ПСІХАЛО́ГІЯ ТВО́РЧАСЦІ,

галіна псіхалагічных даследаванняў творчай дзейнасці людзей у навуцы, вынаходніцтве і рацыяналізатарстве, літаратурным, выяўленчым, муз., сцэнічным і інш. мастацтвах. Вывучае псіхалогію чалавека як творцы, агульныя і асобныя заканамернасці творчага працэсу — ад узнікнення задумы да яе рэалізацыі. Тэарэтычна П.т. дазваляе раскрыць спецыфіку творчай дзейнасці, практычна — развіваць творчыя здольнасці чалавека. Да праблематыкі П.т. адносяць: размежаванне тыпаў творчых працэсаў у залежнасці ад тыпаў мыслення, у якіх пераважаюць рацыяналістычныя, суб’ектыўна-экспрэсіўныя ці аналітыка-сінт. тэндэнцыі; вывучэнне фактараў, якія стымулююць творчую актыўнасць (групавая дыскусія, «мазгавая атака», некат. псіха-фармакалагічныя сродкі і г.д.); дзейнасць асобы ў творчым калектыве; роля інтуіцыі, мыслення, натхнення, уяўлення, індывід.-псіхал. асаблівасцей у творчым працэсе.

Ужо ў антычнасці вызначалася дваякая трактоўка прыроды творчасці: як «свяшчэннага натхнення» (Платон) і як рэалізацыі ўсвядомленай задумы, што абапіраецца на вопыт і пэўныя прынцыпы (Арыстоцель). У 1740—60-я г. вылучана ідэя аб дэтэрмінаванасці творчай дзейнасці мастака, залежнасці характару гэтай дзейнасці ад часу і соцыуму (Д.​Дзідро, Г.​Э.​Лесінг, І.​Г.​Гердэр). Класікі ням. ідэаліст. філасофіі сцвярджалі, што дзейнасць мастака абумоўлена часам, і крытыкавалі думку аб несвядомасці творчага працэсу (І.​Кант, Ф.​Шэлінг, Г.​Гегель). Як навука П.т. пачала складвацца ў 2-й палавіне 19 ст. З канца 19 ст. П.т. развівалася ў межах асобных кірункаў у псіхалогіі («неўрапатычныя» канцэпцыі Ч.​Ламброза і М.​Нордаў, тэорыя псіхааналізу З.​Фрэйда, К.​Г.​Юнга і інш.).

т. 13, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

псіхааналі́з псіхаана́ліз

(ад псіха- + аналіз)

метад лячэння нервовых і псіхічных захворванняў, які заключаецца ў выяўленні падсвядомых слядоў афектыўных перажыванняў; прапанаваны ў канцы 19 ст. аўстрыйскім псіхіятрам З. Фрэйдам (гл. фрэйдызм).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

псіхало́гія

(ад псіха- + -логія)

1) навука аб псіхіцы;

2) сукупнасць псіхічных працэсаў у пэўных умовах (напр. п. працы, п. творчасці);

3) асаблівасці характару, духоўны склад (напр. п. селяніна, п. дзіцяці).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

псіхасама́тыка

(ад псіха- + гр. somatikos = цялесны)

суб’ектыўна-ідэалістычная медыка-псіхалагічная тэорыя, якая разглядае чалавека як цэласнае адзінства душы і цела, але тлумачыць псіхіку як пачатак усіх працэсаў, што адбываюцца ў чалавечым арганізме.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПСІХААНА́ЛІЗ (ад псіха... + аналіз),

вучэнне пра даследаванне бессвядомых псіхічных працэсаў і матывацый, выкарыстанне тэрапеўтычных уплываў на іх. Засн. ў канцы 19—1-й трэці 20 ст. З.Фрэйдам. Вынікі псіхатэрапеўт. практыкі, аналіз розных з’яў нармальнага псіхічнага жыцця (сон, памылковыя дзеянні, дасціпнасць) вызначаны Фрэйдам як вынік дзеяння агульных псіхал. механізмаў. Паслужыў асновай аналітычнай псіхалогіі, распрацаванай К.Юнгам, індывідуальнай псіхалогіі, засн. на вучэнні А.Адлера, і інш. плыняў глыбіннай псіхалогіі. П. узняў праблему сэнсавай і энергет. характарыстык псіхікі, яе структуры і дынамікі. Пашырыўся ў многіх краінах як сістэма поглядаў на прыроду чалавечай псіхікі, з’явы маралі, рэлігіі, культуры, мастацтва, навукі, грамадскага жыцця і інш. У аснове гэтых поглядаў тэорыя неўсвядомленага і полавай цягі. Неўсвядомленае праяўляецца ў паводзінах і псіхіцы чалавека; метады яго выяўлення — свабодныя асацыяцыі, тлумачэнне сноў, вывучэнне неўратычных сімптомаў і інш. Асоба ў структурных адносінах у П. складаецца з «Я», «Яно» і «Звыш-Я». Цэнтр. ідэя П. — існаванне тайнага канфлікту паміж неўсвядомленым і неабходнасцю выжыць у варожым для дадзенага індывіда асяроддзі. Адбываецца таксама сублімацыя (пераключэнне энергіі) неўсвядомленага. Механізм сублімацыі трактуецца як асн. крыніца творчасці. Паводле Фрэйда, П. займае «сярэдняе месца» паміж медыцынай і філасофіяй.

