кірунак даследаванняў у галіне біял. навукі, сумежнай паміж генетыкай і біягеаграфіяй. Сфармулявана сав. вучоным А.С.Сераброўскім ў 1928—29. Вывучае генетычную гетэрагеннасць прыродных папуляцый і на гэтай аснове генетычную структуру папуляцыі, раскрыццё механізмаў фарміравання, падтрымання і змянення гэтай структуры, што стала пачаткам вывучэння генетыкі папуляцый у прасторы, а таксама выяўленне геагр. пашырэння і, па магчымасці, частот алеляў, адказных за асн. прыкметы і ўласцівасці пэўнага віду арганізмаў. Генагеаграфія высвятляе прычыны пашырэння алеляў. Мае практычнае і прыкладное значэнне пры вызначэнні генафондаў свойскіх жывёл і культ. раслін як адной з асноў пароднага і сартавога раянавання і селекцыі, а таксама ў генетыцы чалавека, асабліва ў мед. генетыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКО́ЎСКАЯ ПАРО́ДАкурэй. Мяса-яечнага кірунку. Выведзена ў Маскоўскай вобл. ў 1940—60-я гг. скрыжаваннем юрлаўскіх курэй мясц.папуляцыі з бурымі легорнамі і нью-гэмпшырамі, завезенымі з ЗША. На Беларусі пашырана абмежавана, пераважна як калекцыйная парода.
Маса пеўняў 3,5 кг, курэй 2,4 кг. Апярэнне чорнае, часта з жоўта-бурымі пёрамі на шыі (у пеўняў таксама на плячах і паясніцы). Ногі і дзюба шэрыя. Тулава доўгае, спіна шырокая, грудны аддзел выпуклы. Галава шырокая, сярэдніх памераў, з лістападобным прамастаячым грэбенем, вушныя мочкі чырвоныя. Яйцаноскасць 210—230 яец за год, сярэдняя маса яйца 58 г; характэрны мясная скараспеласць, высокая жыццяздольнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
інбры́дзінг
(англ. inbreeding, ад m = у, унутры + breeding = развядзенне)
скрыжоўванне жывёл або раслін, якія знаходзяцца ў блізкароднасных адносінах у межах адной папуляцыі арганізмаў (параўн.аўтбрыдзінг, кросбрыдзінг).
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
дэпрэ́сія1
(лац. depressio = прыгнечанне)
1) прыгнечаны псіхічны стан чалавека;
2) біял. рэзкае паніжэнне колькасці асобін папуляцыі або віду;
3) прамысловы і гаспадарчы застой у краіне.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
КА́РЛІКАВЫ РОСТ, нанізм,
паталагічны стан чалавека, які характарызуецца адставаннем у росце ў параўнанні з сярэдняй нормай для ўзросту, полу, папуляцыі, расы. Праяўленне К.р. — адзін з сімптомаў генет. парушэнняў росту арганізма, шэрагу эндакрынных і неэндакрынных хвароб. У жанчын карлікавым лічыцца рост меншы за 120 см, у мужчын меншы за 130 см. Віды К.р. ўмоўна падзяляюць на прапарцыянальны і непрапарцыянальны. Клінічныя праяўленні залежаць ад віду захворвання. Напр., пры гіпафізарным К.р. (псіхіка амаль нармальная) прапорцыі і памеры цела застаюцца дзіцячыя, палавыя залозы недаразвітыя, бывае атлусценне, старэчая, маршчыністая скура твару. Пры сістэмных захворваннях шкілета рост канечнасцей значна адстае ад росту тулава, эндакрынныя і псіхічныя расстройствы адсутнічаюць. Лячэнне (да спынення росту цела) накіравана на ўстараненне прычыны, што абумоўлівае К.р.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНМІКСІ́Я (ад пан... + грэч. mixis змешванне),
