ВЫСПЯ́НСКІ (Wyspiański) Станіслаў (15.1.1869, г. Кракаў, Польшча — 28.11.1907),
польскі драматург, паэт, мастак, тэатр. дзеяч. Вучыўся жывапісу, вывучаў філасофію і л-ру ў Кракаве і Парыжы. Чл.т-ва мастакоў «Мастацтва» (з 1897). Праф. Кракаўскай акадэміі выяўл. мастацтваў (з 1906). У 1898—1905 мастак-дэкаратар і рэжысёр Кракаўскага т-ра (ажыццявіў 1-ю пастаноўку «Дзядоў» А.Міцкевіча). Выспянскі-драматург быў прыхільнікам вагнераўскага (які сінтэзаваў розныя мастацтвы) т-ра, развіваў традыцыі польск. рамантычнай драмы, зведаў уплыў антычнай трагедыі. Філас. асэнсаванне тэмы лёсу, супрацьстаяння яму ў драмах на антычныя сюжэты «Мелеагр», «Пратэсілай і Лаадамія» (абедзве 1899), а таксама ў «Праклёне» (1899) і «Суддзях» (1907), напісаных паводле рэальных падзей. У п’есах пра паўстанне 1830 «Варшавянка» (1898), «Лістападаўская ноч» (1904), а таксама «Легіён» (1900), драм. трылогіі «Вяселле» (1901, найб. значны твор Высоцкага) — нац.-паліт. праблематыка, філас. інтэрпрэтацыя польск. рэчаіснасці праз супастаўленне з гіст. мінулым. Аўтар драм «Баляслаў Смелы» (1903), «Зыгмунт Аўгуст» (не скончана), рапсода «Казімеж Вялікі» (1900) і інш. Уплыў Высоцкага на сваю творчасць зазнаў Я.Купала.
У выяўл. мастацтве Высоцкі імкнуўся захаваць нац. каларыт у рамках стылю «мадэрн». Стварыў паэтычныя і выразныя па манеры малюнка партрэты і пейзажы ў тэхніцы пастэлі (аўтапартрэты, каля 1900—02; «Аленка і кветкі», 1902; «Партрэт Элізы Парэнскай», «Від на пагорак Касцюшка», абодва 1905), драм.-экспрэсіўных, маляўнічых эскізаў вітражоў (для францысканскага сабора і касцёла на Вавелі ў Кракаве, 1896—1906). У афармленні кніг дасягнуў дэкар. адзінства шрыфту і мяккага стылізаванага расліннага арнаменту. Выконваў эскізы касцюмаў і дэкарацый да ўласных спектакляў у Кракаўскім т-ры («Варшавянка», «Вызваленне», «Баляслаў Смелы»), эскізы мэблі, тканін, вырабаў з металу, афармлення інтэр’ераў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОРШ-СА́БЛІН (сапр.Саблін) Уладзімір Уладзіміравіч
(29.3.1900, Масква — 6.7.1974),
бел. кінарэжысёр; адзін з пачынальнікаў бел.маст. кінематаграфіі. Засл. дз. мастацтваў Беларусі (1935). Нар.арт. Беларусі (1955). Нар.арт.СССР (1969). З 1923 працаваў у т-рах Расіі, здымаўся ў кіно, быў асістэнтам рэж. Ю.Тарыча. З 1926 у бел. кінематографе. У 1945—60 і 1969—74 маст. кіраўнік кінастудыі «Беларусьфільм», у 1957—74 першы сакратар Саюза кінематаграфістаў Беларусі. Як рэжысёр дэбютаваў фільмам «У агні народжаная» (1929). Пастаноўшчык першага гукавога фільма ў бел. ігравым кіно «Першы ўзвод» («Заходні фронт», 1933), прысвечанага падзеям 1-й сусв. вайны. Фільм «Залатыя агні» (1935) пра будаўнікоў першай на Беларусі электрастанцыі вызначаўся падзелам герояў на свядомых і несвядомых, увядзеннем у сюжэт характэрнай для тагачаснай драматургіі лініі шкодніцтва. У кінааповесці «Дачка Радзімы» (1937), лірычных камедыях «Шукальнікі шчасця» (1936) і «Маё каханне» (1940) ідэалізацыя сав. рэчаіснасці. У гады Вял.