Літ.:

Фрейд З. Основные принципы психоанализа: Пер. с нем., анг. М.;

Киев, 1998;

Яго ж. Психоаналитические этюды: Пер. с нем. Мн., 1997;

Ярошевский М.Г. История психологии. 2 изд. М., 1997;

Ждан А.Н. История психологии. 3 изд. М., 1999;

Психоанализ и культура: Избр. тр. Карен Хорни и Эриха Фромма. М., 1995;

Шульц Д.П., Шульц С.Э. История современной психологии;

Пер. с анг. СПб., 1998.

Л.​А.​Кандыбовіч.

т. 13, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПСІХАЛІНГВІ́СТЫКА (ад псіха... + лінгвістыка),

навука пра маўленчую дзейнасць, працэсы спараджэння і ўспрымання маўлення. Даследуе прычыны паталогіі маўленчай дзейнасці, дзіцячае маўленне, займаецца мадэліраваннем працэсаў спараджэння і ўспрымання маўлення, пытаннямі двухмоўя, вывучэння роднай і замежных моў і інш. Маўленчая дзейнасць цесна і арганічна спалучаецца з усімі інш. відамі разумовай, духоўнай, псіх., біял. дзейнасці чалавека. Кіраванне імі ажыццяўляецца нервовай сістэмай, у прыватнасці, карой галаўнога мозга; звязвальным ланцугом выступае маўленне, псіхал. механізмы якога знаходзяцца ў найб. важных і развітых зонах гэтай кары. Найб. істотны сродак ператварэння думкі ў выказванне і выказвання ў думку — унутр. маўленне. Пры пашкоджанні (кровазліццё, страсенне, раненне) участкаў мозга, дзе знаходзяцца моўныя механізмы, у чалавека адзначаюцца розныя віды афазіі: ад лёгкага заікання да поўнай страты мовы. Рэакцыі чалавека, які ўспрымае мову, могуць быць фізіял. (змена частаты пульсу, пашырэнне зрэнак вачэй і інш.) і моўнымі. Улік і вывучэнне гэтых рэакцый дазваляе даследаваць будову мовы і свядомасці, што аперыруе ёй. П. займаецца таксама прыкладнымі праблемамі: распрацоўка эфектыўных прыёмаў моўнага ўздзеяння на адрасатаў (аптымальная арганізацыя сродкаў масавай інфармацыі, рэкламы, прапаганды і інш.), лячэнне афазіі, распрацоўка пытанняў, звязаных са зносінамі людзей, людзей з машынамі, прыняцце правільных каманд і рашэнняў у сістэме кіравання.

П. бярэ пачатак ад вучэння В.​Гумбальта, яго паслядоўнікаў Г.​Штайнталя і А.​Патабні пра мову як псіхал. з’яву. На Беларусі псіхалінгвістычныя даследаванні мовы звязаны з дзейнасцю Л.​Выгоцкага, Л.​Шчэрбы. Псіхал. аспекты мовы вывучаліся і вывучаюцца ў БДУ (А.​Супрун, А.​Цітова і інш.), Мінскім лінгвістычным ун-це (Г.​Кліменка і інш.).

Літ.:

Щерба Л.В. Языковая система и речевая деятельность. Л., 1974;

Слобин Д., Грин Дж. Психолингвистика: Пер. с англ. М., 1976;

Выготский Л.С. Мышление и речь // Собр. соч. М., 1982. Т. 2;

Цітова А.І. Асацыятыўны слоўнік беларускай мовы. Мн., 1981;

Клименко А.П. Психолингвистика. Мн., 1982;

Супрун А.Е. Лекции по теории речевой деятельности. Мн., 1996.

Б.​А.​Плотнікаў.

т. 13, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПСІХАЛО́ГІЯ (ад псіха... + ...логія),

