ЭЛЕКТРО́ННА-ДЗІ́РАЧНЫ ПЕРАХО́Д, p—n-пераход,

вобласць паўправадніка, у якой тып эл. праводнасці мяняецца ад дзірачнай p (легіраванай акцэптарамі) да электроннай n (легіраванай донарамі).

Пры адсутнасці току кантактнае эл. поле, накіраванае ад нескампенсаваных электронамі праводнасці дадатна зараджаных донараў да нескампенсаваных дзіркамі адмоўна зараджаных акцэптараў, перашкаджае дыфузіі электронаў і дзірак насустрач адзін аднаму. Падвойны электрычны слой паміж электранейтральнымі p- і n-абласцямі з’яўляецца энергет. бар’ерам для руху электронаў n-вобласці ў p-вобласць і дзірак p-вобласці ў n-вобласць. Калі знешні дадатны эл. патэнцыял прыкладзены да p-вобласці, а адмоўны — да n-вобласці, г.зн. знешняе эл. поле накіравана процілегла кантактнаму полю, то энергет. бар’ер для руху электронаў і дзірак памяншаецца (прамое зрушэнне). Калі дадатны патэнцыял прыкладзены да n-вобласці, а адмоўны — да p-вобласці, то энергет. бар’ер павялічваецца (адваротнае зрушэнне). Адсюль вынікае асн. ўласцівасць p—n-пераходу — залежнасць яго супраціўлення ад напрамку і велічыні знешняга эл. поля. Пры прыкладанні да Э.-дз.п. дастаткова вял. адваротнага зрушэння ўзнікае электрычны прабой p—n-пераходу, і ток рэзка нарастае. Залежнасць таўшчыні падвойнага эл. слоя ад рознасці патэнцыялаў паміж n- і p-абласцямі дае магчымасць выкарыстоўваць Э.-дз.п. як кандэнсатар з ёмістасцю, кіравальнай знешняй крыніцай эл. поля. На залежнасці току насычэння ад розных знешніх уздзеянняў (цеплавых, мех., аптычных і інш.) заснаваны прынцыпы работы датчыкаў т-ры, ціску, іанізавальных выпрамяненняў і інш. Э.-дз.п. — аснова многіх паўправадніковых прылад (транзістараў, тырыстараў, лазерных дыёдаў, сонечных батарэй і інш.).

Літ.:

Гл. да арт. Паўправадніковыя прылады.

М.​А.​Паклонскі.

Да арт. Электронна-дзірачны пераход: 1 — схема p-n-пераходу (з электрычнымі кантактамі); 2 — залежнасць току I праз p-n-пераход ад рознасці электрычных патэнцыялаў U паміж электранейтральнымі p- і n-абласцямі: U1 — напружанне адкрывання p—n-пераходу; IS — ток насычэння; U2 — прабіўное напружанне (|U2| ≫ |U1|. Залежнасці I(U) пры прамым і адваротным зрушэннях прыведзены ў розных маштабах.

т. 18, кн. 1, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Я́ДЗЕРНЫ РЭА́КТАР, атамны рэактар,

устройства, у якім пад уздзеяннем нейтронаў адбываецца кіравальная ланцуговая ядзерная рэакцыя дзялення цяжкіх ядраў; асноўная частка атамнай электрастанцыі або ядзернай сілавой устаноўкі. Першы ў свеце Я.р. пабудаваны ў ЗША (1942), першы ў Еўропе — у СССР (Масква. 1946).

Асн. элементы Я.р.: актыўная зона, у якой знаходзяцца ядзернае паліва, органы кіравання рэакцый дзялення і каналы для праходу цепланосьбіта (у цеплавых і прамежкавых таксама запавольнік, гл. Запавольванне нейтронаў); адбівальнік нейтронаў; кантэйнеры для іх размяшчэння. Я.р. аснашчаны сістэмамі рэгулявання і аварыйнай аховы, аварыйнага расхалоджвання, кантролю параметраў актыўнай зоны і біял. аховы (бетонныя сцены. бакі з вадой і інш.). Паводле прызначэння адрозніваюць: энергет. рэактары, што выкарыстоўваюць як крыніцы ядзернай энергіі, рэактары-размнажальнікі і рэактары-канвертары для вытв-сці другаснага ядз. паліва; выпрабавальныя і доследныя рэактары. Па размяшчэнні ядз. паліва і запавольніка падзяляюцца на гамагенныя рэактары і гетэрагенныя рэактары. Залежна ад віду адз. паліва, што выкарыстоўваецца, бываюць уранавыя, плутоніевыя, змешаныя (уран-плутоніевыя); ад энергіі нейтронаў, што праводзяць дзяленне цяжкіх ядраў, — цеплавыя, прамежкавыя і хуткія; ад віду цепланосьбіта — лёгка-, цяжкаводныя, газавыя, вадкаметал., арган., вадкасалявыя. Магутнасць Я.р. ад доляў ват (рэактары фіз. магутнасці) да 1000—2000 МВт (энергет. рэактары). У працэсе работы Я.р. першапачаткова закладзенае ядз. паліва выгарае і ўтвараецца другаснае (у асн. ізатопы плутонію), намнажаюцца асколькі дзялення і прадукты іх радыеактыўнага распаду.

