БЕШАНКО́ВІЧЫ,

гарадскі пасёлак у Беларусі, цэнтр Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл., прыстань на Зах. Дзвіне. За 51 км ад Віцебска, 38 км ад чыг. ст. Чашнікі на лініі Орша—Лепель. Вузел аўтадарог на Віцебск, Шуміліна, Улу, Лепель, Чашнікі, Сянно. 9,1 тыс. ж. (1995).

У пісьмовых крыніцах упершыню ўпамінаецца пад 1447 (паводле А.​П.​Сапунова) або 1460 (паводле В.​В.​Турчыновіча). З пач. 16 ст. вёска Бешанковічы ўваходзіла ў Полацкае ваяв. З пач. 17 ст. мястэчка, з 1634 мелі магдэбургскае права. Са стараж. часоў вядома бешанковіцкая кераміка. З сярэдзіны 18 ст. Бешанковічы — горад, 5—6 тыс. ж. У канцы 18 ст. мястэчка ў Лепельскім пав. Паводле перапісу 1897 у Бешанковічах 4423 ж. У пач. 20 ст. цэнтр воласці. З крас. да вер. 1918 цэнтр Бешанковіцкага пав. З 1924 цэнтр раёна у Віцебскай акр. (да 1930), з 27.9.1938 гар. пасёлак у Віцебскай вобл. 4,3 тыс. ж. (1939). З 6.7.1941 да 25.6.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Бешанковічах і раёне 10 276 чал. У 1969 — 4,7 тыс. ж.

Прадпрыемствы лёгкай і харч. прам-сці. Бешанковіцкі гісторыка-краязнаўчы музей. Помнікі архітэктуры: Бешанковіцкі палацава-паркавы ансамбль, Бешанковіцкая Ільінская царква. Курган Славы на ўшанаванне памяці сав. воінаў, партызанаў і землякоў, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Брацкая магіла сав. воінаў, магілы ахвяраў фашызму.

т. 3, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАДСКО́Е ПРА́ВА,

прававыя нормы, якія дзейнічалі ў гарадах сярэдневяковай Еўропы. Пачало складвацца ў 11 — 12 ст. з развіццём рамёстваў і гандлю, росквіту дасягнула ў 14 ст. Нормы гарадскога права ўключаліся ў статуты гарадоў ці цэхаў, гар. судоў, граматы. Рэгулявалі гандл. і грамадз. адносіны, крымін. судаводства. Гарадское права, пашыранае ў Венецыі, Генуі (Італія), Гамбургу, Магдэбургу (Германія), значна ўплывала на фарміраванне гарадскога права інш. еўрап. гарадоў (права на самакіраванне са сваёй суд. і адм. арганізацыяй, правы цэхавых арганізацый з іх статутамі, павіннасці і падатковая сістэма). Магдэбургскае права дзейнічала з пэўнымі зменамі ў Венгрыі, Чэхіі, Польшчы.

На Беларусі нормы гарадскога права замацоўваліся ў гандл. дагаворах Полацка, Віцебска з Ноўгарадам, Рыгай, Смаленскам (13—15 ст.). Многія гарады і мястэчкі карысталіся магдэбургскім правам. У гарадах Беларусі дзейнічалі таксама нормы ўласна беларускага гарадскога права (Аршанскае права, Віцебскае права, Полацкае права). У 17 ст. дзейнічаў шэраг прававых нормаў Статутаў ВКЛ. У бел. гарадах, якія ў канцы 18 ст. былі далучаны да Рас. імперыі, нормы гарадскога права, узятыя (з пэўнымі зменамі, дастасаванымі да Беларусі) з магдэбургскага права і Статутаў ВКЛ, перасталі дзейнічаць, бо набыло сілу гар. ўлажэнне, пазней уключанае ў Поўны збор законаў Рас. імперыі.

Літ.:

Владимирский-Буданов М.Ф. Немецкое право в Польше и Литве. СПб., 1868.

