КАРЭ́ЦКАЯ (Людміла Сяргееўна) (н. 24.5.1935, г. Маршанск Тамбоўскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне металапалімерных сістэм. Д-р тэхн. н. (1983), праф. (1991). Скончыла Бел. ін-т інжынераў чыг. транспарту (1958). З 1964 у Ін-це механікі металапалімерных сістэм Нац. АН Беларусі. Навук. працы па разбурэнні і прагназаванні працэсаў старэння палімераў і палімерных кампазітаў пры ўзаемадзеянні іх з навакольным асяроддзем. Даследавала механізм утварэння дэфектаў пад уздзеяннем ультрафіялетавага выпрамянення; распрацавала метады прагназавання даўгавечнасці і спосабы стабілізацыі ўласцівасцей палімерных кампазітаў.

Тв.:

Атмосферостойкость полимерных материалов. Мн., 1993.

т. 8, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́НЗА АКУСТЫ́ЧНАЯ,

прыстасаванне для факусіроўкі гуку праз змену даўжыні шляху, які праходзіць у ім акустычныя хваля, і пераламлення гуку на яго гранічных паверхнях. Як і аптычная лінза, Л.а. абмежавана дзвюма рабочымі паверхнямі і робіцца з матэрыялу, скорасць гуку ў якім адрозніваецца ад скорасці ў навакольным асяроддзі.

Бываюць з цвёрдых рэчываў, вадкасцей і газаў (апошнія змяшчаюцца ў тонкую абалонку). Падзяляюцца на плоска-выпуклыя, плоска-ўвагнутыя, дваякавыпуклыя, дваякаўвагнутыя і выпукла-ўвагнутыя; збіральныя, або факусіруючыя (утвараюць хвалевыя франты, якія сходзяцца), і рассейвальныя (якія разыходзяцца); у залежнасці ад паказчыка пераламлення — запавольвальныя і паскаральныя.

т. 9, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НА́ТРЫЕВАЯ ПО́МПА», «натрыева-каліевая помпа»,

мембранны механізм, які падтрымлівае ў клетцы пэўныя суадносіны іонаў натрыю Na​+ і калію K​+ шляхам іх актыўнага транспарту супраць электрахім. і канцэнтрацыйнага градыентаў. Звычайна абмен катыёнамі паміж клеткай і навакольным асяроддзем адбываецца праз сістэму спец. мембранных каналаў па градыентах (пасіўны транспарт). Актыўны перанос супраць любога з градыентаў патрабуе затрат энергіі, якая паступае пры распадзе АТФ. Функцыянаванне «Н.п.» звязана з пераносам метабалітаў, а для нерв. і мышачных валокнаў таксама з механізмам узбуджэння і залежыць ад метабалізму клеткі. Гл. таксама Іонная праводнасць, Транспарт рэчываў.

С.​С.​Ермакова.

т. 11, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕРВО́ВАЯ ТКА́НКА,

комплексы нервовых і гліяльных клетак, спецыфічных для жывёльных арганізмаў; асн. структурна-функцыян. элемент нервовай сістэмы. Забяспечвае рэгуляцыю жыццядзейнасці тканак і органаў, іх інтэграцыю ў арганізме і сувязь з навакольным асяроддзем. Эвалюцыйна паяўляецца ў кішачнаполасцевых і дасягае найб. складанага развіцця ў кары вял. паўшар’яў галаўнога мозга млекакормячых і чалавека. Нерв. клеткі (нейроны) не дзеляцца, валодаюць асаблівай узбуджальнасцю, праводнасцю і здольныя ўтвараць стабільныя кантакты з інш. клеткамі. Гліяльныя клеткі (нейраглія) — трафічны, апорны і ахоўны апарат. Звычайна Н.т. абкружана слаямі злучальнай тканкі (у пазваночных — мазгавыя абалонкі). А.​С.​Леанцюк.

