жа́бка, ‑і, ДМ ‑бцы; Р мн. ‑бак; ж.

1. Памянш. да жаба; невялікая жаба. Іншы раз бусел ці бусліха клікалі некаторага з дзяцей адшукаць убачаную імі жабку. Пальчэўскі.

2. Разм. Адзін з відаў школьнага пяра.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

клясці́, кляну, клянеш, кляне; клянём, кленяце; пр. кляў, ‑ла, ‑ло; незак., каго-што.

Пасылаць праклёны; праклінаць. Клясці цяжкі лёс. Клясці пана. □ — Каб ты здох праз ноч! Каб табе дзюба адсохла! — бывала кляне .. [Васілька], як толькі бусел заклякоча. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разга́лісты, ‑ая, ‑ае.

З шырока раскінутымі галінамі, голлем. Бусел ляціць проста на высокую грушу-дзічку, што стаіць на ўскраі сяла, высокая, разгалістая, з буславым гняздом на самай вяршыні. Лынькоў. Ціха, асцярожна пашумліваў разгалісты дуб над Платонавай галавой. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

танкано́гі, ‑ая, ‑ае.

З тонкімі нагамі або ножкай (ножкамі). Танканогі бусел. □ [Сабіна:] — Але быў у бацькі конь — стройны, танканогі, увесь у яблыкі, Стрыгун. Ракітны. Дзынкалі пчолы, прысядаючы і выгінаючыся на буйных кветках канюшыны, хаваючыся ў венчыках танканогіх званочкаў. Грахоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Бусе́ць: жыта бусе́е ’псуецца, пакрываецца іржой’ (Запіскі, т. 2, кн. 9, 112). Параўн. рус. дыял. бу́се́ть ’плеснець, цвісці’. Усё ад *busъ ’шэры’, слова, пашыранага на рускай моўнай тэрыторыі, але ад якога ў бел. мове ёсць вытворнае — бу́сел (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

РАМІШЭ́ЎСКІ (Ігар Канстанцінавіч) (5.5.1932, г. Клайпеда, Літва — 13.11.1999),

бел. кінааператар. Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1957). Працаваў на Свярдлоўскай кінастудыі, з 1959 на кінастудыі «Беларусьфільм». З 1992 выкладаў у Бел. АМ. Кінааператар-пастаноўшчык маст. фільмаў «Іду шукаць» (1966), «Саша-Сашачка» (1967), «Бацька» (1971), тэлевізійных «Вашынгтонскі карэспандэнт» (3 серыі, 1973), «Корцік» (3 серыі, 1974), «Бронзавая птушка» (3 серыі, 1975), «Дзяржаўная граніца» (1984—89). Творчай манеры ўласцівы рэаліст. трактоўка выяўл. вырашэння фільма, глыбокае пранікненне ў стылістыку эпохі, якая адлюстроўваецца («Крушэнне імперыі», 1970; «Ятрынская вядзьмарка», 1991), мяккі лірызм характарыстык герояў («Чорны бусел», 1993), свядомае абмежаванне выкарыстання выразных сродкаў.

К.​І.​Рамішэўскі.

т. 13, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

баця́н, ‑а, м.

Тое, што і бусел. І толькі рабыя бацяны ўлетку садзіліся на імху і блукалі па ім ды дзюбамі пілі з крыніц ваду, якой так хацелася людзям. Галавач. Твае лугі, твае балоты Вартуе ўлетку госць — бацян. Гурло.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дзюба́ты, ‑ая, ‑ае.

1. З вялікай дзюбай. Дзюбаты бусел. □ Гараць, як стужкі, каля хаты Дарожкі з клумбамі. На іх Арол красуецца дзюбаты. Колас.

2. Падобны на дзюбу. Прыйшоў бухгалтар у акулярах, з чорнымі вусікамі пад крыху дзюбатым носам. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Бу́снява жы́та ’расліна спарыння, Claviceps purpurea L.’ (зах.-палес., Выгонная, Лекс. Палесся). Выгонная, там жа, мяркуе, што назва абумоўлена тым, што, як і Claviceps purpurea, буслу ў народных паданнях адводзіцца значнае месца (бусел ведае, які будзе ўраджай і г. д.) і прыводзіць серб.-харв. назву расліны — ро́дац. Але серб.-харв. ро́дац — гэта і ’бусел’ і тутавае дрэва’ (плады якога фіялетавыя, як і рожкі спарынні). Сувязь з буслам (што такая можа быць, сведчыць ням. назва для Claviceps purp. — Storchkorn, літаральна ’буслава зерне’; гл. Марцэль, Pflanzennam., 5 (4), 551) можа быць і іншай: па колеру дзюбы або ног бусла. Краўчук, БЛ, 1975, 7, 67.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Га́йнік 1 ’расліна Epipactis Sw.’ (БРС, Кіс.). Калі меркаваць, што спачатку гайнік азначаў расліну Epipactis palustris Grantz, якая расце ў сырых мясцінах, на багнах, то ёсць магчымасць звязаць яе назву з гайно́ ’бярлога, логава’ (гл. гайно́), г. зн. што спачатку гайнік — расліна, якая сустракаецца на гайне́, на брудных, балоцістых месцах. Параўн. Нейштадт, Определитель, 174.

Га́йнік 2 ’чорны бусел’ (Шатал.). Ці не таго ж самага паходжання, што і гайнік 1? Чорны бусел сустракаецца на багнах і сырых месцах. Іншая магчымасць тлумачэння: гайнік ад гайно ’гняздо чорнага бусла, вельмі масіўнае і грубае’? Да рэалій параўн. Флінт, Птицы, 64–65.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)