навука аб заканамернасцях развіцця і функцыянавання псіхікі як асаблівай формы жыццядзейнасці. Узаемадзеянне жывых істот з прадметным светам рэалізуецца пры дапамозе якасна адметных ад фізіял., але неаддзельных ад іх псіхічных працэсаў, актаў, станаў. П. вывучае сутнасць гэтых з’яў, дадзеных чалавеку ў форме непасрэдных перажыванняў і даступных пазнанню, дзякуючы здольнасці чалавека да саманазірання. Ва ўзаемадзеянні з інш. навукамі П. раскрывае ролю псіхал. фактараў у развіцці грамадства, працэсах кіравання, вызначае шляхі рацыяналізацыі розных відаў дзейнасці, навучання, выхавання, камунікацыі. Сярод фундаментальных праблем П. псіхафізіялагічная (узаемадзеянне псіхікі і яе цялеснага субстрату), псіхасацыяльная (залежнасць псіхікі ад сац. працэсаў і яе актыўная роля ў іх рэалізацыі асобамі і групамі), псіхапраксічная (фарміраванне псіхікі ў працэсе рэальнай практычнай дзейнасці і залежнасць дзейнасці ад яе псіхічных рэгулятараў — вобразаў, аперацый, матываў, асобасных уласцівасцей і інш.), псіхагнастычная (суадносіны паміж пачуццёвымі ці разумовымі псіхічнымі вобразамі і рэальнасцю) і інш. Тэарэт. П. неаддзельная ад сац. і грамадскіх патрэбнасцей, звязаных з задачамі стымулявання дзейнасці асобы і калектыву, адбору кадраў і інш. У ходзе распрацоўкі асн. праблем П. сфарміраваўся катэгарыяльны апарат, у якім вылучаюцца катэгорыі вобраза, матыву, дзеяння, асобы і інш. Асн. метады ў П. — назіранне і эксперымент, дапаможныя — метад экспертных ацэнак, апытанне, саманазіранне, тэставанне і інш. П. дзейнічае на скрыжаванні шматлікіх навук і служыць фундаментам для псіхал. галін: інжынерная псіхалогія, педагагічная псіхалогія, псіхалогія кіравання, псіхалогія працы, псіхалогія сацыяльная, псіхалогія творчасці, авіяцыйная, ваенная, гістарычная, дыферэнцыянальная, зоапсіхалогія, мед., нейрапсіхалогія, эканам., этнічная, юрыд. П. і інш. Асобнае месца ў П. займаюць даследаванні па аўтаматызацыі і кібернетызацыі працы, перадачы некат. функцый галаўнога мозга чалавека электронным устройствам (гл. «Штучны інтэлект») і ўкараненні найноўшых тэхналогій у псіхал. практыцы.

Узнікла ў Стараж. Грэцыі як навука пра душу (Дэмакрыт, Платон, Арыстоцель). Доўгі час уваходзіла ў філасофію, ад яе пачала адасабляцца ў 18 ст. Як самаст. навука аформілася ў 19 ст. Пачынальнік рацыяналіст. П. — Р.​Дэкарт. Яго тэорыя псіхафіз. ўзаемадзеяння стала філас. асновай ідэаліст. П. (гл. Псіхафізічная праблема). Уведзенае ім паняцце рэфлексу паўплывала на тэорыю рэфлекторнай прыроды псіхічнай дзейнасці І.​М.​Сечанава і даследаванняў вышэйшай нерв. дзейнасці І.​П.​Паўлава. У 1879 ням. псіхолаг В.​Вунт стварыў псіхал. лабараторыю, што дало пачатак развіццю эксперыментальнай П. У 18—19 ст. была спроба растлумачыць псіхічную дзейнасць з пазіцый механістычнага матэрыялізму: псіхічныя з’явы зводзілі да фіз.-хім. працэсаў (П.​Гольбах, К.​Гельвецый, Д.​Дзідро) або атаясамлівалі іх з фізіял. працэсамі (Л.​Бюхнер, К.​Фогт, Я.​Молешот). У 20 ст. сав. П. распрацоўвала тэорыю грамадска-гіст. развіцця псіхічнай дзейнасці чалавека (Л.С.Выгоцкі, А.​Р.​Лурыя, А.​М.​Лявонцьеў). У зах. П. 20 ст. вызначыліся 3 асн. кірункі: біхевіярызм, гештальт-псіхалогія і псіхааналіз.

На Беларусі П. развівалася ў рэчышчы філасофіі, потым як частка сав. П. Значную ролю ў яе развіцці адыграў Выгоцкі, які ў 1923 стварыў псіхолага-пед. лабараторыю і кабінет эксперым. П. пры Гомельскім пед. вучылішчы. У 1923 у БДУ прапанавана навуч. праграма па П. (У.М.Іваноўскі). У 1925 пры Наркамаце працы адкрыта псіхатэхн. лабараторыя, дзе даследаваліся праблемы прафес. арыентацыі і прафес. кансультацыі. У 1947 у БДУ створана аддзяленне логікі, П. і рускай мовы, у 1950 — кафедра П. ў Мінскім пед. ін-це. У БДУ, Бел. пед. ун-це і інш. даследуюцца праблемы псіхічнага развіцця дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту, міжасобасных адносін у групах і калектывах, П. пед. дзейнасці, навучання замежным мовам і інш. (Б.​А.​Бенядзіктаў, А.​П.​Ерась, В.​М.​Кавалгін, Ф.​І.​Івашчанка, Я.​Л.​Каламінскі).

Літ.:

Леонтьев А.Н. Философия психологии: Из науч. наследия. М., 1994;

Годфруа Жо. Что такое психология: Пер. с фр. Т. 1—2. М., 1996;

Майерс Д. Псіхалогія: Пер. з англ. Мн., 1997;

Платонов К.К. Занимательная психология. 4 изд. СПб. и др., 1997;

Рубинштейн СЛ. Основы общей психологии. [2 изд.] СПб. и др., 1999;

Выготский Л.С. Психология. М., 2000.

Л.​А.​Кандыбовіч.

т. 13, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)