прыглу́хнуць, ‑не; пр. прыглух, ‑ла; зак.

1. Стаць менш чутным, прыціхнуць. Гоман прыглух. □ Макарка і Лёнік пастаялі яшчэ трохі, пакуль адышоўся трактар і прыглух яго шум. Колас. // Спыніць дзеянне (пра матор). Васіль ужо быў павярнуўся і хацеў ісці, як раптам матор экскаватара зноў прыглух, і ён пачуў голас Алеся: — Гэй, Вася! Краўчанка.

2. перан. Аслабець, зменшыцца. [Зыбін] адчуваў сябе добра, і думкі пра зварот у Тагіл зноў адышлі кудысьці далей, прыціхлі, прыглухлі. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уба́віцца, убаўлюся, убавішся, убавіцца; зак.

1. Зменшыцца, паменшыцца (у памерах, аб’ёме, колькасці і пад.). За год сям’я ўбавілася напалову. Убавіцца ў вазе. // часцей безас. Паменшыцца, аслабіцца ў сваім праяўленні (пра сілу якога‑н. дзеяння, стану і пад.). Кажу, не бяда, пані Ядзя, гонару ад таго не ўбавіцца, а дровы ў школе будуць. Быкаў.

2. часцей безас. Аддзяліцца ад чаго‑н., памяншаючы памеры, аб’ём або колькасць чаго‑н. З калоны ўбавілася некалькі чалавек.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скапе́ць (skapieć) ‘сціснуцца, зменшыцца, захірэць, згінуць’: skapièŭ, jak skvarka (Федар. 4). Параўн. польск. skapieć, skapać ‘змарнець, апасці, згінуць’. Да прасл. *kapěti, якое Трубачоў (ЭССЯ, 9, 146) рэканструюе на падставе польск. kapieć ‘змяншацца, скарачацца, убываць, прападаць, чэзнуць’, што суадносіцца з *kapati (гл. ка́паць). Сюды ж адпаведныя балг. ска́пя ‘згніць, распасціся’, дыял. ска́па ‘данасіць адзенне, парваць’, макед. скапе ‘згінуць, распасціся; загінуць, прапасці’, серб.-харв. skȁpati ‘згінуць, загінуць’, славац. skapať ‘згінуць, здохнуць, знікнуць’, укр. ска́па́тися ‘знікаць, гінуць’ (лічыцца запазычаннем з польскай ці славацкай, гл. ЕСУМ, 5, 265). Развіццё значэння ‘капаць’, ‘ападаць, выцякаць кропля за кропляй’ (Брукнер, 217). Пра перыферыйнасць слова на Беларусі сведчыць замена выразу skapièŭ, jak skvarka выразам skipièŭ, jak skvarka (Федар. 4), што адлюстроўваюць спосаб спажывання сала на Палессі, параўн. плеска́ць сало на рожну́ на огне́ — дзе́ржыць лу́сту хле́ба і ка́пае тым са́лом (ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

згарну́цца, згарнуся, згорнешся, згорнецца; зак.

1. Скруціцца трубкай, спіраллю і пад. Дзіміна палажыла графік на стол, і ватман згарнуўся ў скрутак. Карпаў. // Скурчыцца, скруціцца. Грыбавец не пайшоў спаць у машыну, астаўся пры агні, Васіль Чаравака таксама згарнуўся пад дубам, накрыўшыся кажушком. Пестрак.

2. перан. Паменшыцца, зменшыцца, скараціцца (у колькасці, памерах, працягласці і пад.). Вытворчасць згарнулася. // Часова спыніць або скараціць сваю дзейнасць. Прадпрыемства згарнулася.

3. Спец. Згуснуць, згусціцца. Каб кроў, узятая ў донара, не згарнулася, у яе адразу дадаюцца пабочныя рэчывы для стабілізацыі. «Маладосць».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

убы́ть сов.

1. (уменьшиться) зме́ншаць, паме́ншыцца, зме́ншыцца; (о воде) убы́ць, спа́сці; (о луне) убы́ць; (о здоровье, силе) падупа́сці;

2. (выбыть) вы́быць; (отбыть) адбы́ць;

его́, вас не убу́дет з ім, ва́мі нічо́га не ста́нецца (не зро́біцца); см. убыва́ть.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

аслабе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

1. Зрабіцца фізічна слабым, нядужым. [Алесь:] — Мяне ранілі, я аслабеў, не магу ісці. Адамчык. У .. [Макса Вэла] аслабелі рукі і ногі, ён дрыжаў. Гамолка. // Страціць ранейшую душэўную сілу. Аслабець духам. Воля аслабела. // Страціць ранейшую палітычную і эканамічную магутнасць. // Стаць менш вострым на ўспрыманне, прытупіцца. Мне нават падумалася, ці не аслабелі ад пажылога ўжо ўзросту яго [Ціхона] заўсёды неспакойныя вочы? Паслядовіч.