На Беларусі першы доследны Я.р. ІРТ—1000 уведзены ў эксплуатацыю ў 1962 і працаваў да снеж. 1987. На ім праводзіліся даследаванні ў галіне ядз. фізікі, фізікі цвёрдага цела, радыяцыйнай хіміі, біялогіі, фізіялогіі і медыцыны. У 1985 створаны два доследныя ўзоры перасоўнай АЭС з уран-гідрыдцырконіевымі Я.р. цеплавой магутнасці 5000 кВт. У 1965—91 створана некалькі цеплавых уран-водных, уран-гідрыдцырконіевых і хуткацеплавых Я.р. фіз. магутнасці. Усе гэтыя рэактары размяшчаліся на пляцоўцы Ін-та ядз. энергетыкі АН Беларусі. Пасля Чарнобыльскай катастрофы 1986 і распаду СССР усе работы на рэактарах былі прыпынены з выгрузкай з іх ядз. паліва. З 2000 дзейнічае толькі адзін падкрытычны уран-поліэтыленавы Я.р. фіз. магутнасці «Яліна», які кіруецца генератарам нейтронаў. Ён размешчаны на пляцоўцы Аб’яднанага ін-та энергет. і ядз. даследаванняў «Сосны» Нац. АН Беларусі і выкарыстоўваецца для эксперыментаў у галіне ядз. фізікі, выпрабаванняў на радыяцыйную трываласць элементаў электроннай тэхнікі і для вывучэння розных аспектаў трансмутацыі доўгажывучых радыеактыўных адходаў.

Літ.:

Красин А.К. Реакторы атомных электростанций. Мн., 1971.

А.​І.​Ярашэвіч.

Да арт. Ядзерны рэактар: а — прынцыповая схема (1 — рэгулюючыя стрыжні, 2 — ахова, 3 — адбівальнік, 4 — цеплаабмённік, 5 — турбіна, 6 — генератар, 7 — кандэнсатар, 8 — цепланосьбіт, 9 — актыўная зона); б — схематычны разрэз гетэрагеннага рэактара (1 — рэгулюючыя стрыжні, 2 — паліва, 3 — запавольнік, 4 — адбівальнік, 5 — актыўная зона, 6 — ахова).

т. 18, кн. 1, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ЗЕРНАЯ ТЭХНАЛО́ГІЯ,

сукупнасць тэхнал. прыёмаў і спосабаў апрацоўкі, змены ўласцівасцей, стану і формы матэрыялу або паўфабрыкату з дапамогай выпрамянення лазераў. Асн. аперацыі Л.т. звязаны з цеплавым дзеяннем лазернага выпрамянення (пераважна цвердацелых лазераў і газавых лазераў). Эфектыўнасць Л.т. абумоўлена высокай лакальнасцю і кароткачасовасцю ўздзеяння, вял. шчыльнасцю патоку энергіі ў зоне апрацоўкі, магчымасцю вядзення тэхнал. працэсаў у празрыстых асяроддзях (у вакууме, газе, вадкасці, цвёрдым целе). Выкарыстоўваецца ў мікраэлектроніцы і электравакуумнай тэхніцы, паліграфіі, машынабудаванні, у прам-сці буд. матэрыялаў для свідравання адтулін, рэзкі і скрайбіравання (нанясення малюнкаў на паверхню) плёнак і паўправадніковых пласцін, зваркі (гл. Лазерная зварка), загартоўкі, гравіроўкі, нарэзкі рэзістараў, рэтушы фоташаблонаў і інш.

