прыдворная тэатральная трупа гетмана вял.літ. Міхала Казіміра Агінскага ў г. Слонім Гродзенскай вобл.Засн. да 1771, спыніў дзейнасць пасля 1791. У т-ры працавалі прафес.італьян., ням., польскія спевакі, прыгонны хор і балет. Балетная трупа падрыхтавана ў Слонімскай балетнай школе. Паказы суправаджала Слонімская капэла Агінскага. У 1770—80-я г. пры т-ры існавала муз. школа.
Рэпертуар т-ра складаўся з балетаў, у т. л. «Каралеўскі балет», «Балет млынароў», «Дзікі балет» і «Дэзерцір» (апошнія два паказаны ў 1790—91 на гастролях у г. Дубна, Украіна), опер італьян. кампазітараў Дж.Паізіела, Э.Дуні, А.Грэтры, П.А.Мансіньі, Н.Іамелі, А.Сакіні, П.А.Гульельмі, К.В.Глюка, Дж.Таэскі («Тэлемах», 1780) і інш., а таксама Агінскага («Зменены філосаф», 1771; «Елісейскія палі», 1788); трагедый Вальтэра («Альзіра», 1780, 1783 і «Мар’яна», 1786) і інш. Паводле «Інвентара інструментаў і музычных папер» (складзены ў 1801, пракаменціраваны А.Цеханавецкім) збор нот твораў, што выконваліся на розных сцэнах т-ра Агінскага, уключае 60 опер, 18 балетаў, 3 муз. камедыі, 253 сімфоніі і больш за 460 інш.муз. твораў (араторыі, арыі, музыка для дывертысментаў, асобных танцаў і інш.). Сярод выканаўцаў дачка «мэтра ігры на клавікордзе» Д.Грабенбаўэра, Г.Давіа, П.Драздоўская, Лісевічаўна, Канапкоўна, Кінтнер, Герман, Пленц, Марцінкевічаўна, Шуцкая, Міхайлоўская, Цэльнер; салісты Янкі і М.Лазарыні. Філіялы т-ра працавалі ў Седльцах (Польшча) і Целяханах (Івацэвіцкі р-н Брэсцкай вобл.). У 1771 функцыянаваў «плывучы тэатр» на баржах на Агінскім канаце; паміж 1777—80 пабудаваны «Дом оперы» арх. І.Мараіна, разбураны пасля 1804), які леў вял. сцэну, прыстасаваную для паказаў любых барочных спектакляў, оперных і балетных, для выхаду вял. колькасці спевакоў і статыстаў, для тэатр. баталій коннікаў і водных феерый (частка сцэны затаплялася вадой з канала і па ёй плавалі лодкі), для складаных перспектыў і дэкарацый, розных сцэнічных эфектаў. Тэхн. магчымасці сцэны дазвалялі паказаць і 2 фантаны, якія асвятляліся бенгальскімі агнямі (пры т-ры быў спец. піратэхнік — «майстар па феерверках» Ц.Г.Ваксмунт). Дэкарацыі для т-ра стваралі Мараіна і тэатр. машыніст Жан Баі (у дакументах праходзіў пад імем Ян Бой). Сярод інш. мастакоў т-ра: К.Атасельскі, Штроўбл (працаваў да 1777), І.Рэгер (1776—78), Ян Рустэм (1788—90), А.С.Дамброўскі і прыгонныя майстры-дэкаратары Міхал, Мікалай, Янак.
Літ.:
Барышаў Г.І. Слонімскі тэатр М.Агінскага // Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1983. Т. 1;
Яго ж. Слонімскі унікум // Тэатр. Мінск. 1984. № 6;
Цеханавецкі А. Міхал Казімір Агінскі і яго «сядзіба музаў» у Слоніме: Пер. з ням.Мн., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАФЕСІЙНА-ТЭХНІЧНАЯ АДУКАЦЫЯ.
Першыя прафес.-тэхн. ўстановы на Беларусі ўзніклі ў 2-й пал. 19 ст. пераважна пры з-дах і ф-ках на сродкі прыватных асоб, дабрачынных т-ваў, гар. улад. У іх рыхтавалі кавалёў, слесараў. сталяроў, агароднікаў, садаводаў, камерц. работнікаў. У 1914 на тэр. Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай губ. было 9 рамесных вучылішчаў (606 навучэнцаў). У 1920-я г. адкрыты прафес.-тэхн. школы, тэхн. курсы на прадпрыемствах, школы фабрычна-заводскага вучнёўства (ФЗВ). У 1932 у. школах ФЗВ займалася 13 тыс. навучэнцаў. У 1940 у сістэме прац. рэзерваў адкрыта 40 школ ФЗВ, 15 рамесных і 6 чыг. вучылішчаў. У гады Вял.Айч. вайны прафес.-тэхн. навуч. ўстановы эвакуіраваны на Урал і ў Зах. Сібір. У канцы 1945 працавалі 72 навуч. ўстановы прац. рэзерваў (14,3 тыс. навучэнцаў). У 1959 створана сістэма прафес.-тэхн. адукацыі; з 1969 дзейнічаюць сярэднія прафес.-тэхн. вучылішчы (ПТВ). У 1989 створаны прафес.навуч. ўстановы новага тыпу, у т. л. вышэйшыя прафес. вучылішчы, якія ажыццяўляюць падрыхтоўку высокакваліфікаваных кадраў для прамысловасці і сельскай гаспадаркі. У 1995/96 навуч.г. ў 252 прафес.-тэхн. навуч. установах па 400 прафесіях навучалася 130,1 тыс. навучэнцаў (гл.табл. 2). Ва ўмовах пераходу да рыначных адносін у сістэме прафес.-тэхн. адукацыі вырашаюцца праблемы занятасці, удасканалення навуч. планаў і праграм, арганізацыі новых форм прац. навучання і прафес. падрыхтоўкі (вучнёўскія кааператывы, малыя прадпрыемствы, політэхн. цэнтры, рэальныя школы і класы, тэхн. ліцэі, рэгіянальныя прафцэнтры і комплексы, школы—ПТВ, ПТВ—тэхнікумы, ПТВ—тэхнікумы—ВНУ і інш.
На пач. 2003/04 навуч.г.прафес. адукацыю забяспечвалі 242 прафес.-тэхн. навуч. ўстановы (ПТНУ), у якіх падрыхтоўку па 350 прафесіях атрымлівалі 125,4 тыс. навучэнцаў (гл.табл. 2). 238 прафес.-тэхн. навуч. устаноў знаходзяцца ў сістэме Мін-ва адукацыі, у іх навучаюцца 130,8 тыс. навучэнцаў (98,6%). З іх 46 маюць статус вышэйшага прафес.-тэхн. вучылішча і ажыццяўляюць падрыхтоўку па праграмах сярэдніх спец.навуч. устаноў. Больш за 15 тыс. навучэнцаў ПТНУ атрымліваюць агульнаадук. падрыхтоўку па профільных прадметах на павышаным узроўні ў ліцэйскіх групах. У рамках непарыўнай адукацыі ідзе падрыхтоўка спецыялістаў з сярэдняй спец. адукацыяй у прафес.-тэхн. каледжах, вышэйшых прафес. вучылішчах, а таксама сярэдніх спец.навуч. установах у скарочаны тэрмін пасля засваення праграм прафтэхадукацыі. У ПТНУ сістэмы Мін-ва адукацыі працуюць 14,5 тыс.інж.-пед. работнікаў. Навучэнцы ПТНУ з тэрмінам навучання больш як 10 мес забяспечваюцца бясплатным аднаразовым харчаваннем, а з малазабяспечаных сем’яў — трохразовым харчаваннем.
Табліца 2 Установы, якія забяспечваюць атрыманне прафесійна-тэхнічнай адукацыі (на пачатак навуч.года)
Колькасць навуч. устаноў
У іх вучняў, тыс.
Прынята вучняў, тыс.
Падрыхтавана (выпушчана) кваліфікаваных рабочых, тыс.
1995/96
252
130,1
55,2
59,2
2000/01
248
137,7
60,8
54,7
2003/04
242
125,4
52,6
56,9
у т. л.
дзённыя прафесійна-тэхн. навучальныя ўстановы
227
122,6
50,3
54,1
у іх: аддзяленні на аснове агульнабазавай адукацыі
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХІ́Ў (лац. archivum),
1) установа або яе аддзел, што захоўвае дакументы і арганізуе іх выкарыстанне.
2) Сукупнасць дакументаў, якія з’явіліся ў выніку дзейнасці ўстаноў, прадпрыемстваў і прыватных асоб. Як збор крыніц архіў служыць для навук. даследаванняў, практ. патрэб гаспадаркі і дзярж. кіравання.