З.​Ю.​Капыскі.

т. 5, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КНЯ́СТВА,

манархічная дзяржава або асобнае паліт. ўтварэнне на чале з князем; феад. ўладанне князя. Вядомы ў многіх народаў. У Стараж. Русі К. ўзніклі ў 9 — пач. 10 ст. з плем. княжанняў, уладу над якімі захапіла дынастыя Рурыкавічаў. Называліся звычайна па гал горадзе. Буйныя К. падзяляліся на меншыя — удзельныя княствы. Буйнейшыя К. называліся вялікімі К. (Уладзіміра-Суздальскае ў 12—13 ст., Маскоўскае і Цвярское ў 14—15 ст. і інш.). На тэр. Беларусі з 10—11 ст. існавалі Полацкае, Тураўскае, з 12—13 ст. Берасцейскае, Ваўкавыскае, Віцебскае, Гальшанскае, Гарадзенскае, Друцкае, Ізяслаўскае, Капыльскае, Клецкае, Кобрынскае, Крэўскае, Лагожскае, Лукомскае, Менскае, Мсціслаўскае, Новагародскае, Пінскае, Свіслацкае, Слуцкае К.; асобныя часткі бел. зямель уваходзілі ў склад Галіцка-Валынскага, Кіеўскага, Чарнігаўскага і Смаленскага К. (гл. адпаведныя артыкулы). У 14—16 ст. бел., укр. і рус. княствы аб’яднаны пад уладай Вялікага княства Літоўскага (ВКЛ) і Маскоўскага вялікага княства. У ВКЛ былыя К. да 1-й пал. 16 ст. пераўтвораны ў намесніцтвы, ваяводствы, паветы, афіцыйна скасаваны паводле адм. рэформы 1565—66, але назва «княства» ў 17—18 ст. ужывалася ў адносінах да тэр. Клецкага, Капыльскага, Нясвіжскага і Слуцкага К. У Расіі апошняе ўдзельнае К. (Касімаўскае царства) скасавана ў 1681. К. існавалі і ў інш. краінах (напр., у Германіі да 1871, у Індыі да 1950). Некаторыя К. захаваліся да нашага часу — Ліхтэнштэйн, Манака, арабскія К. (эміраты).

т. 8, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЕ КНЯ́СТВА, Менскае княства,

удзельнае княства Полацкай зямлі ў бас. р. Свіслач, Друць, Бярэзіна. Цэнтр — г. Мінск (Менск). Узнікла ў канцы 11 — пач. 12 ст., вядома з 1104. Першы князь Глеб Усяславіч імкнуўся расшырыць княства за кошт суседніх зямель. У 1104 ён адбіў напад кааліцыі паўд.-рус. князёў, сярод якіх быў і яго брат Давыд Усяславіч. Пазней аб’яднаў вакол Мінска Оршу, Друцк, Копысь. Пасля нападу Глеба Усяславіча на Слуцк у 1116 супраць яго выступіла новая кааліцыя князёў на чале з кіеўскім кн. Уладзімірам Манамахам, якія адабралі частку заваяваных гарадоў, у 1119 далучылі Мінск да кіеўскіх уладанняў. У 1140-я г. княжанне ў Мінску адноўлена. У сярэдзіне і 2-й пал. 12 ст. мінскія князі сапернічалі з полацкімі і друцкімі за паліт. гегемонію ў Полацкай зямлі. У 1151 на полацкае княжанне запрошаны мінскі кн. Расціслаў Глебавіч (княжыў 7 гадоў). З 1158 Расціслаў, пазней яго брат Валадар Глебавіч ваявалі з полацкім кн. Рагвалодам. У 1161 Валадар разграміў Рагвалода і яшчэ больш умацаваў незалежнасць М.к. У канцы 13 ст. М.к. трапіла пад уплыў літ. князёў. У складзе пасольства вял. князя ВКЛ Гедзіміна ў Ноўгарад у 1326 упамінаецца мінскі кн. Васіль. У далейшым у Мінску правілі велікакняжацкія намеснікі.

