французскі жывапісец, прадстаўнік ракако. Вучыўся ў П.Дзюлена (да 1708), К.Жыло (1712—18). Зазнаў уплыў А.Вато. З 1719 чл. Каралеўскай акадэміі жывапісу і скульптуры. Аўтар вытанчаных галантных тэатр. і быт. сцэн, дэкар. пейзажаў, напісаных у мяккай жывапіснай манеры: «Канцэрт у парку», «Урок музыкі», «Танец», «Баль», «Вясковае вяселле» (1737), «Поры года» (1738) і інш. Партрэты распрацоўваў як жанравыя сцэны («Сям’я Бурбон-Канці»; «Танцоўшчыца Камарго», 1730). Ілюстраваў «Байкі» і «Казкі» Ж.Лафантэна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЫ́НЦАЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура 7—8 ст. у бас.р. Дзясна і Сейм. Назва ад в. Валынцава Сумскай вобл. (Украіна). Насельніцтва займалася земляробствам і жывёлагадоўляй, жыло на гарадзішчах і селішчах у паўзямлянкавых жытлах зрубнай і слупавой канструкцыі. Пахавальны абрад — трупаспаленне па-за межамі могільніка, пахаванні бескурганныя, урнавыя. Кераміка ў асноўным ляпная, ганчарнай менш за 10%. Сярод знаходак жал. нажы, шылы, касцяныя праколкі, жал. і бронзавыя спражкі, зброя і інш. Большасць даследчыкаў лічыць валынцаўскую культуру славянскай са значным іншакультурным уплывам, што сведчыць пра этн. неаднароднасць яе насельніцтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАНВІ́ЗДЗІНСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура 4—8 ст. на тэр. Вычэгодскага краю і ў вярхоўях р. Мезень і Пячора (Расія). Назва ад паселішча на беразе воз. Ванвіздзіна каля г. Сыктыўкар. Насельніцтва займалася паляваннем і рыбалоўствам, жыло на неўмацаваных паселішчах у наземных ці паглыбленых у зямлю дамах. Пахавальны абрад — трупапалажэнне і трупаспаленне ў грунтавых магілах. Кераміка — кругладонны посуд з зацёртымі травой сценкамі, упрыгожанымі вяровачным, кропкавым і інш. арнаментам. Выяўлены сляды апрацоўкі жалеза, бронзаліцейнай вытворчасці. На думку некаторых даследчыкаў, помнікі ванвіздзінскай культуры належалі стараж. комі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАДАРЫ́ЙСКАЯ КУЛЬТУ́РА (Badarian),
археалагічная культура неаліту і пач. энеаліту (5 — пач. 4-га тыс. да нашай эры) у даліне р. Ніл. Назва ад паселішчаў і могільнікаў каля в. Бадары ў Сярэднім Егіпце. Насельніцтва займалася матычным земляробствам, жывёлагадоўляй, паляваннем, жыло на адкрытых паселішчах у жытлах з абмазаных глінай дубцоў, сырцу, цыновак. У могільніках — трупапалажэнні людзей і жывёл, загорнутых у цыноўкі. Характэрны карычневы (пазней чырвоны) посуд з чорным верхам. Прылады выраблялі з каменю (наканечнікі стрэл, укладышы сярпоў), дрэва (бумерангі), косці; з’явіліся першыя вырабы з медзі (нажы, шпількі, пацеркі і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНА́НЬІНСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура плямёнаў, якія ў 8—3 ст. да н.э. жылі ў басейнах рэк Кама, Сярэдняя Волга, Вятка, Белая. Назва ад могільніка каля в. Ананьіна (Татарыя). Насельніцтва займалася земляробствам і жывёлагадоўляй, жыло на селішчах і гарадзішчах у наземных драўляных жытлах памерам 10 × 5, 12 × 4 м, а таксама ў доўгіх дамах, падзеленых на секцыі. Пахавальны абрад — трупапалажэнне ў ямах, над якімі ставіліся драўляныя зрубы; у магілы клалі жал. і бронзавыя коп’і, сякеры-кельты, чаканы, кінжалы, упрыгожанні. Для ананьінскай культуры характэрна кругладонная кераміка з ямкавым і шнуравым арнаментам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНДРО́НАЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура бронзавага веку (каля сярэдзіны 2 — пач. 1-га тыс. да н.