духоўна-творчае адлюстраванне і пераўтварэнне быцця ў вобразах і сімвалах, якія ацэньваюцца паводле эстэт. катэгорый прыгожага і агіднага, узнёслага і нізкага, трагічнага і камічнага, этычных катэгорый дабра і зла, сінтэтычных паняццяў пазнання (маст. праўда, фальш, амбівалентнасць). Ў сістэме мастацкай культуры займае цэнтр. месца, у культуры як універсальнай дзейнасці грамадства з’яўляецца сярэднім, злучальным звяном паміж вытв-сцю і пазнаннем, навукай і мараллю, філасофіяй і верай. У шырокім навук. сэнсе паняцце М. ахоплівае ўсе віды і жанры маст. творчасці — ад літаратуры і музыкі да архітэктуры і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва; у вузкім сэнсе гэтым паняццем часта абазначаюць толькі выяўл. віды творчасці або з агульнай сістэмы М. вылучаюць л-ру ў вызначэннях тыпу «літаратура і мастацтва». М. даследуецца эстэтыкай, мастацтвазнаўствам.
Паводле шырокай гіст. тыпалогіі вылучаюцца тры стадыі развіцця сусв. М.: шматвяковы перыяд першапачатковага сінкрэтызму (мастацтва ў сістэме этн. культуры), эпоха класічнага росквіту (маст. класіка), позні перыяд разгалінаванай спецыялізацыі, у рамках якога ўзнікаюць тэндэнцыі да рэдукцыі і спрашчэння класічных тыпаў творчасці, выцяснення іх масавымі і электронна-тэхн. відамі маст. культуры. Гэтыя працэсы, як правіла, асінхронныя ў розных рэгіёнах і нац. культурах. Як і інш. формы культуры, М. здольнае ў спрыяльных гіст. і этнакульт. умовах адраджаць сваю класічную спадчыну, уключаць яе ў кантэкст сучаснасці.
Марфалогія М., г.зн. яго разгалінаванне на віды. роды і жанры, складвалася паступова на працягу гіст. развіцця. Вобразная сістэма ўсіх відаў і жанраў М. двухмерная, існуе ў часе і прасторы. Пры вызначэнні суадносін маст. часу і маст. прасторы ўлічваюць падзел усіх М. на аднародныя і неаднародныя (сінкрэтычныя на ранніх і сінтэзаваныя на позніх стадыях развіцця). З улікам перавагі прасторы або часу аднародныя М. падзяляюцца на прасторавыя (архітэктура, выяўл., дэкар.прыкладное, садова-паркавае М.), ча́савыя (л-ра, музыка, красамоўства) і комплексныя, прасторава-часавыя (акцёрскае і харэаграфічнае М.). Маст. сінкрэтызм фальклору, інш. ранніх форм маст. культуры — гэта першаснае адзінства яшчэ не вылучаных у самастойныя віды М. (наяўнасць паэзіі, музыкі, элементаў тэатра і харэаграфіі ў абрадавым фальклоры), а маст. сінтэз — вынік узаемадзеяння і спалучэння развітых аднародных М, напр., драматургіі, акцёрскага, выяўл., муз. і дэкар.-прыкладнога М. ў драм. тэатры, оперы, балеце, кінематографе, тэлебачанні. Усе неаднародныя М. адносяцца да тыпу прасторава-часавых. Спецыфічнае для кожнага віду М. і гіст. тыпу маст. культуры адзінства часу і прасторы стварае іх хранатопы: пластычная дамінанта і слабая канкрэтызацыя часу, характэрныя для стараж, асабліва ант. тыпаў культуры. Арыентацыя на архетыпы і спрадвечнасць — прыкметы сярэдневяковага М.; аднак тады ж у хрысц. свядомасці спасцігаліся духоўная каштоўнасць асобы і непаўторнасць кожнай падзеі, гэта адкрыццё выявілася ў летапіснасці хрысц. л-ры, інш. відаў М. Рамантычнае і рэалістычнае М. арыентуецца на канкрэтна-гіст. хранатоп, разам з тым дазваляе творцу спалучаць рэальныя і сімвалічныя прасторы, мінулыя і сучасныя падзеі.
У фундаментальных «Лекцыях па эстэтыцы» Г.Гегель даказаў, што ўсе вядомыя сусв. цывілізацыі і культ.-гіст. тыпы маюць свае эстэт. дамінанты і адпаведныя ім дамінуючыя віды М., якія вызначаюць агульную інтанацыю і змястоўную структуру маст. культуры пэўнай эпохі — арх. сімвалізм Стараж. Усходу, скульпт. пластычнасць ант.М., муз.-паэт. рамантызм хрысц. цывілізацыі. Неадназначнае М. розных эпох і маст. кірункаў паводле сваіх мэт і грамадскіх функцый. Ант.маст. культура адкрыла пластычную прыгажосць быцця і чалавека як вяршыні яго, арыентавалася на гармонію, меру і адпаведную ім сістэму маральна-эстэт. выхавання, пазначаную паняццямі калакагатыя і катарсіс. Сярэдневяковае хрысц. М. перанесла акцэнты на ўзнёслую красу духоўных сутнасцей. Эпоха гуманіст. Адраджэння здолела сінтэзаваць ант. гармонію і меру з хрысц. духоўнасцю, арыентавалася на эстэтыка-пазнавальную функцыю М. Для культуры барока характэрна перавага маст. штучнасці і дасціпнасці над класічнай натуральнасцю. Сацыяльна-выхаваўчая функцыя. прыярытэт грамадз. абавязку над асабістымі пачуццямі — эстэт. імператывы класіцызму і асветніцкага М. Рамантызм адкрыў каштоўнасць індывідуальнасці, непаўторнасць душэўнага жыцця асобы, духоўную самабытнасць народаў. Крытычны рэалізм арыентуецца на сацыяльна-пераўтваральную) функцыю М. Нарматыўная эстэтыка сацыяліст. рэалізму стала пралетарска-класавай трансфармацыяй класіцызму, сцвярджала прыярытэт партыйна-дзярж. дыктатуры. Урэшце, мадэрнізм парадаксальна спалучае эстэтызм і адмову ад сац. функцый М. з арыентацыяй на тэхн. утылітарызм (творчасць і эстэтыка К.С.Малевіча). Постмадэрнізм адмаўляецца ад класічнай маст. традыцыі. хрысц.гуманіст. маралі, арыентуецца на геданізм, анархізм і абездухоўлены гратэск.
Бел. маст. традыцыя складвалася на працягу тысячагадовай хрысц. цывілізацыі на прасторы ўсх.-слав. і цэнтральнаеўрап. макрарэгіёнаў. У рамках этн. культуры тут сфарміраваліся нар.-паэт. міфалогія, абрады і фальклор, інш. віды маст. творчасці. У эпоху сярэднявечча развіваліся прафес. М. — архітэктура (полацкая і гродзенская школы дойлідства), л-ра і красамоўства (творчасць Кірылы Тураўскага, Клімента Смаляціча, Грыгорыя Цамблака і інш.), ствараліся летапісы і хронікі, захаваліся шэдэўры царк. жывапісу (фрэскі Полацкага Сафійскага сабора, інш. храмаў), графікі (рукапісныя кнігі), помнікі замкавай архітэктуры. Эпоха гуманіст. Адраджэння дала Беларусі кнігадрукаванне (асветніцкая дзейнасць Ф.Скарыны і яго паслядоўнікаў), стымулявала развіццё свецкай л-ры (шматстылявая старабел. мова, юрыд. і навук.л-ра, новалац. паэзія М.Гусоўскага, Я.Вісліцкага, сілабічная паэзія і аратарская проза Сімяона Полацкага), публіцыстыкі (палемічная і мемуарная л-ра). Захаваліся шматлікія помнікі царк. і палацава-замкавай архітэктуры ў стылі готыкі і рэнесансу. У 2-й пал. 17—18 ст. склалася школа бел. барока і класіцызму ў архітэктуры, садова-паркавым М., школьным і прыватных тэатрах, свецкай музыцы і харэаграфіі. Пасля страты бел. мовай дзярж. статуса (канец 17 ст.) і падзелаў Рэчы Паспалітай (1772—95) л-ра, навука, тэатр. М. развіваліся пераважна на польскай, лац. і рус. мовах, якія паўплывалі на станаўленне новай бел. л-ры ў 19 ст. (творчасць П.Багрыма, ананімная л-ра, Я.Чачот, Я.Баршчэўскі і інш.). Станаўленне бел. класічнай л-ры, тэатра, інш. відаў прафес. М. адбывалася ў перыяд Адраджэння нацыянальнага.
Літ.:
Гегель Г. Эстетика: Пер. с нем. Т. 1—4. М., 1968—73;
Каган М.С. Морфология искусства. Л., 1972;
Конан У.М. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гг.). Мн., 1968;
Яго ж. Славянская міфалогія ў кантэксце беларускай культуры // Мастацтва. 1998. № 4, 6—8, 10—12;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ШТА (польск. poczta, італьян. posta ад позналац. posita прыпынак, станцыя, дзе мянялі коней),
паштовая сувязь, від сувязі, які ажыццяўляе рэгулярную перасылку паштовых адпраўленняў — пісьмовай карэспандэнцыі, перыяд. выданняў, грашовых пераводаў, бандэролей, пасылак — пераважна з дапамогай трансп. сродкаў.
Напачатку паштовая сувязь была эпізадычная. З узнікненнем дзяржаў пачала набываць упарадкаваны характар. У Стараж. Грэцыі, Рыме, Персіі, Егіпце, Кітаі існавала даволі наладжаная дзярж. паштовая сувязь: пісьмовыя паведамленні перасылаліся з коннымі і пешымі ганцамі паводле прынцыпу эстафеты. У сярэдневяковай Еўропе існавалі манастырскія і універсітэцкія П., з развіццём гандлю і рамёстваў з’явілася гарадская П. У 16—17 ст. у Францыі, Швецыі, Англіі і інш. краінах існавала цэнтралізаваная каралеўская П. З развіццём вытв. адносін узнікла патрэба ў рэгулярнай і хуткай паштовай сувязі, у т. л. паміж краінамі. Важны этап у гісторыі П. — выпуск паштовай маркі (1840, Вялікабрытанія). У 1874 створаны Усеагульны паштовы саюз (з 1878 — Сусветны паштовы саюз). У 1878 заключана Сусветная паштовая канвенцыя, што рэгулюе абмен карэспандэнцыяй.
На Беларусі дакладна невядома, калі ўзнікла паштовая сувязь, аднак ужо пад 885 у «Аповесці мінулых часоў» гаворыцца аб тым, што князь Алег накіраваў пасланцоў да радзімічаў. У 10 ст. існаваў «павоз» — абавязак насельніцтва даваць коней з павозкамі для княжацкіх ганцоў «ад стану да стану». У Віцебску і Мсціславе знойдзены стараж. пісьмы — берасцяныя граматы 13—14 ст. У ВКЛ 14—15 ст. існавала паштовая княжацкая служба — ганцы. Вял. і ўдзельныя князі трымалі ганцоў для перасылкі ўказаў, вусных і пісьмовых паведамленняў. Пад 1539 бел.летапісы згадваюць т.зв. «пісьманосцаў». Першыя паштовыя ўстановы ў ВКЛ створаны пасля 1558 намаганнямі вял. князя Жыгімонта II Аўгуста. Пачалося буд-ва паштовых дарог, станцый (праз кожныя 3—7 вёрст) і корчмаў. З 1558 наладжана пастаянная сувязь паміж Варшавай і Вільняй. У 1583 Стафан Баторый увёў плату за пісьмы па іх вазе (існавала да сярэдзіны 17 ст.). Паштовая сувязь у ВКЛ мела шмат агульнага з ямской службай у Расіі. Уздоўж гал. паштовых шляхоў размяшчаліся паштовыя станцыі — «ямы» (адсюль ямшчыкі — возчыкі пасажыраў і П.). У 1658 у вайну Расіі з Рэччу Паспалітай (1654—67) такія «ямы» пабудаваны ў Полацку. Паводле Андросаўскага перамір’я 1667 паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай усталёўваліся паштовыя сувязі. Паштовы шлях пралягаў ад Масквы праз Смаленск да мяст. Мігнавічы ў Смаленскім ваяв., далей праз мяжу ВКЛ да мястэчка Кадзін Мсціслаўскага ваяв., далей праз Магілёў і Мінск на Вільню. Паштовыя сувязі паміж Масквой і Вільняй адкрыліся 11.3.1669. У снежні 1707 прайшла першая П. па тракце Барысаў—Быхаў, у 1708 пабудаваны паштовыя дарогі Віцебск—Копысь, Быхаў—Чарнігаў (праз Гомель). У 1726 Гродзенскі сейм прыняў рашэнне аб арганізацыі П. ў Навагрудскім ваяв. З 1764 паштмайстры ВКЛ прыносілі прысягу на вернасць Рэчы Паспалітай. У 18 ст. ў ВКЛгал. трактамі былі: Вільня—Трокі—Варшава (з адгалінаваннем на Брэст), Вільня—Мінск—Магілёў—Масква, Навагрудак—Мінск—Гродна—Вільня. Пасля далучэння бел. зямель да Рас. імперыі з 1777 пачаліся работы па аднаўленні буд-ва паштовых дарог і станцый. У «Паштовым падарожніку» за 1777 паведамлялася пра адкрыццё ў некат. бел. гарадах паштамтаў і прызначэнні паштмайстраў. У 1780 наладжана паштовая сувязь паміж бел. і ліфляндскімі губернямі. У 1798 адкрыты паштовыя канторы ў Рагачове, Себежы і Веліжы. У снежні 1857 выпушчана першая паштовая марка Рас. імперыі. Раней замест маркі ў паштовай справе выкарыстоўвалі паштовыя штэмпелі. Першы мінскі штэмпель вядомы з 1778, гродзенскі — з 1806, віцебскі — з 1810, пінскі — з 1843. У 1-й пал. 19 ст. штэмпелі мелі толькі назву месца адпраўлення карэспандэнцыі, дата ставілася ад рукі. У 2-й пал. 19 ст. ўведзены адзіны для ўсёй Рас. імперыі круглы штэмпель. Акрамя дзярж. існавала П. земстваў (не атрымала вял. пашырэння) і валасных праўленняў. 1.7.1886 утворана Мінская паштова-тэлеграфная акруга (Мінская і Магілёўская губ.). У 1-ю сусв. вайну на Беларусі дзейнічалі палявыя П. рас. арміі з цэнтрамі ў Мінску і Полацку. У 1918 паштова-тэлеграфнай справай на Беларусі займалася Смаленскае паштова-тэлеграфнае ўпраўленне. У ліст. 1918 на яго базе створана паштова-тэлеграфнае ўпраўленне Зах. камуны (вобласці), якое падпарадкоўвалася Наркамату пошт і тэлеграфаў РСФСР. Паўд. раёны Беларусі па лініі Брэст—Мазыр—Ветка падпарадкоўваліся Кіеўскай паштовай акрузе. Пасля ўтварэння БССР 6.1.1919 створаны наркаматы пошт і тэлеграфаў БССР з цэнтрам у Мінску, а 1.3.1919 — такі наркамат ЛітБел з цэнтрам у Вільні. Пасля аднаўлення сав. улады на Беларусі ў ліп. 1920 створаны аддзел нар. сувязі Мінскгубрэўкома, які ў жн. пераўтвораны ў Наркамат пошт і тэлеграфаў БССР.
У сувязі з рэформай кіравання сувяззю 7.9.1922 створана Упраўленне сувязі Зах. акругі, пазней — Наркамат сувязі БССР. Першыя бел.сав. паштовыя маркі выраблены ў 1920—21 у паштовых канторах Мінска, Рагачова, Себежа, Суража, Дрысы, Холмеча. У 1924 у БССР 1 прадпрыемства сувязі прыпадала на 11,6 тыс. жыхароў. У 1925 дзейнічалі 603 паштова-тэлеграфныя прадпрыемствы. У пач. 1930-х г. П. пачалі перавозіць самалётамі. У Вял.Айч. вайну тэхн. база бел. П. знішчана. Пасля вызвалення Беларусі для перавозкі П. выкарыстоўвалі гужавы транспарт. У 1945 адноўлена перавозка П. па чыгунцы. У 1945—46 працавалі 174 канторы, 1778 паштовых аддз. і агенцтваў сувязі, 14 аддз. перавозкі П. па чыгунцы. У 1954 пабудаваны Мінскі паштамт. У 1973 самалёты абслугоўвалі 100 авіяпаштовых ліній. Пасля абвяшчэння незалежнасці бел. П. існуе ў складзе Мін-ва сувязі. 20.9.1995 створана Рэсп.дзярж. аб’яднанне «Белпошта», дзейнічала каля 118 гар. і раённых вузлоў сувязі, каля 4 тыс.аддз. сувязі (1999).
