найсці́ 1, найду, нойдзеш, нойдзе; пр. найшоў, ‑шла, ‑шло; заг. найдзі; зак.

1. на каго-што. Ідучы, сустрэць каго‑н., натрапіць на што‑н. Паварочваючы на сваю вуліцу, .. [Ігнась] найшоў раптам на Дуба. Мурашка. Расказаў [Сашка], чаму ён заступіўся за Петрыка, як найшла на іх бойку Марыя Іванаўна. Сіняўскі. // Ідучы, наскочыць на што‑н. Найсці на купіну. Найсці на пень.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.); на што. Насунуўшыся, пакрыць сабою. На сонца найшла хмара. // без дап. Надысці. І вось найшла навальніца, наваліліся дрэвы. Лынькоў. Найшла хмара, вакол пацямнела, закапаў дождж. Дуброўскі.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Прыйсці ў вялікай колькасці. А я пэўна ведаў, што, як толькі мы прыедзем, абавязкова нойдзе поўная хата людзей. Сабаленка. // Пранікнуць у якое‑н. месца, набрацца куды‑н. У канторы поўна дыму — найшло праз адчыненыя вокны. Пташнікаў. [Сцёпка] ад балота заставу пакідае, каб у канал вада не найшла, рабоце не шкодзіла. Колас.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан.; на каго. Апанаваць, ахапіць каго‑н. (аб настроі, пачуццях і пад.). Сум найшоў на чалавека. Найшла бесклапотнасць. Найшла трывога на людзей. □ Момантнае забыццё найшло на чалавека. Чорны. Нейкае заспакаенне найшло на.. [Ніну], і яна вярнулася назад, села за раяль і зноў зайграла. Лобан.

5. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Настаць, з’явіцца раптам. Найшла бяда.

•••

Найшла каса на камень гл. каса.

найсці́ 2, найду, нойдзеш, нойдзе; пр. найшоў, ‑шла, ‑шло; заг. найдзі; зак.

Разм. Тое, што і знайсці (у 1 знач.). Найшлі доктара. Нягледзячы на познюю пару, ён устаў і ўважліва выслухаў хворую. Нікановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наляце́ць, ‑лячу, ‑ляціш, ‑ляціць; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Прыляцець у вялікай колькасці. Аднекуль наляцелі пчолы, папрыляталі камары. Мурашка. Паляцела шмат аваднёў і сляпнёў. Чарнышэвіч. // пераважна безас. Налятаючы ці падаючы, асесці ў якой‑н. колькасці. Паляцела снегу ў сенцы. Наляцела лісця на газоны. // перан. Разм. Хутка прыехаць, наехаць у вялікай колькасці. Наляцелі карэспандэнты на выстаўку.

2. перан.; на каго-што. Разм. На хаду, з разбегу наткнуцца, наскочыць на каго‑, што‑н. Як укопаны, спыніўся бронетранспарцёр, з разгону наляцелі адна на другую машыны і таксама замерлі. Шчарбатаў. Хтосьці ў цёмным кутку наляцеў на мяне нечакана, Ледзь не збіў мяне з ног. Куляшоў. // перан. Разм. Раптам сустрэцца з кім‑н. Наляцець на вуліцы на знаёмага. □ [Коля] выскачыў на лугавіну і адразу наляцеў на двух немцаў. Ставер.

3. на каго-што. Напасці, накінуцца з лёту. Каршун наляцеў на куранят. // Напасці, атакаваць з паветра. Апоўдні на горад наляцелі нямецка-фашысцкія самалёты. Гурскі.

4. на каго-што і без дап. Зрабіць напад, атакаваць. Карнікі наляцелі раненька, ачапілі вёску, выставілі паставых скрозь па вуліцы, загадалі нікому не выходзіць з хат. Марціновіч. // Напасці з мэтай грабяжу. Наляцела банда на магазін. // Раптам з’явіцца, прыехаць. Наляцець з вобыскам. Наляцець з рэвізіяй.

5. перан.; на каго. Разм. Накінуцца на каго‑н. з лаянкай, пагрозамі. Толькі [Патапчык] адпрог каня і ўсунуўся ў хату, Антоля наляцела на яго, як коршак. Чарнышэвіч.

6. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Знянацку пачацца (пра вецер, дождж, хмары і пад.). Наляцеў і закружыўся па шляху, уздымаючы пясок, моцны вецер-віхор. Галавач. Паляціць перад самым жнівом навальніца з градам і ад краю ў край усё вымалаціць. Паслядовіч. // перан. Разм. Настаць, надысці (пра падзеі, здарэнні, поры года і пад.). Наляцела зіма. □ Наляцела вайна. Фашысты знішчылі і школу і сельсавет, разрабавалі калгасы. Дуброўскі. // перан. Нечакана з’явіцца, узнікнуць, ахапіць. Мары светлыя к нам наляцелі... Журба. Раптам наляцелі ўспаміны.., наляцелі і запаланілі ўсё сэрца, усю душу. Лупсякоў.

•••

Каршуном наляцець — раптоўна і імкліва накінуцца, напасці на каго‑н. са злосцю.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падысці́, падыду, падыдзеш, падыдзе; пр. падышоў, ‑шла, ‑ло; заг. падыдзі; зак.

1. Ідучы, наблізіцца да каго‑, чаго‑н. Хлопчыкі падышлі ўжо блізка да агародаў, як учулі плач на ўскраі вёскі. Лынькоў. Ноччу, павольна пасоўваючыся,.. [зубры] падышлі непрыкметна пад самы лагер. В. Вольскі. // Пад’ехаць, наблізіцца (пра машыну, поезд і пад.). [Задруцкі] падаўся да экскаватара — падышоў чарговы самазвал. Дадзіёмаў. [Нілаўна:] — Тузануць за шнур я павінна была тады, калі падыдзе поезд. Якімовіч. // Разм. Прыйсці, прыбыць куды‑н. Тым часам падышлі яшчэ трое чыгуначнікаў з вакзала ды два хлапцы з горада. Мурашка. Час ад часу.. [Мартын] пазіраў у акно і хваляваўся. Павінен быў падысці сын. Ракітны. // перан. Надысці, настаць (пра час, падзею і пад.). Хлеб запах суха і кісла — так, як пахне ён, паляжаўшы ў торбе паўдня на полі, пакуль не даарэцца загон і не падыдзе пара есці. Чорны. Неўзаметку падышлі экзамены. Васілевіч.

2. Прайсці крыху. За.. [Грушэўскім] крыху падышлі сябрукі, але хутка адсталі: ён ім больш не таварыш! Карпюк.

3. Прыблізіцца да чаго‑н., дайсці да мяжы чаго‑н. (пра дарогу, раку, ваду і пад.). Вада падышла да агародаў. □ Хмызняк бліжэй падышоў да рэчкі, голыя мясціны пакрыліся асакой. Дуброўскі.

4. перан. Прыступіць да чаго‑н., узяцца за якую‑н. справу. Заўважыўшы, што Васіль верыць яму, Андрэй падышоў здалёк і да галоўнага. Пальчэўскі. // Паставіцца пэўным чынам да чаго‑н. — Як бачыце, таварышы, справа вельмі сур’ёзная і падысці да яе мы павінны па-сур’ёзнаму. Васілевіч.

5. Здолець заваяваць чыё‑н. давер’е, выклікаць прыхільнасць каго‑н. да сябе. Малады настаўнік стараўся, наколькі мог, бліжэй падысці да дзіцячай душы, заслужыць давер’е вучняў. Колас. [Чубок:] — Пагавары з Кацяй, парай ёй не спяшацца. Далікатна падыдзі да яе... А там відаць будзе. Гаўрылкін.

6. Падняцца, павялічыцца (пра цеста). [Цеста] падышло, паднялося над дзежамі і нагадвала вялізныя шапкі грыбоў. Васілеўская. — Хлеб падышоў, — сказала аднойчы раніцай маці, — а пячы няма на чым — на дрывотні адна сырызна. Курто.

7. Быць прыдатным, адпаведным каму‑, чаму‑н. па сваіх памерах, якасці, форме. Кажуха ў мяне не было. Але мне добра падышла матчына куртка на ваце. Якімовіч. Хоць з бядой папалам, аднак падышла да галавы кепачка дзесяцігадовага Алёшкі. Брыль. [Сашка] падумаў аб сабе, што яму бадай лепш падышла б не цывільная, а вайсковая адзежа. Чорны.