Літ.:

Алексеев Л.В. Полоцкая земля в IX—XIII вв.: (Очерки истории Северной Белоруссии). М., 1966;

Загорульский Э.М. Возникновение Минска. Мн., 1982.

Э.​М.​Загарульскі.

т. 10, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІЯ́РСКІЯ ШКО́ЛЫ,

навучальныя ўстановы ордэна піяраў — пачатковыя вучылішчы і калегіумы.

Першыя П.ш. заснаваны ў Рыме ў 1597, пазней створаны ў Іспаніі, Францыі, Германіі, Польшчы і інш. Асн. іх задача — выхаванне дзяцей розных саслоўяў у духу рэлігійнасці і адданасці каталіцызму. Піярскі калегіум узначальвалі рэктар (займаўся адм. справамі) і прэфект (загадваў навуч. часткай). Навуч. курс падзяляўся на 7 класаў праформа (вучылі пісаць, чытаць і асновам арыфметыкі), інфіма (тыя ж прадметы і катэхізіс), граматыка (латынь і пераклады з яе, матэматыка), сінтаксіс (латынь, пераклады з яе і напісанне на ёй лістоў), паэзія (пераклады з латыні, красамоўства, рыторыка, латынь, гісторыя) і філасофія (логіка, метафізіка, этыка, геаметрыя). Выкладчыкі 1—5-га класаў мелі званне магістраў, а 6—7-га — прафесараў. Навучанне бясплатнае (плата толькі за інтэрнат). Найб. збяднелыя вучні ўтрымліваліся за кошт ордэна, але выконвалі шэраг прац па школьнай гаспадарцы. Падабенства навуч. праграмы П.ш. на езуіцкую і менш строгая дысцыпліна рабілі іх навуч. ўстановы папулярнымі ў Рэчы Паспалітай.

На Беларусі ў 18 ст. П.ш. меліся ў Шчучыне, Воранаве, Зэльве, Расонах, Віцебску, Лідзе, Паставах, Драгічыне, Дуброўне і інш. У 1822—31 працавала Полацкае вышэйшае піярскае вучылішча. У 1740—50-я г. па ініцыятыве польскага асветніка і педагога С.Канарскага праведзена рэформа П.ш. (скарочаны курс тэалогіі, уведзены польская мова, грамадскія і прыродазнаўча-матэм. навукі). Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі і стварэння Віленскай навучальнай акругі становішча П.ш. змянілася. У 1804 піярскія навуч. ўстановы ўключаны ў гэту акругу і атрымалі статус павятовых вучылішчаў. У 1831—34 П.ш. пераўтвораны ў 5-класныя свецкія павятовыя вучылішчы ці зачынены.

А.​Ф.​Самусік.