Існуюць з глыбокай старажытнасці, іх з’яўленне падрыхтавана вынаходствам пісьменства. У Месапатаміі і М.Азіі археолагі раскапалі ў палацах правіцеляў, іх намеснікаў, дамах прыватных асоб і храмах архівасховішчы адм.-гасп. дакументаў, напісаных на гліняных таблічках. Знойдзены дыпламат. сховішчы стараж.-егіп. фараонаў. Уласна архівы, прыстасаваныя для захоўвання актаў, былі ў Стараж. Грэцыі і Рыме. У 12—13 ст. у Францыі, Іспаніі, Англіі і інш. краінах узніклі т.зв. каронныя архівы пры дварах правіцеляў. Значную ч.гіст. крыніц у гэты час захоўвалі царк. ўстановы. З 16 ст. многія дзярж. ўстановы імкнуліся мець уласныя архівы. У выніку каланізацыі еўрапейцамі зямель і інш. Кантынентаў узніклі буйныя каланіяльныя архівы (напр., Гал. архіў Індый у Іспаніі). З 19 ст. матэрыялы многіх архіваў сталі даступныя даследчыкам, пачало складвацца міжнар. архіўнае супрацоўніцтва. У 1950 на 1-м Міжнар. кангрэсе архіваў зацверджаны статут Міжнар. савета архіваў. З ім супрацоўнічаюць архівісты амаль 120 краін (1994), выдаецца міжнар.час. «Archivum». Найб. архіўныя ўстановы свету: франц.Нац. архіў (Archives Nationales; у Парыжы, з 1794), у Англіі Дзярж. публічны архіў (Public Record Office; у Лондане, з 1838), у ЗША Нац. архіў (Nationales Archives; у Вашынгтоне, з 1934); у ФРГ Федэральны архіў (Bundesarchiv; у г. Кобленц, з 1952); у Польшчы архіў новых актаў (Archiwum Akt Nowych; з 1930) і Гал. архіў стараж. актаў (Archiwum Glówne Akt Dawnych; з 1867; абодва ў Варшаве), Дзярж. архіў Расійскай Федэрацыі (б.Цэнтр.дзярж. А. Кастр. рэвалюцыі, вышэйшых органаў дзярж. улады і органаў дзярж. кіравання СССР, Масква), Рас.дзярж.гіст. архіў (б.Цэнтр.дзярж.гіст. архіў СССР, С.-Пецярбург) і інш.
На Беларусі першыя архівы ўтвараліся ў княжацкіх замках, манастырах, цэрквах. Пры канцылярыі вял. князёў ВКЛ існаваў архіў — Метрыка Вялікага княства Літоўскага. Свае архівы мелі гаспадарскія і гарадскія адміністрацыі, магнаты (Радзівілы, Сапегі, Хадкевічы), шляхта, некаторыя заможныя мяшчане. З 2-й пал. 19 ст. дакументы ВКЛ зберагаліся ў Віленскім цэнтральным архіве старажытных актаў і Віцебскім цэнтральным архіве старажытных актаў. У Мінску з 1872 існаваў архіў скасаваных судовых месцаў Мінскай губ. 4.8.1922 створаны Цэнтр. архіў Беларусі (заг. З.Х.Жылуновіч), які кіраваў архіўнай справай у БССР. Праведзены Усебеларускія канферэнцыі архіўных работнікаў (Мінск, 1924, 1927), 1-ы з’езд даследчыкаў бел. археалогіі і археаграфіі (Мінск, 1926). У 1938—60 архіўныя ўстановы ўваходзілі ў сістэму НКУС (МУС) БССР. Навуковае і арганізац.-метадычнае кіраўніцтва архівам ажыццяўляла Гал. архіўнае ўпраўленне пры СМБССР, пераўтворанае ў 1992 у Камітэт па архівах і справаводстве. У 1994 прыняты закон «Аб нацыянальным архіўным фондзе і архівах у Рэспубліцы Беларусь». На Беларусі 6 цэнтр.дзярж. Архіваў (1995): Нац. архіў Рэспублікі Беларусь, Нац.гіст. архівы Рэспублікі Беларусь у Мінску і Гродне, Бел.дзярж. архіў кінафотафонадакументаў, Бел.дзярж. архіў-музей л-ры і мастацтва, Бел.дзярж. архіў навукова-тэхн. дакументацыі. Абласныя архівы і іх філіялы захоўваюць дакументы мясц. устаноў, арг-цый, прадпрыемстваў, калгасаў і інш. (гл. адпаведныя арт., напр., Дзяржаўны архіў Брэсцкай вобласці). Існуюць таксама архівы АН Беларусі, КДБ Рэспублікі Беларусь. Рукапісы і гіст. дакументы захоўваюцца таксама ў бібліятэках, музеях і навук. установах. Буйныя комплексы дакументаў па гісторыі Беларусі знаходзяцца ў архівах Польшчы, Расіі, Літвы, Украіны, Германіі, Швецыі, ЗША і інш.
Літ.:
Архивное дело в БССР (1918—1968): Сб. законодательных и руководящих документов. Мн., 1972;
Дакументы па гісторыі Беларусі, якія зберагаюцца ў цэнтральных дзяржаўных архівах СССР. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕБАЗНАЎСТВА
Адну з першых характарыстык глеб Беларусі даў В.М.Севяргін (1820—21). Звесткі пра глебы Беларусі ёсць на глебавых картах Еўрап. Расіі, складзеных К.С.Весялоўскім (1851) і В.І.Часлаўскім (1879). У 1921 створана кафедра глебазнаўства ў Горы-Горацкім земляробчым ін-це (з 1925 БСГА), дзе ў 1922—30 пад кіраўніцтвам Я.М.Афанасьева праведзены даследаванні глеб Беларусі, пазней складзена карта глеб Беларусі маштабу 1:26 000 (А.Р.Мядзведзеў, В.І.Пашын, П.П.Рагавой, В.Н.Чацверыкоў, М.П.Булгакаў). У 1931 створаны Ін-т аграглебазнаўства і ўгнаенняў, дзе вывучалі пераважна выкарыстанне ўгнаенняў для павышэння ўрадлівасці глеб. На кафедры глебазнаўства, створанай у 1933 на геаграфічным факультэце БДУ, асноўным кірункам сталі глебава-геаграфічныя даследаванні. На аснове буйнамаштабнага картаграфавання глеб Беларусі ў 1952 падрыхтавана манаграфія «Глебы БССР» і складзена глебавая карта краіны ў маштабе 1:800 000 (М.П.Булгакаў, І.С.Лупіновіч, А.С.Мядзведзеў і інш.). У 1958 арганізаваны Ін-т глебазнаўства (з 1969 — БелНДІ глебазнаўства і аграхіміі). У 1960-я г. ўзніклі новыя кірункі глебазнаўства — меліярацыйная геаграфія (В.С.Аношка, С.М.Зайко, М.К.Чартко, В.І.Шабанава), глебавая біягеахімія (В.С.Аношка, У.П.Дубікоўскі, С.М.Зайко, В.М.Яцухно). З 1964 развіваецца канцэпцыя пашыранага аднаўлення ўрадлівасці глеб. У выніку ў 1964—2004 у БГСА распрацаваны характарыстыка гумусавага стану разнагумусавых дзярнова-падзолістых лёгкасугліністых глеб у залежнасці ад сістэмы ўгнаенняў, тэхналогіі іх унясення і спосабаў апрацоўкі глебы; вызначаны нарматывы для дасягнення бездэфіцытнага балансу гумусу і аптымальнага ўзроўню змяшчэння гумусу для розных с.-г. культур (А.М.Брагін, В.Б.Вараб’ёў, Г.І.Гарбылёва, А.У.Каліноўскі, Г.Дз.Кротаў, І.У.Цыцкоўская); вызначаны аптымальныя значэнні катыённага складу і структурнага стану глебы для розных культур (Г.І.Гарбылёва, М.І.Іванова, М.М.Камароў); даказана значэнне тэрмадынамічных паказчыкаў для дыягностыкі калійнага і фасфатнага рэжыму ў глебе (А.А.Паддубны, Г.А.Чарнуха); вывучаны асаблівасці біялагічных якасцей глебы пад антрапагенным уздзеяннем (А.В.Красікава, Т.Э.Мінчанка); вывучаецца роля арганамінеральных калоідаў як фактару, што вызначае якасці глебы (В.Б.Вараб’ёў, Т.В.Лаломава, Г.В.Седукова) і інш.
У НДІ глебазнаўства і аграхіміі паспяхова развіваюцца ідэі І.С.Лупіновіча і А.Р.Мядзведзева аб аптымізацыі якасцей глеб. Вызначана ўзаемасувязь ураджайнасці с.-г. культур з аграхімічнымі якасцямі глеб (І.М.Багдзевіч, Т.Н.Кулакоўская, В.В.Лапа, М.М.Семяненка і інш.), праведзены баніціровачныя работы, распрацавана класіфікацыя антрапагенна-парушаных глеб, вывучаюцца радыяцыйна забруджаныя землі (А.І.Зінковіч, М.І.Смяян, Г.С.Цытрон, Л.І.Шыбут і інш.). Вывучаны глебавыя працэсы ў мінеральных балотных і забалочаных глебах (М.І.Афанасьеў, Т.Ф.Голуб, С.Н.Іваноў, С.М.Касьянчык, І.С.Лупіновіч, А.С.Меяроўскі, Т.А.Раманава); мінерала-спектраграфічны склад глеб (У.Д.Лісіца, П.С.Самадураў); біялагічная актыўнасць і глебавыя мікраарганізмы (Ф.П.Вавула, Л.А.Карагіна, Н.А.Міхайлоўская) і інш. У Ін-це праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі вывучаюцца пытанні генезісу, трансфармацыі і аховы тарфяных глеб, аблогаў сапрапеляў і атымізацыі экасістэм (М.М.Бамбалаў, В.Б.Кадацкі, Б.В.Курзо, Г.А.Сакалоў, В.С.Хоміч і інш.).
