ГЛАЎКО́МА (ад грэч. glaukos блакітнавата-зялёны + ...ома),
хранічная хвароба вачэй, пры якой павышаецца ўнутрывочны ціск і зніжаецца зрок. У аснове глаукомы — парушэнне цыркуляцыі вочнай вадкасці (найчасцей адтоку).
Бывае глаукома першасная (самастойная хвароба; хварэюць у асн. людзі пасля 40 гадоў), другасная (ад інш. хвароб вачэй — рубцы рагавіцы, пухліны) і прыроджаная (ад дэфектаў развіцця вока). Пры першаснай глаукоме пашкоджваюцца абодва вокі; нялечаная хвароба прагрэсіруе і прыводзіць да слепаты. Прыкметы: унутрывочны ціск да 70—80 мм рт. ст. (у норме 18—27), боль вока і вакол яго, пачырваненне вока, ацёк рагавіцы, расшырэнне зрэнак, пагаршэнне зроку, моташнасць, ірвота. Пры любой форме глаукомы звужаецца поле зроку, пагаршаецца зрок, атрафіруецца зрокавы нерв. Лячэнне: медыкаментознае, лазернае і хірургічнае.
Л.М.Марчанка.
т. 5, с. 287
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІГМЕ́НТНЫЯ КЛЕ́ТКІ,
храматафоры, свабодныя і эпітэліяльныя клеткі нейраэктадэрмальнага паходжання, якія сінтэзуюць пігменты. Абумоўліваюць афарбоўку скурных покрываў, іх вытворных (валасоў, пер’я), унутр. высцілак цела і вока ў шэрагу груп беспазваночных, пазваночных жывёл і чалавека. Забяспечваюць ахоўную, агрэсіўную і шлюбную афарбоўку, прымаюць удзел у тэрмарэгуляцыі і ахове арганізма ад празмернага ультрафіялетавага выпрамянення. Функцыя П.к. знаходзіцца пад гарманальным, а ў рыб і нерв. кантролем, залежыць ад пары года, асвечанасці, эндагенных рытмаў і інш. Звычайна змена афарбоўкі з’яўляецца прыстасаваннем жывёлы да колеру навакольнага фону (асабліва ў насякомых, малюскаў, ракападобных і інш.). Парушэнні развіцця П.к. у зародка прыводзяць да радзімак (атыпічныя П.к.). У выніку злаякаснага перараджэння П.к. радзімак у чалавека развіваюцца пігментныя пухліны — меланомы.
А.С.Леанцюк.
т. 12, с. 349
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАКЦЫНАПРАФІЛА́КТЫКА,
метад прафілактыкі інфекц. і паразітарных хвароб з дапамогай вакцын, якія выпрацоўваюць супрацьінфекц. імунітэт; мера папярэджання распаўсюджвання інфекц. хвароб.
Планавая абавязковая вакцынапрафілактыка прадугледжана супраць дыфтэрыі, слупняку, поліяміэліту, адру, коклюшу, туберкулёзу (у некат. краінах супраць краснухі і віруснага паратыту). Робяць яе ў вызначаныя тэрміны. Па эпідэміял. паказчыках праводзяць пры пагрозе ўзнікнення і пашырэння інфекц. захворвання на пэўнай тэрыторыі. Пры многіх хваробах (чума, халера, тулярэмія, бруцэлёз, лептаспірозы, сібірская язва, грып, гепатыт B, шаленства і інш.) робяцца вакцынапрафілактыкі планавыя і па эпідэміял. паказчыках. Імунітэт цягнецца ад некалькіх месяцаў да некалькіх гадоў. Каб яго падоўжыць, вакцыны ўводзяцца паўторна. Супрацьпаказанні: прыроджаныя і набытыя імунадэфіцыты, вострыя інфекц. і неінфекц. захворванні, абвастрэнні хранічных хвароб, злаякасныя пухліны, алергічныя і гематалагічныя хваробы, пашкоджанні печані, нырак, сардэчна-сасудзістай сістэмы.