Айч. вайны паставіў «Беларускія навелы» (з Тарычам, 1942), кінаканцэрт «Жыві, родная Беларусь!» (з М.Садковічам, 1944). Да сучаснасці звяртаўся ў фільмах «Новы дом» (1947), «Пяюць жаваранкі» (з К.Саннікавым, 1953) і «Хто смяецца апошнім» (1955) па п’есах К.Крапівы, «Пасеялі дзяўчаты лён» (1956), але глыбокага асэнсавання закранутых праблем не дасягнуў. Асн. кірунак кінатворчасці К.-С. — паказ героікі барацьбы за ідэалы рэвалюцыі: «Вогненныя гады» (1939), «Канстанцін Заслонаў» (з А.Файнцымерам, 1949; Дзярж. прэмія СССР 1950), «Чырвонае лісце» (1958), «Масква—Генуя» (з А.Спешневым, П.Армандам, 1964; Дзярж. прэмія Беларусі 1968), «Запомнім гэты дзень» (1967), «Крушэнне імперыі» (1970). Паставіў дылогію «Першыя выпрабаванні» (1960—61) паводле трылогіі Я.Коласа «На ростанях», многія калізіі, сюжэтныя лініі якой увасоблены з уласцівай рэжысёру кінематаграфічнай выразнасцю. Для творчасці К.-С. характэрны яснасць грамадзянскай пазіцыі, рэв. пафас, выразнасць вобразаў гал. герояў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЧА́НАЎ Павел Сцяпанавіч (14.3. 1902, в. Івольск Буда-Кашалёўскага р-на Гомельскай вобл. — 24.2.1977),
бел. акцёр, рэжысёр. Нар.арт. Беларусі (1940). Нар.арт.СССР (1948). Скончыў Бел.драм. студыю ў Маскве (1926). Працаваў у бел. т-рах імя Я.Коласа (1926—51, з перапынкамі, з 1946 маст. кіраўнік), Бел. ТРАМе, на кінастудыі «Савецкая Беларусь» (1930—35). З 1952 у Бел. т-ры імя Я.Купалы. Акцёр шырокага творчага дыяпазону, дасканала валодаў майстэрствам пераўвасаблення. Яго творчасць адметная спалучэннем прастаты, чалавечнасці з моцным тэмпераментам. Стварыў яркія нар. характары, вобразы простых людзей, трагічных і драм. герояў: Кутас («Прымакі» Я.Купалы), ураднік Шышла, Дарвідошка («Вайна вайне», «У пушчах Палесся» Я.Коласа), Караневіч («Проба агнём» К.Крапівы), Калібераў, Глуздакоў («Выбачайце, калі ласка!», «Лявоніха на арбіце» А.Макаёнка), Сорын, Вяршынін («Чайка», «Тры сястры» А.Чэхава), Бобчынскі («Рэвізор» М.Гогаля), Фёдар Пратасаў («Жывы труп» Л.Талстога), Пярчыхін, Лука («Мяшчане», «На дне» М.Горкага), Гамлет («Гамлет» У.Шэкспіра), Освальд, доктар Ранк («Здані», «Нора» Г.Ібсена), Віктор Чэрмлені («Гульня з кошкай» І.Эркеня). Паставіў спектаклі: у Бел. ТРАМе — «Арыстакраты» М.Пагодзіна (1935, разам з Г.Ферманам); у т-ры імя Я.Коласа — «Вечар беларускіх вадэвіляў» («Пінская шляхта» В.Дуніна-Марцінкевіча, «Паўлінка» і «Прымакі» Я.Купалы; 1936), «Пагібель воўка» Э.Самуйлёнка (1939), «Хлопец з нашага горада» (1941) і «Рускае пытанне» (1947) К.Сіманава; у т-ры імя Я.Купалы — «Патрабуецца лгун» Дз.Пратасава (1965), «Адкуль грэх?» А.Петрашкевіча (1969); у Бел. т-ры юнага гледача — «Хлапчыш-Кібальчыш» паводле А.Гайдара (1963), «Даманевідзімка» П.Кальдэрона (1964); а таксама фільм «Палескія рабінзоны» (1934, з І.Бахарам). Пра М. створаны хранікальна-дакумент. фільм «Дзесяць хвілін з Паўлам Малчанавым» (1969). Аўтар успамінаў «Тэатр — жыццё маё» (1984). Дзярж. прэмія СССР 1946.