т. 12, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКІ КАДЭ́ЦКІ КО́РПУС,

сярэдняя ваенна-навуч. ўстанова закрытага тыпу ў г. Полацк у 1835—1918. Засн. для падрыхтоўкі да вайск. службы дваранскіх дзяцей з Віцебскай, Мінскай, Магілёўскай, Віленскай, Гродзенскай і Смаленскай губ. Размяшчаўся ў будынку, дзе раней знаходзіліся Полацкая езуіцкая акадэмія і Полацкае вышэйшае піярскае вучылішча. Быў разлічаны на 400 навучэнцаў, прымаліся хлопчыкі ва ўзросце 9—11 гадоў. Складаўся з 4 рот (грэнадзёрская, неранжырная, 2 мушкецёрскія), якія ўтваралі батальён. Меў 2 падрыхтоўчыя і 4 агульныя класы, у 1857 уведзены 5-ы агульнаадук. клас і 2-гадовыя спец. класы, пасля заканчэння якіх кадэты атрымлівалі чын афіцэра. Выкладаліся: рус., франц. і ням. мовы, арыфметыка, алгебра, геаграфія, гісторыя, чыстапісанне, маляванне, чарчэнне, закон Божы; у спец. класах дадаткова — тактыка, артылерыя, ваен. гісторыя і фартыфікацыя. У 1859—63 спец. класы падрыхтавалі 172 афіцэры. У 1865 корпус рэарганізаваны ў ваен. гімназію, якая ў 1882 зноў пераўтворана ў кадэцкі корпус з 7-гадовым курсам навучання. У пач. 1-й сусв. вайны эвакуіраваны. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 рэарганізаваны ў гімназію ваен. ведамства. У 1919—20 на базе П.к.к. і інш. эвакуіраваных кадэцкіх карпусоў былі створаны Крымскі (у Арэандзе) і Феадасійскі кадэцкія карпусы. За час існавання П.к.к. падрыхтаваў больш за 3 тыс. афіцэраў. Сярод іх Д.Д.Бохан, браты Кірпічовы і Манцэвічы, Р.І.Кандраценка, Н.Н. і М.Н. Кайгародавы і інш.

Літ.:

Долгов И.И. Полоцкий кадетский корпус. Витебск, 1899;

Викентьев В.П. Полоцкий кадетский корпус: Ист. очерк. Полоцк, 1910;

Дьяков В.А. Деятели русского и польского освободительного движения в царской армии 1856—1865 гг.: (Биобиблиогр. словарь). М., 1965;

Лукашэвіч А.М. Арганізацыя вучэбнага працэсу ў кадэцкіх карпусах на тэрыторыі Беларусі ў 30-х — пачатку 50-х гг. XIX ст. // Весн. БДУ. Сер. 4. 1998. № 3.

А.​М.​Лукашэвіч.

т. 12, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРЫГАВІЧЫ́,

адно з племянных аб’яднанняў усх. славян, вядомых па пісьмовых крыніцах і археал. помніках. Займалі тэр. на У да Дняпра, на Пн да лініі Барысаў—Лагойск—Заслаўе—вярхоўе Нёмана; на Пд мяжа пераходзіла за Прыпяць, на З — за Зах. Буг (паводле інш. даных да Выганашчанскага балота, на Пн ад Пінска). У 6—8 ст. папярэднікамі Д. на сярэдняй Прыпяці былі славянскія плямёны пражскай культуры. На Пн ад Прыпяці ў гэты час жылі балцкія плямёны (гл. Балты). На тэр. рассялення Д. захаваліся археал. помнікі: гарадзішчы, селішчы, курганныя могільнікі з пахавальным абрадам трупаспалення, з 10 ст. — могільнікі з пахавальным абрадам трупапалажэння на гарызонце або падкурганнай яме. Зрэдку ў курганах трапляюцца збудаванні ў выглядзе невысокага драўлянага зруба, накрытага дахам. Пахавальны інвентар: гліняныя гаршкі, спражкі, крэсівы, сякеры, наканечнікі коп’яў і інш.; у жаночых пахаваннях пераважаюць упрыгожанні: шкляныя каляровыя разнастайныя па памерах і форме пацеркі, бронзавыя скроневыя кольцы з заходзячымі канцамі, пярсцёнкі, бранзалеты і інш. Характэрныя племянныя адзнакі — вял. медныя або сярэбраныя пацеркі, аздобленыя зерню, і скроневыя кольцы-завушніцы з круглага дроту, на якіх замацаваны па 3 металічныя пацеркі невял. памераў.

