збру́я, ‑і, ж.

Прадметы і прыналежнасць для запрагання або сядлання коней і другіх цяглавых жывёл; вупраж. Мікалай Буткавец — вядомы ў акрузе майстар па рамонту збруі — суткамі не разгінацся над хамутамі і набадрамі. Курто. Брыгадзір назіраў збоку. Калі коні былі запрэжаны, ён праверыў, Ці добра ляжыць збруя. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

радно́, ‑а, н.

Тоўстае палатно з пянькі або грубай ільняной пражы, а таксама выраб з такога палатна. Колькі год рукі [маці] зналі адно: Жалі, есці варылі, Бульбу чысцілі, ткалі радно, Цыравалі ды шылі. Гілевіч. Сухоцкі з Якімкам адшукалі дзедаў будан і адкінулі радно, што прыкрывала ўваход. Курто.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хана́, нескл., ж.; у знач. вык., каму-чаму.

Разм. груб. Канец, смерць. [Шапавалаў:] — Ну, таварыш капітан, нам проста пашанцавала, што паспелі выбрацца з таго праклятага балота! Хана была б усім! Шашкоў. Машына, як вядома, любіць аднаго гаспадара. А пойдзе па руках, так і знай, што хана ёй. Курто.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аско́лак, ‑лка, м.

Адколаты ад чаго‑н. кавалак. Асколак каменя, гранаты. □ Даходзяць толькі гукі — выццё снарадаў, скрогат выбухаў, сіпенне асколкаў... Мележ. Сярод лужыны валяліся асколкі цудоўнай Сонінай чарніліцы. Курто. // перан.; чаго. Тое, што захавалася ад мінулага, зніклага. Асколкі старога свету. □ Трухлявая салома і паркан — Далёкае мінуўшчыны асколкі. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кукава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; незак.

1. Ствараць гукі, падобныя на «ку-ку» (пра зязюлю). У лесе было ціха. Кукавала зязюля. Мітусіліся на высокіх соснах вавёркі. Курто.

2. перан. Разм. Цярпець нягоду; гараваць. — Добра, што загадзя перасялілі нас у дамы, — часта гаварыла маці, — а то кукавалі б у палатцы. Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пракаўтну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.

Абл. Праглынуць. О, які смачны быў той крупнік! Сабастыян зараз успомніў і аж сліну пракаўтнуў. Сабаленка. Іван Сямёнавіч падышоў да магілы, намерыўся нешта сказаць, але не змог. Толькі пракаўтнуў даўкі камяк у горле і яшчэ ніжэй апусціў сівую галаву. Курто.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ра́нец, ‑нца, м.

Паходная вайсковая або вучнёўская сумка, якую носяць на лямках за спіной. [Сцёпа] наўмысна доўга тупаў ля парога каванымі абцасамі, быццам абіваючы снег. Потым з размаху кідаў праз увесь клас на сваю парту ранец з кніжкамі. Курто. [Адась Гушка] дастае з ранца пачак газет і раскідае па акопе. Чорны.

[Ням. Ranzen.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раскуда́хтацца, ‑хчуся, ‑хчашся, ‑хчацца; зак.

1. Пачаць кудахтаць моцна і доўга (пра курэй).

2. перан. Разм. Раскрычацца без толку, без прычыны. [Нічыпар:] — Толькі ж не я збег ад цябе, а ты. Дык чаго ты раскудахталася годы? Асіпенка. — Раскудахталіся! — раптам раззлаваўся Хамутоўскі. — У ступі ды ўступі. Сам ведаю, што рабіць. Курто.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рыба́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

Разм. Рыбная лоўля. Калі Юрка прыбег на возера, рыбалка была ў самым разгары. Курто. — Брыгадзір мог пазнаць вуду, ён з кавалём часта ходзіць разам на рыбалку, — прамовіў Васілёк. Ваданосаў. Адны — Рыбалку паважаюць, З бляшнёй ля пелькі Могуць векаваць. Корбан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

завалачы́ся і (радзей) завалакчы́ся, ‑лакуся, ‑лачэшся, ‑лачэцца; ‑лачомся, ‑лачацеся; пр. завалокся, ‑лаклася, ‑лося; чым.

1. Закрыцца, заслацца, зацягнуцца. Неба завалаклося хмарамі. Вочы завалакліся слязамі.

2. Разм. Зайсці, зацягнуцца куды‑н. Завалокся на край свету. □ Трэба да балотца ісці. А то, чаго добрага, возьме ды завалачэцца ў дрыгву конь ці жарабя. Курто.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)