НАВА́ШЫН Сяргей Гаўрылавіч (14.12.1857, с. Цароўшчына Балтайскага р-на Саратаўскай вобл., Расія — 10.11.1930),

расійскі батанік і цытолаг; заснавальнік карыялогіі і рас. школы цытолагаў і эмбрыёлагаў раслін. Акад. АН СССР (з 1918), акад. АН Украіны (1924). Скончыў Маскоўскі ун-т (1881). Працаваў у ім. З 1884 у Пецярбургскай Пятроўскай с.-г. акадэміі, з 1889 у Пецярбургскім ун-це. У 1894—1915 праф. Кіеўскага, у 1918—23 — Тбіліскага ун-таў. Заснавальнік і дырэктар (да 1929) Біял. ін-та імя К.​А.​Ціміразева ў Маскве. Навук. працы па эмбрыялогіі і цыталогіі раслін. Адкрыў двайное апладненне і халазагамію ў пакрытанасенных раслін.

Тв.:

О некаторых признаках внутренней организации хромосом // Сб. статей, посвящ. К.​А.​Тимирязеву. М., 1916;

Избр. Труды. Т. 1. М.; Л., 1951.

С.Г.Навашын.

т. 11, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДАЛІ́Б Нурмухамед-Гарыб (каля 1712—80),

туркменскі паэт. Заснавальнік эпічнага жанру дастана ў туркм. л-ры. Выкарыстоўваючы літ. і фалькл. сюжэты, стварыў рамант. дастаны «Лейлі і Меджнун», «Юсуп і Зулейха». Аўтар паэм «Агуз-намэ», «Несімі», «Жыкыр» («Чыгір»).

т. 1, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛО́НАЎ Яўген Піліпавіч (1875, Гарадоцкі р-н Віцебскай вобл. — 23.12.1929),

ветэрынарны ўрач, заснавальнік навук. ветэрынарыі на Беларусі. Герой працы (1924). Скончыў Варшаўскі вет. ін-т (1903). У 1913 арганізаваў першую на Беларусі вет. лабараторыю ў Віцебску, у 1914 — экспедыцыйнае абследаванне жывёлагадоўлі Віцебскай губ. Заснавальнік і з 1924 рэктар Віцебскага вет. ін-та, адначасова кіраўнік Вет. ўпраўлення Наркамата земляробства БССР. Навук. працы па аналізе вет.-сан. стану і прычынах хвароб с.-г. жывёлы на Беларусі. Ініцыятар распрацоўкі «Ветэрынарнага статута БССР», заснавання віцебскіх вет.-заалагічнага музея (1918), бат. сада, музея анатоміі, арніталогіі і энтамалогіі (1924).

Тв.:

Витебская губерния в ветеринарно-санитарном отношении (1903—1910). Витебск, 1912.

Літ.:

Вышелесский С. Е.​Ф.​Алонов // Бел. ветэрынарыя. 1929. № 10—12;

Сипко Н.Г. Ветеринарное образование в Белоруссии // Ветеринария. 1967. № 6.

т. 1, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́БАН (Laban) Рудольф фон (15.12.1879, Браціслава — 1.7.1958),

аўстрыйскі танцоўшчык, харэограф, педагог, тэарэтык танца. Па паходжанні венгр. Вучыўся жывапісу і дэкар. мастацтву ў Мюнхене, акцёрскаму майстэрству і танцу ў Парыжы. У 1907—10 выступаў як танцоўшчык. Заснавальнік і кіраўнік шэрагу харэаграфічных школ у Германіі і Швейцарыі. У 1925 стварыў у Гамбургу камерную балетную трупу. У 1930—34 дырэктар дзярж. аб’яднання т-раў Берліна, кіраўнік балетнай трупы Берлінскай дзярж. оперы. З 1938 у Вялікабрытаніі. Распрацаваў сістэму запісу рухаў пад назвай «кінетаграфія» (вядома як «лабанатацыя»). У сваёй тэорыі танца (харэотыцы) з дапамогай матэм. метаду аналізу абгрунтаваў універсальныя рухі чалавечага цела. Заснавальнік ням. «выразнага танца», які паўплываў на ўсе віды сучаснай харэаграфіі. Аўтар кн. «Свет танцоўшчыка» (1920), «Харэаграфія» (1926), «Прынцыпы запісу танца і руху» (1956).