Свідраванне адтулін звычайна робіцца імпульсным лазерам (працягласць імпульсу 0,1—1 мс) у любых матэрыялах (цвёрдых, крохкіх, тугаплаўкіх, радыеактыўных). Лазерам свідруюць алмазныя фільеры для валачэння дроту, стальныя і керамічныя фільеры для вытв-сці штучных валокнаў, рубінавыя камяні для гадзіннікаў, ферытавыя пласціны для запамінальных прыстасаванняў ЭВМ, дыяфрагмы электронна-прамянёвых прылад, керамічныя ізалятары, вырабы са звышцвёрдых сплаваў і інш. Лазерная рэзка вядзецца ў імпульсным і бесперапынным рэжыме, з падачай у зону рэзкі струменю газу (звычайна паветра або кіслароду). Выкарыстоўваецца для раздзялення дыэлектрычных і паўправадніковых падложак (таўшчынёй 0,3—1 мм), скрайбіравання паўправадніковых пласцін, рэзання крохкіх вырабаў са шкла, сіталу і пад. (метадам тэрмічнага расколвання) і інш. Фігурная апрацоўка паверхні — стварэнне мікрарэльефа на матэрыялах выпарэннем, тэрмаапрацоўкай, акісляльна-аднаўляльнымі і інш. рэакцыямі, выкліканымі награваннем, тэрмастымуляванымі дыфузійнымі працэсамі. Выкарыстоўваецца ў мікраэлектроніцы, паліграфічнай прам-сці, пры апрацоўцы цвёрдых сплаваў, ювелірных камянёў і інш. У электроннай тэхніцы перспектыўныя кірункі Л.т.: паверхневы адпал паўправадніковых пласцін з мэтай узнаўлення структуры іх крышталічнай рашоткі пры іонным легіраванні, стварэнне актыўных структур на паверхні паўправаднікоў, атрыманне p-n-пераходаў метадам лакальнай дыфузіі з лазерным нагрэвам, нанясенне тонкіх метал. і дыэл. плёнак лазерным выпарэннем і інш. У фоталітаграфіі Л.т. выкарыстоўваюцца для вырабу звышмініяцюрных друкарскіх плат, інтэгральных схем, відарысаў і інш. элементаў мікраэлектроннай тэхнікі; у хім. і мікрабіял. вытв-сці — для селектыўнага стымулявання хім. і біял. актыўнасці малекул; у медыцыне — для лячэння скурных захворванняў, язваў страўніка, кішэчніка і інш. Магутныя (ад 1 кВт і вышэй) лазеры выкарыстоўваюцца для рэзкі і зваркі тоўстых стальных лістоў, паверхневай загартоўкі, наплаўлення і легіравання буйнагабарытных дэталей, ачысткі будынкаў ад паверхневых забруджванняў, рэзкі мармуру, граніту, раскрою тканіны, скуры і інш.

На Беларусі распрацоўкі па Л.т. вядуцца ў ін-тах Нац. АН (фізікі, малекулярнай і атамнай фізікі, фізіка-тэхнічным, прыкладной фізікі, фотабіялогіі і інш.), Ін-це прыкладных фіз. праблем БДУ, Гомельскім ун-це, у шэрагу галіновых НДІ.

Літ.:

Лазерная и электронно-лучевая обработка материалов. М., 1985;

Дьюли У. Лазерная технология и анализ материалов: Пер. с англ. М., 1986;

Промышленное применение лазеров: Пер. с англ. М., 1988.

В.​В.​Валяўка, В.​К.​Паўленка.

Да арт. Лазерная тэхналогія. А. Схема лазернай рэзкі з тэлекантролем працэсу. 1 — дэталь, якая апрацоўваецца; 2 — прыстасаванне факусіроўкі лазернага праменя; 3 — лазер; 4 — замкнёная тэлевізійная сістэма; 5 — дысплей. Б. Схема станка з рубінавым лазерам для святлопрамянёвай апрацоўкі: 1 — імпульсная лямпа; 2 — кандэнсатар; 3 — паралельныя люстэркі; 4 — штучны рубін; 5 — лінза; 6 — выраб, які апрацоўваецца.

