песні апавядальнага характару пра бабку, песні-велічанні і жартоўныя песні да бабкі і кумоў — самых шаноўных гасцей.
Напевы Р.п. уяўляюць сабой сістэму, якая ў сямейна-абрадавым цыкле вылучаецца сваёй спецыфікай. Ядро сістэмы ўтвараюць 6 асн. тыпавых політэкставых напеваў, адной частцы якіх уласціва стылістыка напеваў-формул, другой — больш індывідуалізаваных напеваў лірычнай вобразнасці. Тыпавыя напевы распаўсюджаны ў межах агульнага арэала пашырэння ўласна радзінных напеваў (ахоплівае ўсю Віцебскую вобл., паўн.ч. Гродзеншчыны, Міншчыны і Магілёўшчыны). Да ўласна радзінных адносяцца таксама абрадавыя па функцыі формульныя або лірызаваныя па стылістыцы полі- і монатэкставыя напевы вузкалакальнага або нават пунктавага пашырэння, а таксама напевы, што маюць рассеяны характар распаўсюджання. Другая група Р.п. — бяседныя і застольныя, частка якіх звязана толькі з абрадам радзін, інш. могуць выконвацца ў любой адпаведнай сітуацыі. Трэцяя група — лірычныя песні пераважна сямейна-быт. тэматыкі. Найб. месца ў абрадзе яны займаюць у той ч. Беларусі, дзе адсутнічаюць тыповыя радзінныя напевы.
Публ.: Шырма Р.Р. Беларускія народныя песні. Т. 2. Мн., 1960; Радзінная паэзія. Мн., 1971; Песні народных свят і абрадаў. Мн., 1974. С. 311—358; Мажэйка З.Я. Песні беларускага Паазер’я. Мн., 1981; Радзіны. Мн., 1998; Варфаламеева Т.Б. Песні беларускага Панямоння. Мн., 1998; Мажэйка З.Я., Варфаламеева Т.Б. Песні беларускага Падняпроўя. Мн., 1999.
Літ.:
Карский Е.Ф. Белорусы. М., 1916. Т. 3, вып. 1. С. 206—225;
Гілевіч Н. Наша родная песня. Мн., 1968. С. 69—74;
Беларуская народна-паэтычная творчасць. Мн., 1979. С. 193—201;
Мухарынская Л.С., Якіменка Т.С. Беларуская народная музычная творчасць. Мн., 1993. С. 92—95.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎСТА́ННЕ 1794у Польшчы, Беларусі і Літве,
нацыянальна-вызваленчае паўстанне супраць акупацыі Расіяй і Прусіяй часткі тэр. Рэчы Паспалітай, за аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772, далейшае правядзенне рэформ Чатырохгадовага сейма 1788—92. Паўстанне падрыхтавана тайнымі патрыят. арг-цыямі, якія аб’ядноўвалі прагрэс. колы шляхты і мяшчан, эмігранцкім цэнтрам у Саксоніі (Дрэздэн, Лейпцыг) у складзе Г.Калантая, І., С. і Я. Патоцкіх, С.Малахоўскага, К.Сапегі і інш. Кіраўніком (начальнікам) паўстання і галоўнакамандуючым нац.ўзбр. сіламі прызначаны Т.Касцюшка. Падрыхтоўкай паўстання ў Варшаве кіраваў ген.-м. І.Дзялынскі, у Вільні — палк. Я.Ясінскі. Удзельнікі паўстання падзяляліся на 2 групоўкі: памяркоўных прыхільнікаў рэформ 1788—92 і радыкалаў («якабінцаў»; гл.«Віленскія якабінцы»), якія імкнуліся ўзняць усенар. паўстанне і правесці радыкальныя рэформы на ўзор Вял.франц. рэвалюцыі пад лозунгам «Свабода, роўнасць і братэрства». Паўстанне пачалося 12.3.1794, калі брыгадзір польск. войска А.Мадалінскі адмовіўся выконваць загад урада аб скарачэнні 1-й Велікапольскай брыгады і разам з войскам накіраваўся ў Кракаў, дзе быў прызначаны пачатак паўстання. 24 сак. ў Кракаве Касцюшка абвясціў Акт паўстання, паводле якога ён атрымліваў найвышэйшую ўладу і пасаду галоўнакамандуючага. Быў створаны рэв. ўрад — Найвышэйшая нацыянальная рада, мясц. органы ўлады — парадкавыя камісіі ваяводстваў і паветаў, якія складаліся са шляхты і мяшчан. 4 крас. пад Рацлавіцамі (каля Кракава) паўстанцы разбілі 2 калоны рас. войска (гл.Рацлавіцкая бітва 1794). У гэтай бітве ўдзельнічалі касінеры (сяляне, узброеныя косамі, замацаванымі тарчма на дрэўках). Паўстанне ахапіла Сандамірскае, Люблінскае, Мазавецкае ваяв., Холмскую зямлю. 17—18 крас. яно перамагло ў Варшаве. 7 мая Касцюшка выдаў Паланецкі універсал, паводле якога сялянам давалася на пэўных умовах асабістая свабода.
