НЕЙТРАЛІЗА́ЦЫЯ у мовазнаўстве,

пазіцыйнае зняцце проціпастаўлення элементаў моўнай структуры. Напр., у бел. мове проціпастаўленне зычных па глухасці—звонкасці нейтралізуецца ў канцы слова («грып» і «грыб» вымаўляюцца аднолькава). Н. — адзін з важных сістэмаўтваральных фактараў, які звязвае асобныя моўныя элементы, іх апазіцыі і карэляцыі ў цэласную сістэму. Тэорыю Н. распрацаваў М.​С.​Трубяцкой.

т. 11, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

пада..., прыстаўка (гл. пад...).

Ужываецца замест «пад...»: а) перад збегам двух і больш зычных, напрыклад: падагнуць, падагрэць, падазваць, падарваць, падаткнуць; б) перад зычнымі, пасля якіх пішацца мяккі знак або апостраф, напрыклад: падалью, падаб’ю.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ГРУЗІ́НСКАЯ МО́ВА,

адна з іберыйска-каўказскіх моў (картвельская група). Мова грузін, дзярж. мова Грузіі. Пашырана таксама на Паўн. Каўказе, у Азербайджане, Турцыі і Іране. Мае 2 групы дыялектаў, адрозненні паміж якімі нязначныя: горскія (хевсурскі, пшаўскі, тумскі і інш.) і плоскасныя (картлійскі, кахецінскі, імерэцінскі, рачынскі, гурыйскі, аджарскі і інш.). У развіцці літ. грузінскай мовы вылучаюць або 2 перыяды — старажытны (5—11 ст.) і новы (з 12 ст.), або 3 — стараж. (5—11 ст.), сярэдні (12—18 ст.) і новы (з 19 ст.). З 1860-х г. развіваецца адзіная літ. грузінская мова (аснова — картлійскі і кахецінскі дыялекты).

У фанетыцы грузінскай мовы 5 галосных і 28 зычных; у сістэме зычных назіраецца 5 траічных проціпастаўленняў звонкі — глухі — змычна-гартанны; асобна вылучаюцца фарынгальны і ларынгальны. Слабы сілавы націск на пачатковым складзе слова. У марфалогіі — аглюцінацыя з мноствам прэфіксальных формаў. У сінтаксісе — эргатыўная канструкцыя. Грузінская мова мае стараж. арыгінальнае пісьменства (гл. Грузінскае пісьмо).

т. 5, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МОРФ, морфа (ад грэч. morphe від, форма),

кожная з разнавіднасцей марфемы, калі апошняя выступае ў розных словах і словаформах. Напр., каранёвая марфема слова «рука» выступае ў слове «ручны» ў выглядзе «руч-», у словаформе «рукі» ў выглядзе «рук’-», у словаформе «руцэ» ў выглядзе «руц-». Усе гэтыя разнавіднасці марфемы — М. Вылучаюць варыянтныя М. (могуць свабодна ўзаемазамяняцца ў адной і той жа пазіцыі) і аламорфы (гукавы склад абумоўлены пэўнай пазіцыяй). Напр., канчаткі «-ой» і «-ою» («вадой», «вадою») — варыянтныя М., а суфіксы «-чык» і «-шчык» — («лётчык», «зваршчык») — аламорфы: суфікс «-чык» ужываецца толькі пасля зычных «с», «з», «ж», а таксама «т» і «д» без папярэдніх санорных, а суфікс «-шчык» — пасля ўсіх астатніх зычных, («пільшчык», «пайшчык») у т. л. і пасля «т», «д» з папярэднім санорным («працэнтшчык»). Такім чынам, аламорфы знаходзяцца адзін да аднаго ў адносінах дадатковай дыстрыбуцыі. Тэрмін «М.» прапанаваў Ч.​Хокет (1947).

Літ.:

Глисон Г. Введение в дескриптивную лингвистику: Пер. с англ. М., 1959: Шуба П.П. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987.

П.​П.​Шуба.

т. 10, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

аба..., прыстаўка (гл. а... ​1).

Ужываецца замест «а... ​1» і «аб...»: 1) перад збегам зычных: абабраць, абагнаць, абазваць, абазначыць; 2) перад зычнымі «б», «п» з наступным апострафам (’), а ў некаторых выпадках і без яго: абаб’ю, абап’ю, абабіць, абаперціся.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

збег (род. збе́гу) м.

