шчаці́ністы, ‑ая, ‑ае.

1. Пакрыты, зарослы густым шчаціннем (пра жывёл). Ні заду, ні кароткіх ног не было відаць, але ж бурая галава з шчаціністым хібам, натапыранымі вушамі, вялізнымі ікламі і маленькімі злоснымі вочкамі была жудаснай. Маўр. // Густа парослы кароткімі жорсткімі валасамі (пра твар). Дзіцячая рука сутаргава паднялася і жорстка кранулася.. шчаціністай шчакі салдата. Лынькоў. Мужчына прычмокнуў языком, і шчаціністы твар яго расплыўся ў шырокай ласкавай усмешцы. Няхай.

2. Жорсткі, цвёрды, які нагадвае шчацінне (пра валасы, поўсць). Смех недзе бушаваў у яго сярэдзіне, і ад яго толькі торгаліся шчаціністыя рудыя вусы. Сабаленка. Гэты рабочы быў худы з твару, аброслы шчаціністай барадой. Пестрак. // перан. Паверхня якога пакрыта чым‑н. калючым, што нагадвае шчацінне. А дома ў гэту самую пару рахманы верасень бесклапотна валочыцца за статкам кароў па шчаціністым іржэўніку. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сезо́н, ‑а, м.

1. Адна з чатырох пор года. Летні сезон. □ Што ні кажы, на дварэ трыццаць градусаў, а касцюм у хлопца яўна не па сезону. Беразняк. Як ніткі — тоненькія бровы, і кудзерцы — бялюткі лён. Пашые дзяўчына абновы На ўсю вясну, на ўвесь сезон. Пысін.

2. Частка года, найбольш прыдатная для якіх‑н. работ, адпачынку і пад. Будаўнічы сезон. Купальны сезон. □ Ці ж гэта жарт — бесперабойна працаваць увесь сезон, захаваць у спраўнасці ўсе машыны і ўвосень на іх даваць па дзве — дзве з палавінай нормы. Хадкевіч. На Чорным моры ў верасні сама што сезон. Васілёнак. Кожны з тэатраў рэспублікі за сезон ужо ставіць па некалькі арыгінальных твораў. «Полымя». Дачакаліся мы паляўнічага сезона палявання на птушак. Ведаеце, рукі самі так і цягнуцца да стрэльбы. Грамовіч. // Час выспявання якіх‑н. пладоў і пад. Вінаградны сезон.

•••

Бархатны сезон — асеннія месяцы (верасень, кастрычнік) на поўдні.

Мёртвы сезон — перыяд застою ў прамысловасць гандлі (у капіталістычных краінах).

[Фр. saison.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Лопацень1, ло́поцень, ло́пыцінь, ло́пацінь, ло́потэнь ’балбатун’, ’чалавек, які меле глупства, без сэнсу крычыць’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., ТС; КЭС, лаг.; лаг., Жд. 3; жлоб. Нар. словатв.; паўд.-пін., Нар. лекс., віл., смарг., Сл. ПЗБ). Да лапата́ць1 (гл.). Сюды ж і лоеў. лопацень ’водаўдарная дошчачка на вобадзе кола ў вадзяным млыне’ (ЛАПП) — паводле шуму вады; па форме — да лопацень4 (гл.).

Лопацень2, ло́поцень ’выгібы на лязе касы пры нераўнамерным кляпанні’ (слуц., Нар. словатв.; лун., Мат. ЛАБНГ; ТС); лопатні ’тс’ (Жд. 1; карэліц., нясв., пін., стол., лельч., Мат. ЛАБНГ). Укр. палес. ло́потень (Нік.). Утворана ад ⁺лопат, якое з’яўляецца генетычна тоесным да літ. lãpatas ’акравак, абрэзак’.

Лопацень3, ло́потень ’частка жорнаў’ (кобр., Выг.; КЭС, лаг.), ’верхняя перакладзіна ў жорнах’ (Касп.; віл., Сл. ПЗБ), ло́патня ’дошчачка (у жорнах), у якую ўстаўляецца млён’ (Касп.). Да лопат2 (гл.).

Лопацень4, ло́поцень, лопацінь, лопыцінь, ло́патынь вялікі, круглы, падобны да лапаты свярдзёлак; якім карыстаюцца ў млыне, выкручваюць дзіркі ў калодцы кола, робяць борці і да таго пад.’ (Бяльк., Касп., Жд. 1, Мядзв., Маш., Нас., Жд. 1, Сіг., ТС; КЭС, лаг.), ’лопасць у турбіне’ (віл., Сл. ПЗБ). Укр. лопатень ’шырокі свердзел’, рус. ло́пате́нь ’тс’. Да лапа́та (гл). Суфікс ‑ень, як у берасце́нь, пруце́нь, ве́расень.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лістапад1 ’назва адзінаццатага месяца’ (ТСБМ, Бес., Гарэц., Нас., Бяльк., Яруш.), ’пара, калі ападае ліст з дрэў’ (Бяльк.), ’ападанне лісця восенню’ (ТСБМ). Укр. листопа́д ’тс’, рус. уладз., кур. листопад ’восень’, арханг. ’позняя восень’, наўг.верасень’; уладз., арханг., ярасл. ’кастрычнік’; том., вяц., перм., цвяр., кур. ’лістапад’; польск. listopad ’тс’, а ў XV ст. і ’кастрычнік’, в.-луж., чэш., славац. listopad ’лістапад’; славен. listopàd, серб.-харв. ли̏стопад ’лістапад’, ’ападанне лісця’, ’апалае лісце’, макед., балг. листопад ’час ападання лісця’, ст.-слав. листопадъ ’месяц кастрычнік’. Прасл. listo‑padъ ’ападанне лісця’ > ’час, калі ападае лісце’. Да ліст1 і па́даць (гл.). Аналагічна ўтвораны і літ. lapkritỹs ’лістапад’, дыял. ’кастрычнік’, ням. Laubfall ’ападанне лісця’, ст.-грэч. φυλλοχόος ’месяц, калі падае лісце’ (Слаўскі, 4, 285–287; Кочерган, Мовознавство, 1967, 1, 59; Стабей, ZfslPh, 1971, 36 (1), 108).

Лістапа́д2 ’туберкулёз’ (Касп.), смал. ’лаянкавае слова’. Параўн. листопа́дина, уладз. листопа́дица, алан. листопадка, смал. листопадница, смал., наўг., пск., паўн.-рус. листопадня (колотуха) ’ліхаманка’, ’гарачка’. У выніку семантычнага пераносу (агульная прыкмета — гарачка) з рус. гаворак у віц. листопад ’хвароба’ — таксама семантычны перанос з ’асенняя пара’ (калі часцей, чым летам, прастужваюцца). Параўн. яшчэ рус. дан. листопадный ’брыдкі, агідны’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ПУ́ХАВІЦКІ РАЁН Размешчаны на У Мінскай вобл. Утвораны 17.7.1924. Пл. 2,5 тыс. км². Нас. 76,8 тыс. чал. (2000), гарадскога 43,6%. Сярэдняя шчыльн. 31 чал. на 1 км². Цэнтр — г. Мар ’іна Горка. Уключае г.п. Рудзенск і Свіслач, р.п. Праўдзінскі, 304 сельскія населеныя пункты, Праўдзінскі, Рудзенскі і Свіслацкі пасялковыя Саветы, 21 сельсавет: Ананіцкі, Блонскі, Блужскі, Вецярэвіцкі, Вузлянскі, Гарэлецкі, Голацкі, Дрычынскі, Дубраўскі, Дукорскі, Навапольскі, Навасёлкаўскі, Пухавіцкі, Пярэжырскі, Селецкі, Суцінскі, Сяргеевіцкі, Талькаўскі, Турынскі, Чырвонакастрычніцкі, Шацкі.

