ВАЙНА́ МАСКО́ЎСКАЙ ДЗЯРЖА́ВЫ З ВЯЛІ́КІМ КНЯ́СТВАМ ЛІТО́ЎСКІМ 1512—22,
вайна за аб’яднанне ўсх.-слав. зямель у складзе Маскоўскай дзяржавы. У выніку трох паходаў (1512, 1513, 1514) маскоўскія войскі авалодалі Смаленскам. Імкнучыся выкарыстаць поспех, яны занялі Мсціслаў, Крычаў, Дуброўну, перайшлі Дняпро, Друць і толькі каля Бярэзіны спынены перадавымі атрадамі Жыгімонта I Старога. У час Аршанскай бітвы 1514 гетман найвышэйшы К.І.Астрожскі разбіў 80-тысячнае маскоўскае войска, але вярнуць Смаленск не змог. У 1515 маскоўскія войскі хадзілі на Полацк, Віцебск і Мсціслаў, Браслаў і Друю, а войскі ВКЛ на Северскую зямлю і Вял. Лукі. Летам 1517 пасольства Жыгімонта I спрабавала дамовіцца пра спыненне вайны, але беспаспяхова, і ваен. дзеянні актывізаваліся. Летам 1518 маскоўскае войска рушыла на Полацк, Віцебск і ў Падняпроўе, у інш. месцах даходзіла да Слуцка, Мінска, Новагародка. У 1519 маскоўскія войскі займалі многія гарады і вёскі, бралі ў палон жыхароў. У 1520 пасольства ВКЛ дамовілася пра спыненне ваен. дзеянняў. У 1522 падпісана перамір’е на 5 гадоў. Смаленск застаўся ў Маскоўскай дзяржаве, а шматлікі «маскоўскі палон» — у ВКЛ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАХЧЫСАРА́Й,
горад на Украіне, цэнтр Бахчысарайскага р-на ў Рэспубліцы Крым, у даліне р. Чуруксу. 25 тыс.ж. (1993). Чыг. станцыя. Прадпрыемствы харч. прам-сці, вытв-сць будматэрыялаў.
Вядомы з 1502. Да 1783 сталіца Крымскага ханства. У Бахчысараі заключана Бахчысарайскае перамір’е 1681. У рус.-тур. вайну 1735—39 захоплены рус. войскамі, разбураны. У 1783 далучаны да Расіі (разам з Крымам), уваходзіў у Новарасійскую, з 1802 у Таўрычаскую губ. У 1918—54 у складзе РСФСР, з 1954 — Украіны.
Помнікі архітэктуры: Ханскі палац (16 ст., перабудаваны ў 1787, цяпер Гіст.-археал. музей), які ўключае т.зв. «Пасольскія дзверы» (1503, арх. Алевіз Фразін), фантанны дворык з «залатым фантанам» (1737) і «фантанам слёз» (1764, іранскі майстар Амер), мячэць (1740), шматлікія залы і альтанкі. У наваколлі Бахчысарая — пячорны Успенскі манастыр з царквой (14 ст.), келлямі (15—16 ст.); пячорныя гарады Эскі-Кермен, Тэпэ-Кермен і Чуфут-Кале (Кырк-Ор; цяпер археал. запаведнік) з абарончымі сценамі і брамамі, маўзалеем Джаніке-ханым (15 ст.), вял. (14 ст.) і малой (18 ст.) караімскімі кенасамі (малельнымі дамамі), пячорным жыллём (5—14 ст.).
