адзін з кіраўнікоў паўстанцкіх атрадаў у час вызваленчай вайны ўкраінскага і беларускага народаў 1648—54. Палкоўнік Войска Запарожскага. Вясной 1649 на чале 10-тысячнага атрада накіраваны Б.Хмяльніцкім на дапамогу паўстанцам Беларусі. Рухаючыся ўверх па цячэнні Прыпяці, казакі грамілі і рабавалі шляхецкія маёнткі, атрымалі некалькі перамог у баях з харугвамі войска ВКЛ на чале з Я.Радзівілам. З’яўленне казакоў садзейнічала разгортванню паўстання на Беларусі. Да іх далучыліся паўстанцы з Гомеля і інш. мястэчак. 17.6.1649 у раёне мяст. Загалле (цяпер Хойніцкі р-н) Галота з 3-тысячным (паводле інш. звестак 7-тысячным) атрадам уступіў у бітву з войскам ВКЛ. Конніца ротмістра Сасноўскага адцясніла казакоў да балот, і ў выніку працяглага бою амаль усе паўстанцы разам з Галотам загінулі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́ЧАЎСКІ БОЙ 1651,
бой паміж казацка-сялянскім войскам і войскам ВКЛ у час антыфеадальнай вайны 1648—51. У чэрв. 1651 4 тыс.ўкр.казакоў на чале з палк. І.Шохавым зрабілі рэйд праз тэр. Расіі ва ўсх. паветы ВКЛ. 6 чэрв. яны захапілі Рослаўль, частка казакоў і сялян, якія далучыліся да іх, пасланы Шохавым да Крычава. На дапамогу гарнізону горада Я.Радзівіл накіраваў атрад Вейса ў 300 коннікаў і 600 пехацінцаў, які злучыўся з атрадам мсціслаўскай, аршанскай і віцебскай шляхты на чале з мсціслаўскім падсудкам Валовічам. 28.6.1651 недалёка ад Крычава ўрадавыя войскі былі разбіты казацка-сялянскім войскам. У баі загінулі Валовіч, мсціслаўскі пісар Сухадольскі і інш. знатныя шляхціцы. Вейс узяты ў палон і забіты. Крычаў узяты штурмам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫГО́ЎСКІ (Іван Яўстахавіч) (? — 26.3.1664),
гетман Украіны. Служыў у польск. войску, у бітве пад Жоўтымі Водамі (1648) трапіў у тат. палон, з якога выкуплены Б.Хмяльніцкім. Быў у апошняга генеральным вайск. пісарам. Пасля смерці Хмяльніцкага выбраны гетманам Украіны (1657—59). Арыентаваўся на збліжэнне з Польшчай, рыхтаваў план сумеснай з палякамі барацьбы супраць маскоўскага войска. Падпісаў Гадзяцкі дагавор 1658, паводле якога Украіна на федэратыўных асновах зноў уваходзіла ў Польскае каралеўства. Паводле ўмоў пагаднення, гетман павінен быў вызваліць ад казакоўтэр. Беларусі. Летам 1659 Выгоўскі пры падтрымцы польск. войска і татар разграміў пад Канатопам буйныя сілы рус. ваяводы А.Трубяцкога. Большасць казакоў была незадаволена палітыкай Выгоўскага, супраць яго выбухнула паўстанне на чале з І.Багуном і інш. Выгоўскі ўцёк у Польшчу, адмовіўшыся ад гетманства. Расстраляны ў выніку інтрыг гетмана Правабярэжнай Украіны П.Цяцеры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАПАРО́ЖСКАЯ СЕЧ,
ваенна-палітычная арг-цыяўкр.казакоў, казацкая рэспубліка ў 16—18 ст. за Дняпроўскімі парогамі. Назва ад драўляных умацаванняў — «сечаў», якія рабілі казакі. Засн. збеглымі прыгоннымі сялянамі, у т. л. з Беларусі, і гар. беднякамі. Вышэйшы орган — Вайск. рада, якая выбірала старшыну (кіраўніцтва) на чале з кашавым атаманам. Падзялялася на курані (у 1770-я г. іх было 38). Вяла барацьбу з польска-ўкр. землеўладальнікамі, крымскімі татарамі і туркамі. З паўстання ў З.с. пад кіраўніцтвам Б.Хмяльніцкага пачалася вызваленчая вайна ўкраінскага і беларускага народаў 1648—54. У 1709 за ўдзел запарожцаў у Булавінскім паўстанні 1707—08 і дапамогу шведам у час Паўночнай вайны 1700—21 З.с. ліквідавана рас. ўладамі. У 1734 створана т.зв. Новая сеч, якая ўдзельнічала ў рус.-тур. войнах 1735—39 і 1768—74. Канчаткова ліквідавана 5.8.1775 пры Кацярыне II як небяспечны асяродак нар. хваляванняў. Частка казакоў збегла да туркаў і заснавала Задунайскую сеч. З другой часткі ў 1787 утворана Чарнаморскае казацкае войска.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРА́НІН (Якаў) (?—6.5.1641),
адзін з кіраўнікоў сялянска-казацкага паўстання 1638 на Украіне. З 1633 палкоўнік рэестравых казакоў, з 1638 гетман. Пасля задушэння паўстання 1637—38 (узначальваў Бут) казакі вясной 1638 зноў выступілі супраць польскай і ўкр. шляхты, стварылі на Палтаўшчыне ўмацаваны лагер. Аднак гетман С.Патоцкі нанёс раз’яднаным казацкім атрадам шэраг паражэнняў. З часткай войскаў перайшоў у Расію, дзе забіты казакамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАКЛО́НСКІ (Канстанцін Вацлаў Юр’евіч) (? — пасля 1661),
