праро́к, ‑а, м.

1. Паводле некаторых рэлігійных вераванняў — праведнік волі бога, пасланы богам. [Арцём:] — А сынок ты мой! Скажы мне, каток, які гэта прарок сядзеў у пустыні і крумкачы насілі яму мяса? Колас.

2. Прадказальнік будучыні, вяшчун. Запанавала цішыня, але Малец чамусьці ўспомніў перарваную ўжо каторы раз размову, спытаўся ў Ярошкі: — Слухай, прарок, а чаму ты мне не пагадаў наконт грошай? Дамашэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

НІКІ́ЦІН (Іван Мікітавіч) (каля 1690, Масква — 1742),

расійскі жывапісец, партрэтыст, адзін з заснавальнікаў рус. свецкага жывапісу. Вучыўся ў Пецярбургу ў І.​Танаўэра. Пасланы Пятром I у Італію, у 1716—19 вучыўся ў Венецыі і Фларэнцыі. Для ранніх партрэтаў характэрны адыход ад прыёмаў парсуны, імкненне дакладна перадаць характэрныя рысы мадэлі (партрэты Праскоўі Іванаўны, 1712; цэсарэўны Ганны Пятроўны, царэўны Наталлі Аляксееўны; абодва да 1716). У 1720-я г. вял. ўвагу аддаваў індывідуальнай характарыстыцы мадэлі, аб’ёмнай перадачы прадметаў, гучнасці каларыту з пераважаннем цёплых залаціста-карычневых тонаў: «Пётр I на смяротнай пасцелі» (1725), партрэты Пятра I, польнага гетмана (1720-я г.), С.​Строганава (1726). У 1732 арыштаваны па справе аб пасквілі на Феафана Пракаповіча, у 1737 сасланы ў Табольск.

Літ.:

Лебедева Т.А. И.​Никитин. М., 1975.

І.М.Нікіцін. Партрэт польнага гетмана 1720-я г.

т. 11, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

паслане́ц, ‑нца, м.

Той, хто пасланы куды‑н. для выканання якіх‑н. даручэнняў. У штаб часта заходзілі пасланцы ад партызанскіх брыгад і атрадаў. Шчарбатаў. У тую ж ноч прыйшоў пасланец з пушчы, і .. [Алімпа] пайшла з ім. Сабаленка. / у перан. ужыв. Я ўбачыў.. [Стасю], і мне здалося, што яна — пасланец лёсу. Я ж яе ведаў... Навуменка. Не чайкі — галубы, Пасланцы міру, Ляцяць над нашым мірным караблём. Аўрамчык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

КРЫЧЭ́ЎСКІ (Міхайла) (у каталіцтве Станіслаў; ?, каля г. Брэст — 3.8.1649),

казацкі военачальнік, удзельнік вызваленчай вайны ўкраінскага і беларускага народаў 1648—54, палкоўнік кіеўскі (1648—49). З бел. шляхецкага роду. У 1620-я г. служыў у каронным войску Рэчы Паспалітай. У 1627 удзельнічаў у вайне са Швецыяй. З 1643 палкоўнік казацкіх рэестравых войск Рэчы Паспалітай. У 1647 садзейнічаў уцёкам Б.Хмяльніцкага з турмы ў Крылове ў Запарожскую Сеч. Пасля бітвы пад Жоўтымі Водамі (5—6.5.1648) у крымскім палоне. Выкуплены Хмяльніцкім за 4 тыс. талераў (12 тыс. польскіх злотых). Летам 1649 пасланы Хмяльніцкім на Беларусь. Да 15 тыс. казакоў К. далучылася амаль столькі ж сялян-паўстанцаў Беларусі. У ходзе Лоеўскай бітвы 1649 войска К. было разбіта, а сам ён цяжка паранены. Памёр ад ран на 3-і дзень пасля бітвы.

В.​І.​Мялешка.

М.Крычэўскі. Пасмяротны партрэт (з гравюры па рыс. 1649).

