сям’я́, і́; мн. се́м’і (з ліч. 2, 3, 4 сям’і́), сяме́й і се́м’яў; ж.

1. Група людзей, якая складаецца з мужа, жонкі, дзяцей і іншых сваякоў, якія жывуць разам. У .. [Міканора] была, па-вясковаму, невялікая сям’я: тры сыны і дачка. Ракітны. За вайну Азаркевіч страціў усю сям’ю. Гурскі.

2. перан.; каго або якая. Група, арганізацыя людзей, аб’яднаных агульнымі інтарэсамі, дзейнасцю, дружбай. З кожным днём расла сям’я будаўнікоў: прыбывалі вялікімі групамі і ў адзіночку хлопцы і дзяўчаты з камсамольскімі пуцёўкамі і з гарачым жаданнем будаваць. Грахоўскі. Гэта быў дзень, калі кожны яшчэ і яшчэ раз адчуў сілу роднага калгаса, адзінства і згуртаванасць дружнай калгаснай сям’і. Краўчанка. Зноў ты будзеш, Беларусь, Квітнець з сям’ёй народаў вольных. Танк.

3. Група жывёл, птушак, якая складаецца з самца, адной або некалькіх самак і дзіцянят, што жывуць разам. І найчасцей сустрэне [Алежка] там ласёў, цэлую іх сям’ю: самца ў гордай кароне рагоў, карову з цялушкай — пасуцца ў драбналессі. Вышынскі. / Пра пчол. Рыгор зазірнуў за імшанік. І тут стаяць два новыя домікі. Не пустыя. Сем’і новыя. Пчол густа-густа. Б. Стральцоў. // Група раслін аднаго віду, якія растуць разам. От .. [малады чалавек] убачыў пры дарозе сям’ю грыбоў. Чорны. Я па лесе іду... Рыжых сосен сям’я Над маёй галавой крылле звесіла. Панчанка. // перан. Сукупнасць аднародных, падобных прадметаў, з’яў. Гара Фазіс. Сівая вершаліна ў сям’і гор Сванетыі. Самуйлёнак.

4. У лінгвістыцы — група роднасных моў. Сям’я славянскіх моў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Трэба1 ‘ахвярапрынашэнне’, ‘рэлігійны абрад (хрысціны, вянчанне, паніхіда), які выконваецца святаром па просьбе веруючых’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), ст.-бел. треба ‘ахвяра’ (ГСБМ). Параўн. стараж.-рус. тереба, якое праз ц.-слав. са ст.-слав. трѣба ‘ахвяра’. Паводле Фасмера (4, 95), разумеецца як ‘выкананне абавязку’ і звязана з трэба2 (гл.). Параўн. таксама палаб. trebe ‘каляды’, больш падрабязна Ферлюга-Пятроніё, Linguistica, 20, 2, 138 і наст. Зафіксаванае на Брэстчыне трэ́бо ‘роўнае месца за вёскай з незамярзаючым ручаём’ (Чэрн.), а таксама трэ́ба ‘ляда, месца, дзе высечаны лес’ (бяроз., Шатал.), хутчэй з ўсё, не мае непасрэдных адносін да ‘месца, куды прыносіліся ахвяры багам’, а звязана з трыб1 ‘прасека ў лесе’, гл.

