Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІ́СЕНСКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 14—18 ст. Размяшчаўся на в-ве Замак каля сутокаў Дзісны і Зах. Дзвіны ў Міёрскім р-не Віцебскай вобл. У хроніках Лівонскага ордэна згадваецца каля 1374 і 1377. У 14 — пач. 15 ст. выконваў ролю фарпоста Полацка на Зах. Дзвіне. Пасля Грунвальдскай бітвы 1410 страціў стратэг. значэнне. У час Лівонскай вайны 1558—83 прыйшоў у заняпад, 25.7.1654 быў заняты рус. войскам. Замак хутка быў адноўлены, у 1655 меў 14 вежаў, каля 40 гармат. 10.4.1660 заняты войскам ВКЛ. Знішчаны ў час Паўн. вайны 1700—21.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРУ́ЙСКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 14—18 ст. у Бабруйску, на правым беразе р. Бярэзіна. З боку ракі быў ахаваны высокім стромкім схілам і 2 драўляна-землянымі збудаваннямі бастыённага тыпу, з інш. бакоў — ровам шыр. да 15 м, земляным валам, на якім стаялі драўляныя вежы і сцены. Да ўмацаванай уязной брамы (падвойныя вароты, сістэма жал. запораў) быў перакінуты драўляны мост. За час існавання замак перажыў шмат аблог і разбурэнняў: у 1502 і 1503 яго спусташалі крымскія татары, у 1506 неаднаразова асаджаў мяцежны кн. М.Глінскі, у студз. 1649 згарэў у час аблогі войскамі гетмана Я.Радзівіла, у сак. 1655 замак спалілі казакі гетмана І.Залатарэнкі, у 1665 згарэў у час казацкай аблогі. Насельніцтва горада аднаўляла замак. Інвентар 1692 сведчыць пра паступовы заняпад і разбурэнне ўмацаванняў замка. На плане г. Бабруйска 1794 сляды замка яшчэ выразна захаваліся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 14—18 ст. Размяшчаўся на высокім правым беразе р. Сож пры ўпадзенні ў яе ручая Гомій (Гамяюк). Замак меў магутны абарончы вал, драўляныя шмат’ярусныя вежы, сцены-гародні з баявой галерэяй. У ходзе ваен. падзей 16—17 ст. зведаў неаднаразовыя аблогі (1535, 1575, 1581, 1633, 1648, 1649). У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 у жн. 1654 быў узяты рус. войскам. Паводле звестак за 1666, ён яшчэ захоўваў сваю магутнасць. У 1737 кн. М.Чартарыйскі пабудаваў новы моцны дубовы замак з вежамі і сценамі, які існаваў яшчэ ў апошняй чвэрці 18 ст. Пасля далучэння Гомеля да Рас. імперыі вежы і сцены замка разабраны, валы скапаны. У 1785 паводле плана Б.Растрэлі тут пачалося буд-ва існуючага і цяпер мураванага Гомельскага палаца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЗЯРЫ́ШЧАНСКІ ЗА́МАК Існаваў у 14—17 ст. Размяшчаўся за 3 км ад г.п.Езярышча Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл. У плане чатырохвугольнік (100 х х 120 м). Быў абкружаны землянымі валамі з 3 вежамі і ровам, які аддзяляў замак ад астатняй тэр. паўвыспы. У час паводак замак ператвараўся ў астраўную крэпасць. Паводле польскага храніста Р.Гейдэнштэйна, у 16 ст. Е.з. меў значныя ўмацаванні і разам з Полацкім замкам панаваў над «усім краем». У Лівонскую вайну 1558—83 узяты рус. войскам (1565) і спалены, потым адбудаваны. У 1579 яго знішчылі ў час штурму войскі караля Стафана Баторыя, пазней адноўлены. У пач. 17 ст. ў час пажару ўмацаванні замка згарэлі, адбудаваны па загадзе караля Жыгімонта III Вазы езярышчанскім старостам К.Сакалінскім. У жн. 1654 замак захапіла рус. войска на чале з ваяводам С.Стрэшневым. Захаваліся рэшткі валоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РВАЛЬСКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 16—18 ст. Размяшчаўся каля в. Горваль Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл. У 16 ст. быў бастыённым, але меў і драўляныя ўмацаванні. Горвальскі замак з’яўляўся важным пунктам кантролю за пераправай цераз Бярэзіну і водным шляхам да Дняпра. У час вызваленчай вайны ўкраінскага і беларускага народаў 1648—51укр. казакі разбілі ў 1648 пад Горвалем войска стражніка ВКЛ Мірскага і авалодалі замкам. У ліст. 1654 казакі ўкр. гетмана І.Залатарэнкі бралі Горвальскі замак штурмам, у выніку ён быў спалены. Пазней адноўлены, але ў час Паўн. вайны 1700—21 канчаткова знішчаны.