•••

Гады падышлі гл. год.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ле́гчы, лягу, ляжаш, ляжа; ляжам, ляжаце, лягуць; пр. лёг, лягла і легла, лягло і легла; заг. ляж; зак.

1. Прыняць ляжачае, гарызантальнае становішча (пра чалавека і жывёл); проціл. устаць. Пад ценем дубоў .. [аграном і Крушынскі] разлажылі с[у]рвэтку і ляглі адзін супроць аднаго. Бядуля. Дома [Мікола] моўчкі распрануўся і лёг на сваёй самаробнай канапе. Якімовіч. / У спалучэнні са словамі, якія паказваюць, у якім становішчы знаходзіцца ляжачы. Легчы на бок. Легчы на спіну. Легчы ніцма. // Паступіць на лячэнне (у бальніцу, шпіталь). Паранены, .. [Блінке] вымушан быў легчы ў шпіталь. Шамякін.

2. Размясціцца спаць, адпачываць. Дзеці леглі даўно, Толькі маці не спіць. Колас. Каб нікога не будзіць, .. [Тварыцкі] лёг у адрынцы. Чорны.

3. перан. Загінуць, пасці ў баі, барацьбе. — Горад мой, горад мой, Колькі гордых іх, мужных і смелых Тут лягло пад табой, На руінах тваіх анямелых?! Танк. І стаяць пабрацімы, Хоць радзее іх строй. Хто там лёг за радзіму — Кожны паўшы — герой! Бялевіч.

4. (1 і 2 ас. не ужыв.) Апусціцца на якую‑н. паверхню, прыняць гарызантальнае становішча. Ліст лёг на траву. Снарады ляглі ў лагчыну. □ Не паспела .. [Аня] апамятацца, як рука яе лягла на круты Васілёў плячук. Васілевіч. Пульхны ружовы блін лёг на свежы абрус, засланы на ўслоне ля печы. Ваданосаў. // Размясціцца дзе‑н., укласціся ў што‑н. якім‑н. чынам. Цэгла лягла ў мур. □ Ляглі ў зямлю першыя зерні будучага ўраджаю. «ЛіМ». // пераважна безас.; перан. Патраціць чаго‑н. вельмі многа (з карысцю або без карысці). [Дзядзька Сымон:] — Пачакай трохі, сынку. Бач, якое хараство ў полі — Я гляджу і думаю: колькі тут людское працы лягло! Чорны.

5. (1 і 2 ас. не ужыв.). Заняць, ахапіць якую‑н. прастору; распасцерціся. Калгаснае поле шырока лягло. Машара. Вузкаю палоскаю .. Лёг за нашай вёскаю старадаўні лес. Глебка. // Пралегчы, прайсці, працягнуцца. Дарогі ляглі ад сяла да сяла. Кірэенка. У два рады між палёў Роўна рэйкі ляглі. Колас.

6. (1 і 2 ас. не ужыв.). Распаўсюдзіцца па паверхні, пакрыць сабою што‑н. Тоўстым пластом лёг на саламяных стрэхах снег. Колас. Чырванаватае святло малой лямпы лягло на твары людзей. Чорны. / Пра загар, маршчыны і пад. Густа ляглі маршчынкі каля вачэй. Шчарбатаў. Вось так з гадамі лёгка і нячутна На нашы скроні ляжа сівізна. Глебка. // Устанавіцца, настаць. Першая ваенная зіма ўсюды лягла вельмі рана. Шамякін. Вечар лёг за вокнамі раптоўна і густа. Скрыган.

7. (1 і 2 ас. не ужыв.); перан. Распаўсюдзіцца на каго‑, што‑н.; стаць чыім‑н. абавязкам. Па Нініны плечы лягла ўся гаспадарка. Гроднеў. — Ведаеце, у выпадку чаго ўся адказнасць ляжа на вас. Машара.

8. перан. У спалучэнні са словамі «на душу», «на сэрца», «на сумленне» азначае: стаць прадметам пастаянных турбот, трывогі, роздуму і г. д. І гора нам легла на сэрцы, Нібыта цяжкая руда... Калачынскі. Я ніколі не думаў, што можа такая страшная пустэча легчы на сэрца і такая пакутлівая бяздумнасць на галаву... М. Стральцоў.