Літ.:
Бамбалов Н.Н. Балане органического вещества торфяных почв и методы его изучения. Мн., 1984;
Оценка плодородия почв Белоруссии. Мн., 1989;
Афанасьев А.Н. Генезис, проблемы, классификация и плодородие почв. Мн., 1997;
Аношка В.С. Гісторыя развіцця глебазнаўства на Беларусі. Мн., 2000;
Яцухно В.М., Черныш А.Ф. Проблема деградации земель Беларуси. Мн., 2003.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІСТАРЫЯГРАФІЯ
Гістарыяграфія як навуковая дысцыпліна на Беларусі пачала фарміравацца ў 1920-я г., калі з’явіліся першыя праблемныя працы з аналізам вывучэння гісторыі Беларусі, бальшавізму, рэв. руху, Кастр. рэвалюцыі, ідэйна-тэарэтычнай барацьбы (І.П.Ашаровіч, У.М.Ігнатоўскі, У.І.Пічэта, В.К.Шчарбакоў і інш.). Значны матэрыял па гісторыі навукі ў 19 — пач. 20 ст. ёсць у працы А.Цвікевіча «Западно-руссизм»: Нарысы з гісторыі грамад. мыслі на Беларусі ў XIX і пач. XX ст.» (1929, 2-е выд. 1993). У пасляваен. гады ў зборніках, прысвечаных юбілейным угодкам БССР, друкаваліся кароткія гістарыяграфічныя нарысы, падводзіліся вынікі вывучэння археалогіі і гісторыі Беларусі, аналізаваліся падрыхтоўка кадраў і дзейнасць н.-д. устаноў (М.Б.Біч, З.Ю.Капыскі, Я.М.Карпачоў, І.С.Краўчанка, І.Я.Марчанка, У.М.Перцаў, А.П. П’янкоў і інш.). Асн. ўвага ў іх сканцэнтравалася на асвятленні асобных праблем (Біч, Г.Я.Галенчанка, А.П.Грыцкевіч, Э.Р.Іофе, Н.У.Казлоўская, Н.В.Каменская, Г.А.Каханоўскі, Л.Ю.Малыхіна, У.М.Міхнюк, В.І.Мялешка, П.Ц.Петрыкаў, А.А.Савіч, П.А.Селіванаў, С.І.Сіткевіч, М.С.Сташкевіч і інш.). Выдадзены манаграфіі і абаронены дысертацыі пра У.М.Перцава і М.М.Нікольскага (аўтар М.Б.Батвіннік). У.І.Пічэту (калектыў аўтараў), Ігнатоўскага (І.Дз.Мацяс), П.В.Баброўскага (А.І.Мялешка), Дз.І.Даўгялу (М.Ф.Шумейка), М.В.Доўнар-Запольскага (П.С.Кручок) і інш. Даследавалася дзейнасць Ін-та бел. культуры, АНБССР, Ін-та гісторыі АНБССР, БДУ, Гродзенскага ун-та, Мінскага пед. ун-та і інш. Распрацоўваліся пытанні крыніцазнаўства, архіўнага будаўніцтва, археаграфіі (А.І.Азараў, З.Ю.Капыскі, Ю.У.Несцяровіч, М.М.Улашчык, С.М.Ходзін, І.Э.Яленская), гісторыі краязнаўства (Г.А.Каханоўскі), археалогіі (В.С.Вяргей), этнаграфіі (В.К.Бандарчык), усеагульнай гісторыі (В.А.Астрога, Г.М.Ліўшыц, Ф.М.Нячай, Л.М.Шнеерсон). Сфарміраваўся новы кірунак — вывучэнне немарксісцкай гістарыяграфіі. Работы, прысвечаныя гэтай тэматыцы, нясуць на сабе адбітак часу, выяўляюць тэарэтычна-метадалагічныя пазіцыі аўтараў, дазваляюць больш поўна зразумець гістарыяграфічную сітуацыю (І.А.Брадко, Г.Я.Галенчанка, М.Л.Іваноў, В.П.Раманоўскі, А.В.Сямёнава). З 1990-х г. яны трацяць свой апрыёрна-канфрантацыйны характар і пачынаюць больш узважана і пазітыўна ставіцца да набыткаў замежнай гістарыяграфіі (А.В.Кур’яновіч, В.І.Мянькоўскі, С.Я.Новікаў, В.М.Шутава). У 1980-я г.падрыхтавана манаграфія, прысвечаная гісторыі навукі ў міжваенны перыяд (У.М.Міхнюк), абаронены дысертацыі, прысвечаныя развіццю гіст. навукі ў пасляваен. гады (В.Ц.Леанавец, Л.П.Храпко, І.І.Шаўчук). З 1990-х г. робяцца спробы адысці ад папярэдніх штампаў у перыядызацыі гісторыі гіст. навукі (П.Ц.Петрыкаў і інш.). Пачаў комплексна даследавацца гістарыяграфічны працэс на Беларусі ў 18 — пач. 20 ст. (Дз.У.Караў). Спроба паказаць агульную карціну развіцця гіст. думкі з 9 да пач. 20 ст. зроблена ў калектыўнай працы «Нарысы гісторыі навукі і культуры Беларусі» (1996). Адметнай з’явай для гіст. навукі Беларусі стала ўвага даследчыкаў да тэарэтычна-метадалагічнага інструментарыя папярэдніх навукоўцаў — прадстаўнікоў рас. гістарыяграфіі (М.І.Мацюшэўская, А.М.Нечухрын), да філасофскіх і метадалагічных праблем гіст. навукі (А.Г.Каханоўскі, Б.М.Ляпешка, У.Н.Сідарцоў). Праведзены навук. канферэнцыі па гістарыяграфіі (Мінск, 1999; Гродна, 2001, і інш.).
Літ.:
Пичета В.И. Новые работы по истории Белоруссии // Вестн. Наркомпроса Белоруссии. 1921. №2; 1922. №1—4; Шчарбакоў В.К. Класавая барацьба і гістарычная навука на Беларусі. Мн., 1934; Улащик Н.Н. Очерки по археографии и источниковедению истории Белоруссии феодального периода. М., 1973; Достижения исторической науки в БССР за 60 лет. Мн., 1979; Каханоўскі Г.А. Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў XVI—XIX стст. Мн., 1984; Михнюк В.Н. Становление и развитие исторической науки Советской Белоруссии (1919—1941 гг.). Мн., 1985; Копысский З.Ю., Чепко В.В. Историография БССР: Эпоха феодализма. Мн., 1986; Вяргей В.С. Археалагічная навука ў Беларускай ССР, 1919—1941 гг.Мн., 1992; Институт истории АН Беларуси: Краткий очерк. Мн., 1992; Карев Д.В. Белорусская историография конца XVIII — начала XX вв. // Наш радавод. Гродна, 1993. Кн. 5, ч. 2; Шутова О. На пути к Истории Людей: заметки по истории исторической мысли (конец XX века). Мн., 1999; Гістарыяграфія гісторыі Беларусі: стан і перспектывы развіцця: Матэрыялы навук.канф., прысвечанай 70-годдзю Ін-та гісторыі НАН Беларусі (Мінск, 6—7 кастр. 1999 г.). Мн., 2000; Гістарычны альманах. Т. 4. Гародня, 2001; Шумейко М.Ф. Архивист и археограф Дмитрий Иванович Довгяло. Мн., 2002; Нечухрин А.Н. Теоретико-методологические основы российской позитивистской историографии (80-е годы XIX в. — 1917 г.). Гродно, 2003.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎСТА́ННЕ 1830—31у Польшчы, Беларусі і Літве, Лістападаўскае паўстанне,
нацыянальна-вызваленчае паўстанне за аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772. Выклікана парушэннямі з боку царызму аўтаноміі Каралеўства Польскага і польскай канстытуцыі 1815, паступовай ліквідацыяй дзяржаўнасці і аўтаноміі Польшчы, намаганнем шляхты Беларусі і Літвы аднавіць дзяржаўнасць і свае паліт. правы кіравання ў незалежнай дзяржаве, што раней выявілася ў праектах аўтаноміі ВКЛ у складзе Рас. імперыі, у т. л. ў праекце аўтаноміі М.К.Агінскага. Падрыхтавана тайнымі арг-цыямі, у т. л.Патрыятычным таварыствам і Таварыствам падхарунжых. Пачалося ў Варшаве ў ноч на 29.11.1830. Паўстанцаў падтрымалі жыхары Варшавы і польскія вайск. часці. 30.11.1830 паўстанцы авалодалі Варшавай. Рас. войскі вымушаны былі адступіць з Варшавы, а да пач.снеж. 1830 — і з Польшчы; значная частка іх сканцэнтравалася на Беларусі. У Варшаве быў сфарміраваны Часовы ўрад, у склад якога ўвайшоў і прадстаўнік дэмакр. сіл І.Лялевель, але з 5.12.1830 да 17.1.1831 улада была перададзена вайск. дыктатару ген. Ю.Хлапіцкаму. 20.12.1830 польскі сейм апублікаваў «Маніфест польскага народа», у якім абвясціў мэты П. і заклікаў насельніцтва далучыцца да яго. На Беларусь, Літву і Украіну былі накіраваны эмісары, каб узняць там паўстанне. Па ініцыятыве Лялевеля ў Варшаве быў заснаваны клуб з прадстаўнікоў шляхты і інтэлігенцыі Беларусі, Літвы і Украіны («Клуб злучаных братоў»), які звярнуўся ў сейм з заявай пра далучэнне бел., літ. і ўкр. зямель да паўстання. Лялевель і інш. шляхецкія рэвалюцыянеры выступалі за надзяленне сялян зямлёй і паляпшэнне іх становішча. 13.12.1830 рас. ўрад абвясціў ваеннае становішча ў Зах. Беларусі, Літве і Правабярэжнай Украіне.