Упершыню Д. названы ў «Аповесці мінулых часоў» у сувязі з падзеямі, якія папярэднічаюць 9 ст. У 10 ст. (948) іх упамінае візантыйскі гісторык Канстанцін Багранародны, у 12 ст. (1149) стараж-рус. летапісы. Д. належалі да найб. развітых у сац. адносінах плямён, знаходзіліся на заключнай стадыі распаду родаплемяннога ладу, мелі сваё паліт. аб’яднанне — «княжанне». Займаліся земляробствам, жывёлагадоўляй, агародніцтвам, былі развіты промыслы і гандаль. Найб. гарады: Тураў, Пінск, Давыд-Гарадок, Брэст, Мінск, Мазыр, Клецк, Слуцк, Капыль, Рагачоў, Камянец, Кобрын. У 10 ст. землі Д. увайшлі ў склад Кіеўскай Русі, з канца 10 ст. на іх землях узнікла Тураўскае княства, у канцы 12 ст. з яго вылучыліся ўдзельныя Пінскае княства, Клецкае, Дубровіцкае, верагодна, Нясвіжскае княства. Частка паўн.-ўсх. зямель Д. увайшла ў Полацкае княства, а паўд.-ўсх. — у Кіеўскае княства.

П.​Ф.​Лысенка.

т. 6, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗЯСЛА́ВІЧЫ,

1) княжацкі род, прадстаўнікі якога ў 11—13 ст. валодалі Полацкай зямлёй, адгалінаванне роду Рурыкавічаў. Паходзяць ад Ізяслава Уладзіміравіча, старэйшага сына вял. кіеўскага кн. Уладзіміра Святаславіча і полацкай князёўны Рагнеды Рагвалодаўны. Паводле родавых звычаяў Ізяслаў лічыўся спадкаемцам свайго дзеда па маці Рагвалода, які загінуў разам з сынамі пры заваяванні Полацка Уладзімірам Святаславічам. У сувязі з гэтым нашчадкі Ізяслава ў летапісах наз. «Рагваложымі ўнукамі», у гіст. л-ры часам Рагвалодавічамі. Уладзімір перадаў ва ўдзел Ізяславу Полацкае княства. Паколькі Ізяслаў памёр раней за бацьку, яго нашчадкі страцілі права на велікакняжацкі пасад у Кіеве. У 1129 за непаслушэнства кіеўскаму князю большасць І. была выслана ў Візантыю, але многія з іх да сярэдзіны 12 ст. вярнуліся і аднавілі свае ўладанні ў Полацкай зямлі. З гэтага часу род падзяліўся на некалькі галін, якія паходзяць ад сыноў Усяслава Брачыславіча (унука Ізяслава). На падставе гэтага іх называюць таксама Усяславічамі. Не выключана, што нашчадкамі І. былі некаторыя правасл. княжацкія роды, вядомыя на Беларусі ў часы ВКЛ: Адзінцэвічы, Друцкія, Лукомскія, Палубінскія, Талочкі.

Княжацкі род, прадстаўнікі якога ў 11—13 ст. валодалі Тураўскай зямлёй; адгалінаванне роду Рурыкавічаў. Паходзяць ад кн. Ізяслава Яраславіча, які ў сярэдзіне 11 ст. атрымаў Тураў ад свайго бацькі вял. кіеўскага кн. Яраслава Мудрага. Пасля смерці Ізяслава Туравам валодалі яго сыны — Яраполк, потым Святаполк. Права апошняга на Тураўскую зямлю пацверджана Любецкім з’ездам 1097. Сыны і ўнукі Ізяслава стараліся замацавацца і ў інш. рэгіёнах Русі. У 1113 вял. кіеўскі кн. Уладзімір Манамах пазбавіў І. Тураўскага княства, пакінуўшы за сынам Святаполка Яраславам толькі Уладзімір-Валынскі. Аднавіць свае ўладанні (акрамя Брэстчыны) І. удалося толькі ў 1158, калі ў Тураве, відаць, па запрашэнні гараджан, з’явіўся кн. Юрый Яраславіч. Сыны Юрыя падзялілі тураўскія землі на ўдзелы. Звесткі пра І. у летапісах знікаюць у канцы 13 ст. Іх нашчадкамі лічаць шматлікія княжацкія роды, вядомыя ў Беларусі і Украіне ў часы ВКЛ: Астрожскіх, Вішнявецкіх, Гарадзецкіх, Дольскіх, Збаражскіх, Нясвіцкіх, Парэцкіх, Сцяпанскіх, Чацвярцінскіх.

