БЕЛАРУ́СКАЯ ПА́РТЫЯ САЦЫЯЛІ́СТАЎ-ФЕДЭРАЛІ́СТАЎ (БПС-Ф),

палітычная партыя ў 1918—21. Аформілася ў ліп. 1918 у выніку распаду Беларускай сацыялістычнай грамады. Аб’ядноўвала каля 2 тыс. чал. У склад ЦК БПС-Ф уваходзілі А.​Аўсянік, Я.​Варонка, К.​Езавітаў, В.​Захарка, П.​Крачэўскі, І.​Серада, А.​Цвікевіч і інш. Друкаваны орган — газ. «Бацькаўшчына». Займала цэнтрысцкія пазіцыі. Выступала за скасаванне буйнога землеўладання і паступовую нацыяналізацыю прам-сці, рабіла стаўку на сярэднія слаі вёскі і горада. Падтрымала абвяшчэнне 25.3.1918 незалежнасці БНР, у той жа час схілялася да ідэі сусв. федэрацыі. Большасць чл. партыі ў 1918 выступала супраць ням. арыентацыі Рады БНР, у той жа час знаходзілася ў апазіцыі да бальшавікоў. Польскі акупац. рэжым 1919—20 зрушыў БПС-Ф улева, яна ўступіла ў блок з партыяй бел. эсэраў, адмовілася ад «федэралісцкай канцэпцыі» і стала на пазіцыі поўнай незалежнасці і непадзельнасці Беларусі. У Зах. Беларусі асобныя яе групы дзейнічалі да сярэдзіны 1920-х г.

М.​С.​Сташкевіч.

т. 2, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ РЭВАЛЮЦЫ́ЙНАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ (БРА),

нелегальная рэвалюцыйна-дэмакр. арг-цыя нац.-вызв. характару ў Зах. Беларусі ў 1922—23. Вылучылася ў пач. 1922 з левага крыла Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў і ў ліп. 1922 аформілася ў самаст. арг-цыю. У шэрагу дакументаў называлася Бел. рэв. партыя, Бел. камуніст. партыя. Арг-цыі БРА існавалі ў Вільні, Навагрудку, Пружанах, Баранавічах, Слоніме, Нясвіжы, Нова-Свянцянску, Лідзе, Валожыне, Свіслачы, Ваўкавыску і аб’ядноўвалі каля 300 чл. (1923); мела некалькі соцень спачуваючых. У ЦК БРА уваходзілі П.​Корчык (І.​К.​Лагіновіч), А.​У.​Канчэўскі, Л.​І.​Родзевіч (А.​Сталевіч), А.​Р.​Капуцкі. Друкаваны орган — газ. «Вольны сцяг». БРА стаяла на пазіцыях класавай барацьбы, падтрымлівала дыктатуру пралетарыяту, выступала за канфіскацыю памешчыцкай зямлі, сац. і нац. вызваленне працоўных, уз’яднанне Зах. Беларусі з БССР. Знаходзілася ў пастаянным кантакце з ЦК Камуніст. рабочай партыі Польшчы. Прызнаўшы асн. праграмныя і тактычныя прынцыпы Кампартыі, 30.12.1923 прыняла рашэнне пра самароспуск і ўступленне ў КПЗБ.

І.​Ф.​Дзяшко.

т. 2, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ІНСТЫТУ́Т НАВУ́КІ І МАСТА́ЦТВА (БІНіМ) у Нью-Йорку, грамадская навук.-культ. арг-цыя бел. эміграцыі ў ЗША. Засн. ў 1951. Штаб-кватэра ў Нью-Йорку, мае філіялы ў Германіі (Мюнхен, з 1955), Канадзе (Таронта, з 1968). Друкаваны орган — навук. штогоднік «Запісы» (з 1952). У 1954—63 выдаваў літ.-маст. час. «Конадні», у 1953—69 — інфармацыйны «Абежнік». Выдадзены аднатомнікі «Спадчына» Я.​Купалы (1955), «Вянок» М.​Багдановіча (1960), «Матчын дар» А.​Гаруна (1962), творы эмігранцкіх бел. пісьменнікаў, навук. працы па гісторыі, л-ры і мастацтве Беларусі. Выдае (з 1979) серыю «Беларускія паэты і пісьменнікі эміграцыі». Падрыхтаваны бібліяграфіі «Янка Купала і Якуб Колас на Захадзе» (В. і З.​Кіпелі, 1985), «Пяць стагоддзяў Скарыніяны, XVI—XX» (В.​Тумаш, 1989) і інш. Ін-т падтрымлівае сувязі з многімі б-камі свету. У розны час яго ўзначальвалі У.​Тамашчык, Я.​Ліманоўскі, В.​Тумаш, А.​Адамовіч, з 1982 В.​Кіпель. З канца 1980-х г. інстытут наладжвае кантакты з грамадскімі арг-цыямі Беларусі.