Трэ́ба2 ‘патрэба, неабходнасць’ (Нас.), ‘клопат, справы’ (Нар. Гом.), ‘неабходна, абавязкова, патрэбна’, ‘пажадана’ (ТСБМ, Нас., Шымк. Собр., Ласт., Бяльк., Шат., Касп., Байк. і Некр., Сцяшк., Яруш., Мал., Федар. 4, ТС, Кліх, Ян., Растарг., Сл. ПЗБ), ‘належаць’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), ‘мець патрэбу ў чым- ці кім-небудзь’ (смарг., воран., вільн., шальч., іўеў., Сл. ПЗБ), ‘быць патрэбным’ (Нас.), тре́ба ‘трэба’ (Бяльк.; Мат. Маг. 2), трэ́бо ‘тс’ (Скарбы₂; слуц., Мат.), ст.-бел. треба ‘патрэба’: ездилъ есми у требе моей до урадника (ПГС), сюды ж трэ́бака ‘тс’ (пін., Нар. лекс.), тра́було, трэ́було ‘трэба было’ (пін., Ск. нар. мовы), трэ́буль ‘тс’ (астрав., там жа); трэ́батка ‘тс’ (Рагаўц.), трэ́бацімя ‘трэба будзе’ (шчуч., З нар. сл.). Параўн. укр. тре́ба ‘трэба’, зах.-укр. трі́ба ‘патрэба, спроба’, рус. зах. треба ‘патрабаванне’: по требе явиться (Даль), польск. trzeba ‘трэба, неабходна, варта, як належыць, патрэбна было б’, каш. třeba ‘трэба’; н.- і в.-луж. trjeba ‘патрэбна, неабходна’, чэш. třeba ‘тс’, ‘нават, хаця’, ‘хаця б’, ‘можа быць’, ‘бадай што, мабыць’, славац. treba ‘трэба, патрэбна, належыць’, trebars ‘хаця’, славен. tréba (je), харв. trijéba, серб. тре̏ба ‘патрэбна’, дыял. цімак. тре́бе ‘тс’, балг. трѐба ‘грамадская справа’, макед. треба ‘быць неабходным, патрэбным’, ст.-слав. трѣбѣ (ѥсть) ‘патрэбна, трэба, неабходна’. Прасл. *terba ‘патрэба, неабходнасць’ рэканструюць на падставе матэрыялу часткі славянскіх моў, разглядаючы яе як аснову, варыянтную ў адносінах да і.-е. *terp‑: ст.-прус. enterpo ‘ўжывае, патрабуе, патрэбны’, літ. tar̃ptiквітнець’, гоц. þaúrban ‘патрабаваць’, þarbs ‘неабходны, патрэбны’, ст.-в.-ням. durfan, thurfan ‘патрабаваць’, ням. dürfen ‘магчы; мець дазвол’, ст.-грэч. τέρπώ ‘насычаюся; маю досыць; радуюся, весялюся’, ст.-інд. tŕ̥pyati, tárpati ‘насычацца’ (Борысь, 648; Фасмер, 4, 96; Сной₂, 779; ESJSt, 16, 979). Беларускія і ўсходнеславянскія формы разглядаюцца як запазычаныя з царкоўнаславянскай або польскай (гл. Анікін, РЭС, 9, 204; Цвяткоў, Запіскі, 2, 63), што, улічваючы шырокае іх распаўсюджанне, здаецца малаверагодным і ставіць пад сумненне прапанаваную этымалогію (пра поўную яе няяснасць гл. ESJSt, 16, 979). Скок (3, 501) мяркуе, што першасным значэннем прасл. *terb‑ было ‘церабіць’, і ўтвораны ад дзеяслова *terbiti (гл. церабіць) назоўнік *trěba абазначаў ‘праца’, пазней — ‘карчаванне’, якое было вельмі патрэбным у жыцці ранніх славян, таму развілося значэнне ‘патрэба ўвогуле’ > ‘патрэба, неабходнасць’; паводле Трубачова (Этимология–1994–1996, 25) — ‘вострая неабходнасць, справа’. У ЕСУМ (5, 626) прасл. *terba ‘патрэба, неабходнасць’ звязваецца з *terbiti ‘ачышчаць ад лупінаў’, ‘церабіць’, ‘карчаваць’, ‘мяць’, ‘пакладаць’. Сюды ж трэ́баваць ‘быць у цечцы (пра свінню)’ (Юрч. СНЛ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

blow

I [bloʊ]

n.

1) уда́р -у m.

a blow with a fist (hammer) — уда́р кулако́м (малатко́м).

2) няшча́сьце n., уда́р -у m. (лёсу)

3) рапто́ўны напа́д (на во́рага)

- at one blow

- come to blows

- strike a blow for

II [bloʊ]

1.

v., blew, blown, blowing; v.i.

1) дзьмуць, дзьму́хаць; ве́яць (пра ве́цер)

2) не́сьціся

Dust blew across the road — Праз даро́гу нёсься пыл

3) граць на духавы́м інструмэнце; сьвіста́ць, гудзе́ць

The whistle blows at noon — Сьвісто́к сьві́шча апаўдні́

4) сапці́, ця́жка ды́хаць

5) informal хвалі́цца, выхваля́цца

6) перагара́ць (пра электры́чны ко́рак, засьцерага́льнік)

2.

v.t.