На Беларусі і Літве паўстанне пачалося з выступленняў часцей войска ВКЛ 16 крас. ў г. Шаўлі (Шаўляй, Літва), у ноч на 23 крас. — у Вільні, дзе частка рас. войска была ўзята ў палон, частка адступіла. 24 крас. ў Вільні абвешчаны Акт паўстання, створаны рэв. ўрад — Найвышэйшая літоўская рада на чале з Ясінскім. У раду ўвайшлі пераважна прадстаўнікі левага крыла шляхецка-бурж. блока і прадстаўнікі асобных тэр.ВКЛ. Гал. кіраўніком паўстання Найвышэйшая літ. рада прызнала Касцюшку. Яна выступіла з больш радыкальнымі лозунгамі, чым кіраўніцтва паўстання ў Польшчы. Выдавалася рэв. «Gazeta narodowa Wileńska» («Віленская нацыянальная газета»). У пачатку паўстанне мела поспех. Яго падтрымалі сяляне, да якіх у пракламацыях па-беларуску звяртаўся Ясінскі, абяцаючы адмену прыгоннага права. Гэта выклікала незадавальненне Касцюшкі, які лічыў, што радыкальная палітыка можа адштурхнуць ад паўстання шырокія колы шляхты. 28 крас. ў Гродне створана мясц. кіраванне — парадкавая камісія. У крас.—маі паўстанцы ўзялі ўладу ў Брэсце, Ваўкавыску, Слоніме, Навагрудку, Ашмянах, Кобрыне, Лідзе, Браславе, у Жамойці. Рас. войскі вымушаны былі адступіць за мяжу 1793 — да Мінска, Нясвіжа, Пінска. Найвышэйшая літ. рада абвясціла Ясінскага галоўнакамандуючым узбр. сіламі ВКЛ, яму прысвоена званне ген.-лейтэнанта. У маі 1794 Ясінскі вёў баі, каб ліквідаваць пагрозу Вільні з усходу, 7 мая яго дывізія нанесла паражэнне рас. войску каля в. Паляны (непадалёк ад г. Ашмяны). У гэтай бітве ўдзельнічала да 5 тыс. сялян з сякерамі, косамі, віламі, коп’ямі. У гэты час абвастрыліся адносіны паміж кіраўнікамі паўстання. Пад націскам кансерватыўных колаў Касцюшка 4 чэрв. адхіліў ад кіраўніцтва паўстаннем на Беларусі і Літве Ясінскага як радыкала. Замест яго галоўнакамандуючым прызначаны ген.-лейт. М.Вяльгорскі. Загадам Касцюшкі Найвышэйшая літ. рада распушчана і 10 чэрв. створана больш памяркоўная Цэнтральная дэпутацыя Вялікага княства Літоўскага. Найвышэйшая нац. рада ў Варшаве ўзяла пад свой кантроль кіраўніцтва паўстаннем у Літве і Беларусі, чым скавала ініцыятыву мясц. кіраўнікоў. 12—16 чэрв. М.К.Агінскі спрабаваў глыбокім рэйдам узняць паўстанне ў Мінскай губ. Яго атрад прайшоў праз Валожын і Івянец, але ў бітве пад Вішневам быў разбіты. У жн. Агінскі з новым атрадам рушыў праз Браслаўшчыну на Дынабург (Даўгаўпілс, Латвія), каб адцягнуць ад Вільні рас. войскі. У 2-й пал. жніўня 3-тыс. атрад палк. С.Грабоўскага правёў новы рэйд у Мінскую губ., але 4 вер. разбіты ў Любанскім баі 1794. Рас. камандаванне кінула на Вільню 3 карпусы. 11 жн. горад быў акружаны і пасля бою 12 жн. капітуляваў. Войска ВКЛ адступіла да Гродна, куды пераехалі і паўстанцкія ўлады. На дапамогу рас. арміі выступіла пруская армія. 6 чэрв. пад Шчакацінамі (на Пн ад Кракава) корпус Касцюшкі пацярпеў паражэнне ад аб’яднанай рас.-прускай арміі, Кракаў быў здадзены. Аўстрыя ўвяла свае войскі ў Люблінскае ваяв. З Украіны быў накіраваны корпус ген.-аншэфа А.В.Суворава, які ў Крупчыцкім баі 1794 разбіў корпус ген.-м. К.Серакоўскага. 19 вер. пад Цярэспалем войскі Суворава разбілі атрады Серакоўскага і ген.-м. К.Князевіча. 10 кастр. ў Мацяёвіцкай бітве 1794 корпус Касцюшкі зноў пацярпеў паражэнне, а ён сам паранены, захоплены ў палон і зняволены. Начальнікам паўстання прызначаны ген.-лейт. Т.Ваўжэцкі. Карпусы Суворава 4 ліст. штурмам узялі Прагу (прадмесце Варшавы), 6 ліст. здалася Варшава. Рэшткі паўстанцкіх войск на чале з Ваўжэцкім адступілі на Пд, дзе 16 ліст.рассеянырас. войскамі. Паўстанне, у якім удзельнічалі прадстаўнікі ўсіх слаёў польск., бел., літ. грамадства на чале са шляхтай (усяго каля 150 тыс.чал., у т. л. на Беларусі і Літве 30—40 тыс.), было задушана. Яно адкрыла перыяд шляхецкай рэвалюцыйнасці на Беларусі, стварыла новы рэв. асяродак ва Усх. Еўропе, які быў працягам Вял.франц. рэвалюцыі. Паражэнне паўстання прывяло да трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай.
Літ.:
Пичета В.И. К истории восстания Костюшко 1794 г. // Уч. зап. Ин-та славяноведения АНСССР. 1953. Т. 7;
Грыцкевіч А.П. Паўстанне 1794 г.: перадумовы, ход і вынікі // Бел.гіст.часоп. 1994. № 1;
Емяльянчык У. Паланез для касінераў: (З падзей паўстання 1794 г. пад кіраўніцтвам Т.Касцюшкі на Беларусі). Мн., 1994.
А.П.Грыцкевіч.
Да арт.Паўстанне 1794. Бітва пад Рацлавіцамі 4.4.1794. Малюнак А.Арлоўскага.