ЗААЗЕ́Р’Е,
гідралагічны заказнік на тэр. Бялыніцкага р-на Магілёўскай вобл. Створаны ў 1968 як заказнік рэсп. значэння для захавання ў натуральным стане балотнага масіву з тыповай для міжрэччаў стратыграфіяй тарфянікаў. Пл. 4286 га (1997). Размешчаны на Цэнтральнабярэзінскай раўніне і займае ч. Друць-Бярэзінскага міжрэчча. Размешчаны на вярховым балоце. У цэнтры пераважаюць хваёва-кусцікавыя раслінныя асацыяцыі, у паўн. ч. — градава-багнавыя комплексы расліннасці. На ўскраінах пашыраны хваёва-бярозава-пушыцава-сфагнавыя асацыяцыі. На мінер. участках пераважаюць бярозава-асінавыя лясы. У флоры заказніка каля 100 відаў раслін, у т. л. ахоўныя чубатка пустая і зубніца клубняносная.
т. 6, с. 482
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛАЕ,
гідралагічны заказнік у Глыбоцкім раёне Віцебскай вобласці. Створаны ў 1979 як азёрны заказнік з мэтай захавання эталоннага па чысціні возера і яго насельнікаў. Пл. 950 га (1995). Размешчаны на ПнУ Свянцянскіх град, на водападзеле Балтыйскага і Чорнага мораў. Уключае воз. Белае ў бас. р. Шоша і прылеглую тэрыторыю ў межах вадазборнай плошчы. У возеры водзяцца лешч, судак, шчупак, акунь, краснапёрка, верхаводка; па берагах пасяленні баброў. Пашыраны мох фантыналіс — адзін з рэдкіх для Беларусі відаў воднай флоры (утварае плаваючыя дзярнінкі). На Пд пераважна хваёвыя лясы, на ПдЗ і З трапляюцца ельнікі. Лясістасць 90%. На ПнУ асобныя ўчасткі хваёва-яловых лясоў, уздоўж азёрнага берага курціны шэраалешнікаў.
т. 2, с. 383
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕБЯДЗІ́НЫ,
біялагічны заказнік рэсп. значэння, у прыгараднай зоне Мінска. Створаны ў 1984 для аховы прыбярэжнага фауністычнага комплексу рэдкіх відаў жывёл і птушак. Пл. 51 га.
Тэрыторыя — забалочаны і меліяраваны луг з закінутымі тарфянымі кар’ерамі і хмызнякамі. У цэнтры заказніка вадаём. У арнітафауне каля 60 птушак (44 гнездавальных), у т. л. з Чырв. кнігі Беларусі: лебедзь-шыпун, малыя паганка, чайка, крачка і бугай, уліт вялікі, паручайнік і інш.; 10 відаў млекакормячых, у т. л. выдра, амер. норка, гарнастай і інш. Заказнік служыць для рассялення прыбярэжных відаў птушак па інш. вадаёмах, стварэння спрыяльных умоў для пералётных і інш. відаў птушак. Аб’ект прыродазнаўчых экскурсій.
т. 9, с. 177
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКГАДЫКГА́ДЗІ (Makgadikgadi),
Макарыкары, бяссцёкавая ўпадзіна ў Паўд. Афрыцы, на Пн Калахары, у Батсване, на выш. каля 900 м. Большая ч. занята салёнымі азёрамі Нтветве і Соа, якія ў сухі час года ператвараюцца ў саланчакі. Злакавыя саванны, шыракалістыя лясы. Аднайменны заказнік.
т. 9, с. 531
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБІНЕ́Ц,
біялагічны заказнік на Беларусі, у Акцябрскім раёне Гомельскай вобласці. Засн. ў 1979 для захавання ў прыродным стане месцаў росту журавін на тарфяным балоце вярховага тыпу Парослішча і прылеглай тэрыторыі. Пл. 850 га. Асн. ч. балотнага масіву ўкрыта хваёва-сфагнавымі і хваёва-кусцікава-сфагнавымі фітацэнозамі.
т. 2, с. 181
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫВО́Е,
гідралагічны заказнік ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл. Створаны ў 1979 для аховы Крывога возера і прылеглых прыродных комплексаў. Пл. 1,1 тыс. га.
Размешчаны на Пд У Полацкай нізіны, 17 % вадазборнай пл. ўкрыта лесам, месцамі яна забалочана. Лясы хваёвыя і яловыя, на забалочаных участках бярэзнікі.
т. 8, с. 499
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАХУКЕЛА́Т,
заказнік на ПдУ Ірана, каля граніцы з Пакістанам, на прыбярэжнай раўніне Гермсір. Засн. Ў 1971. Пл. 395 тыс. га. Месцы росту веернай і фінікавай пальмаў, зараснікі тамарыску, акацый, мангравая і галафітная расліннасць. Ахова балотнага кракадзіла, шэрага варана, зялёнай марской чарапахі; трапляюцца джэйран, мангуст. Месца жыхарства і гнездавання шматлікіх (каля 200) відаў птушак.
т. 2, с. 359
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ННА,
біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Полацкім р-не Віцебскай вобл. Засн. ў 1979 з мэтай аховы ў прыродным стане месцаў росту журавін. Пл. 439 га. Размешчаны на вярховым балоце Лонніца; у цэнтр. ч. — воз. Лонна. У складзе балотнай расліннасці хваёва-кусцікава-сфагнавыя фітацэнозы з пашырэннем журавін. На мінер. участках хвоя, бяроза, вольха, елка.
т. 9, с. 344
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ПЫШ,
біялагічны заказнік у Пухавіцкім р-не Мінскай вобл. Створаны ў 1979 для захавання ў прыродным стане месцаў росту журавін. Пл. больш за 1 тыс. га. Вярховае балота. Хваёва-сфагнавыя і хваёва-багунова-сфагнавыя фітацэнозы. На ўскраінах балота і мінер. участках хваёвыя і мяшаныя хваёва-бярозавыя і асінава-яловыя лясы кіслічнага, сніткавага, чарнічнага і даўгамошнага тыпаў.
т. 8, с. 416
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ШНА,
біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Віцебскім р-не. Створаны ў 1979 з мэтай аховы прыродных месцаў росту журавін. Пл. 399 га. Размешчаны на балоце Мошна. У складзе расліннасці хваёва-кусцікава-сфагнавыя фітацэнозы з пашырэннем журавін, бярозава-хваёва-асаковыя фітацэнозы, хвойнікі багуновыя і асаковыя, бярэзнікі асаковыя. На ўчастках з мінер. глебамі яловыя, асінавыя і бярозавыя лясы.
т. 10, с. 534
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)