А КАПЭ́ЛА (італьян. a cappella),
шматгалосыя харавыя спевы без інстр. суправаджэння. Пашыраны ў нар. творчасці. Як стыль прафес. хар. мастацтва склаліся ў культавай поліфаніі ў канцы сярэднявечча, дасягнулі росквіту ў майстроў Нідэрландскай школы і Дж.Палестрыны. Для правасл. царквы спевы а капэлы — адзіная форма хар. мастацтва. З эпохі Адраджэння развіваюцца і ў свецкай музыцы. На Беларусі ранні свецкі жанр спеваў а капэлы — кант. У стылі а капэлы працавалі кампазітары розных эпох. Сярод бел. — В.Залатароў, М.Равенскі, А.Багатыроў, Р.Пукст, У.Алоўнікаў, Ю.Семяняка, Э.Тырманд, А.Мдывані, Л.Захлеўны, А.Бандарэнка і інш.
А.А.Саламаха.
т. 1, с. 185
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОНАКУЛЬТУ́РА (ад мона... + лац. cultura вырошчванне, развіццё),
працяглае нязменнае вырошчванне с.-г. раслін аднаго віду на адным і тым жа ўчастку без севазвароту. Вядзе да аднабаковага спусташэння глебы (напр., М. збожжавых культур збядняе глебу на фосфар, бабовых — на фосфар і кальцый, буракоў, бульбы — на калій), памяншэння колькасці гумусу (найб. хуткае пры М. прапашных культур), разбурэння структуры і эрозіі глебы, зніжае яе ўрадлівасць, спрыяе размнажэнню спецыфічных шкодных насякомых, узбуджальнікаў хвароб, пустазелля, што значна зніжае ўраджайнасць. Адмоўныя эфекты М. часова памяншаюцца агратэхн. прыёмамі, хім. сродкамі. Таксама М. наз. адзіная с.-г. культура, якая вырошчваецца ў гаспадарцы.
т. 10, с. 517
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
працаўні́к, ‑а, м.
1. Той, хто працуе. Усіх сумленных, па-сапраўднаму актыўных і надзейных працаўнікоў цяжка і пералічыць. Кулакоўскі. Была ў доктара адзіная слабасць — добрасумленнаму працаўніку многае мог дараваць. Шамякін.
2. чаго ці які. Работнік якой‑н. галіны, сферы працы. Працаўнікі навукі. З кожным днём становіцца лепшым жыццё працаўнікоў калгаснай вёскі. □ Адзін з рэдакцыйных працаўнікоў папрасіў, каб кожны расказаў пра сябе. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
РАМАКРЫ́ШНА (сапр. Чатэрджы Гададхар ; 18.2.1836, Камарпукур, Індыя — 16.8.1886), індыйскі мысліцель, рэліг. прапаведнік і грамадскі дзеяч. У юнацтве быў індуісцкім жрацом. Імкнуўся аб’яднаць адвайта-веданту Шанкары з вучэннем Рамануджы. Лічыў, што для адраджэння Індыі і ўсяго чалавецтва неабходна адзіная рэлігія; прапаведаваў духоўную роднасць усіх рэлігій. Асабістая яго рэліг. практыка была звязана з пакланеннем жаночаму боскаму пачатку, цэнтр. персанажу індуісцкага пантэона багіні Калі (Вял. Маці). Паводле Р., гал. патрабаванне рэліг. этыкі — не адмаўленне ад свету, а выкананне сваіх абавязкаў. Значна паўплываў на ідэалогію інд. нац. руху. У сучаснай Індыі Р. прыраўноўваюць да святых — да тых, хто пры жыцці дасягнуў духоўнага вызвалення, набыў пазаасобаснае быццё.
т. 13, с. 288
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІБЛІЯТЭ́КА ДЗІЦЯ́ЧАЯ,
бібліятэка, якая абслугоўвае дзяцей дашкольнага і школьнага (1—9-ы кл.) узросту, настаўнікаў, работнікаў дашкольных устаноў, бацькоў. Сетка самастойных бібліятэк дзіцячых у СССР, у т. л. на Беларусі, пачала стварацца з 1934. На 1.1.1995 на Беларусі 279 бібліятэк дзіцячых, сукупны іх фонд 7867 тыс. адз. З’яўляюцца структурнымі падраздзяленнямі цэнтралізаваных бібліятэчных сістэм (ЦБС), за выключэннем Мінска, дзе дзейнічае адзіная на Беларусі самаст. цэнтралізаваная сістэма дзіцячых б-к (аб’ядноўвае 14 філіялаў). Фонды бібліятэк дзіцячых складаюць зборы кніг і інш. носьбіты інфармацыі універсальнага зместу, арыентаваныя на выкананне школьных заданняў і самаадук. чытанне. Абслугоўванне дзяцей дыферэнцыраванае ў залежнасці ад узросту. Пры бібліятэках дзіцячых ствараюцца пакоі казак, лялечныя тэатры, гульнятэкі і інш.
Н.М.Касілава.