Літ.:

Алексеев Л.В. Полоцкая земля в IX—XIII вв.: (Очерки истории Северной Белоруссии). М., 1966;

Рапов О.М. Княжеские владения на Руси в X — первой половине XIII в. М., 1977;

Насевіч В.Л. Генеалагічныя табліцы старадаўніх княжацкіх і магнацкіх беларускіх родаў 12—18 стст. Мн., 1993;

Загорульский Э.М. Генеалогия полоцких князей Изяславичей. Мн., 1994.

В.​Л.​Насевіч, А.​В.​Іоў.

т. 7, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКАЯ ЕЗУІ́ЦКАЯ АКАДЭ́МІЯ Існавала ў 1812—20. Засн. 10.6.1812 у Полацку на базе Полацкага езуіцкага калегіума. У сувязі з вайной 1812 заняткі пачаліся 8.1.1813. Акадэміі былі дадзены правы ун-та. Выпускнікі атрымлівалі чын 14-га класа і маглі паступаць на дзярж. службу. Мела права надаваць вучоныя ступені магістраў вольных навук і філасофіі, д-роў тэалогіі, цывільнага і кананічнага права. Падпарадкоўвалася Мін-ву асветы (навуч. працэс), па інш. пытаннях — генералу ордэна езуітаў Т.​Бжазоўскаму. На чале стаялі рэктар і 4 дарадцы, ф-тамі кіравалі дэканы. Рэктарамі былі: А.​Люстыг (з 1812), А.​Ляндэс (з 1814), Р.​Бжазоўскі (з 1817). Мела 3 ф-ты: тэалагічны, філал. і вольных навук, або філасофскі. Выкладаліся: лац., грэч., рус., франц., ням., італьян., польск., сірыйская, стараж.-яўр. мовы і л-ра на гэтых мовах, логіка, метафізіка, этыка, паліт. эканомія, геаметрыя, фізіка, хімія, матэматыка, астраномія, архітэктура, батаніка, заалогія і інш. Навучанне вялося па падручніках еўрап. ун-таў і ўласных, якія выдаваліся ў Полацкай друкарні. Колькасць студэнтаў дасягала 700 чал. Сярод выкладчыкаў былі вучоныя з Італіі, Францыі, Германіі, Аўстрыі, Швейцарыі, Польшчы, а таксама ўраджэнцы Беларусі, у іх ліку праф. В.Бучынскі, І.​Цытовіч, П.​Гаўрыловіч, І.​Залескі і інш. Акадэмія мела: 2 б-кі — адна з кнігамі на польскай мове, 2-я (больш за 40 тыс. тамоў) на рус. і інш. мовах; хім., фіз., заал., мінералагічны і натуральнай гісторыі кабінеты; карцінную галерэю і інш. Выдавала літ.навук. час. «Miesięcznik Połocki» («Полацкі месячнік»), Нягледзячы на шырокую вучэбную праграму, акадэмія не поўнасцю адпавядала тагачаснаму навук. ўзроўню з-за моцнага клерыкальнага ўплыву. Вучоныя Віленскага універсітэта крытыкавалі яе як «гняздо абскурантызму». Сярод выпускнікоў акадэміі Я.Баршчэўскі, В.Ваньковіч і інш. выдатныя дзеячы навукі і культуры. Закрыта 13.3.1820 у сувязі са скасаваннем ордэна езуітаў у Рас. імперыі. Частка студэнтаў пераведзена ў Пецярбургскі ун-т. Б-ка, друкарня і інш. маёмасць перададзены навуч. установам Полацка, Віцебска, Пецярбурга. У будынках акадэміі размясцілася Полацкае вышэйшае піярскае вучылішча.