бел. военачальнік у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67, палкоўнік. У пач. вайны перайшоў на бок рас. цара Аляксея Міхайлавіча, ад якога атрымаў званне бел. палкоўніка. Войска П. складалася з 6 тыс.чал. На працягу жн. 1654 узяў Чавусы і Магілёў (разам з арміяй ваяводы М.Ваейкава). На падуладных тэр.усх. Беларусі спрабаваў праводзіць самаст. палітыку, незалежную ад царскага ўрада і ўкр.казакоў, што прывяло да жорсткага супрацьстаяння і баявых дзеянняў з наказным гетманам укр. казацкага войска І.Залатарэнкам. Да канца 1654 казакі былі выцеснены з Магілёўскага пав. У 1655 перайшоў на бок ВКЛ, пацярпеў паражэнні ад рас. войск пад Барысавам і Койданавам, ад казакоў Залатарэнкі пад Ашмянамі. З восені 1655 завербаваны ў войска брандэнбургскага электара Фрыдрыха Вільгельма, саюзніка Рэчы Паспалітай. Праз некалькі месяцаў, з-за здрады электара, удзельнічаў у паходзе на Прусію пад кіраўніцтвам В.Гасеўскага. 22.10.1656 у час бітвы са шведамі пад Філіпавам трапіў у палон, зняволены ў Мальбаркскай крэпасці. Пасля вызвалення на вайсковую службу не пайшоў, уласныя сродкі ахвяраваў на ўзбраенне войск ВКЛ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЛІВА́ЙКІ ПАЎСТА́ННЕ 1594—96,
антыфеадальнае казацка-сял. паўстанне на Украіне і Беларусі пад кіраўніцтвам С.Налівайкі. Восенню 1595 Налівайка ўзначаліў антыфеад. рух на Правабярэжнай Украіне. Пры падтрымцы гар. нізоў казакі захапілі г. Луцк, разграмілі шмат магнацкіх і шляхецкіх маёнткаў на Падоллі і Валыні. Супраць Налівайкі быў пасланы 7-тысячны атрад рэестравых казакоў на чале з гетманам Р.Лабадой. Каб пазбегнуць сутыкнення, Налівайка накіраваў паўстанцаў у Беларусь. Казакі занялі г. Петрыкаў, 6.11.1595 — г. Слуцк. Адзін з раз’ездаў Налівайкі быў разбіты 25 ліст. каля г. Капыль войскамі К.Радзівіла. 27 ліст. казакі пакінулі Слуцк і рушылі ў напрамку на Бабруйск, але, не дайшоўшы да яго, павярнулі на Магілёў і 13 снеж. штурмам авалодалі ім. 25 снеж. да Магілёва падышло ўрадавае 18-тысячнае войска на чале з рэчыцкім старостам М.Буйвідам. Налівайка і 2 тыс. яго казакоў занялі пазіцыю за горадам, на Ільінскай гары каля Буйніцкага поля, агарадзіўшыся вазамі. Бітва на працягу дня не прынесла поспеху ні аднаму з бакоў. З прыцемкамі казакі пачалі адыход у напрамку Быхаў—Рагачоў—Рэчыца—Петрыкаў. Рухаючыся ўздоўж Прыпяці, яны захапілі Давыд-Гарадок, Тураў, Лахву, Пінск. На ПдУ Беларусі дзейнічала частка рэестравых казакоў пад кіраўніцтвам М.Шавулы, якая падтрымала Налівайку. Да вясны 1596 Налівайка з атрадам адышоў на Валынь, Шавула — ад Прапойска праз Быхаў на Чарнігаўшчыну. 2.4.1596 каля Белай Царквы атрады Шавулы і Налівайкі злучыліся і рушылі ўніз па Дняпры з мэтай перайсці расійскую мяжу. Урадавае войска на чале з гетманам С.Жалкеўскім адрэзала шляхі адыходу. Казакі ўмацаваліся на р. Саланіца каля мяст. Лубны. Аблога іх табара працягвалася амаль 2 тыдні. У лагеры абвастрыліся супярэчнасці паміж рэестравымі і нерэестравымі казакамі. Частка казацкай старшыны, спадзеючыся на каралеўскую амністыю, 7.7.1596 захапіла Налівайку, Шавулу і інш. кіраўнікоў паўстання і выдала іх Жалкеўскаму. Паўстанне было задушана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРНЕ́Т (франц. cornette),
малодшы афіцэрскі чын (воінскае званне) у кавалерыі шэрагу краін Еўропы і Расіі ў 15 — пач. 20 ст. Першапачаткова К. выконвалі ролю сцяганосцаў. У рас. арміі ўведзены у 1801 (акрамя драгунскай і казацкай кавалерыі, з 1882 уведзены і ў драгунаў), потым у жандармерыі і пагран. варце, адпавядаў чыну прапаршчыка (з 1884 падпаручніка) у пяхоце, артылерыі і інш. часцях, харунжага ў казакоў. Скасаваны ў еўрап. арміях да канца 19 ст., у Расіі — у 1917.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУПА́Н,
старадаўняе верхняе мужчынскае і жаночае адзенне ў палякаў, беларусаў і інш.слав. народаў. У 16—19 ст. быў абавязковай часткай адзення шляхты, мяшчан, укр.казакоў. Шылі пераважна з белага або шэрага сукна (радзей атласу. аксаміту). Крой двухбортны з вузкімі рукавамі і стаячым каўняром, спінка прыталеная, з бакоў устаўляліся кліны. Пярэднія гладкія полкі зашпільвалі на гузікі і падпяразвалі поясам. Паверх Ж. насілі кунтуш.
Да арт.Жупан. Партрэт К.Весялоўскага ў жупане з кунтушом. Невядомы мастак. 1636.