У студз.—лютым 1831 на Беларусі і Літве быў створаны падпольны Віленскі цэнтральны паўстанцкі камітэт, у якім пераважалі кансерватыўныя элементы. К-т падтрымліваў сувязі з Варшавай і павятовымі к-тамі Беларусі і Літвы. Аднак у цэлым палітыка Віленскага к-та была нерашучай. У сак.—крас. 1831 паўстанне ахапіла Ашмянскі, Браслаўскі, Віленскі, Дзісенскі, Свянцянскі пав., у кожным з іх ствараліся ўрады (к-ты), якія праводзілі рэкруцкі набор у войска. Усяго ў гэтых паветах было каля 10 тыс. паўстанцаў. У крас.—маі 1831 каля Глыбокага адбыліся баі. Да канца мая 1831 у Віленскай і Мінскай губ. П. было задушана, але яно працягвалася ў Гродзенскай губ., што перашкаджала рас. войскам наступаць на Польшчу. У Польшчы дыктатура Хлапіцкага 18.1.1831 заменена кансерватыўным нац. урадам кн. А.Чартарыйскага. Рас. армія пад камандаваннем ген.-фельдмаршала І.Дзібіча-Забалканскага ўвайшла на тэр. Польшчы, але ў бітвах пад Сточакам, Ваўрам і 25.2.1831 пад Грохавам польскае войска спыніла наступленне рас. арміі. Контрнаступленне польск. войска вынікаў не дало. 26.5.1831 у бітве пад Астралэнкай яно панесла значныя страты. У маі 1831 з Варшавы на тэр. Гродзенскай губ. прыбыў атрад ген. Д.Хлапоўскага (820 чал.). У пач.чэрв. 1831 ён злучыўся ў Літве з мясц. атрадамі і 12-тыс. корпусам ген. А.Гелгуда (гл. ў арт.Гелгуды), які стаў галоўнакамандуючым у Літве і Беларусі. Пры яго штабе быў створаны часовы цэнтр. ўрад. 19.6.1831 корпус Гелгуда падышоў да Вільні, на Панарскіх узгорках адбыўся бой. 26-тысячнае рас. войска нанесла паражэнне аб’яднаным сілам паўстанцаў, якія адступілі і ў сярэдзіне ліп. перайшлі прускую граніцу і склалі зброю. Толькі ген. Г.Дэмбінскі з 4-тыс. корпусам адступіў у Польшчу. Пры набліжэнні корпуса Дэмбінскага ў Навагрудскім і Слонімскім пав. пачалося П. пад кіраўніцтвам шляхецкага павятовага маршалка Я.Кашыца, які ўзначаліў атрад у 400 чал. У чэрв.—ліп. 1831 паўстанцкія ачагі ўзніклі ў Пінскім, Мазырскім, Рэчыцкім, Навагрудскім пав., а таксама на тэр. Магілёўскай і Віцебскай губ. У жн. 1831 П. на Беларусі і Літве пацярпела паражэнне, хоць асобныя атрады Зах. Беларусі дзейнічалі і ў верасні. У канцы ліп. 1831 новы камандуючы рас. арміяй у Польшчы ген. І.Ф.Паскевіч сканцэнтраваў войскі на Пн Польшчы і пачаў наступленне ад Пултуска да Плоцка. Пад Торунем рас. войска пераправілася цераз Віслу. У Варшаве быў утвораны новы кансерватыўны ўрад на чале з ген. Я.Крукавецкім. Аднак і ён не здолеў арганізаваць абарону сталіцы. 6—7.9.1831 рас. войскі штурмавалі Варшаву і занялі яе зах. прадмесце — Волю. У ноч на 8 вер. была падпісана капітуляцыя Варшавы. Баі на тэр. Польшчы працягваліся ў вер. і кастр. 1831. Большасць польскіх вайск. атрадаў перайшла праз прускую і аўстр. граніцу і была інтэрніравана.
Пасля П. царскі ўрад скасаваў канстытуцыю 1815 і ўвёў Арганічны статут Каралеўства Польскага, які пазбаўляў Польшчу дзяржаўнасці і аўтаноміі. Указам ад 19.10.1831 на Беларусі, Літве і Правабярэжнай Украіне пачаўся разбор шляхты і перавод значнай яе часткі ў аднадворцы. У 1832 створаны Асобы Камітэт па справах заходніх губерняў, скасавана дзеянне Статута ВКЛ 1588 (25.8.1840). Закрыты Віленскі ун-т (1832). Пачалося закрыццё каталіцкіх кляштараў і уніяцкіх манастыроў. Праведзена ліквідацыя уніяцкай царквы (гл.Полацкі царкоўны сабор 1839).
Літ.:
Смит Ф. История польского восстания и войны 1830—1831 гг.Т. 2. СПб., 1863;
Шпілеўскі І.Т., Бабровіч Л.А. Сінхраністычная табліца падзей паўстання на Беларусі, Літве і Польшчы ў 1830—1831 гг. // Наш край. 1929. № 10;
Sokołowski A. Dzieje powstania listopadowego. Wiedeń, 1907;
A.Z. Wojna na Litwie w roku 1831. Kraków, 1913;
Tokarz W. Wojna polsko-rosyjska 1830 і 1831. Warszawa, 1994.
А.П.Грыцкевіч.
Да арт.Паўстанне 1830—31. Сутыкненне паўстанцаў з царскімі войскамі. Гравюра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎСТА́ННЕ 1794у Польшчы, Беларусі і Літве,
нацыянальна-вызваленчае паўстанне супраць акупацыі Расіяй і Прусіяй часткі тэр. Рэчы Паспалітай, за аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772, далейшае правядзенне рэформ Чатырохгадовага сейма 1788—92. Паўстанне падрыхтавана тайнымі патрыят. арг-цыямі, якія аб’ядноўвалі прагрэс. колы шляхты і мяшчан, эмігранцкім цэнтрам у Саксоніі (Дрэздэн, Лейпцыг) у складзе Г.Калантая, І., С. і Я. Патоцкіх, С.Малахоўскага, К.Сапегі і інш. Кіраўніком (начальнікам) паўстання і галоўнакамандуючым нац.ўзбр. сіламі прызначаны Т.Касцюшка. Падрыхтоўкай паўстання ў Варшаве кіраваў ген.-м. І.Дзялынскі, у Вільні — палк. Я.Ясінскі. Удзельнікі паўстання падзяляліся на 2 групоўкі: памяркоўных прыхільнікаў рэформ 1788—92 і радыкалаў («якабінцаў»; гл.«Віленскія якабінцы»), якія імкнуліся ўзняць усенар. паўстанне і правесці радыкальныя рэформы на ўзор Вял.франц. рэвалюцыі пад лозунгам «Свабода, роўнасць і братэрства». Паўстанне пачалося 12.3.1794, калі брыгадзір польск. войска А.Мадалінскі адмовіўся выконваць загад урада аб скарачэнні 1-й Велікапольскай брыгады і разам з войскам накіраваўся ў Кракаў, дзе быў прызначаны пачатак паўстання. 24 сак. ў Кракаве Касцюшка абвясціў Акт паўстання, паводле якога ён атрымліваў найвышэйшую ўладу і пасаду галоўнакамандуючага. Быў створаны рэв. ўрад — Найвышэйшая нацыянальная рада, мясц. органы ўлады — парадкавыя камісіі ваяводстваў і паветаў, якія складаліся са шляхты і мяшчан. 4 крас. пад Рацлавіцамі (каля Кракава) паўстанцы разбілі 2 калоны рас. войска (гл.Рацлавіцкая бітва 1794). У гэтай бітве ўдзельнічалі касінеры (сяляне, узброеныя косамі, замацаванымі тарчма на дрэўках). Паўстанне ахапіла Сандамірскае, Люблінскае, Мазавецкае ваяв., Холмскую зямлю. 17—18 крас. яно перамагло ў Варшаве. 7 мая Касцюшка выдаў Паланецкі універсал, паводле якога сялянам давалася на пэўных умовах асабістая свабода.
