ПАПЯРЭ́ДЖАННЕ ў праве,

мера адм. спагнання. Прадугледжана кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адм. правапарушэннях. Выносіцца ў пісьмовай форме органам (службовай асобай), правамоцным разглядаць справы аб адм. правапарушэннях. Пастановы пра накладанне адм. спагнання ў выглядзе П. прыводзіцца ў выкананне органам (службовай асобай), які вынес пастанову, шляхам абвяшчэння яе парушальніку і ў неабходных выпадках даводзяць яе да ведама адміністрацыі або грамадскай арг-цыі па месцы работы, жыхарства або вучобы парушальніка. П. таксама — форма афіц. рэагавання, прадугледжаная Законам аб Пракуратуры Рэспублікі Беларусь, на парушэнні законаў, выяўленыя ў выніку ажыццяўлення агульнага нагляду. У залежнасці ад характару парушэння пракурор папярэджвае адпаведных службовых асоб або грамадзян аб недапушчальнасці парушэння імі патрабаванняў закона.

т. 12, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛЦІ́Н (Іван Мікітавіч) (12.1.1735, Арзамаскі пав. Ніжагародскай губ. — 17.10.1792),

расійскі гісторык, археограф. Атрымаў хатнюю адукацыю. Служыў у Коннагвардзейскім палку (1751—68), працаваў дырэктарам мытні ў г. Васількоў Кіеўскай губ. (1769—79). З 1779 у Пецярбургу: пракурор (з 1781), чл. Ваен. калегіі (з 1788), ген.-м. (1786). Аўтар прац «Заўвагі на гісторыю старажытную і цяперашнюю Расіі пана Леклерка» (т. 1—2, 1788), «Крытычныя заўвагі ... на першы і другі тамы гісторыі князя Шчарбатава» (т. 1—2, 1793—94). Падрыхтаваў да друку выданне падрабязнай рэдакцыі «Рускай праўды» і інш. гіст. помнікаў. Сфармуляваў задачы адбору, супастаўлення, крытычнага аналізу гіст. крыніц і інш.

Літ.:

Шанский Д.Н. Из истории русской исторической мысли: И.​Н.​Болтин. М., 1983.

т. 2, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯЎКО́Ў (Максім Архіпавіч) (12.5.1894, в. Кавалі Акцябрскага р-на Гомельскай вобл. — 29.10.1937),

дзяржаўны дзеяч БССР. З 1918 ваенны камісар Рудабельскай вол. Бабруйскага пав., кіраўнік партыз. руху ў павеце. З канца 1920 ваенком Бабруйскага пав., старшыня Замошскага валвыканкома. З 1929 у ЦКК КП(б), з 1931 нарком юстыцыі і пракурор БССР, старшыня Цэнтр. камісіі па справах б. чырвонагвардзейцаў і чырв. партызан, з 1933 сакратар ЦВК БССР. З 1927 канд. у чл. ЦК, у 1932—37 чл. ЦК КП(б)Б. Чл. ЦВК БССР у 1920—22, 1929—37, чл. Прэзідыума ЦВК БССР у 1931—37. 13.7.1937 арыштаваны органамі НКУС па абвінавачанні ў контррэв. дзейнасці і Ваен. калегіяй Вярх. суда СССР засуджаны да расстрэлу. У 1957 рэабілітаваны.

т. 9, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫШЫ́НСКІ (Андрэй Януаравіч) (10.12.1883, г. Адэса, Украіна — 22.11.1954),

савецкі дзярж. дзеяч, дыпламат, юрыст. Акад. АН СССР (1939). Скончыў Кіеўскі ун-т (1913). З 1915 на юрыд. і адм. рабоце. З 1931 у органах пракуратуры РСФСР. У 1935—39 ген. пракурор СССР. У 1937—41 дырэктар Ін-та права АН СССР, у 1939—44 нам. старшыні СНК СССР, у 1940—49 нам. міністра. У 1949—53 міністр замежных спраў СССР. У 1953—54 пастаянны прадстаўнік СССР у ААН. Дзярж. абвінаваўца на многіх фальсіфікаваных працэсах 1930-х г. у СССР. Дэп. Вярх. Савета СССР з 1937. Тэарэт. палажэнні, выкладзеныя ў яго работах (прызнанне абвінавачанага як гал. доказ віны), былі накіраваны на абгрунтаванне грубых парушэнняў законнасці, масавых рэпрэсій.

Літ.:

Инквизитор: Сталинский прокурор Вышинский. М., 1992.

т. 4, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

абвінава́чанне, ‑я, н.

1. Прызнанне каго‑н. вінаватым у чым‑н. [Галена:] — Я тады набралася гора, пакуль не з’явіўся сам гэты хлопец і не папрасіў зняць абвінавачанне, бо ён памыліўся. Чорны. Адносна Лабановіча пракурор заўважыў, што гэты падсудны, хоць і мала фігуруе ў абвінавачанні, але, як гаворыць народная прыказка, — па абліччы апостал, а па зубах сабака. Колас.

2. Спец. Той бок у судовым працэсе, які абвінавачвае. Сведкі абвінавачання.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

эфекты́ўны, ‑ая, ‑ае.