Літ.:

Шалькевіч В.Ф. З гісторыі філасофскай і грамадска-палітычнай думкі Беларусі ў першай трэці XIX ст. // Весн. БДУ. Сер. 3. 1992. № 2;

Giżycki J. Notatka o Akademii i szkołach jezuitów w Polocku. Poznań, 1899.

В.​Ф.​Шалькевіч.

т. 12, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКАЯ НІЗІ́НА.

На Пн Беларусі, займае значную частку Віцебскай вобл. Фізіка-геагр. раён Беларуска-Валдайскай правінцыі (акруга Бел. Паазер’я); паўд,зах. ч. П.н. ўздоўж р. Дзісна вядома як — Дзісенская нізіна. Мяжуе з Браслаўскай градой на 3, Латгальскім узв. на ПнЗ, Нешчардаўскім, Гарадоцкім і Віцебскім узвышшамі на ПнУ і У, Чашніцкай раўнінай і Свянцянскімі градамі на Пд, Ушацка-Лепельскім узв. на Пд і ПдЗ, заходзіць на тэр. Літвы і Латвіі. Выш. 130—140 м, у краявых частках да 160 м. Пл. каля 8,5 тыс. км², працягласць з ПдЗ на ПнУ да 200 км, з Пн на Пд 40—80 км.

Прымеркавана да тэктанічных структур: Вілейскага пахаванага выступу, Прыаршанскай монакліналі, Латвійскай седлавіны. Платформавы чахол складзены з пратэразойскіх і палеазойскіх комплексаў парод. Дэвонскія адклады ўсюды падсцілаюць антрапагенавую тоўшчу, а ў даліне р. Сар’янка выходзяць на паверхню. Антрапагенавая тоўшча (40—100 м) складзена з адкладаў дняпроўскага, сожскага і паазерскага зледзяненняў. У эпоху паазерскага зледзянення ўтварылася вял. прыледавіковае Полацкае возера, дзе намнажаліся гліны і алеўрыт, ’тонка- і дробназярністыя пяскі, жвірова-галечны матэрыял. Развіццё рачной сеткі прывяло да спуску вадаёма і ўтварэння на яго месцы ўвагнутай азёрна-ледавіковай нізіны. Карысныя выкапні: гліны легкаплаўкія, буд. пясок, даламіт, торф, мінер. воды.

Рэльеф сучаснай нізіны пласкахвалісты і спадзістахвалісты, ускладнены астанцамі марэннай раўніны, камавымі і марэннымі ўзгоркамі, озамі, дзюнамі. Паверхня слабапарэзана рачнымі далінамі, лагчынамі сцёку талых ледавіковых вод. Найб. рэкі: Зах. Дзвіна з прытокамі Ужыца, Росіца, Свольна, Дрыса, Палата, Обаль, Дзісна. Найб. азёры: Лісна, Ельня, Чарвятка, Ілава, Мёрскае. Сярэдняя т-ра студз. -7,2 °C; ліп. 17,7 °C. Ападкаў 601 мм за год. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя забалочаныя, глеістыя, тарфяна-балотныя і поймавыя (алювіяльныя). Пад лесам 34% тэрыторыі. Пераважаюць хваёвыя і ялова-хваёвыя лясы, участкамі захаваліся дубровы (на правым беразе Дзісны, у вярхоўях Паловіцы, Бярозаўкі), у катлавінах чорнаальховыя. на ўзлесках і курцінах сярод палёў шэраальховыя. Б.ч. карэнных хваёвых і яловых лясоў змянілася бародаўчатабярозавымі і асінавымі лясамі. Балоты нізінныя і верхавыя; найб. Ельня, Обаль-2, Стрэчна, Дабееўскі Мох. Пашыраны лугі. Пад ворывам 35% тэрыторыі. На П.н. заказнікі рэсп. значэння: гідралагічны Ельня, ландшафтны Казьянскі (да 1999 біялагічны).

Н.​К.​Жліцунова.

На поўначы Полацкай нізіны.

т. 12, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)