1) хіста́ць

The wind blew the curtains — Ве́цер хіста́ў фіра́нкі

2) разьдзіма́ць

to blow the fire into flame — разьдьму́ць аго́нь

3) прадзіма́ць

4) выдзіма́ць

to blow glass — выдзіма́ць шкляны́я вы́рабы

5) падрыва́ць

6) пла́віць

7) Sl.

а) раскіда́ць, ма́рна тра́ціць, марнатра́віць (гро́шы)

б) выдава́ць гро́шы на каго́

I’ll blow you to dinner tonight — Я сёньня зафунду́ю табе́ абе́д

8) Sl. парто́ліць; блы́таць

The actress blew her lines — Акто́рка паблы́тала свае́ сло́вы

3.

n.

1) по́дых -у m.; паве́ў -ву m.е́тру)

2) дзьму́ханьне n.

3) віху́ра f.

Last night’s big blow did a lot of damage — Учо́рашняя вялі́кая віху́ра нарабі́ла шмат шко́ды

4) хвальба́ f., самахва́льства n.

- blow hot and cold

- blow in

- blow off

- blow on

- blow one’s nose

- blow out

- blow over

- blow the whistle

- blow up

- blown with pride

III [bloʊ]

1.

n.

1) цьвіце́ньне, квітне́ньне n.

2) цьвет -у m.

2.

v.i. blew, blown

распуска́цца, зацьвіта́ць; цьвісьці́, квітне́ць

Ангельска-беларускі слоўнік (В. Пашкевіч, 2006, класічны правапіс) 

біць, б’ю, б’еш, б’е; б’ём, б’яце; заг. бі; незак.

1. каго. Наносіць удары каму‑н. з мэтай прычыніць боль; збіваць. Біў-біў Іван ведзьму, пакуль яна прасіцца не пачала. Якімовіч. // Хвастаць чым‑н. гнуткім. Высокі авёс біў дзяўчынку мяцёлкамі па твары і руках, асыпаўся ў кошык. Сіняўскі. Пальцы рукі нецярпліва перабіралі лазовы дубец, якім .. [афіцэр] раз-поразу біў па халявах ботаў. Лынькоў.

2. каго-што. Вынішчаць, забіваць (пра людзей). // Забіваць на паляванні (пра жывёл). Адны па пушчах і лясах Звяроў лавілі, білі. Танк.

3. каго-што. Перамагаць каго‑н.; наносіць паражэнне. [Дзядзька:] — Цябе [Цімоха] яшчэ .. і заваду на свеце не было, як я яго, германца, біў. Брыль. [Талаш:] — Мы звяжам тут рукі панам,.. будзем нападаць на іх абозы,.. без літасці біць таго, хто будзе стаяць за паноў. Колас.

4. перан.; каго-што. Весці барацьбу з кім‑, чым‑н., накіроўваць сваё дзеянне супраць каго‑, чаго‑н. І вашы [Маякоўскага] вершы Зноў дакладна б’юць Па мордах розных чэрчыляў і клеяў. Панчанка. [Радзевіч Варанецкаму:] — Але май на ўвазе: дэмагогаў трэба біць фактамі! Дуброўскі. // Прычыняць непрыемнасці, прымушаць перажываць. Нават самыя збітыя, газетныя выразы з .. [Бародкавых] вуснаў гучэлі са сваёй першароднай сілай — пранікнёна, свежа і моцна, словы білі, як камяні. Шамякін.

5. Стукаць, удараць. [Людзі] пабеглі да акна і пачалі біць па яго жалезных кратах. Лынькоў. Конь бяжыць, капытом зямлю б’е. Якімовіч. [Качкі] таксама не могуць лётаць, а толькі плаваюць і пры гэтым хутка, і гучна б’юць па вадзе крыламі. Маўр. // Парывіста, моцна ўдараць у што‑н. (пра хвалі, дождж, вецер і пад.). Вецер свістаў у вушах, калючыя і гарачыя сняжынкі білі ў твар. Мікуліч. Хвалі білі ў бераг усё часцей і часцей. Кулакоўскі. / у безас. ужыв. Часам.. трапляліся глыбокія лагі, і .. [Марта з Паўлам] абавязкова заглядалі ў іх — адтуль, як з сутарэння, біла пранізлівым холадам. Вышынскі. // Рэзка, моцна дзейнічаць на пачуцці чым‑н., імкліва пранікаць куды‑н. (пра святло, гарачыню, пах, гукі і пад.). Першакурсніца Люда Нагорная.. прыплюшчыла вочы, бо вельмі ветлівы фатограф даволі нахабна біў ёй у твар святлом. Брыль. Праз шчыліну ў сцяне ў вочы біў тонкі сонечны прамень. Грахоўскі. Плынь гарачага паветра ішла сюды і біла горача ў твар. Чорны. У нос б’е едкі кіслы тытунь: дыму поўна хата, як зачыніць. Пташнікаў.

