КАВАЛЁЎ Сяргей Валер’евіч (н. 20.6.1961, г. Магілёў),
бел. пісьменнік, літаратуразнавец. Канд.філал.н. (1991). Скончыў БДУ (1985). З 1988 выкладчык БДУ. Друкуецца з 1980. Даследуе праблемы сучаснай бел. паэзіі (зб.арт. «Як пакахаць ружу», 1989; «Партрэт шкла», 1991), шматмоўную л-ру ВКЛ (кн. «Героіка-эпічная паэзія Беларусі і Літвы канца XVI ст.», 1993). Аўтар п’ес «Драўляны рыцар» (паст. 1988), «Звар’яцелы Альберт, або Прароцтвы шляхціца Завальні» (паст. 1991), «Трышчан, або Блазны на пахаванні» (паст. 1995), «Люстэрка Бландоі» (паст. 1996 пад назвай «Заложніца кахання»), «Саламеі і амараты» (паст. 1996), «Стомлены д’ябал» (паст. 1997), створаных на аснове літ. твораў і фалькл. матэрыяле, і інш. Піша для дзяцей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕМІ́-АБІ́НСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура эпохі энеаліту на тэр. ад Тамані на У да нізоўяў Дняпра і Паўд. Буга на З, ад Крыма на Пд да шыраты Днепрапятроўска на Пн. Назва ад кургана Кемі-Аба, даследаванага ў 1957. У К.-а.к. вылучаюць крымскі, прыазоўскі і паўночначарнаморскі варыянты, раннюю, развітую і познюю фазы. Выяўлены паселішчы адкрытага тыпу, пахаванні развітой і позняй фаз пад курганамі, якія маюць «панцырную» каменную выкладку, на сценах каменных скрынь-магіл паліхромную размалёўку. Насельніцтва займалася земляробствам і жывёлагадоўляй, паляваннем і прыбярэжным марскім промыслам. Развітая фаза К.-а.к. датуецца 3-м тыс. да н.э., верхняя дата — 17 ст. да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УСХОДНЕЛІТО́ЎСКІЯ КУРГАНЫ́,
пахавальныя помнікі балцкіх плямён у 4—12 ст. на тэр.ўсх. і паўд.-ўсх. Літвы і паўн.-зах. Беларусі. Даследавалі ў 2-й пал. 19—1-й пал. 20 ст. К.П. і Я.П.Тышкевічы, Л.Кандратовіч (У.Сыракомля), П.С.Вільчынскі, А.К.Кіркор, А.Плятэр, В.А.Шукевіч, У. і Г.Галубовічы, А.Таўтавічус і інш. Маюць паўкруглую форму дыяметрам 5—15 м і вышынёю 0,6—1 м. Пахавальны абрад у 4—5 ст. трупапалажэнне ў грунтавых ямах, у адным кургане 1—2, радзей 3 пахаванні. Пахавальны інвентар — упрыгожанні (шыйныя грыўні, бранзалеты, шкляныя пацеркі, фібулы, падвескі і інш.), радзей прылады працы (сякеры, нажы, сярпы, прасліцы, шылы). У 5—6 ст. пахавальны абрад трупаспаленне: рэшткі спалення часам ссыпалі ў грунтавую яму, часцей змяшчалі ў аснове або ў насыпе кургана. Пераважаюць курганы з 2—4 пахаваннямі. Пахавальны інвентар — зброя, у канцы 1-га — пач. 2-га тыс. трапляюцца толькі мячы. У гэты час пашырыліся пахаванні з коньмі. Іх змяшчалі ў спецыяльна насыпаных курганах. На тэр. Беларусі даследаваны У.к.: Алешкі, Засвір, Чорная Лужа (Мядзельскі р-н), Андрэеўцы, Рымшанцы (Смаргонскі р-н), Будрані, Жэлядзь, Пільвіны, Сяржанты (Астравецкі р-н), Вайшкуны, Лынтупы (Пастаўскі р-н) і інш. Большасць даследчыкаў лічыць У.к. пахавальнымі помнікамі ўсх.-літ. плямён, адны звязваюць іх з аўкштайтамі, другія з саюзамі плямён. На думку В.В.Сядова, гэта помнікі племянной групоўкі, вядомай у летапісах пад назвай «літва».