КЁЛЬРОЙТЭР ((Kölreuter) Іозеф Готліб) (27.4.1733, г. Зульц, Германія — 12.11.1806),
нямецкі батанік. Скончыў Цюбінгенскі ун-т (1755). У 1756—61 у Пецярб.АН (з 1766 ганаровы чл.), у 1763—69 дырэктар бат. саду ў г. Карлсруэ (Германія). Адзін з заснавальнікаў метаду штучнай гібрыдызацыі раслін. Увёў у селекцыйную практыку метад рэцыпрокных (узаемных) скрыжаванняў, адкрыў з’явы гетэрозісу і самастэрыльнасці, апісаў апыленне з дапамогай насякомых, дыхагамію, высветліў ролю нектару, назіраў раздражняльнасць тычынак.
Тв.:
Рус.пер. — Учение о поле и гибридизации растений. М.; Л., 1940.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛА́ДЗІН (Уладзімір Іванавіч) (23.7.1859, Масква — 3.2.1922),
расійскі батанік і біяхімік, заснавальнік школы фізіёлагаў і біяхімікаў раслін. Акад. Пецярбургскай АН (1914). Вучань К.А.Ціміразева. Бацька А.У.Паладзіна. Скончыў Маскоўскі ун-т (1883). У 1889—1914 праф. Харкаўскага, Варшаўскага і Пецярбургскага ун-таў. Навук. працы па дыханні раслін, ролі ферментаў у гэтым працэсе. Даследаваў утварэнне і каардынацыю дзейнасці раслінных ферментаў, працэсы ператварэння бялкоў. Устанавіў розніцу паміж запаснымі бялкамі і бялкамі пратаплазмы, першаснымі і другаснымі прадуктамі іх распаду. Прапанаваў тэорыю дыхання раслін як сістэму ферментатыўных рэакцый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДАНСО́Н ((Adanson) Мішэль) (7.4.1727, г. Экс-ан-Праванс, Францыя — 3.8.1806),
французскі батанік. Чл.Франц.АН (1759). Даследаваў трапічную Афрыку. Адзін з заснавальнікаў натуральнай сістэмы раслін, варыянт якой выклаў у працы «Сямейства раслін» (1763). У пошуках лагічных высноў класіфікацыі склаў 65 штучных сістэм, параўноўваў іх паміж сабой і па колькасці супадзенняў вызначаў ступень блізкасці супадпарадкаваных груп раслін паміж сабой (упершыню скарыстаў матэм. метады ў біялогіі). Прызнаваў магчымасць зменнасці відаў. З 1772 захапіўся філасофіяй.
Літ.:
Adanson. The bicentennial of Michel Adanson’s Familles des plantes. Pt. 1—2. Pittsburgh, 1963.
рускі батанік. Акад. Пецярбургскай (1902), потым АНСССР і АН УССР (1925). Праф. (1880). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1869), працаваў у ім жа. У 1917—19 віцэ-прэзідэнт Пецярбургскай АН. Навук. працы па фізіялогіі і анатоміі раслін. Упершыню вылучыў хларафіл у крышталёвым стане (1882). Выказваў віталістычныя погляды на сутнасць жыццёвых працэсаў. Ініцыятар стварэння прэснаводнай біял. станцыі на воз. Балагое (1897), заснавальнік і прэзідэнт Рус.бат.т-ва (1915). Аўтар «Курса анатоміі раслін» і «Кароткага падручніка батанікі» (1888), «Курса дэндралогіі» (1891).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРАНЕ́ЦКІ (Восіп Васілевіч) (1843, Гродзенская вобласць — 20.4.1905),
расійскі батанік. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1897), праф. (1873). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1867). Удасканальваў веды ў Германіі ў А. дэ Бары і Ю.Сакса (1870—72). У 1873—98 у Кіеўскім ун-це. Навук. працы па фізіялогіі і анатоміі раслін. Сумесна з А.С.Фамінцыным вылучыў з лішайнікаў ганідын (1867), даказаў іх здольнасць да самаст. жыцця і тоеснасць з некаторымі водарасцямі, упершыню выявіў спіральную будову храмасом у ядрах мацярынскіх клетак пылку ў традэсканцыі (1880). Вынайшаў і ўдасканаліў шэраг прылад для фізіял. даследаванняў (асмаметр, аўксанаметр).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАЎН ((Braun) Аляксандр) (10.5.1805, г. Рэгенсбург, Германія — 29.3.1877),
