дэнаміна́цыя

(лац. denominatio = перайменаванне)

экан. змяненне намінальнай вартасці грашовых знакаў для ўпарадкавання грашовага абарачэння і спрашчэння разлікаў.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

дэві́за

(фр. devise)

плацежны сродак (вэксаль, чэк, акрэдытыў і г. д.), выражаны ў замежнай валюце для міжнародных разлікаў.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

бала́нс

(фр. balance = літар. вагі)

1) суадносіны ўзаемазвязаных паказчыкаў якой-н. дзейнасці, працэсу, напр. вытворчасці і спажывання, увозу і вывазу тавараў, прыходу і расходу вады;

2) параўнальны вынік прыходу і расходу пры завяршэнні разлікаў, а таксама зводная ведамасць разлікаў (напр. квартальны б., падвесці б.).

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

ВЫТВО́РЧАЯ МАГУ́ТНАСЦЬ,

максімальна магчымы выпуск якаснай прадукцыі ці аб’ём здабычы або перапрацоўкі сыравіны за адзінку часу. Вытворчая магутнасць прадпрыемства складаецца з сумарнай магутнасці яго асн. цэхаў, а цэхаў — з магутнасці асн. абсталявання. Разлічваецца на суткі, год або некалькі гадоў. Выражаецца ў натуральных (вырабы, дэталі, штукі, тоны), умоўна-натуральных і грашовых паказчыках. Вытворчая магутнасць — велічыня пераменная, мяняецца з развіццём тэхн. прагрэсу, залежыць ад попыту на прадукцыю на рынку і інш. фактараў. На падставе разлікаў на прадпрыемствах складаецца баланс вытворчых магутнасцей і іх выкарыстання. З павышэннем узроўню выкарыстання вытворчай магутнасці (праз укараненне высокаэфектыўнага абсталявання, прагрэсіўнай тэхналогіі, удасканаленне арганізацыі вытв-сці і працы) павялічваецца выпуск прадукцыі.

Р.​М.​Шахлевіч.

т. 4, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ІНТЭГРА́Л»,

бел. навукова-вытворчае аб’яднанне па вытв-сці і распрацоўцы электронных кампанентаў. Як аб’яднанне прадпрыемстваў электронікі дзейнічае з 1971. У яго ўваходзяць: з-ды імя Дзяржынскага, «Транзістар», «Электроніка», «Элмаш» (усе ў Мінску), «Колератрон» (Брэст), «Камертон» (Пінск); н.-д. канструктарска-тэхнал. прадпрыемства «Белмікрасістэмы», спец. канструктарскія бюро «Няміга» (Мінск) і «Захад» (Брэст). Асн. прадукцыя: інтэгральныя мікрасхемы, паўправадніковыя прыборы, вадкасна-крышт. экраны і панэлі, спец. тэхнал. абсталяванне, выліч. тэхніка, вузлы і блокі для вырабаў быт. і прамысл. электронікі, тэлеф. апараты, пластыкавыя карткі, прыстасаванні для электронных сістэм рэгістрацыі даных і безнаяўных разлікаў, мед. прылады, электронныя і мех. гадзіннікі, электронныя гульні і інш.

Л.​М.​Ісаева.

т. 7, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

клі́рынг

(англ. clearing, ад clear = ачышчаць, уносіць яснасць)

сістэма безнаяўных разлікаў паміж банкамі, заснаваная на заліку ўзаемных патрабаванняў і абавязкаў.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

АЎТАМАТЫ́ЧНАГА КІРАВА́ННЯ ТЭО́РЫЯ,

раздзел кібернетыкі тэхнічнай, які вывучае прынцыпы пабудовы сістэм аўтам. кіравання (САК) і заканамернасці працэсаў, што ў іх працякаюць. Даследаванні праводзяцца на дынамічных (фіз. і матэм.) мадэлях рэальных сістэм з улікам умоў работы, прызначэння і канструкцыйных асаблівасцяў аб’ектаў і аўтам. прыстасаванняў.

Спачатку аўтаматычнага кіравання тэорыя развівалася як тэорыя аўтам. рэгулявання. На аснове вывучэння ўзаемадзеяння кіроўных прыстасаванняў і тэхн. аб’ектаў рознай прыроды выяўлена агульнасць працэсаў кіравання. Асн. задача аўтаматычнага кіравання тэорыі — распрацоўка метадаў аналізу і сінтэзу САК, з дапамогай якой руху (паводзінам) пэўнага аб’екта можна надаваць папярэдне зададзеныя ўласцівасці. Пры фіз. мадэляванні неабходна геам. (макеты збудаванняў, размеркаванне абсталявання і інш.) і фіз. (тоеснасць законаў руху, функцыянавання і інш.) падабенства. Пры матэм. мадэляванні абавязкова аднолькавасць матэм. фармалізму, вынікаў матэм. суадносін (разлікаў па формулах, алгарытмах і інш.) і рэальных працэсаў. Матэм. мадэль дынамікі аб’екта, у якой працэсы кіравання апісваюцца сістэмай звычайных дыферэнцыяльных ураўненняў або ўраўненняў у частковых вытворных, пры пераходзе ад ураўненняў да перадатачных функцый увасабляецца ў структурную схему з тыповых звенняў. Пры пабудове складаных сістэм кіравання акрамя тэарэт. метадаў выкарыстоўваецца мадэляванне на базе ЭВМ (у т. л. аналогавых), на якіх узнаўляюцца ўраўненні, што апісваюць сістэму кіравання ў цэлым, і па выніках разлікаў высвятляецца структура кіроўнага прыстасавання.

