Ашчыкіта́ць ’абарваць, абшчыпаць’ (Федар.), ’абглыдаць, абкляваць (пра птушку)’ (Мал.), ошчокотаць (КСТ), таксама абшыкітаць (Федар.), рус. ощекотать («птицы ощекотали все ягоды»), ошакта́ть («куры весь веничик ошактали», пск.). Ад шчыка́ць ’рваць, шчыпаць, скубці (пра расліны)’ з экспрэсіўным нарашчэннем ‑іт‑ (‑от‑), параўн. шчыкітушка ’пра птушку, якая зрывае, шчыплючы’ (гл. Турская ў Федар., 7, 252), шчыкіта́ ’?’ (рыфмуецца з Мікіта ў нар. песні), адносна фанетыкі параўн. скрыгітаць і скрыгат.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

недачува́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Дрэнна чуць, быць глухаватым. Стары.. адкашляўся. — Здароў, здароў, дачка. Сядай.. бліжэй да мяне, а то я ўжо недачуваю. Шамякін. Мікіта, як некалі і бацька яго, недачуваў на адно вуха. Чыгрынаў.

2. Незак. да недачуць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

неўраўнава́жаны, ‑ая, ‑ае.

Якому не ўласціва душэўная раўнавага; які лёгка паддаецца настрою. [Шыковіча добра ведаў, што .. [Галіна Адамаўна] зусім не такая спакойная, што яна ў дзесяць разоў больш нервовая, чым яго жонка. Неўраўнаважаная, раўнівая... Шамякін. Мікіта быў чалавек неўраўнаважаны, гарачы, не ўмеў трымаць язык за зубамі. Новікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шарсці́сты, ‑ая, ‑ае.

1. Пакрыты шэрсцю; з доўгай або густой шэрсцю. Шарсцістая жывёліна.

2. Пакрыты ворсам, варсінкамі; варсісты. Шарсцістыя пальчаткі. Шарсцістая тканіна.

3. перан. Задзірысты, незгаворлівы, гарачы. [Жанчына:] — Антон, той спакойны. □ Мікіта, ого, дужа шарсцісты. Больш за слова яму не кажы. Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ірані́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае ў сабе іронію, выражае іронію. Іранічны позірк. Іранічная ўсмешка. Іранічны сэнс. □ Праніклівы Ёсіп прадчуваў нешта нядобрае ў адначаснай грубасці і гэтай іранічнай ласкавасці Аніса. Дуброўскі. Мікіта не заўважыў іранічнага тону і палічыў бацькаў адказ за добры знак. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заспакае́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. заспакоіць і стан паводле знач. дзеясл. заспакоіцца. Сваёю заяваю Мікіта ў значнай ступені паспрыяў заспакаенню таго разброду, што пачаўся паміж затонцамі. Колас. Адзіны выхад — трэба ехаць на Паволжа і там знайсці заспакаенне ў працы. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

РЫ́ДЗІГЕР (Пётр Васілевіч) (н. 24.8.1949, г. Сяміпалацінск, Казахстан),

бел. і расійскі арт. аперэты (барытон). Засл. арт. Беларусі (1990). Нар. арт. Беларусі (1998). Скончыў Дзярж. муз.-пед. ін-т імя Гнесіных (1974). Працаваў у Куйбышаўскім т-ры оперы і балета. З 1977 у Белдзяржкансерваторыі, у 1978 і з 1981 ў Бел. дзярж. муз. т-ры. У 1978—81 у Ленінградскай кансерваторыі. Яго выкананне вылучаецца высокім узроўнем майстэрства, багатай вак. культурай. Сярод партый на бел. сцэне; Дзяніс («Дзяніс Давыдаў» А.​Мдывані), Доктар («Мільянерша» Я.​Глебава), містэр Ікс, Эдвін («Прынцэса цырка», «Сільва» І.​Кальмана), Карамэла («Ноч у Венецыі» І.​Штрауса), Даніла («Вясёлая ўдава» Ф.​Легара), Янга («Вольны вецер» І.​Дунаеўскага), Мікіта («Халопка» М.​Стрэльнікава), Беня («Біндзюжнік і кароль» А.​Журбіна) і інш.