9. Прыняць якое‑н. становішча, узяць які‑н. напрамак (пра самалёты, судны). Самалёт цвёрда лёг на свой курс — на захад. Новікаў.

•••

Легчы ў дрэйф — расставіць парусы так, каб судна заставалася прыблізна на адным месцы.

Легчы касцьмі — загінуць у баі; памерці.

Легчы пад нож — пайсці, легчы на аперацыю.

Легчы ў аснову — з’явіцца асновай, галоўным утваральным элементам чаго‑н.

Легчы ў зямлю (у труну, у магілу) — памерці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дайсці́, дайду, дойдзеш, дойдзе; пр. дайшоў, ‑шла, ‑шло; заг. дайдзі; зак., да каго-чаго.

1. Ідучы ў пэўным кірунку, дасягнуць якога‑н. месца. Вера дайшла да сваёй хаты і прысела на лавачцы перад гародчыкам. Паслядовіч. Доўгім і вузкім дваром .. [Сцяпан з сястрой] дайшлі да пуні. М. Стральцоў. // Рухаючыся, дасягнуць якога‑н. месца (пра поезд, машыну, параход і пад.). Трактар дайшоў да канца і, завярнуўшыся, заняў новыя барозны. Паслядовіч. // Дасягнуць месца прызначэння (пра пісьмы, тэлеграмы і пад.). А маці, нібы адгадвала яго [сынавы] думкі, запытала: — Ліст наш ці дайшоў жа да цябе, што Макар пісаў? Галавач. // Звярнуцца да каго‑н. у вышэйшай інстанцыі (з заявай, скаргай і г. д.). — Я дайду да сакратара райкома! — крыкнуў Несцер Іпатавіч. Дубоўка.

2. Распаўсюджваючыся, дасягнуць слыху, нюху; данесціся (пра гукі, пахі і пад.). Крык не дайшоў да вушэй. □ Пах салодкі [праснакоў] дайшоў да гультайкі-дачкі. Дубоўка. // Стаць вядомым, распаўсюдзіцца (пра весткі, чуткі і пад.). Да Салаўёва неяк дайшлі чуткі, што яго збіраюцца замяняць. Шахавец. Вестка, што Язэпава золата знайшоў Базыль, дайшла і да Лукер’і. Сачанка. // Выклікаць якія‑н. пачуцці, знайсці водгук (у сэрцы, душы і пад.). [Купала:] — Ці ўдасца мне сказаць такое слова, каб дайшло яно да людскіх сэрцаў. Вітка. Выйшла маці і села побач. .. Відаць, яе паклікала сюды песня, чымсьці дайшла да сэрца. Пестрак. // Стаць зразумелым, асэнсаваным, пранікнуць у свядомасць. Да Нора не адразу дайшоў сэнс таго, што сказала гэтая прыгожая руская жанчына ў афіцэрскай форме. Шамякін. / у безас. ужыв. Мікалай стаяў і нібы не разумеў, што тут адбываецца. Нарэшце да яго дайшло. Чарнышэвіч. // Захавацца, зберагчыся да якога‑н. часу (пра паданні, помнікі пісьменнасці і пад.). Гэту ж казку-быліну людзі склалі ў свой час, а яна з той часіны і дайшла аж да нас. Машара. З глыбінь стагоддзяў дайшла да нас мара працоўнага чалавека вырвацца з няволі. «ЛіМ».

3. Змяняючыся, дасягнуць якога‑н. узроўню, распаўсюдзіцца да пэўнай мяжы (пра аб’ём, колькасць і інш.). Мароз дайшоў да дваццаці градусаў. Вада дайшла да краёў.

4. Прыйсці ў які‑н. стан, дасягнуць крайняй ступені праяўлення чаго‑н. Дайсці да знямогі. □ Толькі рускія махісты маглі дайсці да таго, каб сцвярджаць «спалучальнасць» юмаўскага агнастыцызму з матэрыялізмам Маркса і Энгельса. Ленін. Хлопец дайшоў ужо да такога стану разгубленасці, калі чалавек не здольны ні думаць, ні бачыць, ні гаварыць. Карпюк.