выпадковае, свабоднае (неабмежаванае) скрыжоўванне разнаполых асобін з рознымі генатыпамі ў папуляцыі ці інш. унутрывідавой групе арганізмаў. У рознай ступені характэрна для большасці відаў жывёл і раслін і залежыць ад характару іх размнажэння. Тэрмін «П.» ўвёў А.Вейсман (1885). Поўная П. магчыма ў «ідэальных» папуляцыях (бясконца вял., у якіх кожная асобіна мае аднолькавыя магчымасці апладнення асобінай другога полу, пры адсутнасці адбору, ціску мутацый, міграцый і інш.), калі адбываецца выпадковае камбінаванне гамет і раўнаважнае размеркаванне частот генатыпічных класаў асобін у адпаведнасці з Хардзі—Вайнберга законам. У прыродзе ажыццяўляецца толькі ў той ці інш. ступені і забяспечвае генетыка-эвалюц. адзінства ўнутрывідавых груповак і віду ў цэлым.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́СА (франц. race род, парода) у біялогіі, група арганізмаў, якая адасобілася ўнутры віду або падвіду ў экалагічных, марфал. або геагр. адносінах. Асобіны, што складаюць Р., маюць падобныя морфафізіял. і экалагічныя асаблівасці, аб’яднаны раёнам размяшчэння, які складае ч.арэала віду ці падвіду. Часта розныя Р. трапляюцца ў адным і тым жа месцы, але адрозніваюцца па ўмовах існавання (экалагічная Р.). Напр., у раслін паяўляюцца Р. альпійскага тыпу, ксераморфнага, ценявога; у жывёл — сезонныя Р. ракападобных і інш. У паразітаў Р. адрозніваюцца функцыян. прыстасаванасцю (спецыялізацыяй) да пэўных гаспадароў — раслін ці жывёл. У іхтыялогіі тэрмін «Р.» абазначае мясц.папуляцыі (чароды) рыб. Часам геагр. Р. атаясамліваюць з падвідам. Тэрмін «Р.» выкарыстоўваецца таксама ў дачыненні да парод свойскіх жывёл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
дызрупты́ўны
(лац. disruptus = разарваны);
д. адбор — адна з форм штучнага адбору, пры якім унутры папуляцыі ўзнікае полімарфізм, г.зн. некалькі форм, кожная з якіх можа даць пачатак новаму віду.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
БІЯТЫ́ЧНАЕ ЗГУРТАВА́ННЕ,
сукупнасць жывых арганізмаў розных відаў, якія жывуць сумесна ў межах прыроднай прасторы або тэрыторыі (біятопу) і ўзаемадзейнічаюць паміж сабой (напр., фітапланктон вадаёма, глебавыя жывёлы ўчастка лесу і інш.); частка экасістэмы. Часам біятычнае згуртаванне — сукупнасць усіх арганізмаў (раслін, жывёл, мікраарганізмаў; сінонім біяцэнозу). Адрозніваюць біятычнае згуртаванне раслін (фітацэноз) і жывёл (зоацэноз). Сістэма арганізацыі жывой матэрыі з некаторымі асаблівымі ўласцівасцямі, якіх не маюць яе кампаненты (асобіны і папуляцыі), функцыянуе як адзінае цэлае дзякуючы ўзаемазвязаным метабалічным пераўтварэнням. У залежнасці ад змены фактараў навакольнага асяроддзя біятычныя згуртаванні паступова пераходзяць адно ў адно. Ад біятычнага згуртавання залежыць функцыянаванне арганізма. Мае розныя памеры (напр., біёты дрэвавага ствала і вял. лесу або акіяна). Біятычныя згуртаванні першы вывучаў амер. вучоны В.Шэлфард (1913). Гл. таксама Біём.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯТЭХНІ́Я (ад бія... + грэч. technē мастацтва, майстэрства, уменне),
раздзел паляўніцтвазнаўства, які вывучае і распрацоўвае шляхі і метады актыўнага захавання, павелічэння колькасці, паляпшэння прадукц. якасцяў і рацыянальнага выкарыстання карысных дзікіх жывёл у прыродных умовах. Прынцыпы біятэхніі выкарыстоўваюцца таксама ў рыбнай гаспадарцы (аквакультура). Практычныя метады і мерапрыемствы біятэхніі спрыяюць накіраванаму ўздзеянню на прыродныя біял. сістэмы (папуляцыі жывёл і біяцэнозы) шляхам змены фактараў навакольнага асяроддзя (кармавых, ахоўных, гнездавых умоў месцажыхарства), павелічэнню выхаду таварнай прадукцыі з адзінкі плошчы, захаванню паляўнічых угоддзяў, упарадкаванню, пераўтварэнню і стварэнню новых паляўнічых угоддзяў, зберажэнню паляўнічых аб’ектаў, падкормцы, акліматызацыі і рассяленню, селекцыі і паляпшэнню якасці, барацьбе са шкоднымі відамі, прафілактыцы і лячэнню. Праводзіцца ў нац. парках, запаведніках, заказніках і паляўнічых гаспадарках. Тэрмін увёў рус. вучоны П.А.Мантэйфель (1929).