Від паштовай сувязі для абслугоўвання цывільнага насельніцтва ў раёнах, што знаходзяцца пад ваен. кіраўніцтвам, на акупіраваных тэр., дзе не працуюць паштовыя ўстановы. У шэрагу дзяржаў такі від сувязі дзейнічаў у 1-ю сусв. вайну (напр., на акупіраванай тэр. Беларусі герм. камандаванне стварыла «Паштовую вобласць Вярх. галоўнакамандуючага на Усходзе», якая працавала ў 1915—18). Некат. элементы П. ваен. выкарыстоўвала на тэр. Беларусі камандаванне корпуса Ю.Р.Доўбар-Мусніцкага ў 1-й пал. 1918, а таксама сав.ваен. кіраўніцтва ў Зах. Беларусі (вер. — ліст. 1939). У Вял.Айч. вайну акупац. ўлады Германіі для перапіскі выкарыстоўвалі спец. паштовыя карткі. Гл. таксама Палявая пошта.
Літ.:
Колосов Л.Л. Почтовые дороги Белоруссии. Мн., 1982;
Dąbkowski P. Rys urządzeń pocztowych w dawnej Polsce. Kraków, 1903.
адна з найбуйнейшых бібліятэк у свеце, старэйшая навук.б-ка Расіі; установа са статусам НДІ ў галіне кніга-, бібліятэка- і бібліяграфазнаўства, рэстаўрацыі і кансервацыі дакументаў; цэнтр міжнар. кнігаабмену. Засн. ў 1714. Аснову фондаў (каля 18 тыс. кніг) склалі кнігі і рукапісы царскіх б-к і б. Аптэкарскага прыказа, вывезеныя ў 1712 з Масквы, зборы Пятра I і інш. прыватных асоб. У 1772 сюды паступіла вывезеная з Нясвіжа б-ка Радзівілаў (каля 15 тыс. кніг). З 1725 б-ка падначалена Пецярбургскай АН і стала яе першай навук. установай. З 1783 атрымлівала абавязковы экзэмпляр усіх друкаваных у Рас. імперыі выданняў. З 1925 наз.Б-каАНСССР, з 1992 Б-каРас.АН. Кніжныя фонды ўсяго комплексу каля 20 млн.экз. (2000), больш за 40% складаюць замежныя навук. выданні. Захоўваюцца унікальныя зборы рукапісных кніг (каля 20 тыс.экз.), у т. л. Іпацьеўскі, Радзівілаўскі летапісы, Нікіфараўскі, Акадэмічны, Супрасльскі спісы бел.-літ. летапісаў 1446, пераклады візантыйскіх і зах.-еўрап. хронік (у т. л. «Хроніка...» М.Стрыйкоўскага, 16 ст.), творы апалагетаў стараверства (у т. л. аўтограф пратапопа Авакума), вял. «заходнярускі» Хранограф 2-й чвэрці 17 ст., Служэбнік архірэйскі 1-й пал. 16 ст. з тэкстам Цвярскога перапісу (рукапіс з «заходнярускімі» палеаграфічнымі прыкметамі). Ёсць стараж.бел. і «заходнярускія» літургічныя, царкоўна-рэліг., гіст. рукапісы, у т. л.: фрагмент «Евангелля апракас» 13—14 ст. з паметай супрасльскага архімандрыта Яўстафія; «Апостал» з тлумачэннямі 15 ст. з укладным запісам 1460 А.Солтана, гаспадарскага маршалка; «Дзесяціглаў» — арыгінальны біблейскі звод, складзены і напісаны ў 1502—07 у Вільні і Супраслі; Евангелле-тэтр Дабрахотаўскае пач. 16 ст. з укладнымі запісамі Ляшчынскаму манастыру; гіст. зборнік епіскапа Паўла 16 ст. з летапіснымі выпіскамі і палемічнымі творамі; гіст. зб-к 1546 з б-к Супрасльскага, пазней Жыровіцкага манастыроў; «Палея» сярэдзіны 16 ст., «Пандэкты» Нікана Чарнагорца 16 ст.; «Сказанне аб Жыровіцкім абразе Маці Боскай» 17 ст.; зборнік з творамі Максіма Грэка 2-й пал. 16 ст., напісаны заходнярус. паўуставам; «Статут ордэна базыльян» 17 ст., «Зярцала багаслоўя» Кірылы Транквіліёна, спіс дзяка Гладовіча ў Шышаве 1641, Пінскі зб. 1-й пал. 17 ст., збор казанняў полацкіх езуітаў 1669—72, Слуцкі кодэкс «Гісторыі Польшчы» Я.Длугаша (кн. 1—9); «Статут Вялікага княства Літоўскага», перапісаны ў 1613 для Л.Юцінскага; збор з дакумент. матэрыяламі 17—18 ст. Жыровіцкага манастыра; творы І.Кунцэвіча і інш.царк. і грамадз. дзеячаў, палемістаў 17—18 ст. Некат. бел. рукапісы ўвайшлі ў Нёманскі і Дзвінскі зборы б-кі. Многія стараж.бел. рукапісы паходзяць са збораў епіскапа Паўла (Дабрахотава). У рукапісным аддзеле вял. картатэка апісанняў рукапіснай кніжнасці 11—17 ст., складзеная акад. М.К.Нікольскім. У зборах аддзела рэдкай кнігі захоўваюцца бел. старадрукі (выданні брацкіх, рэфармацыйных, каталіцкіх і прыватных друкарняў), у т. л. 18 экз. выданняў Ф.Скарыны, некалькі экзэмпляраў Брэсцкай бібліі 1563, «Трэнас» 1610 і «Абарона апраўдання» 1621 М.Сматрыцкага, «Статут Вялікага княства Літоўскага 1588» (выд. ў Вільні ў 1619), «Святога Юстына філосафа і пакутніка размова» (Нясвіж, 1564), «Вобраз мужнага героя, шчыра вернага Айчыне Паўла Яна Сапегі» (Вільна, 1667), «Трыбунал Вялікага княства Літоўскага» 1614 і 1616 (6 экз.), панегірык Я.Карніцкага, творы бел.-ўкр. пісьменніка І.Дубовіча, І.Руцкага, І.Пацея і інш. У асабістай калекцыі Пятра 1 захоўваюцца рэдкія бел. выданні: «Дыёптра, ці Зярцала» (Куцейна, 1651), «Неба новае» (Магілёў, 1699) Іаанікія Галятоўскага, «Духоўныя размовы» (Вільна, 1627) Макарыя Егіпецкага і інш. Агульная колькасць рус. і іншаземнай рукапіснай кнігі на пергаменце і паперы — каля 20 тыс. адзінак захавання. Найб. рэдкіх і каштоўных выданняў каля 270 тыс.экз. (ад пач. кнігадрукавання да 20 ст.), інкунабул каля 800 экз., заходнееўрап. кніг 16 ст. больш за 10 тыс.экз. (разам з філіяламі больш за 15 тыс.), заходнееўрап. выданняў 17—20 ст. разам з Бэраўскім фондам і інш. зборамі замежнага фонду больш за 100 тыс. У сектары рэдкай кнігі захоўваюцца таксама выданні 18—1-й чвэрці 19 ст., у т. л. надрукаваныя ў Магілёве і Полацку польскамоўныя календары і інш. выданні, зборы «вольнага друку» — рускамоўныя замежныя выданні; нелегальны і забаронены друк 19 — пач. 20 ст. У сектары картаграфіі багаты збор карт і атласаў 16—20 ст. (каля 128 тыс.экз.). Бел. фонд славянскага аддзела налічвае каля 1048 экз. кніг і 105 экз.перыяд. выданняў. У ім сабрана амаль усё надрукаванае на бел. мове да 1930, у т. л.маст.л-ра: паэма «Тарас на Парнасе», творы В.Дуніна-Марцінкевіча, «Дудка беларуская» Ф.Багушэвіча (1891), публіцыстыка пач. 20 ст. і інш. У лют. 1988 ад пажару найб. пацярпеў самы каштоўны фонд замежнай кнігі (188 тыс.экз.). Усяго сапсавалася або загінула каля 3,6 млн.экз. кніг і газет. У сістэме б-кі 40 філіялаў і спецыялізаваных аддзелаў пры ін-тах Рас.АН. Б-ка з’яўляецца таксама інфармацыйна-бібліягр. цэнтрам, выдае серыю «Кніга ў Расіі ў XVIII — пач. XIX ст.» і даведнікі «Бібліяграфія выданняў Акадэміі навук», «Шкодныя рэчывы ў навакольным асяроддзі», «Рускі фальклор», «Паказальнік зместу рускіх дарэвалюцыйных газет» і інш. Праводзіць доследы па палеаграфіі, археаграфіі, гісторыі кнігі. Выдае манаграфіі, навук. апісанні рукапісаў, друкаваныя каталогі асобных збораў і калекцый.
Літ.:
История Библиотеки АНСССР, 1714—1964. М.; Л., 1964;
Материалы и сообщения по фондам отдела рукописной и редкой книги Библиотеки АНСССР. [Вып. 1—3). М ;
Л., 1966—87;
Пергаментные рукописи Библиотеки АНСССР: Описание рус. и слав. рукописей XI—XVI вв. Л., 1976;
Комарова В.П. Славянский фонд Библиотеки АНСССР и его отражение в каталогах. Л., 1987;
Описание рукописного отдела Библиотеки АНСССР. Т. 3—8. Л., 1959—89;
Николаев Н.В. Несвижская библиотека князей Радзивиллов // Книга в России XVIII — середины XIX в. Л., 1989;
Книга в России XVI — середины XIX в.: Материалы и исслед.: Сб. науч. тр.Л., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУСАЗНА́ЎСТВА,
абагульняльная назва комплексу гісторыка-філал. і інш. навук пра Беларусь і бел. народ — яго сацыяльную і этнічную гісторыю, умовы бытавання, матэрыяльную і духоўную культуру, мову ў іх сучасным стане і гістарычным развіцці. Абазначаецца таксама тэрмінам беларусістыка, які выкарыстоўваецца і ў больш вузкім значэнні — дысцыпліны бел. філалогіі (мовазнаўства, літаратуразнаўства, фалькларыстыка) або наогул толькі тыя з іх, што звязаны з вывучэннем бел. мовы. Для абазначэння беларусазнаўства асабліва ў замежным асяроддзі выкарыстоўваюцца тэрміны беларусіка, альбарусіка (ад лац. alba белая + russicus рускі), беларосіка, альбаросіка (з грэч. коранем Rhōs Русь, рускі), беларутэніка, альбарутэніка (ад лац. ruthenicus рускі), рэдка — беларусаведа. Беларусазнаўства ўключае шэраг разгалінаваных навук: гісторыю, геаграфію, прыродазнаўства, эканоміку, этнаграфію, мастацтвазнаўства, кнігазнаўства Беларусі, бел. фалькларыстыку, літаратуразнаўства і мовазнаўства, гісторыю культуры, гісторыю рэлігіі і канфесій на бел. землях і інш. Навукоўцаў, што працуюць у галіне беларусазнаўства, называюць беларусазнаўцамі, беларусаведамі, беларусістамі.
Беларусазнаўства складвалася і развівалася па меры станаўлення асобных навук пра Беларусь і беларусаў, паглыблення дыферэнцыяцыі і адначасова — узаемадзеяння паміж гэтымі навукамі. На ранніх этапах развіцця цесна змыкалася з краязнаўствам. Узнікшы напачатку з памкнення пазнаёміць грамадскасць з малавядомым краем і яго насельнікамі, беларусазнаўства паступова выходзіла за межы чыста пазнавальных мэтаў і стала навукай нац. самапазнання і самавызначэння бел. народа, усведамлення ім уласнага гіст. шляху, неабходнасці захавання нац. формы быцця. У выніку ўсебаковага, комплекснага падыходу да вывучэння Беларусі акрэсліліся змест і задачы беларусазнаўства, яго культ.-пазнавальнае і грамадска-паліт. значэнне. На пач. 20 ст. з пашырэннем ідэй нац. незалежнасці былі зроблены спробы аформіць беларусазнаўства ў абагульнены міждысцыплінарны курс для азнаямлення шырокай грамадскасці з асн. беларусазнаўчай праблематыкай.
Цікавасць да Беларусі і яе народа пачала праяўляцца яшчэ ў старажытнасці. Так, ужо ў стараж.-рус. летапісах прыводзяцца звесткі пра рассяленне, звычаі, заняткі, грамадскі лад, культуру ўсх.-слав. плямёнаў на тэрыторыі, якую займае сучасная Беларусь. Багаты фактычны матэрыял пра сац.-эканам., культ., канфесіянальную і паліт. гісторыю Беларусі змяшчаюць пісьмовыя помнікі 13—18 ст. эпохі ВКЛ — летапісы і хронікі, мемуарная, юрыд., грамадска-філас. і інш.л-ра. У філалагічных дапаможніках 16—17 ст. — граматыках, слоўніках (гл. ў арт.Лексікаграфія), букварах — шырока адзначаліся з’явы бел. мовы. Аднак да 19 ст. гэты фактычны матэрыял падаваўся фрагментарна, без глыбокага навук. асэнсавання. На мяжы 18—19 ст. цікавасць да Беларусі стала прыкметна ўзрастаць. Гэта было звязана з агульным уздымам навукі ў Еўропе (у прыватнасці, славяназнаўства) і з гіст. зменамі ў Беларусі: у выніку падзелаў Рэчы Паспалітай яна адышла да Расіі. З паліт. меркаванняў Расіі важна было даказаць свае правы на далучаныя землі як на спрадвечную ўласнасць, часова страчаную ў неспрыяльных гіст. абставінах. Самастойнасць бел. народа і яго мовы катэгарычна адмаўлялася афіц. коламі Расіі. У сваю чаргу, прадстаўнікі шавіністычна настроеных слаёў польск. грамадскасці трактавалі Беларусь як частку Польшчы, беларусаў і іх мову разглядалі ў межах «пальшчызны». Вывучэнне Беларусі, такім чынам, ад самага пачатку ішло ва ўмовах вострай ідэалагічнай і паліт. барацьбы розных сац. сіл, саслоўна-класавых і нац.-рэліг. супярэчнасцяў, што адмоўна адбілася на вырашэнні кардынальных праблем беларусазнаўства. Не спрыяла развіццю беларусазнаўства і адсутнасць на Беларусі навук. цэнтраў і арг-цый, якія б узначальвалі і каардынавалі даследаванні з пункту гледжання інтарэсаў бел. народа. Распрацоўка беларусазнаўства часткова ініцыіравалася і падтрымлівалася рознымі навук. і грамадскімі арг-цыямі па-за межамі Беларусі. Прыкметную ролю ў абуджэнні цікавасці да Беларусі адыграў Віленскі ун-т (1803—32), некаторыя яго выкладчыкі займаліся вывучэннем бел. гісторыі, этнаграфіі, помнікаў бел. пісьменства і заахвочвалі да гэтага студэнтаў, якія стварылі гурток бел. філалогіі. Навук. вывучэнне Беларусі распачалі даследчыкі М.К.Баброўскі, І.М.Даніловіч, З.Я.Даленга-Хадакоўскі, Я.Чачот, Т. і Ю.Нарбуты і інш. Значную падтрымку ў зборы, навук. апрацоўцы і выданні матэрыялаў пра Беларусь аказалі даследчыкам Расійская АН, ун-ты С.-Пецярбурга, Масквы, Кіева і інш. гарадоў Расіі, Паўн.-Зах. аддзел Рускага геагр.т-ва, Маскоўская і мясц. археаграфічныя камісіі і археал. т-вы, губернскія стат. к-ты і інш. ўстановы. Дзякуючы іх падтрымцы была выяўлена і выдадзена вял. колькасць бел.стараж. рукапісаў і друкаваных кніг: граматы, дагаворы, прывілеі, суд. пратаколы і інш. канцылярска-адм. дакументы, заканад. акты і кодэксы, у т. л. статуты, «судзебнікі» (у зб.«Беларускі архіў старажытных грамат», выдадзены І.І.Грыгаровічам у 1-й чвэрці 19 ст., «Руска-лівонскія акты», у шматтомных Актах Заходняй Расіі, Актах Паўднёвай і Заходняй Расіі, «Рускай гістарычнай бібліятэцы», Актах Віленскай камісіі і інш.); летапісыВКЛ, гіст. запісы і хронікі мясц. і замежных аўтараў (ад «Летапісца вялікіх князёў літоўскіх» 15 ст. да помнікаў пач. 18 ст.); арыгінальныя і перакладныя маст. і публіцыстычныя творы — вершы А.Рымшы (16 ст.) і Сімяона Полацкага (17 ст.), «Прамова Мялешкі» і «Ліст да Абуховіча» (17 ст.), аповесці пра Атылу, Трыстана, Баву (у спісах 16 ст.) і інш.; пераклады рэліг. л-ры (пачынаючы з 15 ст.); навук. творы і палеміка правасл. дзеячаў з католікамі і уніятамі (у якой закраналіся не толькі вузкадагматычныя тэмы, але і з’явы грамадска-паліт. жыцця), драм. творы 17—18 ст. (т.зв. інтэрмедыі, або інтэрлюдыі). Публікаваліся каштоўныя зборы этнагр. і фалькл. матэрыялаў, стат. звесткі па эканоміцы Беларусі і гэтак далей. Аднак у цэлым у вывучэнні Беларусі адсутнічалі мэтанакіраванасць і арганізаваны пачатак, амаль усё залежала ад асабістых інтарэсаў і схільнасцяў даследчыкаў. На пач. 19 ст. працы, што публікаваліся па бел. гісторыі, этнаграфіі, фальклоры і мове (пераважна ў рус. і польск. друку), не заўсёды вызначаліся дакладнасцю ў падачы фактычнага матэрыялу і навуковасцю яго вытлумачэння. Яны адлюстроўвалі адсутнасць у некаторых аўтараў дакладнага ўяўлення аб прадмеце даследавання і ўвогуле невысокі ўзровень тагачаснай навукі, якая звярталася да бел. матэрыялу спарадычна, выкарыстоўвала яго часцей як пабочны, дадатковы пры разглядзе агульных пытанняў паходжання славян, гісторыі культуры і мовы асобных слав. народаў (пераважна рускага).