кароль польскі і вял. князь літоўскі [1669—73]. З княжацкага роду Вішнявецкіх. Вучыўся ў Празе, Дрэздэне і Вене. Служыў у аўстр. арміі, палкоўнік. У 1663 на чале ўласнага атрада ўдзельнічаў у вайне Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. На трон абраны (19.6.1669) пасля адрачэння Яна II Казіміра Вазы, перамогшы кандыдатуры, якія падтрымлівалі Францыя і Габсбургі; за абранне М.В. галасавалі і прадстаўнікі ВКЛ. М.В. меў нязначны ўплыў унутры дзяржавы і быў вымушаны апірацца на розныя магнацкія групоўкі. У час яго панавання ўзмацніўся ўнутр. разлад у Рэчы Паспалітай, 4 з 6 сеймаў былі сарваны. У 1670 пацвердзіў Андросаўскае перамір’е 1667 з Масквой, аднак Кіеў заставаўся ў складзе Расіі. У 1670 узяў шлюб з Элеанорай Марыяй, сястрой аўстр. імператара Леапольда I. Супраць М.В. выступала прафранцузская партыя (т.зв. малькатэнты — незадаволеныя) на чале з вял. каронным гетманам Я.Сабескім і прымасам М.Пражмоўскім. У 1672 утварыліся Голамбская канфедэрацыя шляхты ў абарону караля і Шчабжэшынская супраць яго, аднак унутр. вайна ў дзяржаве была прадухілена нападам на Рэч Паспалітую Турцыі. М.В. памёр у Львове ў час падрыхтоўкі паходу на туркаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ЙЗМАН (Юлій Якаўлевіч) (15.12.1903, Масква — 10.12.1994),
расійскі кінарэжысёр. Нар.арт. Латвіі (1949). Нар.арт.СССР (1964). Герой Сац. Працы (1973). Праф. (1960). Вучыўся ў Маскоўскім ун-це. З 1924 літ. кансультант на кінастудыі «Міжрабпом-Русь». Быў асістэнтам рэж. Я.Пратазанава. Першыя рэжысёрскія работы: «Круг» (1927), «Катарга» (1928), «Зямля чакае» (1930), «Апавяданне пра Умара Хапцока» (1932). Грамадз. пафас, уменне ствараць характары герояў у іх непарыўнай сувязі з духам часу, рэальным асяроддзем у фільмах: «Лётчыкі» (1935), «Апошняя ноч» (1937; гал. прэмія Міжнар. выстаўкі ў Парыжы 1937), «Узнятая цаліна» паводле М.Шолахава (1940), «Машачка» (1942), «Кавалер Залатой Зоркі» (1951, гал. прэмія Міжнар. кінафестывалю ў г. Карлавы Вары), «Урок жыцця» (1955), «Камуніст» (1958), «А калі гэта каханне?» (1962), «Твой сучаснік» (1968), «Візіт ветлівасці» (1973), «Дзіўная жанчына» (1978), «Прыватнае жыццё» (1982), «Час жаданняў» (1984) і інш. Аўтар дакумент. фільмаў: «Да пытання пра перамір’е з Фінляндыяй» (1944), «Берлін» (1945), «Райніс» (1949). Дзярж. прэміі СССР 1941, 1943, 1946 (двойчы), 1950, 1952, 1983.
Тв.:
Когда фильм окончен. М., 1964;
Вчера и сегодня: [Рассказ о творческом пути]. М., 1969.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕ́ННА-РЭВАЛЮЦЫ́ЙНЫ КАМІТЭ́Т ЗАХО́ДНЯГА ФРО́НТУ, ВРК Заходняга фронту,
часовы рэв. орган па правядзенні ўзбр. паўстання на Беларусі і Зах. фронце ў кастр.—ліст. 1917. Утвораны 8.11.1917 бальшавікамі Мінска. Старшыня бюро ВРК К.І.Ландар, чл. І.Я.Алібегаў, С.І.Берсан, М.І.Калмановіч, В.В.Каменшчыкаў, В.Г.Кнорын, М.І.Крывашэін, А.Ф.Мяснікоў, М.У.Рагазінскі і інш. Выдаваў «Бюллетень Военно-революционного комитета Западного фронта». Меў аддзелы: грамадз., ваен., гасп., забеспячэння, арганізац. і сувязі, мандатны, інфармацыйны. 17.11.1917 ВРК распусціў эсэра-меншавіцкі К-т выратавання рэвалюцыі Зах. фронту, арыштаваў ваен. камісара Часовага ўрада на Зах. фронце, зняў галоўнакамандуючага Зах. фронту ген. П.С.Балуева, які адмовіўся падпарадкавацца сав. уладзе, і назначыў на яго месца Каменшчыкава, удзельнічаў у ліквідацыі Стаўкі Вярх. галоўнакамандуючага ў Магілёве, накіраваў у штаб герм.Усх. фронту дэлегацыю, якая 4.12.1917 падпісала ў мяст. Солы дагавор пра перамір’е на Зах. фронце. Падрыхтаваў і склікаў з’езд Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў Зах. Вобласці, 3-і з’езд Саветаў сял. дэпутатаў Мінскай і Віленскай губ., 2-і з’езд армій Зах. фронту, якія выбралі органы сав. улады. Спыніў дзейнасць 9.12.1917 пасля стварэння Абласнога выканаўчага камітэта Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў Заходняй вобласці і фронту і Савета Народных Камісараў Заходняй вобласці і фронту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛКА́НСКІЯ ВО́ЙНЫ 1912—13.
