што 1, чаго, чаму, што, чым, аб чым, займ.

1. пытальны. Абазначае агульнае пытанне аб прадметах, з’явах і іх прыметах, дзеянні, стане каго‑, чаго‑н. А што там, што там за ракой? Прыходзь — і зразумееш: Тут замець рупнаю рукой Насыпала сувеі. Матэвушаў. [Пан:] — Загадаю вам тры загадкі: што на свеце сыцей за ўсё? што на свеце саладзей за ўсё? што на свеце шпарчэй за ўсё? Якімовіч. Дарога, дарога! Чым заваражыла мяне ты? Танк. / У спалучэнні з часціцамі і займеннікамі «ж», «жа», «гэта», «такое». — Што ж цяпер рабіць? — спытаў .. [тата] сам у сябе і цішэй дадаў: — Ды так і заблудзіцца можна. Пальчэўскі. — А што ж гэта за вуліца, ці даўно яна тут? Кулакоўскі. // Ужываецца ў рытарычных пытаннях і воклічах у значэнні: нічога ўжо не зробіш, не варта і гаварыць. [Журавінка:] — Бывае, Хрысцінка, чалавек спатыкнецца. То што ж ты ўжо зробіш? Лобан. [Рыгор:] — Што аба мне пытаць: не хочацца нават і ўспамінаць нічога. Гартны. // Ужываецца ў рытарычных пытаннях у значэнні: добры, нічога. Чым не хлопец? Чым не горад? Чым не машына? □ [Тодар:] — Вось хоць бы і Антоля Скрылёва — чым не дзяўчына? Крапіва.

2. (толькі ў форме Н што) пытальны, у знач. вык. У якім стане хто‑, што‑н. знаходзіцца?, як? — Як наша вёска, што суседзі?

3. (у форме Н што і Р чаго) пытальны, у знач. прысл. Чаму?, па якой прычыне? — Што ж не кланяешся мне? — Грозна Леў спытаў. Танк. «Што ж гэта я зусім раскісла? Так, сапраўды, і да сухотаў недалёка». Ваданосаў. — Што так шчыра прыняўся за работу? — перабілі .. [Рыгора] суседзі. — На абед пара. Гартны. — Ну, заспявай яшчэ, — сказаў хлопец.. — Чаго ж ты пакінуў спяваць? Чорны.

4. (у форме Н што і Р чаго) пытальны, у знач. прысл. Для чаго?, навошта?, з якой мэтай? Што нам Кола сяброў завужаць, — Скрыжаваліся Нашы скрыжалі. Барадулін. [Сашка:] — Чаго ты, Валя, заходзіла тады да Шпулькевіча, калі мы з табой першы раз убачыліся? Чорны. Хацеў Сцёпка проста ў панскі дом ісці, ды лёкай спыніў: — Ты чаго тут, валацуга, цягаешся! Якімовіч.

5. Ужываецца ў рытарычных пытаннях і воклічах: а) адпавядае па значэнню адмоўнаму займенніку «нішто», а таксама назоўнікам, якія абазначаюць адмоўныя ўласцівасці, якасці. Што мне ворагі! Што яму мароз! □ Што па той чэсці, калі няма чаго есці. Прыказка; б) (у форме Р) пры наступным адмоўі ў значэнні: усё, усякае, любое. Чаго няволя не зробіць! І чаго за жыццё не зазнаеш! □ Чаго-чаго толькі .. [гаспадыні] не панеслі: стог бліноў стаяў пасярод стала, як асэсар, побач блішчала ўсімі колерамі неба і зямлі яечня з салам і каўбасой. Бядуля.

6. неазначальны. Разм. Што-небудзь, штосьці. [Брэйт:] — Толькі вы тут будзьце. Калі што — я прыскочу... Ставер. — Дайце мне, мама, перакусіць чаго. — А чаго ж табе даць, сынку? — Што ёсць у вас. Гартны. [Алаіза:] — Вы тут крыху пасядзіце, пазабаўляйцеся чым, а я на хвіліначку выскачу. Арабей.

7. (у форме В) указальны. Ужываецца ў спалучэнні з часціцамі «вось», «во», «от» для ўдакладнення выказвання ў значэнні: наступнае, іменна гэта. [Шэмет:] — Вось што я хачу сказаць. Такіх старшынь, як Бадытчык, мы не будзем знімаць, а будзем шукаць. Лобан. — Во што я скажу, Алесь: Віктар табе не таварыш, — проста пазіраючы на яго, сказала Лена. Ваданосаў. [Людміла:] Я не бачу тут Ніны Зорынай. Ёй паведамілі? [Соня:] А яе і не будзе. Вось што. Кучар.

8. адносны. Ужываецца ў складаназалежных сказах з даданымі дапаўняльнымі. Маці ніяк не магла зразумець, што робіцца з сынам. Паслядовіч. [Лютынскі:] Сядзь, я зараз пашукаю, чым перавязаць [руку]. Крапіва. Запанавала цішыня. Бацька, відаць, яшчэ не ўцяміў, што да чаго. Бажко. / Пры наяўнасці суадноснага слова ў галоўным сказе. [Маёру] ніяк не ўдавалася даць рады таму, што рабілася на дарогах і прасёлках. Лынькоў. Сынава ўяўленне дарысавала да канца тое, пра што толькі з большага сказаў бацька. Чорны. — Што прайшло, таго не вернеш! Гурскі. // Далучае даданыя дапаўняльныя сказы з прычынным адценнем, выступаючы ў значэнні займеннага прыслоўя «чаму». Пачаў і на яго [сына] бацька сварыцца, што толькі час марна траціць. Якімовіч.