т. 9, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЛЕКТРЫ́ЧНАСЦЬ (ад грэч. ēlektron бурштын),

сукупнасць эл.-магн. з’яў, звязаных з існаваннем, рухам і ўзаемадзеяннем зарадаў электрычных (зараджаных цел і часціц). Існаванне нерухомых зарадаў спараджае электрастатычнае поле, праз якое яны ўзаемадзейнічаюць (вывучаецца электрастатыкай). Рух зарадаў (электрычны ток) выклікае электрычнае поле і магнітнае поле. Яны звязаны паміж сабой і ўтвараюць электрамагнітнае поле, пры дапамозе якога ажыццяўляецца электрамагнітнае ўзаемадзеянне. Часткай агульнага вучэння пра Э. з’яўляецца магнетызм. Выкарыстаннем Э. ў тэхніцы займаецца электратэхніка. У вузкім сэнсе Э. — самі эл. зарады.

Эл. і магн. з’явы вядомы з глыбокай старажытнасці Назіраліся маланкі, свячэнні на вастрыях высокіх пабудоў і інш. праявы атмасфернай электрычнасці, прыцягванне пэўнымі мінераламі кавалачкаў жалеза, а бурштынам, пацёртым аб шэрсць, — лёгкіх прадметаў (электрызацыя трэннем). Тэрмін «Э.» увёў у 1600 У.Гільберт, які ўстанавіў адрозненне паміж эл. і магн. з’явамі, існаванне магн. полюсаў і інш. У 1733—34 франц. фізік Ш.​Ф.​Дзюфэ выявіў існаванне 2 родаў эл. зарадаў (адмоўных і дадатных) і характар іх узаемадзеянняў. У 1745 вынайдзены кандэнсатар (лейдэнская банка), які дазволіў назапашваць вял. эл. зарады. У 1745—53 Б.​Франклін стварыў першую тэорыю эл. з’яў, устанавіў эл. прыроду маланкі. У 2-й пал. 18 ст. з’явіліся першыя вымяральныя прылады — электраскопы, электрометры. Г.Кавендыш (1773) і Ш.А.Кулон (1785) устанавілі закон узаемадзеяння эл. зарадаў (Кулона закон). Л.Гальвані (1791) і А.Вольта (1794) стварылі хім. і кантактавыя крыніцы эл. току (гальванічныя элементы і батарэі з іх — т.зв. вольтавы слупы). У 1802 В.​У.​Пятроў адкрыў электрычную дугу. У 1820 адкрыта залежнасць паміж магн. полем і эл. токам — Біо—Савара закон; Х.К.Эрстэд устанавіў сувязь паміж эл. і магн. з’явамі; А.М.Ампер — закон узаемадзеяння эл. токаў (Ампера закон). У 1826 Г.Ом устанавіў залежнасць эл. току ад напружання (Ома закон), у 1830 К.Ф.Гаўс сфармуляваў асн. тэарэму электрастатыкі (Гаўса тэарэма), у 1831 М.Фарадэй адкрыў з’яву электрамагнітнай індукцыі, у 1833—34 — законы электролізу, упершыню ўвёў уяўленні пра эл. і магн. палі. Дж.П.Джоўль (1841) і Э.Х.Ленц (1842) даследавалі цеплавое дзеянне эл. току і абгрунтавалі Джоўля—Ленца закон. У 1861—73 Дж.К.Максвел сфармуляваў фундаментальныя ўраўненні класічнай электрадынамікі — Максвела ўраўненні, з якіх вынікае існаванне электрамагнітных хваль. Дж.​Дж.Томсан у 1897 адкрыў электрон, у 1898 вызначыў абс. значэнне яго зараду. У 1880—1909 Х.А.Лорэнц стварыў электронную тэорыю будовы рэчыва, растлумачыў шэраг эл.-магн. з’яў, заклаў асновы электрадынамікі рухомых асяроддзяў. Ураўненні Максвела разам з электроннай тэорыяй Лорэнца сталі асновай класічнай электрадынамікі. Г.Л.Герц (1886—89) эксперыментальна даказаў існаванне эл.-магн. хваль, М.К.Э.Л.Планк (1900) і А.Эйнштэйн (1905) прыйшлі да высновы аб квантавым характары эл.-магн. поля. У 2-й чвэрці 20 ст. створана квантавая тэорыя эл.-магн. працэсаў — квантавая электрадынаміка. Вучэнне пра Э. — навук. аснова электра- і радыётэхнікі, электронікі, фіз. оптыкі, электрахіміі і інш.

