чаты́ры, ‑ро́х, ‑ро́м, ‑рма́, (аб) ‑ро́х, ліч. кольк.

1. Лік і лічба 4. Напісаць лічбу чатыры. // Колькасць, якая абазначаецца лічбай 4. Чатыры коннікі замыкалі абоз. Колас.

2. Тое, што і чацвёрка (у 2 знач.).

3. у форме Р чатыро́х, у знач. зб. Разм. Чацвёра. На лаўцы каля дзвярэй сядзела чатырох: старэйшы дзядзька ў саламяным капелюшы, .. другі мужчына, відаць, не шмат маладзейшы за яго, .. трэці — малады чалавек, гадоў дваццаці пяці, .. і, чацвёрты, цыбаты хлопец-падлетак. Брыль.

•••

Між чатырох сцен гл. сцяна.

На ўсе чатыры бакі гл. бок.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

каля́ска, ‑і, ДМ ‑сцы; Р мн. ‑сак; ж.

1. Чатырохколы экіпаж на рысорах, з адкідным верхам. Паны ў калясцы пад’язджаюць. Фурман тут лейцы падцінае, Стаенных пару прыпыняе. Колас. А за грамадой, на калясцы, Рассеўшыся вяльможай, Пан Скрыцкі ехаў сам. Бядуля.

2. Лёгкія калёскі, звычайна крытыя, для катання дзяцей. Дзіцячая каляска. □ Маладая жанчына сядзела на лаўцы і гойдала каляску. Шамякін.

3. Невялікі ручны возік, магчыма і двухколы, для перавозкі грузаў. Прывезці галлё на калясцы.

4. Невялікая павозка спецыяльнага прызначэння. Матацыкл з каляскай. □ Асабліва страшна было глядзець на бязногіх, калі яны на падвязаных да бёдраў калясках, адштурхваючыся ад зямлі рукамі, рухаліся па бруку... Хомчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шны́парыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак.

Разм.

1. Заходзіць, забягаць, заглядваць у розныя месцы, шукаючы, высочваючы каго‑, што‑н. Толькі там, на востраве, і адседжваліся падпольшчыкі, пакуль карнікі шныпарылі па лесе. Новікаў. Дыспетчар у цемры, дыспетчар шныпарыць па кладоўках, шукае газавай лямпы. Шынклер.

2. Хадзіць, бегаць, рухацца сюды-туды, у розных напрамках. Каця ўздыхнула і села на лаўцы перад домам, але хутка змушана была ўстаць: міма шныпарылі хлапчукі і з цікаўнасцю пазіралі на яе. Лось. [У вадзе], як прывіды, плаваюць водарасці, мільгаюць маляўкі, варушацца на дне ракавінкі, шныпараць жукі. Асіпенка.

•••

Шныпарыць вачамі — хутка пераводзіць позірк з аднаго прадмета на другі, выглядваць што‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пацясні́цца, ‑цяснюся, ‑цяснішся, ‑цясніцца; ‑цяснімся, ‑цесніцеся; зак.

1. Пасунуцца, паціснуцца, даючы каму‑н. месца. [Сяргей] падышоў да Ярмоленкі, Пятрова і, вітаючыся, сказаў ім, мабыць, нешта смешнае і вясёлае, бо тыя, смеючыся, пацяспіліся, далі яму месца на лаўцы. Сіўцоў. // Вызваліць частку занятай плошчы. Каля дрэ[ў] стаялі нейкія грузавікі і фурманкі. Калі падышлі «трыццацьчацвёркі», вакол іх замітусіліся людзі. — Эй, пяты эшалон! Просім пацясніцца! — крыкнуў задзёрыста, саскочыўшы з машыны, Быстроў. Мележ. // Уступіць каму‑н. частку памяшкання, жылля; пажыць у цеснаце. [Мікіта] думаў, што давядзецца брата пусціць у сваю хату, пацясніцца. Галавач. Калі на будоўлю панаехала многа людзей і не было іх дзе размясціць, жыхары Белазерска пацясніліся, пусцілі на кватэры часовых жыхароў. Дадзіёмаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паро́жні, ‑яя, ‑яе.

