гісторыка-літаратурны твор, складзены ў сярэдзіне 16 ст., напэўна, у Вільні і змешчаны ў канцы «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага» пад 1545—48 (Пазнанскі спіс). У аповесці апісана гісторыя кахання і шлюбу вял. князя ВКЛ і караля Польшчы Жыгімонта II Аўгуста і прыгажуні Барбары Радзівіл, якія, ідучы насустрач сваім пачуццям, патаемна павянчаліся ў Вільні. Невядомы аўтар з сатырычным адценнем намаляваў усеагульнае грамадскае асуджэнне ў ВКЛ і Польшчы шлюбу караля з жанчынай-удавою некаралеўскага роду. Аднак каханне перамагло, Жыгімонт Аўгуст не адмовіўся ад Барбары і застаўся верны сваёй абранніцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗЯМБЛО́ЎСКІ (Юзаф) (каля 1804, Мінск — 27.8.1878),
мастак-графік. У пач. 1830-х г. вучыўся ў Я.Рустэма. У 1835 заснаваў у Вільні літаграфскую майстэрню, дзе ілюстравалі свае кнігі Ю.Крашэўскі, Т.Нарбут, Ф.Бохвіц, Ю.Струміла, Я.Шымлер і інш. Сярод твораў Азямблоўскага — пейзажы, віды Вільні, літ. і бел. гарадоў, жанравыя замалёўкі, партрэты Рустэма, Ю.Франка, вял. князёў ВКЛ Альгерда, Жыгімонта II Аўгуста і інш.; літаграфія «Славянскі нявольнік» («Беларускі раб», 1840-я г.), якую А.Міцкевіч выкарыстоўваў як ілюстрацыю ў лекцыях аб прыгонным праве ў Расіі.
В.Ф.Шматаў.
Ю.Азямблоўскі. Славянскі нявольнік (Беларускі раб). Літаграфія 1840-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЛГАРО́ЎСКІ (Станіслаў) (1.5.1872—24.10.1935),
юрыст і грамадскі дзеяч. Скончыў 7 класаў Віленскай гімназіі і быў выключаны за ўдзел у стварэнні б-кі забароненай л-ры. У 1892 скончыў гімназію ў г. Коўна, паступіў на юрыд.ф-т Варшаўскага ун-та, з якога выключаны за ўдзел у паліт. руху. У 1892—94 у ссылцы ў г. Курск. Скончыў юрыд. ліцэй у Яраслаўлі. У 1896—1905 адвакат у Вільні, у 1905—15 працаваў у г. Друя, С.-Пецярбургу. З 1918 у Польшчы. У 1928 працаваў натарыусам у г. Лодзь (Польшча), у Вільні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«25 САКАВІКА́»,
часопіс студэнцкай моладзі Віленскага ун-та. Выдаваўся ў 1936—39 у Вільні на бел. мове. Прытрымліваўся ідэйна-паліт. праграмы групоўкі моладзі, якая імкнулася спалучаць ідэал суверэннай Беларусі з хрысціянствам і элементамі сацыялізму. У «Ідэйнай дэкларацыі маладых адраджэнцаў» выказваўся за кааператыўна-карпарацыйны лад як аснову дзярж. ладу. Сваю мэту бачыў у садзейнічанні фарміраванню «новага тыпу беларуса...» на аснове абвешчанай у 1918 незалежнасці БНР. Прапагандаваў ідэю суверэннасці Беларусі, аддаваў увагу праблемам духоўнага жыцця народа і ролі нар. культуры, асвятляў дыскусійныя пытанні, падзеі ў культ. і грамадскім жыцці Зах. Беларусі і ў Вільні. Выйшла 5 нумароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
kiedyś
1. калі, калісьці, некалі;
byłem kiedyś w Wilnie — я быў калісьці ў Вільні;
2. калі-небудзь;
kiedyś pojedziemy — калі-небудзь паедзем
Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)
кале́гія, ‑і, ж.
1. Група асоб, якая ўтварае адміністрацыйны, дарадчы або распарадчы орган. Калегія Міністэрства народнай асветы. Судзейская калегія. Рэдакцыйная калегія.
2. Аб’яднанне асоб адной прафесіі. Калегія адвакатаў. Калегія прапагандыстаў. Калегія прафесараў.
3. Цэнтральная ўрадавая ўстанова ў Расіі ў 18 ст. Калегія замежных спраў. Ваенная калегія.
4.Уст. Назва некаторых навучальных устаноў. У 1570 годзе езуіты ў Вільні адкрываюць калегію, якая праз дзевяць год ператвараецца ў акадэмію з падрыхтоўчай школай.Шакун.