Л.​А.​Сівалобчык.

т. 9, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУ́ША Мікалай Васілевіч (н. 4.2.1952, в. Вайнілава Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне эканомікі і кіравання. Канд. эканам. н. (1997). Скончыў Бел. ін-т нар. гаспадаркі (1985). З 1973 на парт. і сав. рабоце. З 1980 дырэктар з-да «Біяпрадукт», з 1987 нам. старшыні Чэрвеньскага райвыканкома, у 1989—93 прэзідэнт Саюза кааператываў Беларусі. Заснавальнік Мінскага ін-та кіравання (з 1994 яго рэктар), заснавальнік і гал. рэдактар час. «Экономика. Управление. Право». Распрацаваў стратэгію кіравання інавацыямі ў сістэме вышэйшай адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Тв.:

Информатизация организационно-экономического управления негосударственным вузом на современном этапе развития высшего образования. Мн., 1996;

Управление высшим учебным заведением на примере частных вузов Республики Беларусь. Мн., 2000;

Финансовый менеджмент вуза. Мн., 2001;

Экономический механизм стратегического управления развитием высшего учебного заведения. Мн., 2001.

М.​П.​Савік.

т. 15, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГОГЕНЦО́ЛЕРНЫ-ЗІ́ГМАРЫНГЕНЫ (Hohenzollern-Sigmaringen),

каралеўская дынастыя ў Румыніі ў 1866—1947. Заснавальнік Караль I (Карл; 1866—1914; да 1881 князь, потым кароль) — нашчадак пабочнай лініі прускай каралеўскай дынастыі Гогенцолернаў. Яго пераемнікі: Фердынанд I [1914—27], Караль II [1930-40] і Міхай I [1927—30, 1940—47].

т. 5, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНСТЫТУЦЫЯНАЛІ́ЗМ,

адзін з кірункаў зах. дзяржавазнаўства 20 ст., які разглядае паліт. арганізацыю грамадства як комплекс розных аб’яднанняў грамадзян — «інстытуцый» (напр., сям’я, партыя, прафсаюз і да т.п.); дзяржаву таксама кваліфікуе як адну з «інстытуцый». Заснавальнік — амер. эканаміст і сацыёлаг Т.Веблен.

т. 7, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРУ́НДЭРСТВА (ад ням. Gründer заснавальнік), заснавальніцтва,

масавая і хуткая арг-цыя прадпрыемстваў, акц. т-ваў, банкаў, страхавых кампаній і інш. Найб. характэрна для 1850—70-х г. Суправаджалася шырокай эмісіяй каштоўных папер, біржавымі спекуляцыямі, нездаровым ажыятажам і жульніцкімі махінацыямі фінансавых дзялкоў.

т. 5, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЕВРОПЕ́ЙСКОЕ ВРЕ́МЯ»,

грамадска-палітычная газета. Выдавалася ў 1992—95 у Мінску на рус. мове раз у месяц. Заснавальнік і гал. рэдактар С.​У.​Букчын. Змяшчала матэрыялы пра сац.-паліт., эканам., нац.-культ. падзеі ў Беларусі, перадрукоўвала артыкулы з зах. перыяд. выданняў.

т. 6, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАДЖА́РСКАЯ ДЫНА́СТЫЯ,

дынастыя шахаў, якая правіла ў Іране ў 1796—1925. Заснавальнік — Ага Махамед-хан Каджар [1796—97]. Звергнута 31.10.1925 пастановай меджліса. Шахі К.д.: Фетх-Алі-шах [1797—1834], Махамед-шах [1834—48], Наср-эд-дзін-шах [1848—96], Мазафер-эд-дзін-шах [1896—1907], Махамед-Алі-шах [1907—09], Ахмед-шах [1909—25].

т. 7, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)