Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПРАЦО́ЎКА ГЛЕ́БЫ,
прыёмы мех. ўздзеяння на глебу, якія павышаюць яе ўрадлівасць і ствараюць лепшыя ўмовы для росту і развіцця раслін. Сукупнасць паслядоўных прыёмаў уздзеяння складаюць сістэму апрацоўкі глебы. Адрозніваюць сістэмы асн. і перадпасяўной апрацоўкі, а таксама зямель, схільных да эрозіі. Ва ўмовах Беларусі найб. выкарыстоўваюцца дыскаванне, ворыва, культывацыя, баранаванне, выраўноўванне, прыкочванне, міжрадковая апрацоўка. Пры апрацоўцы глебы ствараецца рыхлы дробнакамякаваты ворны слой, паляпшаюцца водны, паветраны і цеплавы рэжымы глебы, знішчаюцца пустазелле, шкоднікі, узбуджальнікі хвароб раслін, загортваюцца ў глебу ўгнаенні, дзярніна, іржышча і інш. раслінныя рэшткі, ствараюцца найлепшыя ўмовы для сяўбы і прарастання насення. Гл. таксама Агратэхніка.
т. 1, с. 434
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫКАПНЁВЫЯ ГЛЕ́БЫ,
глебы, пахаваныя пад пародамі, генетычна не звязанымі з іх утварэннем. Трапляюцца ў тоўшчы розных кантынентальных адкладаў, сведчаць аб перапынках у асадканамнажэнні. Даюць матэрыял для пазнання і раскрыцця накіраванасці сучасных геамарфал. і глебаўтваральных працэсаў, вывучэння фактараў антрапагеннага ўздзеяння на глебы ў галацэне. У грунтах вылучаюцца афарбоўкай парод, мінералагічным складам, прысутнасцю арган. рэчыва.
На Беларусі выкапнёвыя глебы знойдзены ў антрапагенавых адкладах у керне шматлікіх свідравін, агаленнях яроў і па далінах рэк. Найбольш даследаваны ў межах Навагрудскага ўзвышша, ва ўрочышчы Цялячы роў каля г. Мсціслаў, на берагах рэк Дняпро, Віхра, у кар’ерах цагельных заводаў каля Мінска.
т. 4, с. 310
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГЛЯЕ́ННЕ ГЛЕ́БЫ,
глебаўтваральны працэс, які адбываецца ў анаэробных умовах з удзелам мікраарганізмаў, пры наяўнасці арган. рэчыва і пастаянным або працяглым абвадненні асобных гарызонтаў або ўсяго профілю глебы. Назіраецца амаль усюды ў глебах рознага генезісу і мех. складу, найчасцей у гумідных глебах. Вонкавая прыкмета агляення глебы — спецыфічная афарбоўка аглееных гарызонтаў: ад белавата-шызага ці шэра-блакітнаватага ў лёгкіх глебах да шызавата-сіняга або зеленаватага ў поймавых і чарназёмападобных. Гл. таксама Глей.
т. 1, с. 77
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛО́ТНЫЯ ГЛЕ́БЫ,
глебы, якія ўтвараюцца ва ўмовах працяглага або пастаяннага пераўвільгатнення пад вільгацелюбівай расліннасцю ў розных геагр. зонах. Пашыраны на Беларусі, у Расіі, Канадзе, ЗША, Бразіліі, Аргенціне, Інданезіі і інш. краінах. Фарміруюцца пераважна ў выніку забалочвання сушы. Характэрна агляенне, часта трапляюцца тарфяныя гарызонты. Гал. асаблівасць глебаўтваральнага працэсу — намнажэнне торфу. Ніжняя мяжа глебавага профілю прыблізна супадае з глыбінёй, да якой летам апускаюцца глебавыя воды (ад 30 да 50—80 см і больш). Паводле профілю падзяляюцца на тарфяна-балотныя глебы, глеявата-балотныя і лугава-балотныя (усе ёсць на Беларусі).
т. 2, с. 260
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКУЛЬТУ́РВАННЕ ГЛЕ́БЫ,
павышэнне ўрадлівасці глебы з дапамогай агратэхн., аграхім. і меліярац. мерапрыемстваў. Акультурваюць паглыбленнем ворнага гарызонту, сістэм. апрацоўкай, угнойваннем, вапнаваннем або гіпсаваннем, рэгуляваннем воднага рэжыму. Праводзяць на глебах з нізкай прыроднай урадлівасцю. Ва ўмовах Беларусі водны рэжым рэгулююць асушэннем і арашэннем, адвядзеннем паверхневых водаў, баразнаваннем, рыхленнем падворнага гарызонту, унясеннем мікраўгнаенняў, увядзеннем севазваротаў з шматгадовымі травамі. Глебы, схільныя да воднай і ветравой эрозіі, аруць упоперак схілаў, на іх робяць перарывістае баразнаванне, залужэнне, садзяць лясныя палосы і інш. На землях, парушаных у выніку с.-г. работ, праводзіцца рэкультывацыя, ствараецца новы ворны гарызонт.
Літ.:
Кулаковская Т.Н. Почвенно-агрохимические основы получения высоких урожаев. Мн., 1978.
т. 1, с. 216
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)