А.П.Красільнікаў.
т. 3, с. 467
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПЕРСЕКСУА́ЛЬНАСЦЬ (ад гіпер... + сексуальнасць),
значна павышаная палавая схільнасць. Асобы, у якіх адзначана гіперсексуальнасць, маюць высокую палавую ўзбуджальнасць і гатовыя да сексуальных рэакцый пад уздзеяннем нязначных (але адэкватных) знешніх раздражняльнікаў. Звычайна абумоўлена расстройствам нейрагумаральнай або псіхічнай функцыі пры палавым акце. Праяўленні гіперсексуальнасці характэрны для некаторых узроставых перыядаў (гіперсексуальнасць пубертатная, або юнацкая, гіперсексуальнасць клімактэрычнага перыяду). Выражаная гіперсексуальнасць назіраецца пры некаторых эндакрынных (пухліны наднырачнікаў, палавых залоз і інш.) і псіхічных (маніякальна-дэпрэсіўны псіхоз, шызафрэнія і інш.) захворваннях, дыэнцэфальных парушэннях. Характэрна таксама для німфаманіі (у жанчын) і сатырыязу (у мужчын), што часта развіваюцца на фоне розных псіхічных ненармальнасцей. Для юнацкай гіперсексуальнасці (з узростам праходзіць) характэрна празмерная фіксацыя псіхікі на сексуальна-эратычных уражаннях і фантазіях, якія суправаджаюцца спантаннымі эрэкцыямі і частымі палюцыямі. Мастурбацыя пры гэтым мае сурагатнаахоўную накіраванасць на пазбаўленне ад залішняй палавой узбуджальнасці.
т. 5, с. 257
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКО́ЗЫ [ад грэч. mykēs грыб + ...оз(ы)],
1) інфекцыйныя хваробы жывёл і чалавека, якія выклікаюцца паразітычнымі грыбамі і актынаміцэтамі. Пашыраны ўсюды. У жывёл хварэе пераважна маладняк. Большасць узбуджальнікаў аэробныя арганізмы, некат. маюць таксіны, якія выклікаюць атручэнні. Заражэнне адбываецца праз скуру, слізістыя абалонкі экзагенна (ад хворага непасрэдна ці праз паветра, прадметы, кармы, ежу) або эндагенна (пры актывацыі патагенаў у час інш. хвароб, парушэнняў абмену рэчываў, дысбактэрыёзаў). Пры паверхневых М. пашкоджваюцца скура і яе вытворныя, пры глыбокіх — таксама слізістыя абалонкі, унутр. органы і тканкі, могуць утварацца пухліны. Большасць М. працякае хранічна, многія перадаюцца ад жывёл чалавеку. У людзей найчасцей бываюць грыбковыя хваробы скуры. У жывёл пашыраны актынабацылёз, актынамікоз, аспергілёз, бластамікозы, какцыдыяідоз, кандыдамікозы, мікраспарыя, трыхафітыя, фавус, фікамікозы, эпізаатычны лімфангііт, крыптакакоз, споратрыхоз, стрэптатрыхоз і інш. 2) Тое. што грыбныя хваробы раслін.
т. 10, с. 357
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫБКО́ВЫЯ ХВАРО́БЫ СКУ́РЫ, дэрматамікозы,
хваробы скуры і слізістых абалонак, выкліканыя патагеннымі грыбкамі. Крыніца хваробы — хворыя людзі ці жывёлы (цяляты, каты, пацукі). Прычыны: наяўнасць хранічных інфекц. і неінфекц. хвароб (туберкулёз, цукровы дыябет, злаякасныя пухліны і інш.), хранічныя інтаксікацыі (наркаманія, алкагалізм, таксікаманія), пашкоджанні скуры і слізістых абалонак, ужыванне доўгі час антыбіётыкаў, цытастатычных і кортыкастэроідных прэпаратаў, прамянёвая тэрапія і інш. Падзяляюцца на 4 групы: кератамікозы, дэрматафітыі, кандыдозы, глыбокія мікозы.