Пусты, нічым не запоўнены. Сама сталоўка займала палавіну дома і двума ходамі злучалася з кухняй: праз адны дзверы неслі страву ў сталоўку, а праз другія выносілі парожнюю пасуду. Колас. Аўтобус абганяў калоны самазвалаў з гравіем і цэментам, а насустрач імчаліся парожнія машыны. Грахоўскі. // Разм. Нікім не заняты, свабодны. Якраз тут было не так багата людзей, і .. [Рыгор] пайшоў на адной лаўцы парожняе месца. Гартны. Хата была вялікая і парожняя, хоць бяры спраўляй вечарынку. Пташнікаў. Яны самі — і дзядзька, і цётка, і баба, і Казік, і сястра Казікава Стэфа — абедаюць за сталом, а я адзін, як той воўк. І яны абедаюць паперадзе: — стол потым парожні гуляе. Баранавых.

•••

Пераліваць з пустога ў парожняе гл. пераліваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

умясці́цца, умяшчуся, умесцішся, умесціцца; зак.

1. Поўнасцю змясціцца ў чым‑н., дзе‑н. Язэп асцярожна падышоў да жыта, сарваў колас. Ён не ўмясціўся на далоні. Асіпенка. Чэк трэба было асабліва асцярожна падпісваць: каб умясціцца ў вузенькім радку і, барані божа, не заскочыць якой-небудзь рыскай за блакітнае поле. Скрыган. Падышоў тралейбус, і чарга ўмясцілася ў яго. Сабаленка. // перан. Заняць, запоўніць сабой што‑н. Усё, што здарылася за адзін дзень, не магло ўмясціцца ў галаве [Шылянка]. Кавалёў.

2. Размясціцца на якім‑н. месцы. Міхась паслухмяна саслізнуў з лаўкі і ўмясціўся побач з рыжым хлопчыкам. «Вожык». Глыбока ўздыхнуўшы, Чарнавус лепш умясціўся на лаўцы, паставіў на калені локці і апусціў на далоні сваю жорсткую бараду. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

за́дні, ‑яя, ‑яе.

1. Які знаходзіцца ззаду проціл. пярэдні. Заднія ногі каня. Задняе кола. □ Коля з Мішам занялі месцы на задні лаўцы. Якімовіч. // у знач. наз. за́дні, ‑яга, і за́дняя, ‑яй, ж. Пра чалавека, які рухаецца; стаіць і пад. ззаду за кім‑, чым‑н. Увагу Дзмітрыя прыцягнуў натоўп каля пакгаўза. Заднія ўзнімаліся на дыбачкі, выцягвалі шыі, падскоквалі. Беразняк.

2. Накіраваны назад (пра напрамак руху). Шафёр развярнуўся і заднім ходам падаў машыну да самых дзвярэй. Пальчэўскі.

•••

Задні праход гл. праход.

Адысці на задні план гл. адысці.

Без усякай задняй думкі гл. думка.

Даць задні ход гл. даць.

Заднім днём гл. дзень.

Заднім розумам моцны гл. моцны.

Ляжаць без задніх ног гл. ляжаць.

Спаць без задніх ног гл. спаць.

Хадзіць (стаяць) на задніх лапках гл. хадзіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рассу́нуцца, ‑нецца; зак.

