МА́ЙБАРАДА (Георгій Іларыёнавіч) (1.12.1913, с. Пелехаўшчына Глобінскага р-на Палтаўскай вобл., Украіна — 6.12.1992),
украінскі кампазітар, педагог. Брат П.І.Майбарады. Нар.арт.СССР (1960). Скончыў Кіеўскую кансерваторыю (1941, клас Л.Равуцкага), у 1952—58 выкладаў у ёй. У 1962—69 сакратар праўлення Саюза кампазітараў СССР, у 1967—69 — Саюза кампазітараў Украіны. Працаваў у розных муз. жанрах. Многія творы героіка-патрыят. тэматыкі. Сярод твораў: оперы «Мілана» (паст. 1957), «Арсенал» (паст. 1960), «Тарас Шаўчэнка» (паст. 1964), «Яраслаў Мудры» (паст. 1973); вак.-сімф. — кантата «Дружба народаў» (1948), паэма «Запарожцы» (1954); сімфоніі (1940, 1952, 1976, 1984); канцэрты для голасу (1969), для скрыпкі (1977) з арк.; сімф. паэмы «Лілея» (1939), «Каменяломы» (1941), «Гуцульская рапсодыя» (1949), сюіта «Кароль Лір» (1959); 30 хароў a cappella; вак. цыклы і рамансы (больш за 50), апрацоўкі нар. песень; музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Дзярж. прэміі Украіны імя Т.Шаўчэнкі 1963, 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКО́ЛЬСКІ (Барыс Веньямінавіч) (н. 14.12.1918, г. Валгаград, Расія),
бел. спявак (драм. тэнар). Засл. арт. Беларусі (1962). Скончыў Муз. вучылішча імя Гнесіных у Маскве (1951). У 1951—73 саліст Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. Валодае гучным прыгожым голасам вял. дыяпазону, роўным ва ўсіх рэгістрах. Яго творчай індывідуальнасці найб. адпавядалі ролі героіка-драм. плана. Сярод партый у операх бел. кампазітараў: Міхась («Міхась Падгорны» Я.Цікоцкага), Мікола («Яснае світанне» А.Туранкова), Палонскі («Надзея Дурава» А.Багатырова); у класічных творах — Герман, Андрэй, княжыч Юрый («Пікавая дама», «Мазепа», «Чарадзейка» П.Чайкоўскага), Князь («Русалка» А.Даргамыжскага), Сабінін («Іван Сусанін» М.Глінкі), Садко («Садко» М.Рымскага-Корсакава), Атэла, Радамес, Рычард («Атэла», «Аіда», «Баль-маскарад» Дж.Вердзі), Энца («Джаконда» А.Панк’елі), Каварадосі («Тоска» Дж.Пучыні), Хазэ («Кармэн» Ж.Бізэ). У 1962 выконваў партыі Радамеса і Сабініна ў спектаклях Вял.т-ра ў Маскве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБІ́Й (Зіновій Іосіфавіч) (27.1.1935, в. Падсадкі Пустамытаўскага р-на Львоўскай вобласці — 28.7.1984),
бел. спявак (лірыка-драм. тэнар). Нар.арт. Беларусі (1964). Вучыўся ў Кіеўскай (1957—59), скончыў Бел. кансерваторыю (1981). З 1954 саліст ансамбля Прыкарпацкай ваен. акругі, з 1957 у Кіеўскім, з 1960 у Львоўскім т-рах оперы і балета. У 1963—77 саліст Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. Яго творчай індывідуальнасці найб. адпавядалі партыі героіка-драм. і трагедыйнага плана. Лепшая роля — Атэла ў аднайм. оперы Дж.Вердзі. Сярод інш. партый: Сяргей («Алеся» Я.Цікоцкага), Манрыка, Радамес, Герцаг («Трубадур», «Аіда», «Рыгалета» Вердзі), Каніо («Паяцы» Р.Леанкавала), Каварадосі («Тоска» Дж.Пучыні), Хазэ («Кармэн» Ж.Бізэ), Герман («Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Арэст («Арэстэя» С.Танеева). Канцэртны рэпертуар спевака ўключаў 18 сольных праграм з твораў розных эпох і стыляў, у т. л. творы бел. кампазітараў, неапалітанскія песні.