9. адносны. Далучае дзейнікавыя даданыя сказы. [Конан:] — Што не ў меру, тое ў шкоду. Лобан. Што з воза ўпала, тое прапала. Прыказка.

10. адносны. Далучае выказнікавыя даданыя сказы, якія звычайна раскрываюць выказнік галоўнага сказа, выражаны займеннікамі «такі», «гэтакі», «той». — Працоўная слава — гэта не тое, што даецца чалавеку адзін раз і назаўсёды. Краўчанка. Што міру, тое і бабінаму сыну. Прыказка.

11. адносны. Далучае даданыя азначальныя сказы, выступаючы ў значэнні займеннікаў «які», «каторы». Другую групу касцоў, што ідзе следам за намі, вядзе Валодзька Цітовіч. Брыль. Зацвіла каліна, Што вадзіла летам, Ой, чырвоным цветам Зацвіла каліна. Трус. / Пры наяўнасці суадноснага слова ў галоўным сказе. Пакінем спадчыну мы для патомкаў Інакшую ад той, Што ўзялі мы ад продкаў на абломках Гісторыі сваёй. Купала. Да асуджаных кінуліся салдаты. І тады той з людзей, што стаяў першым у шарэнзе, загаварыў. Лынькоў.

12. адносны. У спалучэнні з часціцай «ні» пачынае сабой даданы ўступальны сказ. Жывём багата, што там ні кажы. Панчанка. Што ні кажы, дзялка і хвата Прызнаць адкрыта трэба ў ім [Богуце]. Колас.

13. адносны. Ужываецца для сувязі даданых далучальных сказаў дабавачнага характару. — А я не аграном, — адказала Іра. — Палоць трэба, што ж яшчэ рабіць. [Алёша:] — Палоць? А вой! Хто ж канюшыну поле? Лобан. Аднаго разу прыязджаў сам граф верхам на кані, чаго ніколі не бывала. Пестрак.

•••

Адно што гл. адзін.

А што ты думаеш гл. ты.

Бадай што гл. бадай.

Блізка што гл. блізка.

Бог (святы) ведае што гл. бог.

Больш чым... гл. больш.

Вось яно што! гл. вось ​2.

Вунь яно што! гл. вунь.

Дарма (дармо) што гл. дарма.

Дзіва што гл. дзіва.

(Ды) што (і) гаварыць гл. гаварыць.

За што купіў, за тое і прадаю гл. купіць.

І думаць няма чаго гл. думаць.

Калі што якое — калі здарыцца што‑н. нечаканае, узнікнуць якія‑н. цяжкасці, непрыемнасці і пад. [Бондар:] — Запомні, калі што якое, галавой адкажаш... Навуменка. Па ўспамінах старых людзей, што перадаваліся з пакалення ў пакаленне, паўстанцы часта казалі, калі што якое: «Будзем скардзіцца Кастусю!..» В. Вольскі.

Лічыць ні за што гл. лічыць.

Мала што гл. мала.

На чым свет стаіць гл. свет.

Не абы (там) што — не простая рэч, не дробязь, не глупства. [Ілья:] — Эх, нічога вы, жанчыны, не цяміце ў рыбацтве. Гэта ж спорт, высакародны спорт, а не абы там што! Васілёнак.

Ні за што (на свеце) — ні ў якім выпадку, ні пры якіх умовах, ніколі. І ўжо каторы раз.. [Вера] думала, што так бязглузда памылялася ў людзях, меркавала аб іх па першаму ўражанню і потым ні за што не хацела мяняць сваёй думкі. Асіпенка.

Ні за што ні пра што — а) дарэмна. Атрымаўшы пяцёрку ні за што ні пра што,.. [доктар] збянтэжыўся, пачырванеў і прамовіў: — А можа, гер Гендарсан, я ўсё-такі пагляджу на вашы зубы? Чарнышэвіч; б) без прычыны, без падстаў.

Ні пры чым — не мае ніякіх адносін да чаго‑н., не з’яўляецца прычынай чаго‑н.

Няма за што рук (рукі) зацяць (зачапіць) гл. зацяць.

Няма на што глядзець гл. глядзець.

Няма чаго богу грашыць гл. грашыць.

Няма чаго граху таіць гл. таіць.

Няма чаго казаць гл. казаць ​1.

Няма чаго на бога ківаць гл. ківаць.

Няма чаго рабіць гл. рабіць.

Няма чым крыць гл. крыць.

Пакуль што гл. пакуль (у 1 знач.).

Пры чым тут хто-што — якія адносіны хто‑, што‑н. мае да гэтага.

У чым маці нарадзіла гл. маці.

У чым справа? гл. справа ​1.

Хоць бы што каму — а) ніколькі не хвалюе, не турбуе што‑н. Дзяўчаты ўзяліся за Васіля Міронавіча .. Той хоць бы што: сядзеў і ківаў галавою. Пташнікаў; б) зусім не цяжка. Пятро і Аляксей задыхаліся, прабіраючыся па ярах, а Міколу — хоць бы што. Новікаў; в) ніякіх вынікаў. Усю вясну Уля калечыла свае рукі.. Чаго толькі не прыносіла суседка, чым не мазалі доўгія дзявочыя пальцы? І хоць бы што. Паўлаў.

Чаго варты! гл. варты.

Чаго добрага гл. добры.

Чаго не бывае гл. бываць.

Чорт ведае што! гл. чорт.

Чым багаты, тым і рады гл. багаты.

Чым дыхае (дыша) хто гл. дыхаць.

Чым хата багата гл. хата.

Што бога гнявіць; няма чаго бога гнявіць гл. гнявіць.

Што б там ні было гл. быць.