Літ.:
Няфёд У. Народны артыст СССР П.С. Малчанаў. Мн., 1958.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНАЯ О́ПЕРА «ЭСТО́НІЯ»,
эстонскі тэатр оперы і балета; буйнейшы муз.т-р Эстоніі. Засн. ў 1906 у Таліне на базе аматарскага драм. гуртка пры пеўчым т-ве «Эстонія» (існавала з 1865). З 1940 наз.Дзярж.т-рЭст. ССР «Эстонія», з 1949 — Эст.т-р оперы і балета, з 1950 акадэмічны, з 1998 сучасная назва. Напачатку ставіліся драм. спектаклі, камедыі, аперэты, з 1908 і оперы. Пастаянная оперная трупа існуе з 1918, балетная — з 1926. Першыя эст.нац. оперы — «Вікерцы» («Вікінгі») Э.Аава (паст. 1928), «Дзева магілы» (1929), «Каханне і смерць» (1931) і «Эльга» (1934) А.Лембы, першы эст. балет — «Дамавік» («Краць») Э.Тубіна (1944). У рэпертуары класічныя рус., італьян., ням., франц. балеты і оперы (многія ставяцца на мове арыгінала), сучасных эст. кампазітараў. У розны час у т-ры працавалі: дырыжоры Э.Клас, Р.Куль, К.Раўдсеп, Н.Ярві, рэжысёры А.Вінер, У.Вяльяотс, балетмайстры Р.Ольбрэй, Э.Суве, Г.Экстан, мастакі Н.Мей, В.Пяры, Л.Роаза, Э.Рэнтэр, А.Тууранд, В.Хаас, спевакі М.Войтэс, В.Гур’еў, А.Кааль, Х.Крум, Ц.Куузік, Г.Отс, салісты балета Б.Бліноў, Я.Гаранцыс, А.-Э.Керге, А.Койт, Ю.Лась, А.Лейс, Ю.Лехістэ, Х.Пуур, Ц.Рандвійр, Т.Соане, Ю.Ула, Ц.Хярм, Э.Эркіна і інш. У трупе т-ра (2000): гал. дырэктар П.Хіма, гал. дырыжор П.Мягі, гал.рэжысёр Н.Кунінгас, гал. балетмайстар М.Мурдмаа, гал. хормайстар Э.Тыйсвальд; спевакі Р.Айрэнэ, Я.Захараў, Н.Курэм, В.Куслап, І.Кууск, Т.Майстэ, М.Пальм, Л.Савіцкі, У.Таутс, В.Юрна, салісты балета І.Андрэ, У.Архангельскі, Т.Вароніна, К.Кырб, С.Упкін, М.Чыркова, Ю.Якімаў, В.Янсанс і інш.
Літ.:
Каск К., Тормис Л., Паалма В. Эстонский театр. М., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́НСКІ АБЛАСНЫ́ ДРАМАТЫ́ЧНЫ ТЭА́ТР.
Існаваў у 1939 — чэрв. 1941 і 1946—54 у г. Пінск Брэсцкай вобл. Створаны з пераведзенага ў Пінск Заслаўскага калгасна-саўгаснага т-ра. Маст. кіраўнік П.А.Данілаў. У 1946 створаны нанава з пераведзенага ў Пінск Палескага абласнога драматычнага тэатра. Гал.рэжысёр В.В.Пацехін. Творчую пазіцыю тэатра вызначаў асветніцкі, прапагандысцкі характар. У даваен. час у рэпертуар уваходзілі творы бел., рус., замежнай класічнай драматургіі: «Партызаны» і «Хто смяецца апошнім» К.Крапівы, «Памылка» Я.Маўра, «Канец маскараду» У.Стэльмаха і Ю.Рудзько, «Жыццё кліча» У.Біль-Белацаркоўскага, «Слава» В.Гусева, «Машачка» А.Афінагенава, «Сын народа» Ю.Германа, «Гонар» Г.Мдывані, «Без віны вінаватыя» і «На бойкім месцы» А.Астроўскага, «Хітрыкі Скапэна» Мальера і інш. Спектаклі ставілі рэжысёры і акцёры тэатра або запрошаныя з інш. тэатраў. У 1946—54 тэатр звяртаўся да героіка-патрыятычнай тэматыкі («Канстанцін Заслонаў» А.Маўзона, «З народам» К.Крапівы і інш.), тэмы стваральнай працы («Пяюць жаваранкі» К.Крапівы, «Выбачайце, калі ласка!» А.Макаёнка, «Алазанская даліна» К.Губарэвіча і І.Дорскага і інш.). Адметнае месца ў тэатры займалі лепшыя ўзоры бел. драматургіі, пастаўленыя як муз.-драм. прадстаўленні: «Паўлінка» Я.Купалы, «Пінская шляхта» В.Дуніна-Марцінкевіча, «Несцерка» В.Вольскага. У спектаклях шырока выкарыстоўваліся нар. абрады, песні, танцы, акцёрамі створаны каларытныя нар. характары. Ставіліся таксама п’есы М.Горкага («Ягор Булычоў і іншыя», «Васа Жалязнова», «Апошнія»), Астроўскага («Свае людзі — паладзім», «Лес», «Беспасажніца»), М.Гогаля («Рэвізор»).