Літ.:
Жураўлёў Дз.М. Зіновій Бабій // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЫ́М (Мустай) (сапр.Карымаў Мустафа Сафіч; н. 20.10.1919, в. Кляшава Чышмінскага р-на, Башкортастан),
башкірскі пісьменнік. Нар. паэт Башкортастана (1963). Герой Сац. Працы (1979). Засл. дз. маст. РСФСР (1982). Ганаровы акад.АН Башкортастана (1992). Скончыў Башкірскі пед.ін-т (1941). Друкуецца з 1935. Першыя паэт.зб-кі прысвяціў моладзі («Атрад рушыўся», 1938, з В.Нафікавым; «Вясновыя галасы», 1941). Героіка і трагізм Вял.Айч. вайны адлюстраваны ў шматлікіх вершах і паэмах. У зб-ках вершаў «Гадам услед» (1971), «Чатыры пары кахання» (1978), п’есах «Выкраданне дзяўчыны» (1959), «У ноч зацьмення Месяца» (1965, Дзярж. прэмія РСФСР імя Станіслаўскага 1967), «Краіна Айгуль» (1969), аўтабіягр. аповесці «Доўгае-доўгае дзяцінства» (1974—78) і інш. адлюстраваў жыццё башк. народа, напружаны пульс эпохі. Рэсп. прэмія Башкортастана імя Салавата Юлаева 1969. Дзярж. прэмія СССР 1972. Ленінская прэмія 1984. На бел. мову асобныя творы К. пераклалі С.Гаўрусёў, І.Калеснік, В.Лукша.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЛЬ МО́НАКА ((Del Monaco) Марыо) (27.7.1915, г. Фларэнцыя, Італія — 16.10.1982),
італьянскі спявак (драм. тэнар); буйнейшы прадстаўнік мастацтва бельканта сярэдзіны 20 ст. Вучыўся ў Пезарскай кансерваторыі. У 1943—73 на опернай сцэне, спяваў у лепшых т-рах свету («Ла Скала», «Ковент-Гардэн», «Метраполітэн-опера», Парыжская опера; у 1959 у спектаклях «Кармэн» Ж.Бізэ і «Паяцы» Р.Леанкавала ў Вял. т-ры ў Маскве). Валодаў голасам вял. дыяпазону з унікальным па насычанасці барытанальным тэмбрам, дакладным адчуваннем муз. стылю і фактуры вобраза, дарам свабоднага пераўвасаблення. Найб. вядомасць набыў у трагічных і героіка-драм. партыях: Атэла, Радамес, Манрыка, Эрнані, Альвара («Атэла», «Аіда», «Трубадур», «Эрнані», «Сіла лёсу» Дж.Вердзі), Каварадосі («Тоска» Дж.Пучыні), дэ Грые («Манон Леско» Пучыні і «Манон» Ж.Маснэ), Турыду («Сельскі гонар» П.Масканьі), Паліён («Норма» В.Беліні). Здымаўся ў муз. фільмах («Джузепе Вердзі», 1953, і інш.).
