Прыюці́ць ’даць прытулак’, прыючы́цца ’знайсці прытулак’ (лід., Сл. ПЗБ). Сюды ж аддзеяслоўны назоўнік прыю́т ’дзяржаўны дом для дзяцей-сірот і састарэлых’ (Янк. 1), ’дзіцячы дом’ (Ян.), ’у дарэвалюцыйнай Расіі дабрачынная ўстанова для выхавання беспрытульных дзяцей’ (пруж., Сл. ПЗБ), прыю́тны ’ветлівы’ (Ян.), прыю́тный, прыю́тлывый ’той, хто лёгка ўваходзіць у кантакт з людзьмі; кампанейскі’ (бяроз., ЛА, 3), прыю́тый ’мілы, прыгожы, прытульны’ (Бяльк.). Назоўнік прыют і дзеяслоў прыюціць, несумненна, запазычаны з рус. приют ’прытулак’, приюти́ть ’даць прытулак’ (параўн. ЕСУМ, 4, 586). Што да прыметнікаў, то яны могуць узыходзіць непасрэдна да *jutiti sę ’змяшчацца ў невялікай прасторы’, г. зн. ’быць блізкім адзін да аднаго’, што, паводле Трубачова, можа ўзыходзіць да і.-е. *ieu̯‑t‑, параўн. ст.-інд. yū̆tí‑ ’змяшэнне, сумесь’ (ЭССЯ, 8, 199).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

арбі́та

(лац. orbita = каляіна, дарога)

1) астр. шлях, па якім нябеснае цела ці касмічны апарат рухаецца ў прасторы адносна другога нябеснага цела;

2) перан. сфера дзеяння, пашырэння чаго-н. (напр. а. ўплыву).

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

градые́нт

(лац. gradiens, -ntis = які крочыць)

1) фіз. мера павелічэння або змяншэння ў прасторы якой-н. фізічнай велічыні пры перамяшчэнні на адзінку даўжыні;

2) мат. вектар, які паказвае напрамак найхутчэйшага ўзрастання пэўнай функцыі 4.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ве́ктарны

(ад вектар)

які характарызуецца як вектар або мае адносіны да вектара;

в-ае злічэнне — раздзел матэматыкі, які вывучае розныя аперацыі над вектарамі;

в-ае поле — вобласць прасторы, у кожным пункце якой пракладзены вектар.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

фотаграмме́трыя

(ад гр. phos, -otos = святло + gramma = запіс + -метрыя)

вызначэнне формы, памераў і размяшчэння розных аб’ектаў у прасторы на аснове вымярэнняў іх фатаграфічных відарысаў, што атрыманы наземным шляхам або з лятальных апаратаў (гл. аэрафотаграмметрыя).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

БІО́—САВА́РА ЗАКО́Н,

закон, што вызначае вектар індукцыі магнітнага поля, створанага эл. токам. Адкрыты Ж.Б.Біо і Ф.Саварам (1820), сфармуляваны ў агульным выглядзе П.Лапласам (наз. таксама закон Біо—Савара—Лапласа).

Паводле Біо—Савара закона малы адрэзак правадніка даўж. dl, па якім працякае ток сілай I, стварае ў зададзеным пункце прасторы M, што знаходзіцца на адлегласці r ад dl, магнітнае поле з індукцыяй dB = k I   dl sinα r2 , дзе α — вугал паміж напрамкам току ў адрэзку dl і радыус-вектарам r→, праведзеным ад dl да названага пункта M, k — каэфіцыент прапарцыянальнасці, які залежыць ад выбранай сістэмы адзінак; у СІ k = M0 4π . Вектар dB→ перпендыкулярны да плоскасці, у якой ляжыць dl і r, а яго напрамак вызначаецца правілам правага вінта. Біо—Савара закон выкарыстоўваецца для разлікаў пастаянных і квазістацыянарных магн. палёў.

Да арт. Біо—Савара закон.

т. 3, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАВІТАЦЫ́ЙНАЯ ПАСТАЯ́ННАЯ,

1) універсальная (кавендышава, ньютанава) гравітацыйная пастаянная — каэфіцыент прапарцыянальнасці ў законе прыцягнення Ньютана (гл. Сусветнага прыцягнення закон); адна з фундаментальных фіз. пастаянных. Абазначаецца G. Вызначана эксперыментальна Г.Кавендышам (1798) пры дапамозе круцільных вагаў. Характарызуе гравітацыйнае ўзаемадзеянне ўсіх матэрыяльных аб’ектаў (часціц і палёў) і разглядаецца як універсальная канстанта, нязменная ў часе і прасторы, незалежная ад фіз. і хім. уласцівасцей асяроддзя і гравітуючых мас. G = (6,67259 ±0,00085)∙10​−11 Н∙м²/кг².