У трупе працавалі нар.арт. Беларусі С.Бульчык, засл. артысты Беларусі Ю.Гальперына, Л.Гамуліна, А.Даніловіч, В.Окалаў, Л.Цімафеева, М.Цурбакоў, С.Яворскі, А.Яфрэменка, акцёры Ф.Бутвілоўскі, Т.Вольская, П.Гвоздзеў, П.Дакука, А.Дашкоўскі, В.Дземянкова, А.Кашына, І.Кунцэвіч, У.Палцеўскі, А.Ротар, В.Сівіцкі, мастак, засл. дз. маст. Чувашыі Б.Архангельскі і інш. Рэарганізаваны ў Магілёўскі абласны драматычны тэатр.
К.Б.Кузняцова.
Пінскі абласны драматычны тэатр. Сцэна са спектакля «Рэвізор».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЭНТРА́ЛЬНЫ ТЭА́ТР РАСІ́ЙСКАЙ А́РМІІ акадэмічны. Створаны ў 1929 у Маскве як Цэнтр.т-рЧырв. Арміі, з 1951 Цэнтр.т-рСав. Арміі, з 1975 акад., з 1993 сучасная назва. Гал. рэжысёры: Ю.Завадскі (1932—35), А.Папоў (1935—58), Б.Марозаў (з 1995), маст. кіраўнікі: А.Дунаеў (1959—62), Папоў (1962—73), Р.Гараеў (1974—78), Ю.Яромін (1981—87), Л.Хейфец (1988—94); вядучы рэжысёр А.Бурдонскі (з 1994). Засн. для абслугоўвання Чырв. Арміі, спектаклі даваліся ў ваен. гарнізонах, часцях, пагран. заставах. Вял. ўплыў на творчы рост калектыву Завадскага; пастаўлены ім у 1932 спектакль «Мсціслаў Удалы» І.Прута стаў этапным. Значнае месца ў рэпертуары займала ваен.-патрыят. тэматыка: «Даўным-даўно» А.Гладкова (1942), «Барабаншчыца» А.Салынскага (1957), «Акіян» А.Штэйна (1961), «Валакаламск—Масква» А.Бека (1966) і інш. Ставяцца рус. і замежная класіка, сучасная драматургія. Сярод лепшых спектакляў «Мяшчане» (1935) і «На дне» (1998) М.Горкага, «Утаймаванне свавольніцы» (1937), «Сон у летнюю ноч» (1941) і «Атэла» (1999) У.Шэкспіра, «Настаўнік танцаў» Лопэ дэ Вэгі (1946), «Каса марэ» (1961) і «Святая святых» (1977) І.Друцэ, «Вішнёвы сад» А.Чэхава (1965), «Смерць Іаана Грознага» (1966) і «Дон Жуан» (1996) А.К.Талстога, «Арфей спускаецца ў пекла» Т.Уільямса (1978), «Радавыя» А.Дударава (1985), «Павел I» Дз.Меражкоўскага (1989), «На бойкім месцы» (1994) і «Сэрца не камень» (1997) А.Астроўскага, «Запрашэнне ў замак» Ж.Ануя (1999), «Дуэт для салісткі» Т.Кемпінскі (2000) і інш. У розныя гады ў т-ры працавалі і працуюць акцёры Л.Галубкіна, Л.Дабржанская, Д.Зяркалава, Л.Касаткіна, І.Ледагораў, А.Меньшыкаў, А.Пакроўская, А.Пятроў, Ф.Ранеўская, Н.Сазонава, У.Сашальскі, Л.Фяцісава, А.Хахлоў, Ф.Чаханкоў, Л.Чурсіна і інш. З 1940 працуе ў спец. пабудаваным будынку, які ў плане ўяўляе сабой 5-канцовую зорку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯХНО́ВІЧ Францішак Каролевіч (псеўд.Ю.Монвід і інш.; 9.3.1883, Вільня — 3.3.1944),
бел. драматург і тэатр. дзеяч, публіцыст, празаік. Скончыў драм. школу пры Муз. т-ве ў Варшаве (1907). З 1908 у Вільні, рэпарцёр газет, выдаваў польскі гумарыстычны тыднёвік «Perkunas» («Пяркунас»). Удзельнічаў у арганізацыі 1-й бел. вечарынкі ў Вільні, паставіў з драм. гуртком «Па рэвізіі» М.Крапіўніцкага, дзе выступаў і як акцёр. За арт. у «Пяркунасе» трапіў пад суд, хаваўся ў Кракаве, у Галіцыі, дзе быў акцёрам польск. правінц. труп. Пасля амністыі 1913 вярнуўся ў Вільню, але быў зняволены ў Лукішскую турму. У 1916 арганізаваў у Вільні тэатр. гурток, з якім паставіў напісаную ў турме ў 1914—15 сваю першую п’есу «На Антокалі» і інш. У 1917 настаўнік у дзіцячым прытулку, супрацоўнік бел.