На Беларусі з канца 1950-х г. у АН, БДУ, Бел. політэхн. акадэміі, Бел. дзярж. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі развіваецца тэорыя аўтам. рэгулявання электрапрыводаў, самапрыстасавальных аптымальных сістэм, сістэм з пераменнай структурай і інш.

Літ.:

Теория автоматического регулирования. Кн. 1—3. М., 1967—69;

Римский Г.В. Основы общей теории корневых траекторий систем автоматического управления. Мн., 1972;

Панасюк А.И., Панасюк В.И., Асимптотическая магистральная оптимизация управляемых систем. Мн., 1986.

Г.​В.​Рымскі.

т. 2, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ БА́НК РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,

цэнтральная крэдытная ўстанова, галоўнае звяно банкаўскай сістэмы краіны. Створаны ў 1991 на базе бел. рэсп. канторы Дзяржбанка СССР. Дзейнічае на аснове законаў «Аб Нацыянальным банку Беларускай ССР» і «Аб банках і банкаўскай дзейнасці» (1990). Ажыццяўляе кіраванне грашова-крэдытнай палітыкай, каардынацыю дзейнасці банкаў Рэспублікі. Мэта — забеспячэнне ўнутр. і знешняй устойлівасці афіц. грашовай адзінкі, падтрыманне стабільнай дынамікі цэн. Асн. функцыі: грашова-крэдытнае і валютнае рэгуляванне; выкананне функцый цэнтр. дэпазітарыя міжбанкаўскіх разлікаў і касавага абслугоўвання камерцыйных банкаў; кансультаванне; крэдытаванне і ажыццяўленне функцый фін. агента ўрада і мясц. органаў улады; рэгістрацыя банкаў і нагляд за іх дзейнасцю; рэгуляванне знешнеэканамічнай банкаўскай дзейнасці; забеспячэнне адзінага парадку бухгалтарскага ўліку і справаздачы ў банкаўскай сістэме; вызначэнне і зацвярджэнне парадку, форм і правілаў арганізацыі безнаяўных разлікаў; арганізацыя крэдытна-разліковага абслугоўвання вайск. часцей, прадпрыемстваў і ўстаноў, арг-цый мін-ваў абароны і ўнутр. спраў, КДБ. Прымае ўдзел у распрацоўцы і выкананні «Асноўных кірункаў грашова-крэдытнай палітыкі». Устанаўлівае афіц. курсы замежных валют да афіц. грашовай адзінкі, валодае выключным правам эмісіі грошай. Супрацоўнічае з Міжнар. валютным фондам, Сусв. банкам рэканструкцыі і развіцця. Мае карэспандэнцкія рахункі ў шэрагу замежных краін і заканад. права ўдзельнічаць у міжнар. банкаўскіх фондах, саюзах, асацыяцыях.

Пабудаваны ў 1947—52 (арх. М.​Паруснікаў) на праспекце Ф.​Скарыны. 4-павярховы Г-падобны ў плане будынак. У арх. вырашэнні інтэрпрэтаваны матывы класіцызму і рэнесансу, якія надаюць будынку манументальнасць і параднасць. У пластыцы гал. і бакавых фасадаў важную ролю адыгрываюць рытм пілястраў карынфскага ордэра і буйных арачных аконных праёмаў, антаблемент, расчлянёны паміж пілястрамі паўкруглымі аркамі. Будынак завершаны складаным карнізам і атыкам-парапетам.

А.​А.​Воінаў (архітэктура), С.​І.​Пуплікаў.

Будынак Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь.

т. 11, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

бала́нс

(фр. balance = літар. вагі)

1) раўнавага, ураўнаважванне;

2) суадносіны ўзаемазвязаных паказчыкаў якой-н. дзейнасці, працэсу, напр. вытворчасці і спажывання, увозу і вывазу тавараў, прыходу і расходу вады;

3) параўнальны вынік прыходу і расходу пры завяршэнні разлікаў, а таксама зводная ведамасць разлікаў;

4) бярвенні аднолькавай даўжыні, якія ідуць на выраб цэлюлозы;

5) дэталь гадзіннікавага механізма ў выглядзе кольца з папярочкай, якая з’яўляецца рэгулятарам ходу.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

раху́нак, -нку і -нка, мн. -нкі, -нкаў, м.

1. -нка. Дакумент з указаннем належнай сумы грошай за адпушчаны тавар ці выкананую работу.

Р. за міжгароднія перагаворы.

2. -нку. Дакументальна аформленае права асобы або ўстановы, арганізацыі праводзіць праз банк розныя грашовыя аперацыі; дакумент, які дае такое права і адлюстроўвае стан фінансавых разлікаў, наяўнасць грашовых укладаў.

Адкрыць р. у банку.

3. -нку. Падлік даходаў і расходаў.

Падвесці р. зробленых за тыдзень расходаў.

4. -нку, перан. Узаемныя прэтэнзіі, крыўды, незадавальненні.

У мяне з ім асобы р.

Асабовы рахунак — рахунак у банку, адкрыты на пэўную асобу.

Бягучы рахунак — рахунак укладчыка ў банку

|| прым. рахунко́вы, -ая, -ае (да 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)