АСКЛЕ́ПІЙ,

у грэчаскай міфалогіі бог лячэння, сын Апалона і німфы Караніды. Уменню лячыць навучыўся ў кентаўра Хірона. Калі Асклепій наважыўся ўваскрашаць памерлых, Зеўс забіў яго маланкай. Асклепія ўяўлялі ў вобразе барадатага мужчыны ў доўгім плашчы, які абапіраўся на абвіты змяёй кій. Асклепій быў асабліва папулярны ў г. Эпідаўр; найб. вядомыя свяцілішчы Асклепія на в-ве Кос, у г. Пергам, пры іх існавалі мед. школы. Яму прысвячалі рэльефы на свяцілішчах, яго выявы былі на гемах і манетах. У рым. міфалогіі Асклепію адпавядае Эскулап.

Асклепій. Рымская копія з грэчаскага арыгінала. 4 ст. да н.э.

т. 2, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АПО́ВЕСЦЬ ПРА ТАЎДА́ЛА», «Книга о Таудале-рыцеры»,

помнік бел. перакладной л-ры 16 ст., твор царк.-рэліг. характару. Арыгінал аповесці ўзнік у 12 ст. на лац. мове ў Ірландыі. Бел. пераклад з чэшскай крыніцы. У аповесці выкарыстаны папулярны матыў тагачаснай л-ры — дзівоснае перавыхаванне героя-грэшніка. У аснове сюжэта незвычайнае падарожжа па замагільным свеце душы рыцара Таўдала, які ад моцнага перапою часова страціў прытомнасць. Уражаны страшнымі пакутамі грэшнікаў у пекле, герой каецца ў грахах і вырашае жыць праведна, па хрысц. запаветах. Твор цікавы як сведчанне духоўных запатрабаванняў таго кола бел. чытачоў эпохі Адраджэння, у асяроддзі якіх былі яшчэ жывыя сярэдневяковыя ўяўленні і густы.

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 1, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЮБУА́ ((Dubois) Станіслаў) (7.1.1901, Варшава — 21.8.1942),

польскі паліт. дзеяч, журналіст. Чл. Польскай сацыяліст. партыі (з 1918). У 1919—21 удзельнічаў у Сілезскіх паўстаннях. Адзін з заснавальнікаў Саюза незалежнай сацыяліст. моладзі (1922). У 1928—30 дэпутат сейма. У 1929 адзін са стваральнікаў «Цэнтралеву» (блок 6 цэнтрысцкіх і левых партый). Быў арыштаваны і зняволены ў Брэсцкай крэпасці, у 1932 асуджаны на 3 гады. З 1934 прыхільнік саюзу сацыялістаў з камуністамі, у 1936—37 сузаснавальнік і нам. гал. рэдактара газ. «Dziennik Popularny» («Папулярны штодзённік»), якая выступала за адзіны фронт. У перыяд фаш. акупацыі чл. канспіратыўнай групоўкі «Барыкада свабоды». У 1940 арыштаваны гестапа, вывезены ў Асвенцім і расстраляны.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 6, с. 128

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРО́НАС, Крон,

у старажытнагрэч. міфалогіі адзін з тытанаў, сын Урана і Геі. Па навучанні маці кастрыраваў Урана, каб спыніць яго род, заняў трон і ўзяў за жонку сястру Рэю. Паводле прадказання Геі, яго павінен быў звергнуць сын, таму калі ў Рэі нараджаліся дзеці, К. адразу ж глытаў іх. Рэя падманула мужа і замест народжанага Зеўса падклала яму спавіты камень, які і праглынуў К. Зеўс вырас і прымусіў бацьку вярнуць астатніх дзяцей, якія склалі пакаленне алімп. багоў, а К. і тытанаў скінуў у тартар. Культ К. быў асабліва папулярны ў Алімпіі і Афінах, дзе ў яго гонар спраўлялі святкаванні (кроніі). У рым. міфалогіі яму адпавядае Сатурн.

т. 8, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

батле́йка

(польск. betlejka, ад Betleem = польская назва горада Віфлеема)

пашыраны і папулярны ў мінулыя часы на Беларусі перасоўны лялечны тэатр; з канца 1980-х гадоў робяцца спробы адрадзіць паказы батлейкі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

bandwagon

[ˈbænd,wægən]

n.