газ. «Гоман». З чэрв. 1918 у Мінску, акцёр і рэжысёрПершага беларускага таварыства драмы і камедыі, Беларускага савецкага тэатра. З сак. 1919 у Вільні, выдаваў час.«Беларускае жыццё», спрабаваў арганізаваць тэатр. З восені 1919 дырэктар і рэжысёрБел.нар.т-ра ў Мінску, дзе ставіў свае п’есы. З ліп. 1920 у Вільні, у 1921—23 рэдагаваў газ.«Беларускі звон». У ліст. 1926 прыехаў у Мінск на акад. канферэнцыю і адкрыццё БДТ-2 у Віцебск. У 1927 арыштаваны органамі АДПУ і прыгавораны да 10 гадоў высылкі на Салаўкі. У выніку абмену на вязня польскай турмы Б.Тарашкевіча ў вер. 1933 вярнуўся ў Вільню, супрацоўнічаў у газ. «Słowo» («Слова»). У 1940—41 на нелегальным становішчы. У 1942—44 у Вільні, рэдагаваў газ. «Беларускі голас». Забіты ў сваёй кватэры. Вядомы 18 п’ес Аляхновіча: «На вёсцы», «Бутрым Няміра» (абедзве нап. 1916), «Манька» (нап. 1917, 2-я рэд. «Дрыгва», 1925), «Базылішк» (нап. 1917), «Чорт і баба», «Страхі жыцця» (абедзве нап. 1918), «Дзядзька Якуб», «Цені» (нап. 1919), «Птушка шчасця», «Няскончаная драма» (абедзве нап. 1920), «Заручыны Паўлінкі» (1921), «Шчаслівы муж», «Пан міністр» (нап. 1922), «Круці не круці — трэба памярці» (1943) і інш. Яны адметныя сцэнічнасцю, фалькл. паэтыкай, напружанасцю і дынамізмам дзеяння, займальнай інтрыгаю, разнастайнасцю характараў, меладраматызмам. Гэта яркае тэатр. відовішча з музыкай, танцамі, песнямі. Некаторыя створаны па літ. творах («Бутрым Няміра» паводле легенды В.Ластоўскага «Каменная труна», «Лес шуміць» паводле аднайм. палескай легенды У.Караленкі, «Птушка шчасця» паводле камедыі К.Марашэўскага, «Заручыны Паўлінкі» створаны як заканчэнне купалаўскай «Паўлінкі»). Яго п’есы жанрава разнастайныя: сац. і бытавая драма, сатыр. і быт. камедыя, меладрама, фарс. У многіх адлюстравана мяшчанскае асяроддзе і яго трагедыя. У драме «Цені» — творы бел. дэкадансу — філас. канцэпцыя пра бездапаможнасць чалавека перад лёсам. Цэнтр. месца ў творчасці Аляхновіча займае «Няскончаная драма» (у многім аўтабіяграфічная, падзеі адбываюцца ў Вільні ў час акупацыі герм. войскам). У ёй аўтар супрацьпастаўляе два погляды на бел. ідэю, бел. адраджэнскі рух. У камедыі «Пан міністр» стварыў вобразы псеўдабеларускага дзеяча, кар’ерыста Філімона Пупкіна і настаўніка-адраджэнца Міколы Светляка. П’еса «Круці не круці — трэба памярці» — сцэнічны гратэск з вобразам смерці, алегорыяй тэрору ў часы сталінізму. Пісаў таксама аповесці, апавяданні, абразкі, вершы. У дакумент. аповесці-ўспамінах «У капцюрох ГПУ» (1937, пер. на 7 моў) упершыню ў бел. л-ры паказаў антычалавечую сутнасць сав. канцлагернай сістэмы. Аповесць «Страшны год» (1944) узнаўляе перажытае аўтарам у 1940—41. Кн. «Беларускі тэатр» (1924) пра гісторыю нац. сцэнічнага мастацтва ад старажытнасці да пач. 20 ст. П’есы Аляхновіча шырока ставіліся ў Зах. Беларусі, трупай У.Галубка. З 1994 зноў з’явіліся на бел. сцэне.
