службовая асоба ў ВКЛ. П. прыдворны адказваў за парадак і ўбранства ў пакоях вял. князя, быў яго дарадчыкам і ўваходзіў у склад Рады Вялікага княства Літоўскага. Прызначаўся з буйных феадалаў. П. павятовы разглядаў зямельныя спрэчкі паміж шляхтай у падкаморскім судзе, удзельнічаў у разглядзе спраў у каптуровым судзе. Прызначаўся вял.князем з 4 кандыдатаў, выбраных шляхтай на павятовым сейміку. Гэту пасаду мог займаць толькі шляхціц-хрысціянін, ураджэнец ВКЛ, які валодаў маёнткам у гэтым павеце, ведаў права. П. прызначаў сабе з мясц. шляхты 1—2 памочнікаў — каморнікаў, якія вымяралі спрэчныя землі, а таксама па яго даручэнні разглядалі дробныя справы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЮ́ДДЗЕ,
«хаджэнне па людзях», 1) аб’езд князем і яго дружынай падуладных зямель і плямён Кіеўскай Русі дзеля збору даніны. Вядома з 10 ст. Адбывалася ўвосень або зімою, неакрэсленасць памеру даніны прыводзіла да вял. злоўжыванняў, за адно з якіх у 945 у час П. драўляне забілі кн.Ігара. Удава Ігара кн.Вольга ўпершыню вызначыла памер даніны і месцы яе збору — пагосты.
2) Назва даніны. У 12 ст. ў Наўгародскай, Полацкай і Смаленскай землях П. — грашовая павіннасць, якую збіраў князь ці феадал. У ВКЛ у 15—16 ст. П. — даніна ў форме падарункаў ад насельніцтва намеснікам або княжацкім старастам пры аб’ездзе імі валасцей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
салаўі́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да салаўя (у 1 знач.), належыць яму. Салаўіны пошчак. □ Плыве салаўіная песня, Ноч зорная спіць у гаі.Ляпёшкін.Ліся, шчаслівая Ноч салаўіная, Покуль каханы са мной.Карызна.// Які з’яўляецца месцам, дзе жывуць салаўі. Салаўіны гай, густы і цёмны, Многа бачыў радасці і слёз.Бялевіч.
2. Уласцівы салаўю; такі, як у салаўя. Пад мурог-мяжою, над калыскай сына Спевам салаўіным Песню папявала [жняя].Глебка.Расла яшчэ за князем на ўзбярэжжы Дзвіны-ракі дзяўчына-красуня, разумніца і рукадзельніца, з голасам салаўіным, з косамі, як чысты лён.Грахоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ДАВЫ́Д ГАРАДЗЕ́НСКІ (?—1326),
ваенны і дзярж. дзеяч ВКЛ, гал. ваявода вял. князя Гедзіміна. У ням. хроніках наз. кашталянам або старастам Гродзенскага замка і зяцем Гедзіміна, у пскоўскім летапісе — князем. На думку В.М.Тацішчава, быў сынам пскоўскага кн.Даўмонта. Упершыню ўпамінаецца ў хроніцы П.Дусбурга ў 1314, калі паспяхова ўзначальваў абарону Новагародка супраць крыжакоў Тэўтонскага ордэна. У 1319 узначальваў паход войска ВКЛ у Прусію, у 1323 двойчы прыходзіў на дапамогу Пскову ў яго барацьбе з Даніяй і Лівонскім ордэнам, а таксама зрабіў паход у Добжынскую зямлю ў Польшчы, у 1324 — у Мазовію, у 1326 дапамагаў польскаму каралю Уладзіславу Лакетаку супраць маркграфства Брандэнбург (Германія). У апошнім паходзе па-здрадніцку забіты мазавецкім рыцарам, верагодна, падкупленым крыжакамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́РДЗЕНЬ (? — 1267),
полацкі і нальшчанскі князь. З дапамогай Войшалка ў 1264 стаў полацкім князем. 23.12.1264 ад імя Полацкага і Віцебскага княстваў заключыў мірны дагавор з Рыгай і Готландам, які вызначаў правілы гандлю з імі і паводле якога Гердзень адмаўляўся ад Латгаліі і зямель, аддадзеных яго папярэднікам кн. Канстанцінам Лівонскаму ордэну, за што ордэн абавязаўся не нападаць на Полацкую зямлю. Каб не дапусціць саюзу Полацка з Псковам, Войшалк аддаў Гердзеню заваяваную ім Нальшчанскую зямлю, адкуль прагнаў кн. Даўмонта, які потым з Пскова ў 1266—67 тройчы рабіў паходы на Полацкую зямлю. У апошнім баі Гердзень загінуў.
