КАСМЕ́ТЫКА (ад грэч. kosmētikē майстэрства ўпрыгожваць),

комплекс гігіенічных, лячэбных і дэкар. мерапрыемстваў па падтрыманні прыгажосці цела чалавека ці ліквідацыі касметычных дэфектаў. Адрозніваюць К. ўрачэбную (кансерватыўную і хірург.) і дэкаратыўную.

Урачэбную кансерватыўную К. падзяляюць на прафілакт. (гігіенічную) і лячэбную.

Прызначэнне прафілакт. — барацьба з праявамі старэння арганізма (вяласць скуры, маршчыны). Выкарыстоўвае касметычныя сродкі (ваду, мыла, крэмы, ласьёны). Прызначэнне кансерватыўнай лячэбнай К. — знішчаць вугры, хлаазмы, лячыць ад выпадзення і тлустасці валасоў, празмернага іх росту, ачышчаць скуру твару. Ужывае фізіятэрапеўт. сродкі, вітамінныя і адбельвальныя маскі, масаж і інш. Хірург. К. аперацыйна выпраўляе набытыя або прыроджаныя дэфекты скуры, форму носа, вушэй, узроставыя заганы. Дэкаратыўная К. маскіруе недахопы скуры, валасоў, вейкаў, броваў з выкарыстаннем пудры, румян, крэмаў, фарбаў.

т. 8, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЭРАТЭРАПІ́Я (ад аэра... + тэрапія),

метад клімататэрапіі, заснаваны на выкарыстанні лек.-прафілактычных уласцівасцяў атм. паветра. Асн. працэдуры аэратэрапіі — паветраныя ванны (кароткатэрміновае ўздзеянне паветра на аголенае цела); «веранднае лячэнне» (працяглае знаходжанне на адкрытых верандах, балконах, у аэрасалярыях, спец. кліматапавільёнах), дзённы і начны сон на адкрытым паветры і інш. Як сродак загартоўвання арганізма аэратэрапія асабліва карысная дзецям. Хворым і людзям старэй за 60 гадоў назначаюць з асцярожнасцю. Аэратэрапія павышае ўстойлівасць арганізма да неспрыяльных умоў у хворых з расстройствамі сардэчна-сасудзістай і дыхальнай сістэм, пры малакроўі і функцыянальных парушэннях нерв. дзейнасці. Спецыфічны кірунак аэратэрапіі — аэраіонатэрапія, асабліва эфектыўная там, дзе паветра насычана лёгкімі аэраіонамі (у гарах, паблізу вадаспадаў, каля месцаў марскога прыбою, пад кронамі дрэў). Яна выкарыстоўваецца як метад агульнага ўздзеяння (аэраінгаляцыі), а таксама як мясц. працэдура (аэраіонны масаж), у штучна створаных умовах — як метад фізіятэрапіі.

т. 2, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭАНІМА́ЦЫЯ (ад рэ... + лац. animatio ажыўленне),

ажыўленне арганізма, сістэма мерапрыемстваў пры тэрмінальных станах (шок, агонія, клінічная смерць). Накіравана на прадухіленне незваротнага пашкоджання нейронаў лобных аддзелаў кары вял. паўшар’яў галаўнога мозга. Пры спыненні дыхання і работы сэрца тэрмінова пачынаюць практычныя мерапрыемствы па ажыўленні: штучная вентыляцыя лёгкіх (метад рот у рот, або рот у нос), аднаўленне кровазвароту (вонкавы масаж сэрца). Р. можа ўключаць інтубацыю трахеі, ускрыццё трахеі з увядзеннем асобай трубкі, артэрыяльнае нагнятанне крыві для аднаўлення спантаннага кровазвароту, дэфібрыляцыю сэрца (спыненне разрозненых скарачэнняў сардэчнай мышцы моцным эл. разрадам), пункцыю поласцей сэрца для ўвядзення лек. рэчываў, крыві і кровазаменнікаў і інш. Неэфектыўная Р. пры гібелі нерв. клетак кары вял. паўшар’яў, што адбываецца праз 3—5 мін пасля спынення кровазабеспячэння мозга, астаноўкі спынення* сэрца і дыхання (перыяд клінічнай смерці). Вывучае рэаніматалогія.

У.​А.​Кульчыцкі.

т. 13, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

расце́рці, разатру́, разатрэ́ш, разатрэ́; разатро́м, разатраце́, разатру́ць; расцёр, -це́рла; разатры́; расцёрты; зак.

1. што. Тручы, размяць, раздрабніць, ператварыць у аднародную масу.

Р. тытунь.

2. што. Націскаючы, размазаць па якой-н. паверхні.

Р. крэм на руках.

3. каго-што. Зрабіць масаж, моцна пацерці.

Р. спіну.

4. што. Ходзячы, ездзячы, пратаптаць, пракласці (сцежку, дарогу і пад.; разм.).

Р. дарогу.

|| незак. расціра́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

|| наз. расціра́нне, -я, н. і расці́рка, -і, ДМ -рцы, ж.

|| прым. расці́рачны, -ая, -ае (да 1 знач.; спец.) і расціра́льны, -ая, -ае (да 1 і 3 знач.; спец.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

працэду́ра, ‑ы, ж.