Тэр. раёна ў межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны. Паверхня пласкахвалістая, 90% яе на выш. 160—200 м, 7% — вышэй за 200 м. Найвыш. пункт 236 м (на Пд ад в. Сяргеевічы). Карысныя выкапні: торф, сапрапель. пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі, гліны і суглінкі. Сярэдняя т-ра студз. -6,9 °C, ліп 17,9 °C. Ападкаў 592 мм за год. Вегетац. перыяд 188 сут. Найб. рэкі Свіслач з прытокамі Волма, Цітаўка, Талька; Пціч з прытокам Шаць. Азёры Сяргееўскае і Мацярынскае. Меліярац. каналы Дрычынскі, Мацеевіцкі і інш. Пераважаюць глебы с.-r. угоддзяў: дзярнова-падзолістыя забалочаныя (33%), дзярнова-падзолістыя (31,8%), тарфяна-балотныя (23,8%). Пад лесам 39,9% тэр. раёна. Лясы пераважна хваёвыя, бярозавыя, чорнаальховыя, яловыя; трапляюцца асінавыя, дубовыя, грабавыя, ясянёвыя, ліпавыя і інш. Найб. лясістасць на Пд. Пад балотамі 4,4% тэрыторыі. Найб. балотныя масівы Суціна, Арэхаўскі Мох, Кляцішынскае. На тэр. раёна біял. заказнікі рэсп. значэння: Копыш, Мацеевіцкае, Амяльнянскі; мясц. значэння — Вецярэвіцкі. Ахоўныя тарфянікі: Ананічы, Падгаць, Турэц. Помнік прыроды рэсп. значэння — хвоя кедравая еўрапейская ў г. Мар’іна Горка; мясц. значэння — сядзібна-паркавы ансамбль у г. Мар’іна Горка, гіст.-культурны ландшафт у в. Дудзічы.

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 112,2 тыс. га, з іх асушаных каля 38 тыс. га. На 1.1.2000 у раёне 22 калгасы, 6 саўгасаў, 36 фермерскіх гаспадарак, птушкафабрыка, міжгасп. аб’яднанне «Ананічы», аграфірма «Верасень». Сельская гаспадарка спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, вырошчванні збожжа, бульбы, лёну. Прадпрыемствы харч. (хлеб, цэльнамалочныя прадукты, марожанае, камбікорм, прэміксы, солад, вырабы з бульбы, сухое бульбяное пюрэ, пладаягадныя віны), першаснай апрацоўкі лёну (ільновалакно), паліўнай (тарфяны брыкет), кааператыўнай (хлеба-булачныя і каўбасныя вырабы) прам-сці; вытв-сць цюбінгаў для метрапалітэна, вырабаў з пластмас, тэхн. маслаў і змазак, кардону. Лясгас. Па тэр. раёна праходзяць чыг. Мінск—Гомель, аўтадарогі: Мінск—Гомель, ад г. Мар’іна Горка на Чэрвень, Негарэлае, Старыя Дарогі. У раёне 31 сярэдняя школа, у т. л. 4 школы-садкі, 7 базавых, 4 пач. школы, школа-гімназія, 3 школы мастацтваў, 4 муз. школы, дапаможная школа-інтэрнат, ПТВ, аграрна-тэхн. каледж (гл. Мар’інагорскі сельскагаспадарчы тэхнікум), 28 дашкольных устаноў, 37 клубаў, 45 б-к, 8 бальніц, паліклініка, 5 амбулаторый, 29 фельч.-ак. пунктаў, абласны дзіцячы санаторый «Пухавічы», санаторыі-прафілакторыі «Талька», «Індустрыя». Раённы краязнаўчы музей у в. Блонь і яго філіялы ў г. Мар’іна Горка, вёсках Блужа і Гарэлец; музей матэрыяльнай культуры «Дудуткі» у в. Дудзічы. Помнікі архітэктуры: сядзіба (2-я пал. 19 ст.) і Свята-Троіцкая царква (1826) у в. Блонь, сядзіба (19 ст.) у в. Дукора, царква Іаана Прадцечы (сярэдзіна 19 ст.) у в. Скрыльская Слабада. Выдаецца газ. «Пухавіцкія навіны».

Р.​Р.​Паўлавец, Л.​А.​Паўловіч.

т. 13, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Пе́таваць, (у Нас.пыкаць) ’моцна біць’, ’цяжка працаваць’ (Гарэц., Нас., Растарг., Стан.; гом., Шн. 2; Бяльк.), прыкладаць вялікія намаганні’ (ТС), лётаць ’біць’ (чач., Мат. Гом.), аставацца ’біцца, выконваць непасільную цяжкую работу, многа і цяжка працаваць’, ’мучыцца, бедаваць’ (Юрч.; жлоб., Жыв. сл.: полац., Жыв. ІС; б.-каш., рагач., Мат. Гом.), ’жыць у бядзе, мастачак’ (Янк. 2; Ян.), петвацца ’мардавацца, выбівацца з сіл’ (Мар. Том.), астоіцца ’змагацца, біцца з чым-небудзь да знямогі, важдацца, валтузіцца’ (Нас.). Рус. летать ’біць’; ’мучыць, мардаваць’; ’выконваць цяжкую працу’; ’гаварыць праз сілу, ледзь-ледзь’; ’знаць, разумець’; петаться ’старанна і цяжка працаваць’, ’моцна стамляцца’, ’дамагацца чаго-небудзь’; славен. vzpėtiti se ’згадаць, успомніць’, серб.-харв. петити ’захаваць у памяці’, харв. далмацінец napėtali se, napalam se ’намучыцца, намардавацца’. Прасл. *pelali/*petati(?). Сабалеўскі (ЖМНП, 1886, верасень, 145) звязвае рус. летать праз чаргаванне галосных з питать, пестуй, аднак не разглядаецца семантыка біць’. Праабражэнскі (2, 51) выводзіць яго з пехтать, што фанетычна не пераконвае (Фасмер, 3, 251). Насовіч (542) выводзіць бел. пілаваць з грэч. παίω, παίσω, παιφάσσω ’б’ю, шту рхаю, стукаю’. Махэк (Slavia, 28, 271) таксама супастаўляе рус. летать з грэч. παίω ’тс’ і разглядае рус. слова як інтэнсіў з суф. -t- (*pěta‑ti), хаця грэч. παίω ўзыходзіць да (кіпрск.) παFιω. Куркіна (Этимология–1972, 60–64) рус. петать узводзіць да і.-е. кораня *po̯i‑ з пашыральнікам -t-, які ляжыць у аснове грэч. πο(ι)α ’трава, корм’, літ. piētus ’абед’, ст.-інд. pilus ’харч’, авест. puti‑ ’ежа’; балг. дыялектны матэрыял з каранямі pet‑ і pit‑ прымыкае да тэрміналогіі, звязанай з абазначэннем спосабаў прыгатавання ежы з хлеба, з зярнят: пѝтем ’мну, лаўлю’ — петлѐ, петла̀к ’спечаныя зярняты кукурузы’. У такім выпадку можна дапусціць роднаснасць pet- і pit‑ са значэннем ’біць’. Сюды ж пе́тун (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