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́НДА КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура эпохі мезаліту, плямёны якой жылі на Пн Беларусі, У Прыбалтыкі, Пнеўрап.ч. Расіі. Назва ад паселішча каля г. Кунда (Эстонія). Паходжанне культуры звязваюць з постсвідэрскім насельніцтвам, на якое ўплывалі носьбіты маглемазэ культуры і інш.Асн. заняткі насельніцтва — паляванне і рыбалоўства. Яно вырабляла крамянёвыя сіметрычныя наканечнікі стрэл з бакавой выемкай, скрабкі з укарочаных загатовак, разцы на зломе загатовак і інш. Пахавальны абрад — трупапалажэнне ў ямах у выцягнутым становішчы; пахаванні адзіночныя, калектыўныя, у 1 або 2 ярусы. Пахавальны інвентар — крамянёвыя, каменныя і касцяныя прылады працы. Гіст. лёс насельніцтва К.к. звязаны з нарвенскай культурай. На Беларусі найб. даследаваныя помнікі Замошша (Верхнядзвінскі р-н) і Крумплева (Полацкі р-н).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРА́КАС,
археалагічная культура індзейскіх плямён, што ў 5 ст. да н.э. — 2 ст.н.э. жылі на паўд. узбярэжжы Перу. Назва ад аднайм. паўвострава, дзе ўпершыню адкрыты могільнікі гэтай культуры. Насельніцтва жыло ў глінабітных дамах, займалася земляробствам (кукуруза, боб, гарбузы і інш.), марскім збіральніцтвам і рыбалоўствам, вырабляла ляпную паліхромную кераміку з малюнкамі, выкананымі смалістымі фарбамі. Вылучаюцца пахаванні ў глыбокім сферычных камерах, да якіх вядуць вертыкальныя (3—4 мглыб.) шахты, і засыпаных пяскоў збудаваннях, зробленых з цэглы-сырцу, ці ямах. Захавалася вял. колькасць мумій. Нябожчыкаў хавалі ў становішчы седзячы, іх чарапы штучна дэфармаваны, некаторыя маюць сляды трэпанацыі. У 2 ст.н.э. на аснове П. з’явілася культура Наска.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯНЬКО́ЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура славянскіх плямён, якія ў 5—7 ст. насялялі тэр. лесастэпавага памежжа ад Ніжняга Падунаўя на З да Северскага Данца на У. Назва ад паселішча каля в. Пянькоўка ў Палтаўскай вобл. (Украіна). Асн. заняткі насельніцтва — земляробства і жывёлагадоўля. Найб. пашыраны тып помнікаў — неўмацаваныя селішчы пл. 1,5—2 га. Насельніцтва жыло ў паўзямлянках зрубнай ці каркаснай канструкцыі пл. ад 4,75 да 25 м², паглыбленых у грунт на 0,6—1,8 м, з каменна-глінянымі агнішчамі ці печамі-каменкамі. Пахавальны абрад — трупаспаленне па-за межамі могілак, трапляюцца пахаванні ў урнах; знойдзены гаршкі, бронзавыя трапецападобныя і спіральныя падвескі, пранізкі, абпаленыя шкляныя пацеркі і інш. Носьбітамі П.к. лічаць вядомых па пісьмовых крыніцах антаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАТА́ЙЧЫЦЫ,