т. 8, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРА́ЖСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1848,

паўстанне 12—17 чэрв. насельніцтва Прагі супраць абсалютысцкага рэжыму аўстр. Габсбургаў. кульмінацыйны пункт рэвалюцыі 1848—49 на чэш. землях. Непасрэднай падставай для паўстання стаў расстрэл 12 чэрв. аўстр. войскамі мірнай дэманстрацыі гараджан. Студэнты, рабочыя, рамеснікі і інш. пабудавалі барыкады і вялі баі з аўстр. гарнізонам. Паўстанне не мела агульнага плана і кіруючага цэнтра. Асобныя кіраўнікі (І.​Фрыч, Л.​Штур, М.А.Бакунін і інш.) спрабавалі надаць П.п. агульначэш. характар: у правінцыю былі пасланы рэв. агітатары. З 13 чэрв. чэш. лібералы Ф.Палацкі, П.І.Шафарык і інш. выступалі пасрэднікамі паміж пражцамі і аўстр. камандаваннем, аднак перагаворы паўстанцаў (патрабавалі стварэння Часовага ўрада, чэш. гал. ваен. камандавання і інш.) з пасланай з Вены ў Прагу ўрадавай камісіяй былі сарваны камандуючым аўстр. гарнізонам кн. А.​Ф.​Віндышгрэцам. 17 чэрв. пасля артыл. абстрэлу Прага капітулявала, многія ўдзельнікі П.п. рэпрэсіраваны.

т. 12, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

пасце́ль, ‑і, ж.

1. Тое, што падсцілаецца для спання, спальныя рэчы. Паслаць чыстую пасцель. □ [Аксеня Арцёмаўна] прынесла з сабою ў арцель конаўку, чыгун, міску і лыжкі, пасцель. Місько. // Месца для спання, пасланы ложак. Прыйшоўшы позна ўвечары з заняткаў, Марыя адразу клалася ў пасцель і накрывалася з галавою. Кулакоўскі. [Жанчына] слала на падлозе пасцель — прывабліва шалясцела сена. Мележ.

2. Спец. Частка вырабу ці якой‑н. прылады, на якой размяшчаецца што‑н. Пасцель падшыпніка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Праро́к ’прапаведнік волі Бога, пасланы Богам; прадказальнік будучыні, вяшчун’ (ТСБМ), прарок, прарока ’тс’ (Нас.), ст.-бел. пророкъ ’тс’. Рус. проро́к, укр. прарок, прорік, пророка ’тс’. У сучасных усх.-слав. мовах запазычанне са ст.-слав. пророкъ, што з’яўляецца калькай грэч. προφήτης ’прарок, прадвяшчальнік’. Ад *pro‑ (гл. пра-) і *rekti ’гаварыць’ (гл. Фасмер, 3, 465; ЕСУМ, 4, 600), параўн. ст.-бел. прорекуе (XVI ст.), паводле Карскага (1, 158), пад уплывам реку, ректи — “в живых белорусских говорах это слово неизвестно” (там жа, 261). Форма прарока па тыпу народных утварэнняў на ‑а, гл. Сцяцко, Афікс. наз., 76.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