НЕТРАДЫЦЫ́ЙНЫЯ КРЫНІ́ЦЫ ЭНЕ́РГІІ,

узнаўляльныя крыніцы энергіі, якія не адносяцца да найб. пашыраных традыц. крыніц энергіі: цеплавых, атамных і гідраўлічных (акрамя зусім малых) электрастанцый. Н.к.э. звычайна лічаць энергію сонца, ветру, малых рэк і вадасховішчаў, біямасы, сціснутага прыроднага газу.

Геліяэнергетыка грунтуецца на выкарыстанні сонечнай радыяцыі. Існуюць розныя спосабы пераўтварэння сонечнай энергіі (цеплавы, фота- і тэрмаэлектрычны, тэрмаэмісійны) у геліяўстаноўках (гл. таксама Геліятэхніка). Найб. пашыраны выпуск і выкарыстанне геліяэнергет. абсталявання ў Швецыі, Вялікабрытаніі, Германіі. Ветразнергетыка займаецца пераўтварэннем энергіі ветру ў эл., мех. і цеплавую энергію з дапамогай ветраэнергетычных установак (ВЭУ). Яе асновай з’яўляюцца ветраэлектрычныя станцыі Найб. развіта ў ЗША, ФРГ, Індыі, Даніі. Магутнасць традыц. лопасцевых ВЭУ, што падключаны да энергасетак свету, перавышае 6000 МВт (1996). Малая гідраэнергетыка выкарыстоўвае мех. энергію воднага патоку малых рэк і вадасховішчаў пераважна для выпрацоўкі электраэнергіі (гл. Гідраэнергетыка). Будуюцца пераважна нізканапорныя гідраэлектрычныя станцыі (мікрагэс) з гідраагрэгатамі малой магутнасці. Энергія біямасы (драўніны, мясц. відаў паліва, адходаў вытв-сці і бытавых, біягазу жывёлагадоўчых комплексаў і птушкафабрык) пераўтвараецца з дапамогай катлоў у цяпло (ідзе на цеплазабеспячэнне. вытв. патрэбы), з дапамогай газагенератараў — у гаручы газ (выкарыстоўваецца як паліва ў прамысл. пячах і інш.). Тэхналогія газіфікацыі цвёрдых быт. адходаў найб. дасканала распрацавана ў ФРГ, Японіі і інш. Энергія сціснутага прыроднага газу пры яго рэдуцыраванні на газаразмеркавальных станцыях ад 30—50 атм. да ціску 3—12 атм, пад якім газ падаецца спажыўцам, можа выкарыстоўвацца для выпрацоўкі электраэнергіі з дапамогай газарасшыральных турбін. Напр., на адной з ЦЭЦ «Мосэнерга» (Расія) укараненне энергакомплексаў з турбінамі ГНПГІ «Турбагаз» дало магчымасць на кожны 1 МВт устаноўленай магутнасці дадаткова атрымліваць 8 млн. кВт гадз электраэнергіі за год.

На Беларусі найб. спрыяльны перыяд выкарыстання геліясістэм красавік—верасень, калі з 1 м² геліякалектара можна атрымаць за суткі 90 л вады з т-рай 55—60 °C. У НВА «Белсельгасмеханізацыя» распрацаваны шэраг геліяпадагравальнікаў вытв. і быт. прызначэння, у Акад. навук. комплексе «Ін-т цепла- і масаабмену» — геліякалектары з алюмінію. у Ін-це праблем энергетыкі Нац. АН даследуецца эфектыўнасць энергазберажэння пры выкарыстанні такіх геліясістэм для гарачага водазабеспячэння. Даследаванні ветраэнергет. патэнцыялу выявілі 1800 пляцовак са спрыяльнымі ветравымі патокамі (сярэднегадавая скорасць ветру 4,7—6.1 м/с). На іх перспектыўнае выкарыстанне аўтаномных ВЭУ і ветрапомпавых установак магутнасцю да 30 кВт (пераважна с.-г. прызначэння). Распрацоўваецца ветрарухавік новага тыпу — з камбінаванымі цыліндрамі замест лопасцей для работы пры нізкіх скарасцях ветру. Спраектавана і пабудавана (1998) доследна-прамысл. ВЭУ магутнасцю 60—110 кВт для характэрных на Беларусі скарасцей ветру, распрацоўваецца ротарная ВЭУ магутнасцю 250 кВт для скарасцей ветру 2—8 м/с. У малой гідраэнергетыцы найб. спрыяльныя для выкарыстання гідрарэсурсы басейна рэк Дняпро, Зах. Дзвіна, Нёман, Днестр, Вілія, Прыпяць, Зах. Буг, а таксама малых рэк і створаў у паўн. і ўсх. ч. краіны. Буд-ва ГЭС мэтазгодна на буйных (аб’ём больш за 1 млн. м³) вадасховішчах. На Вілейскім вадасховішчы працуе 1-ы блок Вілейскай ГЭС магутнасцю 1 МВт (з 1998). Магутнасць такіх ГЭС на 17 буйных вадасховішчах можа дасягнуць 6 МВт, магутнасць мікрагэс на водагасп. і меліярац. сістэмах — 1 МВт. З біямасы найб. значныя аб’ёмы драўніны (за год у катлах яе спальваюць 1—1.5 млн. м³). Асвоены выпуск газагенератараў магутнасцю 30—200 кВт для перапрацоўкі драўнінных адходаў і нізкагатунковых відаў мясц. паліва. Высокаэфектыўныя катлы выпускаюць Гомельскі з-д «Камунальнік» і Бешанковіцкі «Котламаш». Біягазу ад 275 жывёлагадоўчых комплексаў і 66 птушкафабрык краіны можна атрымліваць 1,7 млрд. м³, ад перапрацоўкі цвёрдых быт. адходаў — больш за 350 млн. м³ за год. Ўкараненне энергакомплексаў з газарасшыральнымі турбінамі на газаразмеркавальных станцыях (іх у рэспубліцы 130) можа даць электраэнергіі магутнасцю больш за 30 МВт.

Ю.​Дз.​Ільюхін, У.​М.​Сацута.