Літ.:
Ермаловіч М. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́ЗА ((Cuza) Александру Іаан) (20.3.1820, г. Бырлад, Румынія — 15.5.1873),
гаспадар (правіцель, князь) Злучаных княстваў Малдовы і Валахіі [1859—62], першы князь Румыніі [1862—66]. За ўдзел у рэв. руху 1848 змушаны малд. ўладамі эмігрыраваць (Вена, 1848—50). У 1858 як прыхільнік аб’яднання абодвух Дунайскіх княстваў выбраны дэп. сходу Малдовы і прызначаны нач. міліцыі. Пасля выбрання князем Малдовы (17.1.1859) і Валахіі (5.2.1859) абвясціў 24.1.1862 аб’яднанне гэтых княстваў у адзіную дзяржаву пад назвай Румынія. Пераўтварэнні К. і ўрада на чале з М.Кагэлнічану (секулярызацыя царк. зямель 1863, агр. рэформа 1864) выклікалі супраціўленне баяр і кансерватараў. Скінуты ў выніку ваен. перавароту 23.2.1866.
Літ.:
Краткая история Румынии: С древнейших времен до наших дней. М., 1987. С. 193—205.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГВАЛО́Д (?—980?),
першы гістарычна вядомы полацкі князь, бацька Рагнеды Рагвалодаўны. Паводле летапісаў, прыйшоў «з-за мора». Даследчыкі лічаць, што Р. стаў полацкім князем у 960—970-я г. ці нават у сярэдзіне 10 ст. Можна меркаваць, што ў барацьбе Ноўгарада з Кіевам Р. схіляўся на бок Кіева. Заваяваў наўгародскія воласці, за што ў 980 (паводле В.М.Тацішчава ў 975 або 980, паводле А.А.Шахматава ў 970) забіты наўгародскім кн.Уладзімірам Святаславічам разам з жонкаю і 2 сынамі. (Раальдам і Свенам).
Літ.:
Алексеев Л.В. Полоцкая земля в IX—XIII вв.:(Очерки истории Северной Белоруссии). М., 1966;
Ермаловіч М. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСЦІСЛА́Ў ГЛЕ́БАВІЧ (? — паміж 1161 і 1167),
князь мінскі і полацкі. Сын мінскага кн.Глеба Усяславіча. У 1151 абраны вечам на полацкі пасад пасля выгнання з Полацка Рагвалода Барысавіча. У 1158 супраць Р.Г. ўзняўся мяцеж, але князь вял. падарункамі ўлагодзіў палачан. Разам з братамі Усеваладам і Валадаром ён рушыў на Рагвалода Барысавіча, што ўмацаваўся ў Друцку, але заключыў з ім мір і дадаў яму «воласці». У час новага паўстання ў Полацку ў 1158 Р.Г. уцёк у Мінск да брата Валадара. Хутка быў абложаны ў горадзе Рагвалодам, але паразумеўся з ім. У 1161 Р.Г. названы князем мінскім, зноў быў абложаны Рагвалодам у Мінску і зноў заключыў з ім мір.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫГІМО́НТ IIАўгуст
(1.8.1520, Кракаў — 7.7.1572),
вялікі князь ВКЛ і кароль польскі [1548—72, фармальна з 1529], у ВКЛ Жыгімонт III Аўгуст. Сын Жыгімонта I Старога і Боны Сфорцы. На сейме ВКЛ у кастр. 1529 Ж. II абраны вял.князем пры жыцці бацькі (г. зн. другім вял.князем). 18.12.1529 на польск. сейме Жыгімонт I дамогся абрання сына польск. каралём (каранаваны 20.2.1530). Рэальная ўлада засталася ў руках бацькі. Для ўстанаўлення сяброўскіх адносін са «Свяшчэннай Рымскай імперыяй» Жыгімонт I у 1543 арганізаваў шлюб Ж. II з эрцгерцагіняй Лізаветай, дачкой наследніка імператарскага трона Фердынанда (памерла ў 1545). У 1544 Ж. II фактычна пачаў кіраванне ў ВКЛ, куды Жыгімонт I не прыязджаў, але захоўваў сваё вяршэнства. У 1547 Ж. II ажаніўся з Барбарай Радзівіл. У выніку шлюбу браты Барбары М.