6. у што. Б’ючы чым‑н. аб што‑н., утвараць стук, звон, гул і пад. Біць у рэйку. □ Пятрусь Кравец, званар, сядзеў на званіцы, дзержачы ў руках вяроўку, і зрэдку біў у звон. Колас. А дзядок нейкі крычаў «горка» І з захапленнем у бубен біў. Кірэенка.

7. што і без дап. Гучаць, вызвоньваць, званіць. У чыстым пакоі прахрыпеў насценны гадзіннік і пачаў біць. Лобан. Б’юць крамлёўскія куранты на Спаскай вежы. Кавалёў. Гарманісты іграюць, нібы на вяселлі, Бубны б’юць, маладыя гучаць галасы. Куляшоў.

8. Быць у пастаянным рытмічным руху; пульсаваць (пра сэрца, кроў). Сэрца моцна біла ў грудзях. Дамашэвіч.

9. Страляць, абстрэльваць. Артылерысты пачалі біць .. простай наводкай. Чорны. Камсамолачка Дарота! Пойдзем разам ваяваць, — Буду біць я з кулямёта, Ты — патроны падаваць. Крапіва. // Страляць (пра зброю). Захліпаліся нямецкія кулямёты.. Білі яны трасёрамі. Шамякін.

10. што. Разбіваць, ламаць. Па гаршку цаляць не буду: Я ж не дурань біць пасуду. Крапіва.

11. Выцякаць імклівым струменем; вылівацца з сілай. Ракой, фантанамі з зямлі б’е нафта. Купала. Каля самага берага б’е з-пад зямлі крыніца з серабрыстай сцюдзёнай вадой. В. Вольскі. Я вылез з-пад .. [каня] і бачу: пярэднія ногі перабіты, кулямётная чарга прашыла таксама жывот. Адусюль б’е кроў. Няхай. Сервант насцеж, шыфаньер насцеж, усе футаралы на падлозе, з крана вада б’е, на абрусе лужына, дзверы не зачынены, — цэлы пагром! Гарбук. // З сілай вырывацца, шугаць (пра полымя). Бушуе, б’е полымя ўвысь, Выкідвае дым. Колас. // перан. Выбівацца (пра бурныя, поўныя невычарпальнай сілы праявы энергіі). Са Смольнага, дзе — біла плынь імкненняў, Дзе браў раўненне пераможны клас, Ён [Ленін] справы новых бачыў пакаленняў. Ён бачыў нас. Ён добра бачыў нас. Кірэенка. / у безас. ужыв. [Дзяўчат] ахапіў працоўны запал, ад іх біла маладосцю, здароўем, натхненнем, азартам. Карпюк. // перан. Свяціцца, выяўляцца (пра пачуцці). Эх, сонечная раніца, Цямней ты нам за ноч! Маўчалі людзі хмурыя, А помста біла з воч. Панчанка.

12. каго-што. Разм. Трэсці (пра хваробу, хваляванне, страх і пад.). Ад ранішняй вільгаці і страху .. [Сашу] пачала біць ліхаманка. Шамякін. Дым лезе ў вочы, цябе б’е кашаль, але ты трымаешся. Шахавец. Шуру, нягледзячы на цёплы кажух, білі дрыжыкі. Навуменка.

13. У спартыўных гульнях — удараць па чым‑н., кідаць што‑н., імкнучыся папасці. Біць па варотах.

14. што. Прабіваць; свідраваць, капаць. Мы білі штольні дынамітам. Звонак. Апошняя куля трапіла ў бутлю, прызначаную для людзей, якія заўтра павінны былі пачаць біць студню на Кагутовай сядзібе. Караткевіч.

15. Убіваць, заганяць, забіваць. Білі ў дно рачное палі, Клалі бэлькі і брусы. Зарыцкі.