5. Разм. Дасягнуць разумення чаго‑н.; дадумацца, разабрацца, разведаць. Дзядзька Максім — чалавек цікаўны, пакуль да ўсіх дробязей не дойдзе — не адступіцца. Пянкрат. Мудры дзед. Век зжыў, пабадзяўся па людзях, пабачыў. Такія ў вёсцы — філосафы. Варожаць і на ўраджай і на пагоду. Дзе не розумам, то хітрасцю дойдуць... Пташнікаў.

6. Дабрацца да каго‑, чаго‑н. па парадку; настаць чыёй‑н. чарзе. Дайсці ў размове да галоўнага. □ І вось, калі першая чарка дайшла да .. [Лабановіча], ён падзякаваў гаспадару і перадаў чарку суседцы. Колас. Я адразу здагадаўся: справа дайшла да арыфметыкі. Зноў не атрымліваецца задачка. Няхай. // Дасягнуць пэўнага службовага становішча. Дайсці да чына палкоўніка.

7. Шчыльна прыстаць; стаць на сваё месца (аб тым, што падганяецца, дапускаецца, прыладжваецца). Дзверы добра дайшлі да пазоў.

8. Разм. Аслабець, выбіцца з сіл; памерці. Паранены звер дайшоў. □ — Не штука з голаду дайсці пры такой рабоце, — апраўдваючыся, пачаў Саша. Вітка.

9. Разм. Стаць гатовым (аб тым, што пячэцца, смажыцца і пад.). Пірагі дайшлі. // Даспець. Памідоры за пагодай яшчэ дойдуць.

•••

Дайсці да чыіх вушэй — стаць вядомым каму‑н.

Дайсці (да) ладу — разабрацца, дабіцца толку.

Дайсці да памяці — апрытомнець.

Дайсці да розуму — паразумнець, разабрацца ў чым‑н.

Дайсці (дабіцца) да ручкі — прыйсці ў крайне дрэнны, непрыгодны стан. — Цьфу, каб ты згарэла! — вылаяўся ён праз кашаль. — Ужо і курыць не магу. Дайшоў Антось да ручкі. Брыль.

Дайсці да смаку — адчуць задавальненне ад чаго‑н., праявіць вялікую цікавасць, любоў да чаго‑н.

Дайсці да торбы — вельмі збяднець, стаць жабраком.

Дайсці сваёй галавой (розумам) — самастойна разабрацца ў чым‑н. Не мог дайсці Мікіта сваім розумам, чаго так настойліва прасіў бацька не казаць Анісіму, што ў вёску надоечы прыехала з горада Вера. Сачанка.

Дайсці свайго — дабіцца пастаўленай мэты.

Рукі не дайшлі гл. рука.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыйсці́, прыйду, прыйдзеш, прыйдзе; пр. прыйшоў, ‑шла, ‑шло; зак.

1. Ідучы, накіроўваючыся куды‑н., дасягнуць якога‑н. месца; прыбыць куды‑н. (пра людзей, жывёл і сродкі перамяшчэння). Прыйсці дадому. Атамаход прыйшоў з рэйса. □ Неяк .. на лузе з’явілася маці. Дзед аж устрывожыўся: чаго гэта яна па такой далі сюды прыйшла? Даніленка. «Кацюша» — так ахрысцілі .. гарматку — прыйшла на самую плошчу, амаль пад вокны казармаў. Брыль. Прыйшоў на паўстанак Выжары Таварны з далёкага рэйсу. Калачынскі. // З’явіцца куды‑н. з якой‑н. мэтай, для чаго‑н. Прыспела патрэба пагаварыць аб ёй з жывым чалавекам, з такім, хто зразумеў бы яго і прыйшоў бы яму на дапамогу. Колас. — Дык, значыцца, ты — пан Даніла Малец, — засмяяўся настаўнік. — Ты таксама прыйдзеш вучыцца? Брыль. — Я яшчэ .. у суботу мерыўся прыйсці к табе ў сваты, але адлажыў на нейкі час... Гартны. // Паступіць куды‑н. [Хлопец] прыйшоў у інстытут, відаць, адразу са школьнай лаўкі. Хадкевіч. Яны і на фабрыку прыйшлі з аднаго і таго ж мястэчка, жылі ў горадзе ў адным доме. Лынькоў. // Вярнуцца адкуль‑н. Прыйсці з вайны. Прыйсці дадому з арміі. □ [Жанчына] прыйшла дадому з астрога зусім хворая. Чорны. Ды другім чалавекам прыйшоў да нас Сымон Мігай. Не пазнаць у ім былога гуллівага, гарэзлівага завадатара. Шынклер.