Тв.:
Калісь. Вільня, 1919;
Страхі жыцця. Вільня, 1919;
Цені. Мн., 1920;
Птушка шчасця. Вільня, 1922;
Шчаслівы муж. Вільня, 1922;
У лясным гушчары. Рыга, 1932;
Няскончаная драма // Полымя. 1992. № 5;
Пан міністар // Беларуская драматургія. Мн., 1994. Вып. 1;
У капцюрох ГПУ. Мн., 1994;
Круці не круці — трэба памярці // Тэатр. Беларусь. 1995. № 4.
Літ.:
Карский Е.Ф. Белорусы. Пг., 1922. Т. 3, вып. 3. С. 366—371;
Гарэцкі М. Гісторыя беларускае літаратуры. Мн., 1992. С. 358—364;
Крывіцкі Л. Францішак Аляхновіч // Ніва. 1990. № 2—3;
Сабалеўскі А. Адметны след // Спадчына. 1990. № 3;
Яго ж. На адраджэнцкай хвалі // Полымя. 1992. № 5;
Бяляцкі А.«Як я памру...» // Маладосць. 1990. № 10;
Глыбінны У. Тэатр у гады нямецкай акупацыі // Тэатр. Беларусь. 1994. № 4;
Ковель У.А. Наватарскія тэндэнцыі ў беларускай драматургіі пачатку XX ст. (на прыкладзе п’есы Ф.Аляхновіча «Страхі жыцця») // Весці АН Беларусі. Сер. гуманіт.навук. 1994. № 4;
Яго ж. Жыцця няскончаная драма // Тэатр. Беларусь. 1995. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШУКШЫ́Н Васіль Макаравіч (25.7.1929, с. Сросткі Бійскага р-на, Алтайскі край — 2.10.1974),
рускі пісьменнік, кінарэжысёр, акцёр. Засл. дз. маст. Расіі (1969). Скончыў Усесаюзны дзярж.ін-т кінематаграфіі (1960). Друкаваўся з 1959. У зб-ках апавяданняў «Вясковыя жыхары» (1963), «Там, удалечыні» (1968), «Характары» (1973), гіст.-рэв. рамане «Любавіны» (ч. 1—2, 1965—87; фільм «Канец Любавіных», 1972), п’есе «Энергічныя людзі» (паст. 1974) і сцэнарыях фільмаў, у якіх выступаў і як рэжысёр («Жыве такі хлопец», 1964; «Печкі-лавачкі», 1972; «Каліна чырвоная», 1974; у двух апошніх выканаўца гал. ролі) праўдзівыя карціны тагачаснага жыцця. разнастайнасць сац.-псіхал. тыпаў. вобразы «дзівакоў», правінцыялаў, якія нясуць у сабе маральную чысціню і патрабавальнасць да жыцця. Творам Ш. ўласцівы драматызм канфліктаў у спалучэнні з гумарам і лірызмам. Раман «Я прыйшоў даць вам волю» (1971) пра Сцяпана Разіна. Як акцёр ва ўласных і інш. кінафільмах ствараў вобразы самабытных людзей, якія шукаюць сваё прызначэнне на зямлі: «Каля возера» (1970, Дзярж. прэмія СССР 1971), «Яны змагаліся за Радзіму» (1975), «Прашу слова» (1976) і інш. Рэжысёрская манера Ш. адметная спалучэннем рэаліст. фактурнасці, побытавай дэталізацыі, псіхал. глыбіні з паэт. успрыманнем прыроды і людзей. Аўтар публіцыстычных артыкулаў (зб. «Пытанні да самога сябе», 1981). На бел. мову асобныя апавяданні Ш. пераклалі Н.Граковіч, Т.Мартыненка. Спектаклі паводле твораў Ш. ставілі т-ры Беларусі: «Характары» — Брэсцкі абл.драм.т-р (1973), Бел.т-р імя Я.Купалы (1975); «Энергічныя людзі» — Дзярж.рус.драм.т-р, Бел.т-р імя Я.Коласа, Брэсцкі абл. (усе 1975); «Да трэціх пеўняў» — Дзярж.т-р лялек (1976); «Ваня, як ты тут?» — т-р імя Я.Купалы (1978); «Каліна чырвоная» — Гродзенскі абл.драм.т-р (1981); «А раніцой яны прачнуліся» — рус.драм.т-р (1983) і інш. Ленінская прэмія 1976.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—3. М., 1984—85.