16. Раздзяляць на больш дробныя часткі. Яшчэ зранку, на досвітку, пайшоў наш дзядзька на рум біць калоды. Колас. Людзі бачылі, што за горадам, дзе кладуць новую шашу, паміж малатабойцаў, што білі каменне, ёсць адзін вельмі малады. Чорны.

17. што. У некаторых рамёствах — вырабляць пэўным спосабам. Біць масла. Біць валёнкі.

18. У гульні ў шахматы, шашкі — браць фігуру праціўніка. Дошка малая, ды і манеўранасць шашак абмежавана жорсткімі правіламі: хадзіць толькі ўперад, біць абавязкова! «Маладосць». // У картачнай гульні — выйграваць, раскрываючы большую карту. Біць козырам.

•••

Байды біць — пазбягаць работы, займацца глупствам.

Бібікі (лынды) біць — гультаяваць, бяздзейнічаць; займацца пустымі справамі.

Біць адбой — а) даваць сігнал на спыненне якога‑н. дзеяння; б) адмаўляцца ад свайго рашэння, думкі; адступаць ад свайго намеру. На начальніка з раёна як хто халоднай вады цэбар узліў. Пачаў біць адбой. Чорны.

Біць з гарматы па вераб’ях — тое, што і страляць з гарматы па вераб’ях (гл. страляць).

Біць крыніцай — бурна развівацца, квітнець. Як толькі пачыналася раніца, у заезджым доме Гірша Дрэйзіна пачынала крыніцаю біць жыццё. Чорны.

Біць на што — імкнуцца да чаго‑н., дамагацца чаго‑н. Біць на вонкавы эфект.

Біць па кішэні — уводзіць у вялікія выдаткі.

Біць паклоны — пры малітве рабіць нізкія паклоны; нізка кланяцца.

Біць трывогу — а) даваць сігналы аб небяспецы або нападзе ворага; б) заклікаць да барацьбы супраць каго‑, чаго‑н.; звяртаць увагу на пагрозу чаго‑н.

Біць у вочы — быць прыкметным, прыцягваць увагу.

Біць (сябе) у грудзі — а) біць сябе кулаком у грудзі, запэўніваючы ў чым‑н.; клясціся, запэўніваць у чым‑н. — Я — сацыяліст-рэвалюцыянер, — б’е сябе ў грудзі аграном. Якімовіч; б) біць сябе кулаком у грудзі ў роспачы; каяцца ў чым‑н.

Біць у званы — а) балбатаць, малоць языкамі, пустазвоніць; б) тое, што і біць у набат.

Біць у (адну) кропку — накіроўваць увагу, словы, дзеянні на што‑н. адно.

Біць (пляскаць) у ладкі (далоні) — удараць далонню аб далонь; адбіваць такт. — А, дзядзька, дзядзечка, саколік! Насып мне ягад у прыполік! — Дай мне дубец! — А мне дай вуды! — крычаць малыя шалапуды, Бягуць і скачуць, б’юць у ладкі... Колас.

Біць у лёт — тое, што і страляць у лёт (гл. страляць).

Біць у набат — а) пры дапамозе звана склікаць людзей з выпадку бедства; б) выклікаць трывогу, звяртаць увагу грамадства на што‑н.

Біць (даваць) у нос — пра востры, едкі пах чаго‑н.

Біць у хамут — рэзка рэагаваць, выяўляючы крыўдлівасць.

Біць у цэль (міма цэлі) — а) пападаць (не пападаць) у цэль; б) дасягаць (не дасягаць) патрэбнага выніку.

Біць (ліцца) цераз край — праяўляцца з вялікай сілай (пра пачуцці, энергію і пад.).

Біць чалом — а) прасіць каго‑н. аб чым‑н. [Гаруноў:] — Не буду чалом біць і не буду прасіць, каб мяне не паміналі ліхам. Дуброўскі; б) пачціва кланяцца каму‑н., вітаць каго‑н. Зямля мая! Мой дом, мой хлеб адзіны, Я вечна твой, я б’ю табе чалом. Дайнека.

З-за вуха біць — гаварыць прама, рэзка.

Ногі біць — натруджваць ногі працяглай і дарэмнай хадзьбою.

Час б’е чый або каго-чаго — а) надыходзіць, набліжаецца канец; б) надыходзіць час што‑н. рабіць.

Язык аб зубы біць — гаварыць пустое; малоць языком.

Як у бубен біць — жыва і настойліва перадаваць якую‑н. чутку, гаварыць у адзін голас пра што‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)