Што будзе, тое будзе гл. быць.

Што вы! (ты!) — выражае здзіўленне, спалох як рэакцыя) на чые‑н. словы, учынкі.

Што (гэта) за ... — у пытальных сказах абазначае пытанне пра якасць, уласцівасць: які, якая, якое, якія? — І што гэта за грукат стаіць дзень і ноч? — дадала Наста. М. Ткачоў. Вы, зязюлькі мае, цёткі, Што за смак вам плесці плёткі?! Крапіва.

Што да каго-чаго, то (дык)... — калі гаварыць аб кім‑, чым‑н., мець на ўвазе каго‑, што‑н., то (дык)...

Што датычыцца каго-чаго, то... гл. датычыцца.

Што ёсць духу (сілы) гл. дух.

Што за... — у клічных сказах выражае эмацыянальныя адносіны да ўласцівасцей каго‑, чаго‑н. (захапленне або абурэнне). Што за рогі былі ў яго [лася]! Узнятыя ўгору на фоне ружовага неба, яны перапляталіся з галінамі і, здавалася, засланялі сабой увесь лес. Няхай.

Што за ліха! гл. ліха ​1.

Што за чорт! гл. чорт.

Што значыць хто ці што гл. значыць ​2.

Што называецца гл. называцца.

Што ні крок гл. крок.

Што трэба гл. трэба ​1.

Што (тут, і) казаць гл. казаць ​1.

Што-што, а...; чаго-чаго, а...; чаму-чаму, а... — падкрэслівае выключнасць прадмета, з’явы, падзеі і пад., пра якую паведамляецца. У сканцэнтраваным расоле, які запаўняў лагуну, чаго-чаго, а солі было дастаткова. Чаркасаў.

Што я (ты, ён) там (тут) забыў? гл. я.

што 2, злучн.

1. тлумачальны. Падпарадкоўвае даданыя дапаўняльныя сказы: а) са значэннем паведамлення, выказвання, думкі, пачуцця ці ўнутранага стану і пад. Апошняе меркаванне, што Саўка спалохаўся паўстанцаў, змусіла войта задумацца. Колас. У першым сваім пісьме да Валі Люба напісала, што яе пасылаюць вучыцца на рабфак. Чорны. [Валя:] — Ой, цяжкі быў час, не думалі, што выжывем, а вось выжылі. Арабей. / Пры наяўнасці суадноснага слова ў галоўным сказе. Ніна ўжо некалькі дзён думала аб тым, што павінна сказаць аб усім Лявону. Галавач; б) з прычынным адценнем, выступаючы ў значэнні займеннага прыслоўя «чаму». Галя горка папракала сябе, што выбрала такі нязручны час, каб паехаць на якую пару дзён да сваёй сяброўкі. Лынькоў. [Туляга:] Я хацеў бы параіцца з вамі.. [Вера:] Дык парайцеся. [Туляга:] Але ж і раіцца небяспечна. Баюся, што пойдуць усялякія чуткі. Крапіва. / Пры наяўнасці суадноснага слова ў галоўным сказе. Бацькі былі ўсцешаны тым, што дзеці сталі на свае ногі, што кожны знайшоў сваю дарогу ў жыцці. Лынькоў.

2. тлумачальны. Падпарадкоўвае дзейнікавыя даданыя сказы. Наіўнае юнацтва! Табе здаецца, што ты выключнае, што ты самае разумнае, мудрае, не падобнае на ўсіх, і жаданні ў цябе недасягальныя! Шамякін.

3. тлумачальны. Падпарадкоўвае выказнікавыя даданыя сказы, якія раскрываюць выказнік галоўнага сказа, выражаны як займеннікамі, так і іншымі часцінамі мовы. Партыя вучыць, што ўзняць культуру кожнага з народаў Савецкага Саюза можна толькі на яго роднай мове. Крапіва. Час быў такі, што нашы бацькі былі на вайне. Чорны.

4. тлумачальны. Падпарадкоўвае даданыя сказы меры і ступені (звычайна пры наяўнасці ў галоўным сказе суадносных слоў «так», «такі», «настолькі», «да таго»). Такі шум, гоман на кірмашы, што чалавек ледзь не аглух. Якімовіч. Граматычны лад нашай [беларускай] мовы настолькі дасканалы, што дае магчымасць пабудаваць любую фразу, выказаць любую думку. Крапіва. А навакол такі спакой, Што посвіст салаўіны Здаецца громам над зямлёй Чырвоным, белым, сінім. Танк. Прабірацца па лесе нялёгка: намяло снегу столькі, што як вухнеш у яміну, то наверсе застанецца адна аблавушка. Лецка.

5. тлумачальны. Падпарадкоўвае даданыя сказы характару і спосабу дзеяння (звычайна ў адпаведнасці з суадноснымі словамі «так», «гэтак» у галоўным сказе). [Лявон:] Дык ён, гэты Драздоўскі, так завязаў нам вузел, што каля дзесяці гадоў разблытвалі, чуць канец знайшлі. Галавач. Гаварыў .. [Клыга] так, што зразу відаць было, што ўсякае слова яго — гэта вера яго. Чорны.

6. параўнальны. Разм. Падпарадкоўвае даданыя параўнальныя сказы і параўнальныя звароты, выступаючы ў значэнні злучнікаў чым, як, нібы, нібыта. На Шэмета [Журавінка] паглядзеў — што рубля падарыў. Лобан. Тральшчык, што мінёр — памыляецца адзін раз у жыцці. Б. Стральцоў. Сон навальваецца як сцяна. Спіш — што мёртвы. Мележ. / З адценнем градацыі. Што бліжэй да агню, то ўсё больш і больш хлапчукі прыбаўлялі кроку. Кулакоўскі.