Да сярэдзіны 19 ст. паступова назапасіўся вял. фактычны матэрыял, выпрацаваліся больш дасканалыя метады даследавання беларусазнаўства. З’явіліся буйныя беларусазнаўчыя працы: па сац. гісторыі і археалогіі — Я.П. і К.П.Тышкевічаў, А.Кіркора, М.Ф.Уладзімірскага-Буданава, М.К.Любаўскага, Ф.І.Леантовіча, І.І.Лапо, У.К.Стукаліча, М.В.Доўнар-Запольскага, А.С.Грушэўскага і інш.; па гісторыі культуры і стараж. пісьменства — П.У.Уладзімірава, К.В.Харламповіча, І.І.Флёрава, І.А.Бадуэна дэ Куртэнэ і інш.; па этнаграфіі, фальклоры і мове — І.І.Насовіча, П.А.Бяссонава, П.В.Шэйна, Е.Р.Раманава, У.М.Дабравольскага, П.П.Чубінскага, М.Я.Нікіфароўскага, М.Федароўскага, М.А.Янчука, А.І.Сабалеўскага, А.А.Патабні, І.А.Нядзёшава і інш. Большасць даследчыкаў і збіральнікаў этналінгвістычных матэрыялаў паходзілі з Беларусі, многія прытрымліваліся прагрэсіўных поглядаў, усведамлялі сваю сувязь з бел. народам і самаахвярна яму служылі. Але нават і ў тых выпадках, калі даследчыкі глядзелі на Беларусь як на этнічную і дзярж. правінцыю Расіі ці Польшчы, сваімі працамі яны так або інакш сцвярджалі самабытнасць беларусаў, абуджалі цікавасць грамадскасці да іх гіст. лёсу. У канцы 19 ст. сфарміраваўся комплекс асн. (традыцыйных) раздзелаў (навук) беларусазнаўства. Вынікі даследаванняў у галіне беларусазнаўства падвёў Я.Ф.Карскі ў 1-м томе манаграфіі «Беларусы» (Варшава, 1903), дзе акрэсліў у абагульненым выглядзе асн. праблематыку беларусазнаўства, паказаў супярэчлівасць поглядаў тагачаснай навукі на Беларусь і яе народ, вызначыў найменш распрацаваныя раздзелы беларусазнаўства і намеціў перспектывы далейшых даследаванняў. У канцы 19 ст. ўсё часцей сталі з’яўляцца працы, у якіх яскрава праявіўся падыход да беларусаў як да асобнай, самастойнай фармацыі ў сям’і слав. народаў. Аб самастойнасці бел. народа і яго мовы сцвярджалі некаторыя вучоныя і грамадскія дзеячы яшчэ ў 1-й пал. 19 ст. А.Міцкевіч, Я.Чачот, З.Я.Даленга-Хадакоўскі, М.Вішнеўскі, А.К.Ельскі (у польск. друку), М.І.Надзеждзін, П.М.Шпілеўскі, М.А.Максімовіч (у расійскім). У польск. навуцы погляд на беларусаў як на асобны слав. народ пад канец 19 ст. стаў пануючы. У рус. навуцы яго рашуча падтрымліваў рус. гісторык і філолаг А.А.Шахматаў. Карскі таксама разглядаў беларусаў і бел. мову ў якасці самастойных, хоць з-за цэнзурных умоў быў вымушаны карыстацца тэрмінамі «бел. племя», «мова бел. племені» замест «бел. народ», «бел. мова». Прызнанне беларусаў самастойным народам шырылася разам з ростам іх нац. самасвядомасці, абуджэннем ідэй адраджэння нацыянальнага, што прагучалі ўжо ў публіцыстыцы К.Каліноўскага, асабліва моцна — у творчасці Ф.Багушэвіча і інш.бел. пісьменнікаў, у дзейнасці бел. народнікаў (гл.«Гоман»). На пач. 20 ст. з нарастаннем рэв. ўздыму па ўсёй Расіі ідэі сац. і нац. разняволення прыгнечаных народаў набылі асаблівую сілу, у т. л. на Беларусі. Адмена ў 1905 забароны бел. друку дала новы штуршок развіццю бел. друкаванага слова і распрацоўцы праблем беларусазнаўства. Кола даследчыкаў пашырылася дзякуючы прытоку нац. свядомых людзей, якія па-новаму сталі асвятляць кардынальныя праблемы гісторыі бел. народа, паходжання бел. мовы і г.д. Абмеркаванне гэтых пытанняў выйшла за межы акад. навукі, у яго ўключыліся прадстаўнікі розных грамадскіх арг-цый, паліт. партый, прэса (напр., газ.«Наша ніва» і інш.). У 1910 у Вільні была выдадзена першая навук. праца на бел. мове «Кароткая гісторыя Беларусі» В.Ю.Ластоўскага, у якой намеціўся рашучы паварот навукі ад традыц. поглядаў на гісторыю Беларусі як на частку гісторыі Расіі ці Польшчы. Рэв. падзеі 1917 паставілі пытанне аб укараненні здабыткаў беларусазнаўства непасрэдна ў асв. практыку. У 1918 у Маскве ў Беларускім народным універсітэце дасведчанымі беларусазнаўцамі У.І.Пічэтам, Дз.М.Анучыным, Янчуком, П.А.Растаргуевым, З.Ф.Жылуновічам (Ц.Гартны) упершыню быў прачытаны сістэматызаваны курс лекцый па беларусазнаўстве (частка іх была выдадзена ў 1918—20 асобнай кнігай пад назвай «Курс беларусазнаўства»).
З абвяшчэннем БНР, а затым БССР беларусазнаўства стала дзярж. справай. Цэнтр беларусазнаўчых даследаванняў перамясціўся на Беларусь. Напачатку яны былі сканцэнтраваны ў Беларускім дзяржаўным універсітэце (засн. ў 1921) і Інстытуце беларускай культуры (засн. ў 1922), на базе якога ў 1929 створана Акадэмія навук Беларусі з разгалінаванай сістэмай беларусазнаўчых ін-таў. Было наладжана выданне спец. л-ры, перыяд.навук. выданняў («Запіскі аддзела гуманітарных навук Інстытута беларускай культуры», «Працы БДУ»), а таксама розных грамадска-паліт. і літ.-крытычных часопісаў. У 1920—21 беларусазнаўства як прадмет пачала вывучацца ў школах, гуртках і на курсах, у сувязі з чым вялася падрыхтоўка настаўнікаў і лектараў-беларусазнаўцаў (гл. ў арт.Вышэйшыя курсы беларусазнаўства). Асв. і навук. беларусазнаўства развівалася і ў Зах. Беларусі, якая знаходзілася ў складзе Польшчы. Тут існавалі бел. школы, яны забяспечваліся адпаведнымі падручнікамі, на бел. мове друкаваліся грамадска-культ. і навук. часопісы, дзе публікаваліся даследаванні па беларусазнаўстве (гл. ў арт.Беларускае навуковае таварыства, Таварыства беларускай школы ў Вільні). Пасля 1-й сусв. вайны навук. асяродак беларусазнаўства (Навуковае таварыства імя Ф.Скарыны) склаўся таксама ў Чэхіі, дзе ў Пражскім Карлавым ун-це праходзілі навучанне многія студэнты-беларусы, што апынуліся па-за межамі СССР. Былі створаны Бел.навук.т-ва ў Рызе, Бел. камітэт у Чыкага і інш. Развіццю беларусазнаўства спрыяў узяты ў краіне на пач. 1920-х г. курс на беларусізацыю. Аднак у канцы 1920—30-х г. рэпрэсіі ўлад супраць нац. кадраў, барацьба з т.зв.бурж. нацыяналізмам нанеслі вял. страты беларусазнаўству. За «адыход ад марксісцка-ленінскай метадалогіі», «праяўленне буржуазнага нацыяналізму» ў БССР панеслі значныя страты кадры беларусазнаўцаў, амаль поўнасцю спынілася сур’ёзная даследчыцкая праца ў галіне беларусазнаўства. Аднаўляцца яна пачала толькі пасля Вял.Айч. вайны, але так і засталася ў рэчышчы паліт. дактрыны КПСС.
За пасляваенныя гады на Беларусі аднавіліся кадры беларусазнаўцаў, павялічылася іх колькасць за мяжой, былі створаны новыя н.-д. і навуч. ўстановы, узніклі новыя навук. выд-вы і перыяд. выданні, навук. кірункі, адбылося далейшае разгалінаванне навук пра бел. народ, беларусазнаўчыя даследаванні набылі шырокі размах. Склалася эміграцыйнае беларусазнаўства (у ЗША, Канадзе, Англіі, ФРГ) як альтэрнатыўнае савецкаму беларусазнаўству. За мяжой пачала выдавацца беларусазнаўчая перыёдыка: «Запісы» Бел. ін-та навукі і мастацтва ў Нью-Йорку, «The Journal of Byelorussian Studies» (гл.«Джорнал ов беларашн стадыз»), «Occasional Papers in Belarusian Studies» («Альманах беларускіх даследаванняў») у Лондане і інш., бел. матэрыялы друкуюць самыя розныя (перш за ўсё славістычныя) замежныя выданні «Slavia» («Славія», Прага), «Slavia Orientalis» («Усходняя Славія», Варшава), «Zeitschrift für Slawistik» («Славяназнаўчы часопіс», Берлін) і інш. Аднак ідэалаг. супрацьстаянне «савецкай» навукі «заходняй», «буржуазнай» не спрыяла развіццю беларусазнаўства ў краіне. Улады ўсімі метадамі імкнуліся ізаляваць «савецкае» беларусазнаўства ад «заходняга», не дапусціць пры вырашэнні яго кардынальных праблем ніякіх адхіленняў ад ідэалаг. догмаў КПСС. Тым не менш за пасляваенны час у краіне і за яе межамі было створана нямала прац, якія трывала замацаваліся ў залатым фондзе беларусазнаўства. З 2-й паловы 1980-х г. стварыліся ўмовы для ўсебаковага, аб’ектыўнага даследавання беларусазнаўчай праблематыкі. Сталі агульнадаступныя тыя працы па беларусазнаўстве, што былі забаронены сав. уладай, з’явілася магчымасць абмяркоўваць тэмы, якіх раней у краіне нельга было закранаць або якія вырашаліся адназначна, толькі з пазіцый марксізму-ленінізму і паліт. інтарэсаў улады. Узніклі новыя грамадска-паліт. і навук. перыядычныя выданні па розных галінах беларусазнаўства. Створаны новыя грамадска-культ. і н.-д. ўстановы і арг-цыі: Нацыянальны навукова-асветны цэнтр імя Ф.Скарыны з аддзелам беларусазнаўства; адкрыты беларусазнаўчыя кафедры, аддзяленні і ф-ты ў ВНУ, у якіх беларусазнаўства выкладаецца як абавязковы прадмет. У 1991 заснавана Міжнародная асацыяцыя беларусістаў (МАБ), якая аб’ядноўвае каля 600 навукоўцаў з розных краін свету, рэгулярна праводзіць навук. кангрэсы для абмеркавання праблем беларусазнаўства і вызначэння кірункаў яго развіцця.
Дасягненні беларусазнаўства ў розных яго галінах асвятляюцца ў адпаведных артыкулах «Беларускай савецкай энцыклапедыі» (т. 1—12, 1969—75), «Энцыклапедыі літаратуры і мастацтва Беларусі» (т. 1—5, 1984—87), «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі» (т. 1—2, 1993—94), энцыклапедычных даведніках «Янка Купала» (1986), «Францыск Скарына і яго час» (1988), «Этнаграфія Беларусі» (1989), «Беларуская мова» (1994) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІСТО́РЫЯ (ад грэч. historia апавяданне аб мінулых падзеях, фактах, аб тым, што пазнана, даследавана),
гістарычная навука; у шырокім сэнсе — працэс развіцця ў грамадстве. У спецыфічным сэнсе гісторыя — навука аб заканамернасцях разгортвання ў прасторы і часе сусв.-гіст. працэсу і ўзаемадзеянняў этнапаліт. супольнасцей (гл. таксама Гістарычны працэс). Яна вызначае і тлумачыць канкрэтны ход і заканамернасці развіцця чалавечага грамадства ва ўсёй шматграннасці, адлюстроўвае патрэбу грамадства ў самасвядомасці, у разуменні свайго мінулага, каб глыбей асэнсаваць сучаснае і перспектывы будучага развіцця.
Аб’ект пазнання гіст. навукі — уся сукупнасць з’яў грамадскага жыцця на працягу ўсёй гісторыі грамадства. У параўнанні з інш. грамадска-гуманітарнымі навукамі гісторыя выступае як навука комплексная, інтэгральная. Яна мае справу з усімі грамадскімі з’явамі, што вывучаюцца гэтымі навукамі. Прадметам яе пазнання з’яўляецца раскрыццё чалавечай дзейнасці ва ўсёй шматбаковасці, прасторавай і часавай канкрэтнасці. Унутраная аснова гіст. навукі — збіранне фактаў, іх сістэматызацыя і аналіз ва ўзаемасувязі. Гісторыя абапіраецца на факты, у якіх адлюстраваны аб’ектыўныя працэсы развіцця грамадства; выкарыстоўвае шырокі спектр агульнанавук., спецыфічна гіст. метадаў (гісторыка-генетычны, гісторыка-параўнальны і інш.), у т. л. колькасныя метады даследавання. Як навука гісторыя павінна быць непрадузятым уваскрашэннем і аднаўленнем мінуўшчыны, а не судом над жыццём ці вынікамі дзейнасці продкаў для пацвярджэння якой-н. прыватнай паліт. і эканам. ідэі. Прыкладное значэнне гісторыі не адмаўляецца ў выпадках, калі ў ёй шукаюць тлумачэнне ці вытокі аб’ектыўных працэсаў, якія маюць месца ў сучасным жыцці. Гал.сац. функцыя гіст. навукі — навукова-пазнавальная (канкрэтнае навук. вывучэнне ўсяго шляху грамадскага развіцця ад старажытнасці да сучаснасці, якое дае фундаментальныя тэарэт.навук. веды).