1. (действие) сбег, сбега́ние ср.;

2. (состояние) стече́ние ср.;

з. акалі́чнасцей — стече́ние обстоя́тельств;

3. грам. сочета́ние ср.;

з. зы́чных — сочета́ние согла́сных

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

ГЕРМА́НСКІЯ МО́ВЫ,

група роднасных моў індаеўрапейскай сям’і моў, адна з галін гэтай сям’і (гл. Індаеўрапейскія мовы). Па паходжанні германскія мовы ўзыходзяць да прагерманскай (агульнагерманскай) мовы, што існавала да н.э. У пач. н.э. ў ёй намецілася паступовае разгалінаванне на паўн.-, усх.- і зах.-германскія падгрупы. Паўн.-германская падгрупа ўключае ўсх.-скандынаўскія мовы (нарвежскую мову, ісландскую мову і фарэрскую — мову Фарэрскіх а-воў) і зах.-скандынаўскія (шведскую мову і дацкую мову). Найб. стараж. мова гэтай падгрупы — стараж.-ісландская (пісьмовыя помнікі 12 ст.). Усх.-германская падгрупа складаецца з мёртвых моў: бургундскай, вандальскай, гепідскай, герульскай і найб. стараж.гоцкай мовы. Зах.-германская падгрупа ўключае англійскую мову, нямецкую мову, нідэрландскую мову, люксембургскую, фрызскую, а таксама афрыкаанс і ідыш. Асноўныя асаблівасці германскіх моў — перамяшчэнне зычных; моцны націск на першым (каранёвым) складзе; рэдукцыя ненаціскных складоў і адпадзенне зычных і галосных у канцы слова; камбінаторныя змены галосных у выніку асіміляцыі аблаут як парадыгматычны фактар і інш. З пункту погляду сучаснага становішча грамат. ладу германскім мовам характэрна імкненне да аналітызму.

Т.​С.​Глушак.

т. 5, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

нада..., прыстаўка (гл. над...).

Ужываецца замест «над».

1. Перад зычнымі, пасля якіх пішацца мяккі знак або апостраф, напрыклад: надалью, надап’ю.

2. Перад збегам двух зычных, у складзе якіх ёсць звычайна «р», «л», «м», «н», напрыклад: падабраць, нададраць, надагнуць, надаслаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

са, (гл. з ​2), прыназ. з Р, В і Т.

Ужываецца замест прыназоўніка «з» перад словамі, якія пачынаюцца са збегу зычных, дзе першымі з’яўляюцца «с», «з», «ж», «ш», «м», напрыклад: са славай, са зруба, са жменьку, са шчыта, са мною.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

А́КАННЕ,

вымаўленне не пад націскам гука «а» заўсёды або ў пэўным становішчы ў адпаведнасці з галоснымі «а», «о», «е» пад націскам. Характэрная асаблівасць бел. літ. мовы (перадаецца і на пісьме) і мясц. гаворак асн. масіву, за выключэннем усх.-палескай (мазырскай) групы, а таксама рус. літ. мовы і яе паўд. гаворак. Адрозніваюць аканне пасля цвёрдых і аканне пасля мяккіх (яканне) зычных. У бел. мове пашырана недысімілятыўнае (моцнае) і дысімілятыўнае аканне. Пры недысімілятыўным гук «а» выступае заўсёды ў 1-м складзе перад націскам, а таксама пераважна і ў інш. ненаціскных складах: «вада́», «чалаве́к», «гавары́ў», «го́рад». Гэтае аканне ўласціва гаворкам сярэднебел. групы, полацка-мінскай падгрупы паўн.-ўсх. і паўд.-зах. дыялектам, дзе яно, аднак, няпоўнае, а таксама літ. мове. Пры дысімілятыўным аканні ў 1-м складзе перад націскам гук «а» вымаўляецца, калі пад націскам выступае любы галосны, акрамя «а». Перад складам з націскам «а» пасля цвёрдых зычных утвараецца невыразны гук «ь» або «ы». Падобныя гукі адзначаюцца і ў інш. ненаціскных складах, за выключэннем канцавога адкрытага складу: «вады́», «траво́й», але «тръва́», «бъръда́» (аднак «мно́га», «го́ра»). Такое аканне ў гаворках магілёўска-віцебскай падгрупы паўн.-ўсх. дыялекту.

Літ.:

Крывіцкі А.А., Падлужны А.І. Фанетыка беларускай мовы. Мн., 1984.

А.​А.​Крывіцкі.

т. 1, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)