КНЯЗЕ́ВІЧ (Кароль Ота) (4.5.1762, Асітэн каля г. Елгава, Латвія — 9.5.1842),

вайсковы дзеяч Рэчы Паспалітай. З бел. шляхты. Вучыўся ў Варшаўскай рыцарскай школе (1774—77). Служыў у кароннай артылерыі ў Беластоку, Седльцах, на Падоллі. Удзельнік вайны з Расіяй 1792, паўстання 1794, ген.-маёр. У час Мацяёвіцкай бітвы 1794 трапіў у палон. Пасля вызвалення з ліст. 1794 у Італіі, дзе ваяваў на баку Напалеона, у 1800 удзельнічаў у вайне супраць Аўстрыі, генерал брыгады. З 1801 у адстаўцы. У 1812 зноў на службе, генерал дывізіі ў штабе Ж.​Банапарта. На чале 18-й дывізіі ваяваў пад Смаленскам, Барадзіном, у бітве на Бярэзіне камандаваў корпусам, паранены. У знак пратэсту супраць польск. палітыкі Напалеона ў 1813 выйшаў у адстаўку. Інтэрніраваны аўстр. ўладамі. У 1814 увайшоў у Вайсковы к-т для арганізацыі арміі Каралеўства Польскага. З 1815 у адстаўцы, жыў у Дрэздэне. У час паўстання 1830—31 пасланы паўстанцкімі ўладамі ў Парыж за падтрымкай, але вынікаў не дамогся, застаўся ў Парыжы.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 8, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗЫ́РСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1649,

выступленне гараджан Мазыра і сялян навакольных вёсак у час антыфеадальнай вайны 1648—51 на Беларусі. Пачалося ўлетку 1648. Выступленне ўзначаліў мазырскі рамеснік Іван Сталяр. Жыхары Мазыра склалі асобную харугву на чале з мясц. седлавым майстрам Седляром. У жн. да гараджан далучыўся пасланы Б.​Хмяльніцкім атрад Міхненкі. З мэтай закрыць казацкім загонам шлях на Беларусь, у пач. студз. 1649 на Тураў і Мазыр рушыла 15-тысячнае войска ВКЛ на чале з гетманам польным Я.Радзівілам. Радзівіл паслаў да гараджан ганца з лістом, у якім прапанаваў здаць горад без бою, за што абяцаў усім паўстанцам права на свабодны выхад. Гараджане не прынялі прапановы. 19 студз. войска Радзівіла падышло да Мазыра. Драгуны, пад прыкрыццём саней з дрывамі, падышлі да варот, выбілі іх бярвёнамі і ўварваліся ў горад. К канцу дня горад і замак былі захоплены, рэшткі паўстанцаў адцеснены да Прыпяці і перабіты, горад разрабаваны, часткова спалены. Кіраўнік паўстання Сядляр прарваўся праз акружэнне і выратаваўся, Міхненка быў узяты ў палон і пакараны смерцю.

т. 9, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЯНЕ́ЦКАЕ ПАЎСТА́ННЕ,

анты феадальнае выступленне сялян Камянецкай воласці Мазырскага пав. ў 1750-я г. Выклікана прыгнётам мясц. адміністрацыі. Хваляванні пачаліся яшчэ ў 1736. Пад уплывам паўстання гайдамакаў у суседняй Жытоміршчыне ў 1754 перараслі ва ўзбр. выступленне. Для падаўлення паўстання 7.9.1754 загадам М.​К.​Радзівіла ў Камянецкую воласць накіраваны 2 харугвы. У кастр. 1755 харугвы пасланы зноў супраць новага выступлення сялян, а ў ліст. — яшчэ 4 харугвы (70 коннікаў). Да студз. 1756 паўстанне ахапіла ўсю Камянецкую воласць (больш за 700 сял. двароў). Сабраўшыся каля мяст. Славечна, паўстанцы далі адпор харугвам і прымусілі іх да ўцёкаў. Некалькі тысяч сялян стварылі ўмацаваны лагер і пакляліся змагацца да апошняга. У сак. 1756 урадавае войска (400 чал. і гарматы) рушыла да Славечна. Пасля таго як сяляне адмовіліся ад капітуляцыі, жаўнеры кінуліся на штурм лагера і ўзялі яго. Паўстанцы страцілі 60 чал. забітымі. некалькі дзесяткаў чалавек патанула ў балотах, каля 60 чал. узяты ў палон. Многія ўдзельнікі выступлення пакараны смерцю, іншых білі бізунамі, 4 кіраўнікоў выступлення пасадзілі на кол, 10 сял. важакоў адасланы ў Нясвіж на суд да Радзівіла.

В.​І.​Мялешка.

т. 7, с. 554

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)