т. 11, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

эксэ́ргія

(ад экс- + гр. ergon = работа)

найбольшая работа, якую можа выканаць фізічная сістэма пры пераходзе з дадзенага стану ў стан раўнавагі з навакольным асяроддзем.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ЗУМАКУ́ЛАВА (Танзіля Мустафаеўна) (н. 18.7.1934, г. Тырныауз, Кабардзіна-Балкарыя),

балкарская паэтэса. Нар. паэтэса Кабардзіна-Балкарыі (1982). Скончыла Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1967). Друкуецца з 1957. У кнігах вершаў і паэм «Кветкі на скале» (1959), «Песні гор» (1962), «Прахалода гор» (1967), «Свяцільнік» (1969, за дзве апошнія Рэсп. прэмія 1969), «Белы свет» (1972), «Бацькоўскі дом» (1984) і інш. імкнулася адлюстраваць гіст. і духоўны вопыт балкарскага народа, складаныя і шматгранныя сувязі сучасніка з эпохай і навакольным светам. Дзярж. прэмія РСФСР імя М.​Горкага 1977. На бел. мову асобныя творы З. пераклалі І.​Калеснік, М.​Танк.

т. 7, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗАЛЯ́ЦЫЯ ў тэхніцы і будаўніцтве,

1) раздзяленне дыэлектрыкам токаправодных частак эл. машын і ўстановак (гл. Электраізаляцыя), а таксама сродкі, якія забяспечваюць такое раздзяленне (гл. Ізаляцыйныя матэрыялы).

2) Ахова будынкаў, трубаправодаў цеплавых сетак, халадзільных камер, цеплавых прамысл. установак і інш. ад непажаданага цеплаабмену з навакольным асяроддзем (гл. Цеплаізаляцыя). Робіцца з дапамогай цеплаізаляцыйных матэрыялаў.

3) Ахова абсталявання, канструкцый будынкаў і збудаванняў ад шкоднага ўздзеяння вады, атмасферных з’яў (гл. Гідраізаляцыя), а таксама сродкі, што выкарыстоўваюцца для гэтых мэт (гл. Гідраізаляцыйныя матэрыялы).

4) Сукупнасць мерапрыемстваў і сродкаў для зніжэння ўзроўню акустычных шумаў (гл. Гукаізаляцыя, Гукаізаляцыйныя матэрыялы).

т. 7, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЮХ,

успрыманне арганізмам пры дапамозе нюху органаў пэўных уласцівасцей (паху) розных рэчываў, што прысутнічаюць у навакольным асяроддзі; адзін з відаў хемарэцэпцыі. Мае сігнальнае значэнне. Служыць жывёлам для пошуку і выбару корму, высочвання здабычы, выратавання ад ворагаў, для біяарыентацыі, біякамунікацыі і інш. Адрозніваюць жывёл з добра развітым Н. (большасць млекакормячых), са слаба развітым Н. (птушкі, цюлені, вусатыя кіты, прыматы) і з поўнай адсутнасцю органаў Н. (зубатыя кіты). Асобную ролю ў зносінах жывёл адыгрываюць ферамоны. У людзей больш важныя віды дыстантнай чуллівасці — зрок і слых, але ацэнка ежы вызначаецца пераважна з дапамогай Н.

А.​С.​Леанцюк.

т. 11, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

цы́ста

(гр. kystis = пузыр)

шчыльная абалонка вакол некаторых аднаклетачных жывёльных і раслінных арганізмаў, якая засцерагае ix пры неспрыяльным навакольным асяроддзі ці ў пэўныя моманты іх жыццёвага цыкла.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

АЎТЫ́ЗМ (ад грэч. autos сам),

крайняя форма псіхал. адчужэння, якая праяўляецца ў адыходзе чалавека ад кантакту з навакольным светам і паглыбленні ва ўласныя перажыванні. Тэрмін уведзены швейц. псіхолагам і псіхіятрам Э.​Блейлерам (1857—1939) для абазначэння псіхічных парушэнняў, звязаных з паніжанай магчымасцю хворага чалавека кіраваць сваім мысленнем, адключацца ад пакутлівых думак, якія праяўляюцца ў пазбяганні ад любых кантактаў з людзьмі. Абазначае таксама пераважную арыентацыю індывіда на сваю ўнутраную карціну і ўнутраныя крытэрыі ў ацэнцы з’яў (гл. Эгацэнтрызм), гэтаму спадарожнічае страта інтуітыўнага разумення людзей, неадэкватнае эмацыянальнае рэагаванне на іх паводзіны. Аўтызм праяўляецца ў псіхічных хваробах, асабліва шызафрэніі. У некаторых псіхічна здаровых людзей мысленне можа мець пэўныя рысы аўтызму.

т. 2, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)