На Беларусі і Літве паўстанне пачалося з выступленняў часцей войска ВКЛ 16 крас. ў г. Шаўлі (Шаўляй, Літва), у ноч на 23 крас. — у Вільні, дзе частка рас. войска была ўзята ў палон, частка адступіла. 24 крас. ў Вільні абвешчаны Акт паўстання, створаны рэв. ўрад — Найвышэйшая літоўская рада на чале з Ясінскім. У раду ўвайшлі пераважна прадстаўнікі левага крыла шляхецка-бурж. блока і прадстаўнікі асобных тэр.ВКЛ. Гал. кіраўніком паўстання Найвышэйшая літ. рада прызнала Касцюшку. Яна выступіла з больш радыкальнымі лозунгамі, чым кіраўніцтва паўстання ў Польшчы. Выдавалася рэв. «Gazeta narodowa Wileńska» («Віленская нацыянальная газета»). У пачатку паўстанне мела поспех. Яго падтрымалі сяляне, да якіх у пракламацыях па-беларуску звяртаўся Ясінскі, абяцаючы адмену прыгоннага права. Гэта выклікала незадавальненне Касцюшкі, які лічыў, што радыкальная палітыка можа адштурхнуць ад паўстання шырокія колы шляхты. 28 крас. ў Гродне створана мясц. кіраванне — парадкавая камісія. У крас.—маі паўстанцы ўзялі ўладу ў Брэсце, Ваўкавыску, Слоніме, Навагрудку, Ашмянах, Кобрыне, Лідзе, Браславе, у Жамойці. Рас. войскі вымушаны былі адступіць за мяжу 1793 — да Мінска, Нясвіжа, Пінска. Найвышэйшая літ. рада абвясціла Ясінскага галоўнакамандуючым узбр. сіламі ВКЛ, яму прысвоена званне ген.-лейтэнанта. У маі 1794 Ясінскі вёў баі, каб ліквідаваць пагрозу Вільні з усходу, 7 мая яго дывізія нанесла паражэнне рас. войску каля в. Паляны (непадалёк ад г. Ашмяны). У гэтай бітве ўдзельнічала да 5 тыс. сялян з сякерамі, косамі, віламі, коп’ямі. У гэты час абвастрыліся адносіны паміж кіраўнікамі паўстання. Пад націскам кансерватыўных колаў Касцюшка 4 чэрв. адхіліў ад кіраўніцтва паўстаннем на Беларусі і Літве Ясінскага як радыкала. Замест яго галоўнакамандуючым прызначаны ген.-лейт. М.Вяльгорскі. Загадам Касцюшкі Найвышэйшая літ. рада распушчана і 10 чэрв. створана больш памяркоўная Цэнтральная дэпутацыя Вялікага княства Літоўскага. Найвышэйшая нац. рада ў Варшаве ўзяла пад свой кантроль кіраўніцтва паўстаннем у Літве і Беларусі, чым скавала ініцыятыву мясц. кіраўнікоў. 12—16 чэрв. М.К.Агінскі спрабаваў глыбокім рэйдам узняць паўстанне ў Мінскай губ. Яго атрад прайшоў праз Валожын і Івянец, але ў бітве пад Вішневам быў разбіты. У жн. Агінскі з новым атрадам рушыў праз Браслаўшчыну на Дынабург (Даўгаўпілс, Латвія), каб адцягнуць ад Вільні рас. войскі. У 2-й пал. жніўня 3-тыс. атрад палк. С.Грабоўскага правёў новы рэйд у Мінскую губ., але 4 вер. разбіты ў Любанскім баі 1794. Рас. камандаванне кінула на Вільню 3 карпусы. 11 жн. горад быў акружаны і пасля бою 12 жн. капітуляваў. Войска ВКЛ адступіла да Гродна, куды пераехалі і паўстанцкія ўлады. На дапамогу рас. арміі выступіла пруская армія. 6 чэрв. пад Шчакацінамі (на Пн ад Кракава) корпус Касцюшкі пацярпеў паражэнне ад аб’яднанай рас.-прускай арміі, Кракаў быў здадзены. Аўстрыя ўвяла свае войскі ў Люблінскае ваяв. З Украіны быў накіраваны корпус ген.-аншэфа А.В.Суворава, які ў Крупчыцкім баі 1794 разбіў корпус ген.-м. К.Серакоўскага. 19 вер. пад Цярэспалем войскі Суворава разбілі атрады Серакоўскага і ген.-м. К.Князевіча. 10 кастр. ў Мацяёвіцкай бітве 1794 корпус Касцюшкі зноў пацярпеў паражэнне, а ён сам паранены, захоплены ў палон і зняволены. Начальнікам паўстання прызначаны ген.-лейт. Т.Ваўжэцкі. Карпусы Суворава 4 ліст. штурмам узялі Прагу (прадмесце Варшавы), 6 ліст. здалася Варшава. Рэшткі паўстанцкіх войск на чале з Ваўжэцкім адступілі на Пд, дзе 16 ліст. рассеяны рас. войскамі. Паўстанне, у якім удзельнічалі прадстаўнікі ўсіх слаёў польск., бел., літ. грамадства на чале са шляхтай (усяго каля 150 тыс.чал., у т. л. на Беларусі і Літве 30—40 тыс.), было задушана. Яно адкрыла перыяд шляхецкай рэвалюцыйнасці на Беларусі, стварыла новы рэв. асяродак ва Усх. Еўропе, які быў працягам Вял.франц. рэвалюцыі. Паражэнне паўстання прывяло да трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай.
Літ.:
Пичета В.И. К истории восстания Костюшко 1794 г. // Уч. зап. Ин-та славяноведения АНСССР. 1953. Т. 7;
Грыцкевіч А.П. Паўстанне 1794 г.: перадумовы, ход і вынікі // Бел.гіст.часоп. 1994. № 1;
Емяльянчык У. Паланез для касінераў: (З падзей паўстання 1794 г. пад кіраўніцтвам Т.Касцюшкі на Беларусі). Мн., 1994.
А.П.Грыцкевіч.
Да арт.Паўстанне 1794. Бітва пад Рацлавіцамі 4.4.1794. Малюнак А.Арлоўскага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІЗІЧНАЯ КУЛЬТУРА І СПОРТ У 1944—90.
Пасля вызвалення Беларусі ад ням.-фаш. захопнікаў ужо ў 1944 адбудавана 210 малых спарт. пляцовак, 9 футбольных палёў, 104 гімнастычныя гарадкі. За кароткі час адноўлены спарт. стадыёны ў Мінску, Гомелі, Пінску, Брэсце, Бабруйску. Фізкультурным арг-цыям Беларусі памагалі спарт. таварыствы РСФСР і інш. рэспублік. Маскоўскі і Ленінградскі ін-ты фіз. культуры прыслалі літаратуру, падручнікі, абсталяванне для Беларускага ін-та фіз. культуры; спартакаўцы Масквы перадалі бел. аднаклубнікам шмат спарт. інвентару.
У 1945 праведзена I Усебел. спартакіяда, прысвечаная гадавіне вызвалення Беларусі ад ням.-фаш. захопнікаў, якая ператварылася ў масавае спарт. свята і садзейнічала адраджэнню спарт. арг-цый. У папярэдніх спаборніцтвах спартакіяды ўдзельнічала больш за 80 тыс.чал., пяршынствы абласцей праходзілі па 8 відах спорту. У 1945 спарт. дэлегацыя Беларусі ўдзельнічала ва Усесаюзным парадзе фізкультурнікаў у Маскве. Да канца 1947 званне майстра спорту атрымалі 24 спартсмены (да вайны было 10 майстроў спорту); павялічылася колькасць спартсменаў-разраднікаў, значкістаў ГПА, фізкультурнікаў. Спартсмены Беларусі 86 разоў устанаўлівалі нац. рэкорды ў розных відах спорту. Бел.спарт. дэлегацыя паспяхова выступала ў 1947 на Усесаюзным фізкультурным парадзе ў Маскве; спартсмены паказалі гімнастычныя практыкаванні — т.зв. «клумбу».
Пастановай ЦККП(б)Б «Аб становішчы і мерах паляпшэння масавай фізкультурнай і спартыўнай работы ў Беларускай ССР» (22.8.1950) была вызначана задача да канца 1951 давесці колькасць фізкультурнікаў у рэспубліцы да 1 млн. чалавек. Паводле пастановы ЦККП(б)Б і Саўміна БССР ад 3.11.1950 створана добраахвотнае сельскае спарт.т-ва «Калгаснік», якое да канца 1950 налічвала 150 тыс. чалавек. Да канца 1951 у фізкультурным руху рэспублікі ўдзельнічала больш за 1 млн.чал. 1.6.1951 выйшаў першы нумар газеты «Физкультурник Белоруссии». У 1955 у калгасах меліся 344 стадыёны, 430 футбольных палёў, больш за 3 тыс. валейбольных пляцовак, 261 водная станцыя. У 1956 падрыхтавана больш за 70 тыс. спартсменаў-разраднікаў, у т. л. 1 тыс. спартсменаў 1-га спарт. разраду, 52 спартсмены выканалі нарматывы майстра спорту СССР. Ва Усебеларускай спартакіядзе ўдзельнічала больш за 2 тыс. спартсменаў. На ёй М.Крываносаў устанавіў сусветны рэкорд у кіданні молата, а М.Іткіна паўтарыла ўсесаюзны рэкорд у бегу на 200 м. 15 спартсменаў выканалі нарматывы майстра спорту СССР. 11 бел. спартсменаў удзельнічалі ў XVI Алімп. гульнях (1956, г. Мельбурн, Аўстралія). У 1957 К.Зварыкіна стала чэмпіёнкай свету ў камандным чэмпіянаце па шахматах, Я.Новікаў — чэмпіёнам Еўропы па цяжкай атлетыцы, А.Маркаўцоў — чэмпіёнам Еўропы па веславанні, М.Іткіна і Л.Ермалаева — чэмпіёнкамі Сусветных універсітэцкіх гульняў. У 1959 пры Рэсп. савеце Саюза спартыўных т-ваў і арг-цый створана 29 федэрацый. У 1956 пачало працаваць адзінае прафсаюзна-кааператыўнае сельскае спарт.т-ва «Ураджай» (у 1960 яно аб’ядноўвала больш за 3 тыс. калектываў і 460 тыс. фізкультурнікаў). Развіццю фіз. культуры і спорту на Беларусі садзейнічалі пастановы ЦККПБ і Савета Міністраў БССР «Аб задачах па далейшаму развіццю фізічнай культуры і спорту ў рэспубліцы» ад 24.12.1966, «Аб мерах па далейшаму паляпшэнню фізічнага выхавання навучэнцаў і развіцця спорту ў агульнаадукацыйных школах» ад 4.9.1970, «Аб мерапрыемствах па ўвядзенні новага ўсесаюзнага фізкультурнага комплексу «Гатоў да працы і абароны СССР (ГПА)» ад 29.3.1972.
За 1966—70 у Мінску пабудавана 80 спарт. залаў, 9 плавальных басейнаў, 5 стадыёнаў, 44 пляцоўкі для хакея, 15 тэнісных кортаў; існавала каля 1500 розных спарт. збудаванняў, на якіх займаліся амаль 250 тыс. чалавек.