Літ.:
Коробов В. Василий Шукшин. М., 1977;
Толченова Н.П. Слово о Шукшине. М., 1982;
Емельянов Л. Василий Шукшин: Очерк творчества. Л., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РШАЕ ТАВАРЫ́СТВА БЕЛАРУ́СКАЙ ДРА́МЫ І КАМЕ́ДЫІ Існавала ў крас. 1917 — сярэдзіне 1920 у Мінску. Створана Ф.Ждановічам
(арганізатар, кіраўнік, рэжысёр) пры ўдзеле І.Буйніцкага, У.Фальскага. Адкрылася 23.4.1917 спектаклямі «Паўлінка» Я.Купалы і «У зімовы вечар» паводле Э.Ажэшкі ў памяшканні Мінскага гар.т-ра. Потым працавала ў клубе «Беларуская хатка». У т-ва ўваходзілі ўдзельнікі драм. гурткоў, хор (кіраўнік У.Тэраўскі),
танц. група (кіраўнік Ч.Родзевіч) і аркестр нар. інструментаў (кіраўнік Дз.Захар). Значнай падзеяй была першая пастаноўка т-вам п’есы Я.Купалы «Раскіданае гняздо» (10.7.1917). Калектыў развіваўся на прафес. аснове і ў сваёй дзейнасці абапіраўся на нар. традыцыі Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага. Пасля спектакляў звычайна наладжваліся дэкламацыі, выконваліся нар. танцы і песні. Т-ва адыграла важную ролю ў культ. жыцці Беларусі, у станаўленні бел.прафес.тэатр. мастацтва. Трупа выязджала на гастролі ў розныя гарады Беларусі. Пры ўдзеле членаў т-ва створаны «Беларускі савецкі тэатр» і Мінскае таварыства працаўнікоў мастацтва. У 1920 з адкрыццём у Мінску Бел.дзярж.т-ра (з 1944 Бел.т-ра імя Я.Купалы) значная частка калектыву ўвайшла ў яго трупу і т-ва спыніла сваю дзейнасць. У розны час у трупу ўваходзілі: В.Адуцкевіч, Т.Бандарчык, Я.Беларус, В.Вашкевіч, У.Галубок, Г.Грыгоніс, Р.Жакоўскі, Ждановіч, В.Жылінскі, М.Зароская, А.Іваноў, А.Крыніца, М.Кудзелька (М.Чарот), Я.Лабаноўская, М.Лабаноўскі, А.Ліпніцкая (Ліпнічанка), К.Міронава, М.Міцкевіч, П.Мядзёлка, Л.Навахацкая, П. і Я. Раткевіч (Раткевічанкі), Л.Ржэцкая, К.Саннікаў, Е.Станкевіч, С.Станюта, В.Тарасік, Ядвігін Ш. і інш. Сярод пастановак: «Паўлінка» Я.Купалы, «Антось Лата» Я.Коласа, «Пісаравы імяніны», «Апошняе спатканне», «Бязвінная кроў» Галубка, «Модны шляхцюк» К.Каганца, «Пінская шляхта» В.Дуніна-Марцінкевіча, «Мікітаў лапаць» М.Чарота, «Сягонняшнія і даўнейшыя» К.Буйло, «У зімовы вечар», «Хам» Ажэшкі, «Пашыліся ў дурні» М.Крапіўніцкага, «Міхалка» Далецкіх, «Сватанне» А.Чэхава і інш.
