заключаны ў 387 (ці 386) да н.э. паміж Спартай і кааліцыяй грэч. полісаў на чале з Афінамі і Фівамі пасля Карынфскай вайны 395—387. Падпісаны спартанскім дыпламатам Анталкідам (адсюль і назва міру). Паводле Анталкідава міру ўсе грэч. гарады на малаазіяцкім узбярэжжы і Кіпры пераходзілі пад уладу персаў, забараняліся саюзы дзяржаў, акрамя Пелапанескага. Кантроль за выкананнем умоў Анталкідава міру ўскладаўся на Спарту, што забяспечвала яе гегемонію над Грэцыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТАНЕ́СКУ ((Antonescu) Іон) (14.6.1882, г. Пітэшты, Румынія — 1.6.1946),
дзяржаўны і ваенны дзеяч Румыніі, маршал (1941). У 1933—34 нач.Ген. штаба, у 1937—38 міністр абароны. З вер. 1940 дыктатар Румыніі. У ліст. 1940 падпісаў пагадненне пра далучэнне Румыніі да восі Берлін—Рым—Токіо, у саюзе з фаш. Германіяй пачаў вайну супраць СССР. У час нар. паўстання 1944 арыштаваны. Як ваенны злачынец пакараны смерцю паводле прыгавору нар. трыбунала Бухарэста.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЛЕ́НЕЎ (сапр.Арлоў) Павел Мікалаевіч
(6.3.1869, Масква — 31.8.1932),
рускі акцёр. Нар.арт. Рэспублікі (1926). Сцэн. дзейнасць пачаў у 1886. Выступаў як акцёр-гастралёр у розных гарадах Расіі, Беларусі і інш. У творчасці дамінаваў герой, душэўна неўладкаваны, сумленны, які імкнецца, але не можа спалучыць свае ідэалы з рэальнымі ўмовамі быцця. Лепшыя ролі: цар Фёдар Іаанавіч (аднайм. п’еса А.К.Талстога), Раскольнікаў і Дзмітрый Карамазаў («Злачынства і кара», «Браты Карамазавы» паводле Ф.Дастаеўскага), Освальд («Здані» Г.Ібсена).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТЛАНТЫ́ДА (грэч. Atlantis),
паводле старажытнагрэчаскага падання астраўны кантынент, які існаваў 10—12 тыс. гадоў назад і быў заселены культ. і магутным племенем атлантаў. Першае ўпамінанне пра Атлантыду захавалася ў творах Платона (дыялогі «Тымей» і «Крытай»), Факт існавання, месца знаходжання і прычыны знікнення Атлантыды не высветлены. Найб. верагодна, што востраў знаходзіўся ў Атлантычным ак. на З ад Іспаніі, у выніку землетрасення апусціўся на дно акіяна. Праблемай Атлантыды займаецца спец. галіна навукі — атланталогія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРСА́К ((Barsacq) Андрэ) (24.1.1909, г. Феадосія, Украіна — 3.2.1973),
французскі рэжысёр, тэатр. мастак, драматург. Вучыўся ў Школе дэкарацыйных мастацтваў у Парыжы (1924—26). У 1928—30 мастак у т-ры «Атэлье» (Парыж), з 1940 узначальваў яго. Аўтар дэкарацыйнага афармлення і рэжысёр спектакляў: «Хітрыкі Скапэна» Мальера, «Эўрыдыка» Ж.Ануя, «Браты Карамазавы» паводле Ф.Дастаеўскага і інш. Працаваў як мастак і ў кіно. Аўтар камедыі «Агрыпа, ці Шалёны дзень», некалькіх інсцэніровак літ. твораў, артыкулаў пра тэатр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАТА́ЛАЎ (Мікалай Пятровіч) (6.12.1899, Масква — 10.11.1937),
рускі акцёр. Засл.арт. Расіі (1933). З 1916 у трупе МХТ. Яго мастацтву ўласцівы тэмперамент, абаяльнасць, пачуццё гумару. Майстар пераўвасаблення. Сярод роляў: Фігаро («Вар’яцкі дзень, або Жаніцьба Фігаро» П.Бамаршэ), Васька Окарак («Браняпоезд 14-69» У.Іванава), Луп Кляшнін («Цар Фёдар Іаанавіч» А.К.Талстога), Лапахін («Вішнёвы сад» А.Чэхава), Сабакевіч («Мёртвыя душы» паводле М.Гогаля). З 1923 здымаўся ў кіно: «Аэліта», «Маці», «Пуцёўка ў жыццё» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАТАЛІ́Т [ад грэч. bathos глыбіня + ...літ(ы)],
буйное інтрузіўнае цела (пл. больш за 200 км², якое складзена пераважна з гранітоідаў і залягае сярод асадкавых тоўшчаў складкавых абласцей у ядрах антыклінорыяў. Звычайна арыентавана сваёй доўгай воссю паралельна распасціранню складкавых структур. Утвараецца на значнай глыбіні і агаляецца ў выніку дэнудацыі. Паводле сучасных уяўленняў, баталіт ўзнікае над сейсмафокуснымі паверхнямі — зонамі Беьёфа за кошт плаўлення частак матэрыялу мантыі і зямной кары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУ́СТЭРА ЗАКО́Н,
суадносіны паміж паказчыкам пераламлення n дыэлектрыка і такім вуглом падзення (φ светлавога праменя, пры якім адбітае ад паверхні дыэлектрыка натуральнае (непалярызаванае) святло поўнасцю палярызуецца. Адкрыты ў 1815 Д.Брустэрам. Паводле Брустэра закона tg φ = n, дзе φ — вугал Брустэра. Пры выкананні Брустэра закона вугал паміж адбітым і пераломленым прамянямі складае 90°. Брустэра закон пакладзены ў аснову работы прылад аптычнай апрацоўкі інфармацыі, інтэгральнай оптыкі. Гл. таксама Палярызацыя святла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУХАРЭ́СЦКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1812.
Падпісаны паміж Расіяй і Турцыяй 28.5.1812 у г. Бухарэст (Румынія). Завяршыў рус.-тур. вайну 1806—12. Паводле яго да Расіі адыходзілі Бесарабія і шэраг абласцей Закаўказзя. Турцыі былі вернуты ўсе заваяваныя Расіяй на Каўказе населеныя пункты (Анапа, Поці, Ахалкалакі). Дагавор забяспечыў прывілеі Дунайскім княствам, аўтаномію Сербіі. Умацаваў міжнар. становішча Расіі напярэдадні вайны 1812 і бяспеку яе паўд. межаў. Асн. палажэнні дагавора пацверджаны Акерманскай канвенцыяй 1826.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУХАРЭ́СЦКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1918.
Падпісаны паміж Германіяй, Аўстра-Венгрыяй, Балгарыяй і Турцыяй з аднаго боку і Румыніяй з другога 7.5.1918 у г. Бухарэст (Румынія). Паводле яго Румынія ўступала Аўстра-Венгрыі пагран. ўчасткі (каля 6 тыс.км²), вяртала Балгарыі Паўд. Дабруджу, над Паўн. Дабруджай усталёўвалася сумеснае кіраванне краін герм. блока. Пасля паражэння у 1-й сусв. вайне краін герм. блока Румынія адмовілася ратыфікаваць дагавор і ён быў адменены Версальскім мірным дагаворам 1919.