т. 11, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́НГА (Congo),

Рэспубліка Конга (République du Congo), дзяржава ў Цэнтр. Афрыцы, на Пн і Пд ад экватара. Выцягнута з Пн на Пд уздоўж правых берагоў рэк Конга і Убангі. Мяжуе на Пн з Цэнтр.-афр. Рэспублікай і Камерунам, на У і Пд з Дэмакр. Рэспублікай Конга, на Пд з Анголай (паўанклаў Кабінда), на З з Габонам, на ПдЗ абмываецца Атлантычным ак. Пл. 342 тыс. км². Нас. 2,7 млн. чал. (1997). Дзярж. мова — французская. Сталіца — г. Бразавіль. Краіна падзяляецца на 9 абласцей і аўт. акругу Бразавіль. Нац. свята — Дзень незалежнасці (15 жн.).

Дзяржаўны лад. К. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя, зацверджаная на рэферэндуме ў 1992. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць двухпалатнаму парламенту (Палата прадстаўнікоў і Сенат), які выбіраецца насельніцтвам на 5 гадоў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам. прызначаным прэзідэнтам ад партыі, што атрымала большасць галасоў на парламенцкіх выбарах.

Прырода. У рэльефе дамінуюць плато і невысокія (да 1040 м) горы на Пд, плоскія алювіяльныя раўніны на Пн. Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, калійная соль, свінцовыя, цынкавыя, медныя руды, невял. радовішчы фасфарытаў, золата, алмазаў, жалезных, алавяных, вальфрамавых руд. Клімат гарачы, на Пн экватарыяльны, пастаянна вільготны з 2 максімумамі ападкаў (сак.—май, верасень—лістапад), на Пд субэкватарыяльны з сухім сезонам (чэрв.верасень). Сярэдняя т-ра самага цёплага месяца (крас., радзей сак.) 24—27 °C, самага халоднага (ліп., радзей жн.) 20—25 °C. Ападкаў 1500—2000 мм за год, па крайнім Пд 1200—1300 мм. Рачная сетка густая і мнагаводная. Рака Конга і яе гап. правыя прытокі Убангі, Санга, Ліквала, Аліма суднаходныя; на Пд бас. р. Квілу. Значныя запасы гідраэнергіі. У расліннасці пераважаюць вільготныя экватарыяльныя і лістападна-вечназялёныя субэкватарыяльныя лясы (каля 50% тэр.). Пераважна на Пд — другасныя высакатраўныя саванны (каля 40% тэр.). Жывёльны свет: малпы, леапарды, пантэры, на Пн сланы, у рэках бегемоты і кракадзілы. Нац. парк Адзала, некалькі рэзерватаў.

Насельніцтва. Амаль усё належыць да моўнай групы банту. На Пд жывуць народы падгрупы конга (баконга, басунды, бакуньі, бавілі, байомбе і інш.; каля 50% насельніцтва краіны). У сярэдняй ч. народ тэке (17%) і блізкія да яго народы. На Пн найб. шматлікі народ мбошы (12%). У трапічных лясах плямёны пігмеяў (каля 25 тыс. чал.). У гарадах невял. групы еўрапейцаў, пераважна французаў. Сярод вернікаў пераважаюць хрысціяне (50%, гал. ч. католікі) і прыхільнікі мясц. культаў (48%). Сярэднегадавы прырост 2,8% (1990—95). Сярэдняя шчыльн. насельніцтва каля 8 чал. на 1 км². Найб. шчыльна (да 50 чал. на 1 км²) заселены Пд краіны. У гарадах 59% насельніцтва (1997). Найб. гарады (тыс. ж., 1995): Бразавіль — 1004, Пуэнт-Нуар — каля 300. У сельскай гаспадарцы занята 49% працаздольных, у прам-сці — 15%, у сферы абслугоўвання — 36%.

Гаспадарка. У валавым унутр. прадукце (2,6 млрд. дол., 1996) характэрны адносна высокая доля прам-сці (44%) і сферы абслугоўвання (46%) і нізкая доля сельскай гаспадаркі (10%). Штогадовы даход на 1 чал. каля 1000 дол. ЗША. Аснова эканомікі — нафтаздабыўная і лясная прам-сць, значныя паступленні ад транзітнага гандлю і перавозак. Сельская гаспадарка малапрадукцыйная. Апрацаваныя землі і шматгадовыя насаджэнні займаюць каля 610 тыс. га. Пераважаюць дробныя сялянскія гаспадаркі (0,5—2 га), ёсць дзярж. фермы. Пашырана лядна-агнявая сістэма земляробства. Асн. харч. культуры: маніёк (штогадовы збор 600—1000 тыс. т), батат, ямс, тара, бананы, проса, рыс, кукуруза; тэхнічныя: цукр. трыснёг, арахіс, алейная пальма, тытунь. Плантацыі гевеі. На экспарт вырошчваюць невял. колькасць какавы, кавы, бананаў, цытрусавых, ананасаў. Жывёлагадоўля развіта слаба, пераважна на Пд, дзе ёсць раёны рэдкастойных лясоў і саваннаў, свабодных ад мухі цэцэ. Пагалоўе (тыс. галоў, 1994): буйн. раг. жывёлы — каля 100, авечак і коз — каля 300, свіней — каля 50. Птушкагадоўля. Марское і рачное рыбалоўства (35 тыс. т, 1993). Паляўніцтва і збіральніцтва, у т. л. пладоў дзікарослай алейнай пальмы. У прамысловасці гал. роля належыць здабычы нафты (15,7 млн. т, 1997); у асн. распрацоўваюцца радовішчы на шэльфе. Здабываюць таксама калійную соль (на Пн ад г. Пуэнт-Нуар), прыродны газ, жалезныя, свінцова-цынкавыя, алавяныя і медныя руды, золата, алмазы. Вытв-сць электраэнергіі 440 млн. кВтгадз (1995), пераважна на ГЭС. Развіта лясная прам-сць і дрэваапрацоўка, асабліва вытв-сць піламатэрыялаў і фанеры, больш за 20 лесапільных і фанерных з-даў. Нарыхтоўка драўніны — больш за 600 тыс. м³ (1996), гал. чынам дрэвы акуме, лімба, чырвонае і інш. Лесараспрацоўкі вядуцца пераважна каля чыгунак і суднаходных рэк на Пд краіны. Харчасмакавая прам-сць: вытв-сць цукру (Нкайі), піва і прахаладжальных напіткаў (Бразавіль, Пуэнт-Нуар), пальмавага і арахісавага алеяў, тытунёвых вырабаў (Бразавіль), рыбных кансерваў (Пуэнт-Нуар), мукі, хлебапрадуктаў, кавы і інш. Працуюць прадпрыемствы буд. матэрыялаў (цэментны з-д у Лутэтэ), нафтаперапрацоўчы з-д (Пуэнт-Нуар). Хім. прам-сць прадстаўлена вытв-сцю фарбаў, мыла, інсектыцыдаў, пластмасавых, парфумерных і касметычных вырабаў. У Бразавілі і Пуэнт-Нуары вытв-сць невял. суднаў, металаканструкцый, шкла, прадпрыемствы тэкстыльнай, швейнай, гарбарна-абутковай, запалкавай прам-сці. Развіты саматужныя промыслы, у т. л. разьба па дрэве, маст. кераміка. Транспарт пераважна чыгуначны і ўнутр. водны. Даўж. чыгунак 806 км. Гал. лінія Бразавіль—Пуэнт-Нуар (517 км). Суднаходных водных шляхоў каля 2,5 тыс. км. Гал. рачны порт Бразавіль. Агульная працягласць аўтадарог 15 тыс. км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём каля 1,5 тыс. км. Знешнія сувязі пераважна марскім транспартам. Гал. порт Пуэнт-Нуар, праз яго ідзе транзітны гандаль Цэнтр.афр. Рэспублікі, Чада, паўн.-ўсх. раёнаў Габона. У К. больш за 50 аэрапортаў і пасадачных пляцовак, у т. л. міжнар. аэрапорты ў Бразавілі і Пуэнт-Нуары. У 1995 экспарт склаў 670 млн. дол., імпарт — 559 млн. дол. У экспарце пераважае нафта (каля 90% па кошце), меншае значэнне маюць піламатэрыялы, фанера, кава, какава, цукар, у імпарце — металы, машыны і абсталяванне, угнаенні, харч. прадукты і інш. Асн. гандл. партнёры: Францыя (25% экспарту і 50% імпарту), ЗША (адпаведна 40 і 7%), Італія, Германія. Грашовая адзінка — афрыканскі франк.