1. Афіцыйны парадак дзеянняў для ажыццяўлення ці выканання чаго‑н. Працэдура галасавання. Працэдура падпісання дагавору. Судовая працэдура. // Ход, паслядоўнасць дзеянняў у якой‑н. справе. Працэдура апазнавання скончылася; каго ніхто не апазнаў, пагналі назад у барак. Сабаленка.

2. Лячэбнае мерапрыемства, прапісанае ўрачом (ванны, масаж і пад.). Хадзіць на працэдуры. Лячэбныя працэдуры. □ Звычайна шустрая, як вавёрка, Віра захварэла, штодня яе возяць на водныя працэдуры. Навуменка.

[Ад лац. procedere — рухацца наперад.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

facial

[ˈfeɪʃəl]

1.

adj.

1) тва́рны; тва́ру

a facial nerve — нэрв тва́ру

2) для тва́ру

a facial ointment — мазь для тва́ру

2.

n., informal

маса́ж тва́ру

Ангельска-беларускі слоўнік (В. Пашкевіч, 2006, класічны правапіс) 

пласты́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да пластыкі, уласцівы ёй. Пасля пластычнай гімнастыкі .. [актрыса] прымала халодны душ і садзілася за масаж твару. Рамановіч. «Кантакт» з мастацтвам у паэзіі Максіма Танка выяўляецца і... праз шматлікія асацыятыўныя масткі да краіны тэм і вобразаў пластычных мастацтваў. Рагойша.

2. Здольны пад высокім ціскам мяняць форму; не ломкі. Пластычныя матэрыялы.

3. Спец. Звязаны з перасадкай скуры. Пластычная хірургія. Пластычная аперацыя.

•••

Пластычная маса гл. маса.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

працэду́ра

(фр. procédure, ад лац. procedere = рухацца наперад)

1) устаноўлены парадак дзеянняў для ажыццяўлення чаго-н. (напр. п. галасавання);

2) лячэбнае мерапрыемства, якое рэкамендуецца ўрачом (ванны, масаж і інш.).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ДОМ АДПАЧЫ́НКУ,

прафілактычная аздараўленчая ўстанова для адпачынку і аднаўлення сіл людзей у найб. спрыяльных і здаровых умовах. Д.а. ствараюць прафес. саюзы, мін-вы, ведамствы, асобныя прадпрыемствы і калгасы.

Бываюць Д.а. круглагадовыя, сезонныя і спец. (для бацькоў з дзецьмі, моладзі, цяжарных і інш.), з 12- і 24-дзённым адпачынкам і для адпачынку ў выхадныя дні. Усе Д.а. маюць мед. пункты, на якіх працуюць мед сёстры, у значных (350 і больш месцаў) ёсць урач, у невялікіх (200—350 месцаў) — фельчар. Некаторыя Д.а. маюць зубаўрачэбны і фізіяпрацэдурны кабінеты, лячэбны масаж. Першыя Д.а. на Беларусі (з 1920): «Ждановічы» (з 1970 санаторый) пад Мінскам, «Чонкі» пад Гомелем. У 1980 на Беларусі было 16 Д.а. на 5452 месцы, у 1996—11 на 2549 месцаў: 5 з іх ведамасныя, 6 Д.а. («Алеся», «Лагойскі», «Лясныя азёры», «Нарач», «Пухавічы», «Свіцязь») належаць аб’яднанню «Белпрафсаюзкурорт». У 1960-я г. з’явіліся ўстановы на ўзор Д.а. — пансіянаты адпачынку (у 1995—4 на 784 месцы) і пансіянаты з лячэннем (1 на 178 месцаў).

Э.​А.​Вальчук.

т. 6, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАЛІ́Ч (ад грэч. paralysis расслабленне),

поўная страта рухальных функцый у чалавека і жывёл у выніку парушэння інервацыі адпаведных мышцаў. Абмежаванне рухаў — парэзы (напр., монапарэз пры пашкоджанні адной канечнасці, парапарэз пры пашкоджанні рук і ног і інш.). З’яўляецца праявай захворванняў нерв. сістэмы інфекц., траўматычнага, сасудзістага, псіхагеннага і інш. паходжання. Адрозніваюць П. і парэзы цэнтральныя, якія абумоўлены пашкоджваннем рухальных клетак кары паўшар’яў галаўнога мозга і піраміднага шляху з павышэннем мышачнага тонусу, сухажыльна-надкосных рэфлексаў, наяўнасцю паталаг. і ахоўных рэфлексаў (пры інсультах, чэрапна-мазгавой траўме, энцэфаліце). Перыферычныя П. і парэзы ўзнікаюць пры пашкоджанні чарапных нерваў, спіннога мозга, нерв. спляценняў і асобных нерв. ствалоў. Пры перыферычных П. мышачны тонус зніжаецца ці адсутнічае, паніжаюцца сухажыльна-надкосныя рэфлексы, адбываецца атрафія мышцаў, змяняецца электраўзбуджальнасць нерваў і мышцаў (напр., пры спінальнай форме поліяміэліту, полінеўрытах і інш.). Бываюць таксама змешаныя П. і парэзы (цэнтр. і перыферычныя). Выдзяляюць псіхагенныя (істэрычныя) П. і парэзы, што ўзнікаюць ад псіхатраўміруючых уздзеянняў. Лячэнне тэрапеўт., фізіятэрапеўт., ЛФК, масаж, правядзенне артапедычных мерапрыемстваў, у некат. выпадках — хірургічнае.

Ю.​Г.​Шанько.

т. 12, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)