э.) на тэр.Зах. Сібіры і Казахстана. Назва ад могільніка каля в. Андронава (Краснаярскі край). Насельніцтва займалася пераважна жывёлагадоўляй, жыло ў паўзямлянкавых і наземных жытлах на адкрытых паселішчах, карысталася бронзавай зброяй (кельты, наканечнікі коп’яў, нажы), крамянёвымі наканечнікамі стрэл. Пахаванні ў ямах пад курганамі (часам з каменнымі агароджамі) у скурчаным становішчы, вядомы выпадкі трупаспалення. Характэрны керамічны посуд слоікападобнай формы з геам. арнаментам. Андронаўская культура разглядаецца як умоўная назва т.зв. андронаўскай культурнай агульнасці — некалькіх археал. культур.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАСАРА́Б (Basarabi),
археалагічная культура жал. веку (8 — сярэдзіна 7 ст. да нашай эры) на тэр. Румыніі і Малдовы; адна з культур т.зв. фракійскага гальштату. Назва ад даследаванага тагачаснага паселішча каля в. Басараб (Румынія). Насельніцтва жыло на гарадзішчах і селішчах у лёгкіх наземных драўляных пабудовах, часам абмазаных глінай. Пахавальны абрад — трупаспаленні ў урне або яме і трупапалажэнні пад курганным насыпам або ў грунтавой магіле. Для керамікі характэрны чорнаглянцаваны сталовы посуд, нярэдка з белай інкрустацыяй; слоікападобны кухонны посуд з наляпнымі валікамі і выступамі. Прылады працы, зброя, упрыгожанні належаць да ўсходнегальштацкага (ілірыйскага) тыпу старажытнасцяў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЁМА́Н,
археалагічная культура плямён, якія ў 5-м тыс. — 3 ст. да н.э. жылі на тэр. Японіі. Назва ад асаблівага тыпу керамікі з лінейным арнаментам у большасці спіральна-крывалінейных форм (яп. «дзумон»), Насельніцтва жыло на паселішчах у лёгкіх хацінах круглай і прамавугольнай формы, займалася рыбалоўствам, паляваннем, збіральніцтвам ракавін. З 4-га тыс. да н.э. вядомы свойская жывёла, проса, грэчка. Пахавальны абрад — трупапалажэнне ў скурчаным ці выцягнутым становішчы ў грунтавых пахаваннях. Прылады працы выраблялі з каменю (шліфаваныя сякеры, нажы) і касцей (рыбалоўныя кручкі, гарпуны). Змянілася культурай Яёі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУМЕ́ЛЬНІЦА (Gumelnita),
археалагічная культура меднага веку (4-е тыс. да н.э.) на тэр. Балгарыі, Румыніі, Малдовы; належыць да этнакультурнай вобласці фракійскага энеаліту. Назва ад паселішча з жытламі на нізкіх тэлях каля в. Гумельніца на левым беразе Дуная (Румынія). Сфарміравалася з неалітычных культур Баян і Хаманджыя. Насельніцтва займалася жывёлагадоўляй і земляробствам, жыло на адкрытых і ўмацаваных паселішчах у глінабітных і каркасна-слупавых наземных жытлах, паўзямлянках. Пахавальны абрад — трупапалажэнне ў грунтавых ямах у скурчаным становішчы. Побач з касцянымі і крамянёвымі прыладамі выкарыстоўвалі вырабы з медзі і золата.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМАРО́ЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура плямён сярэдзіны бронзавага веку (15—12 ст. да н.э.), якія жылі ў вярхоўях Днястра, Паўд. Буга, Стыра, Гарыні (тэр.зах. Украіны і паўд. Беларусі). Назва ад могільніка каля с. Камарова Івана-Франкоўскай вобл. Насельніцтва займалася земляробствам і жывёлагадоўляй, жыло на селішчах у зямлянках, карысталася крамянёвымі прыладамі працы і зброяй, керамічным ляпным посудам, бронзавымі і залатымі ўпрыгожаннямі. Нябожчыкаў хавалі ў каменных скрынях або спальвалі. Пахаванні ў групавых магілах, часам у курганах. К.к. ўваходзіць у зону тшцінецка-камароўскай этнакультурнай вобласці.