1-я балканская вайна (9.10.1912—30.5.1913) супраць Турцыі рэалізавала намеры Балканскага саюза 1912. Скарыстаўшы занятасць Турцыі вайной з Італіяй у Паўн. Афрыцы, Чарнагорыя, Балгарыя, Сербія і Грэцыя абвясцілі ёй вайну. На фракійскім тэатры балг. войскі разбілі тур. часці каля Лозенграда і на лініі Люлебургаз-Бунар-Хісар, акружылі тур. корпус каля г. Эдырне (Адрыянопаль). На македонскім тэатры сербскія і чарнагорскія войскі перамаглі туркаў у Паўн. Албаніі, Косаве і Паўн. Македоніі; грэч. часці занялі Эпір, Фесалію і Паўд. Македонію. 3.12.1912 падпісана перамір’е. У студз. 1913 новы тур. ўрад младатуркаў аднавіў ваен. дзеянні. Але няўдалая высадка іх дэсанта ў тыле балг. войскаў каля крэпасці Чаталджы, страта крэпасці Эдырне і паланенне балгарамі 60-тысячнага тур. гарнізона, здача крэпасці Яніна грэкам прымусілі Турцыю спыніць баі. Паводле Лонданскага мірнага дагавора ад 30.5.1913 Турцыя страціла свае еўрап. ўладанні (акрамя Стамбула і часткі Усх. Фракіі). 2-я балканская вайна (29.6—10.8.1913) — вайна Балгарыі супраць Грэцыі, Сербіі і Чарнагорыі (да іх далучыліся Румынія і Турцыя) — стала вынікам спрэчкі паміж б. саюзнікамі з-за падзелу Македоніі. Правал балг. наступлення на сербскія і грэч. пазіцыі, уварванне рум. войскаў у Балгарыю, захоп туркамі ў ліпені Эдырне і амаль усёй Усх. Фракіі прывялі да капітуляцыі балгараў. Паводле Бухарэсцкага мірнага дагавору ад 10.8.1913 Балгарыя ўступіла Румыніі Паўд. Дабруджу, Грэцыі — Паўд. Македонію і частку Зах. Фракіі, Сербіі — амаль усю Паўн. Македонію. Пазней Балгарыя перадала Турцыі амаль усю Усх. Фракію (паводле міру, заключанага ў Стамбуле 29.9.1913).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІРЛА́НДСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1641—52,
нац.-вызв. паўстанне супраць ператварэння Ірландыі ў англ. калонію. Адбылося ў пач.Англійскіх рэвалюцый 17 стагоддзя. Выклікана зямельнымі канфіскацыямі ў Ірландыі, каланізацыяй англічанамі Ольстэра, каланізатарскімі намерамі англ.Доўгага парламента, нац. і рэліг. дыскрымінацыяй ірландцаў і англа-ірландцаў. Пачалося 23.10.1641. За некалькі дзён 15—17 тыс.узбр. паўстанцаў (да 6 ліст. 100—300 тыс. паўстанцаў; галоўнакаманд. Ф.О’Ніл) пры адсутнасці ў Ірландыі значных англ. войск (па асобных невял. гарнізонах былі раскіданы 2—3 тыс.англ. вайскоўцаў) авалодалі важнейшымі стратэг. пунктамі і крэпасцямі Ольстэра, разграмілі шмат маёнткаў каланістаў. Праходзіла пад лозунгамі вяртання экспрапрыіраваных зямель, ліквідацыі самавольства англ. чыноўнікаў; частка паўстанцаў (пераважна знаць) падтрымлівала англ. караля Карла I у яго процістаянні з парламентам. Паўстанцаў падтрымлівалі грашамі, зброяй, амуніцыяй і добраахвотнікамі (пераважна ірландцы-эмігранты) рым. папа і каталіцкія краіны Еўропы, што садзейнічала пашырэнню паўстання на ірл. правінцыі Конат, Ленстэр, Манстэр. 24.10.1642 тут утворана дзяржава паўстанцаў — Ірл. канфедэрацыя католікаў (сталіца — г. Кілкені). Ва ўмовах грамадз. войнаў у Англіі 1642—46 і 1647—49 кіраўніцтва Канфедэрацыі спадзявалася на кампраміс з Карлам I і заключыла з ім перамір’е (1643), потым мір (1646, адноўлены ў 1649). Пасля паражэння караля ў барацьбе з парламентам у Дубліне 15.8.1649 высадзілася 12-тысячная англ. парламенцкая армія на чале з О.Кромвелем, якая паступова задушыла паўстанне (загінула 1/3ірл. насельніцтва). 26.9.1652 англ. парламент абвясціў пра ліквідацыю «мяцяжу» ў Ірландыі.
