КУЛЕ́ША (Міхал) (1795 ці 1800, Вільня — 3.11 1863),
графік і жывапісец. Творчасць звязана з маст. жыццём Беларусі, Літвы, Польшчы, Расіі. Вучыўся ў Віленскім ун-це ў Я.Дамеля і Я.Рустэма (1821—24). Працаваў на Палессі, у Крыме. З 1829 выкладаў у мяст. Крожы (Кражай, Літва), з 1837 — у Гродне, з 1844 — у Беластоку. Працаваў у гіст. і батальным жанрах, пейзажы, тэатр.-дэкар. мастацтве. Творам уласцівы рысы рамантызму. Гіст. дакладнасцю вызначаюцца творы «Атака гусараў», «Гетман», «Адпачынак салдат» і інш. Значную маст.-пазнавальную каштоўнасць маюць ландшафтныя і арх. пейзажы, зробленыя ў час падарожжаў па Беларусі, Літве, Расіі, Украіне: «Руіны замка ў Міры», «Хоцім», «Царква Барыса і Глеба на Каложы ў Гродне», «Мерачоўшчына», «Замкі Стары і Новы ў Гродне», віды Пецярбурга, Пецяргофа, Царскага Сяла і інш. Шэраг пейзажаў выдадзены ў альбомах Лемерсье ў Парыжы (1850) і Ю.Вільчынскага ў Вільні.
Літ.:
Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРДО́ЎЦАЎ, Мардовец,
Данііл Лукіч (19.12.1830, г.п. Данілаўка Валгаградскай вобл., Расія — 23.6.1905), рускі і ўкраінскі пісьменнік, гісторык. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1854). У 1850—70-я г. супрацоўнічаў у часопісах «Русское слово», «Отечественные записки», «Дело». Першы маст. твор — рамант. паэма «Казакі і мора» (1854, выд. 1859). Аўтар гіст. раманаў «Новыя рускія людзі» (1868), «Адзнака часу» (1869), «Дванаццаты год» (1879), «Салавецкае сядзенне», «Цар і гетман» (абодва 1880), «Пан Вялікі Ноўгарад», «Сагайдачны» (абодва 1882), «Цар Пётр і правіцельніца Соф’я» (1885), «За чые грахі?» (1890), «Замураваная царыца» (1891), «Пагібель Іерусаліма» (1897); публіцыстычных і навук. прац па гісторыі «Самазванцы і панізовая вольніца» (1867), «Гайдамачына» (т. 1—2, 1870), «Напярэдадні волі» (1872, выд. 1889), «Рускія жанчыны новага часу» (ч. 1—3, 1874) і інш. Пісаў нарысы, фельетоны, успаміны («З мінуўшчыны і перажытага», 1902).
Тв.:
Соч.Т. 1—2. М., 1991.