Літ.:

Тамм И.Е. Основы теории электричества. 9 изд. М., 1976;

Калашников С.Г. Электричество. М., 1977;

Стражев В.И., Томильчик Л.М. Электродинамика с магнитным зарядом. Мн., 1975;

Власов А.А. Микроскопическая электродинамика. М., 1955;

Сивухин Д.В. Общий курс физики. Т. 3. М., 1977;

Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970.

Л.​І.​Болсун, У.​М.​Сацута.

т. 18, кн. 1, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Я́ДЗЕРНАЯ ЭНЕРГЕ́ТЫКА, атамная энергетыка,

галіна энергетыкі, якая выкарыстоўвае ядзерную энергію для вытв-сці эл. і цеплавой энергіі; галіна навукі і тэхнікі, што распрацоўвае метады і сродкі пераўтварэння ядз. энергіі ў эл. і цеплавую. Аснова Я.э. — атамныя электрастанцыі (АЭС). Ядз. энергія пераўтвараецца ў карысную таксама на атамных цеплаэлектрацэнтралях, атамных станцыях цеплазабеспячэння і ядзерных сілавых устаноўках (на ледаколах, падводных лодках і інш.). Перспектыўныя (пры рэалізацыі кіроўнага тэрмаядз. сінтэзу) тэрмаядз. электрастанцыі.

Крыніцай энергіі на АЭС з’яўляецца ядзерны рэактар, у якім ажыццяўляецца кіравальная ланцуговая ядзерная рэакцыя дзялення некаторых цяжкіх ядраў урану, плутонію, торыю. У гэтым працэсе вылучаецца вял. колькасць цяпла, у асноўным (больш за 90%) пры тармажэнні асколкаў дзялення ядраў у матэрыяле ядзернага паліва. Адвод атрыманага цяпла і ператварэнне яго ў карысную энергію ажыццяўляецца метадамі прамысл. цеплаэнергетыкі (для атрымання электраэнергіі выкарыстоўваецца паратурбінны спосаб). У адрозненне ад звычайнай ЦЭС на АЭС замест топкі паравога катла для атрымання рабочага цела (вадзяной пары) выкарыстоўваецца ядз. рэактар.