Літ.:
Сапрыкин Ю.М. Ирландское восстание XVII в. М., 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУВЕ́ЙЦКІ КРЫ́ЗІС 1990—91.
Выкліканы даўнімі ірака-кувейцкімі супярэчнасцямі. У 1961 Ірак перашкаджаў прыёму Кувейта ў Лігу араб. дзяржаў (ЛАД), сцвярджаючы, што той з’яўляецца часткай Ірака. У 1990 прэзідэнт Ірака С.Хусейн абвінаваціў Кувейт у перавышэнні квот Арг-цыі экспарцёраў нафты, у штучным паніжэнні цэн на нафту на сусв. рынку і незаконнай здабычы нафты са свідравін, што належалі Іраку. 2 жн. іракская армія ўварвалася ў Кувейт і акупіравала яго; эмір і ўрад Кувейта пакінулі краіну. 8 жн. ўрад Ірака абвясціў пра анексію Кувейта, а 28 жн. ператварыў яго ў іракскую правінцыю. Савет Бяспекі ААН асудзіў дзеянні Ірака, 6 жн. ўвёў супраць яго эканам. санкцыі. Ірак асудзіла і большасць членаў ЛАД. 7 жн. па просьбе караля Фахда ў Саудаўскай Аравіі высадзіліся войскі ЗША. 29 ліст. рэзалюцыяй ААН яны (сумесна з кантынгентамі 27 інш. краін) атрымалі статус Шматнац. сіл (ШС) на чале з амер.ген. Н.Шварцкопфам. ШС мелі 670 тыс.чал., 3,5 тыс. танкаў, 1,8 тыс. самалётаў супраць 500 тыс.чал., 4,5 тыс. танкаў, 550 самалётаў у Ірака. 17.1.1991 ШС пачалі масіраваныя бамбардзіроўкі тэр. Ірака, 24 лют. — наземную аперацыю «Бура ў пустыні». 26 лют. Ірак абвясціў аб вывадзе войск з тэр. Кувейта, 28 лют. аб перамір’і абвясцілі і ЗША. 6.4.1991 Ірак падпісаў перамір’е і абавязаўся выплачваць Кувейту рэпарацыі, ліквідаваць усю хім. і бактэрыял. зброю, усе прамысл. аб’екты па вытв-сці ядз. зброі. Адбыўся абмен палоннымі, паміж Іракам і Кувейтам створаны «пояс бяспекі». Для назірання за ўмовамі перамір’я створана Спец. Камісія ААН (ЮНСКОМ).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ́ЛЬФЫ (грэч. Delphoi),
старажытны горад у Грэцыі каля падножжа гары Парнас у паўд.-зах. Факідзе. Буйны рэліг. цэнтр з храмам і аракулам бога Апалона. У 7—6 ст. да н.э. Д. набылі ролю агульнагрэч. свяцілішча. З 582 да н.э. ў іх праходзілі агульнагрэч. піфійскія гульні, на час якіх усталёўвалася свяшчэннае перамір’е. З дароў Апалону ў Д. назапасіліся вял. скарбы і горад стаў буйным крэдытна-пазыковым цэнтрам. У 279 да н.э. Д. спустошаны галамі, у 189 да н.э. захоплены рымлянамі, у 86 да н.э. абрабаваны Сулам, які вывез адсюль творы мастацтва. Пасля дэкрэта рым. імператара Феадосія I аб закрыцці храма (391 н.э.) горад паступова заняпаў. Цяпер Д. — невял. населены пункт.
