ПЕНІТЭНЦЫЯ́РНЫЯ СІСТЭ́МЫ (ад лац. poenitentia раскаянне),
парадак і рэжым адбыцця пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі, устаноўлены ў некаторых дзяржавах. У 18 ст. ўзнікла пенсільванская П.с. (назва ад штата Пенсільванія, ЗША), для якой характэрна строгае адзіночнае зняволенне ў спалучэнні з рэліг. пакаяннем. З пач. 19 ст. выкарыстоўваецца обернская П.с. (склалася ў г. Оберн, ЗША), сутнасць якой у прадастаўленні зняволеным магчымасці працаваць пры поўнай ізаляцыі ва ўмовах строгага рэжыму. З сярэдзіны 19 ст. ў большасці краін выкарыстоўваецца т.зв. прагрэсіўная П.с., якая прадугледжвае паэтапную змену ўмоў утрымання зняволеных ад суровых да больш льготных у залежнасці ад іх паводзін, у адпаведнасці з рашэннем адміністрацыі. Разнавіднасцю П.с. з’яўляюцца рэфарматорыі (узніклі ў ЗША) для асоб ва ўзросце ад 16 да 30 гадоў, тэрмін зняволення для якіх можа быць скарочаны або працягнуты.
У Рэспубліцы Беларусь П.с. ўключае турмы, калоніі рознага рэжыму і выхаваўчыя калоніі для непаўналетніх. Гл. Папраўча-працоўныя ўстановы.
Г.А.Маслыка.
т. 12, с. 266
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАКУРО́РСКІ НАГЛЯ́Д,
форма праваахоўнай дзейнасці, якая ажыццяўляецца органамі пракуратуры. У Рэспубліцы Беларусь П.н. ажыццяўляецца: за дакладным і аднастайным выкананнем законаў, дэкрэтаў, указаў і інш. нарматыўных актаў мін-вамі і інш. падведамнымі Савету Міністраў органамі, мясц. прадстаўнічымі і выканаўчымі органамі, прадпрыемствамі, арг-цыямі і ўстановамі, грамадскімі аб’яднаннямі, службовымі асобамі і грамадзянамі; за выкананнем законаў пры расследаванні злачынстваў; за адпаведнасцю закону суд. рашэнняў па цывільных і крымін. справах, справах аб адм. правапарушэннях; за выкананнем законаў у месцах папярэдняга зняволення, пры выкананні пакаранняў і інш. мер прымусовага характару, якія назначаюцца судом. У выпадках, прадугледжаных законам, пракуратура праводзіць папярэдняе расследаванне злачынстваў, пракуроры прымаюць удзел у разглядзе спраў судамі, падтрымліваюць дзярж. абвінавачванне. У працэсе ажыццяўлення П.н. пракурор правамоцны апратэстоўваць рашэнні і акты, калі яны супярэчаць закону, прыцягваць правапарушальнікаў да адказнасці, прымаць меры для забеспячэння спагнання матэрыяльных страт, нанесеных парушэннем закона, і г.д.
Г.А.Маслыка.
т. 12, с. 550
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САКРАТАРЫЯ́Т ААН,
адзін з галоўных органаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, які дзейнічае пастаянна згодна са Статутам ААН. Асн. функцыя С. ААН — арганізац.-адм. абслугоўванне органаў структуры ААН, яе камітэтаў, канферэнцый. Выконвае адм.-тэхн. функцыі ААН, у прыватнасці, рыхтуе некат. матэрыялы; перакладае, друкуе і распаўсюджвае даклады, рэзалюцыі і інш. дакументы ААН; забяспечвае вусны пераклад прамоў, якія гаворацца на пасяджэннях гал. органаў ААН і іх дапаможных органаў; складае, друкуе і рассылае стэнаграфічныя і кароткія справаздачы пасяджэнняў; захоўвае дакументы ААН у архівах; рассылае ўсе дакументы Генеральнай Асамблеі ААН, Савета Бяспекі ААН і інш. членам ААН і выконвае інш. работу, якая можа быць ускладзена на яго гал. органамі ААН. С. ААН складаецца з Генеральнага сакратара ААН і прызначанага ім персаналу ў адпаведнасці з правіламі, якія ўстанаўліваюцца Ген. Асамблеяй. У апошні час агульная колькасць персаналу С. ААН складала больш як 50 тыс. чалавек з 175 краін. Знаходзіцца ў Нью-Йорку.