Гісторыя. Найб. старажытным насельніцтвам на тэр. К. былі плямёны пігмеяў. У пач. н. э. тут пасяліліся плямёны банту, якія займаліся земляробствам і рамёствамі. У 16—19 ст. на тэр. К. існавала дзярж. ўтварэнне Лаанга (на ўзбярэжжы). Першыя еўрапейцы з’явіліся ў К. ў 1482, пазней К. стала адным з гал. раёнаў гандлю рабамі. У 1880 кіраўнік франц. экспедыцыі П. дэ Браза навязаў правадыру народнасці батэке дагавор аб франц. пратэктараце, заснаваў умацаваны пост Нкуна (цяпер г. Бразавіль). Берлінская канферэнцыя 1884—85 вызначыла межы франц. уладанняў у бас. р. Конга і была створана калонія Франц. К. (у 1903 перайменавана ў Сярэдняе К.). З 1910 у складзе федэрацыі Франц. Экватарыяльная Афрыка. У жн. 1940 К. адна з першых сярод франц. калоній падтрымала рух «Свабодная Францыя». З 1946 К. — заморская тэр. Францыі, з 28.11. 1958 — аўт. рэспубліка К. ў складзе Франц. супольнасці.

15.8.1960 абвешчана незалежнасць К. Першым яе прэзідэнтам у снеж. 1959 выбраны кіраўнік Дэмакр. саюза абароны афр. інтарэсаў Ф.​Юлу, які аб’яднаў пераважна прадстаўнікоў народа баконга. Празаходні курс рэжыму, карупцыя, цяжкае эканам. становішча сталі прычынай масавых пратэстаў у 1963, пад націскам якіх Юлу падаў у адстаўку. Прэзідэнтам стаў палк. А.​Масамба-Дэба, пад кіраўніцтвам якога быў створаны Нац. Рэв. рух (НРР з 1974 адзіная легальная партыя краіны). У 1966 абвешчаны курс на пабудову ў К. сацыяліст. грамадства. Намаганні Масамба-Дэба ўсталяваць рэжым асабістай улады прывялі да выступлення арміі ў ліп.жн. 1968, у выніку чаго ўлада перайшла да Нац. савета рэвалюцыі на чале з М.Нгуабі (з 1969 прэзідэнт). У снеж. 1969 адбыўся 1-ы з’езд Кангалезскай партыі працы (КПП, пераемніца НРР), а краіна перайменавана ў Нар. Рэспубліку К. Былі ўсталяваны цесныя сувязі з СССР і інш. сацыяліст. краінамі. Пасля забойства Нгуабі (1977) прыпынена дзейнасць канстытуцыі, створаны ваен. к-т КПП на чале з Ж.​Іомбі-Апанга. У крас. 1979 прынята новая канстытуцыя, прэзідэнтам выбраны Д.​Сасу-Нгеса, які захаваў сувязі з сацыяліст. краінамі і палепшыў адносіны з краінамі Захаду, што паспрыяла хуткаму эканам. росту К. З сярэдзіны 1980-х г. эканам. цяжкасці паглыбіліся. Пачалася паступовая лібералізацыя ўнутр. палітыкі. У 1990 КПП адышла ад марксісцкай ідэалогіі і прыняла с.-д. праграму, у студз. 1991 уведзена шматпартыйнасць. На першых шматпартыйных выбарах у Нац. Асамблею ў маі 1992 перамог Панафр. саюз за сац. дэмакратыю, кіраўнік якога П.​Лісуба ў жн. 1992 выбраны прэзідэнтам К. Адначасова Сасу-Нгеса захаваў узбр. атрады, спроба раззброіць якія прывяла да грамадз. вайны ў маі—жн. 1997. Пры падтрымцы Анголы прэзідэнтам краіны зноў стаў Сасу-Нгеса. К. — член ААН (з 1960), Арг-цыі афр. адзінства. Дзейнічаюць Панафр. саюз за сац. дэмакратыю, Аб’яднанне за дэмакратыю і развіццё, Аб’яднанне за дэмакратыю і сац. прагрэс, Кангалезскі рух за дэмакратыю і інтэгральнае развіццё, Кангалезская партыя працы, Кангалезская прафс. канфедэрацыя і інш.

Асвета. Сістэма адукацыі К. ўключае дашкольныя дзіцячыя ўстановы (іх сетка развіта слаба), пач., сярэднія і прафес.-тэхн. школы, -ВНУ. Усе навуч. ўстановы дзяржаўныя, школа аддзелена ад царквы. Пач. школа для дзяцей з 6-гадовага ўзросту, тэрмін навучання 6 гадоў. Сярэдняя школа 7-гадовая, мае 2 цыклы; 1-ы (4-гадовы) — няпоўная абавязковая сярэдняя школа, 2-і — поўная сярэдняя (ліцэй, 3 гады навучання). У ліцэі вучні размяркоўваюцца па аддзяленнях (8 профіляў). Па выніках экзаменаў выпускнікам ліцэя прысвойваецца званне бакалаўра, якое дае права працаваць у пач. школе. Прафес,тэхн. падрыхтоўка вядзецца на базе пач. школы ў 2-гадовых цэнтрах пач. прафес. падрыхтоўкі і ў 4-гадовых калежах тэхн. адукацыі, паспяховае заканчэнне якіх дае магчымасць працягваць навучанне ў тэхн. ліцэі з 3-гадовым курсам павучання. Пасля заканчэння яго і здачы экзаменаў на званне бакалаўра па тэхн. спецыяльнасці выпускнікі могуць паступаць у ВНУ адпаведнага профілю. У сістэму вышэйшай адукацыі ўваходзяць Бразавільскі ун-т (засн. ў 1961 як цэнтр вышэйшай адукацыі, з 1971 ун-т), ін-ты і вышэйшыя школы. Навук. даследаванні праводзяць н.-д. цэнтры і ін-ты, у т. л. Нац. цэнтр пед. даследаванняў і дакументацыі. У 1965 у Бразавілі адкрыты Нац. музей, пры якім працуюць архіў і б-ка.