1) фурго́н з арке́страй

2) informal папуля́рны, мо́дны рух, гру́па ці плынь

to join the bandwagon — далучы́цца да перамо́жнага бо́ку

Ангельска-беларускі слоўнік (В. Пашкевіч, 2006, класічны правапіс) 

ВЕ́СТЭРН (ад англ. western заходні),

жанр прыгодніцкага кіно. Узнік у ЗША на пач. 1900-х г. Адлюстроўвае падзеі, звязаныя з асваеннем амер. Захаду ў 2-й пал. 19 ст. Дынамічны сюжэт вестэрна звычайна разгортваецца на фоне дзікай прыроды пры ўдзеле мужнага героя, які ўступае ў схватку з ворагамі ў імя ўсталявання духоўных і сацыяльных ідэалаў; падзеі ў вестэрне рамантызаваліся, герой ідэалізаваўся. На пач. 1950-х г. узнікла тэндэнцыя да пераасэнсавання і дэміфалагізацыі гісторыі заваявання далёкага Захаду. Як жанр і цяпер папулярны ў ЗША, Італіі («спагеці-вестэрн»), Германіі. Тэрмін «вестэрн» выкарыстоўваецца таксама ў дачыненні да амер. л-ры прыгодніцкага жанру з аналагічнымі сюжэтамі.

Да арт. Вестэрн. Кадр з кінафільма «Аднойчы на Далёкім Захадзе». Рэж. С.​Леоне. 1968.

т. 4, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГАРО́ДЗІЦА, Божая Маці,

у хрысціянскай міфалогіі найсвяцейшая Дзева Марыя, Мадонна, маці бязгрэшна зачатага Ісуса Хрыста. У 4 ст. абвешчана «прачыстай», на Усяленскім саборы 431 у Эфесе афіцыйна прызнана Багародзіцай і Царыцай Нябеснай. У каталіцызме, дзе культ Мадонны асабліва папулярны, абвешчаны шэраг догматаў, якіх не было ў стараж. царк. традыцыі. З 12 ст. на Захадзе распаўсюджваецца легенда пра бязгрэшнае зачацце Марыі яе маці Ганнай. У 1854 гэтая версія афіцыйна замацавана ў форме догмату. У 1950 прыняты догмат аб цялесным узнясенні Багародзіцы пасля смерці на неба, а ў 1964 папам Паўлам VI найсвяцейшая Дзева Марыя абвешчана «маці царквы». Тэма Багародзіцы з дзіцем шырока выкарыстоўваецца ў сусв. выяўленчым мастацтве і л-ры.

Да арт. Багародзіца. Абраз «Маці Божая Замілаванне» з Брэстчыны. 1644.

т. 2, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЯ́Н (ад імя стараж.-рус. спевака-казачніка Баяна),

язычковы пнеўматычны клавішны муз. інструмент, удасканалены храматычны гармонік (дыяпазон 4—5 актаў). Найб. пашыраны ў Расіі, папулярны на Беларусі. Бываюць баяны «гатовыя» (з падрыхтаванымі стандартнымі акордамі ў басе) і «гатова-выбарныя» (клавіятура левай рукі мае кнопкі для здабывання ўсіх гукаў храматычнай гамы і кнопкі «гатовых» акордаў). Папярэднікі баяна — 4-радовы пецярбургскі і 3-радовы «венскі» гармонік. У распрацоўцы канструкцыі баяна ўдзельнічалі рус. і ням. майстры. Тэрмін «баян» уведзены ў 1907 рус. майстрамі. Выкарыстоўваецца як сольны, ансамблевы і аркестравы інструмент. Клас баяна існуе ў спец. муз. навуч. установах рознага ўзроўню. На Беларусі баяны вырабляла Маладзечанская ф-ка муз. інструментаў.

Літ.:

Басурманов А.П. Справочник баяниста. 2 изд. М., 1987.

Баян.

т. 2, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКАЯ ШКО́ЛА Ў ЛА́ТВІІ»,

штомесячны навук.-папулярны, пед. і літ.-грамадскі часопіс. Засн. як орган «Таварыства беларускіх вучыцеляў у Латвіі» і пед. дадатак да газ. «Голас беларуса». Выдаваўся ў 1926—29 і 1932—33 у Рызе на бел. мове. З 1933 (з № 4) выходзіў 1 раз у 2 месяцы. Узнімаў актуальныя грамадска-паліт. і асв. пытанні жыцця бел. меншасці, шырока асвятляў работу і становішча бел. гімназій і школ у Латвіі, арганізацыю ў іх навуч. працэсу, дзейнасць «Таварыства бел. вучыцеляў у Латвіі» і «Беларускага навукова-краязнаўчага т-ва ў Латвіі». Пісаў пра гіст. падзеі 1917—19 на Беларусі. Змяшчаў артыкулы па гісторыі, культуры Беларусі, пра выдатных бел. дзеячаў. Рабіў агляды культ. жыцця беларусаў у Літве, Зах. Беларусі, БССР, Чэхаславакіі. Выйшлі 24 нумары. Закрыты ў сувязі з устанаўленнем у Латвіі аўтарытарнай дыктатуры К.​Ульманіса.

А.​С.​Ліс, А.​С.​Панізнік.

т. 2, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)