Літ. тв.: Рус.пер. — Моя жизнь, мои успехи. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАБА́ШТА (Любоў Васілеўна) (3.2.1918, г. Прылукі, Украіна — 21.7.1990),
украінская паэтэса. Скончыла Адэскі водны ін-т (1941). Друкавалася з 1935. Любоў да Радзімы, каханне, мацярынскае шчасце, героікаваен. і мірных гадоў — асноўныя тэмы яе паэт. творчасці (зб-кі вершаў «Новыя берагі», 1950; «Дарогі дружбы», 1953; «Песня і хлеб», 1961; «Незабудкі», 1966; «Бераг надзеі», 1974; «Кіеўская гара», 1982, і інш.). Аўтар п’ес «Вяселле ў Цярнах» і «Ружы на камені» (абедзве 1963), драм. і ліра-эпічных паэм «Цярновы лёс» (1961), «Маруся Чурай» (1968), «Раксалана» (1971), «Леся Украінка» (1973), раманаў «Там, за ракою — маладосць» (1970), «Софія Кіеўская» (1982), аповесцей «Крылы Арсена Дораша» (1968), «Спаленне мадонны» (1989), кніг вершаў для дзяцей «Калі я вырасту» (1975), «Сеяльшчыкі» (1984). Пераклала на ўкр. мову кн. В.Віткі «Птушыная школа», паасобныя творы Э.Агняцвет. На бел. мову творы З. пераклалі Агняцвет, М.Аўрамчык, А.Бялевіч, В.Вярба, Х.Жычка, К.Камейша і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРАНЬКО́ (Платон Мікітавіч) (1.12.1913, в. Чарнеччына Ахтырскага р-на Сумскай вобл., Украіна — 10.8.1988),
украінскі паэт. У 1938—41 вучыўся ў Літ. ін-це імя М.Горкага ў Маскве. У Вял.Айч. вайну камандзір падраздзялення ў партызанскім злучэнні С.А.Каўпака. У зб-ках «Карпацкі рэйд» (1944), «Слаўны мір» (1950, Дзярж. прэмія СССР 1951), «Цяпло зямлі маёй» (1959), «Разводдзе» (1970, Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Шаўчэнкі 1972), «Сумленне памяці» (1980), «Асеніца» (1983) і інш. — героікапартыз. барацьбы і пасляваен. адбудовы, прыгажосць прыроды і чалавечых пачуццяў, роздум пра перажытае. Пісаў для дзяцей (за зб-кі «Чытаначка», «Аблятаў журавель», «Усім па сем» і інш.літ. прэмія імя Л.Украінкі 1976). Пераклаў на ўкр. мову творы П.Глебкі, В.Віткі. На бел. мову творы Варанько перакладалі А.Астапенка («Твая кніжка», 1954), А.Вялюгін («Хлопчык Памагай», 1958), С.Грахоўскі і інш. («Калыска памяці», 1983), а таксама М.Аўрамчык, Вітка, Н.Гілевіч, М.Калачынскі, Е.Лось, М.Танк, У.Шахавец (у кн. «Украінская савецкая паэзія. Анталогія», т. 2, 1975).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕАНІ́ДЗЕ (Георгій Мікалаевіч) (8.1.1900, с. Петардзеулі, Грузія — 9.8.1966),
грузінскі паэт.Нар. паэт Грузіі (1959). Акад.АН Грузіі (1944). З 1907 вучыўся ў Тбіліскім духоўным вучылішчы, з 1913 — у семінарыі. Дырэктар Літ. музея Грузіі (1930—52), Ін-та гісторыі груз. л-ры (1957—66). Друкаваўся з 1911. У 1918 увайшоў у групу груз. сімвалістаў «Блакітныя рогі». Многія вершы 1924—25 — шэдэўры груз. лірыкі («Нінацміндская ноч», «Кіліла і Дамана», «Цхнецкая ружа» і інш.). У ліраэпічных паэмах «Самгоры» (1950), «Партахала» (1951, Дзярж. прэмія СССР 1952) зварот да гісторыі, вобразаў славутых продкаў. Паэзіі Л. ўласцівы жыццялюбства, героіка-рамант. пафас, мяккі лірызм. Аўтар зб. апавяданняў на аўтабіягр. аснове «Чарадзейнае дрэва» (1962), даследаванняў па гісторыі груз. л-ры «Саят-Нова» (1931), «Бесікі» (1942), «Давід Гурамішвілі» (1957) і інш., сцэнарыя кінафільма «Шчыт Джургая» (Дзярж. прэмія СССР 1950). На бел. мову асобныя вершы Л. пераклалі П.Макаль і Р.Яўсееў. Дзярж. прэмія СССР 1941.