Літ.:
Рамановіч Я.С. Рэкі цякуць з ручаёў. Мн., 1969;
Атрошчанка А.Я. Фларыян Ждановіч. Мн., 1972;
Няфёд У.І. Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1982;
Гісторыя беларускага тэатра. Т. 1—2. Мн., 1983—85.
У.І.Няфёд.
Артысты Першага таварыства беларускай драмы і камедыі. Мінск. 1917.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭА́ТР Ю́НАГА ГЛЕДАЧА́ БССРімя Н.К.Крупскай.
Існаваў у 1931—41 у Мінску. У 1939 прысвоена імя Крупскай. Створаны пры Доме камсамола з удзельнікаў маст. самадзейнасці. Арганізатар і маст. кіраўнік М.Кавязін, маст. кіраўнікі: Е.Міровіч (з 1937), М.Сухараў (з 1940), М.Зораў (1941). Напачатку т-р карыстаўся рэпертуарам дзіцячых т-раў Масквы і Ленінграда, маст.-пед. прынцыпы якіх былі пакладзены ў аснову яго дзейнасці. Ставіліся пераважна тагачасныя п’есы: «Наш» М.Знык, «Вінтоўка № 492116» А.Крона, «Дружына» А.Бруштэйн, франц. фарс 15 ст. «Адвакат Патлен». У 1936 пастаўлены бел. п’есы «Мікола Гоман» В.Сташэўскага, «Ная» М.Зарэцкага. У 1937 т-р рэарганізаваны, яго ўзначаліў Міровіч. Трупа папоўнілася выпускнікамі Бел. студыі пры Цэнтр.тэатр. вучылішчы ў Ленінградзе, акцёрамі з расфарміраваных т-раў: Бел.т-ра рабочай моладзі, Польскага вандроўнага т-раБССР і інш. У ліку першых створаны героіка-рамант. спектакль «Як гартавалася сталь» паводле М.Астроўскага. З лепшых пастановак: «Ноч у верасні» І.Чэкіна, «Блакітнае і ружовае» Бруштэйн, казкі «Снежная каралева» Я.Шварца, створаная на бел. фальклоры «Цудоўная дудка» В.Вольскага (адзначана на Усесаюзным аглядзе т-раў для дзяцей у Маскве, 1940), класічныя «Даходнае месца» А.Астроўскага, «Хітрыкі Скапэна» Мальера. Т-р спыніў дзейнасць з пачаткам Вял.Айч. вайны. Музыку да спектакляў пісалі бел. кампазітары П.Падкавыраў, Я.Цікоцкі, Дз.Лукас, А.Багатыроў, М.Шчаглоў; сцэнаграфія — мастакі Ц.Кіпніс, К.Елісееў, А.Марыкс і інш. Сярод акцёраў: П.Басінкевіч, С.Болітар, В.Брайчэўская, Ю.Гальперына, С.Гурыч, З.Зяленка, В.Ігнацьеў, М.Кавязіна, А.Кашына, З.Курдзянок, Г.Лаўроў, П.Масцераў, А.Матусевіч, В.Окалаў, А.Ротар, З.Стома, У.Стэльмах, Л.Фрыдман, Л.Цімафеева, М.Цурбакоў, В.Чамялоў, А.Якуцік; некат. час працавалі З.Браварская, М.Фрадкін (кампазітар), рэжысёр Ю.Палічынецкі. Ставілі спектаклі М.Маршак, Р.Сусловіч, В.Меяроўскі.
Літ.:
Тэатр юнага гледача БССР імені Н.К.Крупскай. Мн., 1940;
Пятровіч С.А. Дзіцячы тэатр БССР (1931—1941 гг.). Мн., 1983;
Нефед В.И. Николай Ковязин: Жизнь и творчество. Мн., 1990.
Дз.У.Стэльмах.
Тэатр юнага гледача БССР. Сцэна са спектакля «Адвакат Патлен».Тэатр юнага гледача БССР. Сцэна са спектакля «Цудоўная дудка» В.Вольскага.