спла́каны, ‑ая, ‑ае.
1. Распухлы, пачырванелы ад плачу; са слядамі слёз. Сплаканы твар. □ Мукі ў цёткі няма, і яна, выцершы сплаканыя вочы, збіраецца ісці пазычаць у суседзяў. Якімовіч.
2. Які праліў шмат слёз, змучаны плачам. Сплаканы і знясілены, раскінуўшы ручкі, хлопчык спаў на зялёнай мураве. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уцямне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
Разм.
1. безас. Сцямнець. Увечары, калі ўжо добра ўцямнела, Мікола прыйшоў пераведаць маці. Сабаленка.
2. Учарнець, схуднець (ад перажыванняў, хваляванняў і пад.). Ён уцямнеў з твару, прыгорбіўся: яшчэ ніколі не здаралася Лугавому сутыкацца з такой не па-дзіцячаму яраснай чалавечай помстай. Даніленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
фармулёўка, ‑і, ДМ ‑лёўцы; Р мн. ‑лёвак; ж.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. фармуляваць.
2. Сфармуляваная думка; формула. Гадзіны з тры я падганяў слова да слова, сказ да сказа, шукаў выразных фармулёвак, апісваў падзеі і факты так, што яны набывалі выразнае грамадска-палітычнае гучанне. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
фі́кус, ‑а, м.
Вечназялёная трапічная расліна сямейства тутавых. Побач з бярозамі, дубамі і букамі раслі вечназялёныя алеандры, буйныя фікусы, магноліі, лаўры, разнастайныя міртавыя дрэвы. М. Ткачоў. // Дэкаратыўная расліна з шырокімі авальнымі лістамі, якая вырошчваецца ў пакоях і аранжарэях. Ля [акон] аж пад самую столь лапушыліся фікусы. Сабаленка.
[Лац. ficus — фігавае дрэва.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хі́біць, хіблю, хібіш, хібіць; незак.
Разм.
1. Дапускаць пралікі, недакладнасці, рабіць памылкі. І толькі Уладзя хібіў часта: Задач ніяк не браў і — баста. Колас.
2. перан. Баяцца каго‑н., губляцца перад кім‑, чым‑н. Адно, каго баяўся, перад кім хібіў дырэктар, дык гэта перад начальствам. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цяжкава́ты, ‑ая, ‑ае.
Даволі цяжкі. Галя падхапіла Вадзімку на рукі. Ён быў ужо цяжкаваты. Сабаленка. Слова цяжкаватае, Слова мудраватае, Слова непрывычнае І страшнаватае — фі-та-тэ-ра-пі-я. Жычка. [Старшыня:] — А сам, можа, паехаў бы ты [Мілоўскі] у Шапятоўскі савет, а? Гэта ў нас цяжкаваты савет. Галавач.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
іскры́сты, ‑ая, ‑ае.
1. Які вылучае, мае ў сабе многа іскраў. Васіліна тым часам падкідала сушняк у маленькую печ, і чырвонае іскрыстае полымя вырывалася з чалеснікаў, нібы яму там цесна было. Сабаленка. Палае Агонь іскрысты ля карча. Ляпёшкін.
2. Які ззяе, зіхаціць іскрамі; бліскучы. Іскрысты снег. □ У вёсцы, дзе побач барок, Прабіўся, усплыў ручаёк, Празрысты, іскрысты і свежы. Бялевіч. // Пеністы, шыпучы. Іскрыстае віно. □ — Бач бо ты якое, аж свеціцца, — здзіўляліся госці, кожны падстаўляючы свой кубак, каб хоць трошкі і яму перапала гэтага іскрыстага пітва. Сабаленка. // перан. Яркі, выразны; агністы. Іскрысты смех. Іскрыстая радасць. □ І словы, што .. [Зося] вымаўляла, і іскрысты позірк, і ўся тонкая, сабраная постаць нібы ўвасаблялі энергію і волю. Хадкевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адсе́дка, ‑і, ДМ ‑дцы, ж.
Разм. Адбыванне пакарання ў турме. [Клопікаў] завёў неяк буйныя гешэфты ў трэсце вагонных рэстаранаў, куды пралез быў, але ў хуткім часе вылецеў адтуль з гучным трэскам і некалькімі гадамі ціхай адседкі. Лынькоў. У Гродзенскі астрог прыгналі.. [Зосю] пасля года адседкі ў пінскіх казематах. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
знелюдзе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее і знялю́дзець, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
Разм. Стаць нелюдзімым ад адзінокага жыцця; здзічэць. — Маніш, сумна адному. Так ты зусім знелюдзееш. Лупсякоў. [Штанюк] рэдка калі высоўваецца на вуліцу. І ў двор да яго не так лёгка дастукацца. Знялюдзеў чалавек. Нават з намі, суседзямі, не вітаецца. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
калыма́га, ‑і, ДМ ‑мазе, ж.
Даўнейшая карэта з высока размешчаным кузавам. // Іран. Пра вялікія грузныя нязграбныя калёсы. Я і не звярнуў увагі, што мне насустрач грукоча ламавая калымага, ды гэтак грукоча, што аж зямлю, здаецца, скаланае. Сабаленка. На дарогу выпаўзла нязграбная калымага з двума вялікімі каламі. Б. Стральцоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)