Г.А.Маслыка.
т. 14, с. 90
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЦЫЯ́ЛЬНАЕ ЗАКАНАДА́ЎСТВА,
прававыя нормы, якія рэгулююць становішча работнікаў, што працуюць па найме, а таксама пытанні сацыяльнага забеспячэння. Нормы С.з. пашыраюцца на прац. адносіны, якія грунтуюцца на прац. дагаворы паміж работнікам і наймальнікам незалежна ад віду і формы гаспадарання. Крыніцамі С.з. з’яўляюцца Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, Кодэкс законаў аб працы, дэкрэты і ўказы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і інш. акты прац. заканадаўства, калектыўныя дагаворы, пагадненні. інш. лакальныя нарматыўныя акты. прынятыя ў адпаведнасці з заканадаўствам, а таксама прац. дагаворы. У Канстытуцыю ўключаны шэраг артыкулаў, якія адносяцца да прац. і звязаных з імі адносін: права на працу, адпачынак, ахову здароўя, сац. страхаванне, сац. забеспячэнне і інш. Вял. значэнне маюць калектыўныя дагаворы, якія садзейнічаюць рэгуляванню прац. адносін і ўзгадненню сац.-эканам. інтарэсаў работнікаў і наймальнікаў на прадпрыемствах, ва ўстановах і арг-цыях, у іх падраздзяленнях, а таксама і ў прадпрымальнікаў, якія ажыццяўляюць сваю дзейнасць без стварэння юрыд. асобы.
Г.А.Маслыка.
т. 14, с. 216
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЎТАРСКАЕ ПРА́ВА,
раздзел заканадаўства, нормы якога рэгулююць адносіны, што ўзнікаюць у сувязі са стварэннем і выкарыстаннем твораў навукі, літаратуры і мастацтва. Аўтару належаць правы на апублікаванне твора, узнаўленне і распаўсюджванне яго дазволенымі законам спосабамі, на недатыкальнасць твора, атрыманне ганарару за яго выкарыстанне. Нормы аўтарскага права, якія дзейнічаюць на тэр. Рэспублікі Беларусь, змешчаны ў Цывільным кодэксе і законе «Аб аўтарскім праве і сумежных правах» ад 16.5.1996. Аўтарскае права дзейнічае на працягу ўсяго жыцця аўтара і 50 гадоў пасля яго смерці, пераходзіць у спадчыну (за выключэннем права аўтара на імя і на недатыкальнасць твора). Парушэнні аўтарскага права (плагіят, незаконнае ўзнаўленне або распаўсюджванне твора, прымус да сааўтарства) цягнуць за сабой адм. або крымін. адказнасць. Апрача таго аўтар і яго правапераемнікі маюць права патрабаваць аднаўлення парушанага аўтарскага права і пакрыцця матэрыяльных стратаў. Міжнар. ахову аўтарскага права забяспечваюць Бернская 1886 (рэд. 1971) і Жэнеўская 1952 (рэд. 1971) міжнар. канвенцыі па ахове аўтарскага права.
Г.А.Маслыка.
т. 2, с. 119
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВА́ННІ ВО́ІНСКІЯ,
званні, якія персанальна прысвойваюцца ваеннаслужачым і ваеннаабавязаным запасу ўзбр. сіл у адпаведнасці з іх службовым становішчам, заслугамі, ваен. і спец. падрыхтоўкай, выслугай гадоў, прыналежнасцю да віду ўзбр. сіл, роду войск ці віду службы. З.в. вызначаюць старшынство ва ўзаемаадносінах паміж ваеннаслужачымі, тэрміны ваен. службы і знаходжанне ў запасе, права на матэрыяльнае і грашовае забеспячэнне і льготы. Ва Узбр. Сілах Рэспублікі Беларусь ваеннаслужачыя і ваеннаабавязаныя ў залежнасці ад прысвоеных З.в. падзяляюцца на наступныя склады: салдаты; сяржанты і старшыны; прапаршчыкі; афіцэры. Афіцэрскі склад падзяляецца на малодшых, старшых і вышэйшых афіцэраў. Кожнаму ваеннаслужачаму і ваеннаабавязанаму прысвойваецца адпаведнае З.в. (гл. табл.). Прысваенне і пазбаўленне З.в. праводзіцца ў адпаведнасці з законамі Рэспублікі Беларусь. Пры пэўных абставінах З.в. можа быць адноўлена.