2) Гаўсава гравітацыйная пастаянная — велічыня k, звязаная з універсальнай гравітацыйнай пастаяннай суадносінамі G = k​2. Служыць для вызначэння астранамічнай адзінкі, у сістэме фундаментальных астранамічных пастаянных прынятая ў якасці адзінай асн. (умоўна нязменнай) пастаяннай (1976). Лікавае значэнне k = 0,01720209895 вызначана К.Гаўсам (1809) на аснове 3-га закона Кеплера (гл. Кеплера законы) для сістэмы Сонца—Зямля і зацверджана Міжнар. астранамічным саюзам у якасці абсалютна дакладнай канстанты (1938).

М.​М.​Касцюковіч.

т. 5, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАМАТЫ́ЧНАЯ МІЖПЛАНЕ́ТНАЯ СТА́НЦЫЯ,

непілатуемы касмічны апарат для дастаўкі навук. апаратуры да нябесных целаў і вывучэння міжпланетнай касмічнай прасторы. На іх борце размяшчаецца апаратура для навук. даследаванняў, тэлеметрычная для перадачы інфармацыі, тэлевізійная для атрымання відарысаў. Аснашчаецца ракетнымі рухавікамі для карэкцыі траекторыі палёту, сістэмамі астраарыентацыі, мяккай пасадкі, парашутнымі сістэмамі і інш. Энергасілкаванне бартавой апаратуры забяспечваецца сонечнымі батарэямі. Некаторыя аўтаматычныя міжпланетныя станцыі маюць апараты для спуску на інш. планеты; кіраванне спускам ажыццяўляецца бартавой навігацыйнай выліч. машынай. У шэрагу выпадкаў навук. даследаванні праводзяць пры дапамозе штучных спадарожнікаў планет. Да аўтаматычных міжпланетных станцый адносяцца: сав. станцыі серый «Месяц», «Венера», «Марс», «Зонд» і інш.; амер. «Марынер», «Рэйнджэр», «Сервеер», «Піянер», «Вояджэр» і інш.; заходнееўрапейская «Джота»; японская «Планета-А». Першыя ў свеце аўтаматычныя міжпланетныя станцыі: «Піянер» (1958, ЗША), «Месяц» (запуск 2.1.1959, СССР).

Аўтаматычная міжпланетная станцыя: 1 — агульны выгляд АМС «Венера-8»; 2 — схема палёту АМС «Месяц-3».

т. 2, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АФАРМЛЕ́НЧАЕ МАСТА́ЦТВА,

від творчай дзейнасці па функцыянальным комплексным аб’яднанні навакольнай прасторы ў адзінае мастацкае цэлае. Раней пад афармленчым мастацтвам разумелі святочнае (часовае) афармленне вуліц, плошчаў, дэманстрацый, гулянняў, экспазіцый, стэндаў нагляднай агітацыі і гэтак далей. З 1970-х г. дыяпазон афармленчага мастацтва значна пашырыўся. Яно ўключае дызайн (часткова), прамысл. графіку, афармленне інтэр’ераў грамадскіх будынкаў, вырашэнне экспазіцыйных выставак, музеяў і інш. На Беларусі развіваецца з 1920-х г., калі група «Сцвярджальнікаў новага мастацтва» ў Віцебску на чале з К.​Малевічам выпрацавала праграму мастака-афарміцеля. Сярод сучасных мастакоў у афармленчым мастацтве працуюць Э.​Агуновіч, Я.​Ждан, А.​Зайцаў, М.​Кірылаў, А.​Кроль, І.​Харламаў і інш.

Літ.:

Искусство и быт: [Сб. статей]. Вып. 2. М., 1964;

Бродский Б. Художник и город. М., 1965.

Э.​К.​Агуновіч.

Да арт. Афармленчае мастацтва. Я.​Ждан. Эскіз заслоны да гала-канцэрта, прысвечанага 100-годдзю Полацкай епархіі.

т. 2, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛОТАЎТВАРА́ЛЬНЫ ПРАЦЭ́С, забалочванне,

прыродна-ландшафтны або антрапагенны працэс утварэння балотаў. Адрозніваюць два тыпы балотаўтваральнага працэсу: забалочванне сушы і затарфаванне вадаёмаў.

На сушы развіваецца пры залішнім увільгатненні глебаў, калі ападкі пераважаюць над выпарэннем, або пры падняцці ўзроўню грунтавых водаў (павышэнне базіса эрозіі, збудаванне плацін і інш.). Ператварэнне вадаёмаў у балота адбываецца ў выніку зарастання азёраў, старыц, сажалак прыбярэжнымі раслінамі (хвошч, чарот, трыснёг, асака) і ўтварэння сплавіны з плаваючых раслін (раска, водныя папараці і інш.). На сплавіне растуць шабельнік балотны, бабок, некаторыя асокі, імхі і інш. торфаўтваральнікі. Узнікае нізіннае балота, якое з часам можа трансфармавацца ў пераходнае і вярховае. Балотаўтваральны працэс у мінулым ахопліваў вял. прасторы на тэр. Беларусі, асабліва на Палессі.

Да арт. Балотаўтваральны працэс. Утварэнне балота на месцы вадаёма: А — адкрытая водная прастора; Б — прыбярэжна-водная расліннасць; В — асаковае нізіннае балота; Г — хваёвы лес на сфагнавым балоце.

т. 2, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)