нямецкі батанік. Чл. Германскай акадэміі «Леапальдзіна», Парыжскай АН. Вучыўся ў Гайдэльбергу (1824—31) і Парыжы (1831—32). Праф.Політэхн. школы ў Карлсруэ (1833—46), праф. і дырэктар Бат. саду ў Фрэйбургскім ун-це (1846—51), з 1851 — у Берліне. Навук. працы па вывучэнні будовы і развіцця прэснаводных зялёных водарасцяў, папарацепадобных; даследаваў партэнагенез і поліэмбрыянію ў раслін. Прыхільнік параўнальнага і антагенетычнага кірункаў у марфалогіі. На падставе марфал. прыкмет прапанаваў сваю філагенетычную сістэму, якая легла ў аснову сістэм ням. вучоных А.Эйхлера і А.Энглера.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРОЎН, Браўн (Brown) Роберт (21.12.1773, г. Мантроз, Шатландыя — 10.6.1858), англійскі батанік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1810). Замежны чл.-кар. (1826) і ганаровы чл. (1827) Пецярбургскай АН. Скончыў Эдынбургскі ун-т (1795). У 1801—05 удзельнічаў у экспедыцыі ў Аўстралію, з 1810 заг. бібліятэкі і калекцый прэзідэнта Лонданскага каралеўскага т-ва, з 1820 хавальнік бат.аддз. Брытанскага музея. Навук. працы па марфалогіі, эмбрыялогіі і сістэматыцы раслін. Апісаў ядро расліннай клеткі і будову семязавязі. Выявіў асн. адрозненне паміж голанасеннымі і пакрытанасеннымі раслінамі (1825), вызначыў броўнаўскі рух.
аўстрыйскі батанік. Замежны чл.-кар. Расійскай АН (1927). Скончыў Венскі ун-т (1883). З 1892 праф.ням. ун-та ў Празе, з 1899 праф. ун-та і дырэктар Бат. ін-та і сада ў Вене. Аўтар канцэпцыі паходжання кветак абодвух полаў пакрытанасенных раслін з некалькіх аднаполых (мужчынскіх і жаночых кветак) голанасенных і заснаванай на ёй філагенетычнай сістэмы («Дапаможнік па сістэматыцы раслін», т. 1—2, 1901—08). Вызначыў сезонны дымарфізм у кветкавых раслін. Распрацаваў марфолага-геагр. метад у сістэматыцы раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЙДУКО́Ў (Мікалай Міхайлавіч) (2.12.1874, г. Гусь-Хрустальны, Расія — 29.11.1928),
батанік, пачынальнік альгалагічных даследаванняў на Беларусі. Д-р батанікі (1912). Скончыў Маскоўскі ун-т (1898). Выкладаў у ВНУ Пецярбурга, Кіева, Масквы, Іванава-Вазнясенска. Працаваў у Петраградскім бат. садзе, а таксама на заводах К.Цэйса (г. Йена, Германія, 1905—10). З 1924 у БДУ. Навук. працы па фізіялогіі і экалогіі прэснаводных водарасцей, насеннязнаўстве. Упершыню скарыстаў ультрамікраскоп пры вывучэнні будовы раслінных абалонак і пратаплазмы. Адзін з першых паказаў значэнне канвергенцыі пры філагенезе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВАЙНО́Е АПЛАДНЕ́ННЕ,
тып палавога працэсу, уласцівы пакрытанасенным раслінам. Адкрыў у 1898 рус.батанік С.Г.Навашын. Заключаецца ў тым, што пры фарміраванні семя гаплоідная яйцаклетка апладняецца адным (генератыўнае апладненне), а дыплоіднае ядро цэнтр. клеткі зародкавага мяшка — другім (вегетатыўнае апладненне) сперміем пылковага зерня. У выніку генератыўнага апладнення ўтвараецца дыплоідная зігота, якая дае пачатак зародку. Вынікам вегетатыўнага апладнення служыць узнікненне пач. клеткі трыплоіднага эндасперму (пажыўнай тканкі семені). Д.а. забяспечыла пакрытанасенным раслінам пашырэнне на Зямлі і амаль неабмежаваныя магчымасці прыстасавання да ўмоў існавання (ад тропікаў да тундраў, ад вільготных мясцін да пустынь).