7. умоўны. Разм. Падпарадкоўвае даданыя ўмоўныя сказы; па значэнню адпавядае злучнікам калі, раз. [Доктар:] Мусіць, цётка вельмі паноў любіць, што і нас панамі называе? Крапіва.

8. прычынны. Разм. Падпарадкоўвае даданыя сказы прычыны. Хлебароб, аддаўшы сілы Свайму полю-ніве, Усміхнецца табе міла, Што ты ўрадліва. Гартны.

9. часавы. Разм. Падпарадкоўвае даданыя сказы часу, дзеянне якіх адбываецца адначасова з дзеяннем галоўнага сказа, выступаючы ў значэнні злучніка «як толькі». [Даніла:] Руку, друг!.. Што дзень, то больш у мяне баявых таварышаў. Крапіва. — Будзе і наша свята. Што дзень — то бліжэй яно. Брыль.

10. Уваходзіць у склад састаўных падпарадкавальных злучнікаў: а) прычынных злучнікаў «таму што», «ад таго што», «у сувязі з тым што», «затым што», «дзеля таго што». Не трэба туды ісці, таму што і масток і Віктар увесь час перад вачыма. Кулакоўскі. Гарнітур быў нішто, але няспрытна вельмі ж сядзеў, мусіць, ад таго, што манішка і цвёрды каўнер усё роўна як звязвалі чалавека. Чорны; б) уступальным злучнікаў «дармо што», «нягледзячы на тое што». Лявонка хлопец дзельны, дармо што і наезджы. Машара. Нягледзячы на тое, што прыказкі і прымаўкі самастойна не бытуюць, яны не трацяць ад гэтага свайго велізарнага значэння. Крапіва; в) выніковых злучнікаў «так што», «у выніку таго што». Поезд імчаў у цёмную ноч, так што Паддубны не заўважыў, калі праехалі праз тунель Папар. Пестрак. Быў ён чалавек ціхі і непрыкметны. Ні з кім асабліва не сыходзіўся, так што ніхто добра не ведаў, як ён жыве. Лынькоў; г) далучальных злучнікаў «тым больш (болей) што». Лабановіч сабраўся паблукаць па верханьскіх ваколіцах, тым болей што не ўсе яны былі даследаваны ім. Колас. Здалёк нельга было пазнаць, хто гэта, тым больш, што жанчына толькі на хвіліну прыпынілася каля цэментавых прыступак. Кулакоўскі.

што 3, часціца.

1. Ужываецца ў пачатку пытальных і клічных сказаў пры выказванні здзіўлення, збянтэжанасці, меркавання і пад. — Што, едзеш? — спытаўся Падбярэцкі і зноў паскроб патыліцу. Пташнікаў. Больш за ўсё непакоіла думка: а што, калі Толя, для якога яна хоча купіць баян, не прыедзе?.. Ваданосаў. Цяпер .. [хлопцы] ўжо не спускалі вачэй з травы, заглядвалі і ў кусты. А што калі і яшчэ дзе валяецца такі ж аўтамат! Якімовіч.

2. (у форме Н таго Р чаго) пытальная. Ужываецца ў дыялагічнай мове ў ролі словасказа як адказ на пастаўленае пытанне ў значэнні: што?, чаго трэба? або для выражэння здзіўлення ў сувязі са сказаным ці просьбы паўтарыць недачутае, незразуметае. — Смех смехам, а паплавы марнеюць. — А што, раней не выгаралі вось так, як і сёлета? Асіпенка. [Каця:] — А ўсё ж прызнаеш — [хлопец] прыгожанькі! — Ну і што? — Як што? — наступала Каця, адчуваючы свой верх. Ракітны.

3. У складзе мадальнай часціцы «ці што» ужываецца для выказвання меркавання ці няўпэўненасці ў чым‑н. [Гулякоў:] — Дык што, гаспадар? Маўчаць будзеш? Язык прыкусіў ты, ці што? Кавалёў. [Камлюк:] — На атрад Паддубнага ўзялі [самалёты] курс, ці што? М. Ткачоў. А што мы — бедныя, ці што? Ці наша поле не ўрадзіла? Ці нашых фабрык не чутно? Гілевіч.

4. У складзе мадальнай часціцы «што ж» ужываецца: а) пры выказванні згоды, прымірэння ці адабрэння чаго‑н. — Гол! — з захапленнем крычыць Віця. — Давай свабодны! — Ну што ж, няхай будзе свабодны! Мяч ляціць высока ўгору. Васілёнак. — Калі суджана разам жыць, вернецца, а калі не, што ж, мая дачка, не ты адна такая... Гроднеў; б) у дыялагічнай мове пры пабуджэнні субяседніка адказаць на пытанне, удакладніць што‑н. Томцы, як кажуць, пашанцавала — яе заўважыў галоўны інжынер будаўнічага ўпраўлення. — Ну і што ж там твая Томка? — не надта прыязна запытаўся Васіль. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БЕЛАРУ́СКАЯ МО́ВА,

мова беларусаў, асноўнага насельніцтва Рэспублікі Беларусь; дзярж. мова Рэспублікі Беларусь. Паводле перапісу 1989 яе лічаць роднай 77,7% жыхароў Беларусі, у тым ліку 80,2% беларусаў. Разам з рускай мовай і ўкраінскай мовай адносіцца да ўсх. групы славянскіх моў.