А.​В.​Мальдзіс.

т. 2, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МЕ́НСКАЕ БЕЛАРУ́СКАЕ ПРАДСТАЎНІЦТВА»,

«Беларускае народнае прадстаўніцтва», палітычнае аб’яднанне бел. партый і груп ліберальнай і правасацыялістычнай арыентацыі ў 1918 — пач. 1919. Створана 25.2.1918 з прадстаўнікоў Беларускай народнай партыі сацыялістаў, партыі сацыялістаў-аўтанамістаў, Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, Бел. праваслаўнага аб’яднання, Бел. саюза зямельных уласнікаў і інш. У выканаўчы к-т «М.б.п.» ўваходзілі протаіерэй П.​Кульчыцкі, К.А.Кандратовіч, Р.А.Скірмунт, В.Гадлеўскі, У.М.Уласаў, П.П.Аляксюк, В.​І.​Чавусаў, Р.А.Зямкевіч, А.​Русецкі. Друкаваны орган — газ. «Беларускі шлях». Аб’ядноўвала паліт. сілы, якія супрацьстаялі Беларускай сацыялістычнай грамадзе ў барацьбе за ўладу ва ўмовах ням. акупацыі. У праграмным дакуменце заявіла, што «прадстаўляе інтарэсы беларускага народа і з’яўляецца палітычным цэнтрам», які абараняе незалежнасць Беларусі, культуру і самабытнасць бел. народа. Выступала за стварэнне адзінага нац. цэнтра, цесны саюз з Германіяй, захаванне буйнога землеўладання. 12.4.1918 выканаўчы к-т «М.б.п.» кааптаваны ў склад Рады БНР. З нарастаннем вызв. барацьбы бел. народа супраць ням. акупантаў паліт. ўплыў «М.б.п.» зніжаўся, паступова яно распалася.

М.​С.​Сташкевіч.

т. 10, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНАЯ АСАЦЫЯ́ЦЫЯ ЮРЫ́СТАЎ-ДЭМАКРА́ТАЎ (МАЮД; International Association of Democratic Lawyers),

міжнародная няўрадавая арг-цыя. Створана ў кастр. 1946 па ініцыятыве франц. юрыстаў — удзельнікаў руху Супраціўлення на Міжнар. канферэнцыі юрыстаў — удзельнікаў барацьбы з ням.-фаш. захопнікамі. Задачы МАЮД: спрыянне развіццю кантактаў паміж юрыстамі розных краін, вывучэнню і ажыццяўленню дэмакр. прынцыпаў у міжнар. адносінах, абарона дэмакр. правоў і свабод, выступленне супраць спроб абмежавання незалежнасці народаў, розных форм каланіяльнага прыгнёту. Членамі арг-цыі могуць быць любая асацыяцыя юрыстаў (нац. або міжнар.), любая асоба, якая мае юрыд. адукацыю, займае юрыд. пасаду, прымае і падзяляе мэты і задачы асацыяцыі.

МАЮД аб’ядноўвае арг-цыі юрыстаў з 85 краін, у т. л. з Рэспублікі Беларусь. Мае кансультатыўны статус пры Эканамічным і сацыяльным савеце ААН і ЮНЕСКА. Вышэйшы орган — Кангрэс, у перыяд паміж кангрэсамі — Савет МАЮД, які збіраецца раз у год. Друкаваны орган — час. «Revue de droit contemporain» («Агляд сучаснага права», на англ. і франц. мовах). Штаб-кватэра ў Бруселі (Бельгія).

Г.​А.​Маслыка.

т. 10, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«О́СТЛАНД», рэйхскамісарыят Остланд,

адм.-тэр. адзінка, устаноўленая ў 1941 ням. фашыстамі на акупіраванай імі тэр. СССР. Адм. цэнтр «О.» — Каўнас (да жн. 1941), Рыга (да восені 1944), Берлін (да мая 1945). Узначальваў «О.» да восені 1944 Г.​Лозе, пазней Э.​Кох. Складаўся з 4 ген. акруг: Беларусь, Латвія, Літва, Эстонія. Межы акруг не заўсёды супадалі з межамі сав. рэспублік: да акругі Літва акупанты далучылі паўн.-зах. раёны Вілейскай вобл., генеральная акруга Беларусь (узначальваў гаўляйтэр В.Кубэ, потым К. фон Готберг, з 1.4.1944 падпарадкавана міністру ўсх. зямель А.​Розенбергу) складала толькі ​1/3 тэр. БССР. Апарат кіравання «О.» будаваўся на ўзор Рэйхсміністэрства акупіраваных усх. тэрыторый з некалькіх гал. аддзелаў, у т. л. палітыкі, культуры. Гал. друкаваны орган — «Deutsche Zeitung im Ostland» («Нямецкая газета ў Остландзе»; выдавалася штодзень у Рызе, змяшчала матэрыялы пра Беларусь).