Кератамікозы (вотруб’епадобны лішай) мала заразныя. Узбуджальнікі іх паразітуюць у паверхневым слоі скуры, запаленне яе не выклікаюць. Дэрматафітыя (трыхафітыя, мікраспарыя, эпідэрмафітыя, фавус) выклікае хваробы скуры, валасоў, пазногцяў, а кандыдоз, акрамя таго, слізістых абалонак. Пры глыбокіх мікозах (какцыдыяідоз, гістаплазмоз, хромамікоз і інш.) пашкоджваюцца не толькі скура і слізістая абалонкі, але і ўнутр органы, нерв. сістэма і касцявы апарат. Лячэнне: прэпараты з фунгістатычным і фунгіцыдным дзеяннем, анілінавыя фарбы.
М.З.Ягоўдзік.
т. 5, с. 470
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУЛЬМАНАЛО́ГІЯ [ад лац. pulmo (pulmonis) лёгкае + ...логія],
раздзел медыцыны, які вывучае прычыны і механізмы развіцця хвароб органаў дыхання, распрацоўвае метады іх дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі. П. вывучае неспецыфічныя запаленчыя захворванні (трахеіты, бранхіты, пнеўманіі, плеўрыты і інш.), спецыфічныя (туберкулёз, сіфіліс, грыбковыя пашкоджанні і інш.), алергічныя захворванні (астма бранхіяльная і інш.), пухліны, заганы развіцця, парушэнні кровазвароту ў лёгкіх (застойныя з’явы, інфаркт лёгкага), прафес. хваробы (напр., пнеўмаканіёзы). На Беларусі праблемамі П. займаецца пульманалогіі і фтызіятрыі НДІ. Уклад у развіццё П. зрабілі В.С.Кароўкін, М.М.Ламака, С.М.Мялкіх, В.В.Баршчэўскі, А.М.Калечыц і інш.
Літ.:
Борщевский В.В., Калечиц О.М., Богомазова А.В. Эпидемиология неспецифических болезней органов дыхания, организация пульмонологической помощи населению;
общие вопросы // Современные проблемы пульмонологии: Сб. науч. работ. Мн., 1995;
Лаптева И.М., Борщевский В.В., Богомазова А.В. Состояние и пути совершенствования пульмонологической помощи населению Республики Беларусь // Мед. новости. 1998. №8.
І.М.Семяненя.
т. 13, с. 121
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕГЕТАРЫЯ́НСТВА (англ. vegetarian ад позналац. vegetarius раслінны),
сістэма харчавання, пры якой выключаецца або абмяжоўваецца спажыванне прадуктаў жывёльнага паходжання. «Старавегетарыянцы» спажываюць толькі раслінныя прадукты. «Моладавегетарыянцы» (авалактавегетэрыянцы) акрамя расліннай ежы ўключаюць у рацыён малочныя прадукты і яйкі. Чыстых, ці строгіх, вегетарыянцаў называюць таксама веганамі. Родапачынальнікам вегетарыянства лічаць стараж.-грэч. філосафа і матэматыка Піфагора (6 ст. да н.э.). Прыхільнікамі гэтай сістэмы харчавання былі Эпікур, Платон, Сакрат, Авідзій, Плутарх, Вальтэр, Ж.Ж.Русо, Дж.Байран, І.Рэпін, Р.Кент, Б.Шоу, Л.Талстой і інш. Як вучэнне ўзнікла ў 1-й пал. 19 ст. ў Зах. Еўропе. Вегетарыянства прадугледжвае здаровы лад жыцця, адмову ад курэння, алкаголю, зніжае захваральнасць на атэрасклероз і злаякасныя пухліны, дапамагае захаваць і ўмацаваць здароўе, нармалізаваць масу цела, дасягнуць актыўнага даўгалецця. Асн. недахоп вегетарыянства — магчымасць развіцця ў арганізме дэфіцыту бялкоў, ненасычаных тлустых кіслот, некаторых вітамінаў з адпаведнымі парушэннямі абмену рэчываў. Пераход на вегетарыянства не рэкамендуецца ў гады росту арганізма, пры цяжарнасці, кармленні грудзьмі, у глыбокай старасці.