Сучасная бел. мова існуе ў літ. і дыялектнай формах. Дыялектная беларуская мова (гл. ў арт. Дыялект) захоўваецца пераважна сярод сельскага насельніцтва. Яна ўключае асн. масіў гаворак і т.зв. палескую (зах.-палескую) групу гаворак. Асн. масіў падзяляецца на 2 вял. дыялекты: паўн.-ўсходні і паўд.-заходні. Паміж імі знаходзіцца паласа пераходных, або сярэднебел., гаворак (з ПнЗ на ПнУ). Літаратурная мова генетычна грунтуецца на гаворках цэнтр. Беларусі, але ў працэсе свайго станаўлення сінтэзавала характэрныя для большасці бел. гаворак граматычныя і лексічныя рысы і ў сучасны момант не суадносіцца з пэўным тэр. дыялектам.

Арфаграфія беларускай мовы грунтуецца на фанет. прынцыпе ў спалучэнні з марфалагічным. У цесным узаемадзеянні з ёю ішло фарміраванне бел. арфаэпіі. У бел. фанетычнай сістэме (гл. Гукі мовы, Фанетыка) 5 галосных гукаў і 32 зычныя гукі. Марфалогія беларускай мовы сінтэтычная з рысамі аналітызму. Усе словы размяркоўваюцца па 10 часцінах мовы, якія падзяляюцца на знамянальныя (апрача прыслоўя маюць формы словазмянення) і службовыя. Спецыфіку сінтаксісу надаюць гал. чынам адметнасці ў дзеяслоўным і прыназоўнікавым кіраванні. У аснове бел. графікі — рус. грамадзянскі шрыфт, утвораны ў выніку рэформы кірыліцы. Беларускі алфавіт налічвае 32 літары.

Параўнальна-гіст. мовазнаўствам устаноўлена, што ў перыяд ад 3—2-га тыс. да нашай эры да 7—8 ст. нашай эры ў слав. плямёнаў існавала агульная праславянская мова, якая напачатку складалася з блізкароднасных дыялектаў. Шырокае рассяленне слав. плямёнаў у 6—7 ст. абумовіла паслабленне ўнутраных сувязяў. У выніку прыкладна ў 8—9 ст. адбыўся працэс ператварэння ранейшых дыялектаў у самастойныя слав. мовы. У гэты час пачала складвацца і стараж.-рус. мова як адзіная для ўсходніх славян. Яе адноснае адзінства захоўвалася да 13 ст., у тым ліку ў эпоху Кіеўскай Русі. Ад праслав. мовы яна атрымала ў спадчыну фанетычную сістэму, граматычны лад і асн. слоўнікавы фонд. У перыяд з 6—7 да 9—10 ст. у стараж.-рус. мове развіўся шэраг спецыфічных рысаў у галіне фанетыкі: поўнагалоссе (берегъ, голова), пачатковае «о» на месцы спалучэння «jе» (озеро, олень), шыпячыя «ж» і «ч» на месцы спалучэння гукаў d, t, kt з j (межа, ночь) і інш. На працягу 11—14 ст. найб. значным фанетычным працэсам стала падзенне рэдукаваных галосных «ъ» і «ь», у выніку чаго фанетычная сістэма наблізілася да фанетычнага ладу сучасных усх.-слав. моў. У граматычным ладзе ранейшая сістэма скланення назоўнікаў па асновах выцяснялася новымі тыпамі скланення па родах, што адбілася на характары канчаткаў. У сістэме дзеяслова аформілася катэгорыя трывання, у сувязі з чым змянілася сістэма прошлых часоў: аорыст, імперфект і часткова плюсквамперфект выцеснены перфектам, які стаў асноўнай формай прошлага часу ў жывой стараж.-рус. мове. Развіццё грамадскай, культ. і ваен. дзейнасці ўсх. славян садзейнічала ўзбагачэнню слоўнікавага складу. Большасць новых слоў узнікла праз словаўтварэнне ад агульнаслав. каранёў, змяненне значэння старых слоў і запазычанняў з грэч., скандынаўскіх, фінскіх і цюркскіх моў.

Пісьменства ва ўсх. славян (на аснове кірыліцы) пашыралася з канца 10 ст. ў сувязі з прыняццем хрысціянства і развіццём дзяржаўнасці. Для Кіеўскай Русі было характэрна літ.-пісьмовае двухмоўе. Яно ўключала царкоўнаславянскую мову богаслужэбнай л-ры, перакладзенай або створанай у Балгарыі і інш. слав. краінах і перапісанай на Русі (Евангелле, Псалтыр, Апостал), і славяна-рускую мову арыгінальных твораў, у якіх пераважала царк.-слав. стыхія, але прысутнічаў і ўсх.-слав. субстрат («Жыціе Феадосія Пячэрскага», «Сказанне пра Барыса і Глеба», «Слова аб законе і божай ласцы» мітрапаліта Іларыёна). Стараж.-руская літ. мова на нар. аснове выкарыстоўвалася ў дзярж. справаводстве, дзелавой пісьменнасці («Руская праўда», граматы), у творах апавядальнай л-ры («Аповесць мінулых гадоў», «Павучанне Уладзіміра Манамаха», «Слова аб палку Ігаравым»), шматлікіх дакументах, у прыватнай перапісцы на берасцяных граматах. Гэтыя віды пісьменства выкарыстоўваліся і на бел. землях эпохі Кіеўскай Русі. Вядучае месца тут належала царк.-слав. мове як мове правасл. набажэнства. Гэта пацвярджаюць выяўленыя на Беларусі помнікі пісьменства: Супрасльскі рукапіс і Тураўскае (11—12 ст.), Аршанскае, Друцкае, Мсціжскае, Полацкае (13—14 ст.) евангеллі. Арыгінальныя творы 12 ст. — «словы», казанні, павучанні і малітвы Кірылы Тураўскага, агіяграфічныя «Жыціе Ефрасінні Полацкай» і «Жыціе Аўраамія Смаленскага». Стараж. бел. пісьменства на нар. аснове прадстаўлена гал. чынам мясцовымі летапісамі і дагаворамі 13—14 ст. з Полацка, Віцебска і цесна звязанага з імі Смаленска.