2. Зменшыцца ў сіле свайго выяўлення. Парадзела група, у якой быў Каляда, аслабеў агонь супраціўлення. Гурскі. [Пракоп:] — Апошнія паведамленні зараз будуць. Можа што пра марсіянскую касмічную лабараторыю скажуць. Нешта сігналы ў апошні час аслабелі. Шыцік. Шпарка трацячы свядомасць, .. [Кастусь] прабег колькі крокаў, і хада яго адразу аслабела. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

змякчы́цца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Зрабіцца больш мяккім, эластычным; страціць цвёрдасць, калянасць. Скура на руках змякчылася.

2. Стаць менш суровым, строгім; быць больш мяккім, лагодным, падатлівым. Сэрца змякчылася. □ Сцёпка значна змякчыўся. Ён прыветна зірнуў на Алёнку і сказаў мнагазначна: — Можа я і буду вучыцца, гэта яшчэ невядома. Колас. / Пра твар, вочы і пад. Алесеў твар ад .. нечаканай радасці змякчыўся і прасвятлеў. Васілевіч.

3. Страціць сілу, рэзкасць; зменшыцца, аслабець. Боль змякчыўся. Вецер змякчыўся. // Зрабіцца менш суровым, цяжкім. Твар .. [жанчыны] прасвятлеў, быццам яе ўласнае гора крыху зменшылася, змякчылася. Лынькоў.

4. Быць вымаўленым з дадатковым пад’ёмам спінкі языка; палаталізавацца (пра зычныя гукі).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сдать сов.

1. в разн. знач. здаць, мног. паздава́ць;

сдать дела́ здаць (паздава́ць) спра́вы;

сдать экза́мены здаць (паздава́ць) экза́мены;

сдать те́мпы здаць (зме́ншыць) тэ́мпы;

2. (о весе) убы́ць, зме́ншыцца;

3. (ослабеть, постареть) разг. пада́цца, аслабе́ць; зда́цца;

4. (стать неисправным) не вы́трымаць, сапсава́цца;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

зні́зіцца, зніжуся, знізішся, знізіцца; зак.

1. Спусціцца ніжэй, апусціцца ўніз. Васька глядзіць на сонца, якое знізілася над далёкаю вёскай. Лынькоў. Бусел зрабіў некалькі кругоў над балотам, знізіўся і сеў. Дуброўскі. // перан. Паставіць сябе ў нізкае становішча; унізіцца. Некалькі разоў ён хацеў было спытаць парады ў Візэнера, але гонар не дазволіў яму знізіцца да гэтага. Шамякін.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Стаць ніжэйшым, малым (пра ступень, велічыню, інтэнсіўнасць чаго‑н.); зменшыцца. Тэмпература знізілася. Цэны знізіліся. Сабекошт прадукцыі знізіўся. □ Па .. тоне мы зразумелі, што інтарэс дзяўчат да нашых асоб неяк адразу знізіўся. Лынькоў. // Стаць ніжэйшым па якасці або значнасці, важнасці. Аўтарытэт знізіўся. // Стаць ніжэйшым па тону, па гучанню (пра голас, гук і пад.). Вольчын голас раптам, нібы ад спалоху, знізіўся. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сцягну́ць, сцягну́, сця́гнеш, сця́гне; сцягні́; сця́гнуты; зак.

1. каго-што. Цягнучы, зняць каго-, што-н. адкуль-н.

С. коўдру з ложка.

С. боты з ног.

2. каго-што. Цягнучы, перамясціць у другое месца.

С. валун з дарогі.

3. што. Звалачы ў адно месца (пра многае).

С. жэрдзе ў кучу.

4. каго-што. Сабраць, сканцэнтраваць у адным месцы.

С. атрады да лесу.

5. што. Нацягваючы, зблізіць, злучыць канцы чаго-н.

С. канцы лука.

6. што. Знесці што-н. далёка.

Дзеці сцягнулі кудысьці граблі.

7. каго-што. Украсці (разм.).

С. кнігу ў суседа.

Ваўкі сцягнулі авечку.

8. каго-што. Туга перавязаць, сціскаючы што-н.

С. шнуроўку. С. паскам сукенку.

9. (1 і 2 ас. не ўжыв.), каго-што. Пра сутаргу: звесці, скурчыць (разм., безас.).

Сутаргай сцягнула нагу.

10. часцей безас., што. Пачаць зацвердзяваць.

На дварэ мароз, гразь сцягнула.

11. безас., што. Пра ваду: зменшыцца.

Пасля паводкі ваду сцягнула.

|| незак. сця́гваць, -аю, -аеш, -ае (да 1—5, 8 і 9 знач.).

|| наз. сця́гванне, -я, н. (да 1—5 і 8 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)