Тв.:
Рус.пер. — Избр. стихотворения и поэмы. Тбилиси, 1986;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМКО́Ў (Уладзімір Цярэнцьевіч) (н. 5.9.1950, г. Асіповічы Магілёўскай вобл.),
бел. артыст балета, педагог. Засл. арт. Беларусі (1980), нар.арт. Беларусі (1984). Скончыў Бел. харэаграфічнае вучылішча (1968). Працаваў у т-рах оперы і балета Вільнюса і Харкава. У 1973—95 саліст Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі, адначасова ў 1981—91 выкладаў у харэаграфічным вучылішчы. Танец К. вызначаецца мужнасцю, энергіяй, пластычнай выразнасцю, яго індывідуальнасці найб. блізкія партыі героіка-патрыят. плана. Майстэрства К. найб. выявілася ў балетах, пастаўленых В.Елізар’евым. Сярод лепшых партый: Тыль і Інквізітар, Машэка і Князь («Тыль Уленшпігель» і «Курган» Я.Глебава), Спартак («Спартак» А.Хачатурана), Тыбальд («Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева), Хазэ («Кармэн-сюіта» Ж.Бізэ—Р.Шчадрына), Адам («Стварэнне свету» А.Пятрова); з інш. партый — Прынц, Ротбарт («Шчаўкунок», «Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага), Альберт, Конрад («Жызэль», «Карсар» А.Адана), Кален («Ліза і Кален» Ф.Герольда), а таксама гал. партыі ў аднаактовых балетах «Фестываль кветак у Чэнзана» Э.Хельстэда, «Прывал кавалерыі» Г.Армсгеймера, «Адажыета» на муз. Г.Малера, «Камерная сюіта» на муз. Шчадрына, «Вальпургіева ноч» Ш.Гуно, «Вясна свяшчэнная» І.Стравінскага.
Літ.:
Чурко Ю.М. Белорусский балет в лицах. Мн., 1988. С. 127—131.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНЫ ЯЎРЭ́ЙСКІ ТЭА́ТР БССР.
Існаваў у 1926—49 у Мінску. Створаны з выпускнікоў Яўр. студыі ў Маскве (1922—26). Узначальвалі т-р М.Рафальскі (1926—37) і В.Галаўчынер (1938—46). Маст. аблічча т-ра вызначалі спектаклі, створаныя паводле твораў яўр. класікі: Шолам-Алейхема («Тэўе-малочнік»), А.Гольдфадэна («Суламіф»), І.Аксенфельда («Рэкрут»), М.Мойхер-Сфорыма («Маленькі чалавечак»). Значнае месца ў рэпертуары займала замежная класічная драматургія — п’есы У.Шэкспіра, Мальера, Лопэ дэ Вэгі, К.Гальдоні, Б.Шоу. Т-р імкнуўся папаўняць рэпертуар тагачаснымі нац. п’есамі: «Гірш Лекерт» А.Кушнірова, «Бойтра» М.Кульбака, «Сям’я Авадзіс» П.Маркіша і інш. У 1930-я г. пастаўлены п’есы М.Горкага («Фальшывая манета», упершыню на сав. сцэне), А.Карнейчука, А.Арбузава, М.Пагодзіна. Тэатр героіка-рамантычнага кірунку. У яго пастаноўках — тэатральна яркіх, дынамічных, маляўнічых, насычаных музыкай, танцамі. нар. песнямі — яркая відовішчнасць спалучалася з псіхалагізмам. У Айч. вайну т-р працаваў у Новасібірску. З 1946 у Мінску. У рэпертуары п’есы, прысвечаныя вайне: «Паўстанне ў гета» Маркіша, «Помста» І.Левіна, «Так і будзе» К.Сіманава і спектаклі паводле твораў нац. класікі. Сярод акцёраў т-ра: засл. арт.БССР Ю.Арончык, М.Моін, М.Сокал, А.Трэпель. У канцы 1940-х г.т-р абвінавацілі ў фармалізме, касмапалітызме, нацыяналізме і ў 1949 расфарміравалі.