На XIX Алімп. гульнях (1968, Мехіка) чэмпіёнкай стала віцебская гімнастка Л.Петрык. У 1969 30 бел. спартсменаў сталі чэмпіёнамі СССР, Еўропы і свету, устаноўлена 7 сусветных, 2 еўрапейскія, 7 усесаюзных рэкордаў; 14 чалавек на чэмпіянатах свету і Еўропы, 63 на чэмпіянатах СССР заваявалі сярэбраныя і бронзавыя медалі, устаноўлены 224 вышэйшыя дасягненні Беларусі. 11 бел. спартсменаў сталі чэмпіёнамі свету, 14 — Еўропы, 29 — СССР. З 1970 на Беларусі штогод рыхтавалі больш за 300 майстроў спорту, 15—20 майстроў спорту міжнар. класа; з 1979 — больш за 100 майстроў спорту міжнар. класа, больш за 500 майстроў спорту. Э.Матусевіч стаў чэмпіёнам Еўропы 1965 па канькабежным спорце, Р.Ачкіна — чэмпіёнкай свету ў эстафеце (1966) і бронзавым прызёрам X Белай Алімпіяды (1968) па лыжным спорце, Ю.Калмакоў — чэмпіёнам свету па біятлоне ў эстафеце (1974), М.Правалоцкі — чэмпіёнам свету па біятлоне сярод юніёраў (1976).
У 1976—80 у Мінску пабудавана больш за 60 розных спартыўных аб’ектаў, у т. л. крыты каток і тэнісныя корты, лёгкаатлетычны манеж спартклуба БВА, яхт-клуб на Заслаўскім вадасховішчы, спарткомплексы «Дынама», БПІ, ін-та фізкультуры і інш.; а таксама спарткомплекс Раўбічы з 2 трамплінамі, 350-метровай слаламнай трасай, стадыён Бел. аўтамабільнага завода ў Жодзіне, Дом спорту ў Барысаве, басейн у Слуцку, лёгкаатлетычны манеж у Маладзечне, 18 спартзалаў у калгасах і саўгасах. У 1980 у Мінскай вобл. дзейнічалі 23 стадыёны, 544 спартзалаў, каля 8 тыс. гульнявых пляцовак. На спарт. базах рэспублікі да гульняў XX, XXI, XXII Алімпіяд рыхтаваліся зборныя каманды СССР па гімнастыцы, вольнай і класічнай барацьбе, дзюдо, водным пола, фехтаванні, скачках у ваду. У 1980 у Мінску праходзілі папярэднія і чвэрцьфінальныя матчы па футболе па праграме XXII Алімпійскіх гульняў.
Падрыхтоўка кадраў спецыялістаў ажыццяўлялася ў Бел. ін-це фіз. культуры. У 1980 на чатырох яго ф-тах вучылася каля 3 тыс. студэнтаў. Адкрыты ф-ты фіз. выхавання ў Брэсцкім пед. ін-це, Віцебскі і Гродзенскі тэхнікумы фіз. культуры, аддз. фізвыхавання ў Магілёўскім дашкольна-пед. вучылішчы. У 1978 на базе тэхнікума адкрыты ф-тфіз. выхавання ў Віцебскім, у 1980 — у Магілёўскім пед. ін-тах. У 1978 для ўдасканальвання вучобы кадраў К-т па фіз. культуры і спорце пры СМ Беларусі стварыў каардынацыйны міжведамасны савет, які ажыццяўляў кантроль за павышэннем кваліфікацыі фізкультурных работнікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАЯЗНА́ЎСТВА,
усебаковае вывучэнне асобнага рэгіёна ці нас. пункта мясц. насельніцтвам, а таксама спецыялістамі навук. устаноў. Даследуе прыроду, эканоміку, дэмаграфію, гісторыю, мову, культуру. Комплекснае К. разглядае ўсе звесткі ва ўзаемасувязі. Галіновае К. паглыблена вывучае асобныя яго кірункі: гістарычны, геаграфічны, этнаграфічны, літаратурны, тапанімічны, мемарыяльны, ахову помнікаў і інш. Адметнасць набывае К. рэгіёнаў, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Асн. метад К. — збор інфармацыі: архіўных і літ. крыніц, прадметаў матэр. культуры, вынікаў назіранняў за прыроднымі з’явамі, анкетаванне і г. д. Ролю навукова-метадычных цэнтраў у рэгіёнах выконваюць краязнаўчыя цэнтры пры аддзелах нар. адукацыі. У Беларусі дзейнасць усіх краязнаўчых арг-цый каардынуе Рада Беларускага краязнаўчага таварыства (БКТ). Разнастайнымі краязн. звесткамі пра Беларусь напоўнены першыя пісьмовыя крыніцы, асабліва бел.-літ. летапісы і хронікі. У сярэднявякоўі цікавасць да вывучэння краю набыла рысы навуковасці, развівалася пад уплывам ідэй Адраджэння. Каштоўнай краязн. крыніцай з’яўляецца «Зборнік прыказак і прымавак» (Любча, 1618), выдадзены С.Рысінскім, «Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсея Русі» (1582) М.Стрыйкоўскага, паэма Міколы Гусоўскага «Песня пра зубра». Звесткі апісальнага характару ёсць у дзённіках (дыярыушах), мемуарах падарожнікаў, што наведвалі Беларусь у 15—17 ст. (З.Герберштэйн, А.Гваньіні, І.Г.Корб. Б.Танер, П.А.Талстой і інш.). Грунтоўны «Дзённік» пакінуў Мікалай Радзівіл Сіротка пасля падарожжа ў 1582—84 у Егіпет, Сірыю, Палесціну. Аналіз матэр. і духоўнай культуры народаў Зауралля і Сібіры зрабіў у 1660-я г. А.Каменскі. Значна вырасла цікавасць да К. ў канцы 18 ст.Вял. б-кі, архівы, карцінныя галерэі, нумізматычныя, мінералагічныя і інш. калекцыі існавалі ў рэзідэнцыях магнатаў: у Нясвіжы — Радзівілаў, у Шчорсах — Храптовічаў, у Слоніме — Агінскіх і інш. Багатыя зборы былі пры некат. манастырах і навуч. установах. Унікальныя зборы мелі Чапскія, Тызенгаўзы, Плятэры, Ельскія, Тышкевічы, Ходзькі і інш.Вял. група даследчыкаў займалася гіст. К. На багатым дакумент. матэрыяле падрыхтавана «Гісторыя літоўскага народа» (т. 1—9, 1835—41) Т.Нарбута, праца М.В.Без-Карніловіча «Гістарычныя звесткі пра выдатныя мясціны на Беларусі з дадаткам іншых звестак, якія да яе ж адносяцца» (1855). Зборы музея братоў К.П.Тышкевіча і Я.П.Тышкевіча ў Лагойску сталі асновай для стварэння Віленскага музея старажытнасцей, а іх публікацыі — фундаментам для далейшага развіцця розных кірункаў К. Асобныя рэгіёны Беларусі ў 19 ст. вывучалі З.Я.Даленга-Хадакоўскі, Э.Ф.Плятэр, А.М.Семянтоўскі, К.А.Гаворскі, Р.А.Падбярэскі, А.Ф.Рыпінскі, А.П.Сапуноў, П.М.Шпілеўскі, О.Кольберг, А.Кіркор, М.Ф.Кусцінскі і інш. Своеасаблівымі краязн. даследаваннямі з’яўляюцца асобныя творы паэтаў і пісьменнікаў (Ю.Крашэўскага, У.Сыракомлі, Я.Ходзькі і інш.). Фальклор і этнаграфію вывучалі Я.Чачот, Я.Баршчэўскі, А.Міцкевіч. Вял. ўклад у К. зрабілі мастакі Ю.Пешка, М.Кулеша, Н.Орда. Прыкметны след у развіцці розных галін К. інш. народаў пакінулі Ю.Копаць» (Сібір, Камчатка), Ф.Цяцерскі (Забайкалле), Т.Зан (Зауралле), В.М.Кавалеўскі (Манголія, Казахстан, Сібір), І.А.Гашкевіч (Японія), І.І.Дамейка, К.Ельскі (Паўд. Амерыка). Прыкметную ролю ў станаўленні К. ў 1-й пал. 19 ст. адыгралі гурткі пры Віленскім універсітэце, Віленскае т-ва дабрачыннасці, Беларускае вольнае эканамічнае таварыства ў Віцебску. У 2-й пал. 19 ст. разгарнулі дзейнасць Віленская археаграфічная камісія, Віленская археалагічная камісія, Паўночна-Заходні аддзел Рускага геаграфічнага таварыства. У 1860-я г. выдадзены шматтомныя «Матэрыялы для геаграфіі і статыстыкі Расіі, сабраныя афіцэрамі Генеральнага штаба», дзе прыведзены адносна падрабязныя звесткі па геаграфіі, гіст., эканоміцы, дэмаграфіі, адукацыі, ахове здароўя Беларусі, і г. д. Матэрыялы па К. змяшчаліся ў губ. і епархіяльных ведамасцях, «Памятных кнігах губерняў», перыядычных ілюстраваных часопісах, што выдаваліся на польскай мове, і інш. На мяжы 19—20 ст. у многіх рэгіёнах павялічылася колькасць навук. т-ваў, камісій, к-таў, гурткоў; краязн. працу праводзілі т-вы, арганізаваныя пад патранатам царквы. У 1908 пры Мінскай епархіі створаны Мінскі царкоўны гісторыка-археалагічны камітэт. У 1911 засн.Віцебскае аддзяленне Маскоўскага археалагічнага інстытута, у 1912 — Мінскае таварыства аматараў прыродазнаўства, этнаграфіі і археалогіі. Выдаваліся зборнікі дакументаў і матэрыялаў «Віцебская даўніна», «Мінская даўніна», «Магілёўская даўніна» і інш. Матэрыялы па этнаграфіі, археалогіі друкаваліся ў «Записках Северо-Западного отдела Русского географического общества», у газ.«Наша ніва». У канцы 19 — пач. 20 ст. ў плеяду бел. краязнаўцаў уваходзілі: Я.Ф.Арлоўскі, А.Я.Багдановіч, М.В.Доўнар-Запольскі, А.К.Ельскі, У.З.Завітневіч, Я.Ф.Карскі, Ю.Ф.Крачкоўскі, В.Ю.Ластоўскі, І.І.Луцкевіч, Ф.В.Пакроўскі, Е.Р.Раманаў, Г.Х.Татур, А.М.Уласаў і інш.