П.В.Рыдзігер.
П.Рыдзігер у ролі графа Данілы.

т. 13, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРБАЧЭ́ЎСКІ (Мікіта Іванавіч) (1804, Магілёўская вобл. — 26.5.1879),

бел. вучоны-архівіст, краязнавец, мовазнавец і педагог. Скончыў Магілёўскую духоўную семінарыю і Пецярбургскую духоўную акадэмію. Канд. філасофска-тэалагічных навук (1831). Выкладаў у Жыровіцкай духоўнай семінарыі, віленскіх дваранскім ін-це, школе рабінаў і гімназіі. З 1853 архіварыус Віленскага цэнтр. архіва стараж. актаў. Упарадкаваў і сістэматызаваў дакументы па гісторыі Беларусі і Літвы. Адзін са стваральнікаў і член (з 1864) Віленскай археаграфічнай камісіі. Вывучаў заканадаўства ВКЛ па архіўнай справе, судаводстве і справаводстве. Аўтар даследаванняў па археаграфіі і крыніцазнаўстве. Склаў «Каталог старажытным актавым кнігам губерняў: Віленскай, Гродзенскай, Мінскай і Ковенскай...» (1872). Выдаў «Слоўнік старажытнай актавай мовы Паўночна-Заходняга краю і Царства Польскага» (1874; растлумачыў каля 400 бел. і больш за 5 тыс. лац.-польск. юрыд. тэрмінаў 14—17 ст.).

Літ.:

Н.​И.​Горбачевский / Сост. Л.​Л.​Толкачева. Мн., 1991.

т. 5, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЭ́ЛЕП (Георгій Міхайлавіч) (20.4.1904, с. Бабруйкі Чарнігаўскай вобл., Украіна — 18.6.1957),

расійскі спявак (драм. тэнар). Нар. арт. СССР (1951). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1930). З 1929 саліст Ленінградскага т-ра оперы і балета, з 1944 — Вял. т-ра ў Маскве. Валодаў роўным ва ўсіх рэгістрах голасам вял. дыяпазону, рэдкай прыгажосці і тэмбравага багацця. Яго творчасці былі ўласцівы вял. сцэн. культура, арганічнае спалучэнне вак., муз. і драм. майстэрства. Сярод партый: княжыч Юрый, Герман («Чарадзейка», «Пікавая дама» П.​Чайкоўскага), Садко («Садко» М.​Рымскага-Корсакава), Сабінін («Іван Сусанін» М.​Глінкі), Галіцын, Самазванец («Хаваншчына», «Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага), Хазэ («Кармэн» Ж.​Бізэ), Радамес, Манрыка («Аіда», «Трубадур» Дж.​Вердзі), Фларэстан («Фідэліо» Л.​Бетховена), Енік («Прададзеная нявеста» Б.​Сметаны), Ёнтэк («Галька» С.​Манюшкі), Рыгор Мелехаў («Ціхі Дон» І.​Дзяржынскага), Кахоўскі («Дзекабрысты» Ю.​Шапорына), Незяласаў («Мікіта Вяршынін» Дз.​Кабалеўскага). Дзярж. прэміі СССР 1942, 1949, 1950.

Г.М.Нэлеп.

т. 11, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

благаро́ддзе, ‑я, н.

У дарэвалюцыйнай Расіі — тытулаванне, наданае афіцэрам да штабс-капітана і роўным па чыне цывільным чыноўнікам (ужывалася з займеннікамі «ваша», «яго», «іх»). Мікіта сядзеў і думаў пра дом. У гэты час да яго прыйшоў веставы ад ротнага .. — Іх благароддзе загадалі зараз жа прыйсці. Галавач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)