У глыбокай старажытнасці назапашванне гіст. ведаў вялося ў вусных пераказах. Найдаўнейшыя пісьмовыя помнікі з аглядам гіст. падзей вядомы ў дзяржавах Стараж. Усходу (канец 4 — пач. 3-га тыс. да н.э.). Вялікі ўклад у распрацоўку гіст. уяўленняў пакінулі ант. гісторыкі (Герадот, Фукідыд, Ксенафонт, Палібій, Плутарх у Стараж. Грэцыі; Лівій, Тацыт, Апіян у Стараж. Рыме). У першыя стагоддзі н.э. з’явіліся стараж.арм. і груз.гіст. творы. У 10 ст. ўзнікла стараж.-рус.гіст.л-ра. Сярэдневяковыя зах.-еўрап.гіст. веды мелі даволі складаную структуру і падзяляліся (у залежнасці ад крыніцы) на свяшчэнную і свецкую гісторыю. Цесна звязаная з тэалогіяй, гісторыя разглядалася як працэс, прадвызначаны Богам. У эпоху Адраджэння ў цэнтры гісторыі аказваюцца падзеі і факты. У эпоху Асветніцтва гісторыкі адмовіліся ад тэалагічнага тлумачэння гісторыі, склаўся погляд на гісторыю як на працэс заканамернага развіцця, прызнавалася адзінства лёсу ўсяго чалавецтва (Вальтэр, Э.Гібан і інш.). Працэс станаўлення гісторыі як навукі звязаны з ням. філосафамі і гісторыкамі 18—19 ст. (І.Г.Гердэр, І.Кант і інш.), з франц. гісторыкамі Ф.П.Г.Гізо, А.Мінье, А.Цьеры. Тэарэт.-філас. асэнсаванне сусв.-гіст. працэсу зроблена Г.Гегелем; галоўнае ў яго канцэпцыі — дыялектычны прынцып развіцця. У сярэдзіне 19 ст. К.Маркс і Ф.Энгельс распрацавалі матэрыяліст. дыялектыку. У аснове марксісцкага аналізу гісторыі — гістарызму прынцып, вучэнне аб фармацыях грамадска-эканамічных. Сярод гісторыкаў Расіі ў сярэдзіне 19 ст. традыцыйнымі былі спрэчкі паміж славянафіламі (І.С.Аксакаў і К.С.Аксакаў, І.В. і П.В.Кірэеўскія і інш.) і заходнікамі (П.В.Аненкаў, Ц.М.Граноўскі, К.Дз.Кавелін, С.М.Салаўёў і інш.). У гіст. навуцы і філасофіі вядучых краін Еўропы (акрамя Германіі) і ЗША ў 2-й пал. 19 ст. панавала тэорыя пазітывізму (А.Конт, Г.Спенсер, Г.Т.Бокль, Дж.У.Дрэйпер, Г.Ч.Лі, Дж.Р.Грын, К.Лампрэхт і інш.). Яе прадстаўнікі звярталіся да ідэі эвалюц. развіцця чалавецтва, аднолькавую ўвагу аддавалі пытанням эканомікі, сац. жыцця і культуры. На мяжы 19—20 ст. на фарміраванні ўяўленняў аб гісторыі адбіліся погляды Ф.Ніцшэ, які адмаўляў аб’ектыўную заканамернасць гіст. развіцця, прапаноўваў ідэю развіцця па крузе. У гэты час праявіліся таксама неакантыянства, неагегельянства, эмпірыякрытыцызм. У 1920—30-я г. пашырыўся неапазітывізм. У 1930—60-я г. папулярнымі былі ідэі англ. даследчыка А.Дж.Тойнбі, які разглядаў сусв.гіст. працэс як з’яднанне волі і неабходнасці. У Сав. Саюзе ў 1920-я — пач. 1990-х г.гіст. навука знаходзілася пад уплывам марксізму-ленінізму. Пасля 2-й сусв. вайны пашыранымі сталі погляды на гісторыю з пазіцый неатамізму, ірацыяналізму і канцэпцыі экзістэнцыялізму. Значны ўплыў на развіццё гіст. навукі ў Зах. Еўропе мела франц.«Аналаў» школа. Апошнія дзесяцігоддзі 20 ст. адзначаны крызісам гіст. навукі ў Еўропе і Амерыцы; папулярнымі сталі гіст. антрапалогія, канцэпцыя «маральнай эканомікі» Э.Томпсана, тэорыя «культурнай гегемоніі» А.Грамшы і інш.
Развіццё ўяўленняў пра гісторыю ў Беларусі, якая знаходзілася на мяжы культ. уплываў, адбывалася ў сувязі з культ.-паліт. працэсамі. Да 14 ст.мясц.гіст. свядомасць тут развівалася пад уплывам візантызму з яго артадаксальна-правасл. формай ідэалогіі. Пісьмовыя крыніцы гэтага перыяду — летапісы, хронікі, жыціі, у якіх спалучаліся рацыянальнае і эмацыянальнае асвятленне гісторыі, правідэнцыялізм, дакументальна-дзелавое і маст. апісанне гіст. падзей. У 15—18 ст.гіст. веды і ўяўленне пра гісторыю ў Беларусі фарміраваліся пад уплывам еўрап.культ. традыцыі: хронікі, гіст.-мемуарная л-ра (дыярыушы), прадмовы Ф.Скарыны, «Песня пра зубра» М.Гусоўскага, публіцыстычныя творы, розныя зборнікі аповесцей і навел, якія ўспрымаліся тагачаснымі чытачамі як цалкам гістарычныя. Скарына ацэньваў развіццё грамадства пад уплывам хрысціянскіх абстрактна-гуманіст. прынцыпаў чалавекалюбства і справядлівасці, хоць і не адмаўляў існавання ў грамадстве класавых процілегласцей. Пазней яго ідэі ўзбагаціліся і канкрэтызаваліся ў творах М.Літвіна, С.Буднага, В.Цяпінскага, А.Волана і інш.Гіст. погляды 18 ст., нягледзячы на некат. праявы патрыят. («краёвай») думкі, вызначаліся паланафільствам, сувяззю з ідэямі мысліцеляў-асветнікаў Еўропы. Станаўленне гіст. ведаў у Беларусі на ўзроўні навук. асэнсавання адбылося ў 19 ст.Тэарэт. пытанні агульных падыходаў да разумення гісторыі ў бел.гіст. навуцы ўпершыню ўзняты ў працах М.В.Доўнар-Запольскага.
Гісторыя як навука ў працэсе свайго развіцця падзялілася на цесна звязаныя паміж сабой спецыялізаваныя часткі. Гісторыя грамадства ў цэлым (гл.Усеагульная гісторыя) на аснове характэрных рыс прынята падзяляць на эпохі: гісторыю першабытнага грамадства, гісторыю стараж. свету, сярэдневяковая гісторыя (медыявістыка), новая і навейшая гісторыя. Яны ў сваю чаргу падзяляюцца на гісторыю вялікіх гістарычна звязаных паміж сабой рэгіёнаў (гісторыю Еўропы, гісторыю Лацінскай Амерыкі і інш.) і гісторыю асобных краін і народаў (гісторыю Беларусі, гісторыю Расіі, гісторыю Германіі і інш.); паводле комплексных праблем, калі даследуюцца з’явы, уласцівыя групам краін і народаў (гісторыю Адраджэння, гісторыю Рэфармацыі) і інш. У залежнасці ад таго, які бок або з’ява грамадскага жыцця вывучаецца, вылучаюць сац.-эканам. гісторыю, паліт. гісторыю, ваен. гісторыю, гісторыю мастацтва і інш. Да гісторыі адносяцца таксама спец. (дапаможныя) гіст. навукі: крыніцазнаўства, археаграфія, дыпламатыка, храналогія, сфрагістыка, генеалогія, геральдыка, нумізматыка, гістарыяграфія і інш.Самаст. месца займаюць археалогія і этнаграфія.
Літ.:
Ерофеев Н.А. Что такое история. М., 1976;
Болингброк. Письма об изучении и пользе истории: Пер. с англ.М., 1978;
Блок М. Апология истории, или Ремесло историка: Пер. с фр. 2 изд. М., 1986;
Тойнби А.Дж. Постижение истории: Сб.: Пер. с англ.М., 1991;
Февр Л. Бои за историю: Пер. с фр.М., 1991;
Ясперс К. Смысл и назначение истории: Пер. с нем. 2 изд. М., 1994;
Философия и методология истории: Сб. ст.М., 1977;
Энгельс Ф. Анты-Дзюрынг. Мн., 1952;
Ленін У.Л. Матэрыялізм і эмпірыякрытыцызм // Тв. Т. 14 (Полн. собр. соч. Т. 18);
Carr E.H. What is history? London, 1961;
Schieder T. Geschichte als Wissenschaft. München;
Wien, 1968;
Topolski J. Metodologia historii. 3 wyd. Warszawa, 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСВЕ́ТА,
распаўсюджванне ведаў, адукацыя; сістэма адукацыйна-выхаваўчых і культ.-асв. мерапрыемстваў і спец. устаноў краіны. Мэты, задачы і структура асветы маюць канкрэтна-гіст. характар і залежаць ад узроўню эканам., паліт. і культ. развіцця грамадства.
На Беларусі да з’яўлення пісьменства першасныя элементы асветы грунтаваліся на канонах і ведах нар. педагогікі і найб. выяўляліся ў працоўным навучанні, у авалоданні навыкамі земляробства, будаўніцтва і разнастайных рамёстваў. Са з’яўленнем пісьменства і кніжнасці асвета стала пашырацца і дасягнула дастаткова высокага ўзроўню ў 10—13 ст. Цэнтрамі тагачаснай асветы былі цэрквы і манастыры, дзе ствараліся школы, б-кі, вялося летапісанне. У 11 ст. ў Полацкім Сафійскім саборы створаны цэнтр летапісання Полацкай зямлі і самая стараж. на Беларусі б-ка (гл.Полацкага Сафійскага сабора бібліятэка), дзе захоўваліся і перапісваліся кнігі на стараслав. і грэч. мовах, існавала школа. Вядомыя помнікі асветы і пісьменства — крыж Лазара Богшы (1161) для Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра ў Полацку, Барысавы камяні, берасцяныя граматы (знойдзены ў Віцебску і Мсціславе), найстаражытнейшае на землях усх. славян Тураўскае евангелле (11 ст.). Буйнейшыя асветнікі стараж. Беларусі — Ефрасіння Полацкая і Кірыла Тураўскі. У б-ках («кніжніцах») пры цэрквах і манастырах пераважала рэлігійна-дыдактычная, гісторыка-асветніцкая л-ра, павучанні, жыціі. Афіцыйнай мовай на ўсёй тэр.ВКЛ была старабеларуская. На ёй вялося справаводства і судаводства, пісаліся статуты, граматы, соймавыя пастановы, летапісы, хронікі, маст. творы. Адбылася пэўная культурна-духоўная пераарыентацыя бел. зямель ад Візантыі да суседніх краін Прыбалтыкі, Цэнтр. і Зах. Еўропы, склалася бел.-літоўскае летапісанне. З развіццём феад. адносін і ростам гарадоў у 14—16 ст. пашыраліся асвета, пісьменства і кніжная культура ў розным сац.-этнічным і прафес. асяроддзі. Цэнтры кніжнага пісьменства, скрыпторыі (рукапісныя майстэрні) дзейнічалі пры вял. манастырах і цэрквах Навагрудка, Полацка, Вільні, Віцебска і інш. Раслі і багацелі шматлікія б-кі манастыроў (Супрасльскага Благавешчанскага, Святатраецкага ў Вільні, Траецкага ў Слуцку і інш.). У 16—17 ст. б-кі ствараліся пры навуч. установах: Віленскай акадэміі, Полацкім езуіцкім калегіуме. Многія буйныя магнаты (Хадкевічы, Слуцкія, Сапегі, Агінскія, Радзівілы, Храптовічы) і адукаваная шляхта стваралі ўласныя б-кі. У эпоху Адраджэння (на Беларусі пачалося з канца 15 ст.) развіццё асветы было звязана з пашырэннем гуманіст. і рэфармац. руху, барацьбой паміж праваслаўем, каталіцызмам і рэфармац. рухамі. З уздымам руху пратэстантаў звязана станаўленне на Беларусі кнігадрукавання. Вялікі ўклад у асвету і культуру бел. народа зрабілі Ф.Скарына, С.Будны, браты Л.Зізаній і С.Зізаній, В.Цяпінскі, М.Гусоўскі, І.Фёдараў, П.Мсціславец, С.Собаль, Л.Сапега і інш. Школьная адукацыя мела саслоўна-канфесійны характар. Існавалі каталіцкія (езуіцкія), праваслаўныя (гл.Брацкія школы), уніяцкія, пратэстанцкія, іудзейскія, мусульманскія школы. Складваліся ўмовы і для свецкага школьнага навучання дзяцей сялян і рамеснікаў. Пасля ўтварэння Рэчы Паспалітай (1569) і перамогі Контррэфармацыі на тэр.ВКЛ пачалі пашырацца сярэднія каталіцкія навуч. ўстановы еўрапейскага ўзроўню — калегіумы. Першай навуч. установай такога тыпу быў Віленскі езуіцкі калегіум, засн. ў 1570, у 1579 пераўтвораны ў Віленскую езуіцкую акадэмію — першую ВНУ у ВКЛ. Існавалі езуіцкія калегіумы ў Брэсце, Гродне, Нясвіжы, Полацку, Оршы, Віцебску, Мінску і інш. Распаўсюджанне на Беларусі з 2-й пал. 18 ст.Асветніцтва выклікала неабходнасць рэарганізацыі школьнай справы. У выніку рэформы піярскіх школ пашырылася вывучэнне прыродазнаўчых і гуманіт. навук, эстэт. і фізічнае выхаванне. У канцы 18 — пач. 19 ст. школьная адукацыя на Беларусі апынулася ў сферы дзеяння рэформаў Адукацыйнай камісіі Рэчы Паспалітай і Камісіі па стварэнні нар. вучылішчаў Рас. імперыі. У выніку іх дзейнасці колькасць пач. і сярэдніх школ павялічылася, навучанне ўсё больш стала набываць свецкі характар. Паводле школьнай рэформы 1802 бел. губерні ўвайшлі ў склад Віленскай навучальнай акругі, вучэбна-метадычным цэнтрам якой быў Віленскі універсітэт. Павялічылася колькасць свецкіх агульнаадук. школ і навучэнцаў у іх, скарацілася колькасць манастырскіх вучылішчаў, заваёўвала правы жаночая адукацыя. Разам са шляхтай доступ да сярэдняй адукацыі атрымалі мяшчане, купцы, разначынная інтэлігенцыя. Пасля паўстання 1830—31 сістэма асветы была рэарганізавана ў кірунку ўзмацнення прынцыпаў «праваслаўя, самадзяржаўя, народнасці», у 1832 быў закрыты Віленскі ун-т. На пач. 1860-х г. на тэр. сучаснай Беларусі існавала 576 навуч. устаноў, у т. л. 1 вышэйшая — Горы-Горацкі земляробчы ін-т, 12 сярэдніх, 45 няпоўных сярэдніх, 45 дзярж. і прыватных жаночых вучылішчаў і больш за 400 дзярж., ведамасных і прыватных пачатковых школ, у якіх навучалася каля 16,5 тыс.чал. (0,5% насельніцтва). Істотныя змены адбыліся ў адукацыі настаўнікаў: 80% настаўнікаў гімназій і павятовых вучылішчаў мелі свецкую адукацыю, больш за 50% скончылі вышэйшыя і спец.пед. ўстановы. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. на развіццё асветы і культуры Беларусі негатыўна ўздзейнічала вялікадзяржаўная палітыка царызму. Вынікі школьнай рэформы 1860—70-х г. на Беларусі былі менш значныя, чым у цэнтр. губернях Расіі. Пасля задушэння паўстання 1863—64 былі закрыты Горы-Горацкі земляробчы ін-т, Навагрудская гімназія, Свіслацкая і Маладзечанская прагімназіі, ліквідаваны польскія школы і амаль усе прыватныя вучылішчы. Пач. школы аддадзены пад кантроль праваслаўнага духавенства, чыноўнікаў і паліцыі. Паводле палажэння аб царкоўнапрыходскіх школах 1884 закрыты многія народныя вучылішчы, а на іх базе ўтвораны царкоўнапрыходскія школы і школы граматы, падпарадкаваныя правасл. духавенству. У 2-й пал. 19 ст. адкрыты настаўніцкія семінарыі (Маладзечна, Полацк, Нясвіж, Свіслач), жаночыя епархіяльныя вучылішчы і царкоўна-настаўніцкія школы. Аднак узровень нар. асветы і колькасць пісьменнага насельніцтва заставаліся нізкія. У 1897 на Беларусі пісьменных налічвалася 25,7% (дзеці да 10 гадоў у разлік не браліся). На пач. 20 ст. пад націскам рэв. руху і патрэб сац.-эканам. развіцця царскія ўлады пайшлі на пашырэнне нар. адукацыі. На працягу 1900—14 колькасць пач. і сярэдніх школ павялічылася, адкрыты земскія школы, 5 настаўніцкіх семінарый і 3 ін-ты: Віцебскі, Магілёўскі, Мінскі. Пачаўся грамадска-пед. рух за рэформу нар. адукацыі, адкрываліся нелегальныя бел. школы, стваралася дзіцячая навуч.л-ра на бел. мове (кніжкі В.Іваноўскага, К.Каганца, Цёткі, Я.Коласа, В.Ластоўскага), ствараліся пед. т-вы, развівалася пед. думка (працы Ф.А.Кудрынскага, Дз.А.Сцяпуры, Е.Р.Раманава, К.І.Ціхамірава і інш.).