Літ.:
Момот В.С. Д.Л.Мордовцев: Очерк жизни и творчества. Ростов н/Д, 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІСЛА́ВА АБАРО́НА 1659 Адбылася ў г. Мсціслаў у студз. — крас. ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Мэтай рус. войск было падаўленне гараджан і ўзбр. атрадаў палк. І.Рытара, ротмістра А.Сутоцкага, казацкага сотніка Гермы, «стражніка шляхты» В.Крываноса, паручніка Зімніцкага, якія здрадзілі прысязе на вернасць цару. Абаронцаў Мсціслава было больш за 3 тыс.чал. (шляхта, конныя і пешыя казакі), 300 укр. казакоў, якіх прыслаў на дапамогу гетман І.Выгоўскі. З 5.2.1659 рас. войскі на чале з кн. І.Лабанавым-Растоўскім пачалі аблогу Мсціслава. Нягледзячы на настойлівыя прыступы, горад выстаяў. У сак. на дапамогу асаджаным прыйшлі казакі І.Нячая, атрад брата Выгоўскага Самойлы і палк. Аскірка «са многими людьми». 21 сак. яны атакавалі рус. войска, але беспаспяхова. Больш чым двухмесячная блакада падарвала сілы абаронцаў. У пач.крас. 1659, паводле заявы Лабанава-Растоўскага, «полковник Рытар и шляхта и казаки и всяких чинов жилецкие люди ему великому государю добили челом и город Мстиславль сдали».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САГАЙДА́ЧНЫ (Канашэвіч-Сагайдачны) Пётр Конанавіч
(? с. Кульчыцы Самбарскага р-на Львоўскай вобл., Украіна — 30.4.1622),
палітычны і ваенны дзеяч Украіны, гетман рэестравага казацтва. З 1601 у Запарожскай Сечы. Удзельнік і кіраўнік паходаў укр. казакоў супраць Крымскага ханства і Турцыі (1614, 1615, 1616 і інш.). У 1616 казакі напалі на Кафу (Феадосію), дзе вызвалілі шмат нявольнікаў, штурмам авалодалі тур. гарадамі Сінопам і Трапезундам. Удзельнічаў у паходзе польск. каралевіча Уладзіслава ў 1618 на Маскву. Выступаў супраць нац. і рэліг. ўціску на Украіне, садзейнічаў у 1620 аднаўленню правасл. іерархіі, скасаванай пасля Брэсцкай уніі 1596. Клапаціўся пра развіццё ўкр. культуры, уступіў з усім Запарожскім войскам у Кіеўскае брацтва Быў прыхільнікам збліжэння з Расіяй. У 1620 накіраваў паслоў да рас. цара з прапановай прыняць укр. казакоў на рас службу. Памёр ад ран, атрыманых у баях пад Хацінам у 1621. Гл. таксама Польска-турэцкія войны 17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІВІ́Л (Міхал Казімір) (мянушка Рыбанька; 13.6.1702, г.п. Алыка Валынскай вобл., Украіна — 22.5.1762),
дзяржаўны і ваенны дзеяч ВКЛ, мецэнат. Сын К.С.Радзівіла (гл. ў арт.Радзівілы). Пасля смерці бацькі (1719) стаў ардынатам нясвіжскім і алыцкім. З 1720 неаднаразова быў выбраны паслом на сеймы; у 1728 маршалак Трыбунала ВКЛ; у 1728—34 канюшы ВКЛ. У паліт. жыцці спярша супрацоўнічаў з групоўкай князёў Чартарыйскіх, пасля смерці караля Аўгуста II (1733) выступіў супраць новаабранага караля Станіслава Ляшчынскага. Удзельнічаў у арганізацыі новага выбарчага сейма, дзе ў кастр. 1733 у прысутнасці рас. войска і ўласнага войска Р. каралём быў абраны Аўгуст III. За гэта ў 1734 атрымаў пасаду маршалка надворнага. У 1734—35 на чале сваіх харугваў удзельнічаў у баях на Беларусі супраць прыхільнікаў Ляшчынскага, якіх узначальваў А.Пацей. Перамогі садзейнічалі набыццю Р. новых пасад: польны гетманВКЛ. у 1735—44, вял.гетманВКЛ з 1744, трокскі кашталян у 1735—37 і ваявода ў 1737—44, віленскі кашталян у 1742—44 і ваявода з 1744. У 1740-я г. ўзначаліў у ВКЛ магнацка-шляхецкую групоўку, якая выступала супраць палітыкі Чартарыйскіх па рэфармаванні анархічнага дзярж. ладу Рэчы Паспалітай; супраць Чартарыйскіх заключыў пагадненне з вял. каронным гетманам Ю.Патоцкім. Разам з ім садзейнічаў зрыву сеймаў і ў гэтым меў падтрымку караля Аўгуста III, які вельмі рэдка прыязджаў з Саксоніі; Р. быў фактычным прадстаўніком караля ў ВКЛ. У 1748 як галава роду Радзівілаў зняволіў клецкага ардыната М.Радзівіла, аб’явіў яго вар’ятам і атрымаў у распараджэнне яго маёнткі. У 1750-я г. камандаваў задушэннем Мазырскага ўзбр. выступлення сялян. Пасля смерці малодшага брата Гераніма Фларыяна (1760) атрымаў у спадчыну яго Слуцкае і Капыльскае княствы, Біржы, Кейданы, Копысь, Койданава і інш. Адбудаваў Нясвіж і Нясвіжскі замак, якія моцна пацярпелі ў час Паўночнай вайны 1700—21. Заснаваў Нясвіжскую друкарню, Нясвіжскі кадэцкі корпус, у якім рыхтавалі афіцэраў для яго ўласнага войска, Нясвіжскі тэатр Радзівілаў. Трымаў шмат мануфактур, у т. л.Нясвіжскую суконную мануфактуру, Нясвіжскую дывановую мануфактуру, Налібоцкую шкляную мануфактуру, Урэцкую шкляную мануфактуру, Слуцкую мануфактуру шаўковых паясоў, Свержанскую фаянсавую мануфактуру.