Развіццё Я.э. пачалося з пуску ў 1954 у СССР першай АЭС магутнасцю 5000 кВт (г. Обнінск Калужскай вобл.). Аснову сусветнай Я.э. склалі АЭС з рэактарамі на цеплавых нейтронах. З цеплавых рэактараў найб. пашырэнне атрымалі корпусныя рэактары пад ціскам тыпу PWR (ВВЭР у Расіі) і кіпячыя рэактары BWR. Асн. недахоп цеплавых рэактараў — нізкая эфектыўнасць выкарыстання прыроднага урану. Больш перспектыўныя рэактары на хуткіх нейтронах (хуткія рэактары), у якіх разам з выпрацоўкай электраэнергіі атрымліваецца новае ядз. паліва — плутоній (каэф. узнаўлення 1,4 і вышэй). Аднак з-за больш высокага кошту іх буд-ва абмежавалася доследнымі блокамі. Энергетычны крызіс пач. 1970-х г. прывёў да масавага буд-ва АЭС. Яго тэндэнцыямі былі павелічэнне магутнасці энергаблокаў да 1—1,5 млн. кВт, магутнасці АЭС да 4—6 млн. кВт. павышэнне параметраў ядз. рэактараў і інш. абсталявання. У пач. 1980-х г. з-за паніжэння і стабілізацыі цэн на арган. паліва тэмпы буд-ва АЭС запаволіліся. хаця ў некат. краінах (Францыя. Германія. Японія. СССР) Я.э. працягвала развівацца апераджальнымі тэмпамі. Пасля Чарнобыльскай катастрофы 1986 некаторыя краіны прынялі мараторый на далейшае развіццё Я.э., інш. закансервавалі буд-ва АЭС. Новыя АЭС будавалі пераважна ў краінах Азіі. З цягам часу былі прыняты меры па павышэнні бяспекі і надзейнасці працуючых АЭС. распрацаваны ўдасканаленыя і больш бяспечныя ядз. рэактары. Удасканаленыя праекты энергаблокаў 3-га пакалення адпавядаюць сучасным патрабаванням па бяспецы і практычна выключаюць цяжкія аварыі з выкідам радыенуклідаў у навакольнае асяроддзе. Аднак шэраг праблем, звязаных з бяспекай, рэсурсамі ядз. паліва. пахаваннем радыеактыўных адходаў і інш., стрымліваюць развіццё Я.э. На пач. 2003 у свеце эксплуатаваўся 441 ядз. энергаблок эл. магутнасцю больш за 377 ГВт. будаваліся 32 блокі. У Еўропе Я.э. склала 34% ад усёй энергетыкі, у вядучых ядз. краінах — ад 40 да 80%. На бліжэйшую перспектыву (2010—15) развіццё Я.э. звязана з павышэннем канкурэнтаздольнасці АЭС, павелічэннем тэрміну службы, надзейнасці 1 бяспекі дзейных энергаблокаў, буд-вам удасканаленых АЭС. Буйнамаштабныя праграмы развіцця Я.э. ажыццяўляюцца ў Японіі, Францыі. Паўд. Карэі, Кітаі, Індыі. на Тайвані; аднавіў буд-ва АЭС Іран. Энергет. стратэгіяй Расіі на перыяд да 2020 прадугледжана апераджальнае развіццё Я.э. У шэрагу інш. краін Еўропы (Аўстрыя. Данія, Італія, Галандыя. Швецыя. Германія) прынята палітыка адмовы ад выкарыстання Я.э. Прагназуецца, што макс. ўклад Я.э. ў сусв. вытв-сць электраэнергіі чакаецца на мяжы 2010, потым у выніку вываду з эксплуатацыі энергаблокаў I і II пакаленняў да 2020 яе доля можа панізіцца. Сярэднетэрміновая перспектыва (2025—30) будзе характарызавацца масавым вывадам з эксплуатацыі энергаблокаў, якія вычарпалі свой рэсурс, буд-вам удасканаленых энергаблокаў 3-га пакалення, распрацоўкай і ўкараненнем рэактараў 4-га пакалення. Буйнамаштабная Я.э. будучага можа развівацца толькі на аснове хуткіх рэактараў. Для энергетычнага забеспячэння ўстойлівага развіцця чалавецтва ў доўгатэрміновай перспектыве неабходна стварыць новую ядз. тэхналогію натуральнай бяспекі, якая будзе гарантаваць: неабмежаваную забяспечанасць паліўнымі рэсурсамі (прыродным уранам. у далейшым — торыем); выключэнне цяжкіх аварый з радыяцыйнымі выкідамі пры любых адказах абсталявання, памылках персаналу і знешніх уздзеяннях; экалагічна бяспечную утылізацыю радыеактыўных адходаў; ліквідацыю канала распаўсюджвання ядз. зброі выключэннем тэхналогій здабывання плутонію з адпрацаванага паліва; канкурэнтаздольную эканамічнасць.

На Беларусі ў 1983 было пачата буд-ва Мінскай атамнай цеплаэлектрацэнтралі магутнасцю 2000 МВт, распрацаваны праект Беларускай АЭС магутнасцю 6000 МВт. Пасля Чарнобыльскай катастрофы праграма развіцця Я.э. на Беларусі спынена. У апошні час выкананы даследаванні магчымасці і мэтазгоднасці развіцця Я.э. ў краіне. Яны паказалі эканам. мэтазгоднасць буд-ва АЭС, магчымасць яе размяшчэння на тэр. рэспублікі, наяўнасць бяспечных і эканамічных праектаў энергаблокаў.

М.​М.​Груша.

Адзін з асноўных аб’ектаў (крыніц энергіі) сучаснай ядзернай энергетыкі — двухблочная АЭС з рэактарамі ВВЭР-440. А — знешні выгляд. Б — блочны шчыт кіравання з дысплеямі, прыладамі, сігнальнымі табло, індыкатарамі, мнемасхемамі, друкавальнымі прыстасаваннямі. В — схема станцыі: 1,2 — рэактарныя будынкі; 3 — стальная ахоўная абалонка; 4 — лядовы кандэнсатар; 5 — корпус рэактара; 6 — парагенератар; 7 — вылічальная машына; 8 — блочны шчыт кіравання; 9 — турбагенератары; 10 — адкрытае размеркавальнае ўстройства; 11 — вентыляцыйная труба; 12 і 13 — дапаможныя будынкі контураў; 14 — адміністрацыйны будынак.

т. 18, кн. 1, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)