Пасля Лютаўскай і Кастр. рэвалюцый, абвяшчэння БНР і стварэння БССР пачалася карэнная перабудова сістэмы асветы. Ліквідаваны саслоўныя, рэліг., нац. і інш. прывілеі. У студз. 1919 створаны Народны камісарыят асветы БССР, у крас. 1919 адноўлены Горы-Горацкі земляробчы ін-т, у 1921 адкрыты Беларускі дзяржаўны універсітэт. У 1920-я г. дасягнуты значны прагрэс у ліквідацыі непісьменнасці і малапісьменнасці. У рамках палітыкі беларусізацыі большасць школ, частка тэхнікумаў і ВНУ перайшлі на бел. мову навучання. У 1930-я г.БССР адна з першых у СССР перайшла да ўсеагульнага абавязковага пач. навучання і да ўсеагульнай абавязковай 7-гадовай адукацыі ў гарадах. Але ў сярэдзіне 1930-х г. беларусізацыя нар. асветы ў БССР была згорнута. У Зах. Беларусі барацьбу за бел. школы і дэмакратызацыю нар. адукацыі ўзначальвала Таварыства Беларускай школы (ТБШ). За пасляваеннае дзесяцігоддзе на Беларусі ажыццёўлена абавязковае пач. навучанне і пераход да ўсеагульнай 7-гадовай адукацыі, умацавана матэр. база школ. Уведзеная на Беларусі ў 1950-я г. практыка выбару бацькамі мовы навучання дзяцей вяла да паступовага звужэння бел. мовы ў агульнаадук. школах. У канцы 1980-х г. у школах з рус. мовай навучання займалася ў 4 разы больш вучняў, чым у школах з бел. мовай. Да канца 1970-х г. завершаны пераход да ўсеагульнай сярэдняй адукацыі. У адпаведнасці са школьнай рэформай 1984 уводзілася 11-гадовая (4 + 5 + 2) усеагульная сярэдняя адукацыя, аднак на практыцы праблема поўнага ўсенавуча вырашалася з вялікімі цяжкасцямі.
Паводле закону «Аб адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь» (1991) адзінства і бесперапыннасць сістэмы адукацыі забяспечваюцца ўзгодненасцю навуч. планаў і праграм, пераемнасцю ступеняў і формаў навучання, стварэннем навуч. устаноў, якія аб’ядноўваюць розныя віды асветы. Закон устанавіў абавязковае базавае 9-гадовае навучанне. Гл. таксама Адукацыя, Адукацыя агульная, Базавая адукацыя, Педагогіка, а таксама раздзелы «асвета» ў арт. пра дзяржавы.
Літ.:
Нарысы гісторыі народнай асветы і педагагічнай думкі ў Беларусі. Мн., 1968;
Народное образование в Белорусской ССР. 2 изд. Мн., 1961;
О реформе общеобразовательной профессиональной школы: Сб. документов и материалов. М., 1984;
Асвета і педагагічная думка ў Беларусі: Са старажыт. часоў да 1917 г.Мн., 1985;
Ліквідацыя непісьменнасці і малапісьменнасці ў Беларускай ССР (20—30-я гады). Мн., 1990;
Народная адукацыя і педагагічная навука ў Беларусі (1917—1945). Мн., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАЯЗНА́ЎСТВА,
усебаковае вывучэнне асобнага рэгіёна ці нас. пункта мясц. насельніцтвам, а таксама спецыялістамі навук. устаноў. Даследуе прыроду, эканоміку, дэмаграфію, гісторыю, мову, культуру. Комплекснае К. разглядае ўсе звесткі ва ўзаемасувязі. Галіновае К. паглыблена вывучае асобныя яго кірункі: гістарычны, геаграфічны, этнаграфічны, літаратурны, тапанімічны, мемарыяльны, ахову помнікаў і інш. Адметнасць набывае К. рэгіёнаў, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Асн. метад К. — збор інфармацыі: архіўных і літ. крыніц, прадметаў матэр. культуры, вынікаў назіранняў за прыроднымі з’явамі, анкетаванне і г. д. Ролю навукова-метадычных цэнтраў у рэгіёнах выконваюць краязнаўчыя цэнтры пры аддзелах нар. адукацыі. У Беларусі дзейнасць усіх краязнаўчых арг-цый каардынуе Рада Беларускага краязнаўчага таварыства (БКТ). Разнастайнымі краязн. звесткамі пра Беларусь напоўнены першыя пісьмовыя крыніцы, асабліва бел.-літ.летапісы і хронікі. У сярэднявякоўі цікавасць да вывучэння краю набыла рысы навуковасці, развівалася пад уплывам ідэй Адраджэння. Каштоўнай краязн. крыніцай з’яўляецца «Зборнік прыказак і прымавак» (Любча, 1618), выдадзены С.Рысінскім, «Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсея Русі» (1582) М.Стрыйкоўскага, паэма Міколы Гусоўскага «Песня пра зубра». Звесткі апісальнага характару ёсць у дзённіках (дыярыушах), мемуарах падарожнікаў, што наведвалі Беларусь у 15—17 ст. (З.Герберштэйн, А.Гваньіні, І.Г.Корб. Б.Танер, П.А.Талстой і інш.). Грунтоўны «Дзённік» пакінуў Мікалай Радзівіл Сіротка пасля падарожжа ў 1582—84 у Егіпет, Сірыю, Палесціну. Аналіз матэр. і духоўнай культуры народаў Зауралля і Сібіры зрабіў у 1660-я г. А.Каменскі. Значна вырасла цікавасць да К. ў канцы 18 ст.Вял. б-кі, архівы, карцінныя галерэі, нумізматычныя, мінералагічныя і інш. калекцыі існавалі ў рэзідэнцыях магнатаў: у Нясвіжы — Радзівілаў, у Шчорсах — Храптовічаў, у Слоніме — Агінскіх і інш. Багатыя зборы былі пры некат. манастырах і навуч. установах. Унікальныя зборы мелі Чапскія, Тызенгаўзы, Плятэры, Ельскія, Тышкевічы, Ходзькі і інш.Вял. група даследчыкаў займалася гіст. К. На багатым дакумент. матэрыяле падрыхтавана «Гісторыя літоўскага народа» (т. 1—9, 1835—41) Т.Нарбута, праца М.В.Без-Карніловіча «Гістарычныя звесткі пра выдатныя мясціны на Беларусі з дадаткам іншых звестак, якія да яе ж адносяцца» (1855). Зборы музея братоў К.П.Тышкевіча і Я.П.Тышкевіча ў Лагойску сталі асновай для стварэння Віленскага музея старажытнасцей, а іх публікацыі — фундаментам для далейшага развіцця розных кірункаў К. Асобныя рэгіёны Беларусі ў 19 ст. вывучалі З.Я.Даленга-Хадакоўскі, Э.Ф.Плятэр, А.М.Семянтоўскі, К.А.Гаворскі, Р.А.Падбярэскі, А.Ф.Рыпінскі, А.П.Сапуноў, П.М.Шпілеўскі, О.Кольберг, А.Кіркор, М.Ф.Кусцінскі і інш. Своеасаблівымі краязн. даследаваннямі з’яўляюцца асобныя творы паэтаў і пісьменнікаў (Ю.Крашэўскага, У.Сыракомлі, Я.Ходзькі і інш.). Фальклор і этнаграфію вывучалі Я.Чачот, Я.Баршчэўскі, А.Міцкевіч. Вял. ўклад у К. зрабілі мастакі Ю.Пешка, М.Кулеша, Н.Орда. Прыкметны след у развіцці розных галін К. інш. народаў пакінулі Ю.Копаць» (Сібір, Камчатка), Ф.Цяцерскі (Забайкалле), Т.Зан (Зауралле), В.М.Кавалеўскі (Манголія, Казахстан, Сібір), І.А.Гашкевіч (Японія), І.І.Дамейка, К.Ельскі (Паўд. Амерыка). Прыкметную ролю ў станаўленні К. ў 1-й пал. 19 ст. адыгралі гурткі пры Віленскім універсітэце, Віленскае т-ва дабрачыннасці, Беларускае вольнае эканамічнае таварыства ў Віцебску. У 2-й пал. 19 ст. разгарнулі дзейнасць Віленская археаграфічная камісія, Віленская археалагічная камісія, Паўночна-Заходні аддзел Рускага геаграфічнага таварыства. У 1860-я г. выдадзены шматтомныя «Матэрыялы для геаграфіі і статыстыкі Расіі, сабраныя афіцэрамі Генеральнага штаба», дзе прыведзены адносна падрабязныя звесткі па геаграфіі, гіст., эканоміцы, дэмаграфіі, адукацыі, ахове здароўя Беларусі, і г. д. Матэрыялы па К. змяшчаліся ў губ. і епархіяльных ведамасцях, «Памятных кнігах губерняў», перыядычных ілюстраваных часопісах, што выдаваліся на польскай мове, і інш. На мяжы 19—20 ст. у многіх рэгіёнах павялічылася колькасць навук. т-ваў, камісій, к-таў, гурткоў; краязн. працу праводзілі т-вы, арганізаваныя пад патранатам царквы. У 1908 пры Мінскай епархіі створаны Мінскі царкоўны гісторыка-археалагічны камітэт. У 1911 засн.Віцебскае аддзяленне Маскоўскага археалагічнага інстытута, у 1912 — Мінскае таварыства аматараў прыродазнаўства, этнаграфіі і археалогіі. Выдаваліся зборнікі дакументаў і матэрыялаў «Віцебская даўніна», «Мінская даўніна», «Магілёўская даўніна» і інш. Матэрыялы па этнаграфіі, археалогіі друкаваліся ў «Записках Северо-Западного отдела Русского географического общества», у газ.«Наша ніва». У канцы 19 — пач. 20 ст. ў плеяду бел. краязнаўцаў уваходзілі: Я.Ф.Арлоўскі, А.Я.Багдановіч, М.В.Доўнар-Запольскі, А.К.Ельскі, У.З.Завітневіч, Я.Ф.Карскі, Ю.Ф.Крачкоўскі, В.Ю.Ластоўскі, І.І.Луцкевіч, Ф.В.Пакроўскі, Е.Р.Раманаў, Г.Х.Татур, А.М.Уласаў і інш.
У пач. 20 ст. заснаваны краязн. студэнцкія гурткі па вывучэнні Беларусі, у т. л.Беларускі навукова-літаратурны гурток (1912) пры С.-Пецярбургскім ун-це. У 1920-я г. краязн. аб’яднанні ствараліся пры навуч. і навук. установах, аддзелах нар. асветы, у т. л.Беларускае вольна-эканамічнае таварыства (1921). З 1922 каардынацыйным цэнтрам краязн. арг-цый стаў Інстытут беларускай культуры, пры ім — Цэнтральнае бюро краязнаўства (ЦБК). У ліст. 1924 адбылася Першая Усебеларуская краязнаўчая канферэнцыя; у 1926 — Першы Усебеларускі краязнаўчы з’езд. З кастр. 1925 ЦБК выдавала штомесячны час.«Наш край» (у 1930—33 «Савецкая краіна»). Выходзілі мясц. неперыядычныя зборнікі («Віцебшчына», «Полаччына» і інш.). Актыўную выдавецкую дзейнасць разгарнула Віцебскае акруговае таварыства краязнаўства. Удзел у краязн. руху прымалі З.Бядуля, Д.М.Васілеўскі, З.Х.Жылуновіч (Ц.Гартны), М.І.Гарэцкі, В.Д.Дружчыц, У.М.Ігнатоўскі, М.І.Каспяровіч, Я.Колас, К.Крапіва, У.І.Пічэта, М.М.Улашчык, А.А.Шлюбскі, М.М.Шчакаціхін і інш. Прыродазнаўчыя кірункі курыравалі навукоўцы Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горы-Горках. Развівалася К. і ў Зах. Беларусі. У многіх гарадах існавалі філіі Польскага краязн. т-ва, мясц. краязн. аб’яднанні (Палескае т-ва краязнаўства ў Пінску, Т-ва сяброў навук у Гродне і інш.), краязн. музеі (Гродзенскі гістарычны, 1922, Пінскі, 1924, Баранавіцкі і Слонімскі, 1929) і інш. Звесткі па асобных рэгіёнах Зах. Беларусі прыведзены ў працах Ч.Пяткевіча (Палессе, Брэстчына), О.М.Гедэмана (Браслаўшчына), Ю.Ядкоўскага (Гродна) і інш. Актыўнымі краязнаўцамі былі Я.Н.Драздовіч, Л.І.Вітан-Дубейкаўскі, А.І.Луцкевіч, У.І.Самойла, П.Сергіевіч, Б.А.Тарашкевіч, Я.Булгак. Вывучэннем заходнебеларускага краю займаліся Беларускае навуковае таварыства, Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры, Беларускі музей імя І.Луцкевіча, Беларускае навукова-краязнаўчае т-ва ў Латвіі (1920—40-я г.). У пач. 1930-х г. у БССР многія вучоныя і мясц. краязнаўцы рэпрэсіраваны, К. даследавала і паказвала выключна поспехі сацыяліст. будаўніцтва. У пасляваен. час найб. ўвага скіроўвалася на даследаванні гісторыі вайны, партыз. руху на Беларусі, пошукавую працу. Адкрыты шэраг краязн. музеяў: Баранавіцкі (1946), Мазырскі (1949), Слуцкі (1952), Лепельскі (1954), Мінскі (1959), Веткаўскі музей народнай творчасці і інш. У наш час К. займаюцца Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, Бел.т-ва аховы прыроды, Беларускі фонд культуры, Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны і інш. У снеж. 1989 Усебел. канферэнцыя краязнаўцаў абвясціла пра аднаўленне работы БКТ.
Вывучэнню краю спрыяюць раённыя краязн. канферэнцыі (Браслаў, Навагрудак). Існуюць краязн. аддзелы пры некаторых б-ках. З выкарыстаннем матэрыялаў па К. выдадзены «Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» (7 тамоў), выдаецца шматтомная серыя кніг «Памяць». Праблемы К. асвятляюцца ў перыяд. выданнях, бюлетэні «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі» (з 1989 час.«Спадчына»), час. «Беларуская мінуўшчына», «Падарожнік» (у якім змяшчаецца дадатак «Наш край» як працяг часопіса, што выдаваўся ў 1930-я г.), у навук.-краязн. зборніках, часопісах і альманахах («Магілёўская даўніна», «Палессе» і інш.). У шэрагу навуч. устаноў уключаны курсы К. (беларусазнаўства). У рознай ступені краязн. даследаваннямі займаюцца бел.навук.-культ. арг-цыі за мяжой: Беларускае грамадска-культурнае таварыства ў Польшчы, Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў ЗША, Беларуская бібліятэка і музей імя Францішка Скарыны ў Лондане, Т-вабел. культуры ў Маскве і інш. Значны ўклад у развіццё К. ў пасляваен. перыяд зрабілі і робяць У.А.Калеснік, М.П Клімец (Брэст), Ю.А.Якімовіч, А.М.Белакоз (в. Гудзевічы Мастоўскага р-на), М.Ф.Мельнікаў (г. Крычаў), Г.А.Каханоўскі, М.І.Ермаловіч, М.А.Ткачоў, Г.В.Кісялёў, Л.Р.Казлоў, А.П.Грыцкевіч, А.І.Мальдзіс, У.Ф.Ісаенка, В.Л.Насевіч, Э.М.Загарульскі, Л.У.Дучыц, В.У.Скалабан, М.М.Улашчык, А.К.Каўка, Ю.А.Лабынцаў, В.П.Грыцкевіч, М.В.Нікалаеў (С.-Пецярбург), Д.Фёнік (Беласток), А.Цеханавецкі (Лондан), Я.Запруднік, В. і З. Кіпелі (Нью-Йорк) і інш.