У пач. 20 ст. заснаваны краязн. студэнцкія гурткі па вывучэнні Беларусі, у т. л.Беларускі навукова-літаратурны гурток (1912) пры С.-Пецярбургскім ун-це. У 1920-я г. краязн. аб’яднанні ствараліся пры навуч. і навук. установах, аддзелах нар. асветы, у т. л.Беларускае вольна-эканамічнае таварыства (1921). З 1922 каардынацыйным цэнтрам краязн. арг-цый стаў Інстытут беларускай культуры, пры ім — Цэнтральнае бюро краязнаўства (ЦБК). У ліст. 1924 адбылася Першая Усебеларуская краязнаўчая канферэнцыя; у 1926 — Першы Усебеларускі краязнаўчы з’езд. З кастр. 1925 ЦБК выдавала штомесячны час.«Наш край» (у 1930—33 «Савецкая краіна»). Выходзілі мясц. неперыядычныя зборнікі («Віцебшчына», «Полаччына» і інш.). Актыўную выдавецкую дзейнасць разгарнула Віцебскае акруговае таварыства краязнаўства. Удзел у краязн. руху прымалі З.Бядуля, Д.М.Васілеўскі, З.Х.Жылуновіч (Ц.Гартны), М.І.Гарэцкі, В.Д.Дружчыц, У.М.Ігнатоўскі, М.І.Каспяровіч, Я.Колас, К.Крапіва, У.І.Пічэта, М.М.Улашчык, А.А.Шлюбскі, М.М.Шчакаціхін і інш. Прыродазнаўчыя кірункі курыравалі навукоўцы Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горы-Горках. Развівалася К. і ў Зах. Беларусі. У многіх гарадах існавалі філіі Польскага краязн. т-ва, мясц. краязн. аб’яднанні (Палескае т-ва краязнаўства ў Пінску, Т-ва сяброў навук у Гродне і інш.), краязн. музеі (Гродзенскі гістарычны, 1922, Пінскі, 1924, Баранавіцкі і Слонімскі, 1929) і інш. Звесткі па асобных рэгіёнах Зах. Беларусі прыведзены ў працах Ч.Пяткевіча (Палессе, Брэстчына), О.М.Гедэмана (Браслаўшчына), Ю.Ядкоўскага (Гродна) і інш. Актыўнымі краязнаўцамі былі Я.Н.Драздовіч, Л.І.Вітан-Дубейкаўскі, А.І.Луцкевіч, У.І.Самойла, П.Сергіевіч, Б.А.Тарашкевіч, Я.Булгак. Вывучэннем заходнебеларускага краю займаліся Беларускае навуковае таварыства, Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры, Беларускі музей імя І.Луцкевіча, Беларускае навукова-краязнаўчае т-ва ў Латвіі (1920—40-я г.). У пач. 1930-х г. у БССР многія вучоныя і мясц. краязнаўцы рэпрэсіраваны, К. даследавала і паказвала выключна поспехі сацыяліст. будаўніцтва. У пасляваен. час найб. ўвага скіроўвалася на даследаванні гісторыі вайны, партыз. руху на Беларусі, пошукавую працу. Адкрыты шэраг краязн. музеяў: Баранавіцкі (1946), Мазырскі (1949), Слуцкі (1952), Лепельскі (1954), Мінскі (1959), Веткаўскі музей народнай творчасці і інш. У наш час К. займаюцца Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, Бел.т-ва аховы прыроды, Беларускі фонд культуры, Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны і інш. У снеж. 1989 Усебел. канферэнцыя краязнаўцаў абвясціла пра аднаўленне работы БКТ.
Вывучэнню краю спрыяюць раённыя краязн. канферэнцыі (Браслаў, Навагрудак). Існуюць краязн. аддзелы пры некаторых б-ках. З выкарыстаннем матэрыялаў па К. выдадзены «Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» (7 тамоў), выдаецца шматтомная серыя кніг «Памяць». Праблемы К. асвятляюцца ў перыяд. выданнях, бюлетэні «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі» (з 1989 час.«Спадчына»), час. «Беларуская мінуўшчына», «Падарожнік» (у якім змяшчаецца дадатак «Наш край» як працяг часопіса, што выдаваўся ў 1930-я г.), у навук.-краязн. зборніках, часопісах і альманахах («Магілёўская даўніна», «Палессе» і інш.). У шэрагу навуч. устаноў уключаны курсы К. (беларусазнаўства). У рознай ступені краязн. даследаваннямі займаюцца бел.навук.-культ. арг-цыі за мяжой: Беларускае грамадска-культурнае таварыства ў Польшчы, Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў ЗША, Беларуская бібліятэка і музей імя Францішка Скарыны ў Лондане, Т-вабел. культуры ў Маскве і інш. Значны ўклад у развіццё К. ў пасляваен. перыяд зрабілі і робяць У.А.Калеснік, М.П.Клімец (Брэст), Ю.А.Якімовіч, А.М.Белакоз (в. Гудзевічы Мастоўскага р-на), М.Ф.Мельнікаў (г. Крычаў), Г.А.Каханоўскі, М.І.Ермаловіч, М.А.Ткачоў, Г.В.Кісялёў, Л.Р.Казлоў, А.П.Грыцкевіч, А.І.Мальдзіс, У.Ф.Ісаенка, В.Л.Насевіч, Э.М.Загарульскі, Л.У.Дучыц, В.У.Скалабан, М.М.Улашчык, А.К.Каўка, Ю.А.Лабынцаў, В.П.Грыцкевіч, М.В.Нікалаеў (С.-Пецярбург), Д.Фёнік (Беласток), А.Цеханавецкі (Лондан), Я.Запруднік, В. і З. Кіпелі (Нью-Йорк) і інш.
Літ.:
Алексеев Л.В. Археология и краеведение Белоруссии XVI в. — 30-е гг. XX в. Мн., 1996;
Амелькович Л.Г. Деятельность Центрального Бюро краеведения Белоруссии (1923—1933 гг.) // Вопросы библиотековедения и библиографоведения. Мн., 1975;
Грыцкевіч В.П., Мальдзіс А.І. Шляхі вялі праз Беларусь. Мн., 1980;
Историческое краеведение Белоруссии. Мн., 1980;
Каспяровіч М.І. Краязнаўства. Мн., 1929;
Каханоўскі Г.А. Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў XVI—XIX стст. Мн., 1984;
Краязнаўства: Зб. праграм і інструкцый краязнаўчай працы. Мн., 1929;
Матюшин Г.Н. Историческое краеведение. М., 1987;
Polkowski B. Krajoznawca. Warszawa, 1931.
Л.В.Трэпет.
Да арт.Краязнаўства. Вокладка «Віцебскай даўніны». Т. 4. Віцебск, 1835.Да арт.Краязнаўства. Праўленне Краязнаўчага таварыства БДУ на чале з рэктарам У.І.Пічэтам. 1929.Да арт.Краязнаўства. Фрагменты экспазіцыі Мінскага абласнога краязнаўчага музея.Да арт.Краязнаўства. Фрагменты экспазіцыі Лепельскага краязнаўчага музея.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎСТА́ННЕ 1863—64 y Польшчы, Беларусі і Літве, нацыянальна-вызваленчае паўстанне за аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772. Падрыхтавана польск. і бел.-літ. канспіратыўнымі арг-цыямі, якія мелі сувязі з арг-цыяй рас. рэвалюцыянераў-дэмакратаў «Зямля і воля», хоць не ўсе «чырвоныя» (так называлі прыхільнікаў ідэі ўзбр. паўстання ў Польшчы, Беларусі і Літве) падзялялі праграму «Зямлі і волі». Пераважную большасць паўстанцаў складалі шляхецкія рэвалюцыянеры, якія ў сваёй праграме на першае месца ставілі аднаўленне польск. дзяржавы ў межах б. Рэчы Паспалітай, г.зн. з уключэннем у яе склад Літвы, Беларусі і Правабярэжнай Украіны. Гал. роля ў рэалізацыі гэтай ідэі адводзілася шляхце, а дапаможная — сялянству. Памешчыкам абяцалі захаваць іх землеўладанне і аплаціць за кошт дзяржавы землі, адведзеныя пад сял. надзелы; сялянам перадаць ва ўласнасць без выкупу і часоваабавязаных адносін надзелы, якія яны атрымалі паводле рэформы 19.2.1861. Прадугледжвалася ўраўнаванне грамадзянскіх правоў сялян і шляхты, замена падушнага падатку падымным, а 25-гадовай рэкрутчыны 3-гадовай вайск. службай у сваім краі, аднаўленне уніяцкай царквы. Такую праграму распрацаваў створаны летам 1862 у Варшаве Цэнтральны нацыянальны камітэт (ЦНК), які ў пач. 1863 абвясціў сябе Часовым нац. урадам на ўсёй тэр.б. Рэчы Паспалітай. Асн. роля ў падрыхтоўцы П. належала яго кіруючаму органу «чырвоных». Праграма П. выкладзена ў «Маніфесце» і агр. дакументах, апублікаваных 22.1.1863. Новым у ёй было толькі абяцанне выдзеліць па 3 маргі (каля 2 дзесяцін) зямлі беззямельным сялянам, якія са зброяй у руках падтрымаюць паўстанне.