Званні воінскія
| Салдаты |
| радавы (курсант) |
| яфрэйтар |
| Сяржанты і старшыны |
| малодшы сяржант |
| сяржант |
| старшы сяржант |
| старшына |
| Прапаршчыкі |
| прапаршчык |
| старшы прапаршчык |
| Малодшыя афіцэры |
| малодшы лейтэнант |
| лейтэнант |
| старшы лейтэнант |
| капітан |
| Старшыя афіцэры |
| маёр |
| падпалкоўнік |
| палкоўнік |
| Вышэйшыя афіцэры |
| генерал-маёр |
| генерал-лейтэнант |
| генерал-палкоўнік |
Г.А.Маслыка.
т. 7, с. 34
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫМІНАЛІ́СТЫКА (ад лац. criminalis злачынны),
прыкладная юрыд. навука, якая распрацоўвае сістэму спец. прыёмаў, метадаў і сродкаў збірання, фіксацыі, даследавання і выкарыстання доказаў судовых. Гэтыя прыёмы і метады прымяняюцца ў крымінальным судаводстве для папярэджання, раскрыцця і расследавання злачынстваў, а таксама выкарыстоўваюцца пры суд. разглядзе крымінальных і ў шэрагу выпадкаў цывільных спраў. Найб. важныя раздзелы сучаснай К.: агульная тэорыя К., крыміналістычная тэхніка, крыміналістычная тактыка і методыка расследавання. Крыміналістычная тактыка ўключае сістэму тэарэт. палажэнняў і практычных рэкамендацый па арг-цыі і планаванні расследавання злачынстваў, якія дазваляюць найб. эфектыўна выкарыстоўваць магчымасці следчага і суд. дзеяння і аператыўна-пошукавых мерапрыемстваў з улікам канкрэтнай сітуацыі па справе. Яна ахоплівае планамернасць і хуткасць дзеянняў, агляд месца злачынства, фіксацыю і ацэнку слядоў, атрыманне доказаў, правамернасць (законнасць) дзеянняў. Крыміналістычная тэхніка ўключае сістэму спец. прыёмаў і навук.-тэхн. сродкаў па збіранні, фіксацыі і даследаванні доказаў. Да яе адносяцца суд. балістыка, трасалогія, дактыласкапія, судовая фатаграфія, тэхніка правядзення крыміналістычных экспертыз і інш.
Г.А.Маслыка.
т. 8, с. 512
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНАЯ АСАЦЫЯ́ЦЫЯ ЮРЫ́СТАЎ-ДЭМАКРА́ТАЎ (МАЮД; International Association of Democratic Lawyers),
міжнародная няўрадавая арг-цыя. Створана ў кастр. 1946 па ініцыятыве франц. юрыстаў — удзельнікаў руху Супраціўлення на Міжнар. канферэнцыі юрыстаў — удзельнікаў барацьбы з ням.-фаш. захопнікамі. Задачы МАЮД: спрыянне развіццю кантактаў паміж юрыстамі розных краін, вывучэнню і ажыццяўленню дэмакр. прынцыпаў у міжнар. адносінах, абарона дэмакр. правоў і свабод, выступленне супраць спроб абмежавання незалежнасці народаў, розных форм каланіяльнага прыгнёту. Членамі арг-цыі могуць быць любая асацыяцыя юрыстаў (нац. або міжнар.), любая асоба, якая мае юрыд. адукацыю, займае юрыд. пасаду, прымае і падзяляе мэты і задачы асацыяцыі.