2. Быць дастаўленым да месца прызначэння (пра што‑н. адпраўленае, пасланае). Пасылка прыйшла. □ Ліст з фронта чыталі ўсім калгасам. Прыйшоў ён так неспадзявана скора. Васілевіч. — Цяпер толькі чакаць, пакуль папера прыйдзе аб нашым тутэйшым падданстве, — задуменна сказаў .. [Гушка]. Чорны. // Дайсці да каго‑н. (пра чутку, погаласку). Калі прыйшла чутка аб паяўленні польскіх легіянераў, людзі затрывожыліся. Колас. Вестка — унук нарадзіўся — прыйшла. От жа сэрца і рвецца: Як там? Што там у іх? Каб магла, Паляцела б, здаецца... Гілевіч.

3. Наступіць, настаць (пра час, надзею і пад.). Прыйшла пара. Прыйшоў час. □ Вясна, вясна Жаданая! Ты прыйдзеш зноў, Ты вернешся. Колас. Хадзілі чуткі, што скора прыйдзе свабода і буржуям будзе канец. Лынькоў. [Казік] не хацеў верыць, што яго жыццю прыйшоў канец. Чарнышэвіч.

4. Узнікнуць, з’явіцца. Слава прыйшла. □ — Думка мне прыйшла: хачу выбраць у маёнтку месца пад пасеку. Прокша. Само сабой прыйшло жаданне паказаць сябе ў гэтую хвіліну з найлепшага боку. Шамякін. На другім годзе вучобы [да Міколы] прыйшло каханне. Навуменка. Дасць бог, на папраўку пойдзе, тады апетыт прыйдзе. Васілевіч. // Здарыцца з кім‑н., напаткаць каго‑н.; з’явіцца ў каго‑н. Прыйшла бяда. □ Вось яно і прыйшло, нарэшце, шчасце: мірная праца, каханне, сям’я. Брыль. У арміі да .. [Андрэя] прыйшла сапраўдная сталасць. Шахавец.

5. Дайсці да якога‑н. стану, апынуцца ў якім‑н. становішчы. Прыйсці ў заняпад. Прыйсці ў нягоднасць. Прыйсці ў норму. □ Высокая, сухарлявая кабеціна чарнявага воласу — яна была тут старожкаю — прыйшла ў незвычайны рух. Колас. // Прасякнуцца, прапікнуцца якім‑н. пачуццём. Прыйсці ў захапленне. □ Я ўжо прыйшла ў адчай і не ведала, што мне рабіць, калі ваш раптоўны прыход на вакзал змяніў становішча. Рамановіч.

6. да чаго. Дасягнуць чаго‑н. шляхам якіх‑н. дзеянняў, намаганняў. Прыйсці да згоды. Прыйсці да ладу. □ Міцкевіч і яго паплечнікі паступова прыйшлі да вываду, што адной асветай народнага жыцця не палепшыш. Мальдзіс. Калі дзед перадумаў усе гэтыя думкі, то ён прыйшоў да заключэння, што і ў яго, і ў Букрэя рукі развязаны. Колас. Увесь народ, увесь сусвет да панавання самі прыйдуць. Дубоўка.

•••

Канцы прыйшлі гл. канец.

Прыйсці да памяці — а) апрытомнець. Сагрэўся Папас каля агню на воўчай скуры пад Нупрэевым кажухом і прыйшоў да памяці. Колас; б) апамятацца, заспакоіцца. Памыўшыся халоднаю вадой, .. [Лабановіч] крыху асвяжыўся і прыйшоў да памяці. Колас.

Прыйсці на думку — узнікнуць, з’явіцца ў думках у каго‑н.

Прыйсці на (у) памяць — успомніцца.

Прыйсці свечкі тушыць — прыйсці, з’явіцца к самаму канцу чаго‑н.

Прыйсці ў галаву — з’явіцца, узнікнуць (пра план, намер і пад.).

Прыйсці (увайсці) у норму — прыйсці да звычайнага, нармальнага стану.

Прыйсці ў сябе — а) апрытомнець; б) апамятацца, заспакоіцца, уціхамірыцца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)