Феадальнае драбленне і распад Кіеўскай Русі садзейнічалі актывізацыі на бел. землях мясц. дыялектаў. На працягу 14—16 ст. у беларускай мове развіліся фанетычныя асаблівасці: цвёрдае «р», дзеканне і цеканне і інш. Адначасова выпрацаваўся шэраг спецыфічных рысаў беларускай мовы ў галіне лексікі. Агульнаўжывальнымі сталі словы, вядомыя з глыбокай старажытнасці як дыялектызмы («багна», «вавёрка», «воўна», «вырай», «гай», «грэбля», «жыта», «збожжа», «крыніца», «смага», «брахаць», «жадаць», «лагодзіць», «лаяць»). Многія агульнаслав. і агульнаўсх.-слав. словы на бел. глебе змяніліся ў выніку прыстасавання да бел. фанетычнай сістэмы («аржаны», «іржа», «возера», «вока», «дрыжыць», «крывавы»). Асноўная ж колькасць новых слоў утваралася афіксальным спосабам шляхам выкарыстання пашыраных у беларускай мове сродкаў словаўтварэння — суфіксаў і прыставак («авечка», «сцежка», «частка», «выбавіць», «выбраць»). У папаўненні слоўніка беларускай мовы значную ролю адыгралі запазычанні з інш. моў — паланізмы, лацінізмы, германізмы, літуанізмы (гл. Балтызм), цюркізмы. Бел. пісьмовыя помнікі 16 ст. сведчаць, што да гэтага часу склаліся ўсе важнейшыя фанетычныя, граматычныя і лексічныя рысы, уласцівыя беларускай мове і цяпер.

З сярэдзіны 15 ст. пісьменства на Беларусі насычаецца спецыфічна бел. рысамі ў такой меры, што дае падставу сцвярджаць пра самастойную бел. літ. мову са сваімі арфаграфічнымі, граматычнымі і лексічнымі адзнакамі. Развіццю беларускай мовы спрыяла і тое, што ў ВКЛ яна выконвала функцыі дзяржаўнай мовы. Асабліва шырока беларуская мова выкарыстоўвалася ў канцылярска-юрыд. дакументацыі — актах, граматах, дагаворах і статутах (найб. важныя — Статуты ВКЛ 1529, 1566 і 1588). Буйны помнік канцылярска-юрыд. пісьменства — Метрыка Вялікага княства Літоўскага, дакументы якой да сярэдзіны 17 ст. афармляліся пераважна на беларускай мове. На ёй вялася таксама дакументацыя ў гар. управах, магістратах і магдэбургіях, у гар., земскіх і замкавых судах і інш. Да сярэдзіны 17 ст. беларуская мова выкарыстоўвалася таксама ў канцылярыях і судах на тэр. этнічнай Літвы, на ёй пісаліся дакументы ў каралеўскіх канцылярыях Кракава і Варшавы, што прызначаліся для ВКЛ. У канцы 14 — пач. 15 ст. на Беларусі вял. пашырэнне атрымала летапісанне, але ў летапісах, якія дайшлі да нашага часу ў больш позніх спісах [Нікіфараўскі, Слуцкі, Віленскі адносяцца да канца 15 — пач. 16 ст., астатнія (больш як 10) да 16—17 ст.], бел. мова адлюстравалася неаднолькава (раннія летапісы ў большай ступені захоўваюць архаічныя моўныя рысы, пазнейшыя — жывую нар. стыхію). Жывой нар. мовай напісаны Баркулабаўскі летапіс, мемуарныя творы («Дзённік» Ф.Еўлашоўскага, «Дыярыуш» А.Філіповіча), перакладныя аповесці («Александрыя», «Троя», «Аповесць пра Трышчана», «Аповесць пра Баву»), польск. гіст. хронікі канца 16 — пач. 17 ст. («Хроніка ўсяго свету» М.Бельскага, «Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсяе Русі» М.Стрыйкоўскага).