т. 3, с. 142
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНАТЫ́П (ад ген + тып),
генетычная (спадчынная) канстытуцыя арганізма, сукупнасць усіх яго генаў, лакалізаваных у храмасомах; кантралюе развіццё прыкмет арганізма — яго фенатып. У больш шырокім сэнсе генатып — сукупнасць ядзерных (геном) і няядзерных — цытаплазматычных і пластыдных (плазмон) носьбітаў спадчыннасці. Генатып разглядаецца як адзіная сістэма генаў, якія знаходзяцца ў складаным узаемадзеянні паміж сабой. Праз генатып перадаецца спадчынная інфармацыя ад пакалення да пакалення. Ён вызначае норму рэакцыі пры развіцці прыкмет арганізма. Варыяцыі ў межах гэтай нормы рэакцыі абумоўліваюцца мутацыямі і ўплывам фактараў навакольнага асяроддзя. Арганізмы з рознымі генатыпамі могуць мець аднолькавы фенатып (т.зв. фенакопіі) і, наадварот, з аднолькавым генатыпам — розны фенатып (мадыфікацыі). Для вызначэння структуры генатыпу праводзяцца адпаведныя аналітычныя скрыжаванні і генет. аналіз патомства.
т. 5, с. 149
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РКА (ням. Mark, фін. markka),
1) вагавая адзінка для серабра і золата да сярэдзіны 11 ст. 2) Сярэбраная манета, упершыню выпушчаная ў 1506 наміналамі 1/4, 1/2 і 1 М. У 16—18 ст. яе чаканілі Данія і Швецыя.
3) Грашовая адзінка Германіі, роўная 100 пфенігам. Уведзена ў 1871 як адзіная валюта Германскай імперыі замест сярэбраных талера і гульдэна і залатога талера. У 1923 уведзена рэнтная М., у 1924 — рэйхсмарка; у абарачэнні да 1948. У 1871—1914 залатая манета (0,358 г золата).
4) Грашовая адзінка Польшчы ў 1919—24. Абарачалася на тэр. Зах. Беларусі ў 1921—24.
5) Грашовая адзінка Фінляндыі, роўная 100 пені. Уведзена ў 1860.
т. 10, с. 114
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКРАЭВАЛЮ́ЦЫЯ (ад мікра... + эвалюцыя),
сукупнасць эвалюцыйных працэсаў, якія адбываюцца ў папуляцыях віду і вядуць да змены іх генафондаў і ўтварэння новых відаў. У сучасным сэнсе тэрмін «М.» ўведзены рас. вучоным М.У.Цімафеевым-Расоўскім (1938). Мутацыі — адзіная крыніца з’яўлення якасна новых прыкмет, адбор — адзіны творчы фактар М., які накіроўвае элементарныя эвалюц. змяненні па шляху фарміравання адаптацый арганізмаў да зменлівых умоў навакольнага асяроддзя. На характар працэсаў М. ўплываюць колькасныя ваганні папуляцый, абмен генет. інфармацыяй паміж імі, іх ізаляцыя і дрэйф генаў. М. вядзе або да змены ўсяго генафонду біял. віду як цэлага (філетычная эвалюцыя) або (калі папуляцыя ізаляваная) да яе адасаблення ад зыходнага віду ў якасці новай формы. Гл. таксама Відаўтварэнне, Макраэвалюцыя.
т. 10, с. 363
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
аванту́ра, ‑ы, ж.
1. Рызыкоўная беспрынцыповая падазроная справа, распачатая без уліку рэальных умоў і сіл з надзеяй на выпадковы поспех. Ваенная авантура. Палітычная авантура. □ Ёсць вайна — авантура, якая задавальняе інтарэсы дынастыі, апетыты грабежніцкай шайкі, мэты герояў капіталістычнай нажывы. Ёсць вайна — і гэта адзіная законная вайна ў капіталістычным грамадстве — супроць прыгнятальнікаў і занявольнікаў народа. Ленін.
2. Сварка, скандал. — Трэба бегчы з гэтай кватэры. Вернуцца гаспадары і ўчыняць нам авантуру... Прокша.
[Фр. aventure.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ПОР-РАЯ́ЛЬ ГРАМА́ТЫКА,
лінгвістычная тэорыя, паводле якой у аснове ўсіх моў — адзіная ідэальная лагічная схема, задача граматыкі — устанавіць прынцыпы, агульныя для ўсіх моў, і асн. адрозненні паміж імі. Выкладзена абатамі кляштара Пор-Раяль А.Арно і К.Лансло ў кн. «Усеагульная рацыянальная граматыка...» (1660). Першыя словы яе назвы з цягам часу сталі абазначэннем асобнага тыпу лінгвістычных даследаванняў (гл. Універсальная граматыка). П.-Р.г. як спроба пабудовы на рацыянальным грунце на падставе абагульнення фактаў этн. моў усеагульнай грамат. сістэмы заклала пачатак агульнага мовазнаўства як асобнай навук. дысцыпліны. Нягледзячы на пэўную абсалютызацыю дэдуктыўнага метаду і разумовую абстрактнасць, П.-Р.г. — крыніца даследаванняў мовы ў такіх кірунках, як філасофія мовы, фармальна-граматычнае апісанне (мадэліраванне) моў, тыпалогія моў, тэорыя моўных універсалій (гл. Універсаліі лінгвістычныя). А.Я.Міхневіч.
т. 12, с. 512
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)