МАЮД аб’ядноўвае арг-цыі юрыстаў з 85 краін, у т. л. з Рэспублікі Беларусь. Мае кансультатыўны статус пры Эканамічным і сацыяльным савеце ААН і ЮНЕСКА. Вышэйшы орган — Кангрэс, у перыяд паміж кангрэсамі — Савет МАЮД, які збіраецца раз у год. Друкаваны орган — час. «Revue de droit contemporain» («Агляд сучаснага права», на англ. і франц. мовах). Штаб-кватэра ў Бруселі (Бельгія).
Г.А.Маслыка.
т. 10, с. 339
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́НСІЯ (ад лац. pensio плацеж),
грашовае забеспячэнне, якое атрымліваюць грамадзяне з пенсіённых, страхавых і інш. фондаў пасля заканчэння прац. дзейнасці, пры інваліднасці і ў некат. інш. выпадках; гал. крыніца сродкаў для існавання пенсіянераў. Парадак назначэння і выплаты П. ў Рэспубліцы Беларусь рэгулюецца Законам «Аб пенсіённым забеспячэнні» ад 17.4.1992 і інш. нарматыўнымі актамі. Паводле закона існуюць працоўныя П. (па ўзросце, інваліднасці, з выпадку страты карміцеля, за выслугу гадоў, за асаблівыя заслугі перад рэспублікай) і сацыяльныя П., якія назначаюцца грамадзянам, што не атрымліваюць прац. П., інвалідам, у т. л. інвалідам з дзяцінства, асобам, якія дасягнулі пэўнага ўзросту (мужчыны 60 і жанчыны 55 гадоў), дзецям — у выпадку страты карміцеля і дзецям-інвалідам ва ўзросце да 16 гадоў. Асобыя ўмовы назначэння П. прадугледжаны ў Рэспубліцы Беларусь Законам «Аб сацыяльнай абароне грамадзян, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС» ад 22.2.1991. Пенсіённы фонд дзяржавы фарміруецца за кошт сродкаў работадаўцаў, страхавых узносаў прадпрымальнікаў і абавязковых страхавых узносаў грамадзян, якія працуюць, а таксама дзярж. бюджэту рэспублікі.
Г.А.Маслыка.
т. 12, с. 268
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЦЫЯ́ЛЬНАЕ ЗАБЕСПЯЧЭ́ННЕ,
сістэма забеспячэння і абслугоўвання састарэлых і непрацаздольных грамадзян, а таксама сем’яў, у якіх ёсць малыя дзеці. У Рэспубліцы Беларусь сістэма С.з. уключае: пенсіі, дапамогі працуючым (па часовай непрацаздольнасці, з прычыны цяжарнасці і родаў і г.д.), мнагадзетным і адзінокім маці, малазабяспечаным сем’ям, дзе ёсць дзеці; санаторна-курортнае лячэнне і аздараўленне; утрыманне і абслугоўванне састарэлых і інвалідаў у спец. установах (дамах-інтэрнатах для састарэлых і інвалідаў, дзяцей-інвалідаў і г.д.); пратэзаванне; прафес. навучанне і працаўладкаванне інвалідаў; ільготы інвалідам і мнагадзетным маці. Сродкі на С.з. засяроджаны ў Фондзе сац. абароны Мін-ва сац. абароны Беларусі, які не ўваходзіць у склад бюджэту краіны і фарміруецца за кошт узносаў наймальнікаў, страхавых узносаў асоб, што займаюцца прадпрымальніцкай дзейнасцю, абавязковых страхавых узносаў грамадзян і пэўных выдаткаў дзяржавы. Палажэнне аб Фондзе сац. абароны зацвярджаецца урадам. Памеры абавязковых страхавых узносаў у гэты фонд устанаўліваюцца законам. Сродкі фонду выкарыстоўваюцца толькі на мэтавае фінансаванне мерапрыемстваў па С.з. Гл. таксама Сацыяльнае страхаванне.
Г.А.Маслыка.
т. 14, с. 216
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)