1. Пасунуўшыся, аддаліцца адзін ад аднаго, вызваліўшы паміж сабой месца, прастору. Хто сядзеў, дык тыя рассунуліся на лаўцы, і .. [баец] прысеў. Брыль. // Раз’яднацца, утварыўшы вольнае месца, раскрыўшы што‑н. Некалькі хвілін ніхто не паказваўся з вагонаў, а пасля ў адным з іх дзверы рассунуліся і на платформу саскочыў салдат. Арабей. У гэты час заслона рассунулася, і .. [Віцю] здалося, што проста на яго паплыла ўся зала. Нядзведскі. // Расступіцца, расхіліцца ў бакі. Раптам чарот рассунуўся, і з яго вынырнула невялікая лодка. Гамолка. / у перан. ужыв. Ноч разам пасвятлела, мрок рассунуўся, стала светла, як.. перад усходам сонца. Колас.

2. Разм. Разваліцца, разбурыцца. Дзядзька яшчэ гаварыў, што сена трэба браць цэлым ахапкам, бо калі яго разарвеш, дык, бывае, і рублём не паспееш прыціснуць, як увесь воз рассунецца... Дайліда.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шчо́паць, ‑пця; мн. шчопці, ‑яў; м.

Разм.

1. Тры пальцы рукі (вялікі, указальны, сярэдні), складзеныя канцамі разам. [Іванка] запусціў руку ў падраную кішэню світы і шчопцем грэбаў там за падкладкай, спадзеючыся хоць што-кольвек знайсці на падман голаду. М. Стральцоў.

2. Колькасць якога‑н. сыпучага рэчыва, якую можна ўзяць складзенымі такім чынам пальцамі. А тыя, хто да ворага пайшоў За баланду, за шчопаць сахарын[у], Бясследна знікнуць — іх зямля адрыне! — Згніюць без могілак і без крыжоў! Гаўрусёў. Мікола дастаў з кішэні капшук з тытунём. Сыпнуў шчопаць у кавалак адарванай газеты, падаў Уллянінаму бацьку. Паўлаў. // Невялікая купка, пучок чаго‑н. (валасоў, поўсці, шчаціння). На лаўцы каля дзвярэй сядзела чатырох: старэйшы дзядзька ў саламяным капелюшы, ад каўняра да вачэй зарослы густой каштанавай атавай барады; другі мужчына, відаць, не шмат маладзейшы за яго, але свяжэйшы, паголены, са шчопцямі рыжых вусікаў пад носам. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сядзе́ць, сяджу́, сядзі́ш, сядзі́ць; сядзі́м, сядзіце́, сядзя́ць; сядзі́; незак.

1. Займаць такое становішча, пры якім тулава апіраецца на што-н. сваёй ніжняй часткай.

С. на лаўцы.

С. вярхом (на кані).

2. Знаходзіцца на якім-н. месцы, не рухаючыся (пра птушак, насякомых).

Ластаўкі сядзяць на правадах.

3. Знаходзіцца, быць дзе-н., у якім-н. месцы (пра жывых істот і прадметы).

С. цэлы дзень дома.

Куры сядзяць запёртыя.

Хлеб сядзіць у печы.

4. Знаходзіцца ў якім-н. стане або займацца чым-н.

С. без работы.

С. за камп’ютарам.

С. за чарцяжамі.

С. з хворым дзіцем.

С. за вязаннем.

5. Быць у зняволенні; быць пазбаўленым свабоды.

С. у турме.

С. на гаўптвахце.

6. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Знаходзіцца, размяшчацца дзе-н.

Шыбы ў вокнах сядзяць няшчыльна.

Пад сасной сядзіць баравік.

7. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Глыбока ўпіўшыся куды-н., аставацца там.

Стрэмка сядзіць у пальцы.

Куля сядзела вельмі глыбока ў назе.

8. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пра адзенне: добра аблягаць фігуру.

Сукенка сядзіць прыгожа.

Вось дзе сядзіць хто-што ў каго (разм., неадабр.) — пра каго-, што-н., што прычыняе вялікія клопаты, непрыемнасці.

Сядзець у дзеўках (разм.) — доўга не выходзіць замуж.

|| наз. сядзе́нне, -я, н. (да 1, 3 і 4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)