Тв.:
Бел.пер. — Дыярыюш Князя Міхала Казімера Радзівіла ваяводы віленскага, гетмана вялікага В.К.Літ. // Спадчына. 1994. № 4—5;
1995. № 1—6;
1996. № 1—2, 4.
А.Л.Грыцкевіч.
М.К.Радзівіл Рыбанька. Карціна С.А.Мірыса (?). Каля 1760.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕКСАНДРО́ВІЧЫ,
шляхецкі род герба «Александровіч», прадстаўнікі якога ў 16 — пач. 19 ст. займалі высокія дзярж. пасады ў ВКЛ, Рэчы Паспалітай, Герцагстве Варшаўскім, Рас. імперыі. Мелі буйныя зямельныя ўладанні ў Лідскім, Гарадзенскім і інш.пав.Найб. вядомыя Александровічы:
Альберт, канюшы вял. князя ВКЛ у 1530-я г. Рыгор, кашталян віленскі і вял.гетман літоўскі ў 16 ст.Стафан Яўстафій (? — 1700), маршалак гарадзенскі з 1684, кашталян новагародскі з 1698. Міхал, харужы з 1701, маршалак лідскі з 1704. Францішак Антоні, сын Лукаша, харужы (1759), падкаморы (1769), маршалак (1783), кашталян (1793) лідскі. Дамінік, сын Лукаша, маршалак трыбунала літоўскага з 1770, канюшы вял. князя ВКЛ у 1772—91.
Антоні Феліцыян, абат, сакратар Няспыннай Рады ў 1778—80, вял. пісар каронны. Тамаш Валяр’ян (? — 29.9.1794), сын Марціна, кашталян (з 1779), ваявода (з 1789) падляшскі, маршалак караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, член Няспыннай Рады ў 1780—84. Падпісаў акт Канстытуцыі 3 мая 1791. Станіслаў (1781 — 13.8.1826), сын Тамаша, сенатар-кашталян у Каралеўстве Польскім у 1824—26. У 1800 атрымаў ад аўстр. імператара Франца II тытул графа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫ́ХАЎСКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 16—18 ст. у г. Быхаў. Стаяў на высокім правым беразе Дняпра, на месцы паселішча 14—15 ст. Уваходзіў у сістэму Быхаўскіх гарадскіх умацаванняў. Да 1590, калі вытрымаў напад «нізавых казакоў» М.Федаровіча, меў драўляна-земляныя ўмацаванні — кальцавы вал, драўляныя сцены ў выглядзе гародняў, вежы і ўязную браму. Тады ж гаспадар горада гетман Я.К.Хадкевіч атрымаў ад караля грамату на ўзвядзенне новага замка. Будаўніцтва яго скончылася ў 1619. Пры Л.Сапегу, да якога ў 1628 перайшоў Быхаў, зроблена бастыённая фартыфікацыя. Новы Быхаўскі замак займаў участак берага ў выглядзе няправільнага прамавугольніка памерам 77 × 100 м, з Пд, З і Пн быў абведзены равамі шырынёй да 22—27 м, па краях пляцоўкі — землянымі валамі з бастыёнамі. Да мураванай замкавай брамы, па баках якой знаходзіліся васьмігранныя 2-ярусныя цагляныя вежы, вёў драўляны мост. На восі ўезду ў замак размяшчаўся палац, справа ад яго стаяла казарма. Быхаўскі замак перажыў шмат аблог і штурмаў (гл.Быхава аблога 1654—55, Быхава абарона 1659, Быхава аблога 1660—61, Быхава аблога 1702, Быхава абарона 1707).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЙНА́ МАСКО́ЎСКАЙ ДЗЯРЖА́ВЫ З ВЯЛІ́КІМ КНЯ́СТВАМ ЛІТО́ЎСКІМ 1512—22,