могільнік і курганны могільнік каля в. Ратайчыцы Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. Могільнік паморскай культуры (4—2 ст. да н.э.). Пахавальны абрад — трупаспаленне. Ю.У.Кухарэнка выявіў 2 пахаванні 11—13 ст. паводле абраду трупапалажэння ў прамавугольных ямах. Знойдзена трохпацеркавае бронзавае скроневае кольца. Курганны могільнік належаў дрыгавічам (10—12 ст.). Даследавана 29 курганоў. Пахавальны абрад — трупапалажэнне галавой на З (у 2 курганах на У) у насыпе і на гарызонце, некат. на попельна-вугальнай падсыпцы. У адным кургане пахавальны абрад — трупаспаленне. Знойдзены ганчарныя гаршкі, нажы, крэсівы, абручы і дужкі ад драўлянага вядра, прасліцы са сланцу, скроневыя кольцы, бронзавыя зярнёныя і шкляныя пацеркі, сярэбраныя пярсцёнкі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІ́ЛА-1,
гарадзішча жалезнага веку (6—8 ст.) і эпохі феадалізму (9 — пач. 10 ст.), каля в. Свіла 1-я Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл. Пляцоўка памерам 100 × 80 м умацавана 3 кальцавымі валамі і 2 равамі. Пры раскопках знойдзены наканечнікі стрэл, скроневыя кольцы, завушніца-лунніца, прасліцы, рэшткі глінянага посуду. На гарадзішчы выяўлены 2 грунтавыя пахаванні з абрадам трупаспалення. Знойдзеная ў гасп. яме вял. колькасць абпаленага азімага жыта з’яўляецца самым раннім сведчаннем (9 ст.) існавання гэтай культуры на Беларусі. Комплекс асн. рэчываў дае падставы меркаваць, што гарадзішча С.-1 заснавана балцкімі плямёнамі, а пазней ператворана крывічамі ў апорны пункт пры асваенні новых зямель у Падзвінні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІЛЕ́ВІЧ Уладзімір Аляксандравіч (н. 9.1.1952, Мінск),
бел. фалькларыст і этнограф. Канд.філал.н. (1979). Скончыў БДУ (1974). У 1974—92 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі, з 1992 у Бел.пед. ун-це імя М.Танка. Даследуе пытанні бел. фалькларыстыкі і этнаграфіі. Аўтар манаграфіі «Усходнеславянская гумарыстычная песня» (1979), кн. «Збіральнікі» (1991, пра бел. фалькларыстаў), «Беларускі народны каляндар» (1993). Укладальнік тома «Пахаванні. Памінкі. Галашэнні» (1986, яго ўступ і каментарыі), зб-каў «Хто з’еў прасвірку» (1979, з А.Фядосікам), «Дай Божа знаць, з кім век векаваць: Беларуская народная варажба» (1993), «Міфы Бацькаўшчыны» (1994), «Беларускі народны соннік» (1996) і інш. На бел. мову з польскай пераклаў аповесць Я.Корчака «Кароль Мацюсь на бязлюдным востраве» (1982).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРО́ШКАЎ,
комплекс археал. помнікаў (гарадзішча, 2 селішчы, 2 бескурганныя могільнікі) ранняга жал. веку каля в. Гарошкаў Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл. На гарадзішчы мілаградскай культуры выяўлены рэшткі 20 наземных і паўзямлянкавых жытлаў з двухсхільным дахам і агнішчамі, скляпы-ямы. Знойдзены крамянёвыя прылады працы, конская збруя, касцяныя арнаментаваныя тронкі нажа і шыла, паставыя, халцэдонавыя, бурштынавыя і інш. пацеркі, метал. жаночыя ўпрыгожанні, 90 гліняных фрагментаў фігурак жывёл, больш за 10 тыс. касцей свойскай і дзікай жывёлы. На селішчах мілаградскім і зарубінецкай культуры выяўлены рэшткі пабудоў, кераміка. На могільніках гэтых жа культур пахавальны абрад — трупаспаленне ў круглых і падоўжаных ямах; сярод знаходак бронзавыя кольцы, шпількі, жал. наканечнікі стрэл, нажы, фібулы. На гарадзішчы выяўлены 2 пахаванні з абрадам трупапалажэння галавой на ПнУ і З.