[Лац. collegium.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рэпраду́кцыя, ‑і, ж.
1. Перадрукоўванне малюнка, карціны, чарцяжа і пад. паліграфічнымі або фатаграфічнымі сродкамі.
2. Перадрукаваны малюнак, карціна ці фотаздымак. На сцяне вісела рэпрадукцыя з рэпінскай карціны.Грахоўскі.Пані .. падышла да адной карціны і расчаравана ўскрыкнула: «Дык гэта ж вісіць у мяне на кватэры ў Вільні!» — Тут арыгінал, а ў вас — рэпрадукцыя! — тлумачу ёй.Карпюк.
3. Узнаўленне чаго‑н., што захавалася ў памяці.
4. Узнаўленне, размнажэнне племянной жывёлы ці сартавога насення.
[Ад лац. re — зноў і productio — ствараю, раблю.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ГЛАВА́ЦКІЯ,
беларускія мастакі 18—19 ст., бацька і сын.
Антоні (каля 1750—1811), тэатральны мастак і партрэтыст. Прадстаўнік класіцызму. У 1780-я г. быў дэкаратарам у Шклоўскім т-ры Зорыча, у 1794—1802 — у Магілёўскім т-ры С.Богуша-Сестранцэвіча, з 1789 у Мінску (да 1793 у трупе А.Ш.Жукоўскага, у 1802—05 у антрэпрызе М.Кажынскага), у 1805—10 у Вільні. Напісаў партрэт Богуш-Сестранцэвіча, размалёўваў цэрквы і касцёлы ў Магілёве. Пісаў алтарныя карціны, рыхтаваў ілюмінацыі для прыдворных свят.
Юзаф Гіляры (14.1.1789, Мінск — 21.12.1858), тэатральны мастак, жывапісец і літограф. Сын і вучань Антонія. У 1810-я г. вучыўся ў Віленскай маст. школе ў Я.Рустэма, у 1821—25 выкладаў там перспектыву і кіраваў літаграфскімі майстэрнямі. Афармляў спектаклі ў т-рах Мінска (1806—08), Вільні (1808—25), Варшавы (1826—58). Выканаў літаграфіі: «Касцёл св. Ганны ў Вільні», «Партрэт Л.Стуока-Гуцявючуса», «Аўтапартрэт» і інш. Аўтар жывапісных работ («Евангеліст Марка», «Партрэт жонкі»), пейзажаў, малюнка на цынку «Размова пасла Смірноўскага з гетманам Хмяльніцкім пад Замосцем у 1647 г.» (1840).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКІ КЛІЧ»,
грамадска-паліт., літ. і гасп. газета. Выдавалася 1 — 16.11.1930 у Вільні на бел. мове напярэдадні выбараў у польскі сейм і сенат. Асвятляла сітуацыю ў Польшчы, паведамляла пра арышт 80 дэпутатаў папярэдняга сейма, распушчанага ўрадам Бартэля — Пілсудскага, крытыкавала перадвыбарчую пазіцыю Цэнтрасаюза, які ішоў на супрацоўніцтва з польск. урадам, і кандыдатаў у сейм — прадстаўнікоў бел. нац.-сацыяліст. кірунку, давала ацэнку ўсім кірункам у бел. руху на пераломе 1920—30-х г. Агітавала галасаваць за кандыдатаў агульнага бел. выбарчага к-та «Украінска-беларускі блок». Выйшлі 4 нумары, з іх № 3 канфіскаваны па загадзе старасты Вільні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСЦЯЛКО́ЎСКІ ((Kościołkowski) Станіслаў Юльян) (24.10.1881, г. Гродна — 2.9.1960),
польскі гісторык. Праф. (1927). Скончыў гімназію ў Гродне (1900), Ягелонскі ун-т у Кракаве са ступенню д-ра філасофіі (1905). З 1906 выкладаў у гімназіях Вільні, з 1921 узначальваў кафедру гісторыі Польшчы ў Віленскім ун-це. Адзін з заснавальнікаў Т-ва сяброў навук у Вільні (1907), з 1938 яго старшыня. У 1941 арыштаваны і высланы ў Сібір. У жн. 1942 вызвалены, выехаў у Тэгеран, потым у Бейрут. З 1950 у Англіі. Адзін з кіраўнікоў польск. эмігранцкай арг-цыі «Акадэмічная грамадскасць Універсітэта Стафана Баторыя». Аўтар манаграфіі «Антоній Тызенгаўз, надворны падскарбі літоўскі» (т. 1—2, 1970—71).