Паступовае збліжэнне з Польшчай у паліт. і культ. адносінах, насаджэнне на Беларусі каталіцызму паслабляла пазіцыі праваслаўя і царк.-слав. мовы. Гэтаму садзейнічала і распаўсюджанне рэфармацыйных плыняў, прыхільнікі якіх імкнуліся ўводзіць мясц. мовы ў набажэнства і богаслужэбную л-ру. Першапачаткова беларуская мова пранікла ў жыційную л-ру (напр., «Мінеі — Чэцці», 1489). У канцы 15 ст. пачалі з’яўляцца пераклады з польск. мовы агіяграфічных і апакрыфічных твораў («Страсці Хрыстовы», «Аповесць пра трох каралёў», «Жыціе Аляксея, чалавека божага»). З пач. 16 ст. беларуская мова пранікае і ў кананічныя рэліг. творы. Пачатак гэтаму працэсу паклаў Ф.Скарына, які ў 1517—19 выдаў у Празе большую частку кніг Старога запавету. Захаваўшы ў гэтых выданнях царк.-слав. аснову, ён наблізіў іх мову да народнай. У часы Скарыны зроблены пераклады на беларускую мову асобных кніг Бібліі непасрэдна са стараяўр. мовы. Каля сярэдзіны 16 ст. з’явіўся пераклад Псалтыра — самай папулярнай кнігі ў паслядоўнікаў хрысц. веравызнання. Першапачаткова такія пераклады распаўсюджваліся ў рукапісных спісах. З 2-й пал. 16 ст. на беларускай мове з’яўляюцца друкаваныя творы рэліг. прызначэння. У 1562 С.Будны выдаў у Нясвіжскай друкарні першыя на Беларусі друкаваныя кнігі на беларускай мове «Катэхізіс» і «Пра апраўданне грэшнага чалавека перад Богам» (не захавалася). Каля 1580 В.Цяпінскі выдаў Евангелле, у якім бел. тэкст змешчаны паралельна з царк.-славянскім — унікальная з’ява ў тагачасным слав. свеце. З канца 16 ст. беларуская мова стала прадметам абавязковага вывучэння ў правасл. брацкіх школах, што садзейнічала яе паспяховаму выкарыстанню ў розных галінах грамадскага і культ. жыцця. Канец 16 — 1-я пал. 17 ст. былі эпохай найб. выкарыстання беларускай мовы ў рэліг. сферы — пераважна ў т.зв. гамілетычнай л-ры, якая грунтавалася на павучальным тлумачэнні тэкстаў Свяшчэннага пісання. Захаваліся да нашага часу шматлікія рукапісныя зборнікі і друкаваныя кнігі: «Казанне Кірылы, патрыярха іерусалімскага, пра антыхрыста» С.Зізанія (Вільня, 1596), «Евангелле вучыцельнае» (Еўе, 1616), «Духоўныя гутаркі» Макарыя Егіпецкага (Вільня, 1627), «Гісторыя пра Варлаама і Іаасафа» (Куцейна, 1637) і інш. На беларускай мове былі надрукаваны і пахавальныя казанні, складзеныя паводле правілаў тагачаснай царк. рыторыкі. Беларуская мова выкарыстоўвалася ў разнастайных настаўленнях аб хрысц. рытуалах і ў царк. заканадаўстве.

Аднак у новых паліт. і культ. умовах жыцця бел. народа ў складзе Рэчы Паспалітай выкарыстанне бел. літ.-пісьмовай мовы паступова пайшло на спад. Пасля Люблінскай уніі 1569 бел.-літоўская шляхта з мэтай захавання свайго паліт. і эканам. становішча імкнулася да ўстанаўлення ў ВКЛ важнейшых дзярж. інстытутаў на польскі ўзор. У сярэдзіне 17 ст. беларуская мова практычна выйшла з ужытку ў дзярж. канцылярыях. Юрыдычна гэта было аформлена рашэннем усеагульнай канфедэрацыі саслоўяў 1696. Разам з заняпадам беларускай мовы ў справаводстве пачала звужацца і яе роля ў інш. галінах грамадскага і культ. жыцця. Бел. кнігі не друкаваліся, рэліг. л-ра выдавалася выключна на царк.-слав. мове. У 2-й пал. 17 і на працягу 18 ст. на Беларусі панавала польска-лац. кнігадрукаванне. Адукацыя знаходзілася пераважна ў руках шматлікіх рымска-каталіцкіх ордэнаў: езуітаў, дамініканцаў, кармелітаў, францысканцаў, бернардзінцаў і піяраў, якія мелі свае школы і вучылішчы амаль ва ўсіх бел. гарадах і буйных мястэчках. Навучанне ў іх вялося на польск. і лац. мовах. Беларуская мова вывучалася толькі ва уніяцкіх базыльянскіх школах і выкарыстоўвалася ў неафіц. частках набажэнства. Жывой беларускай мовай працягвалі карыстацца сяляне, дробная шляхта, гар. рамеснае насельніцтва. На нар. мове ствараліся разнастайныя фалькл. творы: песні, казкі, легенды, паданні, прыказкі, прымаўкі і інш. У 18 ст. беларуская мова атрымала пісьмовую фіксацыю толькі ў інтэрмедыях і інтэрлюдыях да драм. твораў, што ставіліся ў вучылішчах, гімназіях і калегіях (гл. Школьны тэатр). Панаванне польск. мовы ў важнейшых галінах грамадскага і культ. жыцця працягвалася да 1830-х г., пасля польск. мову ў гэтых сферах замяніла руская.

Новая бел. літ. мова на нар. аснове, без сувязі са стараж. пісьмовымі традыцыямі пачала складвацца на пач. 19 ст. Станаўленне яе праходзіла ў агульным кантэксце слав. адраджэння нацыянальнага. Але на Беларусі развіццё літ. мовы стрымлівалася адсутнасцю яе дзярж. самастойнасці, панаваннем у тагачасным грамадстве думкі, што бел. нар.-дыялектная мова з’яўляецца толькі дыялектам рус. ці польск. моў. Сведчаннем фарміравання новай бел. літ. мовы было з’яўленне ў 19 ст. ананімных паэм «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе», якія доўгі час бытавалі ў вуснай перадачы і ў рукапісах. Першая друкаваная кніга на новай беларускай мове «Кароткі збор хрысціянскай навукі» (Вільня, 1835). Аднак найперш беларуская мова прабівала сабе дарогу ў паэт. жанрах, якія былі вядучыя на працягу ўсяго 19 ст. Значны ўклад у развіццё новай бел. літ. мовы зрабілі Я.Баршчэўскі, А.Рыпінскі, Я.Чачот, В.Дунін-Марцінкевіч, Ф.Багушэвіч і інш. З канца 19 ст. на беларускай мове з’яўляюцца пераклады з рус., укр. і польск. моў.