Літ.:
Алексеев Л.В. Археология и краеведение Белоруссии XVI в. — 30-е гг. XX в. Мн., 1996;
Амелькович Л.Г. Деятельность Центрального Бюро краеведения Белоруссии (1923—1933 гг.) // Вопросы библиотековедения и библиографоведения. Мн., 1975;
Грыцкевіч В.П., Мальдзіс А.І. Шляхі вялі праз Беларусь. Мн., 1980;
Историческое краеведение Белоруссии. Мн., 1980;
Каспяровіч М.І. Краязнаўства. Мн., 1929;
Каханоўскі Г.А. Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў XVI—XIX стст. Мн., 1984;
Краязнаўства: Зб. праграм і інструкцый краязнаўчай працы. Мн, 1929;
Матюшин Г.Н. Историческое краеведение. М., 1987;
Polkowski B. Krajoznawca. Warszawa, 1931.
Л.В.Трэпет.
Да арт.Краязнаўства. Вокладка «Віцебскай даўніны». Т. 4. Віцебск, 1835.Да арт.Краязнаўства. Праўленне Краязнаўчага таварыства БДУ на чале з рэктарам У.І.Пічэтам. 1929.Да арт.Краязнаўства. Фрагменты экспазіцыі Мінскага абласнога краязнаўчага музея.Да арт.Краязнаўства. Фрагменты экспазіцыі Лепельскага краязнаўчага музея.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́МНІК,
1) у шырокім значэнні — аб’ект, які з’яўляецца часткай культурнай спадчыны краіны, народа, чалавецтва. Паводле тыпалагічных прыкмет вылучаюць археалагічныя помнікі, П. гісторыі, архітэктуры, мастацтва (гл.Помнікі гісторыі і культуры, Мемарыяльныя збудаванні, Манументальнае мастацтва, Манументальная скульптура, Манументальны жывапіс), пісьменнасці (летапісы, казанні, жыціі, словы, хронікі, пасланні, евангеллі, мемуары і інш.). Распрацавана сістэма дзярж. і грамадскіх мерапрыемстваў па ахове П. (гл.Ахова гісторыка-культурнай спадчыны).
2) У вузкім значэнні — твор манум. мастацтва (архітэктура, скульптура, жывапіс) на ўшанаванне памяці пэўнай асобы ці ў гонар знамянальнай падзеі, часцей у выглядзе статуі, бюста, скульпт. групы, калоны, абеліска, арх. збудавання, штучна насыпанага кургана і інш. Звычайна такім П. уласціва функцыя актыўнага грамадскага ўздзеяння, якая выяўляецца не толькі ў іх ідэйнай праграме, але і ў характары іх пастаноўкі і пластычнай трактоўкі. П., разлічаныя, як правіла, на агляд іх вял. колькасцю людзей, адыгрываюць важную ролю ў арг-цыі навакольнай прасторы.
Прататыпамі П. былі стараж. пахавальныя збудаванні (мегаліты, курганы, абеліскі, піраміды, грабніцы, надмагіллі і інш). Асн. кампазіцыйныя тыпы П. склаліся ў ант. мастацтве: алегарычныя ці партрэтныя статуі і скульпт. групы (група тыраназабойцаў Гармодыя і Арыстагітана ў Афінах, 477 да н.э.), конныя статуі (статуя Марка Аўрэлія, 161—180, у 1538 устаноўлена на пл. Капітолія ў Рыме), стэлы, аркі трыумфальныя, трыумфальныя калоны (калона Траяна ў Рыме, 111—114, арх. Апаладор з Дамаска). Сярод П. сярэдневяковай Еўропы найб. вылучаюцца крыжы, якімі адзначалі памятныя месцы, а таксама (пераважна на 3) скульпт. выявы данатараў. Традыцыяй многіх краін (у т. л. дапятроўскай Русі) было ўвекавечванне знамянальных падзей узвядзеннем культавых пабудоў (Васіля Блажэннага храм у Маскве, узведзены ў памяць перамогі над Казанскім ханствам). У Італіі майстры Адраджэння, выкарыстоўваючы стараж.-рым. спадчыну, адрадзілі традыцыі свецкіх П. (конныя статуі кандацьераў Гатамелаты ў Падуі, 1447—53, скульпт. Данатэла, і Калеоні ў Венецыі, 1479—88, скульпт. А. дэль Верок’ё). У эпоху маньерызму з’явіліся тэндэнцыі да пышнай рэпрэзентатыўнасці і ўрачыстасці, у перыяд барока і класіцызму яны ўзмацніліся. П. (пераважна манархам і палкаводцам) часта адыгрывалі важную ролю ў гар. забудове (П. Пятру I у Пецярбургу — «Медны коннік», 1768—78, скульпт. Э.М.Фальканэ). У перыяд ампіру зноў узводзілі арх. манументы, прысвечаныя ваен. перамогам (трыумфальная арка на б.пл. Зоркі, цяпер пл. дэ Голя ў Парыжы, 1806—37, арх. Ж.Ф.Шальгрэн; Аляксандраўская калона ў Пецярбургу, 1830—34; арх. А.А.Манферан). У 2-й пал. 18 ст. і асабліва ў 19 ст. ставілі П. выдатным грамадскім дзеячам і творчым асобам (І.А.Крылову ў Пецярбургу, 1848—55, скульпт. П.К.Клот; І.В.Гётэ і Ф.Шылеру ў г. Веймар, 1857, скульпт. Э.Рычэль); для іх характэрны сімволіка, алегарызм, эклектычная стылістыка. П. канца 19 — пач. 20 ст. адметныя гіганцкімі маштабамі (Віктару Эмануілу II у Рыме, 1885—1911, арх. Дж.Саконі), празмерна грубымі формамі (О.Бісмарку ў г. Гамбург, 1901—06, скульпт. Г.Ледэрэр). У 20 ст. актуальнасць набыла ідэя стварэння арх. і скульпт. мемар. комплексаў, прысвечаных памяці ахвяр 1-й і 2-й сусв. войнаў. Яны ўяўляюць сабой развітыя аб’ёмна-пластычныя прасторавыя кампазіцыі, якія могуць уключаць арх. збудаванні, традыц. мемар. формы (абеліск, стэлу, пліту з рэльефамі і надпісамі, аркі, калоны) 1 манум. скульптуру (статуарную, рэльефную, алегарычнага характару). Многія П. гэтага часу вылучаюцца экспрэсіўнасцю, метафарычнай насычанасцю вобразаў («Зруйнаваны горад» у г. Ротэрдам, 1953, скульпт. В.Цадкін; помнік Я.Сібеліусу ў Хельсінкі, 1961—67, скульпт. Э.Хілтунен), з’явіўся новы тып невыяўл. П., блізкі па духу да архітэктуры малых форм (П. ахвярам 2-й сусв. вайны ў г. Мілан, 1948). Сав. П., прысвечаныя выдатным асобам і падзеям мінулага і сучаснасці, у сукупнасці ўтвараюць вобразны летапіс гісторыі краіны. Першыя сав. П. па характары блізкія да станковай скульптуры, пазнейшым уласцівы манум. формы, якія спрыялі іх уключэнню ў гар. ансамбль ці навакольны ландшафт (Марсава пале ў Пецярбургу, Ю.А.Гагарыну ў Маскве, 1980, скульпт. П.Бандарэнка, і інш.). Пасля Вял.Айч. вайны пашыраны мемар. збудаванні (у Трэптаў-парку ў Берліне, на Піскароўскіх могілках у Пецярбургу, Малахавым кургане ў Валгаградзе), партрэтныя манументы і П. з уключэннем рэальных узораў ваен. тэхнікі (танкі, самалёты і інш.). Сучасныя П. характарызуюцца разнастайнасцю тыпаў, вял. дыяпазонам маст. сродкаў ад рэаліст. да абстрактных.
На Беларусі П. розных відаў (камяні, крыжы, курганы і інш.) вядомы са старажытнасці. З 17 ст.найб. пашыраны надмагіллі. У 19 ст. ставілі бюсты царам і вяльможам [Аляксандру II у б. Саборным (цяпер сквер на пл. Свабоды) скверы ў Мінску, не захаваўся]. У 1908 устаноўлены Ляснянскі мемарыяльны комплекс, у 1912 — П. героям вайны 1812 у Віцебску (арх. І.Фамін), П. Перамогі 1812 у г. Кобрын (арх. Д.Маркаў), Салтанаўская мемарыяльная капліца і інш. У 1920-я г. стваралі П. дзеячам рэв. руху ў духу авангарднага мастацтва (Віцебск, не захаваліся). У 1930—50-я г. пераважалі П.-збудаванні, П.-манументы. якія з’яўляліся сведчаннем перамогі новага грамадскага ладу (помнік Леніну з рэльефнымі фрызамі на пастаменце на пл. Незалежнасці ў Мінску, скульпт. М.Манізер). У пасляваен. гады створаны ансамблі пл. Перамогі з Манументам Перамогі ў Мінску; устаноўлены бюсты і статуарныя П., прысвечаныя героям вайны: С.Грыцаўцу ў Мінску (скульпт. З.Азгур), К.Заслонаву ў Оршы (абодва 1955, скульпт. С.Селіханаў) і інш. У 1960—70-я г. створаны шырока вядомыя мемар. комплексы: помнік Вызваліцелям у Віцебску, Курган Славы Савецкай Арміі—вызваліцельніцы Беларусі, Брэсцкая крэпасць-герой, Хатынь; шматфігурныя скульпт. П. — Манумент у гонар маці-патрыёткі ў Жодзіне, помнік Я.Коласу з літ. персанажамі (скульпт. Азгур, арх. Ю.Градаў, Л.Левін), Я.Купалу са скульпт. групай фантана (абодва 1972, скульпт; А.Анікейчык, Л.Гумілеўскі, А.Заспіцкі, арх. Градаў, Левін) у Мінску, статуарны помнік Ф.Скарыне ў Полацку (1975, скульпт. А.Глебаў, І.Глебаў, Заспіцкі). П. 1980—2000-х г. прысвечаны пераважна дзеячам нац. гісторыі і культуры: статуарныя П. — М.Багдановічу ў Мінску (1981, скульпт. С.Вакар, арх. Ю.Казакоў, Л.Маскалевіч), Сымону Буднаму ў Нясвіжы (1982, скульпт. С.Гарбунова), Рагнедзе і Ізяславу ў Заслаўі (скульпт. А.Арцімовіч, арх. І.Марозаў), Я.Драздовічу ў Мінску (1993, скульпт. І.Голубеў), Ф.Скарыне ў Празе (1996, скульпт. Э.Астаф’еў), Ефрасінні Полацкай у Мінску (1999) і Полацку (скульпт. Голубеў, арх. В.Ягадніцкі), С.Буднаму і В.Цяпінскаму (скульпт. Голубеў), кн. Давыду ў Давыд-Гарадку (скульпт. А.Дранец, арх. Левін), княгіні Соф’і Слуцкай у Слуцку (усе 2000; скульпт. М.Інькоў, арх. М.Лук’янчык), надмагільны помнік В.Тураву ў Мінску (1999, скульпт. М.Якавенка); П.-бюсты кн. Нясвіжскага і М.К.Радзівіла Сіроткі ў Нясвіжы (1992, скульпт. Гумілеўскі), В.Бялыніцкага-Бірулі ў Бялынічах Магілёўскай вобл. і П. Масленікава ў Магілёве (1998, скульпт. У.Лятун). Створаны комплекс «Мінск — горад-герой», мемар. храм-П. «Сынам Айчыны, што загінулі за яе межамі» на т.зв. Востраве мужнасці і смутку (1996, аўтары: Ю.Паўлаў, М.Каралёў, Т.Каралёва-Паўлава, В.Лапцэвіч, Г.Паўлава, А.Паўлаў, Д.Хамякоў), мемарыял на месцы мінскага гета на пл. Юбілейнай (1998—2000, скульпт. Э.Полак, А.Фінскі, арх. Левін) у Мінску, помнік А.Гараўцу ў Віцебску (1995, скульпт. Арцімовіч, Інькоў, М.Канцавы, арх. В.Рыбакоў) і інш.
Л.Г.Лапцэвіч.
Да арт.Помнік. Конная статуя Марка Аўрэлія ў Рыме. 161—180.Помнік князю Давыду ў г. Давыд-Гарадок Брэсцкай вобл. 2000. Скульпт. А.Дранец, арх. Л.Левін.Надмагільны помнік В.Тураву, 1999. Скульпт.
М.Якавенка.
Помнік Ю.А.Гагарыну ў Маскве. 1980. Скульпт. П.Бандарэнка і інш.Помнік Ф.Скарыне ў г. Полацк Віцебскай вобл. 1975. Скульпт. А.Глебаў, І.Глебаў, А.Заспіцкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІСТАРЫЯГРА́ФІЯ (ад гісторыя + ...графія),
1) у шырокім сэнсе — гістарычная навука, гісторыя (такое азначэнне сёння ўжываецца рэдка).
2) Гісторыя гіст. навукі — яе паходжанне і развіццё, барацьба розных школ і кірункаў.
3) Сукупнасць гіст. даследаванняў, аб’яднаных агульнымі рысамі: нацыянальнымі, тэарэтычнымі, тэматычнымі, храналагічнымі (гістарыяграфія ВКЛ, канфесіянальных дачыненняў, запрыгоньвання сялянства і інш.). Гістарыяграфія як навук. дысцыпліна вывучае заканамернасці працэсу назапашвання гіст. ведаў, навук. даследавання жыцця грамадства. Яе асн. аспекты: вывучэнне арганізацыі гіст. навукі (даследуе пытанні падрыхтоўкі кадраў, сістэмы навук. устаноў, функцыянавання архіваў, выдавецкай дзейнасці і інш.); даследчыцкая праблематыка (паказвае развіццё навук. пазнання гіст. мінулага); тэарэт. база даследаванняў; выяўленне ўплыву паліт. сітуацыі на канцэптуальную пазіцыю навукоўца. Вывучэнне гісторыі гіст. навукі адлюстроўвае аб’ектыўныя патрэбы навукі ў пазнанні самой сябе. Такое вывучэнне дае інфармацыю пра шлях, які прайшла гіст. навука, дазваляе ўдакладніць кірункі яе далейшага развіцця.
Першыя звесткі пра падзеі на тэр. Беларусі ў 9—12 ст. змешчаны ў летапісным зводзе «Аповесць мінулых гадоў» (складзены ў пач. 12 ст.) і інш.усх.-слав. летапісах. У 15—17 ст. склалася бел. летапісанне (гл.Летапісы беларуска-літоўскія). Першым гісторыкам ВКЛ лічыцца польскі храніст 16 ст. М.Стрыйкоўскі, які ў сваёй «Хроніцы польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсяе Русі» (апубл. ў 1582) выкарыстаў разнастайныя дакумент. крыніцы. Першая спроба пабудовы сістэматызаванага курса па гісторыі ВКЛ — «Гісторыя Літвы» (1650—69) А.Віюк-Каяловіча. У 17—18 ст. пытанні гісторыі ВКЛ узнімалі ў сваіх працах Я.Пашкоўскі, С.Растоўскі, Ф.Папроцкі, С.І.Богуш-Сестранцэвіч і інш. Пачынальнік бел. археаграфіі І.І.Грыгаровіч выдаў «Беларускі архіў старажытных грамат» (ч. 1, 1824).