Падрыхтоўку П. на Беларусі і Літве з восені 1861 узначальваў Камітэт руху, які дзейнічаў у Вільні. Летам 1862 к-т быў падпарадкаваны ЦНК і ператвораны ў Літоўскі правінцыяльны камітэт (ЛПК). У яго склад у якасці камісара ЦНК быў прызначаны Н.Дзюлёран. Аднак у кастр. 1862 старшынёй ЛПК стаў К.Каліноўскі, які ўзяў курс на дасягненне самастойнасці і раўнапраўнасці ва ўзаемадачыненнях віленскага і варшаўскага цэнтраў. Ён не падзяляў ні аграрнай, ні нац. праграмы ЦНК, выступаў за перадачу ўсёй зямлі сялянам і разгортванне сял. рэвалюцыі, за ліквідацыю шляхты як «гнілой і разбэшчанай касты», за прадастаўленне Літве і і Беларусі права на самавызначэнне.
Свае погляды па праграмных пытаннях Каліноўскі выказваў у выдаваемай ім газ.«Мужыцкая праўда». Маніфестам ад 1.2.1863 ЛПК заклікаў насельніцтва Літвы і Беларусі падтрымаць пачатае ў Польшчы паўстанне. Пры гэтым ЛПК, ператвораны ў Часовы правінцыяльны ўрад Літвы і Беларусі, быў вымушаны прыняць і апублікаваць праграму П., вызначаную польск. нац. урадам. У пач.сак. 1863 да П. далучылася частка буйных памешчыкаў і буржуазіі, т.зв.«белыя», якія да гэтага часу ставіліся да яго непрыхільна, бо разлічвалі дамагчыся аднаўлення польскай дзяржаўнасці мірным шляхам, пры дапамозе зах. краін, найперш Англіі і Францыі. Каб усталяваць свой кантроль за ходам падзей, «белыя» 10.3.1863 фактычна захапілі ў свае рукі кіраўніцтва паўстаннем у Польшчы. Часовы ўрад Літвы і Беларусі на чале з Каліноўскім 11 сак. расфарміраваны і заменены Аддзелам кіраўніцтва правінцыямі Літвы, старшынёю якога стаў Я.Гейштар. У сувязі з гэтым Каліноўскі ад імя ЛПК. Напісаў рэзкі пратэст супраць акцыі «белых», якую ацаніў як здраду рэвалюцыі. Аднак ён вымушаны быў падпарадкавацца «галаве паўстання» і прыняць назначэнне на пасаду гродзенскага ваяводскага камісара. «Белыя» істотна ўзмацнілі свае пазіцыі ў кіруючых структурах падп. арг-цыі ў Літве і Беларусі на губернскім (ваяводскім), павятовым і акруговым узроўнях.
Першыя паўстанцкія атрады, у т. л. вялікі атрад Р.Рагінскага, прыйшлі на Беларусь з Польшчы ў канцы студз. 1863. Фарміраванне мясц. атрадаў і выхад іх у месцы збору пачаліся ў сак.—крас. 1863 (гл.Віцебскія паўстанцкія атрады, Гродзенскія паўстанцкія атрады, Магілёўскія паўстанцкія атрады, Мінскія паўстанцкія атрады). Усяго на сучаснай тэр. Беларусі з лют. па жн. 1863 зафіксавана 46 баёў і баявых сутычак паўстанцаў з царскімі войскамі. 3 іх 2/3 адбыліся на Гродзеншчыне і Віленшчыне. Да найб. значных акцый паўстанцаў Беларусі адносяцца захоп 24.4.1863 г. Горкі Магілёўскай губ. атрадам Л.Звяждоўскага з дапамогай студэнтаў Горы-Горацкага земляробчага інстытута і Мілавідская бітва 1863.
Прыход «белых» да кіраўніцтва паўстаннем адмоўна паўплываў на адносіны да яго бел. сялян. Удзел у паўстанні польск. памешчыкаў яны ў большасці ўспрымалі як выступленне супраць «цара-вызваліцеля» з мэтай аднаўлення прыгону. Каб адцягнуць сялян Беларусі і Літвы ад удзелу ў паўстанні, урад прыняў пэўныя эканам. меры. Указамі ад 1.3 і 2.11.1863 спыняліся часоваабавязаныя адносіны сялян да памешчыкаў, сялян пераводзілі на абавязковы выкуп, пры гэтым выкупныя плацяжы паніжаліся на 20%. У кастр. 1863 выдадзены загад аб выдзяленні сялянам, абеззямеленым у 1846—56, 3-дзесяцінных сямейных надзелаў і аб вяртанні поўных надзелаў тым сялянам, якіх памешчыкі абеззямелілі ў пазнейшыя гады. З другога боку, вёскі, дзе паўстанцы знаходзілі падтрымку, падвяргаліся жорсткім рэпрэсіям. У цэлым сяляне Беларусі склалі толькі 18% сярод удзельнікаў паўстання, а шляхта, праўда, пераважна беззямельная і малазямельная — 70%.
Сярод рас. грамадскасці, нават ліберальна-дэмакратычнай, П. пад заклікам аднаўлення Польшчы з далучэннем да яе Літвы, Беларусі і Правабярэжнай Украіны выклікала актыўнае процідзеянне. Праз дзярж. ўстановы, царкву, школу, друк яно распаўсюдзілася і сярод нар. мас Расіі, што перакрэсліла надзеі на ўсерасійскае сял. паўстанне. Гэтым, па сутнасці, быў прадвырашаны лёс паўстання. У падтрымку паўстання выступілі толькі А.І.Герцэн і яго «Колокол», Камітэт рускіх афіцэраў у Польшчы. Не спраўдзіліся спадзяванні паўстанцаў і на дапамогу зах. дзяржаў. Задушэннем паўстання на тэр. Беларусі і Літвы з сярэдзіны мая 1863 кіраваў новы віленскі ген.-губернатар М.М.Мураўёў, які атрымаў ад Аляксандра II надзвычайныя паўнамоцтвы. Ён прымусіў «белых» (памешчыкаў і вышэйшае каталіцкае духавенства) адмовіцца ад падтрымкі паўстання. Многія актыўныя дзеячы паўстання былі арыштаваны або загінулі ў ходзе баявых дзеянняў. Частка іх перабралася за мяжу. У такіх умовах Каліноўскі ў пач.чэрв. 1863 зноў быў запрошаны ў Вільню. У канцы ліп. ён узначаліў Аддзел кіраўніцтва правінцыямі Літвы, пераўтвораны ў Выканаўчы аддзел Літвы, а 22 жн. яму перадалі і паўнамоцтвы камісара Варшаўскага ўрада ў Вільні. К канцу лета 1863 у руках Каліноўскага сканцэнтравалася ўся паўната ўлады ў паўстанцкай арг-цыі Беларусі і Літвы, аднак дамагчыся пералому ў ходзе барацьбы ён не здолеў: да пач.вер. 1863 паўстанне на Беларусі і Літве было практычна задушана. Паводле афіц. звестак, што датычаць Беларусі і Літвы, 128 чал. былі пакараны смерцю, 12 483 чал. адпраўлены на катаргу і пасяленне ў Сібір, арыштанцкія роты і г.д. Маёнткі памешчыкаў, якія мелі дачыненне да паўстання, канфіскоўваліся ў казну і на вельмі льготных умовах прадаваліся царскім генералам і чыноўнікам, выхадцам з цэнтр. губерняў. Усе астатнія мясц. памешчыкі (на першым часе нават рускія) былі абкладзены кантрыбуцыяй. Закрываліся або ператвараліся ў правасл. цэрквы многія касцёлы. Улады закрылі адзіную ў Беларусі вышэйшую навуч. ўстанову — Горы-Горацкі земляробчы ін-т, скарацілі колькасць сярэдніх навуч. устаноў. У Беларусі і Літве ўстаноўлены рэжым выключных законаў, накіраваны на памяншэнне польскага і ўзмацненне рускага ўплыву. Праводзіліся і іншыя рэпрэсіўныя мерапрыемствы.
У польск. і рас., у т. л. савецкай, гістарыяграфіі паўстанне 1863—64 у цэлым ацэньваецца як польскае, без уліку яго асаблівасці ў бел.-літ. рэгіёне, што напярэдадні і ў ходзе П. тут праявілася плынь бел.нац.-вызв. руху на чале з Каліноўскім. У бел. гістарыяграфіі ў дачыненні да Літвы і Беларусі яно як польскае не вызначаецца.
Літ.:
Ратч В.Ф. Сведения о польском мятеже 1863 г. в Северо-Западной России. Т. 1—2. Вильна, 1867—68;
Ігнатоўскі У.М. 1863 год на Беларусі. Мн., 1930;
Революционный подъем в Литве и Белоруссии в 1861—1862 гг.М., 1964;
Восстание в Литве и Белоруссии. М., 1965;
Кісялёў Г. З думай пра Беларусь. Мн., 1966;
К.Калиновский: Из печатного и рукописного наследия. Мн., 1988;
Біч М. Нацыянальнае і аграрнае пытанні ў час паўстання 1863—1864 гг. // Бел.гіст.часоп. 1993. № 3.
М.В.Біч.
Да арт.Паўстанне 1863—64. Касінеры Каліноўскага. Мастак Л.Дударэнка. 1978.Да арт.Паўстанне 1863—64. К.Каліноўскі і В.Урублеўскі робяць агляд паўстанцаў. Мастак П.Сергіевіч 1959.