Літ.:

Думнов Д.И. Народная Республика Конго. М., 1977;

Орлова А.С. История государства Конго (XVI—XVII вв.). М., 1968;

Елисеев В.И. По джунглям Конго 2 изд. М., 1992.

Герб і сцяг Конга (Рэспубліка Конга).
Да арт. Конга (РК). Рака Конга каля г. Бразавіль.
Да арт. Конга (РК). Здабыча калійных солей.

т. 8, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАІ́ЦІ (Haïti),

Рэспубліка Гаіці (République d’Haïti), дзяржава ў Вест-Індыі. Займае зах. частку в-ва Гаіці і суседнія дробныя астравы. На У мяжуе з Дамініканскай Рэспублікай. Аддзелена ад Кубы Наветраным пралівам, ад Ямайкі — прал. Ямайка. Падзяляецца на 9 дэпартаментаў. Пл. 27,8 тыс. км². Нас. 6,9 млн. чал. (1993). Сталіца — г. Порт-о-Прэнс. Дзярж. мова французская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (1 студз.).

Прырода. Большая частка паверхні — чаргаванне горных масіваў (хр. Паўночны, Мато, Сель, От, Мантань-Нуар) выш. да 2680 м (г. Ла-Сель) з міжгорнымі далінамі і ўпадзінамі (Паўн. раўніна, даліна р. Артыбаніт, Цэнтр. плато, упадзіна Кюль-дэ-Сак). Ёсць радовішчы баксітаў, меднай руды. Клімат трапічны пасатны. Т-ра паветра ад 23—25 °C у студз. да 29 °C у ліп. Ападкаў 1000—2000 мм за год, у закрытых горных далінах каля 500 мм; вільготны сезон (май—верасень). Бываюць ураганы. Рэкі кароткія, часткова выкарыстоўваюцца на арашэнне. Пад вечназялёнымі і лістападнымі трапічнымі лясамі засталося 4% тэрыторыі.

Насельніцтва. Амаль усё насельніцтва — гаіцяне, нашчадкі рабоў, вывезены з Афрыкі ў 16—18 ст. Паводле расавага складу негры (95%) і мулаты (5%). Большасць вернікаў — католікі, шырока распаўсюджаны афра-хрысціянскі культ ваду́. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 248 чал. на 1 км². Значная частка яго сканцэнтравана ў прыбярэжных раёнах, асабліва на Пд і ПнУ, у міжгорных далінах. Гар. насельніцтва 30%. Найб. горад Порт-о-Прэнс — 753 тыс. ж., затым Кап-Аіцьен 92 тыс. ж., Ганаіў — 63 тыс. ж. (1992). У сельскай гаспадарцы занята 66% насельніцтва, у абслуговых галінах — 25%, у прам-сці — 9%.

Гаспадарка. Гаіці — самая бедная краіна Лац. Амерыкі, уваходзіць у лік 7 найменш развітых краін свету. Эканоміка базіруецца на с.-г. вытв-сці. Сярэднегадавы даход на душу насельніцтва каля 450 дол. ЗША. У эканоміцы пераважае замежны капітал. Для сельскай гаспадаркі характэрны шматлікія карлікавыя сял. гаспадаркі і буйныя плантацыі таварных культур. Апрацоўваецца каля 33% плошчы краіны, пад лугамі і пашай — каля 20%. Вырошчваюцца экспартныя культуры: кава (займае 11% апрацаваных зямель), сізаль, какава, цукр. трыснёг, бавоўнік, тытунь, эфіраалейныя культуры; харчовыя: кукуруза, рыс, бананы, маніёк, проса. Жывёлагадоўля пераважна ў гарах. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, коней, аслоў і мулаў. Лоўля рыбы, крабаў, крэветак, амараў. Прам-сць развіта слаба. Некалькі невялікіх ЦЭС працуюць на імпартным паліве. Горназдабыўная прам-сць: здабыча баксітаў і гліназёмны з-д (каля г. Мірагаан), невял. здабыча меднай руды і цэментнай сыравіны. Параўнальна развіта тэкст. прам-сць. Ёсць асобныя прадпрыемствы гарбарна-абутковай, харчасмакавай прам-сці, цукр. з-д, сізалевыя ф-кі, цэментны з-д, фармацэўтычныя прадпрыемствы, саматужныя майстэрні. Амаль усе прамысл. прадпрыемствы знаходзяцца ў сталіцы. Транспарт пераважна аўтамабільны. Ёсць 4000 км аўтадарог, 950 км з іх асфальтаваныя. Гал. марскі порт і міжнар. аэрапорт Порт-о-Прэнс. Гаіці экспартуе вырабы тэкст. прам-сці, каву, інш. с.-г. прадукты; імпартуе прамысл. і харч. тавары, паліва, хімікаты. Гал. гандл. партнёр ЗША (каля 84% экспарту і 65% імпарту). Імпарт перавышае экспарт у 2 разы. Краіна выкарыстоўвае дапамогу развітых краін і міжнар. арганізацый. Грашовая адзінка — гурд.

