ІРЖА́ РАСЛІ́Н,

хвароба, якая выклікаецца іржаўнымі грыбамі. Характарызуецца ўтварэннем на надземных органах раслін пустул рознай формы і велічыні, з якіх пры растрэскванні высыпаюцца іржава-бурыя, аранжава-жоўтыя або цёмна-карычневыя споры грыба. Пашкоджвае збожжавыя, тэхн., дэкар., лясныя культуры, дзікарослыя травы. У хворых раслін парушаюцца абмен рэчываў, водны баланс, зніжаюцца фотасінтэз, зіма- і засухаўстойлівасць, устойлівасць да палягання, затрымліваецца рост, зніжаецца прадукцыйнасць. Інфекцыя захоўваецца ў раслінных рэштках і насенні, разносіцца спорамі грыба. На Беларусі найб. шкодзіць І.р.: сцябловая (лінейная) злакаў, бурая (лісцевая) жыта і пшаніцы, карончатая аўса, гароху і лубіну, канюшыны, лёну, яблыні, ігліцы, бакальчатая парэчак і агрэсту.

т. 7, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛУМБІ́ЙСКАЕ ПЛАТО́ (Columbia Plateau),

лававае плато ў Кардыльерах Паўн. Амерыкі, на ПнЗ ЗША. Размешчана паміж Скалістымі і Каскаднымі гарамі. Пл. каля 500 тыс. км². Выш. 700—1000 м. Складзена з крышт. і асадкавых парод палеазою і мезазою, перакрытых вулканічнымі базальтамі неагену. Паверхня плоская або хвалістая, укрыта лёсамі, на Пн марэнай, зрэзана каньёнамі рэк Калумбія (да глыб. 900 м), Снейк (да 1500 м) і інш.; ёсць і сухія каньёны, утвораныя ў антрапагенавы час (найб. Гранд-Кулі). На рэках шмат вадаспадаў, парогаў. ГЭС. Большая ч. плато ўкрыта дзярніста-злакавым стэпам, значная ч. тэрыторыі разарана пад збожжавыя культуры.

т. 7, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСЯЎНА́Я ПЛО́ШЧА,

агранамічны і статыстычны паказчык, які адлюстроўвае фактычныя плошчы пасеваў с.-г. культур за вегетац. перыяд. Колькасна адрозніваецца ад рэальнай плошчы пашы, бо ўлічвае магчымасць яе неаднаразовага выкарыстання за с.-г. сезон (напр., пасеў пасляўкосных культур). Адносіны плошчы, занятай адной культурай, да П.п. ўсіх культур (у працэнтах) — структура П.п. (асн. паказчык спецыялізацыі севазвароту). Аптымальная структура П.п. забяспечвае глебаахову, праца- і энергазберажэнне, ахову навакольнага асяроддзя, высокую рэнтабельнасць вытв-сці. На Беларусі рэальная плошча пашы — 5165,7 тыс. га, П.п. — 5124 тыс. га (1999), збожжавыя і зернебабовыя культуры займаюць каля паловы П.п.

Л.​В.​Круглоў.

т. 12, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́КРЫЎНЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,

с.-г. культуры, пад якія падсяваюць насенне інш. раслін (падсяўных культур). Сумеснае іх вырошчванне дазваляе атрымаць 2 ураджаі кармавых раслін за год, рацыянальна выкарыстоўваць сонечную энергію, вільгаць, пажыўныя рэчывы глебы.

П.к. павінны мець кароткі вегетац. перыяд, рана вызваляць пашу, не зацяняць падсяўную культуру. Як П.к. выкарыстоўваюць азімыя (жыта, пшаніца) і яравыя (ячмень, пшаніца, авёс) збожжавыя, лён і інш. Усходы падсяўных культур павінны добра пераносіць зацяненне, запаволена расці ў першую палову вегетац. перыяду, не пагаршаць умовы росту П.к. Часцей гэта травы — шматгадовыя (канюшына, цімафееўка, люцэрна, эспарцэт) або аднагадовыя (сырадэля, лубін, баркун, морква, турнэпс).

т. 12, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАПАШНЫ́Я КУЛЬТУ́РЫ,

с.-г. расліны, якія для нармальнага росту і развіцця патрабуюць вялікай плошчы жыўлення і апрацоўкі міжрадкоўяў. Да П.к. належаць збожжавыя (кукуруза, грэчка, проса, сорга, фасоля), тэхнічныя (цукр. буракі, бавоўнік, сланечнік, тытунь), агароднінныя (капуста, памідоры, агуркі, буракі, морква), кармавыя (караняплоды, бульба, кармавая капуста).

Высяваюць або высаджваюць шырокарадковым, квадратным або квадратна-гнездавым спосабамі. Каб знішчыць пустазелле, зберагчы вільгаць і даць прыток паветра ў кораненаселены слой, робяць 2—3-разовае рыхленне міжрадкоўяў у-І—2 напрамках. Пад П.к. павышаецца мікрабіял. актыўнасць глебы, узмацняецца мабілізацыя пажыўных рэчываў П.к. ў севазвароце — добрыя папярэднікі інш. культур, асабліва збожжавых.

т. 13, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСО́Т (Sonchus),

род кветкавых раслін сям. астравых. Каля 70 відаў. Пашыраны пераважна ў Еўропе, Азіі і Афрыцы (некалькі відаў расце як пустазелле па ўсім свеце). На Беларусі 4 віды: палявы, або жоўты (Sonchus arvensis), агародны (Sonchus oleraceus), шурпаты (Sonchus asper), балотны (Sonchus palustris).