Бел. літ. мова 19 ст. яшчэ не мела ўстойлівых графічных, арфаграфічных, граматычных і лексічных нормаў. На ёй не ствараліся падручнікі ці дапаможнікі, не вялося школьнае навучанне, яна не дапускалася ў дзярж. сферу. Пісьменнікі арыентаваліся на свае родныя гаворкі. Працэс нармалізацыі мовы стрымлівала выкарыстанне дзвюх графічных сістэм — лацінскага і кірылічнага шрыфтоў, што назіралася аж да 1917, а ў Зах. Беларусі — да 1939. Рэвалюцыя 1905—07 паскорыла разгортванне літ.-грамадскага руху на Беларусі, зняла абмежаванні з бел. друкаванага слова. З гэтага часу пачалі арганізоўвацца легальныя органы друку і бел. выд-вы. У развіцці бел. літ. мовы значную ролю адыграла «Наша ніва» (Вільня, 1906—15), на старонках якой выступала новая плеяда бел. пісьменнікаў: Я.Купала, Я.Колас, М.Багдановіч, Цётка, М.Гарэцкі, З.Бядуля, Ц.Гартны, К.Каганец, Ядвігін Ш. і інш. Газета садзейнічала выпрацоўцы навук. стылю, на яе правапісныя, грамат. і лексічныя нормы арыентаваліся інш. перыядычныя выданні. Аднак сфера выкарыстання беларускай мовы ў гэты час была звужаная, бо ў важнейшых галінах грамадскага і культ. жыцця панавала рус. мова. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917, абвяшчэння БНР (сак. 1918), а потым БССР (1.1.1919) беларуская мова атрымала статус дзяржаўнай. У выніку беларусізацыі беларуская мова стала мовай школьнага навучання, вышэйшых навуч. устаноў, дзярж. і грамадскіх арганізацый, перыяд. друку. Арфаграфія і граматычныя нормы яе былі кадыфікаваны «Беларускай граматыкай для школ» Б.Тарашкевіча (Вільня, 1918). Яе прынцыпы папулярызаваліся падручнікамі Я.Лёсіка. Беларуская мова набыла ўсе гал. прыкметы, уласцівыя кожнай нац. літ. мове: развітая стылістычная дыферэнцыяцыя, апрацаванасць, упарадкаванасць літ. мовы ў параўнанні з нар.-дыялектнай, узаконеная грамадствам нарматыўнасць, стабільнасць, неперарыўнасць традыцый, наяўнасць пісьмовай і вуснай разнавіднасцяў. Для нармалізацыі бел. літ. мовы важнае значэнне мела прынятая СНК БССР у жн. 1933 пастанова «Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу» (гл. ў арт. Рэформы моўныя). Бел. дыяспара за межамі Беларусі не прызнала рэформу 1933 і працягвае карыстацца дарэформеннымі правапіснымі і граматычнымі нормамі. Так фактычна ўтварыліся два варыянты бел. літ. мовы, якія існуюць і ў наш час.

Самыя раннія спробы вывучэння беларускай мовы зроблены на пач. 19 ст., аднак яно не мела арганізаванага і сістэматычнага характару (гл. ў арт. Беларусазнаўства). Найбагацейшы збор бел. лексічнага матэрыялу дарэв. пары — «Слоўнік беларускай мовы» І.І.Насовіча (1870). Пачатак грунтоўнаму навук. даследаванню беларускай мовы далі працы заснавальніка бел. мовазнаўства Я.Ф.Карскага, асабліва яго манаграфіі «Беларусы» (т. 1—3, 1903—22). У сав. час апублікаваны фундаментальныя даследаванні беларускай мовы, падрыхтаваныя Інстытутам мовазнаўства імя Я.Коласа АН Беларусі, разнастайныя дапаможнікі для ВНУ па гісторыі мовы, дыялекталогіі сучаснай беларускай мовы, спец. кнігі па асобных праблемах фанет. сістэмы, грамат. ладу мовы беларусаў. Выдадзены вялікія перакладныя, тлумачальныя, гіст. і інш. слоўнікі (гл. ў арт. Лексікаграфія), аналізуюцца кантакты беларускай мовы з мовамі інш. слав. і неслав. народаў на розных этапах іх гіст. развіцця. У 1990 прыняты Закон «Аб мовах у Беларускай ССР», які надаў беларускай мове статус дзяржаўнай мовы.

Літ.:

Карский Е.Ф. Белорусы. Вып. 1—3. М., 1955—56;

Филин Ф.П. Происхождение русского, украинского и белорусского языков: Ист.-диалектол. очерк. Л., 1972;

Булахов М.Г., Жовтобрюх М.А., Кодухов В.И. Восточнославянские языки. М., 1987;

Супрун А.Е. Введение в славянскую филологию. 2 изд. Мн., 1989;

Воўк-Левановіч О.В. Лекцыі па гісторыі беларускай мовы. Мн., 1994;

Нарысы па гісторыі беларускай мовы. Мн., 1957;

Гістарычная лексікалогія беларускай мовы. Мн., 1970;

Булыка А.М., Жураўскі А.І., Крамко І.І. Гістарычная марфалогія беларускай мовы. Мн., 1979;

Жураўскі А.І. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. Т. 1. Мн., 1967;

Крамко І.І., Юрэвіч А.К., Яновіч А.І. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. Т. 2. Мн., 1968;

Шакун Л.М. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. 2 выд. Мн., 1984;

Мова беларускай пісьменнасці XIV—XVIII стст. Мн., 1988;

Граматыка беларускай мовы. Т. 1—2. Мн., 1962—66;

Беларуская граматыка. Ч. 1—2. Мн, 1985—86;

Беларуская мова: Энцыкл. Мн., 1994.

А.І.Жураўскі.

т. 2, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)