У 19 — пач. 20 ст.дзярж.-прававыя, паліт., эканам., сац. і інш. пытанні гісторыі ВКЛ даследавалі рас., польскія і ўкр. гісторыкі. Рас.афіц. навука (М.Г.Устралаў, І.Дз.Бяляеў, П.Дз.Бранцаў і інш.) зыходзіла з вялікадзярж. поглядаў на Беларусь як на спадчыннае ўладанне рас. манархаў, а на беларусаў — як на частку велікарус. народа. Польскія вучоныя (Т.Чацкі, С.Ліндэ, Л.Галамбёўскі, А.Дамброўскі, А.Нарушэвіч і інш.) абгрунтоўвалі погляды польскай і паланізаванай бел. шляхты на Беларусь як на частку Польшчы, а беларусаў разглядалі як этнагр. групу польск. народа. Супраць такіх поглядаў у 1810—20-я г. выступала група прафесараў Віленскага ун-та (М.К.Баброўскі, І.М.Даніловіч, Т.Нарбут, І.Б.Ярашэвіч), якія асвятлялі гісторыю ВКЛ з патрыятычных, літ.-бел. пазіцый, выказваліся за аднаўленне самастойнасці ВКЛ і вяртанне дзярж. статуса старабел. пісьмовай мове. Станаўленне нац. гістарыяграфічнай канцэпцыі звязана з развіццём навук. ведаў пра Беларусь і бел. народ — беларусазнаўствам. Да высноў пра самастойнасць бел. этнасу наблізіўся М.В.Без-Карніловіч. У канцы 1870 — 1-й пал. 1880-х г. істотную ролю ў распрацоўцы нац. канцэпцыі айч. гісторыі адыгралі народнікі (час. «Гомон» і інш.). Завяршальны этап барацьбы за грамадскае прызнанне бел. нацыі і яе права на самавызначэнне звязаны з утварэннем і дзейнасцю ў пач. 20 ст.Беларускай сацыялістычнай грамады, газ.«Наша ніва». Важнай вяхой у станаўленні нац.гіст. навукі стала «Кароткая гісторыя Беларусі» (1910) В.Ю.Ластоўскага. У сувязі з абвяшчэннем Беларускай Народнай Рэспублікі (25.3.1918) былі выдадзены першыя спец. працы па гісторыі бел. дзяржаўнасці М.В.Доўнар-Запольскага і А.І.Цвікевіча.
Пасля ўтварэння Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (БССР, 1.1.1919) у гістарыяграфіі сав. часу вылучаюцца 4 перыяды. 1919—20-я г. былі пераходнымі ад абмежаванага канцэптуальнага плюралізму да ўсталявання парт.-бальшавіцкіх ацэнак. На першы план выйшла гіст.-рэв. тэматыка, барацьба за ўстанаўленне сав. улады (Д.М.Васілеўскі, І.А.Віткоўскі, З.Х.Жылуновіч, М.І.Каспяровіч, І.Ф.Лочмель, М.В.Мялешка, А.А.Шлюбскі). Значным укладам у развіццё нац. канцэпцыі гістарыяграфіі Беларусі сталі працы У.М.Ігнатоўскага, У.І.Пічэты, Доўнар-Запольскага («Гісторыя Беларусі» апошняга была забаронена да друку і выдадзена толькі ў 1994). У 1930-я — сярэдзіне 1950-х г. у сав. гістарыяграфіі ўстаноўлена поўная манаполія марксісцка-ленінска-сталінскай метадалогіі, спалучанай з мадэрнізаванымі пастулатамі рас. гісторыкаў вялікадзяржаўнікаў 19 — пач. 20 ст. Прыкметным дасягненнем гэтага перыяду былі працы па пытаннях сац.-эканам. развіцця Беларусі, гісторыі рэв. руху (С.Х.Агурскі, А.В.Бурдзейка, Дз.І.Даўгяла, Дз.А.Дудкоў, Т.І.Забела, К.І.Кернажыцкі, М.Майзель, М.А.Поташ) і інш. У 1930—50-я г. ў сістэме сярэдняй адукацыі БССР гісторыя Беларусі як асобны прадмет не вывучалася. У аснову выдадзенай у 1955—58 калектывам аўтараў пад кантролем ЦККПБ 2-томнай «Гісторыі Беларускай ССР» былі пакладзены ацэнкі «Гісторыі ВКП(б). Кароткі курс». У 2-й пал. 1950-х — 80-я г. ва ўмовах адноснай паліт. «адлігі» ў метадалогіі гіст. навукі адбыліся, па сутнасці, толькі касметычныя змены: выкінуты цытаты са сталінскіх прац і яго імя, але захаваны ранейшыя падыходы і ацэнкі, асабліва ў асвятленні гісторыі паліт. барацьбы ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. і гісторыі сав. перыяду; павялічылася выкарыстанне прац К.Маркса і У.І.Леніна, аднак замоўчваліся многія іх прынцыповыя палажэнні і высновы, якія не ўкладваліся ў афіц. канцэпцыю гістарыяграфіі. Істотна пашыралася крыніцазнаўчая і дакумент. асновы гіст. навукі, што дазволіла падрыхтаваць і выдаць значныя працы «Гісторыя Беларускай ССР» (т. 1—5, 1972—75), «Усенародная барацьба ў Беларусі супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны» (т. 1—3, 1983—85), «Гісторыя рабочага класа Беларускай ССР» (т. 1—4, 1984—87) і інш. З’явіліся грунтоўныя даследаванні па гісторыі сельскай гаспадаркі і сялянства (Х.Ю.Бейлькін, П.Р.Казлоўскі, Л.П.Ліпінскі, В.І.Мялешка, В.П.Панюціч, Дз.Л.Пахілевіч, М.М.Улашчык, М.Б.Фрыдман, В.У.Чапко), прамысловасці, гарадоў і рабочага класа (З.Е.Абезгаўз, М.Ф.Болбас, М.Р.Матусевіч, А.М.Люты), грамадскай думкі і нац. культуры (С.Х.Александровіч, Я.І.Карнейчык, Г.В.Кісялёў, У.М.Конан, А.С.Майхровіч, А.В.Мальдзіс), рэв. руху (М.В.Біч, Я.І.Бугаёў, А.І.Воранава, Е.П.Лук’янаў, Э.М.Савіцкі, Ц.Е.Саладкоў, К.І.Шабуня), Зах. Беларусі (М.С.Арэхва, П.І.Зялінскі, У.Ф.Ладысеў, А.Л.Мацко, І.В.Палуян, У.А.Палуян) і інш. Шмат увагі аддавалася вывучэнню сав. перыяду: Кастр. рэвалюцыі (У.Р.Івашын, І.М.Ігнаценка, С.З.Пачанін, П.Ц.Петрыкаў, П.А.Селіванаў, М.М.Смалянінаў, М.С.Сташкевіч), індустрыялізацыі і калектывізацыі (К.К.Герман, М.Я.Завалееў, М.І.Злотнік, І.Я.Марчанка, А.М.Сарокін, А.А.Філімонаў), Вял.Айч. вайны на Беларусі (Р.Р.Кручок, А.М.Літвін, Я.С.Паўлаў, А.Ф.Хацкевіч), пасляваен. развіцця эканомікі і культуры (А.П.Белязо, М.П.Касцюк, Л.М.Лыч, У.І.Навіцкі).
Якасна новы перыяд у развіцці бел. гістарыяграфіі пачаўся на пераломе 1980—90-х г. у сувязі са станаўленнем суверэннай і незалежнай Рэспублікі Беларусь. Ліквідаваны дыктат у гіст. навуцы ідэалаг. структур Кампартыі і марксісцка-ленінскай метадалогіі. У айч. гістарыяграфіі вярталіся забароненыя раней імёны, распрацоўваліся раней закрытыя тэмы, звязаныя са станаўленнем і развіццём бел.нац. руху, абвяшчэннем БНР, паліт. рэпрэсіямі, гісторыяй бел. эміграцыі, занядбаныя раней праблемы дзярж.-паліт. гісторыі бел. народа. Пачата выданне 6-томнай «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі» (т. 1—4, 1993—97), выдадзены «Нарысы гісторыі Беларусі» (ч. 1—2, 1994—95). Адраджаецца нац. змест гіст. адукацыі, распрацавана яе канцэпцыя ў сярэдняй школе, выдадзены базавыя праграмы і вучэбныя дапаможнікі па айч. гісторыі, уведзена новая перыядызацыя, узгодненая з перыядызацыяй усеаг. гісторыі, перабудоўваецца навучанне на гіст. ф-тах ВНУ і інш. Пэўны ўклад у гіст. навуку зрабілі бел. даследчыкі ў эміграцыі, якія вывучалі вытокі дзяржаўнасці бел. народа, нац. характар ВКЛ, развіццё нац. руху і нац.-дзярж. адраджэння ў 20 ст. (БНР, БССР), рэпрэсіі ў 1930-я г. і іх вынікі, этнічныя працэсы пасля 2-й сусв. вайны А.Адамовіч, Я.Варонка, В.Жук-Грышкевіч, Я.Запруднік, А.Калубовіч, І.Касяк, В.Кіпель, М.Лапіцкі, І.Любачка, Я.Найдзюк, В.Пануцэвіч, Я.Садоўскі, Ч.Сіповіч, Я.Станкевіч, В.Тумаш) і інш. Абвяшчэнне незалежнасці Рэспублікі Беларусь (27.7.1990) дало пачатак творчым кантактам гісторыкаў, якія працуюць у Беларусі, з гісторыкамі і інш. вучонымі ў эміграцыі, асэнсаванню і выкарыстанню іх спадчыны.
У дасав. перыяд зборам і публікацыяй гіст. крыніц і краязнаўчай працай займаліся Віленская археаграфічная камісія (1864—1915), губ. вучоныя архіўныя камісіі, царк. гісторыка-археал. к-ты, музеі. У 1920—80-я г. даследаванні па айч. гісторыі разгарнуліся ў БДУ, Інбелкульце, Ін-це гісторыі АНБССР (з 1929), Ін-це гісторыі партыі пры ЦККПБ. У наш час праблемы гісторыі Беларусі распрацоўваюць у Ін-це гісторыі, Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору, Ін-це філасофіі і права, Ін-це л-ры (усе ў Нац.АН Беларусі), Нац. навукова-асв. цэнтры імя Ф.Скарыны, на гіст. кафедрах ВНУ, у буйных архівах і музеях Беларусі. Заахвочванню даследаванняў па бел. гістарыяграфіі і публікацыі іх вынікаў садзейнічаюць нац.культ.-навук. цэнтры — Бел.Ін-т Навукі і Мастацтва ў Нью-Йорку (ЗША) і яго філіял у Таронта (Канада), Бел.б-ка і музей імя Ф.Скарыны ў Лондане (Вялікабрытанія) і інш.Гл. таксама Антычнасць, Арабістыка, Асірыялогія, Візанціназнаўства, Гебраістыка, Германістыка, Егіпталогія, Індалогія, Медыявістыка, Новая гісторыя і навейшая гісторыя, Семіталогія, Славяназнаўства, Усходазнаўства і інш.
Літ.:
Очерки истории исторической науки в СССР. Т. 1—4. М., 1955—66;
Вайнштейн О.Л. Историография средних веков... М.; Л., 1940;
Яго ж. История советской медиевистики, 1917—1966. Л., 1968;
Историография новой и новейшей истории стран Европы и Америки. М., 1968;
Кузнецова Н.А., Кулагина Л.М. Из истории советского востоковедения 1917—1967. М., 1970;
Достижения исторической науки в БССР за 60 лет. Мн., 1979;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУ́ШКІН (Аляксандр Сяргеевіч) (6.6.1799, Масква — 10.2.1837),
рускі пісьменнік; пачынальнік новай рус. літаратуры, заснавальнік сучаснай рус. літаратурнай мовы. Скончыў Царскасельскі ліцэй (1817). Ліцэйскія гады — перыяд інтэнсіўнага творчага развіцця П.: своеасабліва выкарыстаўшы каноны рацыяналіст. паэтыкі класіцызму, ён напісаў вершы «Успаміны ў Царскім Сяле», «Гарадок», «Ліцынію» і інш. Па заканчэнні ліцэя служыў у Калегіі замежных спраў. Уваходзіў у літ. гурткі «Зялёная лямпа», «Арзамас». У вершах гэтага часу вольналюбівыя настроі, імкненне пераадолець нарматыўнасць паэтыкі 18 — пач. 19 ст., адысці ад жанрава-стылявой рэгламентацыі, дасягнуць свабоды паэт. слова («Вольнасць», 1817, апубл. 1856, у Расіі цалкам 1906; «Да Чаадаева», 1818, часткова без ведама аўтара апубл. 1826; «Вёска», 1819, апубл. 1826 і інш.). У падобным кірунку напісана паэма «Руслан і Людміла» (1820), у якой карціны гераічнага мінулага прасякнуты рамант. патэтыкай і гумарам, умоўнасць жанру паэмы-казкі спалучаецца з жыццёвасцю характараў, стылістычным багаццем і моўнай свабодай. Вольналюбівыя і антытыранічныя матывы ранняй лірыкі, незалежнасць асабістых паводзін сталі прычынай ссылак: паўд. (1820—24, Екацярынаслаў, Каўказ, Крым, Адэса) і ў в. Міхайлаўскае (Пскоўская вобл., маёнтак маці, 1824—26). Паўд. ссылка — перыяд росквіту рамантызму П., які найб. выявіўся ў створаных тут паэмах. У творчасці П. «паўднёвыя паэмы» адыгралі вял. ролю: «Каўказскі нявольнік» (1820—21, апубл. 1822) у многім падрыхтаваў «Яўгена Анегіна»; важнае месца ў далейшым будзе адведзена тэме мяцежнай «волі» і маральнага закона, заяўленай у «Братах-разбойніках» (1821—22, апубл. 1825), супастаўленню і проціпастаўленню гармоніі і стыхіі, «анёльскага» і «дэманічнага», пачатыя ў «Бахчысарайскім фантане» (1821—23, апубл. 1824). У гэтых паэмах упершыню выразна акрэсліваецца філас. падыход П. да праблем свабоды, кахання, асобы. Шлях у Міхайлаўскае пралягаў праз бел. гарады Магілёў, Оршу, Віцебск і інш. У Міхайлаўскім стварыў шэраг паэт. шэдэўраў: «Перайманне Карана», «Да***» («Я помню дзіўнае імгненне...»), «Жаданне славы» і інш., сатыр. паэму «Граф Нулін» (1825, апубл. 1827), цэнтр. главы (3—6) рамана ў вершах «Яўген Анегін»; вывучаў гісторыю Расіі, летапісы, запісваў нар. песні і казкі.
Вырашальным момантам творчай эвалюцыі П. стала трагедыя «Барыс Гадуноў» (1824—25, апубл. 1831; паст. 1870), якая заклала асновы рэалізму, народнасці, гістарызму ў рус. л-ры. У ёй вял. колькасць рознахарактарных тыпаў, раскрыты высокі этычны сэнс «меркавання народнага», звернутага да наступных пакаленняў. Думкі пра драму, да якіх прыйшоў П. у час працы над трагедыяй (у накідах прадмовы да «Барыса Гадунова» і нататках «Пра народную драму...», 1830) маюць вял.эстэт. і філас. значэнне. Маніфест пушкінскага разумення творчасці — верш «Прарок». У вер. 1826, пасля пакарання і ссылкі дзекабрыстаў, П. атрымаў «дараванне», але за ім была ўстаноўлена асабістая царская цэнзура. У яго павялічылася цікавасць да гісторыі Расіі як дзяржавы, да дзейнасці Пятра I, да праблемы месца і ролі асобнага чалавека ў гісторыі краіны. Раман пра свайго продка «Арап Пятра Вялікага» (1827—28, не завершаны, апубл. 1837) — першая спроба працы П. ў буйных празаічных жанрах; гіст. мінулае ў ім паказана ў паўсядзённым побыце, у канкрэтных асобах і лёсах. Апафеоз дзярж. пачатку — паэма «Палтава» (1828, апубл. 1829), у якой асобы і лёсы людзей пятроўскай эпохі шмат у чым паглынаюцца гіст. працэсам. Восень 1830 П. правёў у в. Болдзіна (Ніжагародская вобл., маёнтак бацькі), дзе за 3 месяцы стварыў каля 50 твораў розных жанраў. Тут у асноўным завершаны «Яўген Анегін», у якім узноўлены вобраз жыцця і духоўны склад «тыповага» героя, уклад жыцця сталічнага і правінцыяльнага дваранства. У своеасаблівым жанры рамана ў вершах сюжэт непарыўна пераплецены з аўтарскімі роздумамі («адступленнямі»), а кожная страфа (асобай будовы «анегінская страфа»), з’яўляючыся часткай адзінага цэлага, у той жа час — завершаная маст. адзінка. Апавяданне пра эпоху і чалавечыя лёсы адначасова паўстае ў рамане як лірычная гісторыя аўтарскага духу і як філас. даследаванне жыцця грамадства і чалавечай душы. У «Казцы пра папа і пра работніка яго Балду» (1830, апубл. 1840), «Казцы пра цара Салтана...» (1831, апубл. 1832), «Казцы пра мёртвую царэўну і пра сем асілкаў» (1833, апубл. 1834), «Казцы пра рыбака і рыбку» (1833, апубл. 1835), «Казцы пра залатога пеўніка» (1834, апубл. 1835) П. упершыню выкарыстаў фальклор, у ярка нац. форме ўвасобіў шэраг агульначалавечых праблем. 1830—31 — перыяд актыўнай дзейнасці П. як журналіста і крытыка, гал.ч. у «Литературной газете», паглыблення цікавасці да тэарэт.літ. праблем.