З горным рэльефам гарманічна спалучаюцца помнікі Д., адкрытыя раскопкамі з 1892: храм Апалона Піфейскага (6 ст. да н.э., перабудаваны ў 4 ст. да н.э., арх. Ксенадор і Агатан), скарбніцы сіфнійцаў (каля 525 да н.э.), афінян (480 да н.э.) і інш., стоя (галерэя-порцік) афінян (475 да н.э.), выбіты ў скале т-р на 5 тыс. гледачоў (4 ст. да н.э.) — на свяшчэнным участку Апалона. Фундаменты старога (канец 7 ст. да н.э.) і новага (канец 6 ст. да н.э.) храмаў Афіны Пранаі, круглая ў плане грабніца — фалос (пач. 4 ст. да н.э.) — на свяшчэнным участку Афіны. Стадыён (каля 460 да н.э.), гімнасій (334—327 да н.э.), басейн Кастальскай крыніцы (7 ст. да н.э.). Арх. музей (каштоўныя зборы ант. мастацтва — надпісы, скульптуры, у т. л. бронзавая статуя возніка, рэльефы і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІВІ́Л (Крыштоф) (мянушка Пярун; 9.2.1547, Вільня — 20.11.1603),
ваенны і дзяржаўны дзеяч ВКЛ. Сын М.Радзівіла Рудога. Удзельнік Лівонскай вайны 1558—83, у т. л.Ульскай бітвы 1564. З 1567 ротмістр коннай роты, крайчы ВКЛ у 1567—69, падчашы ВКЛ у 1569—79, гетман польны ў 1572—89, ахоўваў паўн.-ўсх. мяжу дзяржавы. У час кампаніі 1580 узяў замак Усвят і нанёс паражэнне праціўніку каля Вялікіх Лук. У жн. — кастр. 1581 атрады Р. (4 тыс.чал.) разам з атрадамі Ф.С.Кміты-Чарнабыльскага (2 тыс.чал.) зрабілі рэйд да вярхоўяў Волгі, занялі Старыцу і Ржэў. Гэты рэйд і аблога Пскова прымусілі Івана IV падпісаць перамір’е. У 1579—84 кашталян трокскі, адначасова ў 1579—85 падканцлер ВКЛ, з 1584 ваявода віленскі. Пасля смерці Стафана Баторыя падтрымліваў план часткі магнатаў і шляхты ВКЛ абраць каралём рас. цара Фёдара Іванавіча і стварыць дзярж. унію Польшчы, ВКЛ і Расіі на чале з Вял. княствам Літоўскім. Быў прыхільнікам мірных узаемадачыненняў з Расіяй. З 1589 вял. гетман ВКЛ. На чале войск ВКЛ змагаўся супраць Налівайкі паўстання 1594—96. У 1600 дамогся шлюбу Соф’і Алелькаўны (гл. ў арт.Святыя Беларусі) са сваім сынам Янушам, у выніку пасля смерці Соф’і (1612) Слуцкае княства і інш. ўладанні Алелькавічаў перайшлі да Радзівілаў. У час вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29 з 1600 Р. камандаваў войскамі ў Інфлянтах. 23.6.1601 нанёс паражэнне шведскаму войску пад Кокенгаўзенам (Кокнесе), у ліп. 1601 заняў Вендэн (Кесь). Як і бацька, Р. вызнаваў кальвінізм, будаваў кальвінскія зборы. Пры яго двары было шмат вучоных, з ім былі звязаны дзеячы бел. культуры А.Рымша, Г.Пельгрымоўскі, С.Рысінскі, А.Волан. Меў адну з найбольшых латыфундый у ВКЛ.