Адна-, двух- або шматгадовыя травяністыя расліны, рэдка паўкусты, звычайна з млечным сокам. Лісце суцэльнае або перыстарассечанае. Кветкі язычковыя, жоўтыя, у кошыках, сабраных у агульнае суквецце. Плод — сямянка з чубком. Большасць відаў — пустазелле (найб. вядомы асот палявы — засмечвае пераважна яравыя збожжавыя і прапашныя культуры), а таксама харч., кармавыя, лек. і меданосныя расліны. Асотам часам наз. віды роду бадзяк.

Асот палявы.

т. 2, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЦІЧ, Вароніцкае балота, Варонічы, Крывая града,

балота нізіннага (60%), вярховага (30%), пераходнага (10%) тыпаў у Слуцкім (6,5 тыс. га), Пухавіцкім (7 тыс. га) і Уздзенскім (2,1 тыс. га) р-нах Мінскай вобл., у вадазборах рэк Пціч і Случ. Асобныя ўчасткі вядомы пад назвамі Рагі, Поўхава, Скрыдлёва. Пл. 15,6 тыс. га. Глыб. торфу да 5,7, сярэдняя 2 м. Запасы торфу каля 42 млн. т. Есць мергель, сапрапель магутнасцю да 1,2 м. Асушана адкрытай асушальнай сеткай 1,2 тыс. га у Слуцкім і 2,9 тыс. га у Пухавіцкім р-нах, дрэнажом — 610 га у Уздзенскім р-не. На асушаных землях вырошчваюць пераважна сеяныя травы, збожжавыя культуры.

т. 13, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ДСКІ ЗАВО́Д СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧЫХ МАШЫ́Н, Лідсельмаш. Знаходзіцца ў г. Ліда Гродзенскай вобл. З 1994 адкрытае акц. т-ва. Пачаў працаваць у 1901 як чыгуналіцейны і машынабудаўнічы з-д. У перадваенныя гады выпускаў малатарні, каранярэзкі, сячкарні, конныя плугі і прыводы. У Вял. Айч. вайну разбураны Адноўлены ў 1944. З 1954 сучасная назва, з 1994 адкрытае акц. т-ва «Лідсельмаш». У 1950 — пач. 1960-х г. выпускаў дыскавыя бароны, кустарэзы, веялкі-сарціроўкі, ільнамялкі і інш. У 1960—68 рэканструяваны. З сярэдзіны 1960-х г. вырабляў універсальныя бацвіннеўборачныя машыны, вібрацыйныя бульбакапалкі, з 1976 капустаўборачныя машыны. Асн. прадукцыя (1999): агрэгат глебаапрацоўчы пасяўны, бульбаўборачныя камбайны, бульбакапалкі, бульбасаджалкі, сеялкі збожжавыя, бароны дыскавыя, плугі, граблі-варушылкі, раскідвальнікі мінер. угнаенняў і пяску і інш.

т. 9, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫМЯРЗА́ННЕ РАСЛІ́Н,

гібель раслін або адміранне іх частак у выніку ўтварэння лёду ў тканках пад дзеяннем нізкіх тэмператур. Вада ў раслінных клетках і міжклетніках пачынае замярзаць пры т-ры ніжэй за -1 °C, што паступова прыводзіць да гібелі клеткі. Ступень пашкоджання пасеваў залежыць ад віду, сорту і фізіял. стану раслін. Сярод азімых найб. устойлівае да нізкіх т-р жыта. На Беларусі вымярзанне раслін назіраецца ў маласнежныя зімы пры т-ры паветра ніжэй за -22 °C. У асабліва халодныя зімы вымярзаюць азімыя збожжавыя культуры, пладовыя дрэвы і кусты. Бульба, памідоры, фасоля, агуркі, гарбузы вымярзаюць пры т-ры -2 °C. Лёгка вымярзае большасць інтрадукаваных раслін. Каб папярэдзіць вымярзанне пасеваў, выводзяць марозаўстойлівыя сарты, выкарыстоўваюць правільную агратэхніку, рэгулююць водны і паветраны рэжым глебы на меліяраваных аб’ектах.

т. 4, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

пале́гчы, ‑ляжа; ‑ляжам, ‑ляжаце, ‑лягуць; пр. палёг, ‑лягла і ‑легла, ‑лягло і ‑легла; зак.

1. Прыняць ляжачае, гарызантальнае становішча — пра ўсіх, многіх. Мужчыны пазаганялі коней у лозы і паляглі тут жа ў засені. Хадановіч. Калі дзеці палезлі спаць, Іван Пракопавіч падышоў да этажэркі, да кніг. Навуменка.

2. Прыгнуцца сцяблом да зямлі (пераважна пра збожжавыя расліны). Палягло на вытаптанай і размоклай зямлі пацямнеўшае жыта. Лынькоў. Густая, рослая трава палегла, пераплялася, зблыталася. Сачанка.

3. перан. Быць забітым, загінуць — пра ўсіх, многіх. Але суровы лёс салдацкі Ім выпаў — выжыць не змаглі. Ляжаць яны ў магілах брацкіх — За мір, за шчасце паляглі. Ляпёшкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)