вайна за аб’яднанне ўсх.-слав. зямель у складзе Маскоўскай дзяржавы. У выніку трох паходаў (1512, 1513, 1514) маскоўскія войскі авалодалі Смаленскам. Імкнучыся выкарыстаць поспех, яны занялі Мсціслаў, Крычаў, Дуброўну, перайшлі Дняпро, Друць і толькі каля Бярэзіны спынены перадавымі атрадамі Жыгімонта I Старога. У час Аршанскай бітвы 1514гетман найвышэйшы К.І.Астрожскі разбіў 80-тысячнае маскоўскае войска, але вярнуць Смаленск не змог. У 1515 маскоўскія войскі хадзілі на Полацк, Віцебск і Мсціслаў, Браслаў і Друю, а войскі ВКЛ на Северскую зямлю і Вял. Лукі. Летам 1517 пасольства Жыгімонта I спрабавала дамовіцца пра спыненне вайны, але беспаспяхова, і ваен. дзеянні актывізаваліся. Летам 1518 маскоўскае войска рушыла на Полацк, Віцебск і ў Падняпроўе, у інш. месцах даходзіла да Слуцка, Мінска, Новагародка. У 1519 маскоўскія войскі займалі многія гарады і вёскі, бралі ў палон жыхароў. У 1520 пасольства ВКЛ дамовілася пра спыненне ваен. дзеянняў. У 1522 падпісана перамір’е на 5 гадоў. Смаленск застаўся ў Маскоўскай дзяржаве, а шматлікі «маскоўскі палон» — у ВКЛ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСА́ЛЬСКІЯ,
княжацкі род уласнага герба ў ВКЛ і Расіі. Паводле паходжання — Рурыкавічы, адгалінаванне чарнігаўскіх князёў; прозвішча ад г. Масальск (Калужская вобл. Расіі), якім яны валодалі ў 14—15 ст.Найб. вядомыя: Аляксандр Рыгоравіч (?—1643), маршалак ковенскі ў 1617—27, кашталян дэрпцкі ў 1627—31 і смаленскі ў 1631—38, ваявода мінскі з 1638. Андрэй Фёдаравіч (?—1651), маршалак гродзенскі ў 1618—27, кашталян брэсцкі ў 1627—43, ваявода мінскі ў 1643—45 і брэсцкі з 1645. Міхал Юзаф (да 1700—20.1.1768), пісар вялікі ВКЛ у 1726—37, староста гродзенскі ў 1727—50, ваявода мсціслаўскі ў 1737—42, кашталян трокскі ў 1742—44 і віленскі з 1744, гетман польны ў 1744—62 і вялікі з 1762. Васіль Міхайлавіч (?—1611), дзярж. дзеяч Расіі. У 1601 заснаваў г. Мангазея, дзе быў ваяводам. У 1604 стаў набліжаным Ілжэдзмітрыя I, з 1608 прыхільнік Ілжэдзмітрыя П. У 1610 быў у складзе пасольства да караля Рэчы Паспалітай Жыгімонта III, якое заключыла дагавор аб выбранні каралевіча Уладзіслава рас. царом. Гл. таксама Масальскі І.Я., Масальскі Э.Т.А., Масальскі Ю.А.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫЗВАЛЕ́НЧАЯ ВАЙНА́ ЎКРАІ́НСКАГА І БЕЛАРУ́СКАГА НАРО́ДАЎ 1648—54,