Гісторыя. В-аў Гаіці адкрыты Х.​Калумбам у 1492, названы ім Эспаньёлай. Спачатку каланізаваны іспанцамі, якія амаль поўнасцю знішчылі карэннае насельніцтва — індзейцаў-аравакаў. З пач. 16 ст. пачаўся масавы ўвоз неграў-рабоў з Афрыкі для работы на плантацыях. У 17 ст. ў зах. ч. Пасяліліся франц. піраты, з 1697 гэта ч. вострава афіцыйна адышла да Францыі і атрымала назву Сан-Дамінга. Тут развівалася вытв-сць цукру, кавы, какава, бавоўны. Гаіці лічылася самай багатай франц. калоніяй. Разам з тым негры-рабы (90% насельніцтва) жорстка эксплуатаваліся і жылі ў галечы, моцна былі абмежаваны правы свабодных мулатаў. У канцы 18 ст. пад уплывам франц. рэвалюцыі 1789—99 пачаўся бурны ўздым нац.-вызв. руху. Паўстанне рабоў у 1791 перарасло ў вайну за незалежнасць. На чале паўстанцаў стаяў Ф.Д.Тусэн-Луверцюр, які нанёс паражэнне англ. і ісп. войскам, адмяніў рабства, у 1801 абвешчаны пажыццёвым кіраўніком усяго вострава, уключаючы і яго ўсх. частку. Пасля яго паланення французамі барацьбу ўзначаліў ген. Ж.Ж.Дэсалін. 1.1.1804 ён абвясціў незалежнасць калоніі, аднавіўшы старую індзейскую назву — Гаіці. Значная ч. зямель плантатараў была перададзена б. рабам. На працягу ўсяго 19 ст. ў краіне ішла барацьба за ўладу паміж прадстаўнікамі мулацкіх і негрыцянскіх вярхоў, частымі былі змовы і дзярж. перавароты. У 1844 усх. ч. в-ва Гаіці (Санта-Дамінга) аддзялілася, утварыўшы Дамініканскую Рэспубліку. У канцы 19 — пач. 20 ст. на Гаіці ўзмацніўся прыток замежнага капіталу. У 1915—34 Гаіці акупіравана ЗША, стала фактычна іх пратэктаратам. У 1957 у выніку выбараў, якія праходзілі ў абставінах дэстабілізацыі, прэзідэнтам стаў Ф.Дзювалье, які ў 1964 абвясціў сябе «пажыццёвым прэзідэнтам» і ўстанавіў жорсткі рэжым тэрору і гвалту. Пасля смерці Ф.​Дзювалье ў 1971 пост прэзідэнта перайшоў да яго сына Жан Клода, які прадоўжыў умацаванне рэжыму жорсткай дыктатуры. Задушэнне апазіцыі, расправы і пакаранні, дзеянні тайнай паліцыі выклікалі шырокі пратэст у свеце, што прывяло да ізаляцыі краіны, скарачэння замежных інвестыцый, спынення турызму. Рэзка пагоршылася эканам. становішча Гаіці, у сярэдзіне 1980-х г. па краіне пракацілася хваля пратэсту, узначаленая каталіцкім духавенствам. У час нар. паўстання ў лют. 1986 Ж.​К.​Дзювалье ўцёк з краіны. У 1987 прынята новая канстытуцыя Гаіці, а ў 1990 на першых свабодных выбарах прэзідэнтам стаў левы паліт. дзеяч святар Ж.​Б.​Арыстыд. Рэформы, якія ён стаў праводзіць, выклікалі незадаволенасць ваен. алігархіі. 30.9.1991 прэзідэнт быў скінуты і высланы з краіны. Арг-цыя Амер. дзяржаў (ААД) і ААН асудзілі пераварот і запатрабавалі вярнуць да ўлады законна выбранага прэзідэнта. Супраць ваен. рэжыму былі ўведзены міжнар. санкцыі. У кастр. 1994 Арыстыд вярнуўся на Гаіці. У пач. 1996 яго змяніў на пасадзе прэзідэнта паплечнік, б. прэм’ер-міністр Р.​Прэваль. Гаіці — чл. ААН з 1945, чл. ААД, Лац.-амер. эканам. супольнасці. Найб. паліт. партыі — Нац. фронт за дэмакратыю і перамены, Рух за аднаўленне дэмакратыі і інш. Вядучыя прафс. аб’яднанні — Канфедэрацыя дэмакр. адзінства, Прафс. цэнтр працоўных Гаіці.

І.​В.​Загарэц (гаспадарка), В.​У.​Адзярыха (гісторыя).

Герб і сцяг Гаіці.

т. 4, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУА́НДА (Ruanda, Rwanda),

Руандыйская Рэспубліка (кіньяруандыйскае Republika y’u Rwanda, франц. Republique Rwandaise, англ. Républic of Rwanda), дзяржава ва ўнутр. частцы Усх. Афрыкі. Мяжуе на З з Дэмакр. Рэспублікай Конга, на Пн з Угандай, на У з Танзаніяй, на Пд з Бурундзі. Пл. 26,4 тыс. км². Нас. 7229,1 тыс. чал. (2001). Афіц. мовы — кіньяруанда, франц. і англ.; шырока ўжываецца мова суахілі. Сталіца — г. Кігалі. Падзяляецца на 12 прэфектур. Нац. свята — Дзень незалежнасці (1 ліп.).

Дзяржаўны лад. Р. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1991. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт (выбіраецца на 5 гадоў). Заканад. ўлада належыць прэзідэнту і Нац. сходу. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам.

Прырода. Паверхня — моцна парэзанае далінамі рэк пласкагор’е (выш. 1500—2000 м), зах. край (прыўзняты да 2500—3000 м) стромка абрываецца да воз. Ківу. На крайнім ПнЗ — частка вулканічных гор Вірунга (г. Карысімбі, 4507 м). Ёсць радовішчы алавяных, вальфрамавых, берылавых, танталака-лумбітавых і інш. руд, золата, метану і вуглякіслага газу. Клімат субэкватарыяльны, мяккі з-за значнай вышыні над узр. м. У г. Кігалі (на выш. 1550 м) т-ра ўвесь год вагаецца ад 17 да 21 °C. Ападкаў каля 1000—1500 мм за год, сухі сезон ліп.верасень. Бываюць засухі. Большая ч. тэр. ў бас. р. Кагера (выток р. Ніл). Найб. возера Ківу. Расліннасць прадстаўлена пераважна другаснымі саваннамі. Пад лесам і хмызнякамі 22% тэрыторыі. Багаты жывёльны свет моцна вынішчаны, але ў нац. парках і запаведніках захаваліся розныя віды антылоп, буйвалы, насарогі, бегемоты, зебры, ільвы, леапарды і інш. У Р. нац. паркі Вірунга і Кагера (уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны), некалькі запаведнікаў.

Насельніцтва. Асн. народ руанда (баньяруанда) складае каля 95%. Этнасацыяльна падзяляецца на групы жывёлаводаў — тутсі (высокага росту, каля 13%), земляробаў — хуту (сярэдняга росту, 85%) і пігмеяў-тва (больш за 1%). Жывуць таксама выхадцы з суседніх краін, з Еўропы і Паўд. Азіі. Вернікі пераважна католікі (65%) і прыхільнікі мясц. традыц. вераванняў (25%), ёсць пратэстанты (9%) і мусульмане (1%). Сярэднегадавы прырост 1,4% (2000). Сярэдняя шчыльн. адна з самых высокіх у Афрыцы — 273,8 чал. на 1 км². У гарадах жыве каля 6% насельніцтва. У г. Кігалі 234,5 тыс. ж. (1993), па 20—40 тыс. ж. у гарадах Бутарэ, Ньянза, Гісеньі, Гітарама, Б’юмба. У сельскай гаспадарцы занята 90% эканамічна актыўнага насельніцтва. У выніку ваен. дзеянняў каля 1 млн. чал. загінулі, каля 2 млн. чал. (пераважна хуту) пакінулі Р., жывуць у лагерах бежанцаў на тэр. суседніх краін.

Гісторыя. Стараж. насельнікамі тэр. Р. былі пігмеі-тва. У пач. 2-га тыс. н.э. тут пасяліліся бантумоўныя земляробчыя плямёны хуту. Каля 16 ст. іх падпарадкавалі жывёлаводы тутсі, якія стварылі тут дзярж. аб’яднанне на чале з мвамі (каралём). Меншасць тутсі складала касцяк кіруючай эліты, якая панавала над большасцю — хуту. У 1898 Р. анексіравана Германіяй і далучана да герм. Усх. Афрыкі. У 1916 Р. акупіравала Бельгія, якая пасля 1-й сусв. вайны атрымала мандат Лігі Нацый на кіраванне Р. З 1946 Р. — падапечная тэр. ААН пад кіраваннем Бельгіі. У 1959 прадстаўнікі хуту заснавалі Рух за эмансіпацыю (з 1960 Рэсп.-дэмакр. Рух Пармехуту, РДР Пармехуту) на чале з Г.​Кайібандам. На першых усеагульных выбарах 1961 перамог РДР Пармехуту. У вер. 1961 скасавана манархія, што суправаджалася сутыкненнямі паміж хуту і тутсі, у выніку чаго каля 200 тыс. тутсі знайшлі прытулак ва Угандзе.