М.Ф.Сарока.
т. 4, с. 54
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІГАНТЫ́ЗМ [ад грэч. gigas (gigantos) гігант],
клінічны сіндром, абумоўлены вял. ростам ці выражаным павелічэннем асобных частак цела. Гігантамі лічаць мужчын, якія вышэй за 200 см, жанчын, што вышэй за 180 см (1—3 выпадкі на 1 тыс. чал.). Гігантызм як паталагічны стан узнікае з прычыны гіперпрадукцыі самататропнага гармону (гармон росту) ці павышанай адчувальнасці да яго рэцэптараў эпіфізарных храсткоў у дзіцячым і юнацкім узросце пры незакончаным акасцяненні шкілета. Прычыны гігантызму: пухліны гіпофіза, запаленчыя, траўматычныя і іншыя пашкоджанні гіпаталама-гіпафізарнай вобласці. Павелічэнне росту адбываецца пераважна ў 10—16-гадовым узросце, потым можа праяўляцца акрамегалія, павелічэнне ўнутр. органаў (спланхнамегалія). Пры гігантызме парушаецца абмен рэчываў, з’яўляюцца псіханеўралагічныя расстройствы (агульныя слабасць, стамляльнасць, зніжэнне памяці, мускульнай сілы, болі галавы і ў канечнасцях), у мужчын — затрымка развіцця палавых органаў і другасных палавых прыкмет, у жанчын — першасная аменарэя ці спыненне менструальнага цыкла, бясплоднасць. Пры частковым (парцыяльным) гігантызме адбываецца рэзкае павелічэнне асобных частак ці палавіны цела (трапляецца рэдка). Лячэнне: прамене- і гармонатэрапія, хірургічнае.
Г.Г.Шанько.
т. 5, с. 217
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІСТАГЕНЕ́З (ад гіста... + ...генез),
працэс развіцця ў шматклетачным арганізме, які забяспечвае ўзнікненне, існаванне, перабудову і аднаўленне тканак з іх спецыфічнымі для кожнага арганізма і яго органаў марфалагічнымі і фізіёлага-біяхім. асаблівасцямі; адна з фаз антагенезу. Настае пасля або ў працэсе арганагенезу; уключае клетачнае размнажэнне, дэтэрмінацыю, клетачны рост, міграцыі клетак, адгезію, дыферэнцыроўку клетак і пазаклетачных вытворных, міжклетачныя і міжтканкавыя ўзаемадзеянні, адміранне клетак. Спецыялізацыя клетак спадчынна замацоўваецца, таму адна тканка ў другую не ператвараецца. Гістагенез абумоўлены эвалюцыйным развіццём, залежыць ад унутры- і міжтканкавых узаемаадносін, ад узаемадзеяння арганізма з навакольным асяроддзем. Неадначасовае развіццё клетак пры гістагенезе забяспечвае захаванне маладыферэнцыраваных элементаў, якія служаць крыніцай папаўнення клетак на працягу жыцця арганізма і аднаўлення тканкі пасля яе пашкоджання (рэгенерацыі). У тканках з высокім узроўнем дыферэнцыроўкі (мышачная, нервовая) магчымасці рэгенерацыі больш абмежаваныя. Рэпаратыўны гістагенез у постнатальным перыядзе антагенезу складае аснову аднаўлення часткова страчаных або пашкоджаных тканак (напр., фізіялагічная рэгенерацыя клетак крыві). Якасныя змены гістагенезу могуць прывесці да ўзнікнення і росту пухліны. Нармальны і паталагічны гістагенез вывучае гісталогія.
А.С.Леанцюк.
т. 5, с. 265
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)