вайна за вызваленне з-пад польскага панавання, супраць феад.-прыгоннага ўціску. На Украіне з канца 16 ст. неаднойчы ўзнікалі сял.-казацкія паўстанні: К.Касінскага (1591—93), Жмайлы (1625), Федаровіча (1630), П.Паўлюка (1637), Я.Астраніна (1638). Пачаткам вызв. вайны стала паўстанне ў Сечы Запарожскай на чале з Б.Хмяльніцкім у студз. 1648. У крас. 1648 Хмяльніцкі рушыў сваёй 2-тысячнае войска на Правабярэжную Украіну. Супраць паўстанцаў выступіў вял. каронны гетман М.Патоцкі. Рэестравыя казакі, якія знаходзіліся ў складзе яго войска, перайшлі на бок паўстанцаў. Польскі авангард быў разбіты каля Жоўтых Вод (15—16 мая), гал. сілы — у Корсунскай бітве 1648, а Патоцкі і польны гетман М.Каліноўскі трапілі ў палон. Гэта стала сігналам да ўсеагульнага паўстання. У чэрв.—ліп. 1648 паўстанцкія атрады на чале з М.Крываносам і І.Ганжой вызвалілі Брацлаўшчыну. На дапамогу паўстанцам Беларусі былі пасланы атрады (загоны, у іх было шмат беларусаў) на чале з Галавацкім, Гладкім, М.Крычэўскім, М.Нябабам, І.Галотам і інш. (пра падзеі на Беларусі больш падрабязна гл. ў арт.Антыфеадальная вайна 1648—51). Гал. сілай у вайне было сялянства, якое змагалася за знішчэнне феад. і нац. прыгнёту. Кіраўніцтва барацьбой ажыццяўлялі казацкая старшына і дробная ўкр. шляхта, якія імкнуліся абмежаваць рух мэтамі нац. вызвалення і захаваць феад. парадкі. Гэта выклікала вострыя супярэчнасці ў стане сял.-казацкіх войск. Перамога паўстанцаў пад Піляўцамі і асада ў кастр. 1648 г. Замосця вымусілі польск. караля Яна II Казіміра заключыць з Хмяльніцкім перамір’е. Сял.-казацкае войска адышло на Прыдняпроўе, а 2.1.1649 урачыста ўступіла ў Кіеў. Асцерагаючыся наступлення польск. войск, Хмяльніцкі накіраваў у Маскву паслоў з просьбай прыняць Украіну ў склад Рас. дзяржавы, якая пачала аказваць Украіне ваен., эканам. і дыпламат. дапамогу. Імклівае наступленне войск Хмяльніцкага вымусіла польск. войскі адступіць, у Збораўскай бітве 1649 яны былі разгромлены. І толькі здрада крымскага хана, з якім раней быў заключаны саюз, прымусіла Хмяльніцкага спыніць ваен. дзеянні і заключыць Збораўскі дагавор 1649, паводле якога Польшча траціла ўплыў на Украіну. У пач. 1651 польск. армія зноў уварвалася на Украіну і ў бітве каля Берасцечка сял.-казацкае войска пацярпела паражэнне. Хмяльніцкі вымушаны быў заключыць Белацаркоўскі дагавор 1651, які пагоршыў становішча Украіны. Казацкія атрады былі выведзены з Беларусі, і вайна на яе тэр. скончылася. Вясной 1652 на Украіне ваен. дзеянні аднавіліся і працягваліся з пераменным поспехам. Хмяльніцкі накіраваў у Маскву новае пасольства, каб паскорыць аб’яднанне з Расіяй. Земскі сабор 11.10.1653 прыняў рашэнне аб далучэнні ўкр. зямель. Гэты гіст. акт замацавала Пераяслаўская рада 1654.