Радзівіл Руды і М.Радзівіл Чорны занялі кіруючае становішча ў ВКЛ, пэўны час Ж. II знаходзіўся пад іх уплывам. Супраць шлюбу былі Жыгімонт I, Бона і значная частка польск. магнатаў. Пасля смерці бацькі ў 1548 Ж. II стаў паўнапраўным вял.князем і каралём. Ён заключыў тайны трактат аб узаемнай дапамозе з каралём Чэхіі і Венгрыі Фердынандам Габсбургам. Гэты саюз прадоўжаны, калі ў 1553 Ж. II ажаніўся з эрцгерцагіняй Кацярынай, сястрой сваёй першай жонкі. У далейшым адышоў ад саюзу з Габсбургамі. Знешняя палітыка Ж. II была накіравана на захаванне мірных адносін з суседнімі краінамі. Прусія заставалася васальнай дзяржавай у дачыненні да польск. караля. Адносіны са Швецыяй палепшыліся, калі там у 1568 трон заняў Юхан III, швагер Ж. II. Лівонская вайна 1558—83 выявіла небяспеку з боку Маскоўскай дзяржавы і падштурхнула да заключэння Люблінскай уніі 1569, стварэння Рэчы Паспалітай. Унутр. палітыка Ж. II была накіравана на ўзмацненне правоў сярэдняй шляхты. Садзейнічаў правядзенню валочнай памеры. Пачаў буд-ва ваенна-марскога флоту Польшчы і стварыў Марскую камісію. У час кіравання Ж. II у ВКЛ і Польшчы пашырылася Рэфармацыя ў розных яе галінах. Праводзіў палітыку талерантнасці ў адносінах да ўсіх канфесій. Прывілеем 1563 ураўнаваў паліт. правы правасл. шляхты ВКЛ з каталіцкай. Зацвердзіў Статут Вялікага княства Літоўскага 1566. Пад націскам кіраўніцтва каталіцкай царквы згадзіўся на допуск езуітаў у Польшчу (1564) і ВКЛ (1569), што стала пачаткам контррэфармацыі ў гэтых краінах. Быў мецэнатам, на праўленне Ж. II прыпадае росквіт культуры эпохі Адраджэння ў ВКЛ. На Ж. II скончылася мужчынская лінія дынастыі Ягелонаў.
Літ.:
Kolankowski L. Zygmunt August, wielki książę Litwy, do rołu 1548. Lwów, 1913;
Cynarski S. Zygmunt August. Wrocław etc., 1988;
Sucheni-Grabowska A. Zygmunt August, król polski i wielki książę litewski (1520—1562). Warszawa, 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНУ́ФРЫЕЎСКІ МАНАСТЫ́Р.
Існаваў у канцы 14—19 ст. каля в. Сялец Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл. Заснаваны як праваслаўны мсціслаўскім князем Лугвенам-Сімяонам, сынам вял.кн.ВКЛ Альгерда (паводле некат. звестак Юрыем, сынам Лугвена). У 1635 кароль Уладзіслаў IV перадаў манастыр грэка-каталіцкай царкве, яго настаяцелем быў архіепіскап смаленскі і северскі. Да 1809 манастыру належаў і фальварак. Усе манастырскія будынкі былі драўляныя, у апошняй трэці 18 ст. пабудаваны мураваныя царква св. Ануфрыя і жылы корпус. Б-ка Ануфрыеўскага манастыра мела 302 кнігі, у т. л. рукапісныя. Манастыр зачынены пасля скасавання Брэсцкай уніі (1839). Захавалася царква — помнік архітэктуры барока. Мураваны 1-нефавы храм з паўцыркульнай апсідай і высокай 5-яруснай чацверыковай вежай-званіцай. Цяпер прыходскі праваслаўны храм.