1.7.1962 абвешчана незалежнасць Р., першым прэзідэнтам стаў Кайібанда. У снеж. 1963 адбыліся новыя сутыкненні паміж хуту і тутсі, пачалося выцясненне тутсі з дзярж. апарату. У ліп. 1973 ваенныя на чале з ген. Ж.​Хаб’ярыманам здзейснілі дзярж. пераварот. У снеж. 1978 прынята новая канстытуцыя Р., Хаб’ярымана абраны прэзідэнтам краіны. Адзінай дазволенай паліт. партыяй абвешчаны Нац. рух за развіццё (засн. ў 1975). У кастр. 1990 з тэр. Уганды ў Р. ўварваліся ўзбр. атрады Патрыят. руандыйскага фронту (ПРФ), створанага эмігрантамі-тугсі. 4.8.1993 паміж ПРФ і ўрадам Р. падпісана пагадненне аб спыненні агню і стварэнні кааліцыйнага ўрада. 6.4.1994 быў збіты самалёт, на якім ляцеў Хаб’ярымана, і ён загінуў, у чым абвінавацілі тутсі. Міліцыя хуту пачала масавае фіз. знішчэнне тутсі; у выніку генацыду загінулі да 1 млн. чал. У адказ ПРФ разгарнуў наступленне і авалодаў усёй тэр. Р. Больш за 2 млн. хуту ўцяклі ў суседнія краіны. У ліп. 1994 прэзідэнтам Р. абвешчаны выхадзец з хуту П.​Бізімунгу, віцэ-прэзідэнтам — выхадзец з тутсі П.​Кагаме. У 1997 войскі Р. дапамаглі скінуць рэжым Мабуту Сесе Сека ў Дэмакр. Рэспубліцы Конга, а з вер. 1998 удзельнічаюць ва ўзбр. канфлікце ў гэтай краіне. У крас. 2000 новым прэзідэнтам Р. абраны Кагаме.

Сярод паліт. партый і аб’яднанняў Р. найб. уплывам карыстаюцца Рэсп. дэмакр. рух, С.-д., Ліберальная і Хрысц.-дэмакр. партыі. У 1987 створаны Прафс. цэнтр працоўных. Р. — чл. ААН (з 1962), Арганізацыі афр. адзінства (з 1963).

Гаспадарка. Р. — адна з найбяднейшых краін свету. Валавы ўнутр. прадукт у разліку на 1 чал. 690 дол. за год (1998). Каля 36% яго ствараецца ў сельскай гаспадарцы, каля 24% — у прам-сці, каля 40% — у абслуговых галінах. У гаспадарцы захаваліся перажыткі родавых і феад. адносін. Ёсць дзярж. і каап. сектары. Унутр. канфлікты 1990-х г. спынілі развіццё эканомікі. У паўнатуральнай сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца больш за палавіну тэр. краіны, у т. л. каля 900 тыс. га пад ворывам, каля 250 тыс. га пад шматгадовымі культурамі, каля 500 тыс. га пад пашай. Характэрны зямельны голад, магчымасці пашырэння с.-г. зямель амаль вычарпаны. Гал. занятак сялян — прымітыўнае матычнае земляробства, засн. на папарнай сістэме. Арашаецца 4 тыс. га.

Пераважаюць дробныя гаспадаркі пл. 0,6—1 га. Гал. экспартныя культуры: кава (штогадовы збор каля 40 тыс. т), чай, пірэтрум (інсектыцыдная расліна), бавоўна, хіннае дрэва. На ўласныя патрэбы вырошчваюць маніёк, ямс, батат, бананы, сорга, кукурузу, бульбу, арахіс, бабовыя, цукр. трыснёг, тытунь, агародніну. Трапічнае садоўніцтва. У 1998 атрымана 226 тыс. т збожжа, 3 тыс. т алею. Жывёлагадоўля пашавая, характарызуецца нізкай прадукцыйнасцю. Пагалоўе (1998, тыс. галоў): буйн. раг. жывёлы — 500, коз і авечак — 1250, свіней — 80. У 1998 атрымана 19 тыс. т мяса. Птушкагадоўля (куры, качкі), пчалярства. Рыбалоўства ў азёрах і рэках (1997, 3,1 тыс. т). У прам-сці пераважаюць прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. сыравіны і здабычы карысных выкапняў. У 1996 атрымана 166 млн. кВтгадз электраэнергіі (97,6% на ГЭС, найб. Муруры на р. Рузізі). Ёсць прадпрыемствы харчасмакавай (перапрацоўка кавы, чаю, піваварныя і безалкагольных напіткаў), харч. (млыны і хлебапякарні, вытв-сць алею), гарбарна-абутковай, тэкст., мэблевай, мылаварнай, тытунёвай і інш. галін прам-сці; з-ды і ф-кі запалкавыя, метызаў, металаканструкцый, алюмініевага посуду, фарбаў, аўтарамонтныя майстэрні. Шырока развіты саматужная апрацоўка скур, выраб абутку, адзення, керамічнага посуду, прадметаў хатняга ўжытку. Вядзецца прамысл. і саматужная здабыча карысных выкапняў (руд волава, вальфраму, танталакалумбіту, берылу, золата). Здабыча метану і вуглякіслага газу з воз. Ківу. Лесанарыхтоўкі і лесапільная прам-сць. Транспарт пераважна аўтамабільны. У краіне 12 тыс. км аўтадарог, у т. л. 1 тыс. км з цвёрдым пакрыццём; 12 тыс. легкавых, 16 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў (2000). Суднаходства па воз. Ківу; 7 аэрапортаў, у т. л. міжнар. каля г. Кігалі. У 1998 экспарт склаў 82,1 млн. дол., імпарт 326 млн. дол. У экспарце пераважаюць кава (55%), чай (22%), пірэтрум, скуры; гарнарудная прадукцыя; у імпарце — машыны і абсталяванне, харч. і спажывецкія тавары, нафтапрадукты, буд. матэрыялы. Гал. гандл. партнёры: Бельгія, ЗША, Вялікабрытанія, Германія, Японія, Кенія. Краіна атрымлівае міжнар. дапамогу (у 1995—99 каля 400 млн. дол.). Грашовая адзінка — руандыйскі франк.

Літ.:

Соколова Р. Две народности — два врага? // Азия и Африка сегодня. 1997. № 6;

Денисов А. Уроки Руанды // Там жа. 2000. № 9.

І.​Я.​Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.​У.​Адзярыха (гісторыя).

Герб і сцяг Руанды.
Да арт. Руанда. Ландшафт на ПнЗ краіны.

т. 13, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)