Літ.:

Handrack H.-D. Das Reichskommissariat Ostland: Die Kulturpolitik der deutschen Verwaltung zwischen Autonomie und Gleichschaltung 1941—1944. Hannover;

Münden, 1981.

У.​Я.​Калаткоў.

Карта рэйхскамісарыята «Остланд».

т. 11, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́РТЫЯ КАМУНІ́СТАЎ БЕЛАРУ́СКАЯ (ПКБ),

палітычная партыя камуніст. кірунку на Беларусі. Створана ў снеж. 1991. Вышэйшы орган паміж з’ездамі — Цэнтр. Камітэт. Гал. мэты — аб’яднанне і паліт. развіццё работнікаў наёмнай працы для дасягнення імі поўнага вызвалення ад эксплуатацыі ва ўсіх яе відах і пабудова бяскласавага грамадства сац. справядлівасці. ПКБ лічыць сваёй задачай падрыхтоўку неабходных паліт., прававых і эканам. умоў для пераўтварэння грамадства. У ліку асн. метадаў дзейнасці партыі — агітац.-масавая работа сярод насельніцтва, удзел у выбарах, актыўная праца ў заканадаўчых і прадстаўнічых органах улады, вынясенне на абмеркаванне грамадскасці і ўладных органаў сац.-эканам., паліт. і інш. праграм пераўтварэнняў, правядзенне грамадска-паліт. акцый і мерапрыемстваў у інтарэсах працоўных і сац. прагрэсу. Падтрымлівае кантакты і сувязі з камуніст., рабочымі партыямі, грамадскімі аб’яднаннямі больш чым 20 краін. Друкаваны орган — газ. «Товарищ» (з 1994). На 1.4.2001 дзейнічалі 6 абл., Мінская гар., 95 раённых, 17 гар. і 284 пярвічныя арг-цыі ПКБ, якія аб’ядноўвалі 8300 членаў партыі.

А.​І.​Філімонаў.

т. 12, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛЬСКАЯ САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ Ў ЛІТВЕ́, ППС на Літве (Polska partia socjalistyczna na Litwie, PPS na Litwie),

сацыялістычная партыя ў Літве і Зах. Беларусі рэв.-народніцкай арыентацыі ў 1902—06. Узнікла ў вер. 1902 з мясц. груп Польскай сацыялістычнай партыі (ППС). Адзін з яе стваральнікаў і кіраўнікоў П.​І.​Шумаў. Кіруючы орган — Літ. рабочы к-т (знаходзіўся ў Гродне). У пач. 1906 мела арг-цыі ў Вільні, Беластоку, Гродне, Брэсце, Коўне, Панявежы, Сувалках і Бельску. Друкаваны орган — газ. «Walka» («Барацьба»), Ставіла за мэту аб’яднаць мясц. рэв. групы ў краёвую дэцэнтралізаваную партыю. Патрабавала самастойнасці Літвы — Беларусі з устаноўчым сходам у Вільні, агульным для ўсіх народаў краю. Заклікала да звяржэння царызму, заваявання рэв. шляхам рэсп.-дэмакр. ладу, устанаўлення федэратыўных адносін Літвы—Беларусі з інш. часткамі Расіі. У чэрв. 1906 парвала арганізац. сувязь з ППС, перайменавалася ў С.-д. партыю Літвы (СДПЛ) і ў кастр. 1906 аб’ядналася з Літ. с.-д. партыяй.

М.​В.​Біч.

т. 12, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

а́ркуш, ‑а, м.

Стандартны кавалак паперы, кардону, фанеры і пад. Аркуш ватмана, кардону. □ Пракоп раздаў аркушы паперы ў косую лінейку, агрызак хімічнага алоўка. Грахоўскі. Ля сцяны стаяў вялікі аркуш фанеры. Лупсякоў. [Собіч] браў то адны карткі, то другія, запісваў на аркушах паперы лічбы, паціскаў плячыма, дзівіўся. Скрыган. Аўгіння пацела над літарамі. Аркуш паперы здаваўся ёй велізарным жытнім полем, якога яна не здолее зжаць. Бядуля.

•••

Аўтарскі аркуш — адзінка вымярэння аб’ёму літаратурнага твора, роўная 40 000 друкарскіх знакаў.

Друкаваны аркуш — шаснаццаць старонак друкаванага тэксту як адзінка вымярэння аб’ёму кнігі.

[Польск. arkusz з лац. arcus— дуга.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рандо́

(фр. rondeau, ад rond = круг)

1) верш з 8,13 або 15 радкоў, звязаных дзвюма скразнымі рыфмамі; словы (часам радкі), якімі пачынаецца верш, паўтараюцца ў сярэдзіне яго і ў канцы, ствараючы арыгінальнае архітэктанічнае кальцо;

2) закруглены рукапісны ці друкаваны шрыфт, а таксама пяро з парным канцом, каб пісаць такім шрыфтам.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)