Які прыводзяць да патрэбных вынікаў; дзейсны. Пракурор безумоўна свядома хлусіў, бо галадоўка палітвязняў была адным з самых эфектыўных спосабаў барацьбы з адміністрацыйным самавольствам і здзекам. Машара. // Спец. Прызначаны для непасрэднага выканання карыснай работы; прадукцыйны. Эфектыўная магутнасць. Эфектыўнае значэнне пераменнага току. // Які дае найбольшы эфект (у 3 знач.); найбольш дасканалы. [Шарахоўскі:] — Гэта — самыя магутныя машыны ў Еўропе, самыя эфектыўныя ва ўсім свеце. Шынклер.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПО́ЗЕРН (Барыс Паўлавіч) (19.7.1882, г. Ніжні Ноўгарад, Расія — 25.2.1939),

савецкі дзярж. і паліт. дзеяч, удзельнік барацьбы за сав. ўладу на Беларусі. Вучыўся ў Маск. ун-це. З 1903 на падп. рабоце ў Ніжнім Ноўгарадзе, Самары, Казані, Волагдзе, Маскве, Мінску. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 першы старшыня Мінскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў (да ліп. 1917). Удзельнік Кастр. рэвалюцыі 1917 на Пскоўшчыне, чл. Пскоўскага ВРК, камісар Паўн. фронту. У 1918 камісар Петраградскай ваен. акругі, адначасова член Рэўваенсавета Балт. флоту. Удзельнік грамадз. вайны, чл. РВС 5-й і 7-й армій, Зах. і Усх. франтоў. З 1922 сакратар Паўн.-Зах. бюро ЦК РКП(б), з 1926 рэктар Ленінградскага камуніст. ун-та, з 1930 сакратар Ленінградскага абкома ВКП(б), з 1937 пракурор Ленінградскай вобл. Чл. ВЦВК і ЦВК СССР. Рэпрэсіраваны ў 1937, рэабілітаваны пасмяротна.

т. 12, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

інстыга́тар

(ст.-польск. instygator, ад лац. instigator)

1) галоўны пракурор у Польшчы і Вялікім княстве Літоўскім (16—18 ст.);

2) судовы ўраднік у Трыбунале каронным (з 1578 г.) і Трыбунале Вялікага княства Літоўскага (з 1581 г.).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ЛАПЦІ́НСКІ (Ігар Васілевіч) (н. 11.1. 1930, г. Магілёў),

бел. акцёр, рэжысёр. Засл. арт. Беларусі (1994). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1951). З 1951 у Бел. т-ры імя Я.​Купалы. У 1963—94 рэжысёр (1975—80 гал. рэжысёр), з 1994 на студыі літ.-драм. праграм Нац. дзярж. тэлерадыёкампаніі Беларусі. Сярод роляў: Гільём («Салавей» З.​Бядулі), Брыгадзір Янка («Крылы» А.​Карнейчука), Змітрок («Простая дзяўчына» К.​Губарэвіча), Пракурор (1000 франкаў узнагароды» В.​Гюго), Пэра («Пані міністэрша» Б.​Нушыча). Яго пастаноўкі радыёспектакляў вылучаюцца глыбокім зместам, жыццёвай пераканаўчасцю, эмацыянальнай насычанасцю: «Спартак» паводле Р.​Джаваньёлі (1987), «Палескія рабінзоны» паводле Я.​Маўра (1989), «Дарога на дваіх» (1996), «Вяртанне да сябе», «Не праміні свой лёс» (усе паводле М.​Калошкі), «Сцяжынкі-сцяжыначкі» паводле А.​Сыскаўца, «Лівень» паводле А.​Жука (усе 1997), «Час дыназаўра» паводле Л.​Шчэрбача (1998). Паставіў лірычна-дакумент. радыёаповесць Г.​Пашкова «Палескія вандроўнікі» (1998; Дзярж. прэмія Беларусі 1998).

т. 9, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНЬКО́ЎСКІ (Ігнат Антонавіч) (каля 1765, Віцебшчына — 11.1.1832),

бел. публіцыст. З 1783 на дзярж. службе — саветнік Бел. губернскага праўлення, віцебскі губернскі пракурор, віцэ-губернатар. З 1817 у адстаўцы, жыў у сваім маёнтку Мілае каля Віцебска Супрацоўнічаў у рус. часопісах. У «Пісьме з Віцебска» («Сын Отечества», 1813) асуджаў агрэсію Напалеона, услаўляў гіст. подзвіг народаў Расіі ў вайне 1812. У 1831 узнаг. залатым медалём Вольнага эканам. т-ва ў Пецярбургу за конкурсны твор «Адказ на задачу, прапанаваную імператарскім Вольным эканамічным таварыствам: «Якім чынам лёгка і танна выправіць сялянскія пабудовы або зрабіць у іх карысныя ўдасканаленні?» (выд. 1833), у якім патрабаваў паляпшэння быт. умоў сялян, выказваў каштоўныя думкі па пытаннях сельскай гаспадаркі, аховы прыроды. Публіцыстыка М. вылучаецца эмацыянальнасцю, спавядальнасцю, шырынёй кругагляду. Мяркуюць, што пісаў і па-беларуску, некат. даследчыкі лічаць яго аўтарам «Энеіды навыварат».

Літ.:

Кісялёў Г. Загадка беларускай «Энеіды». Мн., 1971.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 10, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)