У 1836 пачаў выдаваць час.«Современник». У паэме «Медны коннік» (1833, апубл. 1837) на велізарную вышыню абагульнення ўзнята тэма дзяржавы і асобы, гісторыі і асобнага лёсу, узаемаадносін чалавека і свету, у сімвалічным плане спрадвечна-трагедыйных калізій, якія ўзнікаюць у гэтых узаемаадносінах, глыбокі філас. сэнс набывае тэма вар’яцтва («Медны коннік»; «Пікавая дама» 1833, апубл. 1834; верш «Не дай мне божа страціць розум» і інш.). П. упершыню паставіў многія вядучыя праблемы рус. л-ры: народ як гіст. сіла і маральны крытэрый («Барыс Гадуноў»); асоба ў яе ўзаемаадносінах з асяроддзем і абставінамі («Яўген Анегін», 1823—31, цалкам апубл. 1833; «Медны коннік»); лёс «маленькага чалавека» (цыкл «Аповесці нябожчыка Івана Пятровіча Белкіна», 1830, апубл. 1831; «Стрэл», «Завея», «Трунар», «Станцыйны наглядчык», «Паненка-сялянка»); улада грошай над чалавечымі душамі («Пікавая дама») і інш. У маленькіх трагедыях («Скупы рыцар», 1830, апубл. 1836; «Моцарт і Сальеры», 1830, апубл. 1831; «Каменны госць», 1830, апубл. 1839, і інш.) на матэрыяле розных краін і гіст. эпох у гранічна лаканічнай форме даследуюцца філас. і маральныя праблемы ўсечалавечага маштабу (свабода, страсць і мараль; асоба, грамадства і гісторыя; жыццё, смерць і бессмяротнасць), дадзены глыбокія ўзоры філас.-псіхал. драмы. У філас. лірыцы 1830-х г. зварот да карэнных пытанняў быцця: кахання, творчасці, смерці. Аўтар антырэліг.сатыр. паэмы «Гаўрыліяда» (1821, апубл. 1861, Лондан; у Расіі 1908 з купюрамі), паэм «Браты-разбойнікі» (1821—22, апубл. 1825), «Домік у Каломне» (1830, апубл. 1833), «Анджэла» (1833, апубл. 1834), раманаў «Дуброўскі» (1832—33, апубл. 1841), «Капітанская дачка» (1836), аповесці «Егіпецкія ночы» (1835, не завершана, апубл. 1837), трагедыі ў вершах «Русалка» (1829—32, не завершана, апубл. 1837), нарыса «Падарожжа ў Арзрум у час паходу 1829 года» (1835, апубл. 1836), «Гісторыі Пугачова» (1834) і інш. Памёр ад раны, атрыманай на дуэлі з Ж.Дантэсам. Эстэт. асваенне кантэкстаў рус. жыцця (інтэлектуальнага, сац.-гіст., бытавога) спалучалася ў П. з жывым успрыняццем разнародных еўрап. уплываў, дарам пранікнення ў інш. культуры і эпохі. Значэнне творчасці і маштабы генія П. дазваляюць назваць яго выключнай з’явай сусв. культуры. Яго маст. дасягненні вызначылі і шмат у чым абумовілі далейшае развіццё рускай і інш. л-р. Творы П. перакладзены амаль на ўсе мовы свету, большасць з іх інсцэніравана і экранізавана.
Пэўнае месца ў творчасці П. занялі гісторыя Беларусі, лёс бел. народа. У маі 1820 і жн. 1.824 паэт праязджаў праз бел. землі. У арт. «Збор твораў Георгія Каніскага, архіепіскапа Беларускага» (1836) ён пісаў пра пакуты «народа, спрадвечна нам роднага, але адлучанага ад Расіі лёсам вайны», сцвярджаючы адзінства рус. і бел. народаў. Добра ведаў бел. фальклор. Доказ таму — мова чарняца Варлаама («Барыс Гадуноў»), насычаная прымаўкамі, якія ў той час бытавалі на Беларусі. Ведаць пра Беларусь П. мог ад кіраўніка Болдзінскага маёнтка беларуса В М.Пянькоўскага. Сучаснікі сцвярджалі, што прататыпам гал. героя рамана «Дуброўскі» быў бел. дваранін Астроўскі (як спачатку і называўся раман). Творчасць П. зрабіла велізарны ўплыў на развіццё бел. л-ры. Гэты ўплыў адчуваўся ўжо ў паэмах «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе» (абедзве нап. 4-стопным ямбам), якія ствараліся пад уплывам не толькі травестацый М.Осіпава і І.Катлярэўскага, але і вольналюбівай лірыкі П., яго парадыйных паэм «Бава» і «Гаўрыліяда». У паэме «Тарас на Парнасе» засведчана глыбокая сімпатыя да П. Мара пра вял.нац. л-ру — асн. ідэя і пафас гэтага твора, дзе імя П. пастаўлена першым сярод найвыдатных пісьменнікаў суседніх л-р. У канцы 19 ст. з’явіўся першы бел. пераклад верша П. «Рэха» (пер. А.Гурыновіч). Шырокае асваенне бел. л-рай ідэйна-маст. традыцый П. пачалося з прыходам у л-ру Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча. Творчасць Я.Купалы захавала і развівала характэрныя для пушкінскай паэт. школы традыцыі грамадзянскасці, народнасці, гуманізму. Тыпалагічна блізкія погляды П. і Я.Купалы на вырашэнне тэм «паэт і паэзія», «паэт і натоўп», ідэнтычнае асэнсаванне імі ролі паэта ў грамадстве («Чэрнь», «Помнік» П., «Я не для вас», «Блізкія і далёкія», «Песняру беларусу» Я.Купалы). У героіка-рамантычным эпасе Я.Купалы і рамант. паэмах П. выявіўся тоесны падыход да асэнсавання нар. творчасці як з’явы мастацтва, выкарыстанне фальклору ў літ. творчасці, адлюстраванне нац.-вызв. ідэалаў.
Пры стварэнні рамант. паэм «Курган», «Бандароўна», «Яна і я» і інш. Я.Купала апіраўся на пушкінскую традыцыю ўспрымання гіст. працэсу ў яго прычынна-выніковых сувязях; у спосабах адлюстравання жыцця, у імкненні да выключнага і гераічнага ён блізкі найперш да П.-рамантыка. Уплыў П. абумовіў фарміраванне рэалістычна-канкрэтнай паэтыкі ў дарэв. лірыцы Я.Коласа. Як і П., Я.Колас паэтызаваў простае слова, што памагло яму вывесці нац. лірыку на пушкінскі шлях прастаты як найбольшага маст. майстэрства. У шэрагу вершаў Я.Коласа 1920-х г., прысвечаных тэме паэта. назіралася непасрэдная пераклічка з творамі П. («Водгулле» Я.Коласа, «Рэха» П.), арыентацыя на яго маст. пафас. Многія Коласавы вершы ваен. і пасляваен. часу («Мая просьба», «Самому сабе», «У бяссонне» і інш.) сталі ўзорамі бел.філас. лірыкі, развіваюць традыцыю сцвярджэння перамогі разумнага пачатку — традыцыю. каля вытокаў якой стаяў П. У артыкулах і аўтабіягр. матэрыялах Я.Коласа нямала прызнанняў пра велізарны ўплыў на яго П. Бясспрэчная і тыпалагічная сувязь «Новай зямлі» і «Яўгена Анегіна» як энцыклапедый нар. жыцця; абедзве нап. 4-стопным ямбам. Вял. ўздзеянне паэзіі П. адчуў на сабе Багдановіч: распрацоўка тэмы «народ і гісторыя», традыцый вольналюбівай лірыкі, сцвярджэнне пафасу мастацкасці, пашырэнне тэм і форм бел. л-ры.
Творы П. на бел. мову перакладалі Багдановіч («Вязень»), Я.Купала («Медны коннік»), Я.Колас («Палтава»), К.Чорны («Капітанская дачка», «Станцыйны наглядчык», «Паненка-сялянка», «Трунар», «Дуброўскі»), К.Крапіва («Капітанская дачка»), А.Куляшоў («Цыганы», «Яўген Анегін»), П.Глебка («Барыс Гадуноў»), А.Александровіч («Руслан і Людміла»), А.Якімовіч (казкі), Р.Барадулін, А.Бачыла, П.Броўка, А.Вечар, Ю.Гаўрук, М.Лужанін, М.Паслядовіч, Ю.Свірка, М.Танк, М.Хведаровіч, У.Шахавец і інш. Творчасць П. даследавалі і даследуюць бел.літ.-знаўцы І.Замоцін, Ф.Куляшоў, М.Ларчанка, Ю.Пшыркоў, А.Лойка, М.Тычына, А Шалемава і інш. Жыццё і творчасць П. — крыніца шматлікіх твораў л-ры, музыкі, выяўл. мастацтва. П’есы паводле твораў П. пастаўлены ў т-рах Беларусі: у Нац. т-ры імя Я.Купалы — «Капітанская дачка» (1937), спектакль па творах П. (сцэны «Келля», «Карчма», «Каля фантана» з трагедыі «Барыс Гадуноў» і «Скупы рыцар», 1949); у Нац.рус. т-ры — «Паненка-сялянка» і «Каменны госць» (абодва 1938), «Баляванне ў час чумы і...» (1999); у Бел. т-ры імя Я.Коласа — «Дуброўскі» (1937); у Бел. т-ры юнага гледача — «Пушкінскія казкі» (1974), «Казка пра папа і работніка яго Балду» (1989); у Бел. т-ры лялек — «Казка пра папа і пра работніка яго Балду» (1939); у Нац. т-ры оперы — «Яўген Анегін» (1933), «Пікавая дама» (1934), «Мазепа» (паводле паэмы «Палтава») П.Чайкоўскага (1952), «Русалка» А.Даргамыжскага (1937), «Дуброўскі» Э.Напраўніка (1948), «Алека» (паводле паэмы «Цыганы») С.Рахманінава (1949), «Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага (1954), «Залаты пеўнік» М.Рымскага-Корсакава (1972); у Нац. т-ры балета — «Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева (1939) і інш. На тэксты П. напісаны многія творы бел. кампазітараў М.Аладава, У.Алоўнікава, А.Багатырова, А.Клумава, П.Падкавырава, Р.Пукста. Ю.Семянякі, А.Туранкова. Я.Цікоцкага і інш. Кнігі П. ілюстравалі бел. мастакі М.Бельскі, Т.Беразенская, А.Волкаў, М.Гуціеў, А.Кашкурэвіч, М.Селяшчук, В.Славук і інш.; карціну «А.С.Пушкін у Міхайлаўскім» напісала Р.Кудрэвіч, «Пушкін у Магілёве» Ю.Падляскі, «Кветкі каханай» І.Пратасеня і інш. Помнікі П. пастаўлены ў Мінску і Магілёве.
Тв.:
Полн. собр. соч.Т. 1—10. М., 1974—78;
Бел.пер. — Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1993;
Выбр. творы. Мн., 1949;
Выбр. творы: Вершы. Паэмы. Мн., 1999;
Выбр. проза. Мн., 1936;
Барыс Гадуноў. Мн., 1937;
Каўказскі нявольнік. Мн., 1937;
Медны коннік. Мн., 1937;
Цыганы. Мн., 1937;
Бахчысарайскі фантан. Мн., 1937;
Аповесці нябожчыка Івана Пятровіча Белкіна. Мн., 1938;
Палтава. Мн., 1938;
Капітанская дачка. Мн., 1948; Яўгеній Анегін. Мн., 1949; Вершы. Мн., 1949; Казка аб мёртвай царэўне і аб сямі асілках. Мн., 1955; Казка пра папа і пра работніка яго Балду. Мн., 1957; Руслан і Людміла. Мн., 1978; О муза... Мн., 1999; Прарок = Пророк: Вершы і казкі. Мн., 1999; Яўгеній Анегін = Евгений Онегин: Раман у вершах. Мн., 1999.
Літ.:
Белинский В.Г. Сочинения Александра Пушкина. М., 1985;
А.С.Пушкин в воспоминаниях современников. Т. 1—2. М., 1974;
Бэлза И.Ф. Пушкин и Мицкевич в истории музыкальной культуры. М., 1988;
Ахматова А.А. О Пушкине: Ст. и заметки. 3 изд. М., 1989;
Анненков П.В. Пушкин: Материалы для биогр. А.С.Пушкина. М., 1999;
Афонин В. Религия и А.С.Пушкин. Невинномысск, 1999;
Гаспаров Б.М. Поэтический язык Пушкина как факт истории русского литературного языка. СПб., 1999;
Духовный труженик: А.С.Пушкин в контексте рус. культуры. СПб., 1999;
Кибальник С.А. Художественная философия Пушкина. СПб., 1999;
Кожинов В.В. Великое творчество. Великая Победа. М., 1999;
Лотман Ю.М. Пушкин: Биогр. писателя: Ст. и заметки, 1960-1990;
«Евгений Онегин»: Коммент. СПб., 1999;
Пушкин и поэтический язык XX в. М., 1999;
Щеголев П.Е. Дуэль и смерть Пушкина. 5 изд. СПб., 1999;
Виноградов В.В. Стиль Пушкина. М., 1999;
Кондаков И.М. Психология в зеркале пушкинской судьбы. М., 2000;
Купала Я. Любімы паэт // Купала Я. Публіцыстыка. Мн., 1972;
Колас Я. Друг человечества. Сонца нашай паэзіі // Зб. твораў. Мн., 1976. Т. 12;
Замоцін І.І. А.С.Пушкін: Нарыс жыцця і творчасці. Мн., 1937;
Пшыркоў Ю.С. Уплыў творчасці А.С.Пушкіна на развіццё беларускай літаратуры. Мн., 1949;
Барысенка В.В., Івашын В.У. Роля рускай класічнай літаратуры ў развіцці рэалізму беларускай літаратуры пачатку XX ст.Мн., 1963;
Степунин И. Прототип пушкинского Дубровского // Неман. 1968. № 8;
Лойко О. Его живые ветви // Там жа. 1974. №6;
Ларчанка М.Р. Пушкінскія традыцыі ў беларускай паэзіі // Ларчанка М.Р. Яднанне братніх літаратур. Мн., 1974;
Бярозкін Р. Звенні. Мн., 1976;
Симанович Д.Г. Подорожная Александра Пушкина. Мн., 1977;
Шалемава А.А. Пушкінскія традыцыі ў лірыцы Янкі Купалы // Песні беларускай валадар. Мн., 1981;
Букчин С. ...Народ, издревле нам родной. Мн., 1984. С. 101—116;
А.С.Пушкін і беларуская літаратура: Рэсп.навук.канф.: Матэрыялы і паведамл. Брэст, 1994;
Соломевич Я. «Нет, весь я не умру...» // Нёман. 1998. №6;
Лиокумович Т.Б. Потомки А.С.Пушкина в Беларуси. Мн., 1999;
Пушкін — беларуская культура — сучаснасць: Матэрыялы Міжнар.навук.канф.Мн., 1999;
А.С.Пушкін і Беларусь = А.С.Пушкин и Беларусь. Мн., 1999;
Тычына М.А. Аляксандр Пушкін і Якуб Колас. Мн., 1999.